Якімавічы

Там, дзе хаціна матулі,

Там, дзе жывуць сваякі,

Родная вёска прытуліць,

Стрэнуць сябры-дружбакі.

Там, дзе дзяцінства калыска,

Там, дзе юнацтва вясна,

Столькі людзей сэрцу блізкіх

Мрояцца ноччу ў снах.

                              Мікола Жылінскі

У гонар князёўны і халопа

Калі рухацца аўтамашынай з Калінкавіч на паўночны захад, у напрамку Брэста, то хвілін праз 25-30, збочыўшы з цэнтральнай трасы ўправа, можна трапіць у невялікую па памерах вёску пад прыгожай назвай Якімавічы. Толькі гэта ўжо сёння да гэтага старажытнага паселішча, якое вядома па пісьмовых крыніцах з XVI стагоддзя, як вёска ў Мінскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага, вядзе цудоўная асфальтавая  стужка дарогі, а калісьці Якімавічы размяшчаліся на востраве, вакол якога на дзесяткі кіламетраў раскінуўся дрымучы лес з цяжкапралазнымі нетрамі і топкімі багнамі. З заходняга боку вострава цякла рэчка Іпа, а з усходняга — безыменны ручай, які ўпадаў у рэчку. Зараз гэтае месца называецца Купча.

Назва вёскі па ўсёй верагоднасці паходзіць ад імя яе першага заснавальніка ці яго нашчадкаў — Якіма. А ўвогуле былы настаўнік і дырэктар Якімавіцкай школы, старшыня Якімавіцкага сельсавета Рыгор Турчын стварыў цудоўную легенду аб гісторыі ўзнікнення Якімавіч. І яе варта прывесці цалкам, каб і надалей захаваць для будучых пакаленняў.

— Здарылася гэта ў вельмі даўнія часы, калі на нашай зямлі ўладарылі самалюбівыя і ўсемагутныя князі.

Аднойчы ноччу разгулялася страшная на     вальніца. Вецер з вялікай сілай рваў і ламаў дрэвы, зрываў чаротавыя дахі з сялянскіх хацін, злосна завываў і скавытаў. Маланкі  палыхалі ў цемначы адна за адной, разрываючы неба на дробныя кавалкі, якія, здавалася вось-вось упадуць на зямлю. Пад гукі гэтай страшнай, не для чалавечага вуха музыкі, у жорсткага князя Мечыца нарадзілася дачка, якую назвалі Вічай.

Дзяўчына шчасліва жыла ў багатых бацькоў, не ведаючы ніякага гора і нястачы. З кожным днём яна ўсё больш прыгажэла. У яе быў цудоўны срэбраны галасок. Віча часта прыходзіла да ракі і спявала свае любімыя песні. Спеў яе быў такі прыгожы, што нават жвавая рака супыняла свой бег і з вялікай асалодай услухвалася ў дзіўную мелодыю.

У тую ж шалёную ноч, калі нарадзілася княжацкая дачка, у сям’і простага рыбака на свет з’явіўся доўгачаканы хлопчык. На вялікае гора, яго прыгажуня-маці памерла ў час родаў. І застаўся рыбак Радзім адзін са сваім немаўляткам, якога назваў Якімкай. Бацька налюбавацца не мог на сына, бярог яго як зрэнку вока, рабіў усё, каб дзіцятка не ведала галечы і гора. Хлопчык на дзіва рос дужым і мужным. Ён заўсёды быў з бацькам: дзе той, там і ён. Дапамагаў яму ва ўсіх яго рыбацкіх і сялянскіх справах.

Ішлі годы. Якімка з хлапчука ператварыўся ў стройнага і моцнага юнака. Аднойчы, калі яны з бацькам вярталіся з рыбалкі, хлопец пачуў дзіўны спеў, што ліўся над ракой. Дзявочы голас зачараваў яго і Якім папрасіў бацьку, каб той высадзіў яго на бераг.

Ціхенька падкраўшыся і стаіўшыся за магутным дубам ён убачыў невядомую пявунню. Яе прыгажосць пазбавіла юнака дару мовы. Ён слухаў і глядзеў на Вічу і не мог адарваць ад яе свайго позірку. А княжацкая дачка агледзела ўсё-такі статнага хлопца. Не спужалася, а наадварот узрадавалася. У адзін момант у яе сэрцы пачало нараджацца штосьці шчаслівае, радаснае, тое, аб чым мараць усе маладыя людзі. Штосьці падказала яе сэрцу: “Гэта ён. Гэта той, каго яна так чакае”. З той хвіліны і пачалося вялікае каханне Вічы і Якіма.

Юнак разумеў, што князь ніколі не прыме яго ў сваю сям’ю, ніколі не аддась за яго сваю дачку. Разумела гэта і Віча. Але маладыя людзі нічога не маглі зрабіць супраць заклікаў сваіх сэрцаў. Кожны вечар яны сустракаліся на беразе ракі. Многа гаварылі, каталіся на лодцы. Каханне іх было чыстым і прыгожым.

Але, як не рэдка бывае, разам са шчасцем прыходзіць і бяда. Князь даведаўся пра іх каханне.

— Як гэта, мая дачка сустракаецца з халопам? – лютаваў уладар. – Ды я яго ў цямніцы згнаю.

Віча ў бездапаможнасці слязьмі сышла. Яна не ведала, што рабіць. Бацька яе нікуды не выпускаў з палаца.

А князь тым часам згаворваецца з магнатам Сохачам, каб той засылаў сватоў за яго дачкой.

Адважны Якім, праведаўшы пра гэта, ноччу прабраўся ў княжацкі палац. Каханыя вырашылі ўцячы. Пад покрывам ночы яны селі ў лодку і пайшлі па цячэнні ўніз ракі. Плылі доўга, сёння ўжо не вядома колькі дзён, але наколькі хапіла моцы. Нарэшце, прыбіліся да берага. Усё! Цяпер ніхто не перашкодзіць іх каханню. Хутка на беразе ракі, якая працякала міма вострава, што раскінуўся між лясоў і балотных багнаў, вырасла хаціна, зрубленая рукамі Якіма. А праз які час у маладых нарадзілася дачка. Іх шчасцю не было канца.

