Дудзічы

Есть в Беларуси
Деревня простая,
Деревня простая,
Простой в ней народ.
Здесь я родился,
Друзья здесь родились
И все гордились,
Что здесь мы живем.
Дудичи, Дудичи,
Родные Дудичи.
Дудичи, Дудичи,
Родней вас нет!
         Сергей Змушко.

 

Дудары

Бадай, у кожнага паселішча ёсць свае паданні паводле паходжання іх назваў, падзей, якія адбыліся ў сівую даўніну. Ёсць такія паданні і ў дудзічан.

“Даўным-даўно, на тым месцы, дзе сёння стаяць Ду-дзічы, жыў пан па прозвішчу Дуда. На полі ля сваёй сядзібы ён пабудаваў бровар, вакол якога рос цудоўны сад. Аднойчы з’явіліся княжацкія служкі, якія збіралі подаці і запатрабавалі ў Дуды шмат грошай за яго фруктовыя дрэвы. Але пан заплаціў ім толькі за адно дрэва – сваю любімую яблыньку, якая расце і сёння. Хутка злыя людзі з’явіліся ізноў, пачалі патрабаваць подаці за бровар. Дуда не заплаціў ні капейкі, і служкі разбурылі бровар. З таго часу пан стаў жыць, як просты селянін. Навакольныя просталюдзіны яго вельмі шанавалі, і калі ён памёр, яго паселішча назвалі па яго прозвішчу – Дуда, а з цягам часу, калі вёска разраслася, яе пачалі іменаваць Дудзічы».

Другое паданне сцвярджае, што назва вёскі ўзнікла ад роду заняткаў яе жыхароў у далёкім мінулым. Як вядома, дуда альбо дудка – гэта адзін з найстаражытнейшых музычных інструментаў беларусаў. Дык вось у незапамятныя часы продкі сучасных дудзічан былі выдатнымі майстрамі, якія не толькі выраблялі гэты цудоўны музычны інструмент, але і віртуозна валодалі ім, дорачы слухачам выключную асалоду музычнага выканання. Музыка іх дудак не толькі перадавала ўсе адценні навакольнай прыроды: шчэбет птушак, посвіст ветру, подых навальніцы, але і клікала ў свет невядомага, непазнанага. З-за гэтага майстэрства насельнікаў вёскі і празвалі дудзічамі (дударамі).

Наколькі верагодныя гэтыя паданні, адказаць цяжка, але тое, што вёска мае старажытнае паходжанне, гэта неаспрэчна.

Пад панскім прыгнётам

У 1518 годзе, калі дудзіцкія землі ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, кароль Жыгімонт І Стары падарыў маёнтак Дудзічы двараніну Я.Стэцковічу. Упамінаюцца Ду-дзічы і ў “Абмежаванні каралеўскіх сёлаў Мазырскага павета…” пад 1560 год. З гэтага дакумента вынікае, што вёска размяшчалася на востраве, якое акаймлялі балоты: “… Трэці востраў Гулевічы супольны з Бабровічамі да Дудзічамі…” У “Адказе з боку стражнікаў Вялікага княства Літоўскага… па межавай справе па маёнтку Гарбавічы з Багрымавіцкім староствам” 1582 года гаворыцца наступнае: “ …Правадная памежная лінія староства пачынаецца ад неаспрэчнага абодвума бакамі ўрочышча Дудзінавага мастка альбо Брадка, г.зн.: і ў тым месцы, дзе сходзяцца тры мяжы, – Калінка-віцкая, Дудзіцкая і Гарбавіцкая…”

У 1925 годзе ў Дудзічах знайшлі скарб манет, які адносіцца да 1624 года. Гэта яшчэ адно сведчанне старажытнасці паселішча і таго, што ў вёсцы ў той час ужо жыў хтосьці заможны, калі змог накапіць такі скарб.

У “Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай губерніі” ад 1883 года адзначана, што ў Дудзічах у 1776 годзе на сродкі ўладальніка вёскі Вальтока была пабудавана драўляная праваслаўная царква імя Святой і Жыватварачай Тройцы.

У 1795 годзе ў вёсцы налічвалася 62 двары.

У “Інвентарным вопісе староства Сухавіцкага чыноўнікамі пры аддачы гэтага староства ў дыспаненцыю памешчыку Данату Вяржбіцкаму” ад 10 чэрвеня 1832 года паведамляецца, што: “… сяло Насавіч з вёскаю Зеляноччу маюць мяжу ад каленкавіцкай мяжы Багрымавіцкага староства ўрочышча Галевіцы па мяжы валодання пана Яленскага маёнтка Дудзіч былога староства Аскеркі…” Да 1835 года Дудзічы належалі панам Напалеону Яленскаму і Мальвіне Аскерка. Затым валоданне вёскай перайшло да вядомага на Палессі землеўладальніка Аляксандра Ігнатавіча Горвата, які ў 1835 годзе пабудаваў у Дудзічах вінакурны завод, які яму прыносіў 1100 рублёў гадавога даходу. У дудзіцкім маёнтку ён меў 7000 дзесяцін зямлі, 1400 з якой была ворыўнай, а таксамі 30 галоў жывёлы. Акрамя Дудзіч з навакольных вёсак яму належалі Сітня, Антонаўка, хутар Гара і Барбароў. Землеўладальнік  Дудзіч спавядаў каталіцкую веру. У 1871 годзе яго брат Станіслаў, таксама католік, пабудаваў у Дудзічах тры вадзяных і адзін валовы млын.

