Нахаў

Маё сяло

Вятрамі схоплены пад пахі,
Сярод разбуджаных лясоў
Стаіць на раздарожжы Нахаў –
Зямля дзядоў, зямля бацькоў.

Куды ні йду, куды ні еду
І што б на сцежкі ні мяло –
Ідзе за мной шырокім следам
Маё палескае сяло.

Гады змяняюцца гадамі,
Твае ж не гаснуць аганькі:
Ідуць шырокімі радамі
Мае і нашы землякі.

Арэ зямлю, пракосы цягне,
Выходзіць дружна на жніво,
Ідзе на бой з адвечнай багнай
Маё зялёнае сяло.

Таму іду ў жыццё без страху
На штурм вышынь,  на штурм гадоў,
Бо крочыць побач вечна Нахаў –
Маё натхненне і любоў. 

Працягваючы нашы вандроўкі па вёсках Калінкавіцкага раёна, зімовым днём мы завіталі ў Нахаў. Яго ўславіў у сваім вершы паэт Уладзімір Міхайлавіч Верамейчык, дзяцінства і юнацтва якога прайшлі ў гэтым прыгожым палескім краі, тут ён і пахаваны.

Нахаў — вёска са сваёй гісторыяй, сваімі традыцыямі, стаіць яна паміж палескіх лясоў, нібыта схавалася ад чужога вока. Тут  нарадзіўся У.Д. Юрчанка —  Герой Сацыялістычнай Працы, працавала Г.Я. Буцэнка —  заслужаная настаўніца школ БССР.

— Прыязджайце да нас лепей вясной ці летам, бо ў нас  такая прыгажосць, калі ўсё цвіце, ажывае, — кажуць нахаўцы, — здымкі атрымаюцца добрыя: вакол лес, бяскрайнія палі, прырода, хоць далёка мы ад вялікіх гарадоў, ад цывілізацыі, але жыць у нашых найпрыгажэйшых мясцінах цудоўна.

Нахаўцы  — цікавы народ. Падаецца, што яны жывуць па нейкіх сваіх законах. Спакойныя, разважлівыя, яны нікуды не спяшаюцца, усё робяць паволі. За імі вельмі цікава назіраць, іх слухаць. У іх адметная мясцовая гаворка, беларуска-ўкраінская, бо на пачатку ХХст. сюды ў пошуках лепшай долі пераехалі сем’і з Украіны. 

Вельмі люблю сустракацца са старымі людзьмі, слухаць іх успаміны пра жыццё, пра гісторыю роднага краю. Яны расказваюцць і здаецца, што пераносішся ў іншы час, бачыш, як жылі яны раней. Так было і ў Нахаве. Хадзілі і слухалі, каб пасля расказаць пра тое, што даведаліся аб жыцці гэтай вёскі. Успаміны старых людзей – ужо гісторыя, але вельмі цікавая, з якой хочацца пазнаёміць і чытачоў нашай газеты.

Адкуль жа пайшла назва вёскі? Старажылы, з якімі давялося сустракацца і размаўляць падчас паездкі, вось што пра гэта расказваюць: “На пясчанай выспе, сярод непрыступных лясоў і балот аблюбаваў сабе першы жыхар гэтых мясцін паляну. Ці то быў беглы нейкага князя, ці вольны чалавек, не-вядома, але месца трапілася яму добрае “на хову” ад старонняга злога вока, адсюль, відаць, і паходзіць назва вёскі”.

У 1910 годзе з Кіеўскай губерніі прыехалі ў Нахаў перасяленцы ў пошуках лепшай долі і добрай зямлі. Сярод прыезджых быў дзед маёй субяседніцы, ураджэнкі Нахава, 1923 года нараджэння, Марыі Міхайлаўны Варажун – Іван Маркавіч Лагадны. І вось што яна расказвае пра гэты час: «Мой дзед разам з жонкай і сваімі дзецьмі прыехаў у Нахаў. У вёсцы, якая тады належала пану Івану Зенчанку, яны купілі зямлю. Непрыветліва сустрэлі стэпавікоў карэнныя нахаўцы, толькі адзін пан радаваўся, бо на махінацыі продажу зямлі ўкраінцам ён атрымаў добрыя грошы, казалі, тысячу рублёў чырвоным золатам, а зямля па-ранейшаму лічылася яго ўласнасцю. Мой бацька, Міхаіл Іванавіч, расказваў, што ў тыя гады вёска падзялялася на дзве часткі, якія мелі назвы Стары Нахаў і Новы Нахаў. У Старым Нахаве жылі стараверы, а ў Новым – людзі новай веры, тут жа пасяліліся і ўкраінцы».

У Энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі” чытаем, што ў 1908 годзе ў Васілевіцкай воласці Рэчыцкага павета побач былі вёскі Нахаў Стары (26 двароў, 162 жыхары) і Нахаў Новы (32 двары, 195 жыхароў). 

