Крукавічы

Мая зямля

Айчыны ветлівы парог,
Які відаць здаля, —
На скрыжаванні ўсіх дарог
Ляжыць зямля мая.
З душою, што яшчэ чысцей
Расы на васільку,
Вітае шчырасцю гасцей
Хлеб-соль на ручніку.
Птушыным граем па вясне,
Дыханнем ціхіх рэк
Аднойчы сэрца закране,
Каб роднай стаць навек.
З сівой, як пушча, даўніны
Яе пачаўся ўзлёт,
Асілкамі раслі сыны
Паміж лясоў, балот.
Той, хто ішоў з мячом,  з агнём
На сціплы мілы кут,
Адпеты чорным груганнём,
І косці стлелі тут.
На светлым свяце ўсёй радні
Аддасць яна паклон
І гляне ўдаль з-пад далані,
Каб новы ўзяць разгон…           

   Сяргей Законнікаў.

 

Маланін скарб

Цікавую і сумную гісторыю расказваюць старажылы Крукавіч пра шматлікае панскае золата, што схавала недзе ў лесе каля вёскі дзяўчына Малання і якое да сённяшняга часу ніхто не знайшоў.

У пана Ваніна, якому некалі належалі Крукавіцкія землі, тут быў маёнтак Ворсічы. Ён знаходзіўся на маляўнічым беразе ракі Вішы. Служыла ў пана незвычайна прыгожая дзяўчына Малання, якая сустракалася з вясковым хлопцам. Вельмі моцна кахалі яны адзін аднаго, былі цудоўнай парай, людзі любаваліся на іх, некаторыя зайздросцілі іх адносінам, шчасцю. Маладыя збіраліся пажаніцца, але, на бяду, убачыў Маланню адзін з сяброў пана і прапаў. Вялікія вочы дзяўчыны, якая не адказала згодай на яго заляцанні, пазбягала сустрэч з ім, сніліся пану начамі. Што рабіць, як схіліць прыгажуню да сябе, скарыць яе, калі яна не звяртае на яго ніякай увагі? Дамовіўся пан з Ваніным паехаць на паляванне, а калі Малання прынясе ім абед, ён скра-дзе яе і сілаю адвязе ў свой маёнтак. Адтуль нікуды ўжо не ўцячэ ад яго ганарліўка-прыгажуня. Дзяўчына падслухала размову паноў, слёзы пацяклі з яе прыгожых вачэй. Што рабіць, як жыць з ненавісным панам? Вядома ж, ён не адступіцца ад яе, не пакіне ў спакоі, а яна не хоча быць нявольніцай. Не пра такое жыццё яна марыла, ды і не жыць ёй без каханага. Малання мела доступ ва ўсе пакоі маёнтка Ворсічы, яна сабрала па іх каштоўныя рэчы і золата, узяла абед і адна паехала ў лес. Па дарозе схавала сабраны скарб, аддала абед панам, а сама адышла крыху ад іх і павесілася на дрэве. Пасля гэтай трагедыі некуды знік і яе каханы, ніхто ніколі яго больш не бачыў.

Пан Ванін абяцаў аддаць трэцюю частку золата таму, хто яго знойдзе. Але колькі не шукалі, так ніхто і не знайшоў. Доўга ў народзе бытаваў выраз «Маланнін скарб».

Назад ў ХVІІІ стагоддзе

У мінулым годзе на ўездзе ў Крукавічы была ўстаноўлена драўляная калона, на якой мясцовыя майстры выразалі дзяўчыну, голуба, бусла, зямны шар, сонца… Гэта сімвалы дабрыні, жыцця, міру. Менавіта так вёска кожны дзень сустракае і праводзіць сваіх жыхароў і гасцей. Увогуле, нягле-дзячы на аддаленасць ад раённага цэнтра (населены пункт размясціўся ў 46 км на паўночны-захад ад Калінкавіч), Крукавічы, у якіх сёння пражывае 515 чалавек,  прывабліваюць сваёй добраўпарадкаванасцю, дагледжанасцю, прыгожымі мясцінамі…

Калі ж узнікла вёска? У Энцыклапедыі гарады і вёскі Беларусі чытаем: “Па пісьмовых крыніцах Крукавічы вядомы з 18 ст. як вёска ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Ра-сійскай імперыі. У 1795 г. – 36 двароў. Па рэвізскіх матэрыялах 1850 г. 231 жыхар”.

З 1997 года летапіс Крукавіцкай зямлі вядзе загадчыца мясцовай бібліятэкі Святлана Уладзіміраўна Траццякова, дзякуючы якой, пераступіўшы парог установы культуры, трапляеш на своеасаблівы востраў ведаў, мастацтва і вялікай мудрасці. На вялікіх стэлажах размяс-цілася класічная і сучасная літаратура, слоўнікі, энцыклапедыі, перыёдыка… Вакол шмат кветак. На стэндах многа цікавай інфармацыі: пра знакамітых землякоў, гісторыю вёскі, навіны раёна і вобласці і г.д. Усё гэта зроблена клапатлівымі рукамі Святланы Уладзіміраўны, якая вось ужо тры дзесяцігоддзі пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага інстытута культуры працуе загадчыцай бібліятэкі. Чалавек таленавіты і творчы, яна даўно цікавіцца гісторыяй роднага краю, яго мастацкімі здабыткамі, народнай творчасцю, таму часта сустракаецца са старажыламі, слухае іх успаміны, а пасля запісвае ў свой летапіс, каб нешта засталося і для нашчадкаў. Старажылы расказвалі Святлане Уладзіміраўне, што Крукавічы ўзніклі недзе ў сярэдзіне 18 стагоддзя. Недалёка ад населенага пункта ёсць урочышча Селішча, дзе некалі існавала невялікая вёска Ворсічы, а побач быў і панскі маёнтак Ворсічы. Мясцовы пан Ванін вырашыў выселіць сваіх прыгонных сялян на горшыя землі за раку Крывулю, далей ад маёнтка. Так Ворсічы падзяліліся на дзве часткі: панскую і мужыцкую, адна з якіх пасля стала называцца Сышчыцы, другая – Крукавічы. І гэты аповед выглядае праўдападобна, бо жыхароў Крукавіч і Сышчыц з даўніх часоў называюць “варсунамі”.

