Юравічы

Лекары

Самым першым медыцынскім работнікам у Юравічах, якога ўдалося ўстанавіць цераз звесткі архіўных фондаў “Минской врачебной управы”, “Минского губернского присутствия” і “Минского губернского по крестьянским делам присутствия” Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі,  за 1854 год значыцца жыхар Юравіч фельчар Алаізій Іосіфавіч Івашкевіч. Паходзіў ён з дваран і меў пасведчанне на права медыцынскай практыкі ад галоўнага інспектара Мінскай урачэбнай управы.

У той жа час у мястэчку працаваў і воспапрывівацель Мотэль Гіршавіч Голтан, які паходзіў з саслоўя яўрэйскіх мяшчан. Зразумела, што ніякага медпункта альбо асобнай медустановы ў мястэчку тады не было. Фельчар прымаў сваіх пацыентаў у сваім доме, альбо абслугоўваў іх па выкліку ў іх жа хатах.

Сярод звестак пра фельчароў у валасцях Рэчыцкага павета за 1866 год ўтрымліваецца наступная інфармацыя:

“Юравіцкая воласць. У воласці колькасць рэвізскіх душ: 1141 муж., 1361 жан., колькасць двароў — 368. Фельчарам Вікенцій Антонаў Галаўня – каталіцкага веравызнання, яго гадавое ўтрыманне: грашыма 160 рублёў, азімага 11 квартак 4 чацвярыкоў 4 гарнцы, яравога – столькі ж, на агульную суму 70 руб. 90 кап., усяго – 230 руб. 90 кап”.

Першая аптэка ў Юравічах адкрылася дзесьці ў канцы 1889 года і валодаў ёю правізар Субоцкі. У спісе фельчароў і акушэрак (№483 ад 24.09. 1907 г.), якія знаходзіліся на службе, у Рэчыцкім павеце згадваецца Афанасій Фёдаравіч Крыцкі – фельчар мястэчка Юравічы. Разам з ім медыцынскую дапамогу жыхарам воласці аказвалі фельчары Музыкант Абрам Хаімавіч, Забела Восіп Зянонавіч і акушэрка Алтэрман Гіта Гіршаўна. У мястэчку была і аптэка, уладальнікам якой быў правізар Товій Ізраілевіч Калецкі.

З 1909 па 1912 год,  як сведчаць архіўныя дакументы Нацыянальнага архіва Беларусі, у Юравічах практыкаваў Ян Людвікавіч Драшэўскі.

Першы пісьмовы напамінак пра ўрача ў мястэчку адносіцца да 1914 года. Гэта быў Агізік Нотаў.

Напярэдадні Кастрычніцкіх падзей і ў гады рэвалюцыйных пераўтварэнняў медыцынскую дапамогу насельніцтву Юравіцкай воласці аказваў фельчар Фёдар Восіпавіч Барташэвіч, брат якога Міхаіл практыкаваў у той час у Калінкавічах.

Фёдар Восіпавіч карыстаўся вялікай павагай сярод мясцовага насельніцтва. Нездарма ў красавіку 1917г., калі ў Расійскай імперыі пасля звяржэння самадзяржаўя да ўлады прыйшоў Часовы ўрад і на месцы было спушчана распараджэнне аб стварэнні часовых выканаўчых камітэтаў, на воласным сходзе ў Юравічах фельчар Барташэвіч быў абраны ў склад гэтага камітэта.

На працягу працяглага часу, ва ўмовах складанай барацьбы  за ўладу, якая суправодзілася грамадзянскай вайной, набегамі і захопамі вёсак іншаземцамі, фельчар Барташэвіч у адзіночку аказваў медыцынскую дапамогу параненым, парадзіхам і хворым са ўсёй воласці.

У пачатку лістапада 1920 года ў Юравічы з Рэчыцы прыйшоў загад аб адкамандзіраванні адзінага фельчара воласці ў Рэчыцу, а затым у Гомель,  для пераатэстацыі і адпраўкі ў армію. 11 лістапада ў мястэчку адбыўся стыхійны сход, на якім была прынята наступная пастанова: “Мы, ніжэй падпісаўшыеся грамадзяне мястэчка і сяла Юравічы Рэчыцкага павета, на экстранным сходзе з нагоды выкліку мясцовага фельчара Ф. В. Барташэвіча на пераатэстацыю ў Гомель Пастанавілі:

“У сувязі з тым, што Барташэвіч з’яўляецца адзіным медыцынскім работнікам не толькі мястэчка і сяла Юравічы, але і ўсёй воласці, якая налічвае 26 вёсак, і прымаючы да ўвагі моцнае распаўсюджванне эпідэмічных захворванняў у нашай мясцовасці,  хадайнічаць перад адпаведнай уладай аб тым, каб пакінуць Барташэвіча ў м. Юравічы”.

Удзельнікі сходу тут жа напісалі адпаведную заяву ў Юравіцкі валрэўкам, у якой яшчэ больш абгрунтавалі сваю просьбу. Яны пісалі: “На працягу апошніх двух тыдняў насельніцтва м. Юравічы перажыло цяжкую гадзіну. Нашэсце Булак – Балаховіча прынесла нам  мноства душэўных пакут, не кажучы ўжо пра матэрыяльныя. Панесена шмат ахвяр: 7 забітых, 4 памерлі ад ран, 9 забітых дастаўлена з вёсак, каля 20 чалавек паранена агнястрэльнай і халоднай зброяй. Да таго ж яшчэ пачалася эпідэмія шкарлятыны. За два тыдні захварэла 20 душ дзяцей. Але нашым параненым і хворым пагражае яшчэ новая небяспека – застацца без медыцынскай дапамогі, так як адзіны прадстаўнік  медыцыны — фельчар Барташэвіч  павінен пакінуць іх на няпэўны час, бо яго выклікаюць у Рэчыцу і Гомель для накіравання на фронт”.

Юравіцкі валрэўкам 1 снежня разгледзеў гэту заяву на сваім пасяджэнні і ў Рэчыцкі павятовы ваенкам пайшло пісьмо-хадайніцтва за подпісам старшыні валрэўкама Сцяпана Акуленкі, у якім выкладалася просьба насельніцтва Юравіч і воласці аб адтэрміноўцы адпраўкі на фронт загадчыка Юравіцкага медпункта і старшыні валасной ячэйкі чысціні, фельчара Барташэвіча ў сувязі са складаным медыка-эпідэмічным становішчам у воласці.

Урачэбны ўчастак

Дзесьці ў сярэдзіне двадцатых гадоў мінулага стагоддзя на базе Юравіцкага медпункта быў адкрыты Юравіцкі ўрачэбны ўчастак. На жаль, дакладнай даты яго ўтварэння выявіць не ўдалося. Вядома толькі, што ў 1926 годзе  ўзначальваў участак урач Ермачэнка. А 15 кастрычніка 1926 года ў Рэчыцкі павятовы здраўаддзел звярнуўся з заявай Веніямін Лейбавіч Ліпкін, які прасіў  “…залічыць яго другім урачом на вакантную пасаду ў Юравічах”.

Урач Ліпкін нарадзіўся ў 1904 годзе ў г. Ельня Смаленскай вобласці. 19 чэрвеня 1926 года закончыў медыцынскі факультэт  Паўночна – Каўказскага ўніверсітэта.  22-гадовы юнак прыбыў да першага свайго рабочага месца ў Юравіцкую бальніцу 25 кастрычніка 1926 года. Ужо 1 лютага 1927 года Веніямін Лейбавіч узначаліў Юравіцкі ўрачэбны ўчастак.

Работы медработнікам таго часу хапала. Акрамя непасрэднай медыцынскай дапамогі насельніцтву трэба было весці растлумачальную работу, назіраць за санітарным станам населеных пунктаў, вясці барацьбу з эпідэміямі.

Пісьмовыя крыніцы, напрыклад, захоўваюць цікавы дакумент таго часу, які расказвае аб тым, як доктар Ліпкін разам з адным з членаў райвыканкама 8 красавіка 1927 года абследаваў санітарны стан заезных дамоў, пякарняў, цырульняў, піўной і гандлёвых кропак у Юравічах, дзе, не ўзіраючы на многаразовыя папярэджанні, працягвалі “забываць” пра належны санітарны стан.

Згодна гэтага дакумента, члены камісіі прасілі раённы выканаўчы камітэт: “…абкласці штрафам наступных асоб: цырульніка Лансмана, які працаваў без халата, – 3 руб.; цырульніка Беразоўскага – 3 руб.; Рахлеўскага – у піўной смецце, бруд – 5 руб.; пекара Бухмана Ірму – у кухні брудна. Пры выпечцы формы змачваюцца бруднай лусткай – 5 руб. Юравіцкае спажывецкае таварыства за антысанітарыю – 7 руб. Па 1 руб. штрафу Штенбергу Шлёме, Берману Залману, Кантару Арону, Мураўчыку Хаіму – за парушэнне санітарных норм”.

