Навінкі

1. З жалезнага веку

У кожнай вёскі ёсць сваё тлумачэнне яе паходжання. Навінкаўцы напрыклад, лічаць, што калісьці некалькі сем’яў з навакольных вёсак пачалі распрацоўваць цаліну на месцы размяшчэння сённяшніх Навінак. А, як вядома, новае поле, цаліна на месцы расцяробу або ўзаранай сенажаці так і называецца ў беларусаў Навіной альбо Навінкай. З цягам часу, сяляне, што распрацавалі новае поле, пасяліліся побач, а іх паселішча па аналогіі з месцам распрацоўкі зямлі так і назвалі Навінкамі.

Аб тым, што ў наваколлі Навінак жылі людзі са старажытных часоў, сведчыць той факт, што за тры кіламетры на паўночны ўсход ад цэнтра вёскі, на левым беразе рачулкі Мядзвёдка, археолагамі было знойдзена старадаўняе гарадзішча ранняга жалезнага веку, якое ўяўляе сабой вялізны насып, абнесены земляным валам. Наўкола расце альхоўнік. А навінкаўцы называюць гэтае месца Гарадок і лічаць, што калісьці тут была старажытная крэпасць. Хто яго ведае, можа яны і маюць рацыю. Ва ўсялякім разе сустрэць нейкія тлумачэнні ў летапісных крыніцах паводле Навінак і іх ваколіц не давялося. Можа таму, што вёска гэта знаходзіцца ў аддаленні ад буйных транзітных дарог, куды ў даўнія часы рэдка ступала нага якога-небудзь даследчыка?

Аб недаступнасці і глухамані навінкаўскага краю сведчыць і яшчэ адно паданне, якое тычыцца назвы былой рачулкі, а цяпер канала Мядз-вёдка. Навінкаўцы сцвярджаюць, што ў даўнія часы тут часта сустракалі мядзведзяў. Аднак, гэта не больш, як легенда. Сапраўднае ж паходжанне назвы вадацёку тлумачыцца тым, што ён заўжды быў непрыдатным для гаспадарчай дзейнасці. У ім нават рыбу нельга было лавіць. Такія непрыгодныя рачулкі ў народзе называлі Мядзвёдкамі, альбо Кабылінымі ці Воўчымі. А вось, што тычыцца ліс, то ў ваколіцах Навінак іх вадзілася шмат, асабліва ва ўрочышчах, якія і дагэтуль называюцца Лісічыя горы і Перабітыя горы (узвышэнні з “перарывамі”).

Па  пісьмовых крыніцах Навінкі ўпершыню прыпамінаюцца ў 19 ст., як сяленне ў Васілевіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Пад 1825 і 1879 гг. вёска пазначана ў складзе Васілевіцкага царкоўнага прыходу.

Паводле пераліку 1897 г. у Навінках было 83 двары, 560 жыхароў. Была і свая школа граматы.

У 1908 г. у Навінках налічвалася ўжо 105 двароў, у якіх пражывала 577 жыхароў.

Нягледзячы на тое, што вуліцы вёскі сёння маюць афіцыйныя назвы, некаторыя з іх захавалі і народныя найменні. Напрыклад, цэнтр вёскі называецца Асяродак, пачатак вёскі – Мядзведка, па назве аднайменнага канала, канец вёскі называюць Лужонка, ў гонар другога канала, які таксама называецца Лужонка, і працякае паўднёвей Навінак.

Бліжэйшыя ад Навінак лясы называюць Рубанікі і Астраўкі.

2. да новага ладу жыцця

8 снежня 1926 года Навінкі сталі цэнтрам Навінкаўскага сельсавета Васілевіцкага раёна Рэчыцкай акругі. У сувязі са змяненнем тэрытарыяльна-адміністрацыйнага дзялення з 9 чэрвеня 1927 года Навінкі сталі ўваходзіць у Васілевіцкі раён ужо Гомельскай акругі, а з 4 жніўня гэтага ж года – ужо ў Рэчыцкі раён Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года Навінкаўскі сельсавет быў ліквідаваны, а яго тэрыторыя ўключана ў Васілевіцкі сельсавет.

У 1929 годзе ў Навінках быў арганізаваны калгас, які спачатку называўся “Чырвоныя Навінкі”, а праз год – імя Молатава. Першым старшынёй калгаса быў Лаўшук Сямён Сцяпанавіч. У ліку першых калгаснікаў – Белы Навум Кірылавіч, Піліпейка Архіп Агеевіч, Сопат Фядос Сяргеевіч, Блізнец Яўсей Панкратавіч, многія іншыя.

Аб тым, як няпроста складвалася калгаснае жыццё ў вёсцы, сведчыць той факт, што першыя дзесяць гадоў у калгасе пяць разоў мянялася яго кіраўніцтва. За Лаўшуком Сямёнам гаспадарку ўзначаліў Брэль Фёдар Ігнатавіч (1932г.), у 1933 на чале яе стаў Дворкін Мікалай Пятровіч, з 1936 па 1940 годы калгасам кіравала Верамейчык Варвара Фёдараўна, з 1940 да пачатку вайны – Навуменка Піліп Адамавіч.

У 1930 годзе ў Навінках налічвалася 176 двароў і пражывала 994 жыхары.

Навінкаўцы, як і ўсе палешукі таго часу, нягледзячы на ўсе складанасці пераходу да новага ладу жыцця, сталінскія рэпрэсіі, паціху пачалі наладжваць свой быт, ствараць новыя сем’і, будаваць жыллё, нараджаць дзяцей. Урэшце рэшт вучыцца сумеснай калектыўнай працы, грамаце, асвойванню новых тэхналогій у сельскай гаспадарцы, жывёлагадоўлі, земляробстве. Менавіта Навінкі сталі цэнтрам развіцця трусагадоўлі ў той час у Васілевіцкім, а затым – і ў Калінкавіцкім раёне.

3. усе ўсталі на смяротны бой…

Аб пачатку Вялікай   Айчыннай вайны жыхары Навінак даведаліся ўжо ў 12 гадзін дня з выступлення Молатава. Пачалася мабілізацыя. Годных да страявой прызывалі ў армію. Некаторых пакідалі ў тыле ворага з асобным заданнем.

Першыя нямецкія салдаты з’явіліся пад Васілевічамі, да якіх ад Навінак было ўсяго 4 кіламетры, ужо 7 ліпеня, а 12 жніўня 1941 года групы фашыстаў з’явіліся на тэрыторыі Васілевіцкага раёна.

У жніўні 1941 года на падставе пастановы Палескага абкама КП(б)Б ад 23 ліпеня 1941г. на базе Васілевіцкага знішчальнага батальёна быў сфарміраваны асобы Васілевіцкі партызанскі атрад, у склад якога ўвайшлі і некаторыя жыхары Навінак. 15 верасня 1941г. да партызанскага атрада далучылася дыверсійна-разведвальная група на чале з Аляксандрам Духаніным. А ў канцы верасня 1941г. атрад перайшоў за лінію фронта. Праўда, падполле засталося, як у Васілевічах, так і ў Навінках. Групу падпольшчыкаў у Навінках узначаліў А.Ф.Фралоў. Патрыёты збіралі зброю на месцах былых баёў, звесткі, якія мелі інтарэс з боку Чырвонай Арміі і партызан, удзельнічалі ў дыверсіях, шкодзілі ворагу як маглі. Напрыклад, адна з навінкаўскіх патрыётак, настаўніца Антаніна Жукоўская дапамагла атруціць цэлую групу фашыстаў, у нямецкай сталоўцы, якая размяшчалася у школьным будынку суседняй Залатухі. На вялікі жаль, сярод падпольшчыкаў быў правакатар. Карнікі, якія прыбылі ў ліпені 1942 года ў Васіле-вічы, пачалі арышты. Былі затрыманы і навінкаўскія патрыёты: Лаўшук Я.Ф., Сопат В.П. і яго жонка Таня. Некалькі дзён у Васілевічах працягваліся здзекі і допыты над падпольшчыкамі, але патрыёты маўчалі. 14 ліпеня 37 вязняў вывезлі ва ўрочышча “Рубанікі” і расстралялі. Разам з імі там жа былі расстраляны і іх сем’і. Толькі жорсткасць фашысцкіх нелюдзяў не скарыла патрыётаў. На змену расстраляным прыйшла моладзь, якая стварыла новую арганізацыю, якую назвалі “За Радзіму”. У далейшым гэта арганізацыя перарасла ў партызанскі атрад з аднайменнай назвай.

Вось, што ўспомніла аб падзеях тых дзён старажылка вёскі Сопат Марыя Рыгораўна:

“ Калі пачалася вайна, мне было 10 гадоў. Памятаю, калі немцы гналі партызан з боку вёскі Карма. Немцы ехалі на тэхніцы. Удалечыні былі чутны ўзрывы. У Васілевічах абаснаваўся нямецкі штаб. У Навінкі немцы прыязджалі рэдка, таму што адразу былі назначаны тры падворнікі, якія збіралі ў насельніцтва малако, яйкі, сала і адвозілі немцам. У вёсцы былі два паліцаі.

Але партызанам людзі памагалі чым маглі: прадуктамі, лекамі, дапамагалі параненым, хаваючы іх па хатах.

А яшчэ ў Навінках была цэнтральная партызанская кухня ў Мархвіным двары. А ў Белага Рыгора Якаўлевіча – камандзірская сталовая партызан.