Адкуль жа паходзіць назва вёскі? Адны сцвярджаюць, што, высяляючы сялян з Ворсіч, пан новую вёску хацеў будаваць у адну вуліцу, але балоты прымусілі змяніць першапачатковы план, і двары размясціліся крукам. Гэта відаць і зараз, калі паглядзець на старыя Крукавічы. Другія кажуць, што назва паходзіць ад таго, што рэчкі Крывуля і Рудоўка (іх зараз не існуе) злучаліся каля вёскі, утвараючы крук. Ёсць верагоднасць, што назва вёскі ўзнікла ад прозвішча Крукоўскія, якое распаўсюджана на тэрыторыі Савета. Яшчэ мяркуюць, што пан Ванін пераселеную вёску аддаў у спадчыну свайму сыну, якога, не вядома чаму, называлі Крукавец.

У 1886 годзе ў вёсцы налічвалася 36 двароў, 285 жыхароў, быў ва-дзяны млын і вінакурны завод, да рэвалюцыі – уладанне паноў Ваніных. Іх прыгожы драўляны маёнтак размяшчаўся ў маляўнічай мясціне на беразе Вішы. Недалёка быў вялікі сад, разбіты панам, у якім расло шмат пладовых, ягадных і розных экзатычных дрэў і кустарнікаў, некаторыя з іх захаваліся да сённяшняга  дня. На жаль, падчас вайны амаль увесь сад вымерз. У апошняга пана (кажуць, што пры яго бацьку павесілася Малання) была прыгожая жонка і два сыны Аркадзь і Віктар, яны жылі ў  Драгічыне і часта наведвалі бацькоў. Пан Ванін дапамагаў сваім сялянам. Каля маёнтка часта ладзіліся вячоркі, танцы, вяскоўцаў частавалі за панскі кошт, таму падчас рэвалюцыйных падзей сяляне спачувалі пану. Яны баяліся змен, бо пры Ваніне жыццё ў іх было нядрэннае: былі адзеты і абуты, галадаць не прыходзілася. А чаго чакаць ад новай улады? Невядома.

Людзі нараджаліся і паміралі, гулялі вяселлі і святы, з раніцы да вечара завіхаліся па гаспадарцы, гаравалі на роднай зямельцы-кармі-ліцы. Займаліся земляробствам. Акрамя таго, былі развіты ткацтва, дрэваапрацоўка, кузнечная і скураная справы. Расказвалі старажылы пра народных майстроў: Гаўрылу Траццяка (ён меў сваю сталярню, будаваў прыгожыя дамы, шыў боты), Пятра Залескага (пчаляр, рабіў рамкавыя вуллі), Сяргея Рака (рабіў мэблю), Васіля Панцялеенку (музыка-самавучка, выразаў добрыя дудачкі, рабіў барабаны).

Успамінаючы пра панскі час, нельга не прыгадаць, што недалёка ад Ворсіч быў яшчэ адзін маёнтак – Віша, ён належаў пану Навакоўскаму. Кажуць, падчас вайны  1812 г. у ім спыняўся Напалеон. На пачатку 40-х г. яго разабралі для будоўлі школы ў Крукавічах, а пасля перавезлі ў Азарычы.

Вакол вёскі размяшчаліся розныя ўрочышчы: Вылаз, Гарадзінка, Кіеўшчына, Майдан, Глазаўка, Коўдзіва, Рэпішча, Кладавіца, Крукавец, Клешч, Стаўпішча, Ваўкаўня, Навінскі мох, Паланіца, За ракою, Лясніца, Палякоўшчына, Імшарына, Кляшчоўскі мох,  Царковішча…

Пасля рэвалюцыі пана арыштавалі, а праз некалькі дзён прыехалі і за паненкай. Тамара Кірылаўна Шкода (Прус), бабуля і дзядуля якой, Юлія Сяргееўна і Юліян Іванавіч Пашкевічы, служылі ў маёнтку Ворсічы, расказвала ўнучцы, што “калі паненку забіралі (а была яна вельмі добрай і справядлівай жанчынай), яна сказала тым, хто ў яе працаваў: “Калі мы не вернемся, то разбярыце нашы рэчы сабе. Якая нам ад іх патрэба, з сабою ж не забяром, невядома што чакае нас наперадзе, напэўна, не пабачымся ўжо. А вам мэбля, посуд, адзенне і многае іншае спатрэбіцца”. Бабуля ўзяла прыгожы вялікі ложак, на ім я часта спала малая, і барометр”.

Пасля рэвалюцыі ў гэтых мясцінах арудавалі банды белапалякаў і Булак-Балаховіча, не даючы людзям мірна і спакойна жыць, займацца гаспадаркай, расціць дзяцей.

Крукавічы – цэнтр сельсавета

Да 1924 г. вёска Крукавічы была валасным цэнтрам, у які ўваходзілі Каплічы, Навасёлкі, Савічы, Валасовічы, Колкі. Дваццаць пяць гадоў старшынёй воласці працаваў Фёдар Панцялеенка, пісарам – Барыс Пінчук. Тут была свая арыштанская турма і стражнікі.

У выхадныя і святы людзі хадзілі ў царкву, якая існавала ў Крукавічах да 1936 г. На яе будаўніцтва матэрыял узялі з польскага касцёла, які стаяў ва ўрочышчы Востраў. Бацюшка Трахім, чалавек разумны і адукаваны, дзяк – Рыгор Пінчук. Царкву раскідалі ў 1936 г. Расказвалі старажылы, што калі скідалі з яе званы, то ўбілася некалькі чалавек, а  двое засталіся інвалідамі. З царквы пабудавалі школу ў Сышчыцах.