У канцы ліпеня доктар Ліпкін пакінуў мястэчка ў сувязі з яго пераводам на пасаду загадчыка Ельскай райбальніцы.

У архіўных дакументах захавалася копія характарыстыкі за подпісам старшыні Юравіцкага райвыканкама, якую выдалі маладому ўрачу. Вось што ў ёй гаварылася: “Урач Ліпкін за час сваёй работы праявіў сябе як урач – актывіст, заўсёды быў верны сваёй прафесіі, карыстаўся аўтарытэтам сярод жыхароў Юравіцкага раёна”.

На пачатку жніўня 1927 года на пасаду загадчыка ўрачэбнага ўчастка ў Юравічы прыбыў з сям’ёй ўрач Ілля Давыдавіч Штэрн.

Дарэчы, яшчэ з 1 красавіка гэтага ж года  райсанурачом Юравіцкага, Хойніцкага, Брагінскага, Васілевіцкага і Камарынскага раёнаў быў прызначаны доктар Бемар С. Я.

Беднякоў  бясплатна, кулакоў – за грошы

Палітычная сітуацыя ў краіне ў другой палове 20-х гадоў мінулага стагоддзя закранула не           толькі эканоміку, уклад сялянскага жыцця, яна наклала свой адбітак і на іншыя галіны грамадства, у тым ліку не абмінула і ахову здароўя.

У 1927 годзе на з’ездзе ўчастковых урачоў у Мазыры была прынята спецыяльная рэзалюцыя па дакладу інспектара акруговага здраўаддзела Харлапа, якая так і называлася “Аб класавай лініі ў ахове здароўя і платнасці за аказанне меддапамогі непрацоўнаму насельніцтву”. У гэтым дакуменце гаварылася:

“ 1. Узмацніўшаяся класавая барацьба ў сувязі з выкарчоўваннем карэнняў капіталізму, як у горадзе, так і ў вёсцы, ліквідацыя кулацтва, як класа, патрабуе правядзення ва ўсёй рабоце дакладнай класавай лініі, у тым ліку і ў працы па ахове здароўя. Да апошняга часу няма пэўнасці ў аказанні меддапамогі, асабліва ў вёсцы, няма ніякага падзялення на сацыяльныя групы. Бядняк, серадняк і кулак на вёсцы атрымліваюць аднолькавую меддапамогу. Такое становішча сцірае класавую ўстаноўку ў медыцыне”.

На падставе вышэй заяўленага з’езд участковых пастанавіў:

“1. а) меддапамога непрацоўнаму насельніцтву (нэпманы, гандляры, кулакі, абкладзеныя індывідуальным падаткам і лішэнцы) павінна аказвацца за плату і ў апошнюю чаргу, за выключэннем заразных хвароб (плямісты тыфус, халера, шкарлятына, дыфтэрыя, натуральная воспа і пранцы), дапамога пры якіх аказваецца платна.

б) Устанавіць наступную плату за аказанне меддапамогі:

Бальнічны ложак – дзень тэрапеўтычнага  горад раён

хворага і інш. хвароб без аперацыі                   4-50    3-00

Бальнічны ложак – дзень з аперацыяй         6-00    4-50

Аборт                                                                                   25-00 15-00

Роды з уходам                                                25-00 15-00

Амбулаторнае наведванне (у тым ліку

і зубаўрачэбнае) акрамя хірургічнага           0-75    0-60

Амбулаторнае наведванне хірургічнае        1-00   0-90

Зубная пломба                                               3-00    3-00

Экстракцыя зуба                                            2-00    2-00

Рэнтгенаўскі здымак                                     10-00  10-00

в) Сухотных хворых з актыўным адчыненым працэсам прымаць бясплатна, але лякарствы выпісваць за грошы. У стацыянар сухотных хворых – непрацоўных не прымаць, так як няма на сённяшні дзень магчымасці прыняць у сухотныя інстытуты, дыспансеры і санаторыі ўсіх хворых працоўных.

г) Медыкаменты непрацоўнаму элементу адпускаюцца з гаспадарчых аптэк за грошы.

д) Кансультацыя для дзяцей і цяжарных  горада – 50 кап., раёна – 40 кап.

е) Грошы, атрыманыя за аказанне меддапамогі непрацоўнаму элементу, павінны быць скарыстаны на паляпшэнне медыка – санітарных устаноў, выдаткуюцца па асобнаму каштарысу, зацверджанаму ў г. Мазыры гарсансаветам і ў раёнах — прэзідыумам райвыканкамаў”.

Аслухацца гэтай грознай рэзалюцыіі медработнікі не маглі, бо ў такім выпадку маглі паследаваць у след за тымі ж класавымі ворагамі (нэпманамі і кулакамі, іншымі лішэнцамі) у месцы, як гаварылі тады ў народзе, дзе Макар цялят не пасвіў. І гэта быў не пусты гук.

Прывіццё чысціні

Тым часам жыццё ішло сваёй чарадой і ўрачы працягвалі выконваць сваю справу: лячыць людзей, вучыць іх чысціні, супрацьстаянню хваробам, асабліва інфекцыям.

Барацьба з прывіццём чысціні, санітарных правіл была, бадай, адной з самых цяжкіх задач, якія стаялі ў той час перад работнікамі аховы здароўя. Прывучыць людзей мыцца, насіць чыстае адзенне, выконваць санітарны мінімум было даволі няпроста ва ўмовах, калі наўкола панавалі беднасць і нястача. Архіўныя дакументы данеслі да нашых дзён “Пратакол пасяджэння камісіі па правядзенню тыдня аховы здароўя ў Юравіцкай школе” ад 12 снежня 1927 года. У гэтым дакуменце гаварылася наступнае: “Слухалі даклад т. Зіновіча аб выніках праведзенага тыдня, які ўказаў, што да работы прыступілі 23 кастрычніка і завяршылі яе 3 лістапада. За гэты перыяд: участковым фельчарам зроблены медагляд вучняў; у школе ўстаноўлены плявальніцы і вешалкі; абсталяваны форткі для праветрывання школы. Падлога ў школе мыецца адзін раз у тыдзень; раз у два тыдні мыецца ваконнае шкло. З вучнямі праведзены гутаркі аб выкананні гігіенічных патрабаванняў у школе і дома.

Агульная работа па гігіене ў школе прызнана здавальняючай.

Быў зроблены агляд і сярод насельніцтва. Амаль ва ўсіх дамах не адкрываюцца форткі. Пасцельная бялізна не мяняецца. З-за адсутнасці лазні, людзі не мыюцца.

Разам з тым заўважана, што ў апошні час вучні адзяюцца больш акуратна.

Камісія рашыла хадайнічаць перад райвыканкамам аб выдзяленні грашовых сродкаў для набыцця ў школу кіпяцільніка, ручніка і мыла; у школе арганізаваць санітарную камісію і збор сродкаў для набыцця адзення для бяднейшых вучняў”.

Матэрыяльная база медустаноў таго часу была настолькі мізэрнай, што не было  нават самага прымітыўнага абсталявання. Таму Мазырская акруговая інспекцыя аховы здароўя вымушана была даслаць у Юравічы, як і ў іншыя медустановы, наступную рэкамендацыю:

“У шарэнгі фізкультурнікаў уступае ўсё больш сялянскай моладзі. Але вельмі часта ў вёсках адсутнічаюць падрыхтаваныя інструктары, якія могуць правільна арганізаваць заняткі фізкультурай. І калі мы ў горадзе лічым, што фізічная культура не можа быць арганізавана без медыцынскага кантролю, то для вёскі гэта з’яўляецца больш абавязковым,  бо няправільна арганізаваныя заняткі фізкультурай без медагляду і кантролю могуць прывесці толькі да фізічнага калецтва.

Зыходзячы з гэтых пазіцый Наркамат аховы здароўя патрабуе, каб участковыя бальніцы са сродкаў, выдзеленых на набыццё інструментарыю і абсталявання, па магчымасці, закупілі антрапаметрычны інвентар (вагі, ростамер, сантыметровыя ленты і г. д.). Для пачатку будзе дастатковым выдзеліць для медагляду фізкультурнікаў адзін дзень у тыдзень альбо ў два тыдні”.

6 снежня 1928 года адбылася чарговая змена “улады” ў Юравіцкім урачэбным участку. Быў падпісаны акт аб перадачы маёмасці Юравіцкай бальніцы ад загадчыка Мароз М. І. новаму загадчыку —  урачу Камінеру Карлу Іосіфавічу. У перадачы прыняла ўдзел загадчык гаспадарчай часткі бальніцы – медсястра Астаповіч.

Юравіцкая бальніца тады была ўсяго на 15 ложкаў. У асобным будынку размяшчалася амбулаторыя з невялічкім пакоем, у якім ажыццяўляўся прыём хворых.

