Хобнае

Край мой, беларускі край,

Дай мне прыгарнуцца, дай

Да твайго ляснога, вераснога долу,

Дзе так шчасця многа выпала на долю, —

Дай жа прыгарнуцца, дай!

                           Ніл Гілевіч

Цудоўным зімовым днём мы прыехалі ў вёску Хобнае, якая знаходзіцца кіламетрах у сарака на ўсход ад Калінкавіч у адным з самых далёкіх месцаў нашага раёна, можна сказаць, у глыбінцы. Зіхацела сонейка, заглядаючы ў вокны хат, многія з якіх сёння, на жаль, пустуюць, іскрыўся снег, навакольны лес спаў доўгім зімовым сном, ветрык паволі гуляў паміж высокіх дрэў – у горадзе такой прыгажосці не ўбачыш. Вёска сустракала нас цішынёй, спакоем, пустымі вуліцамі…

…Сёння ў Хобным пражывае 316 чалавек, ёсць базавая школа, ФАП, бібліятэка, клуб, пункт комплексна-бытавых паслуг, лясніцтва, магазін, аддзяленне сувязі. Вёска з’яўляецца цэнтрам Хобненскага сельскага Савета, у склад якога ўваходзяць вёскі Муціжар (там пражывае 55 чалавек) і Дзеравішча (29 чалавек). Некалі ў склад сельсавета ўваходзіла яшчэ і вёска Шаўлоў, але ў 1999 годзе яна знікла, з кожным годам памяншаецца колькасць жыхароў і ў астатніх населеных пунктах Савета. Старыя паміраюць, а моладзь імкнецца пакінуць гэты прыгожы, але, на жаль, бесперспектыўны куток нашага раёна. Зусім нядаўна  гэта быў край, у якім ішло актыўнае, цікавае жыццё, з перадавой гаспадаркай, вялікай школай… Сёння пра гэтыя часы засталіся толькі ўспаміны.  Давайце звернемся да гісторыі.

Экскурс у гісторыю

     “Цяжка плысці па рацэ, імя якой – Гісторыя.                                   Асабліва цяжка дабірацца да вытокаў, да тых мясцін, дзе ракі, па сутнасці, няма, ёсць тоненькія ручайкі, вадзяныя ніткі, з якіх праз колькі дзесяткаў кіламетраў спляцецца, сатчэцца шырокі абрус ракі”.

Леанід Дайнека.

“Сяло Хобно, якое ўваходзіць у трэцюю благачынніцкую акругу Рэчыцкага павета, размешчана ў адзінокай і лясной мясцовасці. Ад губернскага горада знаходзіцца ў 350, ад свайго павятовага ў 70, ад паштовай станцыі ў 49 вярстах. Хобненская Іана-Багаслоўская царква, якая лічыцца прыпісанай да Аўцюцэвіцкай царквы, размешчана ў пасе-лішчы і пабудавана прыхажанамі. У састаў прыходу ўвахо-дзяць жыхары Хобно і Муціжара – усяго 496 душ”. Вось такія гістарычныя звесткі аб Хобным  размешчаны  ў  ХІІІ раздзеле “Описание церквей и приходов Минской епархии”, якія выйшлі ў Мінску ў 1879 годзе.

Але гэта не адзінкавы пісьмовы помнік, які захоўвае звесткі аб мінулым гэтай вёскі. Гісторыя яе мае больш старажытныя карані. Першае пісьмовае ўпамінанне аб Хобным, якое давялося знайсці, адносіцца да 18 сакавіка 1674 года. У гэты дзень уладальніца Хобнага Барбара Лошчына, з роду Юдзіцкіх, сваім запісам у судзе капторавым у Мазыры перадавала частку сваіх уладанняў оўруцкім іезуітам. Мужам Барбары быў Міхаіл Лозка – брат мазырскага маршала Стэфана Лозкі, якому належалі многія вёскі на Палессі.

Пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя з’яўляюцца матэрыялы, якія даюць магчымасць саставіць адносна дакладную карціну аб мінулым гэтага населенага пункта. Так, са “Списка землевладельца Минской губернии за 1871 год” можна даведацца, што Хобнае належала двараніну Станіславу Антонавічу Мараў-скаму, якому, дарэчы, вёска дасталася ў спадчыну ад бацькоў. З гісторыка-статыстычнага апісання дзевяці паветаў Мінскай губерніі (“Труды Минского губернского статистического комитета”, выпуск І. Минск, 1890, стр.424) можна даведацца, што ў Хобным у 1864 годзе налічвалася 32 двары, праваслаўная царква і адна смалакурня.