 — Пан загадаў стараверам пераязджаць у іншае месца, — працягвае аповед Марыя Міхайлаўна. — Але яны не хацелі пакідаць свае абжытыя хаты. Тады слугі Зенчанкі сталі раскідваць печы ў хатах старавераў, выбіваць вокны і выкідваць на двор іх рэчы. Енк і слёзы стаялі над вёскай, а потым пацягнуліся падводы з небагатым набыткам у бок цяперашняй станцыі Нахаў, дзе стараверы і аселі.

Спачатку беларусы не хацелі прымаць украінцаў, некаторы час людзі розных народаў паміж сабой не мелі зносін. Украінцы жылі адасоблена, яны захавалі свае абрады, апрана-ліся ў сваю нацыянальную вопратку, вяселлі гулялі паміж сваімі. Вуліцу, на якой стаялі іх хаты, назвалі Кіеўская (у народзе “Кіеўцы”). Доўгі час лічылася адхіленнем ад сямейнага ўкладу, калі ўкраінец заляцаўся да беларускай дзяўчыны ці наадварот, бацькі не дазвалялі такі шлюб. Шмат рознага было ў абрадах, звычаях беларусаў і ўкраінцаў, яны размаўлялі на розных мовах, але было і адно агульнае, што зрадніла іх навек: і тыя, і другія дзень і ноч гнулі спіны на панскай зямлі.

— Пан Іван Зенчанка, — успамінае яшчэ адна мая субяседніца, васьмідзесяцітрохгадовая Марыя Станіславаўна Север, —  быў чалавек разумны, адукаваны, добры аграном, але вельмі строгі. Так расказваў мне бацька. Лю-дзям было з ім цяжка, ён шмат іх застаўляў працаваць, за працай яны нічога не бачылі. Чакалі ўсе збаўлення ад панскага прыгнёту.

У хуткім часе ў глухую цемрач нахаўскіх лясоў сталі прасочвацца чуткі пра хваляванні рабочых на заводах і фабрыках. Адзінай ніткай, якая звязвала вёску з белым светам, была чыгунка. Па словах старажылаў, першую лістоўку, што трапіла ў Нахаў, у якой расказвалася пра хваляванні ў Расійскай імперыі, чыталі ў кожнай хаце. Пан, калі пачаліся хваляванні, уцёк у Польшчу. Людзі радаваліся свабодзе і таму, што сталі гаспадарамі на сваёй зямельцы.

А што ведаюць нахаўцы з гісторыі ўтварэння сваёй вёскі? Па пісьмовых крыніцах Нахаў вядомы з канца 18 ст., у той час гэта было ўладанне Ракіцкіх. У вёсцы ў 1795 годзе знаходзілася ўсяго тры двары. Мясцовасць вакол была балоцістая, заросшая лазняком. Кажуць старажылы, што спачатку тут быў скіт, у якім хаваўся селянін, які выступаў супраць улады паноў. Вёсачка знаходзілася ў глыбінцы, у балотах, таму была невялікая. Але пасля пачала разрастацца, будавацца і вядома, што ўжо ў 1930 годзе тут было 184 двары і 814 жыхароў.

Першым старшынёй Нахаўскага сельскага Савета быў Канстанцін Скідзельскі, а сакратаром – Фелікс Навіцкі. У той жа час быў створаны камітэт беднаты на чале з Іванам Каваленкам і сакратаром Кузьмой Саковічам.

У 1925-26 гадах на тэрыторыі Нахава было праведзена землеўпарадкаванне, пасля якога нахаўцы былі расселены па хутарах. Да сённяшняга часу існуюць  назвы ўрочышчаў, якія сведчаць пра тую пару:  Астапаў хутар,  Каленікаў хутар, Яроменкаў хутар і г.д. А два хутары Амур і Салавей, што ў двух кіламетрах ад Нахава, затым зліліся і ўтварылі вёску Лубнае.

— У 1926 годзе ў нашай вёсцы, — расказвае Марыя Міхайлаўна, — была створана ўкраінская пачатковая школа, першым дырэктарам якой быў Рыгор Сцяпанавіч Захарчанка –  цудоўны чалавек. Адукаваны, творчы, ён добра ведаў гісторыю, літаратуру, з ім было вельмі цікава размаўляць. Яго жонка – Вера – была настаўніцай. Школа праводзіла вялікую культурную работу: ставіліся п’есы на ўкраінскай мове, такія як “Дурное хлапчанё”, “Стэпавы госць” і іншыя. Актыўнымі ўдзельнікамі самадзейнасці былі Павел Лук’яненка, Арцём Даўганема, Кацярына і Марына Дзядновы.

Амаль кожны дзень у 1929 годзе ў вёсцы праходзілі сходы і мітынгі, якія арганізоўвалі прадстаўнікі Рэчыцкага РК КПБ. А ў снежні быў створаны калгас “Чырвоны араты”. Былі абагулены ўвесь інвентар і цяглавая сіла. Першыя калгаснікі – Кузьма Саковіч, Фелікс Навіцкі, Дар’я Дзяднова, Васіль Даўгацелес.