Немцы бамбілі толькі вакол сяла, таму наша вёска ўцалела. Толькі адзін раз снарад трапіў у гумно.”

А тым часам, пакуль іх землякі на акупіраванай тэрыторыі як маглі змагаліся з захоп-нікамі, навінкаўцы-чырвонаармейцы вялі барацьбу з фашыстамі на франтах вайны. Напрыклад, Іван Сяргеевіч Лаўшук, якому яшчэ у 1939 годзе давялося паваяваць з белафінамі, 27 чэрвеня 1941 года зноў быў мабілізаваны на фронт. Прайшоў усю вайну ад пачатку і да канца. Быў узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Пасля вайны працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады і быў удастоены вышэйшай узнагароды СССР – ордэна Леніна.

З першых дзён вайны на фронце ў артылерыйскім палку ваяваў і адзін з першых навінкаўскіх трактарыстаў – Якаў Ануфрыевіч Навуменка. Закончыўшы вадзіцельскія курсы, Якаў Ануфрыевіч у складзе І і ІІ Беларускіх франтоў таксама прайшоў усю вайну. Меў цяжкае раненне, амаль год праляжаў у шпіталі, дамоў вярнуўся інвалідам ІІ групы з ордэнам Айчыннай вайны ІІ  ступені, двума медалямі “За адвагу”, медалём “За вызваленне Варшавы”. У мірны час франтавік, нягледзячы на раненне, працаваў не пакладаючы рук шафёрам у родным калгасе, за што быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Нарадзіў і выхаваў разам з жонкай васьмярых дзяцей: Ганну, Марыю, Ніну, Пашу, Арыну, Андрэя, Якава, Міхаіла.

Не адставаў ад сваіх землякоў у ратнай справе і Аляксандр Сямёнавіч Васенда, 1909 года нараджэння. Яму давялося паўдзельнічаць у савецка-фінскай вайне 1939-1940 гг. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Волхаўскім, Беларускім і Ленінградскім франтах. У 1941 г. трапіў у палон, але праз месяц змог збегчы. Двойчы быў паранены – у рукі і грудзі. На фронце Аляксандр Сямёнавіч згубіў двух сваіх братоў: Адама і Івана. Пасля ранення быў прызнаны непрыгодным да вайсковай службы. Але ён сам папрасіўся на ваенны завод і да канца вайны вырабляў там зброю, тым самым набліжаючы Перамогу. Баявы шлях Васенды адзначаны двума ардэнамі Айчыннай вайны.

Не ўсе навінкаўцы на пачатак Вялікай Айчыннай вайны былі ў роднай вёсцы. Многіх лёс параскідаў па свеце ў пошуках работы, альбо па прычыне вучобы. Міхаіл Ціханавіч Дзяйкун, напрыклад, на фронт трапіў у 1942 годзе з Ніжняга Тагіла, дзе працаваў у той час. Удзельнічаў у баях пад Сталінградам, там жа і быў цяжка паранены. Пасля вызвалення, у складзе ІІІ Беларускага фронта, удзельнічаў у вызваленні Беларусі. Ратны подзвіг навінкаўца адзначаны ордэнам Славы ІІІ ступені, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За адвагу”, “За абарону Сталінграда”, “За ўзяцце Кёнігсберга”. Пасля вайны працаваў на Урале, у Ніжнім Тагіле.

Белы Іван Тарасавіч у пачатку 1942 года закончыў Свярдлоўскае пяхотнае вучылішча. Ваяваў на Калінінскім фронце. Першы свой бой прыняў пад горадам Зубрцаў. У адным з наступальных баёў у сакавіку 1943 года Белы быў цяжка паранены і змешчаны на вылячэнне ў шпіталь. У 1944 па стану здароўя быў дэмабілізаваны і вярнуўся дамоў. Узнагароджан ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Канешне, у невялікім артыкуле немагчыма  расказаць пра ўсіх ураджэнцаў Навінак, якія, як адзін, усталі на смяротны бой з ворагам і перамаглі.

4. Герой дняпра андрэй белы

У красавіку сорак першага Андрэя Белага прызвалі ў армію. Ён якраз вёў урок, калі паштальён прынёс павестку. Андрэй яе прачытаў  і сказаў: “Ну, што, дзеці, будзем развітвацца, мне трэба ісці на службу”.

— Андрэй Анісімавіч, абавязкова вяртайцеся да нас пасля службы, — абкружылі яго выхаванцы.

Андрэй задумаўся. За некалькі хвілін перад яго вачыма паўстала тое, што засталося ў мінулым. Не прайшло і двух гадоў, як яго цётка Ганна, якая пасля смерці бацькі і маці засталася яму з чатырма братамі: Іванам, Паўлам, Сцяпанам і Андрэем самым блізкім чалавекам, атрымала пахаронку на брата Паўла, які загінуў у час вызвалення Заходняй Беларусі. Успомнілася сіроцтва з сямі гадоў. Праца ў Залатушскім лясніцтве, каб зарабіць нейкую капейчыну. Заканчэнне сямігодкі і назначэнне памочнікам рахункавода ў родным калгасе. Прыпомнілася мара – стаць настаўнікам, заканчэнне настаўніцкіх курсаў. І вось – праца настаўніка ў суседніх Хатынях. А заўтра – у войска.

У ваенкамаце Белага накіравалі у Сталінградскае ваеннае вучылішча сувязі. А праз два месяцы пачалася вайна. Фронт патрабаваў усё новых і новых байцоў і камандзіраў, і ўжо ў снежні 1941 г. малодшы лейтэнант Андрэй Белы прыбывае на перадавую, каб прыняць пад сваю каманду ўзвод сувязі.

Сувязісту на перадавой у некалькі разоў цяжэй, чым звычайнаму пехацінцу. Лініі сувязі трэба пракладваць зноў і зноў. І тут ужо не схаваешся ад куляў і асколкаў мін і снарадаў, што, здаецца, наскрозь пранізваюць усю навакольную прастору, у падрыхтаваны акоп. Абрыў… і зноў наперад, пад кулі і разрывы.

З баямі часць Андрэя адступіла да Сталінграда. Далей ісці не было куды. Тут прыйдзецца альбо перамагці, альбо загінуць. І пачалася бітва за кожны дом, за кожны метр зямлі. У адным з баёў Белы атрымлівае раненне і трапляе ў шпіталь. Калі ачуняў і вярнуўся да сваіх, многіх ужо не было ў жывых, але сталінградцы выстаялі.

Пасля былі Курская дуга, фарсіраванне Дзясны, Сожа. Наперадзе Дняпро і, зразумела, яго ж родная вёсачка Навінкі.

Ужо два гады Андрэй на фронце. За гэты час некалькі разоў паранены, але кароткае знаходжанне ў шпіталі, і ён зноў у страі.

14 кастрычніка 1943 года 685-ы стралковы полк 193-й Чырвонасцяжнай дывізіі, у якім служыў малодшы лейтэнант Белы, выйшаў у раёне Лоева да Дняпра.

Загад камандзіра батальёна быў кароткі:

— Два дні на падрыхтоўку плаў-сродкаў і асаблівага складу ўзвода, каб устанавіць сувязь на процілеглым беразе.

— Ёсць! – адказаў Белы.

У пяць гадзін раніцы дэсантны атрад, у склад якога ўвайшло і аддзяленне сувязістаў, пачаў фарсіраванне Дняпра. Праз некалькі хвілін немцы заўважылі перадавы атрад чырвонаармейцаў, і на раку абрушыўся шквал агню. Вось што ўспамінаў сам Андрэй Белы:

“У гэты момант усё перамяшалася. Нічога нельга разабраць, а трэба плыць наперад, адстрэльвацца і адначасова класці тэлефонны кабель. Побач уздымаліся клубы вады, залівалі лодкі, тапілі іх. У некаторыя лодкі траплялі міны, і яны разам з людзьмі разляталіся ўшчэнт.”

Са ста байцоў атрада на супрацьлеглы бераг дабралася не больш сарака. Загінуў і яго камандзір. Старшым па званні застаўся Белы. І ён падняў байцоў у штыкавую атаку. Пад кінжальным агнём праціўніка дэсантнікі выбілі ворага з прыбярэжных акопаў і сумелі наладзіць сувязь з камандзірам батальёна.

А ўрэшце рэшт і ўвесь батальён падаспеў на дапамогу перадавому атраду, фарсіраваўшы раку. Чырвонаармейцы з крыкамі “Ура!” рушылі ў атаку. Разам з імі наступала і аддзяленне Белага, у якім засталося 7 байцоў.

Толькі ў ворага моцы яшчэ было шмат. Перагрупіраваўшыся, немцы пачалі контратаку. Увесь дзень і наступную ноч батальёну прыйшлося адбіваць націск фашыстаў.

У 6 гадзін раніцы 17 кастрычніка камандзір роты паведаміў, што немцы, прарваўшыся, спрабуюць зайсьці ў тыл. Белы далажыў аб гэтым камбату і тут жа атрымаў ад яго загад: “Бяры сваіх хлопцаў і любой цаной затрымай немцаў, хоць на пяць-дзесяць хвілін”.

Белы скамандаваў сваім: “За мной! Наперад!”

І толькі яны выбраліся з кустоў, як перад імі ўзнік узвод п’яных фашыстаў.