А вось ужо ў 1885 годзе ў вёсцы было 58 двароў, у якіх пражывала каля 400 жыхароў, дзейнічала праваслаўная царква імя Св. апостала Іаана Багаслова (свяшчэннікам быў Іаан Лісевіч, псалмшчыкам – Яўген Тышкевіч). Аб гэтым сведчыць зборнік статыстычнага камітэта “Волости и важнейшие селения Европейской России”, які выйшаў у 1886 годзе. Цікава даведацца з гэтай крыніцы і пра тое, што Хобнае знаходзіцца пры рачулцы Узвіне, сляды якой цяпер не знайсці.

З другой паловы ХІХ стагоддзя  і да 1924 года вёска ўваходзіла ў састаў Аўцюцэвіцкай воласці, а з 1924 —  Юравіцкай. Паводле “Списка населенных мест Минской губернии”, састаўленага У.Ермаловічам у 1909 годзе, у Хобным пражывала 976 жыхароў. Пры гэтым 15 з іх жылі ў панскім маёнтку, а астатнія на сяле.

“У бок Дзеравішча, — успамінае Канстанцін Кузьміч Шаўлоўскі, інвалід вайны, жыхар Хобнага, 1918 года нараджэння, да якога мы завіталі падчас нашага наведвання вёскі, — мне расказвалі бацькі, быў маёнтак апошняга пана, якому да рэвалюцыі належала сяло Хобнае. Яго звалі Емель Аскерка. Чалавек ён быў, напэўна, нядрэнны, бо ніколі ад бацькоў я не чуў, каб на яго скардзіліся. Гаварылі старыя, што падчас рэвалюцыі і адразу пасля яе пан яшчэ некаторы час жыў у сваім маёнтку. А далей недзе прапаў, не ведаю, што з ім здарылася. А вось яго жонка ўцякла ў Амерыку, ад яе нават сюды лісты прыходзілі. Пасля хадзілі чуткі, што праз шмат год яна вярнулася на радзіму, у Беларусь, і недзе тут памерла”.

А вось, што ўспамінае пра родную вёску другі яе жыхар Мікалай Сямёнавіч Шаўлоўскі, ветэран вайны, які нарадзіўся ў 1924 годзе: “Пра апошняга пана Емеля Аскерку мае бацькі казалі, што чалавек ён быў добры, сялян не крыўдзіў, дараваў ім, калі яны кралі ў яго лес на дровы ці будаўніцтва.

У Хобным была вельмі прыгожая царква, малым я  часта бегаў на яе палюбавацца. Пасля ў ёй зрабілі клуб, туды застаўлялі хадзіць моладзь, танцаваць. Ніхто не хацеў, хава-ліся па хатах. Недзе ў канцы 30-х гадоў царкву, на жаль, спалілі. Людзі вельмі перажывалі, але час быў складаны, мянялася ўлада.

Вёска наша да вайны мела зусім іншы выгляд. Хаты стаялі далёка адна ад адной, бо ў людзей былі вялікія надзелы зямлі, з якіх яны карміліся. Насельніцтва ў вёсцы было значна больш, Хобнае ў тыя часы перажывала росквіт, развівалася, расло”.

Утварэнне сельскага Савета і калгаса

У 1920 годзе ў Хобным быў арганізаваны сельскі Савет, першым яго старшынёй быў Іван Шаўлоўскі, а сакратаром – Пётр Канаплянік. У 1929 годзе ў склад Савета ўваходзілі вёскі Хобнае, Муціжар (Муціжарскі сельскі Савет быў ліквідаваны ў 1927 годзе) і Дзеравішча. На яго тэрыторыі было тры калгасы: “Змагар” (знаходзіўся ў Хобным), “Перамога” (Муціжар) і імя Чапаева (Дзеравішча). З 8 ліпеня 1931 года  Хобненскі сельсавет уваходзіць у склад Хойніцкага раёна, з 20 лютага 1938 года – у склад Васілевіцкага. 16 верасня ў выніку скасавання Васілевіцкага раёна сельсавет перададзены Калінкавіцкаму раёну.

На пасадзе старшынi Хобненскага сельскага Савета ў розныя часы працавалі І.Ф.Санько, П.Ф.Назаранка, М.С.Шаўлоўскі, А.Ф.Малашок, П.Ф.Назаранка, Р.М.Санько, К.К.Шаўлоўскі,  Н.І.Сяргеенка.

На пасадзе старшыні калгаса “Змагар” працавалі Мажэйка, Рэпка, А.М.Драка, М.А.Сяргеенка. У даваенны час калгас быў перадавой, перспектыўнай, буйной гаспадаркай. “Мой бацька, Сямён Паўлавіч, — успамінае Мікалай Сямёнавіч Шаўлоўскі, — да вайны працаваў у калгасе брыгадзірам будаўнічай брыгады. Тады старшынёй калгаса быў Мікалай Антонавіч Сяргеенка, цудоўны чалавек, добры кіраўнік. Людзі яго любілі і паважалі”.