Першым старшынёй калгаса быў Місевіч, але пасля з’яўлення ў друку артыкула Сталіна “Галавакружэнне ад поспехаў” адмовіўся ад пасады, замест яго некаторы час працаваў Васіль Даўгацелес, а пасля старшынёй  стаў Фелікс Навіцкі. Пасля вышэйназванага артыкула ў калгасе засталося ўсяго восем сем’яў, толькі праз год людзі пачалі ізноў уступаць у “Чырвоны араты”.

У 1934 годзе ў хаце былога кулака Маргуна быў адкрыты першы нахаўскі клуб. “Мне было ўсяго 9 гадоў, а я памятаю пра гэта, — расказвае Марыя Станіславаўна. — Моладзь, якая ладзіла раней вячоркі па хатах, пачала збірацца там, у клубе. Мы раней умелі гуляць, весялей жылі, нягледзячы на многія цяжкасці. Танцавалі, гулялі амаль да рання, а пасля ішлі на працу”.

У 1937 годзе вёску захлынулі сталінскія рэпрэсіі. Былі раскулачаны і высланы найбольш адукаваныя людзі, сярод іх Нікан Талочын, Кузьма Тарасенка, Пракоп Дубас, Наум Талочын, Арсенцій Торап і іншыя. У тым жа годзе былі раскіданы хутары, моцныя асабістыя гаспадаркі бязлітасна  знішчаны.

Многія з гэтых людзей сустрэлі вайну ў зямлянках, хат небыло.

Чорная хмара вайны

У тое лета 41-га нічога не прадвяшчала бяды, — успамінае Марыя Стані-славаўна. — Вёска жыла сваім звычайным жыццём, сялянскімі клопатамі. Ніхто з нас не ведаў, што чорная хмара вайны закрые ўсе чалавечыя радасці, а ў кожнай хаце паселяцца страх і слёзы. Калі з’явіліся чуткі, што Гітлер нечакана напаў на нашу краіну, то старшыня “Чырвонага аратага”  Лаеўскі зрабіў усё, каб пераправіць у глыб краіны тэхніку і жывёлу. Мы чакалі немцаў. Калі яны з’явіліся ў нашай вёсачцы, то адразу ж устанавілі свае парадкі. Забіралі ў людзей ежу, адзенне, скаціну.

Моладзь пагналі  на працу ў Германію, сярод іх была і Марыя Міхайлаўна Варажун. Яна расказвае:

— Да вайны я скончыла сем класаў, вучылася ў Калінкавічах у школе рахункаводаў. Мне было 18 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная. Я вярнулася дадому, яшчэ не ведаючы, якое выпрабаванне мяне чакае наперадзе. Летам 1942 года фашысты сабралі нахаўскую моладзь, нас было больш за 30 чалавек, і павезлі ў Васілевічы, а адтуль мы трапілі ў нямецкі горад Столберг працаваць на фабрыку “Металберг”. Ніхто нас не пытаўся, хочам ці не мы ехаць працаваць, проста сагналі як скаціну, пагражаючы за непадпарадкаванне смерцю, запіхнулі ў вагоны і павезлі. Давялося працаваць і жыць, не, хутчэй выжываць, у  страшэнных умовах. Нас амаль не кармілі, мы жылі ў бараках, якія былі агароджаны дротам, хворых звозілі ў асобнае памяшканне, ім не аказвалі ніякай медыцынскай дапамогі, людзі паміралі, як мухі. З нашай вёскі там памерлі дзве маладыя дзяўчыны: Кацярына Саковіч і Ганна Дубас.

Сярод нас была нахаўская дзяўчына Праскоўя Іванаўна Чумак, немцы называлі яе “Паша-сатан”. Сваёй энергіяй, аптымізмам, верай у лепшае яна падтрымлівала ўсіх, яна не баялася нагрубіць фрыцам, патрабавала ад іх лепшай ежы для людзей і медыцынскай дапамогі, калі нешта здаралася. Дзіўна, але фрыцы Пашу не чапалі, здавалася, што яны яе паважалі за непакорны характар.

Больш за два гады працавала на нямецкай фабрыцы Марыя Міхайлаўна, рабіла фурнітуру для мэблі. Там яна ледзь не памерла, калі станком ёй адбіла два пальцы на руцэ, яны гнаіліся, пачалося заражэнне. Ёй пашанцавала, бо ў хуткім часе іх вызвалілі. Вяртацца дадому Марыі Міхайлаўне прыйшлося амаль паўгода. І вось – сустрэча з роднымі і вёскай, якую ўжо вызвалілі (яна вярнулася ў канцы 1945).

— Я цалавала зямлю, радавалася кожнаму мірнаму дню, мяне не пужалі пасляваенныя цяжкасці: трэба было будаваць новую хату, бо старую спалілі немцы, шмат працаваць, араць на сабе, бо мужчын не хапала. Але галоўнае – родныя засталіся жывыя, больш не трэба ўсяго баяцца, — Марыя Міхайлаўна выцірае слёзы, што з’явіліся на вачах, замаўкае, думае пра нешта сваё. Напэўна, успаміны ўскалыхнулі тое, што хацелася забыць, ад чаго баліць душа. Пасля яна паказвае фотаздымкі мужа – Васіля Рыгоравіча, удзельніка вайны, якога ўжо тры гады няма ў жывых. Іх сям’я была вельмі шчаслівая, муж – ён родам з Насавіч – быў цудоўным бацькам, добрым гаспадаром. Разам пражылі яны больш за пяцьдзесят гадоў, вырасцілі траіх дзяцей, якія раз’ехаліся па гарадах былога Савецкага Саюза: Мікалай – у Клайпедзе, Надзея – у Гомелі, Алена – у Кіеве.