Убачыўшы савецкіх салдат, немцы закрычалі: “Хальт! Хальт!” Але ў адказ дружна ўдарылі чэргі сямі аўтаматаў. Усе гітлераўцы былі знішчаны. Загінуў і адзін савецкі воін, другі — атрымаў раненне. Але з-за кустоў з’яўляецца новая група немцаў, каля дваццаці чалавек.

— Агонь! – камандуе Белы. І вораг зноў сыплецца на зямлю. Тыя, хто застаўся ў жывых, адпаўзаюць назад. Але праз некалькі хвілін – новая атака. У нашых байцоў на зыходзе патроны. Белы камандуе:

— Біць адзіночнымі!

Гіне яшчэ двое сувязістаў. Паранены і сам камандзір. Сцякаючы крывёю, лейтэнант крыкнуў: “Ні кроку назад!” І страціў прытомнасць.

Падаспеўшыя на дапамогу чырвонаармейцы, на полі бою налічылі звыш 40 забітых гітлераўцаў.

Андрэй ачуняў у шпіталі. А 30 кастрычніка 1943 г. яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Так навінкаўскі хлопец у 21 год стаў Героем.

… Андрэй Анісімавіч прайшоў усю вайну, доўга служыў у арміі, дэмабілізаваўся ў званні падпалкоўніка, жыве і цяпер у падмаскоўным горадзе Лобня. Мае дачку і сына. А вось братам яго, Сцяпану і Івану, не суджана было дажыць да Перамогі. Сцяпан, які быў старэй за яго на тры гады, прапаў без вестак у 1942 г., а старэйшы Іван, 1900 года нараджэння, загінуў у сакавіку 1944г.

5. поўны кавалер ордэна славы

Вайна застала Івана Цімашэнку на пасадзе брыгадзіра трактарнай брыгады Васілевіцкай МТС. І было яму тады ўсяго сямнаццаць гадкоў, дакладней, споўнілася б 18 кастрычніка. Бацькі Івана Архіп Агеевіч і Лізавета Конанаўна былі звычайнымі сялянамі, якія расцілі шасцярых дзяцей. Бацька затым працаваў у Навінкаўскім магазіне, быў самавучкай.

Сам Іван у 1939 г. закончыў на “выдатна” Залатушскую сямігодку. Хацеў вучыцца на настаўніка, ды па ўзросту не прынялі, хаця і пры-пісаў сабе лішні год. Сам быў невялічкага расточку, хударлявы. Таму пайшоў вучыцца ў Рудакоўскае вучылішча трактарыстаў. Пасля заканчэнння працаваў у Васілевіц-кай МТС.

Калі вораг пачаў набліжацца, Іван разам з калгаснікамі калгаса імя Молатава прыступіў да эвакуацыі калгаснай жывёлы на ўсход. Але пад Лоевам яны трапілі пад варожую бамбёжку. Скаціна разбеглася, а Іван і сябры вярнуліся да хаты.

Цераз старэйшую сястру Марыю  Іван пазнаёміўся з мясцовымі падпольшчыкамі і партызанамі. У прыватнасці, старшы лейтэнант Міхаіл Аляксеевіч Неўскі, які быў пакінуты для работы ў тыле ворага, цераз Івана перадаваў партызанам з Васілевіч медыкаменты, прадукты, зброю, звесткі пра ворага.

Калі летам 1942 года немцы схапілі навінкаўскую падпольшчыцу Таццяну Жукоўскую, маці пабаяўшыся, што тая выдась і яе дзяцей, сабрала ўсе дакументы, камсамольскія білеты Марыі і Івана і спаліла іх. Але ўсё абыйшлося. Падпольшчыца нікога не выдала, хаця яе і яе мужа разам з другімі расстралялі.

14 студзеня 1944 г. Івана Цімашэнку прызвалі ў армію. Кароткая падрыхтоўка ў вучэбным танкавым палку і былога трактарыста накіроўваюць у 9-ы гвардзейскі танкавы корпус механікам-вадзіцелем сярэдняга танка. Войскі 2-га Украінскага фронта ў гэты час вялі цяжкія баі ў Трансільваніі.

З 16 па 24 верасня 1944 г. у раёне горадаТурда разгарнуліся жорсткія баі. Танкавай роце капітана Пшанічнага была пастаўлена задача авалодаць невялікім горным сяленнем, якое прыкрывала подступы да горада. Танк гвардыі сяржанта Цімашэнкі дзейнічаў на правым фланзе роты. Ён павінен быў адцягнуць на сябе агонь праціў-ніка і тым самым аблегчыць роце выкананне баявога загаду.

Раніцой, разгарнуўшыся ў лінію, танкавая рота пачала атаку. Цімашэнка тым часам, умела выкарыстоўваючы мясцовы рэльеф, вывеў свой танк на ўзлесак, у якім размяшчалася варожая батарэя.

Немцы, угледзеўшы савецкі танк, які ляцеў на іх на поўнай хуткасці, настолькі разгубіліся, што нават не паспелі развярнуць сваю гармату ў бок танка.

Раздаўся трэск, скрыгат – і варожая пушка ператварылася ў кучу металалому. Тым часам другая варожая гармата паспела развярнуцца і выстраліць. Снарад трапіў у башню. Механік-вадзіцель Цімашэнка не ведаў, што адбылося з яго таварышамі, ён бачыў толькі ворага і пакуль танк быў паслухмяны яго рукам ён вёў яго на варожую гармату. Трэск, скрыгат, танк перакульваецце цераз раздаўленую пушку і спыняецца. Іван паднімаецца ў башню: камандзір, стралок і заражаючы-параненыя.

— Пацярпіце крыху, — сказаў Цімашэнка. – Адкрыю люк і перавяжу.

Ён адкрыў люк, агледзеўся і заўважыў, як па лагчыне ў фланг заходзяць варожыя танкі і бронетранспарцёры. Ён далажыў аб гэтым свайму камандзіру, той прыадкрыў вочы і прамовіў: “Трэба папярэдзіць…”

Але рацыя была разбіта. Іван прынік да акуляра прыцэла, праверыў паваротна-пад’ёмны механізм — пушка была спраўнай. Ён адзін за другім пасылае ў бок ворага тры снарады. Адзін трапіў у бронетранспарцёр. Гітлераўцы адкрылі агонь у адказ. Цяпер іх заўважылі і нашы. Танкавыя экіпажы ўступілі ў бой. У варожай калоне ўспыхнуў адзін, другі, трэці танк. Не вытрымаўшы націску, гітлераўцы адступілі. А гвардыі сяржант Цімашэнка за мужнасць і адвагу ў гэтым баі быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.

У пачатку снежня танкісты атрымалі задачу прарвацца ноччу да ракі Іпель і захапіць мост. Танк Цімашэнкі ішоў наперадзе. На паўдарозе да мэты пры святле ракеты танкісты заўважылі нямецкую групоўку, што прыступіла да мініравання дарогі.

— Іван, наперад! – скамандаваў камандзір танка. І ў гэты ж момант прагрымеў стрэл іх гарматы. Снарад разарваўся ў гушчы фашыстаў. Цераз некалькі секунд танк прарваўся наперад. Знішчаючы па дарозе варожую сілу, танкісты пераадолелі каля дзесяці кіламетраў і выйшлі да ракі. Звярнуўшы з дарогі, Цімашэнка праўцюжыў варожы акоп. У гэты час з супрацьлеглага боку ўдарыла гітлераўская артылерыя. Танк пашкодзіла, але рухацца ён яшчэ мог. Завязалася артылерыйская дуэль. Адначасова танкісты трымалі пад увагай мост і не давалі немцам магчымасці ўзарваць яго. Хутка падыйшла ўся рота і танкі з боем прарваліся цераз мост.

Толькі потым стала вядома Цімашэнку, як ім пашчасціла: палкавыя сапёры на іх пройдзеным дзесяцікіламетровым шляху знялі больш сотні супрацьтанкавых мін, а ў акопе, які ён праўцюжыў, палегла варожая група мінёраў, якія былі гатовы ўзарваць мост, пяцьсот кілаграмаў трацілу былі знойдзены на фермах маста. За гэты бой Цімашэнка быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІ ступені.

Трэці ордэн Славы Іван Архіпавіч атрымаў у адпаведнасці з Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 29 ліпеня 1945 года за мужнасць і гераізм, якія былі ім праяўлены ў баях на подступах да Вены.

Пасля вайны франтавік служыў у танкавых войсках, быў саветнікам на Кубе, ваенным камісарам у Крывым Розе, пасля выхаду на пенсію – начальнікам турбазы.

Разам з жонкай Палінай Ануфрыеўнай  выхавалі сына Аляксандра.

6 лютага 2000 года мужнага навінкаўца не стала.

6. «тут маўчаць салаўі…»

22 лістапада  1943 года Навінкі ў ліку першых вёсак Калінкавіцкага раёна былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты дзень многія старажылы вёскі лічылі сваім другім днём нараджэння, бо, як стала вядома затым, фашысцкія карнікі планавалі перадаць вёску агню, а яе жыхароў – смерці. Дзякуючы хуткаму наступленню савецкіх войск – не паспелі. Але ўсё роўна дарагую цану заплацілі Навінкі за сваё вызваленне.

У цэнтры вёскі знаходзіцца брацкая магіла, у якой пахаваны 154 савецкія воіны, якія загінулі пры вызваленні Навінак і яе ваколіц. У 1963 годзе на брацкай магіле быў устаноўлены помнік-скульптура савецкага воіна на пастаменце з мемарыяльнай дошкай.