У “Інвентарным апісанні маёнтка Дудзічы”, складзеным у 1844 годзе па распараджэнню Мінскага губернатара, гаворыцца, што у вёсцы было 33 двары, у якіх пражывала 110 рабочых мужчын і жанчын. У сялян было 50 валоў, 4 быкі, 68 кароў, 220 авечак, 162 свінні, 201 сям’я пчол. Яны засявалі 196 дзесяцін зямлі, а яшчэ 644 дзесяціны скарыстоўвалі пад пашу.

Праца на пана была проста катаржнай, невыноснай. Згодна абазначанага вышэй дакумента, жыхары вёскі павінны былі адпрацаваць у землеўладальніка ў тыдзень: 131 дзень мужчыны і 131 дзень жанчыны. Акрамя гэтага былі гадавыя абавязкі: мужчыны павінны былі адпрацаваць  408 дзён на будоўлях і 384 дні падводных, г.зн. выязджаць на работу на ўласнай цяглавай сіле; жанчыны адпаведна павінны былі адпрацаваць 372 дні на будоўлях і 384 дні падводных. Да таго яшчэ прыгонныя па-вінны былі выплаціць пану за год аброку: мёду – 325 фунтаў (фунт – 400 грамаў), 204 фунты грыбоў, 134 курыцы, 670 яек.

У дакладной канцылярыі губернатара Горват прыводзіць “Расклад урокаў сялянскіх работ, якія яны абавязаны адбыць з рабочай жывёлай і без яе.” Пад гэтым раскладам трэба разумець нормы выпрацоўкі на аднаго работніка за дзень паншчыны. Вось яны:

— узараць адну дзесяціну пад хлеб альбо бульбу;

— забаранаваць адну дзесяціну пасеянага,

— вывезці ад 10 да 12 вазоў гною,

— зняць азімага хлеба са звязваннем у снапы па адной дзесяціне лепшага ўраджаю – 8 жанчын на дзень, сярэдняга ўраджаю – 6 жанчын на дзень і г.д.

Рабочымі лічыліся мужчыны ад 17 да 55 гадоў, жанчыны – ад 16 да 50 гадоў. На работу павінны былі прыступаць з усходам сонца і закончваць з яго заходам. Калі ў прызначаны дзень работнік хварэў, ён па-вінен быў адпрацаваць пасля выздараўлення.

Не прынесла палёгкі сялянам і адмена прыгоннага права ў 1861 годзе. Панскія землі засталіся недатыкальнымі. Сялян-скія надзелы пан меў права зменшыць па свайму пажаданню. Ён жа меў права пазбавіць сялян пашы для жывёлы. Усе лясы пакідаліся за панамі. Акрамя гэтага сяляне павінны былі выкупіць свой надзел зямлі ў землеўладальніка, аплаціўшы яму 20% кошту зямлі, а астатнія 80% павінны былі выплочваць дзяржаве на працягу 49 гадоў.

Сялянскі бунт

Зразумела, што такое становішча не магло задаволіць гаротнае сялянства і яно, як магло, працівілася панскаму прыгнёту. Вось, напрыклад, што даносіў 29 красавіка 1861 года рэчыцкі павятовы прэдвадзіцель дваранства міністру ўнутраных спраў: “Пасля раздачы сялянам панскіх памесцяў у Рэчыцкім павеце найвышэй зацверджанага Палажэння аб пераўтварэнні іх быту каля 6 красавіка ў многіх памесцях сяляне сталі ўхіляцца ад выканання павіннасцяў на карысць паноў па інвентару 1846 года… Зло гэтае распаўсюдзілася так хутка, што на працягу 6-7 дзён мною былі атрыманы данясенні з 16 памесцяў…”

У той жа час павятовы спраўнік даносіў Мінскаму губернатару : “У памесці Горвата налічваецца каля 10 тысяч дзесяцін зямлі, з якіх пад ворывам і пашнямі знаходзіцца каля 2 тысяч дзесяцін, астатнія пад лесам. Насельніцтва здаўна праводзіла самавольныя парубкі лесу ў памесці, выпас жывёлы і т.п. парушэнні, за што вінаватыя прыцягваліся адміністрацыяй памесця да адказнасці ў судовым парадку, але ў апошні час самавольныя парубкі значна пачасціліся…”