Васіль Рыгоравіч падчас вайны быў сувязістам. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу” і іншымі.

Сёння ў  хаце, якую пабудаваў яе бацька Міхаіл Лагадны, Марыя Міхайлаўна жыве адна. На шчасце, дзеці і ўнукі, якіх у яе пяцёра, не забываюць, часта наведваюць і тэлефануюць. З роднай вёскі нікуды ад’язджаць не хоча.

— Да гэтых мясцін прыкіпела мая душа, — уздыхнуўшы, кажа яна, праводзячы нас на вуліцу. – Як жа я без роднай зямелькі, маёй хаткі. Тут сэрца маё спакойна…

На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 76 жыхароў Нахава, памяць аб  іх ушаноўвае стэла, якая ўстаноўлена ў 1971 годзе ў цэнтры вёскі.

Да Марыі Станіславаўны Север мы ідзём, каб яна расказала нам, як жылі людзі ў Нахаве падчас нямецкай акупацыі.

— Немцы паводзілі сябе як уладары, як гаспадары на нашай зямлі. Яны грабілі хаты, забіралі адзенне, скаціну. Страшныя людзі. Як акупанты прыйшлі, яны адразу прызначылі старасту. Яго памочнікам па ўласным жаданні стаў Васіль Васільевіч Прымачэнка. Ён шмат у чым дапамагаў партызанам праз свайго сына Пятра, які быў у партызанскім атрадзе, перадаваў ім розныя звесткі, ежу, адзенне. Васіль Прымачэнка часта папярэджваў жыхароў Нахава пра аблавы фрыцаў. На жаль, пасля вызвалення нашай вёскі СМЕРШаўцы не разбіраліся, абвінавацілі яго ў тым, што ён здрадзіў радзіме, і яго павесілі. Але нашы людзі не забываюць, што зрабіў у час акупацыі гэты чалавек.

Фашысты ў нас не стаялі, а бывалі наездамі. Мы іх вельмі баяліся, бо чулі пра зверствы, якія яны тварылі ў суседніх вёсках. Маёй маці было вельмі цяжка, да вайны муж кінуў яе з чатырма дзецьмі, я – самая старэйшая – дапамагала ёй, чым магла.

Марыя Станіславаўна, каб не ўспамінаць пра страшныя ваенныя гады, пра якія яна не любіць гаварыць, працягвае мне свае запісы. Гэтым пажоўклым лісточкам, вырваным са школьнага сшытка, шмат гадоў. Углядаюся ў незнаёмы почырк, чытаю: “Успаміны пра вёску Нахаў. Аднойчы ўсіх жыхароў вёскі ледзь не расстралялі фашысты. Нехта ім данёс, што ў нас былі партызаны. Нелюдзі прымчаліся ў Нахаў, усіх жыхароў сагналі да крамы, хто ў чым быў, старых і хворых, малых дзяцей, паставілі на коленцы, дапытвалі пра партызан. Усе маўчалі, час ад часу немцы стралялі над нашымі галовамі. Пасля яны, нічога не даведаўшыся ад нас, перавярнулі ўсе хаты, а мы стаялі і маліліся, каб нічога і нікога не знайшлі, бо тады б, напэўна, ніхто з нас не выжыў. Не ведаю, колькі часу мы стаялі, немцы нас не адпускалі, нешта абмяркоўвалі. Тады Прымачэнка і настаўніца нямецкай мовы Кудасава падышлі да іх, сталі размаўляць, нешта тлумачыць. Бог нас тады абараніў, усё абышлося…

Насельніцтва нашай вёскі летам 1943 года, бо фрыцы тады асабліва зверствавалі, перайшло жыць у балота, на так званы Астапаў хутар. Там яшчэ раней мы пабудавалі невялікія зямлянкі, у якіх хаваліся ў час наезду ў Нахаў акупантаў. У той, 1943 год, мы амаль не бывалі ў родных хатах, да нас даходзілі чуткі, што фашысты адступаюць, пры адступленні паляць вёскі, забіваюць людзей. Мы чакалі.

У кастрычніку нашы вызвалілі г.п.Васілевічы і некаторыя суседнія вёскі. Пяць чалавек з Васілевіч пайшлі ў Нахаў у разведку, каб даведацца, ці ёсць у вёсцы немцы. Яны наблізіліся да ўрочышча Пажарышча, там іх заўважылі нелюдзі, якія ішлі ад чыгункі ў нашу вёску.  Пачалася страляніна, трое разведчыкаў загінулі, а дваім удалося ўцячы. Мне давялося быць сведкай гэтых падзей, так блізка ад мяне загінулі людзі.