На мясцовых могілках ёсць таксама брацкая магіла, у якой пахаваны яшчэ 152 савецкія воіны, якія загінулі ў час вызвалення раёна. У тым жа 1963 годзе на магіле ўстаноўлены помнік – скульптура савецкага воіна на пастаменце з мемарыяльнай дошкай. Непадалёку ад Навінак і Васілевіч ёсць і партызанскія могілкі “Рубанікі”, дзе пахаваны 83 чалавекі з Навінак і  суседніх вёсак.

У 1975 годзе ў цэнтры вёскі на брацкай магіле ўстаноўлены і дзве стэлы з нанесенымі на іх імёнамі 124 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усяго ж у гарніле той страшнай вайны на франтах загінула 147 навінкаўцаў. У брацкай магіле ў цэнтры вёскі пахаваны і Герой Савецкага Саюза, рускі, сяржант Аляксей Сяргеевіч Агафонаў, які ўдастоіўся гэтага высокага звання за фарсіраванне Дняпра.

Хіба можна перадаць простымі словамі ўвесь трагізм тых дзён, гераізм і мужнасць савецкіх людзей: навінкаўцаў і ўладзімірцаў, беларусаў і рускіх, старых і юных, прадстаўнікоў усіх нацый і народнасцей СССР, якія паўсталі на бітву з захопнікам? Канешне, складана. Але людзі спрабуюць. Вось як, напрыклад, зрабіў гэта земляроб і паэт з Суздаля, ураджэнец калінкавіцкай зямлі Міхаіл Брэль у сваім вершы “Здесь молчат соловьи”, прысвечаным памяці Героя Савецкага Саюза Аляксея Агафонава:

Нет судьбы тяжелее, суровей солдатской,

Обелиск есть в Новинках

Над могилою братской.

С плит печальных в стихи я не в силах вписать Всех,

Укрытых сыпучим песочком.

Сердце может зайтись, если все прочитать

Алфавитом скрепленные строчки.

С фронтовыми друзьями в могиле сырой похоронен

В сорок третьем году

Вязинковец сержант Агафонов,

Когда в отчем краю

Он косил утром росные травы,

Когда шел на войну,

Не мечтал о наградах и славе.

Умирая от ран

Далеко от родимого дома,

Он не думал, не знал,

Что уходит в бессмертье Героем…

… А в Новинках моих

Не слышны соловьиные трели.

Здесь молчат соловьи.

Они песни погибшим отпели.

Отзвенел их ручей безымянных, затих.

В парке в вечной печали деревья.

На могилку венки из цветов полевых

Возлагают девчата деревни,

Легшим в землю полесских Новинок не встать,

К своим близким домой не вернуться.

Ихней клятвой отчизну свою защищать

Белорусские парни клянутся.

 

7. трусавод сідар лаўшук

Калі ў Навінках толькі ствараўся калгас, аднойчы ў яго канцылярыю зайшоў малады, бялявы юнак, які прапанаваў: “Давайце ў  нашым калгасе створым трусаферму”. Прысутныя паглядзелі на хлопца, як на дзівака.

— Кінь ты дзівоцтва сваё, хлопча, – сказаў старшыня калгаса Сямён Лаўшук. – Тут без тваіх трусоў галава кругам ідзе. Не ведаем, як распачаць з каровамі, коньмі.

Пакрыўдзіўся хлопец. Зачырванеўся.

— Я ў вас нічога не прашу, — сказаў Сідар. – Мне не трэба ні людзі, ні сродкі. Сам буду займацца і трусоў сваіх з дому прынясу.

Старшыня паглядзеў на хлопца і прабасіў:

— Ну што, таварышы, дазволім чалавеку, няхай пабалуецца.

Раззлаваўся Сідар. Цяпер, як бы цяжка ні было, трэба працай даказаць на што ты варты. І ён пачаў працаваць, амаль днюючы і начуючы на ферме. Да 1935 года пагалоўе трусоў павялічылася і Сідару выдзелілі ў дапамогу людзей. Да канца 30-х ён давёў колькасць трусоў да 1000 галоў. Вострыя на языкі аднавяскоўцы празвалі яго “капітанам трусінай каманды”. Але, калі яго зацвердзілі ўдзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы па трусагадоўлі, нават самыя апошнія скептыкі запаважалі Сідара Лаўшука. А Варвара Верамейчык – старшыня калгаса, ў 1938 годзе разам з ім паехала ў Маскву. На наступны год Сідар паказаў на сваёй ферме яшчэ лепшы вынік. І зноў ён – удзельнік Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы, а навінкаўскі калгас, зразумела, атрымаў па тым часе ад трусагадоўлі вялікія даходы.

У канцы 1939 года Сідара Піліпавіча прызвалі на фінскую вайну. Вярнуўшыся з яе, ён марыў стварыць новую, больш буйную трусаферму. Але марам яго было суджана збыцца толькі праз 7 гадоў. 23 чэрвеня 1941 года Сідара Лаўшука мабілізавалі на фронт. Службу ён праходзіў у 22-м асобным моста-будаўнічым батальёне. Усведамленне таго, што ў занятых  фашыстам Навінках засталася жонка Марыя і сын Піліп, прыдавалі байцу моцы і мужнасці ў барацьбе з ворагам.

Сідар Піліпавіч прайшоў Айчынную ад пачатку да канца, прыняў удзел у вайне з Японіяй, але і пасля яе капітуляцыі яшчэ быў пакінуты ў войску: трэба было аднаўляць тое, што было разбурана. Дэмабілізаваўся толькі 15 верасня 1946г.

Калі Лаўшук вярнуўся ў Навінкі, ён не пазнаў родных мясцін: усё было знішчана і разбурана, ад яго трусафермы застаўся адзін толькі ўспамін. Не пазналі аднавяскоўцы і Сідара: пасталеў, асунуўся, на гімнасцёрцы сапёра зіхацелі ўзнагароды: медалі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”.

Праз дзень-другі пасля вяртання дамоў Сідар Піліпавіч накінуў на плечы свой салдацкі шынель і падаўся ў праўленне калгаса. Жонка яго Марыя Трафімаўна злавала — хоць бы крыху адпачыў, шкадавала. Ды занудзіўшыся за вайну па мірнай працы, рукі Сідара немавернай сілай цягнулі яго на ферму, да людзей.

Лаўшук дамовіўся са старшынёй, што паедзе ў Татарыю, у Бірулінскі саўгас. Аб гэтай перадавой гаспадарцы ён вычытаў у газеце. Там набудзе трусоў на развод, павучыцца ў мясцовых трусаводаў.

Праз два тыдні Сідар Піліпавіч вярнуўся. Прывёз некалькі пародзістых трусаматак ды двух самцоў. Навінкаўцы дзівіліся: “І з-за гэтага варта было трусіцца цягніком ў далёкую Татарыю?” Ды толькі пасьміхаўся пра сябе Сідар Лаўшук. Ён спасціг у сваіх татарскіх калег шмат карыснага і каштоўнага.

Так у Навінках адрадзілася трусагадоўля. А праз два-тры гады яна стала важнай галіной грамадскай жывёлагадоўлі.

Зразумела, што для нарошчвання аб’емаў вытворчасці і далейшага развіцця трусагадоўлі патрабаваліся людзі, і Сідар Піліпавіч звяртаецца да камсамольцаў. Ён выступіў на камсамольскім сходзе, дзе абмяркоўваліся кандыдатуры будучых даярак, свінарак, птушніц.

— Гэта добра, што вы клапоціцеся пра свінаферму, не забылі пра качак і курэй, рашылі, каго паставіць на малочнатаварную ферму. А хто ж прыйдзе на трусаферму? – сказаў заўзяты трусавод.

І на гэтым сходзе вырашыўся далейшы лёс Ганны Белай, Веры і Марыі Навуменка. Дзяўчаты прыйшлі яму на дапамогу.

У хуткім часе ў Навінкі пачалі прыязджаць госці з усіх абласцей Беларусі, са Смаленшчыны, з Латвіі. Госці дзівіліся трусагадоўчай ферме. Не злічыць, колькі тут было клетак з трусамі. А, калі яны даведваліся, што за год трусаферма давала калгасу 200 тысяч рублёў прыбытку, то здзіўленню іх не было канца.

А навінкаўцам было чым пахваліцца: гасцям яны паказвалі залатыя і сярэбраныя медалі – узнагароды Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы за трусагадоўлю, расказвалі аб атрыманні 240 цэнтнераў малака на сто гектараў зямлі і па 40 цэнтнераў мяса, расказвалі пра агульны даход калгаса, які складаў больш 3 мільёнаў рублёў.

Разам са сваімі памочнікамі Сідар Піліпавіч вывеў новую пароду трусоў, якая атрымала назву “Беларускі матылёк”. Парода гэта пераўзыходзіла славутую “Шыншылу” і па вагавых параметрах, і па якасці футра.

У 1955 годзе Сідар Лаўшук і Вера Навуменка становяцца ўдзельнікамі чарговай Усебеларускай выставы і загадчык навінкаўскай фермы ўзнагароджваецца малым сярэбраным медалём. У 1956 годзе на ферме ўжо ўтрымлівалася 5000 трусоў. Ад кожнай трусіхі атрымалі па 27 трусянят. Дзяржаве прадалі 80 цэнтнераў дыетычнага трусінага мяса і звыш 4 тысяч шкурак. За такі поспех работнікі фермы ў другі раз прадстаўляюцца на Усесаюзную выставу. Ферму ўзнагароджваюць малым сярэбраным медалём. А трусіха пад №16 – становіцца чэмпіёнкай Выставы 1956 года.