санітарны  стан

Як выглядалі будынкі і памяшканні дзяржустаноў і іншых арганізацый райцэнтра Юравічы, вельмі добра вынікае з пратаколу ад 5 мая 1929 года. Санітарная камісія Юравіцкага раёна Мазырскай акругі ў складзе начальніка міліцыі  Шчэпетнева, райурача  Камінера, урача Юравіцкай бальніцы Шарынавай, ветурача Гарэліка, члена райвыканкама Матусевіч і члена сельсавета Богдана зрабілі агляд устаноў м. Юравічы. І вось што занатавалі ў пратаколе:

“ I. Памяшканне райвыканкама. Мае ўсё неабходнае для працы. Чыста. Ёсць рушнік і рукамыйнік, форткі для праветрывання пакояў, а таксама дастатковую кубатуру для размяшчэння наступных аддзелаў: фінансавай часткі, райземчасткі, РК КП(б)Б і РК КСМ. Уборка і мыццё падлогі робіцца нармальна.

II. Памяшканне райміліцыі. Зусім не адпавядае ўмовам для працы. Неатынкованае. Малыя вокны. Падлога старая, згніўшая. Дзверы зачыняюцца няшчыльна. Адсутнічае неабходная мэбля. Рамонт патрабуецца без адкладу.

III. Юравіцкі сельсавет. Памяшканне нанята з 2-х пакояў. Санітарны стан здавальняючы.

IV. Бальніца і амбулаторыя. Памяшканне бальніцы — новае, чыстае. Дастаткова паветра і свету. Вентыляцыя здавальняючая. Падлога пафарбавана толькі ў аперацыйнай. Памяшканне амбулаторыі – цеснае, вокны не пафарбаваны. Дзверы і падлога – таксама. Памяшканне не агароджана, у выніку – немагчыма ачысціць тэрыторыю ад смецця. Ёсць два калодзежы, у якіх вада зімой зусім вымярзае. Таму ўзімку прыходзіцца цярпець з-за  недахопу вады.

V. Аптэка. Памяшканне недастаткова светлае і цеснае. Санітарны стан — здавальняючы.

VI. Ветпункт. Памяшканне наёмнае, з 2-х пакояў. Санітарны стан — добры.

VII. Бойня. Санітарны стан дрэнны. Няма вакон, падлога – нецэментованая. Жолаб для крыві засмеціўся. Сталы не абіты цынкам. Сцены не пафарбаваны алейнай фарбай. Пакой для даследавання мяса адсутнічае. Ёсць умывальнік, але карыстацца ім немагчыма. Мыла і рушнік адсутнічаюць.

Бойня дрэнна забяспечана вадой. Калодзеж у антысанітарным выглядзе.

VIII. Дзіцячы гарадок. Памяшканне двухпавярховае. Ніжні паверх – цёмны і сыры, там знаходзяцца майстэрні. Верхні паверх, дзе знаходзяцца дзеці, мае здавальняючы санітарны стан.

IX. Цырульня. Санітарны стан – здавальняючы.

X. Саматужныя арцелі. Памяшканні – цесныя, пыльныя. Вентыляцыя недастатковая.

XI. Пошта. Стан пошты цалкам здавальняючы.

XII. Нарсуд. Памяшканне наёмнае, цеснае. Санітарны стан – здавальняючы.

XIII. Юравіцкае спажывецкае таварыства.

1. Галоўны магазін. Памяшканне цеснае і цёмнае. Патрабуемым нормам не адпавядае. Прадукты размешчаны ўпарадкавана.

2. Склад спажыўтаварыства. Памяшканне таксама малое і цеснае. Да таго ж сырое, ад чаго могуць сапсавацца прадукты.

3. Ларок №3. Памяшканне – нанятае, цеснае. Санітарны стан – добры.

4. Ларок №2. Санітарны стан – здавальняючы. Памяшканне нанятае, цеснае.

5. Каўбасная. Памяшканне нізкае і цеснае. Фартухоў няма. Брудна.

6. Мясная. Памяшканне цеснае і цёмнае. Сцены абіты фанерай. Фартух ёсць, але брудны.

7. Сталовая – піўная. Памяшканне наёмнае. Санітарны стан добры.

8. Канцылярыя спажыўтаварыства. Памяшканне наёмнае, цеснае, цёмнае. Працаваць у такім памяшканні – немагчыма”.

Аб тым, што з сябе ўяўляў санітарны стан Юравіцкіх школ, нам паведаміў крыху ранейшы дакумент – акт ад 8 лістапада 1928 года, складзены загадчыкам Юравіцкага ўрачэбнага ўчастка Камінерам М. І. у прысутнасці Сарокінай і Кашмара з беларускай сямігодкі, Каймовіча з яўрэйскай сямігодкі і Каліноўскага з польскай школы.

У акце запісана:

“У Беларускай сямігодцы адсутнічаюць прыбіральня, няма куба, гарачай вады, адсутнічаюць умывальнікі, недастаткова вешалак.

У Яўрэйскай сямігодцы няма прыбіральні, адсутнічае асобны пакой для вешалак, таму дзеці вымушаны раздзявацца ў класах. Класныя пакоі вельмі малыя і вучні ў іх размяшчаюцца з цяжкасцю. Адсутнічае і неабходнае месца для куба з кіпячонай вадой.

У польскай школе таксама адсутнічае прыбіральня. Няма куба з кіпенем, няма ўмывальнікаў. Недастаткова вешалак, адзенне ляжыць на скамейках. Вокны малыя, таму ў класах цёмна”.

Ацэнка меддапамогі

5 лютага 1930 года Юравіцкую бальніцу з праверкай наведаў акруговы інспектар аховы здароўя Харлап. За два дні ён зрабіў наступную выснову адносна стану медыцынскай дапамогі насельніцтву Юравіцкага раёна: “Санітарны стан бальніцы і амбулаторыі пасля зробленага рамонту здавальняючы. Бальніца папоўнена абсталяваннем і належным інструментарыем, набыты аўтаклаў, што значна палепшыла якасць працы бальніцы.

За 1929 год праз бальніцу прайшло 773 хворых, праведзена 727 ложка-дзён, у сярэднім кожны  хворы правёў 6,4 ложка – дні, што сведчыць аб тым, што хворыя не залежваюцца і прапускная здольнасць бальніцы здавальняючая. Гадавы прагул ложкаў – 12,9%. Але трэба ўлічваць,  што бальніца 4 месяцы рамантавалася (верасень-снежань).

У амбулаторыі за 1929 год  было 7116 наведванняў, альбо ў сярэднім 57 чал.  штодзённа, што сведчыць аб тым, што амбулаторыя не перагружана.

Пры прыёме ў бальніцу і амбулаторыю сацыяльнае становішча хворых вызначаецца, але няма раздзялення сялян на беднякоў, сераднякоў і кулакоў, а ўсе ідуць пад агульнай назвай “сяляне”.

Абслугоўванне застрахаваных, актыўна застрахаваных праводзіцца  ў амбулаторыі па-за чаргой, вячэрні прыём для актыўна застрахаваных не арганізаваны.

Дапамога на даму аказваецца шляхам выклікау ўрача з кватэры. Выклікаецца любы ўрач па жаданню застрахаванага, адсутнічае ўсялякая сістэма.

Калгасы абслугоўваюцца шляхам  перыядычных выездаў урачоў і фельчароў, але выезды носяць у асноўным лекавы характар, а не прафілактычны. Выездаў бывае ў сярэднім 3-4 у месяц.

Акрамя гэтых бываюць выезды да асобных цяжка хворых (3-4 разы ў месяц). Адсутнічае план санітарнай працы па абслугоўванню калгасаў. Урачы не прымаюць удзелу ў складанні планаў пабудовы будынкаў у калгасах з боку іх санітарнага дабрабыту. Асветніцкая праца вядзецца дастаткова, не праведзены  курсы калгаснікаў па карыстанню аптэчкамі першай дапамогі.

Працоўная дысцыпліна – здавальняючая. Ёсць асобныя выпадкі спазнення на работу з боку асобных санітарак.

Няма належнага распарадку працы паміж урачамі. У апошні час пры абходзе стацыянарных хворых доктар Камінер не раіцца з другім урачом. Хворыя накіроўваюцца ў Мазыр на спецлячэнне кожным урачом самастойна, амаль адсутнічаюць кансіліумы амбулаторных хворых  паміж урачамі, у начны час у бальніцы да цяжка хворых выклікаецца любы ўрач па меркаванню сястры.

Дзяжурства сярэдняга медперсаналу бывае з 9 гадзін раніцы да 9 гадзін вечара, з 9 гадзін вечара застаецца ў бальніцы сястра, якая там мае сваю кватэру.

Загадчык бальніцы вельмі мала прымае ўдзел у амбулаторным прыёме хворых.

Не праводзяцца даклады аб працы бальніцы і фельчарскіх  пунктаў на сходах сяброў Саюзаў і сялян.

Узаемаадносіны паміж урачамі – ненармальныя.