…А люты князь не спыняў пошукаў уцекачоў. Ён не мог змірыцца з ганьбай, якую нанёс яму сялянскі сын. І вось яго найміты, нарэшце, выйшлі на след Вічы і Якіма.

Князь у лютай ненавісці загадаў сваёй дружыне забіць дачку і яе каханага. Не пашкадаваў і ўнучкі. Колькі не маліла яго Віча захаваць жыццё дачушцы, князь заставаўся непахісным. Ён узняў свой меч, але Віча засланіла сабой дзіця, сапхнуўшы яе з берага ў рэчку.

Доўга стаяў князь над целам сваёй дачкі. Аб чым ён думаў? Ніхто не ведае. Можа каяўся? Бо здрад-ніцкія слёзы каціліся па яго твары.

Рака была больш літасцівай да немаўляці. Яе хвалі падхапілі яе маленькае цельца і выкінулі яго на бераг. Яна засталася жывой, вырасла і прадоўжыла род чалавечы.

А вёску, якую заснавалі яе бацькі, у іх гонар назвалі Якімавічамі. Якім-а-Вічы.

Пад панскім прыгнётам

Згодна летапісных дакументаў, Якімавічы ў 1526 годзе былі пажалаваны двараніну М.Замарэцкаму. А згодна Метрыкі караля Жыгімонта II Аўгуста на 1568 год, пазначаны як сяленне ў Мазырскай воласці.

Кароль польскі і вялікі князь Літоўскі Стэфан Баторый (1576-1586) сваім указам у 1576 годзе падкрэсліў незалежнасць Вялікага княства Літоўскага ад Польшчы. У канцы XVI стагоддзя граніца Вялікага княства Літоўскага праходзіла паўднёвей Мазыра па рацэ Славечна, а адтуль на поўнач па рацэ Віць. Тэрыторыя сённяшняга Калінкавіцкага раёна знаходзілася ў паўднёва — ўсходняй частцы Вялікага княства Літоўскага.

Як жылі і чым займаліся жыхары гэтай мясцовасці ў той час, вельмі добра адлюстраваў у сваім дзённіку ў 1575 годзе  італьянскі падарожнік А.Гваніні “… Жыхары паўднёвых зямель Вялікага княства Літоўскага… сеюць і вырошчваюць хлеб, косяць сена, разводзяць буйную рагатую жывёлу, … і галоўнае – капаюць у балотах на Палессі балотную руду, выплаўляюць з яе жалеза ў плавільных печах і робяць з гэтага жалеза розны сельскагаспадарчы і земляробчы інвентар і, магчыма, нават зброю…”

Гэтыя звесткі зусім не беспадстаўныя. Нават сёння за мастом цераз раку Іпа паміж мостам і “Янкелевай гарой” ля Якімавіч знаходзяцца вялікія горы шлаку ад выплаўленай балотнай руды. Магчыма, тут і размяшча-ліся некалькі стагоддзяў назад плавільныя печы. Ды і ў іншых месцах па леваму і праваму берагах, уверх па цячэнню Іпы на адлегласці 3-5 кіламетраў ля Якімавіч знаходзіцца не менш дзесяці такіх месц, дзе здабывалася балотная руда.

Вядомасць шматлікіх паселішч сённяшняга Калінкавіц-кага раёна, у тым ліку і Якімавіч, звязана з так званым Канстанцінопальскім трактам, узбоч якога і размяшчаліся вёскі.

Лівонская вайна 1558-1583 гадоў не закранула землі Палесся. Але за ўдзел у гэтай вайне некаторыя ваеначальнікі Стэфана Баторыя ў якасці ўзнагароды атрымалі дзяржаўныя пасады і землі на Мазыршчыне, у іх ліку і Якімавічы.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, у 1793 го-дзе, Якімавічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1799 годзе ў вёсцы налічвалася 12 двароў. А праз сем гадоў паселішча атрымала статус сяла, паколькі тут была ўзведзена драўляная Прэабражэнская царква.

У гэты час шмат дзяржаўных сялян разам з зямлёй былі падораны “за службу” расійскаму дваранству. Але ж  і многія вёскі засталіся ва ўласнасці дзяржавы. Разам з тым высокія дзяржаўныя пасты захавалі і некаторыя былыя землеўладальнікі. Напрыклад, надворны саветнік Павел Паўлавіч Галянішчаў – Кутузаў – Талсты атрымаў у спадчыну вёскі Якімавічы і Кошчычы. Пляменніку героя Айчыннай вайны 1812 года  генерал-фельдмаршала Міхаіла Кутузава належала ў гэтых вёсках 24000 дзесяцін зямлі, 3 карчмы, 2 вадзяныя млыны ў Якімавічах, з якіх ён меў 250 рублёў гадавога даходу.

У 1850 годзе ў Якімавічах, якія ўваходзілі ў склад Рэчыцкага павета, налічвалася ўжо 39 сялянскіх двароў.

Пасля адмены прыгоннага права Аляксандрам II, у 1861 годзе, у Расіі вызвалілася шмат сялян, якім патрэбна была зямля. Таму ў другой палове XIX стагоддзя пачалося інтэнсіўнае асваенне забалочаных зямель усяго Палесся. Побач з Якімавічамі таксама прайшоў меліярацыйны канал Іпа працягласцю 27 вёрст, пракладзены меліярацыйнай экспедыцыяй генерал-інжынера І.І.Жылінскага ў 1890-1898 гадах. Канал капаўся па старому руслу ракі Іпа, па малых азёрах і багнах, выраўніваўся з мэтай асушэння навакольных балот і сплаву леса.

У 1883 годзе ў Якімавічах быў узведзены будынак і адкрылася царкоўна-прыхадская школа. У вёсцы на 33 дварах пражывала 238 жыхароў мужчынскага полу, дзейнічала конная паштовая станцыя, царква, два вадзяных млыны і карчма.

Паводле ж перапісу насельніцтва 1897 года, у Якімавічах налічвалася 80 двароў і 492 жыхары мужчынскага полу. У вёсцы акрамя вышэйпералічаных дзейнічаў і хлебазапасны магазін.

На поўнач ад вёскі, за ракой Іпай, размяшчаўся маёнтак Якімавічы. Цяпер гэтае месца называецца ўрочышча Залаззе.