Сідар Піліпавіч узнагароджваецца вялікім сярэбраным медалём і знакам “Выдатнік сацыялістычнага спаборніцтва сельскай гаспадаркі СССР”.

Але і на гэтым Лаўшук не спыняецца. Ён вядзе шматлікую перапіску з вядомымі трусаводамі СССР, у выніку чаго на Навінкаў-скай трусаферме, што размясцілася за вёскай, абуладкоўваюцца сетчатыя загоны, для трусаматак – надземныя гнёзды. На сотні метраў расцягваюцца доўгія рады клетак, выгульныя пляцоўкі.

У 1958 годзе на чарговай Выставе сельскай гаспадаркі СССР Лаўшук С.П. узнагароджваецца малым залатым медалём.

Вось што ўспамінае аб тым часе работніца трусафермы Марыя Грабоўская: “Да нас на ферму прыязджалі за маладняком з розных куткоў Беларусі. У 1962 годзе трусаферма прадала дзяржаве больш 8 тысяч трусоў. Пра ферму пішуць абласныя і рэспубліканскія газеты. 6 раз прымаў удзел Сідар Піліпавіч ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве, атрымліваў узнагароды – медалі і прэміі – веласіпед, радыёпрыёмнік, гадзіннік.

Пра Сідара Піліпавіча напісалі кнігу, на жаль, яна знікла.

Лаўшук Сідар Піліпавіч быў не толькі працалюбівым актыўным чалавекам па жыцці, але і цудоўным мужам, бацькай. Разам з жонкай яны нарадзілі і вырасцілі, далі адукацыю сваім сынам Піліпу і Мікалаю, дочкам Галіне і Таццяне.

Работа з такім чалавекам дала і свае плады. У прыватнасці, Марыя Максімаўна Грабоўская, якая працавала з ім, была адной з лепшых работніц калгаса. Яна стала ўдзельніцай Пленума перадавікоў сельскай гаспадаркі ў Мінску, дэлегатам Усесаюзнай нарады па пытаннях сельскай гаспадаркі на Украіне, удзельніцай Выставы сельскай гаспадаркі ў Маскве, дзе была ўзнагароджана малым сярэбраным медалём.

Галіна Мікалаеўна Белая таксама прымала ўдзел у выставах у Маскве, а ў 1985 годзе была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Сідар Піліпавіч ганарыўся дасягненнямі сваёй фермы і падначаленых, любіў іх як родных дзяцей.

Не стала нястомнага працаў-ніка і цудоўнага арганізатара 2 ліпеня 1982 года.

8. брыгадзір фермы Антон лаўшук

Загадчыкам жывёлагадоўчай фермы франтавіка, узнагароджанага медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Берліна” Антона Сяргеевіча Лаўшука назначылі ў 1951 годзе. Зусім нядаўна закончылася вайна, і калгасы, і людзі яшчэ не паспелі расправіць крылы, аднавіць зруйнаванае і разбуранае ліхалеццем. Калгасная ферма, калі яе прынімаў Антон Лаўшук, налічвала ўсяго 150 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 39 кароў. Не было свіней і авечак. Але і тое пагалоў’е, што было, не маглі ўтрымоўваць, як мае быць. Не хапала кармоў, не было памяшканняў.

Што тут гаварыць і пра прадукцыйнасць статка. Калгаснікі праз слёзы жартавалі, што козы даюць больш малака, чым іх калгасная карова.

Цяжкія былі часы. Але не ведаў стомы брыгадзір фермы і яго падначаленыя.

Асаблівы ўздым пайшоў з 1954 года, калі старшынёй калгаса навінкаўцы выбралі дбайнага гаспадара Міхаіла Горахава. Ён разам з загадчыкам фермы ўдзяліў асаблівую ўвагу жывёлагадоўлі. Спачатку пачалі з расшырэння кармавой базы. Ужо ў 1954 годзе было засеяна каля 300 гектараў шматгадовых траў. Больш пачалі рыхтаваць сіласу. І намаганні прынеслі плён. Ужо праз тры гады надоі ўзраслі больш чым удвая. Гэта сёння лічбы ў 500 і 1100 кілаграмаў на карову здаюцца проста смешнымі. А ў той час узрасці з 500 да 1100 – гэта ўжо быў вынік. Асаблівы прырост прынёс 1959 год. Гэта быў першы год сямігодкі. На карову тады навінкаўскія даяркі атрымалі па 2450 кілаграмаў малака. І гэта быў поспех. І заслуга ў гэтым была, у першую чаргу, Антона Сяргеевіча Лаўшука і яго падначаленых – даярак Веры Навуменка, якая за 10 месяцаў 1960г. надаіла 2469 кг малака ад каровы, Ганны Папок (2453 кг), Матруны Навуменка, Ксеніі Блізнец і Ксеніі Дзяйкун, якія таксама ішлі за сваімі сяброўкамі – лідэрамі.

Шчырая праца брыгадзіра жывёлагадоўчай фермы была адзначана медалём “За доблесную працу”, а да баявых узнагарод прыбавіўся ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.

9. мергелевыя залежы

4 чэрвеня 1960 года ў калінкавіцкай раёнцы “Сцяг камунізма” быў апублікаваны нарыс Е.Пятрова з калгаса “Іскра” пад назвай “Малады аграном” (у 1960г. навінкаўскі калгас імя Молатава аб’яднаўся з залатушскай гаспадаркай “Залатая дуброва” пад новай назвай “Іскра” – заўв. аўт.) і пачынаўся нарыс наступным чынам:

“Надзея Белая села на ганак і цяжка ўздыхнула. Яна так стамілася, што не ў сілах была адкрыць дзверы і пераступіць парог. Надзя ледзь дабралася да дому. Але, галоўнае, не хацелася, каб Мікола заўважыў яе стомленыя вочы, бледны твар.

— Табе, Надзея, час ужо ў адпачынак ісці, — сказаў ён.

Надзея ператамілася. Яна толькі што вярнулася з Кіева, дзе абараняла дыплом агранома, завочна закончыла сельскагаспадарчую акадэмію. Прыйшлося нямала папрацаваць. І, калі б не сяўба, то можа і ўзяла б законны адпачынак. Але, хіба зараз яна дазволіць сабе гэта, калі аднавяскоўцы выйшлі ў поле, калі яе вока там так патрэбна, больш чым калі-небудзь”.

Далей аўтар расказвае наступнае: “Седзячы за сталом, Надзея расказвала Мікалаю, як прайшоў дзень, як працавалі людзі. У Мікалая – брыгадзіра будаўнічай брыгады – таксама ёсць чым падзяліцца з жонкай. Іх калгас разгарнуў такую будоўлю, што дух захоплівае. Сюды прыязджаюць з іншых калгасаў, каб павучыцца, як можна танна і трывала ўзводзіць тыпавыя жывёлагадоўчыя памяшканні. У апошні час будуюцца вялікія круглыя свінарнікі, кароўнікі.

… Старшыня калгаса Міхась Горахаў не раз думаў пра сябе, што за многа год яму, бадай, упершыню прыходзіцца працаваць з такім аграномам – настойлівым і адданым справе”.

Палі, якія акружалі Навінкі, не вылучаліся асаблівай урадлівасцю, патрэбны былі ўгнаенні, вапна, даламітавая мука. Усё гэта патрабавала і вялікіх выдаткаў. Але ў калгасе не шкадавалі грошай, ішлі на ўсё, каб зямля дзячыла добрымі ўраджаямі. Вапна ішла ў калгас вагонамі, але гэта не выратоўвала. Каб знізіць кіслотнасць глебы, патрабаваліся эшалоны. І шчырым да працы навінкаўцам дапамог сам гасподзь Бог. Аднойчы да маладога агранома завітаў старажыл вёскі Мікалай Мікалаевіч Дзяйкун, ён пачаў сваю прамову адразу з парога:

— Знайшоў я, Сямёнаўна, скарб, лічы, чыстае золата. Пад нагамі сотні гадоў ляжаў, а мы яго тапталі бессаромна. Самая сапраўдная вапна.

Надзя здзіўлена глядзела на старога.

— Што, Сямёнаўна, думаеш, жартачкі жартую з табой. Пайшлі, паглядзім.

На досвітку Дзяйкун, аграном і старшыня рушылі да месца знаходкі. Радасці іх не было межаў.

— Вось гэта скарб, — узрадаваўся Горахаў. Неадкладна пачынаем здабычу мергеля (мергель – асадкавая парода, якая складаецца з кальцыту або даламіту і гліністых мінералаў – заўв. аўт.).

Брыгаду па здабычы мергелю ўзначаліць было даручана яго першаадкрывальніку. А залежаў яго хапала не толькі для сваіх мэт, а і для суседніх гаспадарак. Шкада, што з цягам часу забылі пра гэты прыродны скарб не толькі ў гаспадарцы, а і ў больш высокіх інстанцыях.