З 1924 г. вёска – цэнтр сельсавета. Гісторыя сельсавета пачынаецца ў 1919 г. Створаны ў межах Крукавіцкай воласці, ён уключаў вёску Крукавічы і маёнтак Ворсічы. Далучаны ў 1924 г. да Азарыцкага раёна, ён складаўся з вёсак Крукавічы, Шарыпічы, Гара, Сышчыцы, Вуглы, Віша, Беразнякі, хутароў Чыстая Лужа і Церамошнае, маёнтка Ворсічы. Першым старшынёй сельсавета быў Старавойтаў, а сакратаром – Канстанцін Траццякоў. Да вайны сельсавет узначальвалі Рахуба, Ліўшыц, Бобер, М.Я.Казлоў (у гады Вялікай Айчыннай вайны – камісар партызанскага атрада “Смерць фашызму” ў Даманавічах), Бандарэнка, Запатылак, якія прыклалі шмат намаганняў для ўстанаўлення і ўмацавання Савецкай улады на тэрыторыі Савета.

У канцы 20-х г. у часопісе “Наш край” быў размешчаны артыкул “Крукавіцкі сельсавет Азарыцкага раёну Мазырскае акругі 1926-1928 гг.” аўтараў Т.П. Кулакоўскага і М.С. Валатоўскага. У ім расказваецца пра сельсавет, яго месцазнаходжанне, насельніцтва, сельскую гаспадарку, формы землекарыстання і г.д. З артыкула мы даведаліся, што “Крукавіцкі сельсавет займае паўднёвую частку Азарыцкага раёна. Заснаваўся ён пры раёнаванні БССР у цэнтры былой Крукавіцкай воласці, якая ўвахо-дзіла ў склад Рэчыцкага павета Мінскай губерніі да рэвалюцыі і ў склад Гомельскай губерніі – пасля рэвалюцыі. Па велічыні тэрыторыі, колькасці гаспадарак і насельніцтва сельсавет з’яўляецца другім у раёне. Бліжэйшым рынкам для жыхароў з’яўляецца м. Азарычы і толькі ў нязначнай меры г. Каленкавічы.

Праз сельсавет праходзяць шляхі раённага значэння: з м. Азарычы на м. Капаткевічы ў паўночна-заходнім кірунку і з г. Каленка-вічы таксама на Капаткевічы праз паўднёвую частку сельсавета. Масты і грэблі на паказаных шляхах адрамантаваны і знаходзяцца ў здавальняючым стане. Чыгуначныя і вадзяныя шляхі на тэрыторыі сельсавета адсутнічаюць.

Паверхня сельсавета значна прыпаднята на паўночнай частцы, ад так званай Азарыцкай нізіны, а далей паступова на поўдзень пераходзіць у аднастайную раўніну. Усходняя частка сельсавета прадстаўляе нізіну, па якой працякае рэчка Віша. Нізіна занята балотамі, якія паласою ўшыркі да 1 км цягнуцца праз увесь сельсавет з поўначы на поўдзень на працягу 10-13 км. Рэчка Віша 30 год назад пракопана лесапрамыслоўцамі і цяпер прадстаўляе звычайную канаву. Самае глыбейшае месца рэчкі 7-8 м каля маста, што па дарозе з Крукавіч у Навасёлкаўскі сельсавет, дзе размешчаны млын з валюшам грамадзяніна Кацмана. На балотах рэчкі Вішы ёсць 4 крыніцы з смачнаю, празрыстаю, халоднаю вадою з балотным пахам. Вада ў іх ніколі не замярзае.

Лясоў у сельсавеце мала, яны пераважна складзены хвояй з нязначнаю прымешкаю бярозы і асіны. Будаўнічых матэрыялаў няма. З карысных выкапняў на тэрыторыі сельсавета шмат сустракаецца чырвонае гліны, торфу, а месцамі ў балотах ёсць жалезная руда. Вельмі многа гліны ў мясціне Лясніца. Там 20 год назад былы абшарнік маёнтка Ворсічы пабудаваў цагельню, разбураную ў гады грамадзянскай вайны.

На 1 студзеня 1928 г. усяго ў сельсавеце налічвалася 3031 чалавек, з якіх: 1507 мужчын і 1524 жанчыны. Па нацыянальнаму складу насельніцтва размяркоў-ваецца так: беларусаў 2964, яўрэяў 27, украінцаў 36 і іншых 4. Усё насельніцтва сельсавета размешчана ў 11 пасе-лішчах: вёсках Беразнякі, Віша, Вуглы, Гара, Крукавічы (тут пражывае 673 чалавекі, знаходзіцца 124 гаспадаркі), Сышчыцы, Чыстая Лужа, Шарыпічы і хутарах Віша, Ворсічы, Церамошнае. У 1928 г. на тэрыторыі Савета нарадзілася 128 чалавек, памерла 59.

Асноўным відам заняткаў насельніцтва з’яўляецца земляробства з ухілам да жывёлагадоўлі. Падсобнымі відамі заняткаў лічацца: заработкі ў лесе для большай часткі гаспадарак і для меншай – рамёствы: шавецтва, кравецтва, бондарства, выраб цэглы і іншае. Жывёлагадоўля пасля земляробства займае ў гаспадарцы сельсавета другое месца.

Гародніцтва мае выключна спажывецкі характар. Садоўніцтва прамысловага кірунку не мае. Сялянства пачынае разводзіць невялічкія садочкі для сваіх патрэб. З больш буйных садоў трэба адзначыць сад плошчаю да 8 дзес. у былым маёнтку Ворсічы, які знаходзіц-ца ў карыстанні садова-гароднага таварыства, арганізаванага ў бягучым годзе, і другі сад плошчаю да 2 дзес. у былым маёнтку Віша, які знаходзіцца цяпер у карыстанні Вуглоўскае школы. Абодва сады маюць шмат дэкаратыўных дрэў, такіх як карагана, бэз, дуб і інш. Асабліва вялікія дубы растуць у Вішанскім садзе, іх чамусь называюць “крымскімі дубамі”.