Яны ўзніклі не на прынцыповай дзелавой глебе, а на глебе асабістых інтарэсаў і падтрымліваюцца абывацельскімі плёткамі. Безумоўна, што гэта адбілася на працы ў бальніцы.

Адсутнасць належнага распарадку ў працы ўрачоў таксама пасадзейнічала такім узаемаадносінам”.

Нездаровыя ўзаемаадносіны паміж урачамі прывялі да таго, што урач С. А. Шарынава вымушана была звяртацца ў Юравіцкі  райвыканкам з просьбай аб звальненні. Справу доўга мурыжылі, яна ізноў скардзілася. Усё на час сціхла, калі Камінер адбыў з 19 красавіка па 20 ліпеня ў Мінск на павышэнне кваліфікацыі па хірургіі. Шарынава С. А. засталася за яго. Але з вяртаннем Камінера абстаноўка зноў накалілася і Шарынава вымушана была звольніцца.

6 жніўня на яе месца папрасілася выпускніца медыцынскага факультэта БДУ І. Батвінік, якая працавала дагэтуль школьным урачом у Калінкавічах. 1 лістапада 1930 года ў сваёй справаздачы ў аблздраў Камінер паведамляў, што ў Юравіцкай бальніцы працуюць усяго 1 доктар, 1 зубны доктар, 4 фельчары, 3 акушэркі, 2 фармацэўты, 2 бальнічныя сястры, 5 санітарак. Ён таксама паведамляў, што па штату не хапае 3 дактароў. А на 1931 год запланавана па бюджэту будаўніцтва заразнага аддзялення на 12 ложкаў, так як мясцовае насельніцтва адольвалі інфекцыйныя хваробы: шкарлятына, грып, адзёр і іншыя.

Як развівалася медыцынскае абслугоўванне ў Юравічах у перадваенныя гады, выявіць, на жаль, дакладна не ўдалося. 

Вядома толькі, што да вайны ў бальніцы працавалі медсёстрамі Плявака Зінаіда Сцяпанаўна, Целеш Аляксандра Фёдараўна, Яшчанка Анастасія Іванаўна, акушэркамі Плявака Яніна Аўгустаўна і Луцкевіч Кацярына Міхайлаўна.

Побач грымелі баі

Хаця Юравічы і вызвалілі ў канцы лістапада 1943 года, мястэчка паранейшаму знаходзілася ў прыфрантавой зоне. Лінія фронту толькі на некалькі кіламетраў аддалілася ад населенага пункта і спынілася на рубяжы вёскі Прудок – Града. Тым не менш, жыццё ў мястэчку пачало адраджацца.

Адной з першых устаноў, якая ўзнавіла сваю дзейнасць у мястэчку, была Юравіцкая ўчастковая бальніца. Калінкавічы яшчэ не былі вызвалены ад немцаў, а загадам №1 ад 1 студзеня 1944 года па Юравіцкай бальніцы да часовага выканання абавязкаў загадчыцы медустановы прыступіла медсястра Шаравар Ніна Мікіцічна, у якой за плячыма ўжо было пяць гадоў медыцынскай практыкі.

На працягу студзеня – лютага на працу ў бальніцу былі залічаны: медыцынскімі сёстрамі – Дэйчык Кацярына Якаўлеўна, Гарчанка Марыя Васільеўна, Плявака Яніна Аўгустаўна, Целеш Аляксандра Фёдараўна, Мірановіч Нэля Сцяпанаўна, Целеш Любоў Іванаўна; санітаркамі – Пангліш Ірына, Кананенка Марыя, Целеш Агаф’я, Давыдчык Алена, Макейчык Наталля; акушэркай – Пасконная Параска Тарасаўна; кухаркай  – Койдан Пелагея, качагарам – Стома Вольга.

З 2 лютага на два месяцы на пасаду загадчыка бальніцы і амбулаторыі ў Юравічы прыбыла адкамандзіраваная Наркамздравам СССР урач Грышына Вольга Іванаўна. Ніну Шаравар назначылі старшай медсястрой бальніцы.

У красавіку 1944 на работу фельчарам амбулаторыі была прынята Цярэнцьева Ніна Андрэеўна, а ў маі — акушэркай залічана Луцкевіч Марыя Міхайлаўна.

Да жніўня 1944 года ўрачэбную дапамогу мясцоваму насельніцтву аказвалі камандзіраваныя ўрачы, якія адначасова і загадвалі ўчастковай бальніцай.

20 жніўня загадчыцай бальніцы і амбулаторыі была назначана фельчар Ніна Цярэнцьева. І толькі 22 кастрычніка на пасаду галоўнага ўрача бальніцы прыбыў доктар Юшкевіч Васіль Андрэевіч. А тым часам у бальніцы працягваліся кадравыя папаўненні і змяненні. Напрыклад, медсястра Целеш Любоў паступіла яшчэ ў маі ў Мазырскае фельчарскае вучылішча і з’ехала на вучобу. А медсястра Плявака Яніна закончыла так званыя гадзічныя курсы акушэрак і была назначана акушэркай. У лістападзе патранажнай сястрой амбулаторыі была прынята Целеш Яўгенія Рыгораўна, а Кастэнка Варка – дэзінфектарам амбулаторыі.

Медработнікі бальніцы ажыццяўлялі прыём і лячэнне хворых, рабілі прывіўкі, абследаванне жыхароў, змагаліся з тыфам. А побач тым часам грымелі баі. Амаль да красавіка 1944 года гукі артылерыйскай кананады яшчэ даносіліся да местачковых хат.

Не хапала лекаў, неабходнага медыцынскага інструментарыю. Медработнікі ахвяравалі сабой.  Самі падхоплівалі інфекцыйныя хваробы, дапамагаючы хворым. Але, што больш крыўдна,медработнікі пасляваеннага часу станавіліся ахвярамі не толькі інфекцыйных хвароб, але і чалавечых паклёпаў. Напрыклад, 1 чэрвеня 1945 года супрацоўнікамі НКДБ быў арыштаваны галоўны ўрач Юравіцкай бальніцы Юшкевіч. Сёння складана ўстанавіць дэталёва падзеі тых дзён. Дакладна вядома адно, што ўжо 3 жніўня ўрач Васэр Фаіна Сямёнаўна, якая была прыслана на замену Юшкевіча, напісала ў загадзе па ўчастковай бальніцы наступнае: “Згодна рэзалюцыі Калінкавіцкага райздрава па заяве загадчыка бальніцы ўрача Юшкевіча Уладзіміра Андрэевіча, ён лічыцца ў водпуску з 1 жніўня па 1 верасня 1945 года”.

А ўжо 1 верасня Юшкевіч вярнуўся на сваё месца і прыступіў да работы, а Васэр Ф. С. вярнулася назад ў Вяліка – Аўцюкоўскі ўрачэбны ўчастак.

Надзея Целеш

1 снежня 1945 года медсястрой Юравіцкай бальніцы была назначана Купрыенка Надзея Гаўрылаўна, франтавая медсястра, якая толькі ў верасні дэмабілізавалася з арміі.

Нялёгкае жыццё выпала на долю гэтай жанчыны. Нарадзілася яна ў 1917 годзе ў недалёкай Абухаўшчыне. На пачатку 30-х гадоў бацькі яе перабраліся ў Юравічы. Тут дзяўчына паступіла ў вячэрнюю школу. Сям’я іх была мнагадзетнай, трэба было зарабляць на кавалак хлеба. Працавала разам з іншымі на калгасным полі. Спрытная, невялікага расточку, жвавая дзяўчына лёгка ўвіхалася з любой работай.  У хуткім яе прызначылі звеннявой, а затым, ацаніўшы прыродны розум і кемлівасць, і рахункаводам. “Не ўзіраючы на тое, што працавала і вучылася, за год зарабляла па 250 працадзён, і яшчэ, — успамінала Надзея Гаўрылаўна ў 1989 годзе, калі я рыхтаваў пра яе замалёўку ў “раёнку”, — для песень і танцаў часу хапала”.

У 1936 годзе Надзея закончыла сямігодку і паступіла на акушэрскія курсы ў Мазырскае медвучылішча. Праз год атрымала дыплом медсястры і накіраванне на самастойную працу ў вёску Ламавічы Акцябрскага раёна.

Акушэрскі пункт размяшчаўся ў невялічкай старой хаце з падслепаватымі вокнамі. Урача не было, адна яна. Але дзяўчына не спалохалася, цяжкасцей яна не баялася. За пару дзён навяла ў хаце парадак і стала акушэркай.

Як толькі пачалася вайна, Надзею выклікалі ў Мазыр, у аблздраў. Тут яе прызвалі ў армію і накіравалі ў вайсковую часць, што мясцілася побач з Мазыром, у Козенках. Тут жа знаходзіўся і ваенны шпіталь, дзе Надзя сустрэла шмат былых знаёмых: медсясцёр, з якімі вучылася, і ўрачоў, якія вучылі іх у медвучылішчы.