У лістападзе ў балоце было асабліва холадна і сыра, стала не хапаць ежы, цёплага адзення, бо мы ўжо даўно не былі ў роднай вёсцы. Некаторыя вырашылі рызыкнуць і ісці за неабходнымі рэчамі. Мая маці ўзяла з сабой і малодшых дзяцей, якія хварэлі, а тут, у холадзе, ім нельга было дапамагчы. Яна спадзявалася, што вяртацца сюды не прыйдзецца. Памятаю, у той дзень мне асабліва моцна хацелася есці, і я ўсю дарогу думала пра хлеб, які пакінула месяц назад у печы маці. Мы тады хадзілі з ёй дадому за ежай, яна вырашыла спячы хлеб, але не паспела, бо прыйшлі фрыцы, і прыйшлося нам бегчы ў лес.

Выйшлі мы вечарам, лезлі ў лапцях па ледзяной вадзе. Вось мы ў роднай вёсцы, усе кінуліся па хатах. Я – адразу да печы, хлеб быў там. Прыгарэлы, чэрствы, але вельмі-вельмі смачны. Яго пах і смак я буду памятаць усё жыццё.

Сабралі мы ўсё неабходнае, выйшлі на вуліцу, бачым – немцы. Яны нас і нашых суседзяў схапілі і пацягнулі ў адзін з двароў. Мы стаялі, а яны  пачалі лавіць кур, свіней, усё жывое, што засталося ў вёсцы. Нас заставілі скубці кур, з якіх яны пасля варылі булён. Мы начавалі на вуліцы, маці плакала і казала, абдымаючы нас:

— Вось напэўна і ўсё. Не адпусцяць нас жывымі, нешта задумалі. Няўжо з нас ніхто не дачакаецца вызвалення?

Раніцай пагналі нас на станцыю Нахаў, дзе знаходзілася нямецкая камендатура. Яе начальнік загадаў нас забіць, бо яны вырашылі, што мы ішлі да партызан. Немцы прывялі нас, сем чалавек, да лесу і пачалі капаць яму. Мы пасталі на коленцы і пачалі маліцца. У гэты час па шляху ішла машына, у ёй ехаў перакладчык, які неаднаразова бываў у вёсцы з фрыцамі. Наш сусед кінуўся да яго, пачаў яму казаць, што мы не партызаны, што мы хацелі на працу ў Германію, але нас не разумеюць. Не ведаю, што і здарылася, але гэты чалавек нас выратаваў. Немцы адпусцілі нас, мы зноў пайшлі ў балота, а праз некалькі дзён Нахаў быў вызвалены. Пры адступленні вораг спаліў у нашай вёсцы амаль усе хаты і школу “.

У маі 1944 года Марыя Станіславаўна разам з яшчэ адной нахаўскай дзяўчынай Ганнай Паўлаўнай Судас трапілі вольнанаёмнымі на службу ў 65-ю армію генерала Батава, дзе працавалі прачкамі. Сустрэлі Перамогу пад Гамбургам. Пасля вяртання на радзіму мая субяседніца да пенсіі працавала ў калгасе.

У хаце Марыі Станіславаўны чысценька і цёпла, сама яна ўжо без дапамогі не ўправіцца па гаспадарцы: падводзіць здароўе. Але ёсць у яе памочніца Алена Арцёмаўна Буднік, сацыяльны работнік, яна ёй за родную дачку, якой у  старой жанчыны ніколі не было. Кожны дзень забягае Алена Арцёмаўна да Марыі Станіславаўны. Трэба ў печы пратапіць, у хаце прыбраць, прыгатаваць, проста пагутарыць, расказаць пра вясковыя навіны. У Нахаве на абслугоўванні ў сацыяльнага работніка 11 сямей, яшчэ раз у месяц яна выязджае ў Лубнае на пункт сацыяльных паслуг. Акрамя таго, яна — дэпутат сельскага Савета, актыўны ўдзельнік мясцовай мастацкай самадзейнасці, неаднаразовая пераможца раённага і абласнога  конкурсаў “Лепшы па прафесіі” (у 1999 і 2005 гадах), а ў 1999 г. яна заняла другое месца на рэспубліканскім конкурсе. 

Алена Арцёмаўна энергічная, гаманкая, вясёлая, яна наведвае сваіх падапечных па некалькі разоў у дзень, бо за кожнага з іх баліць яе сэрца. Яна ведае ўсе праблемы сваіх бабуль і дзядуль, выконвае ўсе іх пажаданні.  Мясцовыя жыхары кажуць пра яе так: “З маторчыкам наша Аленка. Усё яна паспявае. Для сваіх падапечных яна – падтрымка і апора. Прагоніць нуду, супакоіць, развесяліць, выслухае. Цудоўны яна чалавек і муж ў яе залаты, вельмі дапамагае яе падапечным: то дроў прывезці, то ў двары прыбраць”.