У  час Вялікай Айчыннай вайны калгасы, што знаходзіліся на тэрыторыі Хобнен-скага сельскага Савета,  не дзейнічалі.

У 1924 годзе ў Хобным з’явіўся ФАП, фельчарам працаваў М.С.Халецкі. Ён абслугоўваў вёскі Вялікія Аўцюкі, Боруск, Старч, Шаўлоў, Бераснеўка, Муціжар, Дзеравішча, Хобнае. Акушэркай была М.І.Гіро.

У 1929 годзе ў вёсцы налічвалася 240 двароў, дзейнічалі школа, клуб, бальніца, свінаферма, два кароўнікі, дзве канюшні, збожжасклад, зернесушылка, іншыя пабудовы.

Калгасам “Змагар” пасля вайны кіравалі М.А.Сяргеенка, В.В.Голубеў, А.Ф.Малашок.

5 верасня 1950 года калгасы “Змагар”, “Перамога”, імя Чапаева Хобненскага сельскага Савета і імя Сталіна (в. Шаўлоў) Нахаўскага сельскага Савета аб’ядналіся ў калгас імя Чапаева з цэнтрам праўлення ў Хобным. На пасаду старшыні быў абраны Філімон Гаўрылавіч Карака.

У лютым 1960 года калгас імя Чапаева перайменаваны ў калгас “Зара”, пасаду старшыні калгаса ў розны час займалі Р.М. Дзмітрыенка, У.Ф.Казачэнка, Я.К.Дулуб, У.М.Пінчук, А.М.Тагай, В.М.Захаранка, У.А.Барысенка. У 2001 годзе ў выніку праведзенай рэарганізацыі калгас “Зара” ператвораны ў прыватнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Аўцюкі”, якім кіруе В.А.Пігулеўскі.

“Сціхлі спевы і смех дзяцей…”

Сэрца болей нішто  супакоіць  не можа,

Аднаго кожны дзень я жадаю ў жыцці:

Каб за сонцам услед мне па трупах варожых,

Хоць на некалькі крокаў наперад прайсці.

                                                          Пятрусь Броўка.

Стаяла цудоўнае лета 1941 года. Нічога не прадвяшчала вялікай бяды. Прырода спявала, усё вакол цвіло, квітнела, чутны былі спевы птушак, спелі яблыкі і грушы ў садзе, смяяліся дзяўчаты і хлопцы, весяліліся дзеці, дарослыя спяшаліся на працу… У вёсцы ішло шчаслівае, бесклапотнае жыццё… І раптам чутка – вайна. Ці ведалі людзі, якое страшэннае гора чакае іх наперадзе?

Пачалася спешная адпраўка калгаснай жывёлы ў глыб Расіі, яе арганізавалі старшыня Хобненскага сельскага Савета Платон Фёдаравіч Назаранка і старшыня калгаса “Змагар” Мікалай Антонавіч Сяргеенка. “Абодва былі патрыётамі сваёй радзімы, дзеля яе гатовы былі на ўсё, — успамінае Мікалай Сямёнавіч Шаўлоўскі. – Каб немцам нічога не дасталася, хутка адправілі жывёлу і тэхніку ў Расію, а самі пайшлі ваяваць”.

З пачаткам акупацыі большасць насельніцтва Хобнага пайшла ў лес. Немцы з’явіліся ў вёсцы летам 1941 года, адразу ж яны выбралі старасту. Ім стаў Максім Гаркуша (ён быў сакратаром Хобненскага сельскага Савета), якога пасля вайны павесілі, за тое, што ён здрадзіў радзіме, а сям’ю выслалі.

7 чэрвеня 1943 года ў вёскі Хобнае, Муціжар, Дзеравішча наведаўся карны фашысцкі атрад. Шмат чалавек былі расстраляны, а вёскі спалены.

Расказвае Ева Лявонцьеўна Кохан, якая нарадзілася ў 1928 годзе: “Пра той страшны ваенны час я не люблю ўспамінаць. Да вайны мы былі вельмі шчаслівыя, жылі добра, усе святы сустракалі весела, з танцамі, музыкай, спевамі. А з прыходам акупантаў сціхлі спевы людзей і смех дзяцей. Страх, сум, гора і слёзы пасяліліся ў нашых хатах. Здавалася, што і прырода плакала разам з намі.