З наступленнем немцаў шпіталь перадыслацыравалі ў Казельск Смаленскай вобласці. І тут шпіталь запрацаў на ўсю моц. Пачалі паступаць параненыя. У асноўным цяжкія: без рук, без ног, з раненнямі галавы і жывата. Шпіталь, які быў разлічаны на 300 коек, часам змяшчаў больш 1500 чалавек. Медперсанал, у асноўным жанчыны, працаваў з неймавернай нагрузкай, дзень і ноч.

— Калі камусьці выпадала прылегчы на гадзіну – дзве, — успамінала Надзея Гаўрылаўна, — то гэта было і добра, а па вялікаму рахунку мы суткамі не выходзілі з аддзялення.

Старанную медсястрычку за вялікую самааддачу, адказнасць і цягавітасць прызначылі на самы адказны ўчастак работы – старшай медсястрой санпрапускніка. Тут параненых трэба было прыняць, апрацаваць, накласці швы, гіпс, павязкі. Увесь час патрабаваліся кроў, лекі, якіх не хапала. Медыцынскія сёстры, трацячы  прытомнасць ад адсутнасці адпачынку, сістэматычнага недаядання, дзяліліся з байцамі сваёй крывёю.

Ваенны лёс кідаў Надзею Гаўрылаўну з аднаго фронту на другі. Пад Ленінградам, у Ціхвіне, яна атрымала сваю першую баявую ўзнагароду – медаль “За баявыя заслугі”. Вайну яна прайшла ад пачатку да канца. Перамогу сустрэла ў Германіі. Але для вайсковай часці, у якой служыла Надзея Гаўрылаўна, вайна ў Берліне не закончылася, іх накіравалі на Далёкі Усход. Каля месяца ехалі цягніком. Нарэшце прыбылі ў Краснаярск, дзе пачалі разгортваць палявы шпіталь. Усе былі ў чаканні новых жорсткіх баёў з японскімі мілітарыстамі: капалі бліндажы, акопы, абсталёўвалі іх для размяшчэння параненых.

На шчасце, прымаць і лячыць байцоў не давялося, паступіў загад: “Здымацца. Ехаць назад!”

Сорак пасляваенных гадоў Надзея Гаўрылаўна  адпрацавала акушэркай і медсястрой у Юравіцкай бальніцы. Толькі ў 72 гады яна выйшла на заслужаны адпачынак. Усё сваё жыццё яна дапамагала людзям з’яўляцца на свет, лячыла іх, аберагала ад хвароб.

Ратацыя кадраў

Восенню 1945 года на работу ў бальніцу была прынята медсястра Іоўчык Варвара Васільеўна. А ўжо 1 лютага 1946 года яе звальняюць, паколькі яна закончыла курсы медсясцёр для работы ў калгасах. На яе месца прынялі Казлоўскую Паліну Купрыянаўну.

У сакавіку 1946 года бальніцу пакідае і фельчар Цярэнцьева Ніна. Яе пераводзяць у Крышыцкі ФАП. Фельчарам бальніцы назначаецца жонка Юшкевіча Дэйчык Любоў Ануфрыеўна. 1 мая гэтага ж года медсястрой у Юравіцкую медустанову залічваюць і Булдык Лідзію Аляксееўну.

А ў канцы кастрычніка прыходзіць загад аблздраўупраўлення, у адпаведнасці з якім Юшкевіч назначаецца загадчыкам Хойніцкай раённай бальніцы. На яго месца ў Юравічы 1 лістапада 1946 года прыбывае ўрач Косінцэр Яфім Майсеевіч. А на месца жонкі Юшкевіча  фельчарам прызначаюць Шурко Любоў Сяргееўну.

Загадчыкам гаспадаркі Юравіцкай бальніцы таго часу быў Бяляй Іосіф Мікітавіч – нядаўні камісар 2-й Калінкавіцкай партызанскай брыгады.

Яркай фігурай таго часу ў мястэчкавай бальніцы быў фельчар Далінчук Фёдар Данілавіч, які ў адсутнасць галоўнага ўрача нярэдка выконваў абавязкі загадчыка бальніцы. Фёдар Данілавіч быў вопытным медработнікам, але, на жаль, меў адну вялікую загану – любіў чарку, ад чаго даволі часта станавіўся героем бальнічных загадаў, у якіх атрымліваў вымовы і спагнанні.

Але, калі за выпіўку ў рабочы час можна было абысціся вымовай, то адсутнасць на рабочым месцы магла каштаваць і волі. Вось, напрыклад, як у гэтай сітуацыі, якая занатавана ў бальнічным архіве за 1947 год. У загадзе №3 ад 15 студзеня запісана: “Конюх Макарчук 13.01.1947 г. парушыў працоўную дысцыпліну – з’ехаў з месцазнаходжання бальніцы на зыходзе дня і на работу вярнуўся 15.01 апоўдні. Конюх Макарчук здзейсніў прагул на трое сутак. За парушэнне працоўнай дысцыпліны аб’явіць строгую вымову. Справу яго перадаць следчым органам для прыцягнення яго да судовай адказнасці”. Чым закончылася гэта справа – невядома. Але конюх-прагульшчык па сталінскіх законах лёгка мог адправіцца на лесараспрацоўкі, як жартаваў тады народ.

Анастасія Яшчанка

28 сакавіка 1947 года на работу ў Юравічы вярнулася з арміі даваенная медсястра мясцовай бальніцы  Яшчанка Анастасія Іванаўна. Пра гэтую жанчыну немагчыма не сказаць асобным радком. Медыцынскай справе яна аддала 52 гады свайго жыцця. Толькі пасля спаўнення 70 гадоў выйшла на заслужаны адпачынак.

Нарадзілася Анастасія Іванаўна 22 снежня 1922 года ў сялянскай сям’і ў мястэчку Юравічы. Акрамя яе ў Акуліны і Івана Яшчанка было яшчэ шасцёра дзяцей. Усё дзяцінства Насці прайшло ў цяжкай сялянскай працы. Не цуралася дапытлівая дзяўчына і вучобы. Вучылася старанна, з цікавасцю. Пасля заканчэння мясцовай сямігодкі вырашыла паступіць у Мазырскае медвучылішча. А ў 1940 годзе новаспечаная медсястра вярнулася дамоў і прыступіла да работы.

— Юравіцкая бальніца, — прыпамінае Анастасія Іванаўна, — знаходзілася тады ў лесе. Па мерках таго часу была даволі камфортнай. У бальніцы была амбулаторыя, уласная пральня. На двары быў вялікі калодзеж.

Калі пачалася вайна, медсястры Яшчанка было толькі 19 гадоў. Ужо праз некалькі дзён па мабілізацыі яе прызвалі ў войска і залічылі медсястрой сапёрнага батальёна 60-й гвардзейскай дывізіі 1 – га Беларускага фронта.

Так нечакана — нягадана прадстаўніца адной з самых міралюбівых прафесій апынулася на полі бою пад свістам куль і снарадных асколкаў. Баяцца і жахацца смерці не было калі, трэба было дапамагаць параненым, якія стагналі, крычалі і клікалі на дапамогу.

— Мы на фронце жылі адной думкай, — успамінае Анастасія Іванаўна, — хутчэй дапамагчы байцам: перавязаць, спыніць кроў, выцягнуць з-пад агню. Баі на фронце заўсёды былі цяжкімі. Але калі мы ўступілі на тэрыторыю Германіі, асабліва на Одэры, немец нібы звар’яцеў, біўся, як апантаны. Крывапралітныя баі ішлі і дзень, і ноч. Загінуўшых і параненых цяжка было пералічыць. Для таго, каб выратаваць салдацікаў, пераліванне крыві часам прыходзілася рабіць прама на аперацыйным стале. І мы, франтавыя медсёстры, аддавалі сваю кроў, каб дапамагчы параненым.

Перамогу юравіцкая дзяўчына сустрэла на ўскраіне Берліна, дзе дыслацыраваўся яе батальён.

— Мы тады плакалі ўсе, — гаворыць франтавая медсястра. – Плакалі ад радасці, што нарэшце вораг здаўся, што вайна закончылася. Плакалі і ад нясцерпнага болю за панесеныя страты: сваіх родных, сяброў, таварышаў, якія не дажылі да гэтага светлага дня.

Калі адгрымелі пераможныя залпы, салдат з Насцінага батальёна накіравалі на месца службы ў Прыбалтыку, а медработнікаў часці – у медсанбат г. Шверын. Яшчэ год з паловай Анастасія пасля заканчэння вайны даглядала за паралізаванымі байцамі, якіх з-за атрыманых ран нельга было пераправіць на Радзіму, у Савецкі Саюз.

Калі яна вярнулася ў Юравічы, ад былой бальніцы засталася толькі назва: яшчэ ў вайну будынак быў разбураны паліцаямі для пабудовы абарончых збудаванняў.