Размаўляем з Аленай Арцёмаўнай, а яна ўвесь час паглядае на гадзіннік, пасля кажа: “Вы мяне прабачце, пабягу. Сёння не да ўсіх яшчэ завітала з раніцы, мае бабулькі і дзядулькі зачакалі-ся, напэўна, ужо. Хвалявацца будуць…” І яна хуценька пашпацыравала па нахаўскай вуліцы, на якой ішоў снег…

 Паэт, настаўнік, грамадзянін

Гэта ўсё пра Уладзіміра Міхайлавіча Верамейчыка, дзяцінства і юнацтва якога прайшлі ў Нахаве. На жаль, ужо амаль дзесяць год яго няма ў жывых, але ў вёсцы яго памятаюць, ім ганарацца. Яго малодшая сястра – Рыта Міхайлаўна – і сёння тут жыве. Яна можа гадзінамі расказваць пра свайго любімага брата, пра яго творчасць. Нехта з маіх нахаўскіх субяседнікаў сказаў пра яе: “Рытачка была нашым культурным святлом, нашым агеньчыкам, калі працавала бібліятэкарам. Да яе і сёння можна прыйсці за цікавай кніжкай, абмеркаваць спадабаўшыйся твор”.

Я размаўляю з Рытай Міхайлаўнай. Яна таксама вельмі цікавіцца гісторыяй роднай вёскі, расказвае пра ўспаміны старажылаў, пра тое, што ёй вядома, пра сваю сям’ю, а я любуюся яе прыгожымі вачамі:

— Нашы бацькі – Міхаіл Рыгоравіч і Соф’я Данілаўна – былі настаўнікамі. Працавалі на Брагіншчыне, у 1937 годзе ў маладой сям’і ўжо было двое дзяцей: двухгадовая Іна і Валодзька, якому было ўсяго некалькі месяцаў. У той год здарылася бяда: бацьку па даносу арыштавалі, прычапілі яму ярлык “вораг народа”.  Да 1939-га ён скітаўся па турмах, пасля яго выпусцілі і перавялі на працу ў Нахаўскую васьмігадовую школу, так наша сям’я аказалася ў гэтых мясцінах. Гэта вёска стала для нас роднай, тут выхавала нас маці, бо бацька пайшоў на фронт і прапаў без вестак.

Рыта Міхайлаўна паказвае фотаздымкі свайго бацькі, іх захавалася няшмат.

– Маці нашай было вельмі цяжка. У вайну яна засталася адна з трыма дзецьмі, мне – і года не было. Галадалі, мерзлі. Школу, у якой мы жылі, немцы спалілі, доўга мы скіталіся па хатах, толькі праз шмат гадоў з’явіўся ў нас свой куток. Валодзька настаўнікам марыў стаць заўсёды, ён паэт і настаўнік ад Бога, яго вельмі любілі дзеці. Ён служыў у Арменіі, калі на імя камандзіра яго часці прыйшла тэлеграма, у якой маладога паэта запрашалі на нараду маладых пісьменнікаў. Тэлеграма была за подпісам Петруся Броўкі, ён тады ўзначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Валодзьку адпусцілі на нараду. Ён быў такі шчаслівы, што сустракаўся са знакамітымі пісьменнікамі і паэтамі Беларусі: Уладзімірам Караткевічам, Рыгорам Барадуліным, Еўдакіяй Лось і многімі іншымі.

Служба працягвалася, а Ўладзімір Міхайлавіч жыў думкамі пра Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, куды цвёрда вырашыў паступаць. І мара здзейснілася: ён стаў пасля службы студэнтам філалагічнага факультэта БДУ. Пасля яго заканчэння сам папрасіўся на працу на Палессе, на ўсё жыццё ён застанецца верны вёсцы, дзецям, якіх вучыў шчырасці, дабрыні, вернасці роднай зямлі. Па размеркаванні трапіў Уладзімір Міхайлавіч у Ведрыцкую васьмігодку на пасаду завуча. Пры ім у Ведрычы будаваўся новы будынак школы – вялікі, двухпавярховы. 35 год працаваў ён дырэктарам гэтай школы на Палессі, тут ён вучыў дзяцей, пісаў, тварыў.

Я хлеба апошняга  лусту свайго

Пашлю толькі маці.

А з сябрам апошнюю чарку віна

Падзелім пароўну.

Апошні дарыцьпацалунак хачу

Любімай жанчыне.

Пракляццем апошнім таго пракляну,

Хто здрадзіць Радзіме.

Гэты верш Уладзіміра Міхайлавіча раскрывае яго характар, ён ўсё жыццё быў чалавекам, які імкнуўся аддаць лепшае, што мае, людям.

— Валодзька вельмі хварэў, — гаворыць Рыта Міхайлаўна. Маўчыць і ў задуменні разглядае фотаздымкі бацькі, маці, сястры Іны, брата Валодзі і яго адзі-нага сына Юры – іх усіх няма ўжо на гэтым свеце. — Хвароба забрала нашага Валодзьку 26 снежня 1999 года. Гэта было ў мой дзень нараджэння, я атрымала тады самы страшэнны падарунак.