Немцы ў нас не стаялі, былі наездамі, падчас якіх адбіралі ежу, хатнюю жывёлу, адзенне, іншыя рэчы. Мы жылі ў пастаянным страху, баяліся іх прыездаў. Бацька мой, Лявонцій Фёдаравіч, быў сувязным у партызанскім атрадзе, камандзірам якога з’яўляўся Бяляеў. Атрад уваходзіў у Чарнігаўскае партызанскае злучэнне генерала Фралова. Па вечарах партызаны амаль што кожны дзень збіраліся ў нашай хаце, нешта абмяркоўвалі, вырашалі. У Хобным, Муціжары, Дзеравішчы партызаны бывалі часта, бо недалёка ад нас знаходзілася ўрочышча Новая зямля, у якім яны дыслацыраваліся. Жыхары вёсак дзяліліся з партызанамі апошняй ежай, адзеннем, абуткам, дапамагалі, чым маглі. З-за гэтага летам 1943 немцы асабліва лютавалі ў нас, спалілі амаль усе хаты ў трох вёсках, расстралялі шмат людзей. Тады ж нашу сям’ю напаткала вялікая трагедыя – фашысты закапалі жывой маю чатырохгадовую сястрычку. Няма для маці большага гора, чым перажыць сваё дзіця. Дарослых яны расстрэльвалі, а дзяцей закопвалі ў вялікую яму жывымі. Ірады, як пасля гэтага яны маглі спакойна жыць, не разумею, як іх насіла наша зямля? Напэўна, не было сэрцаў у гэтых страшных людзей. Мы доўгі час пасля карнай аперацыі хаваліся ў лесе, баяліся вяртацца ў родную вёску, бо немцы маглі прыехаць у любы момант”.

Ева Лявонцьеўна ўжо пасля вайны перажыла вялікае гора – смерць старэйшага 19-гадовага сына Віктара, а потым і мужа Фёдара Рыгоравіча. Алё яна не скарылася лёсу, не апусціла рукі, бо патрэбна было выхоўваць яшчэ чатырох дзяцей: Марыю, Наталлю (яна засталася жыць ў роднай вёсцы), Рыгора і Ліду. Ева Лявонцьеўна, энергічная, працавітая жанчына, нягледзячы на ўзрост, трымае вялікую гаспадарку, садзіць агарод, шмат дапамагае дзецям і ўнукам.

А вось, што ўспамінае Марыя Максімаўна Шаўлоўская: “Калі пачалася вайна, мне было шаснаццаць гадоў. Юнацтва маё, як і іншых дзяўчат, укралі немцы. Мы не бегалі на танцы ў клуб, на сяброўскія вячоркі, на спатканні з хлопцамі, замест гэтага мы хаваліся па лясах, усяго баяліся. Да вайны я была шчаслівая, вясёлая, бесклапотная, здавалася, што наперадзе шмат усяго цікавага, а тут прыйшлі фашысты і аказалася: цябе ў любы момант могуць расстраляць ні за што. Мы жылі адным днём, не ведалі, што нас чакае заўтра, як павядуць сябе гэтыя гады, якія зверствы яшчэ для нас прыдумаюць. Шмат часу хаваліся ў лесе. Аднойчы там спаткалі немцаў, кінуліся, хто куды, яны – за намі і страляюць. Я прысела каля вялікага дрэва, заплюшчыла вочы і малюся, каб Бог выратаваў мяне, пашанцавала, мяне не заўважылі”.

Пасля Вялікай Айчыннай Марыя Максімаўна выйшла замуж за Канстанціна Кузьміча Шаўлоўскага, інваліда вайны, які ў 1946 годзе вярнуўся дадому. У 1939 ён пайшоў у армію, служыў у Латвіі, пасля яго перавялі ў Літву. Там яго напаткала Вялікая Айчынная вайна. “Але абараняць радзіму, — цяжка ўздыхнуўшы, расказвае Канстанцін Кузьміч, — давялося мне нядоўга. У адным з першых баёў пад Шаўляем мяне цяжка параніла ў нагу і галаву, я страціў прытомнасць. Калі прыйшоў у сябе, то аказалася, што я трапіў у палон да немцаў. Нават і не ведаю, як мне давялося там выжыць, раны гнілі і балелі, ежы не хапала, з намі абыходзі-ліся горш, чым са скацінай. Праз год нас вызвалілі. У мяне былі вялікія праблемы са здароўем, я доўгі час лячыўся па шпіталях. Пасля служыў у Брэсце ў інжынерна-сапёрным батальёне радавым, адтуль, пасля Перамогі, вярнуўся дадому”. Родная вёска, якую ён запомніў прыгожай, сустрэла спаленымі хатамі, паўсюднай разрухай, людскімі слязамі і горам, якое пасялілася ў кожнай хаце, бо шмат жыхароў Хобнага загінулі за гады Вялікай Айчыннай вайны. Але патрэбна было жыць, прымірыцца са стратамі і ісці далей, адраджаць родны сэрцу куточак.