Бальнічныя ложкі размясцілі ў прыватным яўрэйскім доме, гаспадары якога, як і многія яўрэі – юраўцы, згінулі ў час вайны.

— У прыстасаваным будынку, — успамінае Анастасія Іванаўна, — было ўсяго два пакоі. Адпаведна ў іх і размясцілі: у адным — мужчынскую палату, у другім – жаночую. Шпрыцы кіпяцілі на керагазе, ваду грэлі – у катлах. Лекаў, перавязачнага матэрыялу не хапала, але мы дапамагалі людзям як маглі. Агульнымі сіламі ўсіх жыхароў аднаўлялі разбураны будынак бальніцы, набывалі для яе неабходнае абсталяванне. З гадамі пабудавалі новыя будынкі, стварылі цудоўную медыцынскую ўстанову.

Калі гартаеш кнігу загадаў па Юравіцкай бальніцы за пасляваенныя гады, то імёны медсястры Анастасіі Яшчанкі (Гарчанкі) і акушэркі Надзеі Купрыенка (Целеш) ўпамінаюцца практычна ў кожным загадзе, дзе аб’яўляліся падзякі за шчырую працу з нагоды таго ці іншага свята альбо падзеі. Вось як, напрыклад, у загадзе №13 ад 30 красавіка 1949 года, дзе галоўны ўрач бальніцы запісаў наступнае: “У сувязі з 1 мая аб’яўляю падзяку: загадчыку Бярозаўскім ФАПам Далінчуку Ф. Д., акушэркам Купрыенка Н. Г., Вальчанка Г. А., дэзынфектару Чарнецкай Е. М., медсёстрам Яшчанка А. І., Давыдзенка Е. А., Плявака З. С., санітаркам Казлоўскай С. П., Пангліш І. І., кухарцы Буцэнка М. Т., санітару Гарчанка У. М.”

Новы будынак

У канцы кастрычніка 1949 года ў сувязі з прызывам на службу ў Савецкую Армію загадчыка Юравіцкай бальніцы Касінцэра вызвалілі ад займаемай пасады. Часова ўзамен яму прыслалі ўрача Балабеніка У. М. А з 1 снежня загадчыкам Юравіцкага ўрачэбнага ўчастка назначылі Блецка Уладзіміра Сцяпанавіча. Толькі нядоўга ён загадваў. Праз месяц па распараджэнні аблздраўупраўлення яго накіроўваюць у Брагінскі райздраўаддзел. А ўрачом у Юравічы прысылаюць Фясткова Мікалая Іванавіча.

7 сакавіка 1950 года Калінкавіцкі райздраўаддзел за добрую работу аб’явіў падзякі з занясеннем у працоўныя кніжкі наступным медработнікам Юравіцкага ўрачэбнага ўчастка: зубному ўрачу Усовіч В. Я., медсястры Плявака З. С., акушэрцы Вальчанка Г. А., медсястры Яшчанка А. І., санітарцы Пангліш І. І., бухгалтару Івановай Е. М.

Не адпрацаваўшы і году ў Юравічах, Фясткоў 7 жніўня быў вызвалены ад займаемай пасады. На месца загадчыка ўрачэбнага ўчастка прыслалі Мяшочка Мікалая Сцяпанавіча. Другім урачом  у Юравічах у 1951 годзе працавала доктар Янкоўская.

Медперсанал Юравіцкай бальніцы 1952 года выглядаў наступным чынам: Мяшочак Мікалай Сцяпанавіч – загадчык, Стажынскі Віктар Гаўрылавіч – урач, Усовіч Вольга Яфімаўна – зубны ўрач, Кавальчук Андрэй Фёдаравіч і Лявончык Надзея Дзмітраўна – фельчары, Купрыенка Надзея Гаўрылаўна, Плявака Яніна Аўгустаўна, Вальчанка Галіна Аляксееўна – акушэркі, Плявака Зінаіда Сцяпанаўна, Целеш Аляксандра Фёдараўна, Давыдзенка Кацярына Аляксандраўна, Папова Фаіна Ільінічна – медсёстры, Дэйчык Кацярына Якаўлеўнапатранажная медсястра. Усяго каля 25 чалавек.

21 верасня 1953 года Мяшочка на пасадзе загадчыка ўрачэбнага ўчастка ў Юравічах змяняе таленавіты хірург Штаркер Рыгор Барысавіч. Адначасова з ім на пасаду другога ўрача ў бальніцу прыходзіць Палкіна Станіслава Яфімаўна.

У бальніцы ў той час ужо былі агульнае, радзільнае і інфекцыйнае аддзяленні. Некаторыя медработнікі працавалі па сумяшчальніцтву. Напрыклад, фельчар Юравіцкага дзіцячага дома Карнеявец Л. Т. працавала на 0,5 стаўкі і ў агульным аддзяленні сельскай бальніцы.

З прыходам на пасаду загадчыка Штаркера ў Юравічах актывізавалася хірургічная дапамога хворым. Для гэтага трэба было рыхтаваць спецыяльныя кадры. Таму загадам па ўчастку ад 19 лістапада 1953 года патранажную сястру Целеш Любоў Канстанцінаўну накіравалі ў Мазыр на двухмесячныя курсы па падрыхтоўцы аперацыйных сясцёр, якія былі арганізаваны пры Палескім абласным хірургічным аддзяленні.

Жыццё любой установы складаецца не толькі з адных станоўчых момантаў, здараліся і прыкрыя, якія станавіліся прычынай сур’ёзных разборак і заканчваліся суровымі спагнаннямі. Напрыклад, у загадзе №95 ад 21 лістапада 1953 Штаркер вымушан быў канстатаваць наступнае: “З боку хворых адзначаецца шэраг скаргаў на дрэннае прыгатаванне ежы. Так, з боку хворага Палуян паступіла скарга на тое, што повар недавыпекла блінчыкі з мукі. Хвораму Сіраш быў пададзены суп, у якім той замест мяса знайшоў свінное вока, што вызвала абурэнне хворых і адмаўленне ад прыёму ежы. Некалькі дзён назад быў пададзены бураковы борщ, які напамінаў агідную пахлёбку. Повар імкнецца як мага хутчэй разлічыцца з кухняй і збегчы дамоў. Нягледзечы на дабраякасныя прадукты, ежа рыхтуецца дрэнна”.

Зразумела, што такое становішча спраў не магло задаволіць не толькі хворых, але і кіраўніцтва бальніцы. Таму, як вынік, повару – недарэку прыйшлося пакінуць бальнічную кухню.

Ляпы ў сваёй працы дапускалі не толькі абслугоўваючы персанал, але і медработнікі. Напрыклад, у снежні 1953 года акушэркі радзільнага аддзялення па халатнасці і няўвазе ўвялі нованароджаным унутрана вакцыну БЦЖ, якая памылкова была выдадзена санстанцыяй для вонкавага прымянення. Добра, што ўсё абышлося, і з дзецьмі ўсё было добра. Акушэркі атрымалі па “страгачу”.

У канцы студзеня 1955 года з райздрава паступіў загад перавесці доктара Штаркера з Юравіч у Калінкавічы на пасаду загадчыка хірургічнага аддзялення райбальніцы. Загадчыцай Юравіцкай сельскай участковай бальніцы была назначана ўрач-тэрапеўт Палкіна С. Х.

Трэба сказаць, што пры бальніцы ў тыя часы была ўласная падсобная гаспадарка, якая была разлічана на змяншэнне выдаткаў па харчаванню стацыянарных хворых. Так, у адпаведнасці з загадам па Юравіцкаму ўрачэбнаму ўчастку на пасаду даглядчыка свіней па падсобнай гаспадарцы бальніцы быў прыняты з 1 мая 1955 года Тасін Аляксандр Рыгоравіч.

У кастрычніку 1955 года ў Юравічы прыбыла сямейная пара ўрачоў Слуцкіных: Іосіф Рыгоравіч і Зінаіда Гіршаўна. Галоўным урачом бальніцы назначылі Іосіфа Слуцкіна. Гэта пара адпрацавала ў старажытнай вёсцы без малога пяць гадоў. Тут у іх папоўнілася сям’я нашчадкам.

А 8 ліпеня 1960 года галоўным урачом Юравіцкай бальніцы стаў Фэдар Леў Абрамавіч. А яшчэ ў снежні 1959 года на 0,5 стаўкі ўрача — рэнтгентолага бальніцы назначылі Мяланіча Дзмітрыя Уладзіслававіча. Пасля ад’езду з вёскі Слуцкіных яго назначылі ўрачом ужо на 1,5 стаўкі.

Леў Абрамавіч прыехаў у Юравічы таксама не адзін, а з жонкай Зояй Міхайлаўнай, якая таксама была ўрачом.