Настаўнік памірае – настаўні-камі становяцца яго вучні. Паэт памірае… Паэты ніколі не паміраюць… Яны жывуць у сваіх творах. У Уладзіміра Міхайлавіча засталіся зборнікі вершаў “Прыпяць”, “Яснасць”, “Люблю!”, паэма “Ліхаўня”, кнігі сатырычных твораў і баек “Магарыч”, і  іншыя.

Пачынаецца ўсё з любві

На адной з вуліц Нахава сустрэлі мы Яўгена Сцяпанавіча Цяцерыча, падчас размовы з якім высветлілася, што ў гэты дзень – 17 лютага – святкуе ён сваё 82-годдзе. Нягледзячы на сталы ўзрост, ён –  сапраўдны гаспадар на роднай зямлі, без працы на якой жыцця свайго не ўяўляе. Разам з жонкаў Ульянай Сцяпанаўнай трымаюць яны вялікую гаспадарку: кароўку, свіней, кур, качак, садзяць вялікі агарод. З раніцы да вечара Цяцерычы ў гаспадарчых клопатах і турботах.

Яўген Сцяпанавіч і Ульяна Сцяпанаўна разам больш за 50 гадоў. Пазнаёміліся яны ў 1944 годзе ў Васілевічах, куды абодва трапілі вучыцца на курсы шафёраў.

— Мужчын тады не хапала, працаваць не было каму, — успамінае Ульяна Сцяпанаўна, — таму на курсы адпраўлялі і дзяўчат. Мне  — усяго 17, ну які з мяне вадзіцель? Курам на смех. Я вельмі хацела вучыцца на настаўніцу, а тут во што, з сельсавета вызвалі і сказалі, каб збіралася. Плакала, хвалявалася, ехаць у Васілевічы на курсы не хацела, а аказалася, што еду за сваім лёсам. Там, на курсах, і пазнаёмілася з Яўгенам. Заўважыла яго адразу, бо ён быў вельмі прыгожы хлопец.

Пасля курсаў іх дарогі разышліся: Ульяна Сцяпанаўна паступіла ў педагагічнае вучылішча, пасля заканчэння якога выкладала родную мову і літаратуру ў Замосці і завочна вучылася ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, а Яўген Сцяпанавіч пайшоў у армію, дзе служыў шэсць гадоў. Доўгі час яны не бачыліся, нават не перапісваліся, але, як адзначаюць, памяталі адзін аднаго.

Сустрэліся зноў у 1953 годзе і хутка згулялі вяселле, бо і так на доўгі час былі разлучаны лёсам. Да пенсіі Ульяна Сцяпанаўна настаўнічала ў Нахаўскай школе, а яе муж працаваў у мясцовым калгасе ветурачом. Светлыя пачуцці адзін да аднаго пранеслі Яўген Сцяпанавіч і Ульяна Сцяпанаўна праз усё жыццё. І сёння гэтыя цудоўныя людзі адзін аднаго паважаюць, кахаюць як і тады, пяцьдзесят пяць гадоў назад. Іх сямейнаму шчасцю можна толькі пазайздросціць.   

Усё для людзей

Завіталі мы ў Нахаўскі дзіцячы сад, у якім сёння  адна рознаўзроставая група. Яе наведваюць дзевяць дашкалят ад трох да шасці гадоў. Дзеткі спалі, сустрэлі нас загадчыца дашкольнай установы Таццяна Леанідаўна Александрова і  выхавальнік Зінаіда Аляксандраўна Торап (на здымку). Правялі па светлых вялікіх пакоях,  расказалі, што мараць пра фізкультурную залу для сваіх выхаванцаў.

У дашкольнай установе светла і ўтульна, аформлены экалагічны міні-куточак, для дзяцей вельмі шмат развіваючых гульняў, цудоўна добраўпарадкавана тэрыторыя садка. Многае зроблена працавітымі рукамі творчага калектыву ўстановы адукацыі.

— Вельмі хочацца, — адзначае Таццяна Леанідаўна, — каб дзеткам у нас было цікава, каб яны прыходзілі да нас з радасцю.

Фельчарска-акушэрскі пункт быў адкрыты ў Нахаве ў 1950 годзе. Тады яго загадчыцай стала Марыя Сцяпанаўна Чандарова, якую шаснаццаць гадоў назад змяніла Лілія Леанідаўна Губанава. Апошняя за доўгі час працы ўжо добра ведае ўсіх сваіх пацыентаў, іх праблемы. У яе на абслугоўванні, акрамя Нахава, яшчэ вёска Лубнае і станцыя Нахаў. Крочыць яна туды на выклікі, не звяртаючы ўвагі на дрэннае надвор’е.

Мінулым летам у ФАПе быў завершаны капітальны рамонт. Цяпер Лілія Леанідаўна вядзе прыём у светлым, памяшканні, у якім вельмі ўтульна. У пункце ёсць кабінеты здаровага дзіцяці і прыёму, працэдурны і фізіятэрапеўтычны. На абслугоўваемай фельчарам тэрыторыі пражывае 396 чалавек, з іх дзяцей да 16 год – 64.

Лілія Леанідаўна імкнецца лячыць сваіх хворых не толькі медыцынскімі прэпаратамі, але і добрым словам, пяшчотай, бо як часта чалавеку менавіта гэтага, а яшчэ і веры ў лепшае, не хапае для выздараўлення.