Зразумела, што на працягу ўсяго існавання Якімавіч, яго жыхарам жылося ой-як нялёгка. Усё жыццё яны гаравалі на княжацкіх ды панскіх угоддзях, густа паліваючы ўласным потам і крывёю малаўрадлівыя палі ды сенажаці.

Новы век — новыя выпрабаванні

Не прынёс палёгкі якімаўчанам і новы XX век. Зямля знаходзілася ва ўласнасці памешчыка Генадзя Навакоўскага. І спіну зноў прыходзілася гнуць на чужым полі.

Усе падзеі, што адбыліся ў краіне ў пачатку XX стагоддзя, не абмінулі і Якімавічы. У 1908 годзе вёска адміністрацыйна адносілася да Дудзіцкай воласці Рэчыцкага павета. У ёй налічвалася 92 двары, у якіх пражывалі 569 жыхароў.

З пачаткам першай сусветнай вайны, у 1914 годзе ў Мінскай губерніі, у склад якой ўваходзілі і паселішчы сённяшняга Калінкавіцкага раёна, было аб’-яўлена ваеннае становішча. Жыццё ўсіх яе населеных пунктаў было накіравана на забеспячэнне фронта харчам, фуражом, салдатамі.

А 25 снежня 1917 года на сходзе сялян у Якімавічах была прынята рэзалюцыя аб поўнай падтрымцы Савецкай улады. Сяляне адобрылі Дэкрэты Другога Усерасійскага з’езда Саветаў, патрабавалі ад Устаноўчага сходу пацвярджэння Дэкрэтаў “Аб міру”, “Аб зямлі” і стварэння Савецкага ўрада.

Пасля кастрычніцкіх падзей 1917 года зямля ў Якімавічах, як і ў іншых вёсках былой Расій-скай імперыі, была, нарэшце, перададзена тым, хто на ёй працаваў – сялянству.

Стваралася новая ўлада: камітэты беднаты, Саветы. Старшынёй камітэта сялянскай беднаты ў Якімавічах быў выбраны Альха Сяргей Міхайлавіч.

Станаўленне Савецкай улады праходзіла ў жорсткай барацьбе. У студзені 1918 года, напрыклад, землі сённяшняга Калінкавіцкага раёна спрабаваў захапіць 25-тысячны корпус польскіх легіянераў пад камандаваннем генерала С.Доўбар-Мусніцкага. Але 31 студзеня гэтага ж года ён быў разбіты часцямі Чырвонай Арміі.

Аднак мір быў непрацяглым. Пасля разрыву мірных перагавораў з кайзераўскай Германіяй, нямецкія войскі ў лютым 1918 года акупі-равалі большую частку Беларусі, у тым ліку і Рэчыцкі павет.

Пачалася партызанская барацьба з ворагам, які пакінуў Палессе толькі ў лютым 1919 года.

Аднак ужо ў сакавіку гэтага года на Беларусь рушылі палякі. На дапамогу ім прыйшла ўнутраная контррэвалюцыя.

У сакавіку-маі 1919 года мясцовыя ўлады вырашалі задачы па забеспячэнні сем’яў чырвонаармейцаў і беднякоў харчаваннем і палівам, размеркаванню памешчыцкіх зямель, барацьбе з бандытызмам. Узнікалі новыя партыйныя арганізацыі, умацоўваліся створаныя раней.

Першымі партыйцамі — бальшавікамі ў Якімавічах былі Альха Даніла Сяргеевіч, Ганчарэнка Канстанцін Іванавіч, Ткачэнка Ануфрый, Карасевіч І.С. – сакратар парт’ячэйкі.

Да гэтага ж часу адносіцца і стварэнне камсамольскіх арганізацый. Першымі камсамольцамі-якімаўчанамі былі Новік Васіль Спірыдонавіч, Альха Яфім Назаравіч (ёсць меркаванне, што ён загінуў у 1941 годзе ў час абароны Брэсцкай крэпасці), Альха Іван Макаравіч, Альха Аляксей Захаравіч.

У сувязі з набліжэннем польскіх легіянераў на з’ездзе Рэчыцкага павятовага Савета было вырашана правесці мабілізацыю па 10-20 чалавек ад кожнай воласці з ліку бяднейшых і сярэднезаможных сялян у Чырвоную Армію. Сваіх людзей у чырвонае войска паставілі і якімаўчане, якія і дагэтуль ганарацца, напрыклад, сваім героем грамадзянскай вайны Рыгорам Барысенкам, які ваяваў супраць Дзянікіна, асабіста сустракаўся з Міхаілам Фрунзе, Ігнатам Трафімавым, які быў расстраляны фашыстамі ў чэрвені 1944 года.

У красавіку 1919 года палякі ўсё-такі ўварваліся на тэрыторыю сённяшняга Калінкавіцкага раёна. Ішлі баі. 4 кастрычніка ля Якімавіч адбылася сапраўдная трагедыя. У выніку рэйда на тэрыторыі раёна 4-ы уланскі полк палякаў захапіў в.Антонаўка, а ля Якімавіч разбіў 9-ю роту чырвонаармейцаў 66-га палка, ад якой са ста чалавек у жывых засталося толькі восем.

Тэрыторыя сучаснага Калінка-віцкага раёна поўнасцю была вызвалена ад польскіх акупантаў толькі 7 ліпеня 1920 года.

Палешукі, як і заўжды, апантана ўзяліся за абуладкаванне свайго жыцця. У Якімавічах усталявалася Савецкая ўлада. Першым старшынёй сельсавета быў Альха Максім Цімафеевіч.

Справачна: кіраўнікі сель-скага савета:

Шалюта Цімафей Пятровіч, 1944 г.

Шаблінскі Ілля Іванавіч, 1948 г.

Селівончык Надзея Дземянаўна, 1954 г.

Шчэрбін Арсенцій Іванавіч, 1955 г.

Селівончык Фаіна Аркадзьеўна, 1968 г.

Шпак Леанід Сергеявіч, 1975 г.

Турчын Рыгор Ігнатьевіч, 1982 г.

Жукавец Вольга Іванаўна, 1989 г.

Клімчук Міхаіл Сцяпанавіч, 1991 г.

Змушка Інэса Рыгораўна, 1992 г.