1963 год у гісторыі Юравіцкай бальніцы быў адзначаны некалькімі падзеямі. У пачатку года быў істотна пашыраны штат бальніцы. З 1 жніўня да работы прыступіла новая сямейная пара ўрачоў – Арцюхевіч Васіль Фядосавіч і Нэля Міхайлаўна. І ў лістападзе на вуліцы Савецкай, у цэнтры вёскі, уступіў у строй новы будынак радзільнага аддзялення. Штат бальніцы ў той час налічваў 38 чалавек.

Ударнікі камуністычнай працы

У 60-я – 70-я гады мінулага стагоддзя ў нашай краіне набыў асаблівы рух і спаборніцтва за дасягненне высокіх поспехаў у камуністычнай працы. Лепшыя працаўнікі розных галін народнай гаспадаркі станавіліся ўдарнікамі камуністычнай працы і ўдарнікамі пяцігодак.

У загадзе галоўнага ўрача Калінкавіцкага раёна Барыса Ліўшыца ад 29 красавіка 1964 года №80 з гэтай нагоды ёсць цікавае сведчанне. Кіраўнік аховы здароўя раёна піша: “Міжнароднае свята 1 –е мая — свята вясны і працы — медыцынскія работнікі раёна сустракаюць на высокім працоўным уздыме, шырока разгортваючы рух за камуністычную працу ў лячэбных установах раёна. Падведзены вынікі руху  за камуністычную працу. Лепшымі лячэбнымі ўстановамі раёна прызнаны Калінкавіцкі раддом, хірургічнае аддзяленне цэнтральнай раённай  бальніцы, радзільнае аддзяленне Азарыцкай бальніцы, Малааўцюкоўскі ФАП і зубны кабінет райпаліклінікі.

Прысвоена званне ўдарніка камуністычнай працы 27 лепшым медработнікам…”

Далей у загадзе ідзе пералік лепшых. Сярод іх і працаўнікі Юравіцкай участковай бальніцы:

Плявака Зінаіда Сцяпанаўна – старшая медсястра,

Волкава Соф’я Васільеўна – лабарант,

Яшчанка Анастасія Іванаўна – медсястра,

Гарчанка Марыя Максімаўна – санітарка,

Целеш Любоў Канстанцінаўна – акушэрка.

У гэтым жа загадзе пералік 17 узнагароджаных Ганаровымі граматамі. У іх ліку і галоўны ўрач Юравіцкай бальніцы Арцюхевіч Васіль Фядосавіч.

Аднак, жыццё, як сказаў нехта, складаецца не толькі са светлых момантаў. Ужо праз некалькі тыдняў Арцюхевіч атрымлівае ад галоўнага ўрача раёна адміністрацыйнае спагнанне “за бескантрольнасць за работай санітарнага фельчара”. Як было адзначана ў загадзе: “У выніку праведзенай праверкі работы санітарнага фельчара пры  Юравіцкай бальніцы выявілася, што спіс аб’ектаў, якія падлягаюць санітарнаму нагляду, адсутнічае… Санітарны фельчар стала на шлях падману і падробак у актах… Так, акты праверак бруцылёзных гаспадарак  в. Агароднікі, МТФ в. Шарэйкі, МТФ в. Града, зробленыя ў сакавіку, перапраўлены на чэрвень, а тэрміны выканання па прапановах датаваны красавіком.

Падобныя акты ёсць і на другіх аб’ектах: майстэрня ў калгасе імя Леніна, абуткавы цэх камбіната бытавога абслугоўвання, магазін №9 в. Града, магазін № 12 в. Вадовічы і інш.”.

Пасля канстатуючай часткі, як вынік, строгая вымова санфельчару і папярэджанне яго аб службовай адказнасці, а галоўнаму ўрачу бальніцы папярэджанне.

У той час, як і сёння, асаблівую ўвагу служба аховы здароўя краіны надавала  догляду за дзяцьмі першага году жыцця.

Напрыклад, у загадзе №68 галоўнага ўрача Калінкавіцкага раёна ад 30 сакавіка 1965 года праводзіцца аналіз паглыбленага догляду за дзяцьмі першага году. У ім напісана: “Зроблены ў сакавіку агляд дзяцей першага году жыцця выявіў шэраг істотных недахопаў у медыцынскім абслугоўванні дзяцей:

а).  Не арганізаваны належны кантроль за кармленнем дзяцей, у выніку чаго 44% агледжаных ва ўзросце да 5-ці месяцаў знаходзяцца на змешаным кармленні і 10% — на штучным.

б). Дрэнна праводзіцца прафілактыка рахіту, у выніку чаго выяўлена 26% дзяцей з рахітам I ступені і 5,8 % з рахітам II-й ступені.

в).Выяўлена значная колькасць аслабленых дзяцей гіпатрафіяй I і II ступені.

г).У выніку дрэннай арганізацыі прафілактыкі ў наяўнасці высокая захворваемасць дзяцей першага году жыцця. З 1432 правераных толькі 241 дзіця не хварэла, а гэта ўсяго 16%».

Далей у загадзе гаварылася, што праверка дала магчымасць выявіць і лепшыя ўчасткі па абслугоўванні дзяцей. Гэта Юравіцкая і Сухавіцкая бальніцы, Нахаўскі, Залатушскі, Малааўцюкоўскі і Антонаўскі ФАПы. Пры гэтым па Юравіцкай бальніцы 68% дзяцей знаходзіліся на грудным кармленні, а 36% з іх  — не хварэла.

Напярэдадні прафесійнага свята медработнікаў 19 чэрвеня 1966 года галоўны ўрач Калінкавіцкага раёна выдаў спецыяльны загад, у якім адзначыў: “Напярэдадні вялікага свята падведзены вынікі грамадскага агляду работы лячэбных устаноў раёна. Пераходны Чырвоны Сцяг райкама саюза медработнікаў уручаецца Юравіцкай участковай бальніцы”.

У гэтым жа загадзе паведамлялася, што на раённую Дошку гонару медработнікаў у ліку 20 лепшых заносіцца і ўрач-гінеколаг  Юравіцкай бальніцы Нэля Арцюхевіч, а галоўны ўрач бальніцы Васіль Арцюхевіч прадстаўлены для ўзнагароджання Граматай райкама КПБ. Граматай райкама прафсаюза медработнікаў узнагароджаны ўрач бальніцы Дзмітрый Мяланіч. Падзякі аб’яўлены ўрачу Нэлі Арцюхевіч, старшай медсястры Зінаідзе Плявака.

8 кастрычніка 1966 года па ўзросце на пенсію выйшла зубны ўрач Юравіцкай бальніцы Вольга Усовіч. На яе месца прыйшла выпускніца Гомельскага медвучылішча Салаўёва Марыя Спірыдонаўна. У 1969 годзе яна звольнілася па сямейных абставінах.

Падзякі галоўнага ўрача раёна за добрасумленную працу з нагоды 52 –й гадавіны Кастрычніка ўдастоіліся медсястра бальніцы Паліна Казлоўская, санітарка Надзея Кавальчук, лабарантка, яна ж і старшыня прафкама Соф’я Волкава, урач бальніцы Дзмітрый Мяланіч. 

Сямейныя падрады

Загадам Гомельскага аблздраўаддзела з 16 чэрвеня 1969 года галоўны ўрач Юравіцкай бальніцы Васіль Арцюхевіч быў вызвалены ад займаемай пасады ў сувязі з пераводам на пасаду галоўнага ўрача Рэчыцкага раёна. У гэтай якасці Васіль Фядосавіч адпрацаваў там аж да 1986 года, а затым узначаліў Рэчыцкі цэнтр здароўя. Галоўным урачом Юравіцкай  бальніцы быў назначаны Дзмітрый Мяланіч.

Зубным урачом участковай бальніцы ў гэты час працавала Арцюхевіч Галіна Фёдараўна, урачом — тэрапеўтам Андрыеўская Святлана Васільеўна.

У лістападзе 1972 адначасова звольніліся загадчык тэрапеўтычнага аддзялення Вапнік Яўген Яфімавіч і ўрач Андрыеўская, а ў верасні 1973 года і зубны ўрач Арцюхевіч.

У ліпені 1974 года на пасаду ўрача бальніцы прыйшла выпускніца Мінскага медінстытута Галубцова Лілія Міхайлаўна. Яе муж Галубцоў С. А. стаў галоўным урачом бальніцы. А 10 лютага 1975 года ў Юравіцкай бальніцы была жалоба – з жыцця заўчасна пайшоў урач -тэрапеўт Дзмітрый Мяланіч.