10. у нас добры настрой

Менавіта пад такой назвай 1 Мая 1961 года выйшаў артыкул старшыні калгаса “Іскра” М.Горахава ў раённай газеце “Сцяг камунізма”. Вось што расказваў у сваім артыкуле кіраўнік пра сваю гаспадарку і яе людзей:

“Наш калгас прыйшоў да 1 мая з добрымі працоўнымі поспехамі. У першым квартале на 100 гектараў зямель атрымана па 9,4 цэнтнера мяса і па 56,8 цэнтнера малака. План продажу яго дзяржаве выканан на 300 працэнтаў! За гэтымі лічбамі крыецца самаадданая праца жывёлаводаў.

Ва ўсіх добры настрой, радасна на душы. Напярэдадні свята маладыя трусаводы Марыя Навуменка, Таццяна Дзейкун атрымалі з выставачнага камітэта ВДНГ узнагароды – малыя сярэбраныя медалі і каштоўныя падарункі. Трусагадоўля ў нас стала сапраўды вялікай дадатковай крыніцай павелічэння вытворчасці мяса. Шосты раз ферма з’яўлялася ўдзельніцай Выставы. Калі ў мінулым годзе працаўнікі яе атрымалі 10 тысяч трусоў, то сёлета яны абавязаліся вырасціць 15 тысяч.

Высокіх паказчыкаў дабіліся ў перадмайскім спаборніцтве даяркі. Ксенія Блізнец за 4 месяцы надаіла 1070 кілаграмаў малака ад кожнай замацаванай каровы. Ганна Папок, Ганна Брэль, Вара Брэль, Арына Дзейкун – па 900-1000 кілаграмаў.

Добра ідуць справы і на свінагадоўчай ферме. Нядаўна ўступіў у эксплуатацыю новы тыпавы свінарнік-адкормачнік на 800 галоў. Заканчваецца будаўніцтва свінарніка-матачніка на 100 галоў. Свінаркі Хадося Белая, Ганна Тужык атрымалі ў сярэднім па 10 парасят ад адной свінаматкі. За першыя чатыры месяцы  дзяржаве прададзена 266 свіней агульнай вагой 15700 кілаграмаў.

Днём і ноччу гудуць маторы на калгасных палетках. Хуткімі тэмпамі ідзе сяўба. Пасля яравых хлебаробы прыступяць да пасадкі бульбы. На мінеральных глебах яна ўжо закончана. Бульбу саджаем механізаваным спосабам.

Старанна падрыхтаваліся да сяўбы кукурузы механізатары Піліп Гурскі, Васіль Лаўшук, Андрэй Брэль. Яны будуць вырошчваць сёлета 200 гектараў каралевы палёў”.

І як жа было не быць добраму настрою ў навінкаўскіх калгаснікаў, калі іх шчырая праца не толькі прыносіла плён, добрыя здабыткі ў гаспадарчую казну, але і не заставалася незаўважанай з боку кіраўніцтва краіны. Напрыклад, толькі ў 1966 годзе цэлая група калгаснікаў з Навінак удастоілася высокіх урадавых узнагарод. У сакавіку медалём “За працоўную адзнаку” была ўзнагароджана даярка Белая Ганна Дзмітрыеўна.

У маі адным Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР за поспехі, дасягнутыя ў павышэнні ўраджайнасці, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак бульбы, гародніны, пладоў і ягад, узнагарод удастоіліся: брыгадзір паляводчай брыгады Лаўшук Іван Сяргеевіч, праца якога была адзначана ордэнам Леніна; старшыня калгаса Горахаў Міхаіл Маркавіч і брыгадзір паляводчай брыгады Белы Сямён Васільевіч атрымалі ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга; калгаснік Белы Ціт Мікалаевіч – медаль “За працоўную адзнаку”.

У ліпені ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга была адзначана праца рабочай паляводчай брыгады Сопат Вольгі Аляксандраўны, ордэнам “Знак Пашаны” – шафёра Навуменкі Якава Ануфрыевіча.

У кастрычніку Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР быў узнагароджаны трактарыст Крот Васіль Фёдаравіч.

Многія навінкаўцы былі ўзнагароджаны ордэнам і медалямі СССР за сваю самаадданую працу ў сельскай гаспадарцы і ў наступныя гады.

Старшыня ж калгаса франтавік Горахаў Міхаіл Маркавіч, за дваццаць тры гады свайго старшынёўства ў калгасе імя Молатава, а пасля аб’яднання — “Іскра” (з 1953 па 1976г.), двойчы быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам “Знак Пашаны”.

Згодна перапісу насельніцтва 1956 года ў Навінках пражывала 1214 жыхароў. Вёска ўваходзіла ў склад Чкалаўскага сельсавета Васілевіцкага раёна. Вёска з’яўлялася цэнтрам калгаса “Іскра”, у ёй размяшчаліся 9-гадовая школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, ФАП, ад-дзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, сталовая, два магазіны, млын, піларама. Планіровачна вёска складалася з доўгай, крыху выгнутай, вуліцы, якая цягнулася з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой на поўдні далучалася кароткая вуліца, блізкая да мерыдыяльнай арыентацыі. Жылыя дамы вуліцы былі, як правіла, драўлянымі, сядзібнага тыпу.

У 1960 годзе, пасля скасавання Васілевіцкага раёна, Навінкі ўвайшлі адміністрацыйна і тэрытарыяльна ў Калінкавіцкі раён.

11. Абаронца народнага дабра

У адзін з майскіх днёў 1966 года на навінкаўскіх могілках сабралася амаль уся вёска. На мітынгу выступілі старшыня Камітэта народнага кантролю БССР А.А.Смірноў, загадчык аддзела Камітэта народнага кантролю СССР па саюзных рэспубліках  А.А. Тужыкаў і старшыня Калінкавіцкага раённага камітэта народнага кантролю В.Г.Мятліцкі. Навінкаўцы і высокія госці прыбылі на могілкі, каб яшчэ раз аддаць даніну памяці і павагі свайму аднавяскоўцу, народнаму кантралёру калгаса “Іскра” Дзяйкуну Адаму Мікалаевічу, які цаной свайго жыцця абараніў народную ўласнасць.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 16 красавіка Дзяйкун Адам Мікалаевіч пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”.

Чым жа заслужыў высокую ўзнагароду ўрада, прызнанне і павагу хлебаробаў кантралёр Дзяйкун? Перш за ўсё тым, што да канца сваіх дзён заставаўся верным сынам сваёй Радзімы, мужным воінам, нястомным працаўніком і бясстрашным абаронцам калгасных інтарэсаў.

У 1942 годзе яшчэ падлеткам ён добраахвотна пайшоў на фронт, усю вайну праваяваў механікам-вадзіцелем танка. Баявы шлях танкіста адзначаны ардэнамі Чырвонай Зоркі і Славы ІІІ ступені, медалямі. Тройчы быў паранены. Вярнуўшыся з фронту ў Навінкі, Адам прагна ўзяўся за працу. Восем гадоў з дня ў дзень працаваў трактарыстам. Па 900-1000 працадзён выпрацоўваў ён у год.

Сваёй добрасумленнай працай заслужыў аўтарытэт і павагу сярод аднавяскоўцаў. Яго ведалі, як непрымірымага барацьбіта супраць дармаедаў, п’яніц, дэбашыраў, усіх тых, хто не хацеў жыць сумленна і перашкаджаў працаваць іншым. У вёсцы ў яго было шмат сяброў, але былі і ворагі, накшталт Мікалая Васенды. Калі гэты бандзюга скраў калгаснае сена, Дзяйкун не пабаяўся яго пагроз, а прыйшоў да яго на двор і прымусіў аддаць крадзенае. Васенда на ўсю ваколіцу тады роў: “Заб’ю! Не дарую”. Затым аднойчы Васенда выхапіў нож і ледзь не ўсадзіў яго ў спіну Дзяйкуна. Аднавяскоўцы не далі. Даравалі тады бан-дзюка. Але той не супакоіўся. Позна вечарам 22 жніўня 1965г. ён знянацку напаў на сельскага актывіста і забіў яго.

У Навінках адразу ж здагадаліся, хто здзейсніў забойства. Мікалай Васенда ў вёсцы слыў вядомым хуліганам, не чыстым на руку чалавекам, п’яніцай, які не грэбаваў ні грамадскай, ні прыватнай уласнасцю. Суд прыгаварыў бандыта да 15 гадоў пазбаўлення волі. Але добрасумленнага працаўніка, героя вайны, справядлівага чалавека Адама Дзяйкуна вярнуць назад ужо было немагчыма.

Ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР старшыня Гомельскага аблвыканкама М.А.Кліменка перадаў урадавую ўзнагароду жонцы героя Соф’і Кузьмінічне.

12. дэпутат вярхоўнага савета

Гэта адбылося ў адзін са студзеньскіх днёў 1985 года. Ганна Белая, якая сядзела разам з усімі ў зале, адразу нават не паверыла сваім вушам, калі сакратар парткама калгаса “Іскра” Уладзімір Маркевіч сказаў:

— Прапаную вылучыць кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Зеляноцкай выбарчай акрузе №332 нашу даярку Ганну Мікалаеўну Белую.

Усе прысутныя, шчыра ўсміхаючыся і гледзячы, як іх разгубленая сяброўка перакідае свой позірк з аднаго на другога, дружна прагаласавалі “за”.

Прапанову навінкаўцаў і залатушцаў падтрымалі і хлебаробы калгаса імя Калініна, эксбазы “Ліпава”. Людзі ведалі — Белая іх не падвядзе.