Хвастова Людміла Канстанцінаўна, 1994 г.

Змушка Інэса Рыгораўна, 1995 г.

Вясковыя бальшавікі і камсамольцы ўзяліся за стварэнне лікбеза, выкараненне непісьменнасці насельніцтва.

Але ўжо ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года прыйшла новая навала – на Калінкавіцкі раён напалі банды Булак-Балаховіча. У Якімавічах, як расказвала 16 кастрычніка 1927 года на сваіх старонках газета “Савецкая вёска”, балахоўцы забілі аднаго яўрэя, разрабавалі сем’і іншых яўрэяў – рамеснікаў, а таксама сем’і мясцовых актывістаў і чырвонаармейцаў, якіх бандытам выдаваў сын мясцовага кулака з Ячнага, які ўступіў у “армію” Булак-Балаховіча.16-17 лістапада 1920 года балахоўцы былі разгромлены часцямі Чырвонай Арміі. 

17 лістапада 147-ы полк Чырвонай Арміі ўступіў у бой з астаткамі 2-й дывізіі балахоўцаў і дзесьці ў 15.00 2-гі батальён гэтага палка вызваліў Якімавічы.

З гэтага часу наступіў адносны мір. Чаму адносны? Ды таму, што, калі вясковага жыхара і рабочага з горада перасталі турбаваць іншаземныя захопнікі, то хапіла ім ліха і ад унутраных “дабрадзеяў”, але аб гэтым крыху ніжэй.

У ліпені 1924 года ў Беларусі замест валасцей пачалі стварацца новыя адміністрацыйныя адзінкі – раёны. Калінкавіцкі раён падзяляўся на 12 сельсаветаў, адзін з якіх называўся Якімавіцкім, бо цэнтр яго знахо-дзіўся ў Якімавічах. Згодна справаздачы Калінкавіцкага райвыканкама за 1925 год, у раёне былі створаны дзве сельскагаспадарчыя кааперацыі – ў Якімавічах і Дудзічах. Якімавіцкая сельгаскааперацыя, створаная ў канцы 1923 года, была слабаразвітай. Агульны абарот за 1924-25 гг. складаў усяго 19475 рублей на 141 пайшчыка. Ахоп кааперацыяй быў усяго 30-працэнтным.Кааперацыя ўтрымлівала ў арэндзе паравы мукамольны млын і прадпрыемства па вырабу скур.

У гэты ж час у Якімавічах  была пажарная арганізацыя і фельчарска-акушэрскі пункт (усяго ФАПаў на раёне было два – другі ў Даманавічах), школа 1-й ступені, у якой навучалася 70 дзяцей з навакольных вёсак.

У 1926 годзе ў вёсцы была створана хата-чытальня, драматычны і харавы гурткі.

У 1928 годзе якімаўчане стварылі сельскагаспадарчы кааператыў, які ў гэтым жа годзе быў ператвораны ў калгас “Чырвоны маяк”. Першым старшынёй калгаса быў Ганчарэнка Канстанцін Іванавіч, рахункаводам – Альха Мітрафан М.

Справачна:кіраўнікі калгаса:

Альха Павел Захаравіч, 1944 г.

Шалюта Цімафей Пятровіч, 1946 г.

Прыходзька Цімафей Р., 1948 г.

Шчэрбін Арсенцій Іванавіч, 1950 г.

Сырмалотаў А.М., 1952 г.

Шэшэль Уладзімір Пятровіч, 1957 г.

Вінакур, 1959 г.

Выпірайла Уладзімір Васільевіч, 1960-1963 гг.

Казлоў Пётр Іванавіч, 1963-1971 гг.

Белы Маісей Васільевіч, 1971-1981 гг.

Буцэнка Іван Рыгоравіч, 1981-1999 гг.

Пяшэвіч Сцяпан Васільевіч, 1999 г.

Змушка Віктар Міхайлавіч, 2004 г.

У ліку першых калгаснікаў Альха Вольга Герасімаўна, Новік Адам Аляксеевіч, Альха Макар Іванавіч, Селівончык Пётр Іванавіч, Альха Захар Іванавіч, Селівончык Іосіф Рыгоравіч, Рымар Іван Максімавіч, Альха Даніла Гаўрылавіч.

У той жа год на тэрыторыі Якімавіцкага сельсавета былі створаны яшчэ тры калгасы: “Новы сад” – у Садках, “Шлях да камуны” — у Клінску і “Новае жыццё” – у Ячным.

Аб тых першых днях калгасаў мне давялося ў 1991 годзе запісаць успаміны былога старшыні садкоўскага калгаса “Новы сад” Цімафея Пятровіча Шалюты. Вось што ён расказаў:

— Калгасы тады былі дробныя, без механізацыі. Не было ні касілкі, ні малацілкі. Праўда жывёла была. Так, у нашым калгасе было 12 пар коней, 8 – валоў, 64 каровы, 120 галоў маладняку, з паўсотні авечак. У калгасе налічвалася каля 600 гектараў зямлі, 50 гектараў лугавых сенажацяў. 54  сям’і аб’яднала калгасная гаспадарка. І была дысцыплі-на. Праштрафіўся, на першы раз – вымова, у другі – два працадні далой.

Толькі ў 1936 годзе ў калгасе ў Якімавічах з’явіўся першы трактар. Яго першымі трактарыстамі былі Барысенка Іван Цярэнцьевіч і Альха Андрэй Емяльянавіч (загінуў 9 мая 1945 года).

У 1936 годзе ў Якімавічах закрылі царкву. А ў 1940 годзе яе ўвогуле разабралі і перавезлі ў цэнтр вёскі. Пачалі ўзводзіць клуб. Але пачаўшаяся вайна не дала завяршыць яго будаўніцтва.

Да 1930 года ў Якімавічах працавала пачатковая школа, а затым яна была ператворана ў сямігодку, якая называлася Якімавічскай школай калхознай моладзі. Настаўнікамі той школы былі: Аўрамчук, Крахмалюк Тамара, Казлова Кацярына, Сянько Паліна, Ваўрышчук Мікалай.

У 1937 годзе быў пабудаваны новы будынак школы. Але, на жаль, пра     цаваў ён нядоўга. У час вайны фашысцкія акупанты намервалі размясціць у ім свой штаб. Каб не дапусціць гэтага, партызаны спалілі школу.