У 1975 годзе ў Юравіцкай бальніцы працавалі зубным урачом Целеш Таісія Васільеўна,  патранажнай медсястрой Целеш Вольга Міхайлаўна, фельчарам Сакун Марыя Рыгораўна, санітарным фельчарам Грыцанок Зінаіда Андрэеўна, медсёстрамі Целеш Марыя Міхайлаўна, Мяланіч Марыя Антонаўна, Дэйчык Кацярына Якаўлеўна, Яшчанка Анастасія Іванаўна, Луцкевіч Ніна Сяргееўна, Плявака Зінаіда Сцяпанаўна, Плявака Яніна Аўгустаўна, Казлоўская Паліна Купрыянаўна, Бандарэнка Ала Дзмітраўна, Давыдзенка Кацярына Аляксееўна, Хамяк Галіна Яфімаўна, акушэркамі Целеш Любоў Канстанцінаўна, Купрыенка Надзея Гаўрылаўна, Шыпіла Ганна Яфімаўна, лабаранткай Волкава Софья Васільеўна, сястрой-гаспадыняй Целеш Ніна Пятроўна, дэзінфектарам Каўшун Любоў Станіславаўна, медстатыстам Флягіна Паліна Пятроўна, медрэгістарам Кохан Таццяна Аляксееўна, санітаркамі Дабранская Ніна Апанасаўна, Матус Анастасія Пятроўна, Шарамет Соф’я Аўгустаўна, Кірылава Святлана Іванаўна, Яўсеенка Фаіна Гаўрылаўна, Гарчанка Соф’я Яфімаўна, Бельская Ніна Міхайлаўна, Кананчук  Аляксандра Паўлаўна, Целеш Еўдакія Андрэеўна, Яшчанка Ніна Фёдараўна, Паташка Галіна Лаўрэнцьеўна, Кіледа Зінаіда Васільеўна, Сакун Соф’я Адамаўна, Углова Наталля Сцяпанаўна, Сяргеева Ніла Васільеўна, дворнікам Драгун Аляксандр Міхайлавіч, вадзіцелем Цырулік Фёдар Уладзіміравіч, поварам Хамяк Марыя Міхайлаўна, конюхам Сакун Уладзімір Лявонавіч.

З 23 сакавіка 1978 года ў бальніцы зубным урачом пачала працаваць Чарнаштан Таіса Васільеўна, якая закончыла Гомельскае медвучылішча ў 1972 годзе. Праўда, праца яе была непрацяглай – у ліпені гэтага ж года яна звольнілася. Загадам галоўнага ўрача Калінкавіцкага раёна ад 31 ліпеня 1990 года на пасаду ўрача – стаматолага была залічана Сычова Тамара Сяргееўна, якая ў 1979 годзе закончыла Мінскі медінстытут.

З 1 жніўня 1980 г. у Юравічах прыступіў да работы новы сямейны падрад маладых урачоў: Сілко Уладзімір Вітальевіч і Ларыса Аркадзьеўна. Абодва медработнікі закончылі ў 1979 годзе Гродзенскі медінстытут па спецыяльнасці “ўрач – лячэбнік” і прайшлі ардынатуру ў Мазыры: Уладзімір Вітальевіч па спецыяльнасці “ўрач – акушэр-гінеколаг”, Ларыса Аркадзьеўна па спецыяльнасці “ўрач – тэрапеўт”. Муж быў назначаны галоўным урачом бальніцы, а жонка – загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення.

Дарэчы, дагэтуль у бальніцы па сумяшчальніцтву ўжо працаваў на 0,5 стаўкі ўрачом – тэрапеўтам таксама выпускнік Гродзенскага медінстытута Папко Анатоль Аляксандравіч, асноўнае месца працы якога знаходзілася ў Юравіцкім інтэрнаце  для дзяцей з адсталым разумовым развіццём, дзе ён працаваў урачом – псіхіятрам.

У 1979 годзе ў строй увялі новы двухпавярховы цагляны будынак бальніцы па вуліцы Савецкай і  пачалася прыбудова, да яго другога, які  далучаўся буквай “Г”. З увядзеннем яго ў строй Юравіцкая ўчастковая бальніца змагла істотна пашырыць медпаслугі мясцоваму насельніцтву. У бальніцы быў устаноўлены сучасны рэнтгенкабінет, стаматалагічнае абсталяванне, новая апаратура для аказання фізіятэрапеўтычных працэдур і кухоннае абсталяванне. У бальніцы былі створаны самыя найлепшыя санітарна – гігіенічныя ўмовы для работы цэлага шэрагу вузкіх спецыялістаў. Тут былі і хірургічны кабінет, і кабінет для акушэра – гінеколага, прыёмны пакой, працэдурныя і г. д.

Праз тры гады, 20 ліпеня 1983 года Уладзімір Сілко звальняецца з пасады галоўнага ўрача Юравіцкай сельскай амбулаторыі.Выконваючым абавязкі галоўнага ўрача назначаецца Анатоль Папко. З 12 верасня звольнілася і Ларыса Сілко. І 8 снежня 1983 года галоўным урачом бальніцы назначаецца Анатоль Папко.

Анатоль Аляксандравіч у поўнай меры адпавядаў старадаўняму  званню земскага ўрача. У любое надвор’е, днём і ноччу, у выхадны і будні дзень, па першаму выкліку ён спяшаўся на дапамогу людзям. Трагічная, недарэчная смерць выхапіла яго з радоў сапраўдных сельскіх дактароў. Пятнаццаць гадоў Папко ўзначальваў Юравіцкую ўчастковую бальніцу і быў у ёй адзіным урачом. Невялікі перыяд, праўда, другім урачом тут працаваў сын ветэрана вайны і бальніцы  Надзеі Гаўрылаўны  Целеш — Мікалай Канстанцінавіч. Але ён перабраўся ў Калінкавічы.  Разам з Анатолем Аляксандравічам працавала медсястрой яго жонка Данута Іванаўна, а пазней у такой жа якасці, як яна, і іх дачка Іна. На працягу некалькіх месяцаў пасля смерці Папко ўрачэбную дапамогу мясцоваму насельніцтву аказвалі ўрачы – тэрапеўты Калінкавіцкай ТМА, якія камандзіроўваліся ў Юравічы на месяц. А 25 лютага 1999 года загадам галоўнага ўрача Калінкавіцкага ТМА Аляксандра Шэўка галоўным урачом Юравіцкай участковай бальніцы быў прызначаны ўрач – тэрапеўт Мірашнічэнка Ю. А. А з 1 верасня на пасаду медсястры прыбыла і яго жонка Ірына, якая закончыла Ленінградскае медвучылішча.

Старшай медыцынскай сястрой у бальніцы ў той час працавала Ганна Яфімаўна Шыпіла, якую ў час адпускоў пастаянна падмяняла медсястра Зінаіда Аляксееўна Бінецкая. Яна і сёння, меючы за плячыма 32 гады медыцынскага стажу, плённа працуе на гэтай пасадзе.

Галоўнага ўрача бальніцы Мірашнічэнка на гэтай пасадзе змяніла Крукоўская Святлана Віктараўна, якая адпрацавала ў Юравічах два гады. Яе змяніў Пульноў Яўген Рыгоравіч. Яго жонка працавала загадчыцай аддзялення кругласутачнага знаходжання састарэлых, якое было адкрыта на базе Юравіцкай бальніцы. Каля двух гадоў адпрацавалі Пульновы ў мястэчку. Недарэчная і трагічная смерць у аўтааварыі спыніла іх зямны ход, ледзь не каштаваўшы жыццё дваім іх непаўналетнім дочкам.

Восем гадоў адпрацавалі ўрачамі ў Юравічах Дашкевіч Вячаслаў Сяргеевіч і яго жонка Галіна Васільеўна.

З 1 жніўня 2011 года медыцынскую ўстанову ў Юравічах узначальвае ўрач – тэрапеўт Гурына Іна Уладзіміраўна.

Зараз ў бальніцы працуюць фельчар Жолуд Ганна Фёдараўна, участковая медсястра Кананчук Алена Мікалаеўна, зубны ўрач Гарчанка Алена Уладзіміраўна, медсястра Скідан Алена Віктараўна, фельчар – лабарант Грудніцкая Святлана Уладзіміраўна, акушэрка Бельская Алена Мікалаеўна, медсястра фізкабінета Грудніцкая Іна Анатольеўна, медсястра на прыёме Процка Любоў Максімаўна, санітаркі Мішчук Галіна Іосіфаўна, Целеш Алена Уладзіміраўна, Жудро Алла Васільеўна, Неўмяржыцкая Зінаіда Іванаўна, Целеш Алена Міхайлаўна, павара Целеш Кацярына Канстанцінаўна, Целеш Таццяна Леанідаўна, кухонная рабочая Барысенка Алена Пятроўна, сястра – гаспадыня Карабіновіч Святлана Мікалаеўна, загадчык гаспадаркі Целеш Міхаіл Мікалаевіч, уборшчык тэрыторый Плявака Міхаіл Іванавіч і іншыя.

У розныя гады ў бальніцы працавалі розныя медработнікі і кадры, кожны са сваім характарам, вартасцю і недахопамі. Але ўсе яны рабілі агульную справу — ратавалі людзей, стаялі на варце іх здароўя і жыцця і за гэта ім вялікая павага і пашана ад юравічан і жыхароў навакольных вёсак.

Іван Гарыст.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.