Абараніць старых – наш святы абавязак

IMG_6996

Хата Надзеі Адамаўны Купрыенкі самая крайняя ў Градзе. Акно выходзіць на помнік байцам 3-га батальёна 519-га стралковага палка, якія загінулі тут 1 снежня 1943 года. Глядзіць жанчына на яго, і ў памяці ўваскрасаюць тыя дні, што для нас з’яўляюцца кніжнай гісторыяй, а для яе – адной са старонак уласнага жыцця.

—Колькі нашых галубочкаў ляжала скрозь па палях і лясах да самай Прыпяці і ўздоўж берага ракі адзін на адным, быццам валежнік пасля буралому. Вось так і мой Пеця ляжаў, – з сумам прыгадвае ўласны боль Надзея Купрыенка. – Каб я тады ведала, што ён ляжыць у полі зусім недалёка ад дома, каб я тады ведала… Пешкам пабегла б, забрала і тут пахавала б…

Жыццё ніколі не песціла Надзею Дунай. Працаваць у брыгадзе пачала адразу, як толькі ў Градзе з’явіўся калгас. У 19 гадоў выйшла замуж у Абухаўшчыну за Пятра Купрыенку. Свякруха прыняла нявестку, як заклятага ворага. Нацярпелася дзяўчына, нагаравалася. Пераказаць тое, што ніяк нельга нармальным жыццём назваць, – асобны раман. Бачыў пакуты маладой жонкі і Пятро, толькі не смеў супраць маці слова сказаць. Што ж, норавы тады былі такія. У сям’і нарадзіліся два хлопчыкі, адзін з іх захварэў і памёр. А потым прыйшла вайна. Зноў пакуты, ганьба і здзекі з усіх бакоў.

Пятра забралі ў армію адразу пасля вызвалення Абухаўшчыны. Калі праводзілі яго ў Хойніцкі ваенкамат, ён, шкадуючы жонку, моцна прасіў цесця і цёшчу забраць яе да сябе ў Граду. Казаў, матка яе з’есь. Абяцаў, калі вернецца, жыць з імі. Але то была іх апошняя сустрэча: Пятро Купрыенка трапіў у 118-ы полк 356-й дывізіі, якая неўзабаве стане называцца Калінкавіцкай. Ён аказаўся пад Аляксандраўкай, дзе знаходзіўся зыходны рубеж для атакі на Калінкавічы. У баі за вёску 10 студзеня і загінуў.

…Хутка пасля вызвалення і сама Надзея ледзь не развіталася з жыццём. Яны тады згулялі вяселле сярэдняй сястры Анюты. І вось Анюта вызвалася правесці старэйшую сястру, якая тады яшчэ жыла ў Абухаўшчыне. Недзе каля Закоты з лесу раптам выскачыў ні то воўк, ні то здзічэлая нямецкая аўчарка і напала на жанчыну. Анюта неяк здолела ўвільнуцца, а люты звер учапіўся ў На-дзею, пачаў рваць на кавалкі. У нейкі момант жанчына ўскочыла ў рэчку, але звер кінуўся следам і напаследак учапіўся ў твар.

Анюта тым часам бегла і крычала, звала на дапамогу. Добра што непадалёку аказаліся калгасныя пастухі. Яны і адбілі Надзею, а тады хутка адправілі ў Юравіцкую бальніцу. Доктар ледзь не страціў прытомнасць, калі ўбачыў акрываўленую жанчыну. У яе не было верхняй губы, паловы галавы скальпіравана, парваныя спіна, ногі і рукі. Некалькі гадзін цягнулася аперацыя. Апошні штрых – перасадка кавалка скуры з падбародка на верхнюю губу.

Калі канчаткова перабралася з Абухаўшчыны ў Граду, зноў вялікі клопат лёг на яе рукі. Трэба было будавацца. Надзея Адамаўна ўспамінае, як многа дапамагаў ёй брат Іван, які дайшоў да Берліна, як наймала розных мужчын у памочнікі. І як працавала – заўзята, з поўнай аддачай.