Не прамінулі Якімавічы ў даваенны час і такія брудныя выявы савецкага будаўніцтва, як раскулачванне і энкэвэдэшныя “хапуны”.

Вось што ўспамінаў аб тых часах той жа Ц.Шалюта:

— Было гэта ў 1939 годзе. Вялікі тады быў “хапун”.  Так у народзе называлі дзеянні берыяўцаў – мясцовых эмгэбістаў.

Аднойчы раніцай прыходзіць да мяне сусед Даніла, а я тады быў калгасным брыгадзірам, і гаворыць: “Спіш, а там ужо калгас спалілі.” Наконт калгаса ён, зразумела, перабольшыў, а вось старшыню нашага, Антося Маліцкага, сапраўды ўзялі тады, і “згарэў” чалавек недзе ў той страшэннай віхуры класавай барацьбы як “вораг народа”, нават не засталося і следу. А яшчэ праз дзень зайшоў да мяне старшыня сельсавета і ўручыў калгасную пячатку, сказаў: “Бу-дзеш старшынёй калгаса”. Вось і ўсе “выбары”. І паспрабуй тады было адмовіцца ці засупярэчыць – мог бы следам пайсці за Маліцкім.

За гады сталінскага генацыду па Якімавіцкаму сельсавету былі рэпрэсіраваны і растраляны ў 1937 годзе з Садкоў – Есьман Васіль Ігнатавіч, 1864 г.н., Касцюкевіч Франц Іванавіч, 1894 г.н., Мазуркевіч Станіслаў Васільевіч, 1884 г.н., Маліцкі Антон Мартынавіч, 1894 г.н., Мацкевіч Фёдар Сцяпанавіч, 1908 г.н., Пагаржэльскі Арсеній Іванавіч, 1896 г.н., Яновіч Казімір Іванавіч, 1875 г.н., з Якімавіч – Альха Мітрафан Міхайлавіч, 1885 г.н., з Ячнага – Нягрэй Цярэнцій Якаўлевіч, 1886 г.н. У 1938 годзе былі расстраляны Тарасевіч Даніла Аляксеевіч, 1896 г.н. і Ульянскі Аляксандр Фёдарвіч, 1900 г.н., з Садкоў, Альха Рыгор Дзмітраевіч, 1899 г.н. і Дзенісенка Мацвей Аляксеевіч, 1892 г.н. з Якімавіч.

Бралі ў тыя гады і расстрэльвалі без разбору: аднаасобнікаў і калгаснікаў, радавых і кіраўнічых асоб.

Чорная навала 

22 чэрвеня 1941 года рэпрадуктары радыё абвясцілі аб вераломным напа-дзе фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Людзі былі ў жаху. Прайшло ўсяго дваццаць год хаця і цяжкага, але мірнага часу, пасля заканчэння нямецкай і белапольскай інтэрвенцыі. У народнай памяці яшчэ былі жывыя ўсе пакуты, перажытыя ў гады той вайны і акупацыі.

На наступны дзень пачалася мабілізацыя ў Чырвоную Армію. А праз тыдзень усіх неваеннаабязаных выклікалі ў сельсавет і залічылі ў знішчальны батальён, узброілі такой-сякой зброяй і пачалі ваенную вучобу. Газеты і радыё паведамлялі – нашы з баямі адступаюць. Людзі былі ў недаўменні: як жа так? Увесь час гаварылі, што ваяваць будзем на тэрыторыі праціўніка, калі пачнецца вайна, а вораг набліжаецца?

Па распараджэнні мясцовых улад пачалася эвакуацыя ў глыб краіны калгаснай жывёлы. Гэтую работу ў Якімавічах ажыццяўлялі Новік Фёдар Аляксандравіч, Новік Аркадзь Мікітавіч, Селівончык Даніла Фёдаравіч і іншыя.

23 жніўня немцы ўжо былі ў Якімавічах. “Новы парадак” акупантаў не абяцаў мясцовым жыхарам нічога добрага. Замест сельсаветаў яны стваралі валасныя ўправы з паліцэйскімі ўчасткамі, у вёсках прызначалі стараст. На палях пераспяваў ураджай, людзі непакоіліся аб ім і дзялілі палі па колькасці едакоў у кожнай сям’і. Акупанты ж прызначылі свае, вельмі высокія падаткі, на кожную сельскагаспадарчую культуру, якія вяскоўцы вымушаны былі выконваць пад страхам смерці.

У Якімавічах у першыя ж дні “новага парадку” захопнікамі быў       расстраляны камуніст Падгурскі, у Клінску – настаўніца М.Дарошка.

Фашысты за гады акупацыі расстралялі па Якімавіцкаму сельсавету Альху Алеся Ананьевіча, 1932 г.н., Альху Мікалая Мітрафанавіча, Андруховіча Адама Назаравіча, 1927 г.н., Барысенку Аляксандра Цярэнцьевіча, 1920 г.н., Барысенку Адама Савіча, 1924 г.н., Барысенка Вольгу Савічну, 1926 г.н., Забойка Арыну Іванаўну, 1934 г.н., Каваленка Васіля, 1875 г.н., Лазарэвіч Марыю Рыгораўну, Лопіч Івана Аляксандравіча, 1841 г.н., Мароз Еўдакію Цімафееўну, 1881 г.н., Петрушэнка Якава Аксенцьевіча, 1900 г.н., Чарняўскага Паўла Аляксеевіча, 1900 г.н.

Фашысцкія вылюдкі не мелі літасці ні да старых, ні да малых.

Аднак людзі не паддаліся страху і не скарыліся ворагу. Былі, безумоўна, здраднікі, якія падаліся на службу да немцаў, але большасць верыла ў Перамогу і змагалася з ворагам на франтах, у партызанах, падполлі, і ў іх ліку Новік Леанід Пятровіч, Казак Уладзімір Дзмітравіч, Ганчарэнка Іван Іосіфавіч, Шарай Анатоль Пятровіч, Яцко Мікалай Давыдавіч, Селівончык Цімафей Савіч, Язерскі Уладзімір Іванавіч, Забойка Парфірый Антонавіч, Альха Мікалай Дзмітрыевіч, многія іншыя.