Пчалярства ў сельсавеце да знішчэння лесу было значна пашырана. Пчолы разводзіліся ў калодных вуллях. Знішчэнне лесу, грамадзянская вайна, бандытызм і акупацыя палякамі давялі пчалярства да поўнага заняпаду. Аднаўленне пчалярскае справы пачынаецца з 1925 г. і ў сучасны момант яно прадстаўлена 172 сем’ямі пчол у калодных вуллях і 145 сем’ямі – у рамачных.  Ёсць пчэльнік (15 рамачных вулляў) у грамадзяніна Залескага Пятра, які з’яўляецца аматарам і добрым даследчыкам пчалярскае справы. Ён сам робіць рамкавыя вуллі і збывае іх па 10 рублёў за штуку вакольнаму насельніцтву. З некаторых вулляў Залескі выбірае да 3 пудоў мёду. Пчэльнік Залескага з’яўляецца паказальным у Азарыцкім раёне і яго дапамогаю карыстаецца шмат пчаляроў.

Бедната вёскі Крукавічы ў колькасці 27 гаспадарак у 1929 г. арга-нізавала калгас “Зорка Беларусі” на 450 га плошчы. Калектывізацыя знаходзіць прыхільнікаў сярод бядняцка-серадняцкіх мас насельніцтва, больш заможныя сяляне, а такіх, як кажуць старажылы, у вёсцы было нямала, не хацелі ўступаць у калгас. Іх можна зразумець: гадамі яны гаротна працавалі, крыху разжыліся, а тут усё абагульняюць. Як жа тое будзе? Першым старшынёй калгаса стаў Павел Мацвеевіч Шаблінскі, рахункаводам – Фядос Панцялеевіч Пінчук. Першыя гады кантора калгаса размяшчалася па сялянскіх хатах.

Першыя камуністы: Гаўрыла Галавач, Дзяніс Галавач, Кандрат Яцко, першы камсамолец – Аляксандр Тарасевіч, сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса “Зорка Беларусі”. У 1937 годзе вёску захлынулі сталінскія рэпрэсіі. Былі раскулачаны і высланы найбольш адукаваныя людзі: Архіп Панцялеенка, Пятро Пінчук, Мікалай Яцко, Верамей Пінчук і іншыя. На пачатку 30-х былі адчынены клуб, аддзяленне сувязі, крама, летам працавалі яслі.

Жыхары Крукавіч — людзі са своеасаблівымі поглядамі на жыццё, цікавымі мастацкімі здабыткамі, сваімі звычаямі і абрадамі. Па-асобаму адзначалі яны святы, гулялі вяселлі. А ведаеце, як яны выбіралі месца для будаўніцтва хаты? Пяклі хлеб, бралі з дзяжы вечка, на яго лажылі бохан хлеба і ставілі на плячо. Ішлі на тое месца, дзе збіраліся будаваць хату, і кружыліся. Калі хлеб падаў на зямлю тым бокам, якім ляжаў у печы, тады тут пачыналі будоўлю, калі іншым, то шукалі іншае месца для размяшчэння хаты. А калі збіраліся рабіць хлеў, то выкопвалі яму, кідалі ў яе на ноч палку. Назаўтра выймалі і калі на ёй была казявачка ці чарвячок, то хлеў размяшчалі тут.

Збіраючыся на зажынкі, жанчыны апраналіся ў самае лепшае адзенне і выходзілі ў поле. Першы зжаты снапок неслі да іконы і ставілі на покут. Там ён і стаяў да наступнага года, пакуль не пачыналася сяўба. Зярняты з гэтага снапка сеялі першымі, лічылі, што з іх будзе самы лепшы ўраджай. Калі жыта дажыналі, то пакідалі тры каласкі. Вакол абкопвалі іх  зямлёй, абвязвалі ніткай і палівалі вадой, каб у наступным годзе жыта было чыстае,не зарастала зеллем.

“Тата, чаму яны страляюць у людзей?..”

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы быў праведзены своеасаблівы рэлігійны абрад з мэтай захавання Крукавіч ад акупантаў. Для гэтага за адзін дзень жанчыны саткалі прыгожую фіранку даўжынёй 8 метраў, шырынёй 60 сантыметраў. Дзве дзяўчыны павольна абышлі з ёй вакол вёскі, нібы загарнулі Крукавічы ад фашыстаў. Пасля жанчыны занеслі фіранку ў Азарыцкую царкву.

Фёдар Фядосавіч Пінчук, 1930 г.н., расказваў, што “немцы, як прыйшлі ў Крукавічы, сагналі амаль усіх лю-дзей у гумно ў вёсцы Шарыпічы. Мы сядзелі там некалькі дзён у страху за свой лёс, без ежы. Пасля немцы пайшлі далей, а мы вярнуліся дадому. Да лістапада акупанты ў нас не паказваліся, мы жылі, як і раней: убі-ралі ўраджай, завіхаліся па гаспадарцы… У апошні месяц восені фашысты прыехалі, утварылі камендатуру, быў прызначаны бургамістр і начальнік паліцыі, а таксама паліцаі з мясцовых жыхароў, згадзіліся пяць чалавек. Ніхто і не падумаў, што гэтыя людзі так лёгка пойдуць на здраду радзіме, сваім аднавяскоўцам. Пасля вайны за здраду савецкай уладзе амаль усе здраднікі былі расстраляны.