Жыццё даяркі Навінкаўскай малочнатаварнай фермы Ганны Белай, ад першых яе самастойных крокаў да таго дня, як вяскоўцы аказалі ёй высокі давер, было, як на далоні ўсіх Навінак. Пасля заканчэння Васілевіцкай дзесяцігодкі Ганна паспрабавала паступіць у Гомельскі кааператыўны тэхнікум. Не прайшла па конкурсу. Асаблівымі перажываннямі з гэтай нагоды не мучылася. Адрывацца ад роднага кутка не вельмі хацелася. І, безумоўна, калі ўзнікла пытанне, што ж рабіць далей, вырашыла ўладкавацца на калгасную трусаферму. Працавала сумленна, з душой. Як гаварылі тады, справе аддалася з усім камсамольскім запалам. Многаму вучылася ад маці, якая працавала заатэхнікам, многае пасцігла з кніг, бо новая прафесія ўвесь час падкідвала новыя пытанні. А так хацелася ва ўсім разабрацца, ва ўсё ўнікнуць. Працу сваю Ганна палюбіла і рабіла добрасумленным чынам. Аднак, неўзабаве трусаферму прыйшлося пакінуць. Сям’я, нараджэнне дзіцяці не давалі аддавацца любімай справе на поўную моц. Перайшла ў паляводчую брыгаду.

… Ішлі гады. Адзін за другім у сям’і з’явілася яшчэ трое дзяцей, якія, зразумела, неўпрыкмет падрасталі. І вось тады Ганна Мікалаеўна вырашыла змяніць свой працоўны накірунак. Захацелася большага, істотнага. І яна пайшла працаваць даяркай. І гэты выбар душы быў вельмі трапным. Год ад году расло яе майстэрства. Яна стала адным з найбольш вопытных жывёлаводаў калгаса, ды што калгаса, раёна, вобласці. Валавы надой ад 37 галоў яе групы складаў 88 тон, што па тым часе было проста выдатным вынікам. Яшчэ Ганна Мікалаеўна вылучалася сярод сябровак такімі выключнымі рысамі характару, як  спагадлівасць, нетаропкая разважлівасць, уменне выслухаць чалавека да канца. І самае галоўнае, што яна мела – гэта дабрыню да ўсіх. І яна заўважалася паўсюдна, на кожным кроку: на рабоце, дома, сярод людзей. Пра такіх як Ганна Белая звычайна гаварылі: “Яны апошняе аддадуць, каб толькі чалавеку было добра”. Не кожнаму дадзена такое. Гэта заслугоўваецца гадамі сумленнай працы, жыцця, чалавечнасцю і працалюбствам.

13. героі непатрэбнай вайны 

Намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў Рыгор Сакалоўскі – воін-інтэрнацыяналіст, палкоўнік у адстаўцы напісаў цудоўныя радкі:

Мы по приказу,

Как в сорок первом,

Ушли в Афган…

Нас исхлестали,

Но мы – людьми

Остались.

Там, за “ракой” пабывала 30 тысяч беларусаў, 290 з іх – ураджэнцы Калінкавіцкага раёна, трое – з вёскі Навінкі.

Першым у Афганістан трапіў Віктар Брэль. Ён нарадзіўся ў 1964 годзе, закончыў у роднай вёсцы васьмігодку, затым Залатушскую сярэднюю школу. У 1981г. пайшоў вучыцца ў ПТВ-84 г.Мазыра на вадзіцеля-аўтаслесара. Яшчэ са школы Віктар захапляўся спортам: футболам, лыжамі. 20 кастрычніка 1982 г. па спецнабору па камсамольскай пуцёўцы быў накіраваны на службу ў пагранічныя войскі. Трапіць у іх было не проста. Туды адбіралі толькі лепшых: смелых, моцных, надзейных, тых, хто мог у любой сітуацыі праявіць мужнасць і знаходлівасць.

Вучэбку Віктар праходзіў у Тэрмезе, а ў лютым 1983 апынуўся на тэрыторыі чужой краіны. Вось што ўспамінаў Віктар аб выкананні ім інтэрнацыянальнага абавязку ў Афгане: “У час знаходжання ў Афганістане часта ўдзельнічаў у баявых аперацыях і захопе бандфарміраванняў. Яны аказвалі ўпартае супраціўленне і неаднойчы абстрэльвалі калоны савецкіх войск. У час перастрэлак гінулі мае сябры. Іх страты было цяжка перанесці душэўна. Немагчыма было ўсвядоміць, што ты ўжо ніколі не ўбачыш іх жывых, не пагаворыш з імі. З гэтым немагчыма было зжыцца.

У час баявых аперацый мы ў суткі спалі не больш чатырох гадзін і толькі днём, ноччу ніхто не спаў, так як пастаянна ішлі абстрэлы, трэба было весці бой…”

Баявы шлях Брэля Віктара Васільевіча ў Афганістане, у якім ён знаходзіўся з лютага 1983 года па ліпень 1984 года, быў адзначаны медалём “За баявыя заслугі” і Граматай Прэ-зідыума Вярхоўнага Савета СССР. Дэмабілізаваўся навінкаўскі хлопец толькі ў лютым 1985 года.

Свой далейшы лёс Віктар звязаў са службай у органах унутраных спраў. З мая 1985 года па красавік 2002 года служыў ва ўпраўленні ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. У час службы ў міліцыі прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, узнагароджаны медалём “Удзельнік ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС”.

Самае цікавае, што ўсе гэтыя гады Віктар не парываў са спортам. Ён актыўна займаўся самба і рукапашным боем, выканаў разрад кандыдата ў майстры спорту, лічыў, што спорт фарміруе вынослівасць, характар, закаляе волю.

Зараз Віктар Васільевіч на пенсіі. Жыве ў Гомелі, жанаты, мае сына Дзяніса і дачку Ірыну.

Другім навінкаўскім воінам інтэрнацыяналістам стаў Сяргей Навуменка, які нарадзіўся ў 1967 годзе. На жаль, дакладна не ўдалося даведацца, дзе і як служыў Сяргей. Вядома адно, што сяржант Навуменка таксама служыў у пагранвойсках і служыў выдатна. Пасля Афганістана закончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, працаваў спачатку настаўнікам фізічнай культуры ў Міхнавічах Калінкавіцкага раёна, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай Ладай, якая там працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, і затым з’ехаў на радзіму жонкі ў Татарстан, дзе і зараз жыве і працуе.

Трэцім “афганцам” стаў Васіль Грабатоўскі, 1970 года нараджэння. Ў 1985 годзе ён закончыў Навінкаўскую васьмігодку. У гэтым жа годзе ў іх сям’і  здарылася вялікае гора – памёр бацька. Сярэднюю адукацыю Васіль атрымаў у суседняй Залатусе. На гэты час сястра яго была ўжо студэнткай Горацкай сельгасакадэміі, а маці, якой прыйшлося адной падымаць дзяцей, стала інвалідам па зроку. І хаця Васіль марыў пра вучобу прыйшлося ўладкоўвацца на работу, каб дапамагаць маці і сястры. Ён уладкаваўся ў Залатушскае лясніцтва. У той сітуацыі яму маглі даць і адтэрміноўку  па службе ў арміі, але Васіль не захацеў, ён лічыць і цяпер, што сапраўдны мужчына абавязаны выканаць свой воінскі абавязак перад Айчынай. Больш таго, ён свядома рыхтаваўся да службы: займаўся спортам, захапіўся барацьбой. Вялікую падтрымку яму ў гэтым аказаў Віктар Брэль, з якім ён пасябраваў. Мусіць, гэта сяброўства і аказала далейшы ўплыў на яго выбар. Пасля прызыву ў армію Васіль выклікаўся добраахвотнікам служыць у Афганістане. Маці, дарэчы, аб гэтым нічога не ведала. 16 мая 1988 года Васіль пачаў службу ў пагранічных вайсках КДБ СССР на таджыка-афганскай граніцы. Пасля навучання па спецыяльнасці аператар-наводчык БМП-1 у складзе 4-й мота-дэсантнай штурмавой групы ён быў перапраўлены на чужую тэрыторыю. У саставе гэтай групы Грабоўскі служыў да звальнення ў запас. Вось што ўспамінае Васіль Іванавіч пра той час:

“За ўсю службу 73 разы ўдзельнічаў у выхадах на баявыя аперацыі. Баявое хрышчэнне атрымаў у горадзе Каджыгорач. Па прыбыцці на месца пачалі акопвацца. Праз некалькі хвілін каля нашага экіпажа, які складаўся з васьмі чалавек, упала граната РПГ, на наша шчасце – не ўзарвалася”.

І такіх вось “шчаслівых” выпадкаў у жыцці воіна-інтэрнацыяналіста былі дзесяткі. Гінулі яго сябры, а яму пашчасціла выжыць, цэлым і здаровым вярнуцца ў родныя Навінкі, дзе і зараз жыве са сваёй маці і працуе ў сельскай гаспадарцы.

14. Alma mater

Навучаць дзяцей грамаце ў Навінках сістэмна пачалі з 1879 года, калі ў вёсцы адкрылася школа граматы. Настаўнікаў сяляне наймалі. Тыя пераходзілі з хаты ў хату і ў сем’ях навучалі дзяцей. Там жа і харчаваліся. Вучоба пачыналася на Пакроў і заканчвалася на Вялікдзень, адным словам, узімку, бо з наступленнем вясны ўсім — і старым, і малым хапала спраў у агародзе, полі, на лузе.