Дзе правесці вольны час на вёсцы? Канешне, у сельскім клубе, аднадушна сцвярджаюць нахаўцы, бо там арганізоўваюцца і праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, канцэрты да ўсіх святочных дат, дыскатэкі, вячоркі. Вядуць культурную работу загадчыца клуба Жанна Мікалаеўна Саковіч і мастацкі кіраўнік Вольга Макараўна Качубей. Пры вясковай установе культуры ёсць хор мастацкай самадзейнасці (на здымку), у ім 12 удзельнікаў, працуюць тэатральны гурток і гурток мастацкага чытання, якія з радасцю наведваюць дзеці.

Акрамя таго, Жанна Мікалаеўна і Вольга Макараўна займаюцца зборам матэрыялаў па гісторыі роднай вёскі, запісваюць успаміны старажылаў, арганізоўваюць мерапрыемствы, прысвечаныя народным святам беларусаў, на якіх знаёмяць прысутных з гісторыяй роднага краю, яго традыцыямі і абрадамі.

— Будынак, у якім знаходзіцца клуб і бібліятэка, вялікі, — адзначае Жанна Мікалаеўна, — але яму патрэбен рамонт. Хацелася, каб стала ўтульней, святлей, дык і людзям больш будзе ў нас падабацца.

Мараць супрацоўніцы  клуба пра свой міні-музей “Сялянская хатка”, для якога збіраюць экспанаты. Ёсць ужо стары ложак, куфар і многае іншае. У музеі плануецца праводзіць заняткі для дзяцей па гісторыі роднага краю, каб выхоўваць у падрастаючага пакалення патрыятызм, любоў да радзімы.

У мясцовай краме тавараў паўсядзённага попыту жыхароў з добрай усмешкай сустракаюць загадчыца Людміла Леанідаўна Саковіч (на здымку) і прадавец Людміла Уладзіміраўна Андрыенка, якія імкнуцца задаволіць усе запатрабаванні сваіх пакупнікоў. У продажы ёсць амаль усё тое, што і ў любой гарадской краме. Прадукты, канцтавары, тавары прамысловай групы: адзенне, бялізна, абутак і многае іншае. З месяца ў месяц крама выконвае даведзеныя планы тавараабароту.

— У мінулым годзе, — расказвае Людміла Леанідаўна, — нам быў даведзены план на 523 млн. рублёў, а мы зарабілі 529 млн.рублёў. Мы заўсёды імкнемся задаволіць асартыментам прапанаваных тавараў сваіх пакупнікоў. Практыкуем завоз дарагіх тавараў (халадзільнікаў, тэлевізараў, пральных машын, мэблі і г.д.) па канкрэтных заяўках жыхароў вёскі і дастаўляем іх транспартам райпа бясплатна заказчыкам. Пры неабходнасці адпускаем тавары ў крэдыт. За мінулы год тавараабарот на аднаго чалавека склаў 1 млн. 360 тыс. рублёў.

Абедзве Людмілы працуюць у краме больш за 20 год, яны добра ведаюць густ сваіх пакупнікоў, могуць параіць, што ім лепш прыдбаць. Гэта вельмі зручна  для вяскоўцаў.

Нахаўская бібліятэка – гэта не проста ўстанова сацкультбыту, гэта месца для сустрэч і зносін вяскоўцаў, для цікавых размоў, абмеркавання прачытаных твораў. Сёння тут можна не толькі ўзяць добрую кнігу ці часопіс, але і прыняць удзел у розных мерапрыемствах, якія праводзяцца сумесна з мясцовым Домам культуры, з карысцю для сябе правесці вольны час.

У бібліятэцы 252 пастаянныя чытачы, з іх 65 – дзеці. Працаўнікі вёскі, ветэраны вайны і працы, школьнікі знаходзяць тут цікавую, пазнавальную літаратуру, якую падбірае для іх загадчыца бібліятэкі Святлана Леанідаўна Бердар. Яна параіць  кнігу самаму патрабавальнаму чытачу. Бібліятэчны фонд, а гэта болей за сем тысяч экзэмпляраў, пастаянна папаўняецца навінкамі, асабліва кнігамі сучасных і дзіцячых аўтараў. На 2009 год была зроблена падпіска на шэраг перыядычных выданняў: 16 газет і больш за 20 часопісаў, найбольш папулярныя з іх “Полымя”, “Маладосць”, “Беларуская думка”, “Гаспадыня” і іншыя.

— Радуе тое, — адзначае Святлана Леанідаўна, — што вяскоўцы шмат чытаюць, асабліва доўгімі зімовымі вечарамі, так што мы працуем з вялікай карысцю.

Над белай, лагоднаю грушай

Узносіцца з коміну дым,

І сонца нясмелае сушыць

На лісціках кроплі вады.

Праходзіць па вуліцы статак,

Зруб свеціцца радасцю рос.

І пах падгарэлых аладак

Казыча падпасвічу нос.

                                   У. Верамейчык.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.