Праз некалькі дзён пасля свайго вяртання дадому Канстанцін Кузьміч, якому было ўжо 28 гадоў,  пазнаёміўся з Марыяй Максімаўнай, пакахалі яны адзін аднаго з першага позірку, хутка і ажаніліся. Разам пабудавалі новы дом, разам працавалі і на ўласнай, і ў калгаснай гаспадарцы, у каханні і ўзаемаразуменні жывуць ужо больш за 60 гадоў, вырасцілі трох дзяўчат: Таццяну, Валянціну і Наталлю, прычакалі 5 унукаў і 7 праўнукаў. Дачушкі завуць бацькоў да сябе, бо здароўе ў старых ужо не тое, часта хварэюць, Канстанціна Кузьміча, які ў мінулым годзе адсвяткаваў 90-годдзе, амаль што кожны дзень трывожаць ваенныя раны, але яны адмаўляюцца, нават трымаюць невялічкую гаспадарку, паціху корпаюцца ў сваім двары. “Як жа мы без сваёй хаткі, без сваёй зямелькі, — гаворыць Марыя Максімаўна. – Тут мы нарадзіліся, выраслі, сустрэліся. Як жа можна на старасці пакінуць дарагі сэрцу куточак? У нас жа навокал такая цудоўная прырода, такія ёсць у лесе прыгожыя мясціны, вачэй не адвесці”.

Жыве ветэран

Завіталі мы падчас сваёй паездкі ў Хобнае і да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Сямёнавіча Шаўлоўскага, які падзяліўся з намі сваімі ўспамінамі пра час акупацыі: “Мне было 17 гадоў, калі пачалася самая страшэнная вайна ў свеце. Мы з сябрамі хацелі на фронт, абараняць радзіму. Нас бацькі і настаўнікі выхавалі сапраўднымі патрыётамі, таму не маглі мы сядзець дома ці хавацца па лясах, рваліся ў бой. На фронт мяне не ўзялі, сказалі, каб падрос. Калі ў нашых лясах з’явіліся партызаны ва ўрочышчы Новая зямля, я кінуўся да іх, але туды мяне таксама не ўзялі. Я не ведаў, што мне рабіць, бо ў вёсцы нельга было знаходзіцца, немцы забіралі моладзь на працу ў Германію. Мяне забіралі два разы, але я ўцякаў, бо служыць праклятым фрыцам жадання не было. Шмат часу мы жылі ў лесе ў зямлянцы, ежы не хапала, бо шмат чаго забіралі фашысты, а астатняе мы імкнуліся аддаць партызанам.

Вёску нашу вызвалілі восенню 1943 года, я адразу ж з бацькам Сямёнам Паўлавічам (яго спачатку не ўзялі ваяваць, бо ён быў інвалідам першай сусветнай вайны) пайшлі ў Васілевіцкі ваенкамат, бо нам хацелася выбіць фашыстаў з усёй тэрыторыі нашай радзімы, адпомсціць за смерць непавінных, бездапаможных людзей, за тыя зверствы, што яны ў нас тварылі”.

Накіравалі Мікалая Сямёнавіча ў Кіраў у вучэбную мінамётную роту, падвучылі некалькі месяцаў  і адправілі на 2-гі Беларускі фронт, у 46-ю стралковую дывізію. Давялося яму браць Кёнігсберг, Варшаву і Берлін, фарсіраваць Віслу і Одэр.

Хапіў наш субяседнік гора на вайне, некалькі разоў быў цяжка паранены, перажыў смерць многіх сяброў, а таксама бацькі, які з вайны не вярнуўся. За адвагу і мужнасць Мікалай Сямёнавіч узнагароджаны ардэнамі Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені і Чырвонай зоркі, медалямі “За баявыя заслугі”, дзвюма “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй” і іншымі. У родную вёску старшы сяржант Мікалай Сямёнавіч Шаўлоўскі вярнуўся ў 1947 годзе. Вельмі хацеў вучыцца, бо да вайны добра скончыў сем класаў, вучоба давалася лёгка. Але неяк не давялося. Працаваў на розных адказных пасадах: сакратаром, а пасля старшынёй Хобненскага сельскага Савета, сакратаром партыйнай арганізацыі і намеснікам старшыні ў калгасе імя Чапаева, які тады ўзначальваў Філімон Гаўрылавіч Карака. Прымаў актыўны ўдзел у пасляваенным адраджэнні і будаўніцтве роднай вёскі.

“Хобнае пасля вайны будавалася, расло, — успамінае мой субяседнік. – Гаспадарка была перспектыўная, вялікая. Моладзь не хацела пакідаць родную вёску, імкнулася заставацца ў родных мяс-цінах”.