У 1913 годзе, напярэдадні першай сусветнай вайны, у Навінках была створана ўжо сапраўдная школа. Заняткі праводзіліся ў доме Белага Ануфрыя. І вучоба была платнай.

Першая тыповая пачатковая школа была пабудавана  ў вёсцы ў 1924 годзе, а першых вучняў яна прыняла 1 студзеня 1925 года.

У гэтым жа годзе, як сведчаць пісьмовыя крыніцы, 17 лютага ў Навінках адкрылася і хата-чытальня, якую ўзначаліў мясцовы настаўнік Кацман Іосіф Сямёнавіч. У савет хаты-чытальні ўваходзілі Навуменка Мікіта Дмітрыевіч, Красоўскі Платон Іванавіч (настаўнік), Белы Мікалай Ануфрыевіч, Сопат Раман Сяргеевіч, Навуменка Яўсей Андрэевіч. Пад хату-чытальню здавала сваё домаўладанне Лаўшук Таццяна Міхайлаўна.

Да Вялікай Айчыннай вайны дырэктарам Навінкаўскай школы быў Громаў Пётр Міхайлавіч. У 1942 го-дзе  ў сувязі з тым, што ў будынку школы размяшчаўся гарнізон чэха-славакаў, партызаны спалілі яго.

Адразу ж пасля вызвалення вёскі, з 1 верасня 1944 года, заняткі ў школе аднавіліся, яны праходзілі ў мясцовым клубе.

У 1947 годзе быў пабудаваны новы драўляны будынак школы, які існуе і па сённяшні дзень. Доўгі час дырэктарам школы была Анціпенка Марыя Васільеўна. А ў 1967 годзе яе ўзначаліў Жогла Мікалай Логвінавіч, які закончыў Брэсцкі педінстытут. Выбар настаўніцкай прафесіі для гэтага педагога не быў выпадковым: проста ён пайшоў па шляху свайго бацькі, які доўгія гады настаўнічаў на Брагіншчыне. У Навінках Мікалай Логвінавіч знайшоў другую сваю палавінку. Яго жонкай стала Надзея Барысаўна Белая, якая свой шлях у педагогіку пачала з пасады старшай піянерважатай, а затым завочна закончыла Гомельскі педагагічны інстытут і выкладала матэматыку.

Мікалай Жогла 33 гады ўзначальваў Навінкаўскую школу. Сапраўдны майстар сваёй справы, чалавек з вялікай літары, ён карыстаўся бязмежным аўтарытэтам у асяроддзі педагогаў, бацькоў і аднавяскоўцаў. Быў актыўным удзельнікам усіх значных падзей, якія адбываліся ў жыцці вёскі, шматгадовым дэпутатам Чкалаўскага сельсавета, намеснікам яго старшыні.

Мікалай Логвінавіч і яго жонка Надзея Барысаўна выпусцілі ў свет цэлую плеяду педагогаў – нашчадкаў свайго прафесійнага майстэрства, якія сталі прадаўжальнікамі педагагічнай дынастыі. Іх дачка Іна – настаўніца рускай мовы вышэйшай катэгорыі гімназіі №1 г.Гродна. Іх унук Канстанцін атрымаў гістарычную адукацыю ў БДУ.

У 60-70-я гады Навінкаўская школа дасягнула найвышэйшага росквіту ў сваім развіцці. Колькасць вучняў у школе вагалася тады ў межах 275-280 чалавек. А значныя дасягненні ў навучанні і выхаванні школь-нікаў тады былі звязаны з імёнамі выдатніка народнай асветы, настаўніцы пачатковых класаў М.А.Сопат, настаўнікаў Т.А.Навуменка, Л.І.Голуб, Г.С.Грыцук.

У 1972 годзе на працу ў Навінкі прыйшла цудоўная настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Мікалаеўна Блізнец (Краўчанка), якая віртуозна выкладала тут свой любімы прадмет да 1990 года. Яе майстэрства было адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі і медалём “За працоўную адзнаку”.

На працягу 40 гадоў працавала ў Навінкаўскай школе настаўніцай пачатковых класаў і выхавальніцай групы падоўжанага дня, сумяшчала працу з выхаваннем пяці ўласных дзяцей, двое з якіх выбралі прафесію педагога, Кацярына Давыдаўна Брэль, 33 гады свайго жыцця фізічнаму выхаванню падрастаючага пакалення прысвяціў настаўнік фізкультуры Уладзімір Іванавіч Брэль.

Яшчэ да вайны пачаў свой шлях у педагогіку ветэран вайны, добраахвотнік, Іван Фядосавіч Сопат. Усё пасляваеннае яго жыццё звязана з Навінкаўскай школай, ён тут працаваў настаўнікам пачатковых класаў, фізікі і матэматыкі, чарчэння і малявання, доўгія гады быў старшынёй прафсаюзнай арганізацыі школы. Зараз ветэран – адзіны з удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, хто яшчэ застаўся ў жывых, а нарадзіўся Іван Фядосавіч 20 студзеня 1923 года.

З 2000 года школу ўзначальвае Строк Наталля Міхайлаўна. Да гэтага часу тут склаўся стабільны педагагічны калектыў, касцяк якога складаюць мясцовыя настаўнікі. Зараз ДУА “Навінкаўская БАШ” – гэта школа роўных магчымасцей (адаптыўная). Тут працуе калектыў педагогаў-аднадумцаў,  працоўны стаж большасці з іх – звыш 10 гадоў. Колькасць вучняў з 2000 да 2010 года  вагалася ў межах ад 50 да 65 чалавек.

Школа ганарыцца сваімі выпуск-нікамі, якія дасягнулі значных вышынь у сельскай гаспадарцы, вайсковай справе, педагагічнай дзейнасці. Аб іх мы расказалі вышэй, тых, хто выбраў у жыцці іншы шлях, як, напрыклад, Лаўшук Васіль Васільевіч, выпускнік 1984 года і яго сястра Тамара. Яны сталі юрыстамі: Тамара натарыус у г.Гомелі, а Васіль суддзя гаспадарчага суда Гомельскай вобласці. Або Навуменка Наталля Ільінічна, якая выбрала сцяжынку вучонага і зараз загадвае кафедрай нямецкай мовы ў Гомельскім універсітэце імя Францыска Скарыны. Ганарацца навінкаўцы і сваімі землякамі: палкоўнікам Лаўшуком Сяргеем Іванавічам, які зараз працуе супрацоўнікам апарата СНД па бяспецы. Шэсць выпускнікоў школы закончылі педагагічныя навучальныя ўстановы і зараз выхоўваюць юных навінкаўцаў у сваёй жа школе. Гэта Паўленка Анастасія Іванаўна, Белы Сяргей Паўлавіч, Белая Наталля Аляксандраўна, Галоўка Ніна Міхайлаўна, Лаўшук Таццяна Аляксееўна, Даніленка Таццяна Мікалаеўна.

15. вёска будуецца

Ёсць такая народная прыкмета: Калі вёска будуецца, узводзіцца новае жыллё, значыць паселішча працягвае жыць і гэта сапраўды так. За апошнія пяць гадоў у Навінках узведзена 5 новых дамоў. Вёска працягвае заставацца цэнтрам сельгаспрадпрыемства. Праўда, за апошняе дзесяцігоддзе статус гэтага сельгаспрадпрыемства не раз змяняўся. Як ужо паведамлялася вышэй, у 1960 годзе навінкаўскі калгас імя «Молатава» і залатушскі “Залатая дуброва” аб’ядналіся ў адну гаспадарку, якая атрымала назву “Іскра”. У 90-я гады мінулага стагоддзя калгас пераіменавалі ў сельскагаспадарчы кааператыў “Залатая дуброва”, у 2005 г. да гэтага кааператыва далучылі лукскі СВК “Надзейны”, які ў народзе празвалі “Безнадзейным” з-за яго бядотнага матэрыяльна-фінансавага становішча. А ў 2007 годзе СПК “Залатая дуброва” стаў сельгасфіліялам ААТ “Калінкавічырайаграсервіс”.

У розныя часы пасля Горахава сельгаспрадпрыемства ўзначальвалі таленавітыя арганізатары сельгасвытворчасці: Пархоменка Мікалай Фядосавіч (1976-1989гг.), Лігорскі Анатоль Альфонцавіч (1989-1998гг.), Герасіменка Эдуард Мікалаевіч (1998-2000гг.), Ком Іван Іванавіч (2000-2006гг.). Дарэчы, апошнія два кіраўнікі зараз кіруюць раёнамі: Герасіменка – Сенненскім у Віцебскай вобласці, а Ком – Чачэрскім на Гомельшчыне. З 2006 года навінкаўцам і залатушцам не шанцавала на добрага кіраўніка, можа, ад таго і былая слава гаспадаркі пачала прытухаць, але ўпэўнены, што справа гэта часовая. Як кажуць людзі, будзе свята і на навінкаўскай вуліцы, а яна, як вядома, доўгая-доўгая.

Зараз у вёсцы ў 199 сядзібах пражывае 441 чалавек. Ёсць у Навінках свой клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, базавая школа, паштовае аддзяленне, аддзяленне ашчадбанка, комплексна-прыёмны пункт, два магазіны, лясніцтва, філіял Дудзіцкай школы мастацтваў, лазня.

Адным словам, ёсць усё, каб і далей вёска жыла і развівалася.

Іван ГАРЫСТ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.