Мікалаю Дзмітрыевічу Альха, напрыклад, было ўсяго семнаццаць гадоў, калі ён уступіў у рашучую барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Адважны якімаўчанін прайшоў нялёгкі шлях франтавымі дарогамі ад Брэста да Берліна, цераз Віслу і Одэр, цераз тысячы дробных і буйных узмацаванняў ворага. А калі савецкія воіны ўварваліся ў рэйхстаг і ўзнялі над ім сцяг Перамогі, старэйшыя байцы ўзнялі на руках свайго юнага камандзіра і сказалі: “Пішы, сынок “.

“Ад Брэста да Берліна. М.Альха” – такі надпіс пакінуў на сцяне павержанага рэйхстага Мікалай Дзмітрыевіч. А было яму тады ўсяго васемнаццаць гадоў. Ды, нягледзячы на гэта, на грудзях яго ўжо ззялі ордэны Айчыннай вайны II і Славы III ступені, ды некалькі баявых медалёў.

Дарагой цаной далася Якімавічам Перамога над фашызмам, 70 яе жыхароў загінулі на франтах вайны. Усяго ж з вёсак Якімавіцкага сельсавета склалі свае голавы за Айчыну 106 верных Радзіме сыноў і дачок.

Рыгор Турчын, які зараз ужо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, яшчэ ў часы свайго настаўніцтва прысвяціў жыхарам Якімавіч, Садкоў і Ячнага, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе з фашызмам, вось гэтыя радкі:

— Не вярнулась з вайны аж сто шэсць

Землякоў нашых у родныя хаты.

За Радзіму стаялі насмерць,

Да апошняга білісь салдаты.

Адстаялі Айчыну яны,

Каб усе людзі жылі шчасліва,

Не было каб ніколі вайны –

Самі ж сном вечным спяць у магіле.

Не вярнулісь з вайны аж сто шэсць

Землякоў нашых – хлопцаў адважных.

У іх памяць будзе вечна гарэць

Непагасны агонь у сэрцах нашых.

… 15 студзеня 1944 года радыё паведаміла аператыўную зводку “Савінфармбюро”: “Войскі Беларускага фронта 14 студзеня 1944 года авалодалі буйным чыгуначным вузлом г.Калінкавічы, а таксама з баямі занялі больш 40 іншых населеных пунктаў Калінкавіцкага раёна, сярод якіх … Якімавічы”. У баях за вёску і яе ваколіцы загінулі 220 савецкіх воінаў і 3 партызаны, якія пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры Якімавіч.

Адраджэнне

На вызваленай тэрыторыі пачалося новае жыццё. Трэба было ўзнаўляць разбураную вайной гаспадарку, будаваць, пачынаць усё амаль з нуля.

У 1949 годзе садкоўскі калгас “Бальшавік Палесся” і ячненскі “Новае жыццё” аб’ядноўваюцца з якімавіцкім калгасам “Чырвоны маяк”. Тым часам клінскі калгас “Шлях да камуны” аб’ядноўваецца з міхнавіцкім калгасам імя І.В.Сталіна.

У 1950 годзе якімавіцкі калгас “Чырвоны маяк” змяняе назву на імя Кагановіча.

А праз пяць гадоў адбываецца драбленне калгаса імя Сталіна: у Клінску ўтвараецца асобны калгас імя Мікаяна, які ў 1957 годзе зноў змяніў назву на “Усход”. У гэтым жа годзе калгас імя Кагановіча змяняе назву. Цяпер ён называецца “Ле-нінская іскра”. Паводле перапісу насельніцтва ў 1959 годзе, у Якімавічах пражывала 550 жыхароў.

На наступны год да калгаса “Ленінская іскра” далучаецца клінскі калгас “Усход”. Такім чынам, з 1960 года калгас “Ленінская іскра” з цэнтрам калгаса і сельскага Савета ў в.Якімавічы аб’яднаў чатыры населеныя пункты: Якімавічы, Садкі, Ячнае і Клінск.

У 1950 годзе ў Якімавічах быў пабудаваны магазін, у 1956 – новая школа, ФАП, у 1965 – здадзены ў эксплуатацыю  сельскі клуб.

Да 1960 года калгаснікам за іх працу налічвалі па 9-10 капеек за працадзень. Але грашовых выплат не было, выкарыстоўвалася натур-аплата. Пасля 1960 года ў калгасе пачалі авансіраванне яго працаўнікоў грашыма, але запазычанасць перад калгаснікамі расцягнулася на некалькі гадоў.

Аднак, нягледзячы на цяжкасці людзі працавалі з агеньчыкам. Калгас з года ў год мацнеў. З’явіліся сродкі для будаўніцтва, набыццё новай тэхнікі. У першай палове 60-х гадоў XX стагоддзя калгас “Ленінская іскра” меў 5 трактароў, 2 зернеуборачных камбайны, 4 аўтамабілі, ля двух дзесяткаў прычапнога сельгасінвентару.

З 1965 года калгаснікі пачалі атрымліваць на праца-дзень па 40 капеек і 1 кг 300 г збожжа.

Аб тым, як працавалі якімаўчане на сваёй не вельмі ўрадлі-вай зямлі, сведчаць іх шматлікія працоўныя ўзнагароды. Напрыклад, за высокія вынікі ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і раслінаводства ў 1966 годзе старшыня калгаса “Ленінская іскра” Казлоў Пётр Іванавіч быў узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”, пастух Крогаль Цімафей Акі-мавіч – медалём “За працоўную доблесць”, а калгаснік Яцко Мікалай Давыдавіч – ордэнам “Знак Пашаны”.

У далейшым высокіх урадавых узнагарод удастойваліся многія працаўнікі “Ленінскай іскры”: ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы Народаў – механізатар Петрушэнка Пётр Іванавіч, ордэна “Знак Пашаны” —  даярка Барысенка Ева Іванаўна і вадзіцель Фурман Мікалай Паўлавіч, ордэна Працоўнай славы III ступені – трактарыст Альха Вячаслаў Данілавіч і даярка Селівончык Ніна Фёдараўна, медаля “За працоўную доблесць” – трактарыст Петрушэнка Аляксей Сцяпанавіч.