Мікалай Сямёнавіч – чалавек прамалінейны, справядлівы, які не ўмеў і не ўмее падстрайвацца пад іншых, маўчаць, калі нехта казаў няпраўду. Ён заўсёды выказвае свае думкі, свой погляд на справу, часам вельмі рэзка і катэгарычна, але справядліва. Недзе ў канцы 50-х гадоў Мікалай Сямёнавіч не знайшоў разумення з тагачасным кіраўніком калгаса Яўгенам Каленікавічам Дулубам па адным праблемным пытанні, яго знялі з пасады намесніка і перавялі на працу ў Хойніцкі лясгас майстрам. Праз некаторы час Уладзімір Міхайлавіч Пінчук, які ў той час з’яўляўся старшынёй калгаса “Зара”, вярнуў яго на працу ў калгас,  спачатку ў брыгаду, а пасля зрабіў сваім намеснікам. З калгаса ён і выйшаў на пенсію ў 1984 годзе.

Са сваёй жонкай, Марыяй Конанаўнай, пражыў Мікалай Сямёнавіч больш за 50 гадоў у шчасці і згодзе. Яны разам вырасцілі чацвярых цудоўных дзяцей: Валянціна, Лілю, Мікалая і Ўладзіміра, прычакалі ўнукаў. На жаль, пяць гадоў назад каханая жонка памерла, Мікалай Сямёнавіч вельмі цяжка перажыў гэту вялікую страту, застаўся адзін у вялікай хаце. Сын Мікалай жыве ў Хобным, ён – галоўны бацькаў памочнік, забягае кожны дзень, дапамагае па гаспадарцы. Ды і аднавяскоўцы не забываюць яго, часта праведваюць, распытваюць пра справы, расказваюць навіны.

Акрамя таго, Мікалай Сямёнавіч вельмі творчы чалавек, з юнацтва ён піша вершы:

“Люблю грозу в начале мая

И день победы отмечать.

Участь у нас была такая:

Работать, жить и воевать.

Сначала строили колхозы,

Потом с Германией шла война.

Нам не страшны были угрозы,

Вперед ведь двигалась страна”.

…Зямля наша. Белыя бярозавыя гаі, зялёныя хвойнікі на ўзгорках, вялікія і магутныя дубы ўзнімаюцца да нябёсаў. Спакойна і мірна веюць вятры над нашымі палямі, над рэкамі, над лясамі, над вёскамі і гарадамі. Прыгожая беларуская зямля пад пяшчотным зімовым сонцам, не магу наглядзецца на тваю цудоўную прыроду, бяскрайнія белыя ад снегу палі, на лес, што стаіць у задуменні. За гэту прыгажосць, за мірнае неба змагаліся і загінулі многія людзі. Нізкі ім, да зямлі паклон. Нізкі паклон і тым ветэранам, удзельнікам, сведкам вайны, якія яшчэ жывуць, яны – памяць пра тыя страшныя гады.     

У 1965 годзе ў Хобным на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан устаноўлены помнік па ўшанаванні 182 вяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У краіне ведаў

У 1889 годзе ў Хобным была адкрыта царкоўнапрыходская школа, якая знаходзілася ў адной з хат вёскі. Вядома, што ў 1918 годзе дзяцей вучылі дочкі свяшчэнніка – Марыя і Еўдакія, а іх бацька Мігай выкладаў Закон Божы.

У 1922 годзе з арміі вярнуўся Мікалай Сідаравіч Шаўлоўскі, які таксама пачаў выкладаць у школе. Праз некаторы час айцец Мігай пакінуў Хобнае, Шаўлоўскі перайшоў працаваць у сельскі Савет, а ў вёску прыехалі настаўнікі Стрыбульскі і Паўленка, якія вучылі дзяцей у пачатковых класах.

У 1924 годзе ў школе пачаў працаваць А.В.Баравік са сваёй жонкай Марыяй. Ён вельмі доўгі час быў дырэктарам школы, якая ў 1938 годзе стала сярэдняй. “Да вайны ў школы, — успамінае Канстанцін Кузьміч Шаўлоўскі, — свайго будынка не было. Дзеці займаліся то ў хаце свяшчэнніка, то па хатах іншых сялян. Вучняў было вельмі многа, сталоў усім не хапала, мы вельмі часта сядзелі на падлозе, пісалі на коленцах. Я вельмі рэдка хадзіў на заняткі, бо дома было вельмі шмат работы, трэба было дапамагаць бацькам. Гаспадарку мы трымалі вялікую – тры кані, пяць кароў, курэй, гусей, кабаноў і яшчэ шмат чаго. Вучыўся я ў асноўным, калі былі халады, ляжаў снег і працы было значна менш”.