Немцы не лічылі сябе акупантамі, яны казалі, што прыйшлі вызваляць нас ад рабства, таму мірным жыхарам няма чаго іх баяцца, яны нас чапаць не будуць. Але так было толькі на словах. Разам з паліцаямі, якія добра ведалі кожнага жыхара вёскі, яны арганізавалі адпраўку моладзі на працу ў Германію. Туды трапілі Надзея Шаблінская, Таццяна Бандарэнка, Соф’я Панцялеенка, Уладзімір Траццяк і многія іншыя. Акрамя таго, моладзь і жанчын ганялі на працу ў Азарычы, дзе быў вялікі нямецкі гарнізон, таму акупанты ў Крукавічах бывалі амаль што кожны дзень, патрабавалі ежу, адзенне, абутак, забіралі жывёлу. Забягалі ў хаты і пераварочвалі там усё дагары нагамі.

Калі немцы адступалі, то сагналі частку жыхароў Крукавіч у суседнюю вёску Чыстая Лужа. Там зачынілі нас у гумне, якое падпалілі, але людзям удалося адчыніць вароты. Кінуліся, хто куды: адна частка на так званы Тарасаў востраў, частка – дадому. Калі людзі беглі, немцы стралялі ім у спіны. Адзін хлопчык, гады тры яму было, закрычаў: “Татка, чаму яны па людзях страляюць? Гэта ж не паляванне.”  Як жа растлумачыць дзіцяці такія дзікунскія паводзіны акупантаў?

Тыя крукавічане, што пабеглі дадому, трапілі ў канцэнтрацыйныя лагеры смерці. Яны былі створаны фашыстамі каля вёсак Дзерць, Падасіннік і г.п. Азарычы. Шмат жыхароў з нашай вёскі там загінула. На ўрочышчы Глазаўка, у балоце, немцы рыхтавалі яшчэ адзін лагер смерці, але не паспелі ажыццявіць свой план.”

16 студзеня 1944 г. вёска была  вызвалена байцамі 65-й арміі генерала Батава.

Больш за 110 крукавічан не вярнуліся дадому з франтоў. Барыс Бандарэнка, Аркадзь Белякоў,  Арсен Вішнеўскі, Даніла Галавач, Рыгор Дударэнка, Аляксей Панцялеенка, Уладзімір Бандарэнка, Іван Панцялеенка, Іосіф Пінчук, Уладзімір Бандарэнка, Васіль Галавач, Ціт Гармаш, Дзмітрый Панцялеенка і многія іншыя. Але вёска ганарыцца і памятае пра сваіх землякоў, што набліжалі Перамогу. У іх гонар у цэнтры Крукавіч у 1985 г. ўстаноўлены помнік.

А тым, хто вярнуўся з Вялікай Айчыннай, а гэта Сцяпан Маісеевіч Пархоменка, Пятро Ігнатавіч Траццяк, Канстанцін Ігнатавіч Траццякоў, Барыс Бандарэнка, Дзмітрый Бандарэнка, Мікалай Яцко, Іван Дзмітравіч Панцялеенка, Уладзімір Раманавіч Маджар, Аляксандр Шкода і іншыя, разам з вяскоўцамі патрэбна было брацца за аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі.

Поўны кавалер ордэна Славы

Асобна хочацца расказаць пра Уладзіміра Раманавіча Маджара, поўнага кавалера трох ордэнаў Славы, жонка якога, Алена Паўлаўна, і сёння жыве ў вёсцы. Яна беражэ памяць пра мужа, ашчадна захоўвае фотаздымкі, выразкі з газет і часопісаў і адзначае, што такіх сумленных і справядлівых людзей, як яе муж, сёння зусім мала.

Уладзімір Раманавіч нарадзіўся 26 жніўня 1921 г. ў вёсцы Крукавічы. Калі ён быў малы, памерла яго маці, бацька ажаніўся другі раз і хлопца гадавала мачыха, вельмі добрая жанчына. У 1936 г. хлопец скончыў сямігодку і пачаў працаваць у мясцовым калгасе “Зорка Беларусі”. Тады ж Уладзімір пазнаёміўся і закахаўся ў прыгажуню Аксінню, якая пасля вайны стала яго жонкай. На вялікі жаль, гэты шчаслівы час быў азмрочаны смерцю бацькі, а наперадзе чакала хлопца яшчэ больш цяжкае выпрабаванне — вайна.

У 1940 г. Уладзіміра прызвалі ў Чырвоную Армію. Юнака накіравалі служыць на Балтыйскі флот. Тут і застала яго жахлівая навіна пра пачатак вайны. Маджар быў залічаны кулямётчыкам зенітнага кулямёта 94-га асобнага артылерыйскага дывізіёна, затым — разведчыкам 77-га стралковага палка. Пасля перафарміравання ў якасці камандзіра 45-ці мм гарматы 115-га асобнага знішчальна-супрацьтанкавага дывізіёна старшы сяржант Маджар удзельнічае ў Выбаргскай вай-сковай аперацыі. За мужнасць і адвагу, праяўленыя пры фарсіраванні ракі Вуокса і падаўленне двух кулямётных кропак ворага, Уладзімір Раманавіч Маджар быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Восенню 1944 г. вайна грукала на тэрыторыі Польшчы. Баі ішлі асабліва цяжкія і кровапралітныя. Сустрэлі новы, 1945 г., ужо ніхто не сумняваўся, што ён будзе апошнім ваенным, пераможным. Толькі давядзецца дажыць да яе, да доўгачаканай Перамогі. Так думалі байцы 1-га Украінскага фронта, сярод якіх быў Уладзімір  Маджар. У студзені 1945 г. у адным з баёў на подступах да Кракава вораг шчыльным агнём прыжаў да зямлі пяхоту. І тады 115-ы дывізіён атрымаў загад: падавіць агнявыя кропкі ворага. Артбатарэя “саракапятак” адкрыла шквальны агонь. Пастаўленая задача была выканана, большасць агнявых кропак гітлераўцаў падаўлена і пяхота перайшла ў атаку. За рашучыя дзеянні, прыцэльны агонь пры падаўленні варожага агню, знішчэнне двух кулямётаў з разлікамі і праяўленую пры гэтым мужнасць камандзір гарматы старшы сяржант Маджар атрымаў ордэн Славы ІІІ ступені.