—Сына Грышку я гадавала адна, так хацела, каб ніколі не ведаў ён таго, што я перажыла, каб выйшаў у людзі, – прызнаецца старая. – Усё яму, свайму сыночку, усё яму. Спіны не разгінала, старалася. Колькі разоў стаханаўкай прызнавалі, у раёне віншавалі, узнагароды давалі.

Яна вывела сына ў людзі. Ён атрымаў адукацыю, трапіў на працу ажно ў Саратаў. Ажаніўся, з’явіліся дзеці, і сын прапанаваў маці перабрацца да яго. Радасная жанчына распрадала гаспадарку і паехала. Але радасць яе не была доўгаю.

—Нявестка – не дачка, мой даражэнькі, – толькі і патлумачыла жанчына свой тагачасны сум па малой радзіме.

У Граду яна вярнулася літаральна на саракавіны па маці. Паколькі ўласную хату прадала, стала жыць разам з бацькам.

—Бацьку дагледзела і пахавала, і свёкра, і свякруху, якая пры жыцці сапраўдны чорт была, – задуменна кажа Надзея Купрыенка. – Цяпер вось і сама дажываю век у бацькавай хаце. Адкуль пайшла, туды і вярнулася…

Так што мала было радаснага ў жыцці жанчыны. Здавалася б, цяпер, у 96 гадоў, самы час уздыхнуць з палёгкай і адпачыць. Ды толькі не даюць спакою хіжыя людзі, якія нідзе не працуюць, а ездзяць па аддаленых вёсках і абіраюць такіх жа старых, як яна.

—Малайцы, хлопцы, так хуценька злодзеяў знайшлі, выратавалі мяне, старую дурніцу, – кажа бабуля, звяртаючыся да ўчастковага інспектара Мікалая Пазняка (на здымку), і шчыра дзякуе супрацоўніка міліцыі, а ў яго асобе і тых яго калег, якія вярнулі ў яе хату спакой і ўпэўненасць.

Надзея Адамаўна прызнаецца, што пацярпела з-за ўласнай бяспечнасці. На століку пад кутняй іконай побач з тэлефонам у яе – фотаздымкі родных людзей, а яшчэ спіс галоўных нумароў: сястры Марыі, сацыяльнага работніка і асобна – участковага інспектара.

—Колькі разоў ён заходзіў, папярэджваў, каб не пускала нікога, акрамя знаёмых, – гаворыць жанчына пра ўчастковага. – І што на мяне тады найшло – сама не ведаю, упусціла незнаёмых смуглянак у хату.
Пільнасць старой прытупіла тое, што незнаёмыя смуглянкі ветліва ўсміхаліся і назваліся сацыяльнымі работнікамі. А калі спахапілася, аказалася, што пасля візіту нязваных гасцей прапалі грошы, прыхаваныя на апошні дзень. Добра, што здагадалася тут жа пазваніць сястры, а тая хуценька ўчастковаму. І зламысніц неўзабаве затрымалі на пад’ездзе да горада. Пакуль высвятлялі іх асобы, аператыўная група наведала Граду, выявіла ўлікі, пад цяжарам якіх зламысніцы і прызналіся ў здзейсненым.

Можа каму падасца, што ўкралі яны не так і многа. Але для чалавека, які ў адрозненні ад зладзеек з маленства потам і крывёю здабываў хлеб свой надзённы, яго капейка даражэй за ўсё.

Калі мы развіталіся і выйшлі, жанчына стаяла каля акна і глядзела нам услед. Мы паехалі, а перад ёй зноў паўстаў той самы пейзаж з відам на поле і лес. Сёння многія вёскі бязлюдзеюць. Але там яшчэ жывуць людзі сталага веку – нашы бацькі, дзяды і бабулі. Амаль у кожнага з іх лёс у многім падобны на лёс Надзеі Адамаўны. Яны заслужылі спакойную старасць, і нельга дапускаць, каб зламыснік з бруднымі рукамі, які ў сваім жыцці яшчэ не зрабіў нічога путнага, шкодзіў ім і псаваў жыццё. Гэта наш святы абавязак – тых, хто жыве і працуе з імі побач.

Алена Лаханская, в.а. намесніка начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.