У 1945 годзе пачатковая школа зноў пачала функцыяніраваць, яе загадчыцай была Марыя Мікалаеўна Кохан, заняткі праходзілі па хатах сялян. Выкладчыцамі працавалі Кацярына Мікітаўна Давыдзенка, Ганна Міхайлаўна Рабянок, Юлія Рыгораўна Секун, Юлія Аляксееўна Кандраценка, Паліна Васільеўна Краўчанка. Школу ў той перыяд наведвалі каля 400 дзяцей. Праз год у родную вёску вярнуўся Рыгор Сцяпанавіч Ключнікаў, які да вайны выкладаў у школе матэматыку, з гэтага часу ён стаў дырэктарам растучай сямігодкі.

“У 1949 годзе ў Хобным пачалося сапраўднае народнае будаўніцтва, удзел у якім прымалі ўсе: настаўнікі, дзеці, жыхары вёскі, — успамінае Мікалай Сямёнавіч Шаўлоўскі. – Усе разам пад кіраўніцтвам дырэктара Рыгора Мікалаевіча Дзмітрыенкі будавалі драўляны будынак школы, бо дзеці да гэтага часу вучыліся па хатах. Калі школа была пабудавана, гэта было сапраўднае для ўсіх свята, бо мы доўгі час чакалі гэтага дня”. 

У 1957 годзе дырэктарам ужо сярэдняй школы стаў Аляксей Уладзіміравіч Макушынскі, заняткі праходзілі ў тры змены, бо класаў не хапала, таму да ўстановы адукацыі прыбудавалі невялікую прыстройку.

Пасля Макушынскага дырэктарамі працавалі Кохан, Балаболік, С.В.Гайкевіч. Новы двухпавярховы будынак школы быў пабудаваны ў 1984 годзе. Пры школе быў інтэрнат, у якім жылі вучні з суседніх вёсак.

З 1991 года да сённяшняга часу школу ўзначальвае яе былы выпускнік Анатоль Паўлавіч Шаўлоўскі, настаўнік фізікі, які расказвае: “Калі я вучыўся ў гэтай школе (а скончыў ён яе ў 1976 годзе), то яе наведвалі больш за 300 дзяцей. Заняткі праходзілі ў дзве змены, бо не хапала класаў. Акрамя таго, у вёсках Дзеравішча і Муціжар працавалі пачатковыя школы, якія ўжо зачынены, а Хобненская школа стала базавай”.

Жыццё Хобненскага сельсавета

Мы зазірнулі ў мінулае вёскі, сустрэліся са старажыламі, якія расказалі шмат цікавых фактаў з гісторыі. А чым жыве Хобнае сёння?

Вёска — цэнтр Хобненскага сельскага Савета, старшынёй якога з 2007 года з’яўляецца Наталля Іванаўна Дзмітрыенка. Вяскоўцы, з якімі прыхо-дзілася сустракацца ў час паездкі па населеных пунктах сельсавета, задаволены яе працай, уменнем кожнага выслухаць, даць параду, дапамагчы. Наталля Іванаўна, хоць і не ўраджэнка гэтай мясцовасці, яна з Веткаўшчыны, вёску, што стала яе другой радзімай у 1978 годзе, пасля прыезду на працу ў калгас “Зара”, вельмі любіць. Тут яна выйшла замуж, тут нарадзіліся яе дзеці. У іншым месцы свайго жыцця не ўяўляе. Разам з сакратаром Валянцінай Адамаўнай Чарняўскай, якая працуе на гэтай пасадзе з 1990 года, яны ведаюць усіх жыхароў сельскага Савета і тыя праблемы, што іх хвалююць.

Шмат увагі сельсавет удзяляе добраўпарадкаванню населеных пунктаў. За мінулы год было пабудавана 360 пагонных метраў новага плота, яшчэ 110 метраў пафарбавалі, устанавілі 5 малых архітэктурных форм, знеслі 19 старых хат, агарадзілі 130 метраў могілак. У дапамозе па добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавету ніколі не адмаўляе кіраўнік прыватнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Аўцюкі” Валянцін Анатольевіч Пігулеўскі і начальнік яго Хобненскага аддзялення Мікалай Уладзіміравіч Лагвінец (яны прадастаўляюць тэхніку). Жыхары вёсак Савета таксама не адмаўляюць у дапамозе. Разам яны наводзяць парадак на сваёй роднай зямлі.

Яшчэ адно важнае пытанне, якое хвалюе Наталлю Іванаўну, – медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. Некаторы час на Хобненскім  ФАПе не было фельчара, людзям трэба было ездзіць у гарадскую паліклініку, калі ўзнікалі праблемы са здароўем, а аўтобус ходзіць не кожны дзень. Жыхары вёсак – у асноўным пажылыя людзі, многім нават цяжка прынесці ў хату дроў, а пра паездку ў горад няма чаго і гаварыць.