У 1963 годзе на брацкай магіле ў цэнтры Якімавіч быў устаноўлены помнік савецкім салдатам і партызанам, якія  загінулі пры вызваленні вёскі.

У 1988 годзе для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны ў вёсцы пабудавалі пасёлак на 50 сямей.

Паводле перапісу 1999 года, у в.Якімавічы налічвалася 148 двароў, у якіх пражывала 414 жыхароў. У сярэдняй школе навучалася 90 вучняў. Акрамя калгаса ў вёсцы былі сельскі Дом культуры, бібліятэка, магазін, сталовая, комплексны прыёмны пункт, ФАП, аддзяленне сувязі, яслі-сад, калгасная лесапільня.

Цэнтр асветы і культуры

Школа ў любой вёсцы з’яўляецца цэнтрам асветы і культуры. Менавіта з гэтай установы пачынаюцца крокі юнага грамадзяніна ў вялікае дарослае жыццё. Менавіта ў школе закладваецца падмурак грамадзянскай самасвядомасці, выхоўваецца любоў да Радзімы, павага да гераічнага мінулага сваёй Айчыны, фарміруецца курс на выбар будучай прафесіі і г.д.

Пасля вызвалення Якімавіч ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў школа, на базе двух сялянскіх хат, аднавіла сваю работу ў 1944 годзе. У 1946 годзе яе ўзначаліў былы франтавік, палітработнік, капітан Казак Уладзімір Дзмітрыевіч, які нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Кацуры Калінкавіцкага раёна. Да вайны ён закончыў педагагічныя курсы і працаваў настаўнікам пачатковых класаў. Прайшоў усю вайну. Пасля яе заканчэння вярнуўся ў школу, дзе стаў выкладаць гісторыю і геаграфію. Пад яго кіраўніцтвам у Якімавічах быў узведзены будынак новай школы, заняткі ў якім пачаліся ў 1955 годзе. Кіраваў школай Уладзімір Дзмітрыевіч да 1959 года, затым аж да 1972 года выкладаў у ёй свае любімыя прадметы. У 1979 годзе ён памёр.

З 1959 па 1970 год  дырэктарам школы працаваў Новік Леанід Пятровіч, ураджэнец Якімавіч, 1920 г.н. Да вайны ён закончыў Мазырскае педвучылішча і перад самай вайной быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Прайшоў усю вайну, закончыў яе ў званні лейтэнанта. Вярнуўся ў родную школу. Завочна закончыў матэматычны факультэт Мазырскага настаўніцкага інстытута. Выкладаў матэматыку і фізіку. У 1881 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак.

Трыццаць адзін год аддала школе Палазнік Надзея Ігнатаўна. Яна нарадзілася ў в.Шыічы. З 1938 па 1941 год вучылася ў Мазырскім педвучылішчы. Нейкі час пасля вызвалення працавала ў школе, а затым паступіла на гісторыка-філалагічны факультэт Мазырскага настаўніцкага інстытута, які закончыла ў 1946 годзе. Па размеркаванні трапіла ў Гродзенскую вобласць, дзе працавала да 1958 года. З 1958 года па 1977 яна выкладала родную мову і літаратуру ў Якімавіцкай школе, доўгі час тут працавала завучам. А яшчэ Надзея Ігнатаўна падарыла свету і выхавала цудоўнага сына Пятра Красачка, які нарадзіўся ў 1958 годзе і з’яўляецца сапраўднай гордасцю Якімавіч – доктар ветэрынарных навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі экалогіі, акадэмік Міжнароднай акадэміі ветэрынарных навук, акадэмік Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук.

Трыццаць пяць гадоў адпрацавала настаўніцай пачатковык класаў Ганчарэнка Ніна Канстанцінаўна, ураджэнка Якімавіч, 1926 г.н.

Закончыўшы ў 1940 годзе сямігодку, яна паступіла ў Мазырскае педвучылішча. Вайна перашкодзіла вучобе, таму ужо толькі ў 1945 годзе прыйшлося заканчваць вучобу. Да 1980 года Ніна Канстанцінаўна вучыла юных якімаўчан азам навук.

З 1956 па 1985 год у пачатковых класах працавала ўраджэнка в.Антонаўка 1932 г.н. Секач Таццяна Пятроўна.

Сорак год выкладала хімію і біялогію ў Якімавічскай школе Азёма Вольга Аляксееўна, ураджэнка в.Муляраўка Петрыкаўскага раёна, 1931 г.н. У 1993 годзе пайшла на заслужаны адпачынак. У гэтым жа годзе 25-годдзе сваёй працоўнай дзейнасці адзначылі настаўнікі Турчын Рыгор Ігнатавіч і Турчына Соф’я Міхайлаўна.

З 1970 года па 1982 Рыгор Ігнатавіч, ураджэнец в.Стралічава Хойніцкага раёна, 1946 г.н., узначальваў Якімавіцкую васьмігодку. А ў 1982 г. быў выбраны старшынёй Якімавіцкага сельсавета.

Шмат гадоў роднай школе аддаў настаўнік працы і чарчэння Новік Пётр Аркадзьевіч, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Плённа на педагагічнай ніве працавалі і зараз працуюць у Якімавіцкай школе настаўніца гісторыі і геаграфіі Сучкова Людміла Мікалаеўна, Кулыба Анатоль Аляксандравіч, Тукач Святлана Васільеўна, Анціпава Марыя Міхайлаўна, Лаўшук Ніна Фёдараўна, Клемпач Таццяна Васільеўна, Есьман Святлана Андрэеўна, Жураўская Галіна Адольфаўна, Шлыкава Валянціна Фёдараўна, Трухановіч Святлана Аляксандраўна, Герасіменка Тамара Мікалаеўна, Хмяльніцкая Ірына Міхайлаўна, Селівончык Марыя Міхайлаўна, Селівончык Людміла Міхайлаўна і іншыя.

З 1 верасня 2008 года ў сувязі з аварыйным станам будынка школы ў Міхнавічах школьнікі гэтай школы працягваюць навучанне ва ўстанове адукацыі “Якімавіцкі НПК “Дзіцячы сад – базавая агульнаадукацыйная школа”, які зараз узначальвае Клапкоў Васіль Рыгоравіч. У школе вучацца 88 школьнікаў і 11 выхаванцаў дзіцячага сада. Педкалектыў школы складае 16 чалавек.