Праз месяц баі ішлі ўжо на тэрыторыі фашысцкай Германіі. На пазіцыю артразліка імчалася пяць гітлераўскіх танкетак, яны пацяснілі пяхоту. Пад упэўненым камандаваннем Уладзіміра Маджара разлік адбіў тры контратакі ворага. Ён сам прамой наводкай з гарматы знішчыў танк і каля 50 гітлераўцаў. За гэты подзвіг старшы сяржант атрымаў ордэн Славы ІІ ступені.

22 сакавіка Маджар са сваім разлікам у ліку першых фарсіраваў раку Одэр. Але на супрацьлеглым беразе вораг трымаў упартую абарону. Гарматнаму разліку процістаялі варожыя “фердынанды”. Некалькімі залпамі вораг знішчыў гармату, загінулі два байцы з разліка. Храбры камандзір не разгубіўся, у гэтым цяжкім баі ён знішчыў два танкі, выявіў і знішчыў дзве кулямётныя кропкі і каля двух дзесяткаў гітлераўцаў, забяспечыўшы ўтрыманне плацдарма. Немцы выдвінулі цяжкія танкі “тыгр”, браню якіх снарады ўзяць не маглі, яны адляталі ад яго рыкашэтам, як мячыкі. “Тыгр” доўга не мог засекчы пазіцыю разліка, а калі яму гэта ўдалося, то ад аднаго яго снарада загінулі некалькі байцоў, а Маджар быў паранены. З асколачным раненнем галавы яго адправілі ў шпіталь. Там Уладзіміра Раманавіча і заспела прыемная вестка пра высокую ўзнагароду – ордэн Славы І ступені.

З арміі гэты мужны чалавек быў дэмабілізаваны ў студзені 1946 г. Франтавік вярнуўся дамоў і не пазнаў родныя мясціны. Вакол была страшэнная разруха. Адны даваенныя сябры не вярнуліся з вайны, другія загінулі ад рук ворага ў час акупацыі. На жаль, у хуткім часе ў цяжкія пасляваенныя гады памерла жонка Аксіння, якая нарадзіла яму дачку Галю. Вельмі цяжка ён перажываў страту каханай. Алена Паўлаўна  стала яго другой жонкай. Яна  падаравала яму сына Валеру, які сёння жыве ў Карэліі.

Пасля вайны Уладзімір Раманавіч прызначаны на пасаду старшыні Беразняцкага сяльпо, а далей — на пасаду старшыні калгаса ў Крукавічах. На пенсію пайшоў з Азарыцкага лясгаса, дзе працаваў майстрам больш за дваццаць год. Чалавек, закаханы ў прыроду роднага краю, у яе прыгажосць, ён, як адзначае яго Алена Паўлаўна, мог гадзінамі назіраць за жыхарамі лесу, за тым, як узыходзіць і садзіцца сонейка, слухаць, як спяваюць птушкі… На гэтай пасадзе ён знайшоў сябе, гэту працу любіў больш за ўсё. Мяккі, сціплы, спакойны, сумленны – так Уладзіміра Раманавіча характарызавалі аднавяскоўцы, якія ведалі гэтага чалавека.

Героя вайны не стала 3 ліпеня 1985 г. Гэта адбылося праз два дні пасля таго, як ён вярнуўся з урачыстага вечара, прысвечанага 40-годдзю вызвалення Беларусі. Поўны кавалер ордэна Славы Уладзімір Раманавіч Маджар пахаваны ў брацкім пахаванні воінаў у вёсцы Сышчыцы.

Свет адукацыі

У 1910 г. ў Крукавічах адкрыта народнае вучылішча, для якога праз чатыры гады ўзвялі будынак, дзе настаўнікам працаваў Вадзім Шкрабаў. Потым вучылішча ператворана ў працоўную школу 1-й ступені, у якой у 1924 г. навучалася каля 120 дзяцей. Пасля рэвалюцыі ў былым панскім маёнтку створана сямігодка, яе наведвалі дзеці з Крукавіч, Шарыпіч, Сышчыц і Гары.

У 1938 г. ў Крукавічах пачалі будаваць дзесяцігодку, для яе перавезлі пабудовы з панскага маёнтка. Але ўсе планы разбурыла вайна… У недабудаванай школе немцы зрабілі канюшню, а ў 1944 г. савецкая ўлада — збожжасховішча. Адразу ж пасля вайны гэты будынак перавезлі ў гарадскі пасёлак Азарычы, ён і зараз знаходзіцца там на тэрыторыі дапаможнай школы-інтэрната.

У 1945 г. пачалося будаўніцтва сямігадовай школы, якую ўзначаліў франтавік Фядос Аляксеевіч Панцялеенка, дзеці вучыліся па хатах. Настаўнікамі працавалі Іван Каваленка, Вольга Конанава, Еўдакія Чарняўская.

Будаўніцтва ўстановы адукацыі завершана ў 1947 г. Пасля Ф.А. Панцялеенкі на пасадзе дырэктара ўстановы адукацыі працавалі Пылегузаў, Таццяна Чарняцова, Сямён Мураўёў, Уладзімір Буноў, Леанід Лазараў, Пянько, Віктар Саковіч, Махнач, Віктар Петрушэнка, Анатоль Мураўёў, Віктар Бурлакоў.

У 1982 г. быў пабудаваны тыпавы будынак сярэдняй школы, у якім дзеці навучаюцца і сёння. Вось ужо 6 гадоў установу адукацыі ўзначальвае Людміла Дзмітрыеўна Пархоменка. Сёння ў школе 85 вучняў, педагагічны калектыў – 21 чалавек.  Вяскоўцаў часта запрашаюць на цікавыя мерапрыемствы, канцэрты, творчыя вечары, якія пастаянна арганізоўваюцца ў школе.