Летам, дзякуючы намаганням старшыні сельсавета, на ФАПе з’явіўся фельчар – Святлана Аляксандраўна Субоціна, якая жыве ў Калінкавічах. І хоць прыём яна вядзе ўсяго два разы на тыдзень: у аўторак і чацвер, але людзям вялікая палёгка. На фельчарска-акушэрскім пункце, будынак для якога выдзеліў Валянцін Анатольевіч Пігулеўскі, зрабілі рамонт, тут ёсць усе неабходныя прэпараты і медыкаменты для аказання дапамогі.

— Канешне, хацелася, каб у нас быў фельдшар, які б вёў прыём кожны дзень, — адзначае Наталля Іванаўна, — але Савет знаходзіцца далёка ад горада, людзі не хочуць ехаць да нас на працу.

Сорак жыхароў мясцовых вёсак працуюць у Хобненскім лясніцтве, якое адносіцца да ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” ЭЛОГ “Ляскавічы”. Яго ўзначальвае Валянцін Мікалаевіч Захаранка. Супрацоўнікі лясніцтва даглядаюць жывёльны свет, займаюцца нарыхтоўкай лесапасадачнага матэрыялу, дроў, пасадкай маладняку і г. д.

Яшчэ каля 30 чалавек працуюць на малочнатаварнай ферме, на якой 680 галоў буйной рагатай жывёлы, і ў раслінаводстве.

Шмат увагі сельскі Савет удзяляе пытанню, дзе праводзяць свой вольны час жыхары населеных пунктаў. Іх вельмі  часта запрашаюць на цікавыя мерапрыемствы, творчыя конкурсы, канцэрты, вечары, якія арганізоўваюцца ў школе. Сёння яе наведваюць 27 вучняў (яна разлічана на 192), педагагічны калектыў  — 11 чалавек.

Ёсць у Хобным клуб (загадчык Васіль Леанідавіч Дубянок – таленавіты чалавек, энтузіяст, улюблёны ў сваю справу), у якім таксама праводзяцца мерапрыемствы, дыскатэкі. Але будынак установы культуры патрабуе капітальнага рамонту ці ўвогуле пераезду ў іншае памяшканне, бо працаваць ва ўмовах, калі правальваецца падлога, цячэ дах, а зімой у зале вельмі холадна, немагчыма. “Ды і людзям, — адзначае Васіль Леанідавіч,  —  хочацца прыйсці на мерапрыемства, дыскатэку  ва ўтульнае, светлае памяшканне. Яны ж прыходзяць да нас адпачываць, бавіць вольны час. А ў нас вы бачыце, што робіцца”. 

На тэрыторыі Хобненскага сельсавета клуб працуе і ў вёсцы Муціжар, яго загадчыцай больш за дваццаць гадоў з’яўляецца Вольга Паўлаўна Біндзель. Яна – чалавек актыўны, творчы, сумаваць жыхарам вёскі не дае, часта арганізоўвае для іх цікавыя вячоркі. Пры клубе ёсць хор, у якім спяваюць Аляксандра Сямёнаўна Харошка, Лідзія Адамаўна Карась, Кацярына Трыфанаўна Судас, Валянціна Гаўрылаўна Кохан, Марыя Андрэеўна Ермачэнка. Апошняя, акрамя таго, што добра спявае, яшчэ і цудоўна вышывае. “Гэтаму мяне навучыла маці, — расказвае яна. – Яна навучыла мяне яшчэ і ткаць, але станок я ўжо даўно не даставала, недзе на палацях ляжыць. А вышываць вельмі люблю, асабліва шмат гэтым займаюся доўгімі зімовымі вечарамі, дык і сумаваць няма калі”. Вышыванкамі Марыі Андрэеўны ўпрыгожана ўся яе вялікая хата, ад іх нават святлей і весялей становіцца ў пакоях.    

У Хобным ёсць магазін, а ў Дзеравішча і Муціжар два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка.

Будучае вёскі залежыць ад сацыяльна-дэмаграфічнага становішча. На сённяшні дзень гэта пытанне набалелае для Хобнага. Калі ў мінулым годзе на тэрыторыі Савета памерла 14 чалавек (у гэтым ужо два), то нарадзілася ўсяго два. Аднак старшыня сельсавета верыць, што сітуацыя зменіцца ў лепшы бок. Разам са школьным кіраўніцтвам сельскі Савет імкнецца выхаваць у дзяцей любоў да роднай вёскі, да працы на роднай зямельцы, прафесій сельскагаспадарчага накірунку, гонар за таленавітых і вядомых ураджэнцаў, каб у падрастаючага пакалення было жаданне застацца ў такім прыхожым, родным сэрцу Хобненскім куточку.

 Таццяна ЗУБЕЦ.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.   

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.