Ёсць перспектыва

Якімавічы сёння з’яўляюцца цэнтрам сельскага Савета, у які ўваходзяць вёскі Якімавічы, Садкі, Ячнае, Міхнавічы і Клінск.

У Якімавічах на 140 падворках пражывае 467 жыхароў, з іх да 15 гадоў – 78, пенсіянераў – 76 і працуючых (ад 16 до 54 гадоў) – 313. У 2008 годзе ў вёсцы нарадзілася 5 немаўлят, 7 чалавек адышлі ў нябыт.

Якімавічы сёння і цэнтр гаспадаркі. Праўда, зараз яна называецца ўжо не калгас “Ленінская іскра”, як гэта было да 2004 года, да часу далучэння гаспадаркі да ААТ “Калінкавіцкі рамонтна-механічны завод”,  а сельгасфіліал ААТ “Калінкавіцкі рамонтна-механічны завод”, які ўзначальвае ініцыятыўны прафесіянал Змушка Віктар Міхайлавіч.

Гэта пад яго кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства літаральна за пяць гадоў выйшла на лідыруючыя пазіцыі ў раёне сярод сельгаспрадпрыемстваў. Вось усяго некалькі лічб, якія сведчаць аб гэтым. Калі Віктар Міхайлавіч прынімаў у сакавіку 2004 года гаспадарку, пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў ёй складала ўсяго 748 галоў, з іх кароў – 381. Сёння ў сельгасфіліяле 1370 галоў жывёлы, з іх 408 кароў. Сярэднясутачныя прывагі ў 2003 годзе былі ўсяго 300 грамаў, а ўдой на адну карову – 1800 кілаграмаў. Сёння гэтыя паказчыкі складаюць адпаведна 536 грамаў і 3927 кілаграмаў. Валавы збор збожжа ў 2003 годзе саставіў 646 тон пры ураджайнасці 16 цэнтнераў з гектара. За 2008 год у гаспадарцы сабрана 1674 тоны хлеба пры ўраджайнасці 21,2 цэнтнера з гектара.

Ужо ў 2005 годзе за дасягненне высокіх паказчыкаў па нарыхтоўцы травяністых кармоў сельгасфіліял ААТ “Калінкавіцкі рамонтна-механічны завод” стаў прызёрам рэспубліканскага спабор-ніцтва і ўдзельнікам рэспубліканскага фестывалю “Дажынкі-2005”.

Зразумела, што заслуга ў пад’ёме гаспадаркі на высокі узровень належыць не толькі яе кіраўніку, а і спецыялістам, механі-затарам і жывёлаводам, усім, хто сваёй штодзённай працай працягвае развіваць сельскагаспадарчы філіал, ажыццяўляць рэканструкцыю ферм, павялічваць пагалоўе, дабівацца павышэння надояў, прываг, ураджайнасці.

Восенню 2008 года да сельгасфіліяла ААТ “Калінкавіцкі рамонтна-механічны завод” далучылі сельгасугоддзі былога калгаса імя Гастэлла (Міхнавічы). А гэта добрае падспор’е і перспектыва для далейшага развіцця гаспадаркі. З’явілася магчымасць нарошчваць пагалоўе жывёлы, павялічваць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі.

Разам з рэканструкцыяй ферм і іншых аб’ектаў у Якімавічах распачата і будаўніцтва жылля. За кошт крэдытаў, якія сельгаспрадпрыемства ўзяло ў банку, сёлета будзе пабудавана чатыры дамы для працаўнікоў гаспадаркі, два дамы было ўзве-дзена ў 2004 годзе.

Сацыяльная інфраструктура Якімавіч сёння складаецца, як ужо было сказана вышэй, з установы адукацыі “Якімавіцкі НВК “Дзіцячы сад – базавая агульнаадукацыйная школа”, сельскага Дома культуры і бібліятэкі, фельчарска-акушэрскага пункта, аддзялення сувязі, гандлёвай кропкі, у якіх працуюць людзі, неабыякавыя да далейшага лёсу Якімавіч і насельнікаў вёскі. Узяць, напрыклад, работнікаў культуры. Інекенава Валянціна Міхайлаўна. Хаця і нарадзілася гэтая жанчына ў вёсцы Міхайлаўскае, але з 1975 года жыве ў Якімавічах, з 1976 года працуе ў сельскім Доме культуры, які ўзначальвае. Душой і сэрцам прырасла яна да гэтай вёскі, яе жыхароў, тут пусціла свае карані і сваё прызначэнне звязвае толькі са служэннем гэтым людзям.

Гэтага ж прынцыпу прытрымліваецца і мастацкі кіраўнік СДК Вялікая Паша Цімафееўна, якая нарадзілася ў Якімавічах і ўжо 24 гады працуе ў Доме культуры.

20 гадоў узначальвае сельскую бібліятэку ўраджэнка Якімавіч Ганчарэнка Ніна Цімафееўна.

Гэта дзякуючы гэтым жанчынам працягвае бруіць культурнае жыццё ў вёсцы, праводзяцца святы, гучаць песні.

З 1981 года працуе фельчарам ў вёсцы Шарай Святлана Дзмітрыеўна, якая нарадзілася ў вёсцы Вецельская, але даўно ўжо стала сапраўднай якімаўчанкай.

Гэта ж датычыцца і Стрэльчанка Рыты Аляксееўны, якая зараз з’яўляецца старшынёй Якімавіцкага сельскага Савета. У 1985 годзе пасля заканчэння Лоеўскага педвучылішча прыбыла яна ў Якімавіцкую школу на пасаду настаўніцы пачатковых класаў. Завочна закончыла Мазырскі педінстытут, а ў 1998 годзе ўзначаліла школу. На апошніх выбарах у мясцовыя Саветы, жыхары вёскі і дэпутаты Савета аказалі ёй высокі давер – ўзначаліць мясцовую ўладу.

Слоў удзячнасці заслугоўваюць многія іншыя жыхары і працоўныя Якімавіч.

…Жыццё не стаіць на месцы. Яно з кожным годам мяняецца. І сёння якімаўчане ўпэўнены: “Змены будуць толькі ў лепшы бок”. Ёсць такая перспектыва.

Іван Гарыст.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.