КСУП “Беразнянскі”: мінулае і сённяшняе

Пасля вайны пачалося аднаўленне сельскай гаспадаркі, разбуранай ворагам. Было вельмі цяжка. Не хапала рабочай сілы, бо шмат мужчын не вярнуліся з вайны, тэхнікі не было амаль ніякай. На палі прыходзілася выходзіць жанчынам і дзецям, якія сеялі, аралі, гаротна працавалі з раніцы да вечара. Калгас “Зорка Беларусі” ўзначаліў Пуцько, бухгалтарам стаў Фядос Пінчук. У 1951 годзе калгасы імя Дзяржынскага (вёска Чыстая Лужа) і “Камсамолец” (Мядзведаў) далучыліся да Крукавіцкай гаспадаркі. Пасля далучэння змянілася і назва калгаса з “Зорка Беларусі” на імя Дзяржынскага. Старшынёй стаў Канстанцін Ігнатавіч Траццякоў, пасля яго саўгас узначальвалі У.Р. Маджар, П.Д. Сталяроў, А.Я. Лапушка.

У 1957 г. да Крукавіцкага саўгаса далучыліся калгасы імя Молатава (вёска Сышчыцы) і “Пяцігодка” (вёсак Гара і Шарыпічы), а яшчэ праз тры гады частка калгаса, што аб’ядноўвала гаспадаркі вёсак Віша, Беразнякі, Вуглы адышла ў саўгас “Каплічы”. А гаспадаркі вёсак Чыстая Лужа, Гара, Сышчыцы, Шарыпічы, Мядзведаў, Крукавічы – у саўгас “Азарычы”, якім тады кіраваў І.П. Пастухоў.

1 красавіка 1965 г. адбылося разбуйненне саўгасаў “Азарычы” і “Каплічы”, утварыўся саўгас “Беразнянскі” (ён аб’яднаў гаспадаркі вёсак Крукавічы, Сышчыцы, Гара, Чыстая Лужа, Мядзведаў, Шарыпічы, Беразнякі, Вуглы, Віша), які ўзначаліў М.Ц. Мілешын, а з 1967 г. – В.К. Казіцкі.

Шмат працавітых і слаўных лю-дзей працавала ў саўгасе. Гэта перадавікі вытворчасці: А.Ф. Пінчук, А.С. Манько, У.С. Даніловіч, В.М. Траццяк, Ф.І. Шкода, В.Ю. Яцко, А.С. Цясленка, К.Я. Касьянчык, Д.Я. Ярашэнка, Ф.І. Каваленка, М.А. Папова і многія іншыя.

Вялікая будоўля на тэрыторыі вёскі і ўсяго Крукавіцкага Савета была разгорнута ў канцы 70-х пачатку 80-х гг.: у гэты час былі пабудаваны новая кантора саўгаса, лазня, сталовая, дзіцячы сад, двухпавярховы будынак, дзе размясціліся сельскі Савет, ФАП, бібліятэка, аддзяленне сувязі і г.д.

У 1976-м да Крукавіч далучана вёска Мядзведаў, якая падчас Вялікай Айчыннай вайны амаль уся была спалена акупантамі. У 1986 г., калі здарылася трагедыя на Чарнобыльскай АЭС, у населеным пункце з’явіліся перасяленцы пераважна з вёсак Асіпоўка і Ражава Нараўлянскага раёна. Так на ўрочышчы Глінішча ўзнік новы пасёлак, які мясцовыя жыхары называюць Чарнобыль.

У 1983 г. дырэктарам гаспадаркі стаў добры кіраўнік і арганізатар Леанід Аляксандравіч Залуцкі. Пры ім пачаўся росквіт саўгаса. Ён ні хвіліны не сядзеў на месцы, ездзіў, назіраў, трымаў дысцыпліну, людзі і сёння ўспамінаюць яго самымі лепшымі словамі. Пад час яго гаспадарання  з’явілася шмат новай тэхнікі, былі заасфальтаваны дарогі, устаноўлены помнік загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны воінам. Леанід Аляксандравіч прыглядаўся да людзей, сам пад-біраў на працу адказных спецыялістаў. Менавіта пры ім у гаспадарку на пасаду начальніка вытворчага ўчастка прыйшоў ініцыятыўны, дзейны, гаспадарлівы Віктар Іванавіч Піліпец, які ў 1991 г. стаў дырэктарам саўгаса “Беразнянскі”. Дзякуючы яго прынцыповасці, добраму веданню эканомікі, дзелавітасці, гаспадарка неаднаразова станавілася лепшай у раёне (1995г., 1996г.). Шмат увагі Віктар Іванавіч удзяляў будаўніцтву і добраўпарадкаванню. Пры ім быў пабудаваны кароўнік на 200 месц з малочным блокам, склад мінеральных угнаенняў, навес для тэхнікі, збожжасклад, цялятнік, зроблены капітальны рамонт клубаў у вёсках Вуглы і Сышчыцы, заасфальтавана дарога да Вуглоў. У 1997 г. гаспадарку ўзначаліў Уладзімір Мікалаевіч Салаўянчык, якому дасталася добрая спадчына ад Віктара Піліпца. Пасля ў розныя гады на гэтай пасадзе працавалі У.М. Макушынскі, У.Г. Шпакоўскі, Л.А. Бурлакова. Амаль тры гады старшынёй КСУП “Беразнянскі” з’яўляецца Іван Анатольевіч Дзядзюля, пад кіраўніцтвам якога працуе 140 чалавек. У гаспадарцы зараз 3320 га сельскагаспадарчых угоддзяў, пашні — 2440 га. КСУП “Беразнянскі” ўключае адно вытворчае механізавана-паляводчае аддзяленне, тры малочнатаварныя фермы, машынна — трактарны парк, рамонтныя майстэрні. У 2007 г. праве-дзена рэканструкцыя малочнатаварнай фермы, пабудаваны новы цэх па вытворчасці малака з даільнай устаноўкай “Елачка”. Сёння ў гаспадарцы налічваецца 1360 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 570 кароў. Сярэдні надой на адну галаву складае 2616 кг, сярэднясутачныя прывагі – 562 г. З усімі прагнознымі паказчыкамі ў гаспадарцы спраўляюцца.

Імі ганарацца крукавічане

Шмат таленавітых, знакамітых людзей выхавала крукавіцкая зямля. Ганарацца вяскоўцы Фёдарам Іванавічам Панцялеенкам, доктарам тэхнічных навук, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі навук, Валерыем Рыгоравічам  Панцялеенкам, генерал-палкоўнікам,  Анатолем Іванавічам Цясленкам, намеснікам начальніка УУС Цвярской вобласці, палкоўнікам міліцыі.

Фёдар Іванавіч Панцялеенка нарадзіўся ў 1950 г. у вялікай сям’і ў Крукавічах. Скончыў васьмігодку ў роднай вёсцы, далей — Азарыцкую сярэднюю школу з сярэбраным медалём.

Затым вучыўся ў інстытуце, аспірантуры, дактарантуры, пісаў навуковыя работы. Член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук, акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі Беларусі, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, доктар тэхнічных навук прафесар Фёдар Іванавіч чытаў лекцыі студэнтам у адным з польскіх ўніверсітэтаў, затым з 1998 г. быў прарэктарам па навуковай працы і вытворчай дзейнасці ў Полацкім універсітэце. Наступным месцам работы для Панцялеенкі стаў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ), дзе быў загадчыкам кафедры, а цяпер — першым прарэктарам.

Напісаў навуковыя працы па тэхналогіі парашковых і кампазітных канструкцыйных матэрыялаў, умацаванні і аднаўленні дэталей машын і абсталявання, трыбалогіі ахоўных пакрыццяў. Распрацаваў спосабы атрымання новага класа самафлюсавальных парашкоў, дыфузійныя, лазерныя, плазмавыя газаполымныя ўмацавальна-аднаўляльныя тэхналогіі. Аўтар некалькіх навуковых манаграфій.

Трэба адзначыць, што Фёдар Іванавіч вельмі творчы чалавек, улюбёны ў сваю бацькаўшчыну, цудоўны лірык, ён піша добрыя вершы на роднай мове.

…Кожны раз, калі ў вёску

Прыязджаю сваю,

Я прыходжу да бацькі,

Ціха тут пастаю.

Раскажу пра ўсе справы,

Запытаю парад,

Потым зноў у Наваполацк

Я вярнуся назад.

 

***

А яшчэ

Жадаю мілым землякам

Здароўя, добрай волі,

І каб нагі рабаўніка

Тут не было ніколі.

У БНТУ быў выдадзены яго паэтычны зборнік “Радкі ад сэрца”.

У будучыню – з упэўненасцю

Пасля вайны на пасадзе старшыні Крукавіцкага сельсавета працавалі Яўшук, А. Дзяргач, Ул. Пінчук, Іван Касьянчык (1951-1952гг.), Рыгор Пракопавіч Панцялеенка (1953-1966 гг.), Мікалай Фёдаравіч Бандарэнка (1966 -1971гг.), Мікалай Аляксеевіч Траццякоў (1971-1982 гг.), Валянціна Іванаўна Гаркуша (1982-1984 гг.), Уладзімір Георгіевіч Шпакоўскі (1984-2003). З 2003 г. сельскі Савет узначальвае Галіна Антонаўна Панцялеенка. Выпускніца Мінскага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі, яна па спецыяльнасці эканаміст па бухгалтарскім уліку. Адказная, добрасумленная, абавязковая, Галіна Антонаўна працуе з запалам і энергіяй. Пры ёй Савет неаднойчы станавіўся пераможцам спаборніцтва сярод пасялковага і сельскіх Саветаў і выканкамаў па выніках работы (2004, 2007). Сёння тэрыторыя сельсавета – гэта вёскі Крукавічы, Беразнякі, Віша, Вуглы, Гара, Сышчыцы і Чыстая Лужа. Плошча сельсавета 11318 га, насельніцтва 954 чалавекі.

Шмат увагі Савет удзяляе добра-ўпарадкаванню населеных пунктаў. За бягучы год пабудавана больш за 1000 пагонных метраў новага плота, адрамантавана старога – 718, пафарбавана – 1120. Разбіта больш за 50 клумб, знесена 14 старых хат (у бліжэйшы час плануецца знесці яшчэ 9), на іх месцах з’яўляюцца новабудоўлі, дзіцячыя пляцоўкі, малыя ар-хітэктурныя формы. Пастаянна арганізоўваецца ўборка тэрыторый населеных пунктаў, могілак, брацкага пахавання, вывозіцца смецце, ліквідуюцца несанкцыяніраваныя звалкі. У дапамозе па добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавету ніколі не адмаўляе кіраўнік КСУП “Беразнянскі” А.І.Дзядзюля, а таксама жыхары, якія жадаюць бачыць сваю вёску чыстай і ўтульнай.

Увогуле, Крукавічы за апошні час папрыгажэлі. У 2007 годзе яны сталі аграгарадком. Былі адрамантаваны школа, дзіцячы сад, ФАП, Дом культуры, крама, бібліятэка і іншыя сацыяльныя аб’екты, пабудаваны комплексна-прыёмны пункт, новыя катэджы, заасфальтаваны дарогі. Сёння тут створаны ўсе магчымасці для таго, каб добра жыць і працаваць, выхоўваць і расціць дзяцей, з упэўненасцю гля-дзець у будучыню. 

 

Зямля мая! Люблю твае абшары,

Пяшчотны гоман рэчак i лясоў,

Такога цуду не ўявiш у мары,

Як дзiўны цуд птушыных галасоў.

                                      Анатоль Балуценка.

Таццяна ЗУБЕЦ.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.