У канчатковым выніку дробныя сялянскія вылазкі дудзіцкіх сялян супраць пана перараслі ў адкрыты бунт, аб якім 16 жніўня 1905 года паведаміла газета “Пролетарий”. Пры дапамозе Мазырскай групы РСДРП у Дудзічах была арганізавана буйная забастоўка. Вось што пісаў аб гэтым адзін з яе арганізатараў: “… У чэрвені, гэта была нядзеля, я быў у в.Дудзічы каля Калінкавіч. Там арганізавалі масоўку чалавек 25 хлопцаў, якія прасілі прыехаць да іх у аўторак на мірскі сход. Справа ў тым, што ў дудзіцкага пана працуе чалавек 200 батракоў у крайне цяжкіх умовах: 30 кап. заработная плата, рабочы дзень ад цямна да цямна. Вырашылі арганізаваць забастоўку. У аўторак у 10 гадзін вечара я прыбыў туды з 5 узброенымі хлопцамі. Амаль уся вёска, малыя і старыя, сабраліся каля валаснога праўлення, побач з кватэрай прыстава. Спачатку я закрануў іх эканамічнае становішча… а закончыў зачыткай пастановы: не плаціць подацей, адмаўляцца пасылаць запасных на вайну, не даваць рэкрутаў і г.д. Сяляне ўваж-ліва слухалі і выказвалі адабрэнне. Прыстаў лётаў, як угарэлы, але баяўся падыйсці … Начавалі ў вёсцы, а на наступны дзень у 4 гадзіны раніцы накіраваліся ў маёнтак. Калі рабочыя сабраліся, з’явіўся ўпраўляючы і загадаў прыступаць да работы, але тут я заявіў, што сяляне на работу не пойдуць… пакуль ім не  будзе павялічана плата для мужчын да 1 руб., жанчын – 75 кап., рабочы дзень ад 6 і да 6 гадзін і 2 гадзіны на абед. Калі гэтае патрабаванне не будзе задаволена, рабочыя будуць баставаць… Калі мы ад’язджалі з вёскі на ўсіх канцах нас сустракалі старыя і жанчыны, дзякавалі за прыезд, прасілі пачасцей наязджаць і лістоў прывозіць.”

Зразумела, што забастоўка з дапамогай па-ліцэйскіх і ваенных была жорстка падаўлена, тым не менш некаторыя патрабаванні сялян усё-такі былі выкананы.

Цэнтр воласці

У 1870 годзе ў Дудзічах было 36 двароў, у 1885 – ужо 42, у якіх пражывала 268 жыхароў.

Згодна “Памятных кніжак Мінскай губерніі” 1880-1890 г.г. Дудзічы з’яўляліся цэнтрам воласці, ў склад якой уваходзілі 15 сяленняў з 413 дварамі, у тым ліку і Калінкавічы. Старастай валаснога праўлення з 1880 года быў Каваленка Адам Карпавіч, пісарамі – Гараскевіч Дзям’ян Мікітавіч (з 1869 г.), Лавышка Восіп (з 1886 г.).

У 1886 годзе ў Дудзічах адкрылася школа, якая размясцілася ў наёмнай хаце, а ў 1911 годзе для яе пабудавалі сваё памяшканне. У раёне вёскі ў той час дзейнічала Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот, якая праклала побач магістральны канал Ненач (62 км).

Паводле перапісу 1897 года ў Ду-дзічах было 87 двароў, 579 жыхароў, царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, карчма. Побач у фальварку – 4 двары, 29 жыхароў, царква, вінакурня, кузня, конны млын.

Ужо ў 1908 годзе ў вёсцы было 115 двароў, 672 жыхары, у фальварку – 3 двары, 40 жыхароў. Пасля здачы ў 1915 годзе чыгункі Жлобін-Калінкавічы ў вёсцы пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя.

І пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года Дудзічы працягвалі заставацца валасным цэнтрам.

Дудзіцкая воласць уваходзіла спачатку ў Рэчыцкі павет Мінскай губерніі, з 26 красавіка 1919 года – Гомельскай губерніі. У 1918 годзе ў Дудзічах быў створаны валасны ваенна-рэвалюцыйны камітэт, першым старшынёй якога быў абраны Антон Іосіфавіч Мыка.

Затым, як і іншым населеным пунктам  сённяшняга Калінкавіцкага раёна, Дудзічам давялося перажыць і кайзераўскую акупацыю, і белапольскую інтэрвенцыю, і набегі банд Булак-Булаховіча. Многія дудзічане прынялі актыўны ўдзел у барацьбе з іншаземнымі захопнікамі і белабандытамі. Напрыклад, у складзе камуністычнага атрада, створанага вясной 1919 года ў Калінковічах, актыўна ваяваў супраць белапалякаў ваенны камісар Дудіцкага валрэўкама Ігнацьеў. А яшчэ ў 1918 годзе для барацьбы з кайзераўцамі ў Дудзічах была створана падпольная група, у якую ўвайшлі Антон Мыка, Васіль Фуга, Аляксей Кацапаў, Ігнат Муха, Міхаіл, Фёдар і Дзмітрый Пянько, узначаліў яе бальшавік Павел Краўцоў.

Як сведчаць пісьмовыя крыніцы Мазырскага занальнага архіва ад 1 лютага 1921 года, у склад Дудзіцкага валаснога выканкама ўваходзілі: Пянько Аляксандр Ігнатавіч – старшыня, Патоцкі Канстанцін Іванавіч – сакратар, Савянок Адам Герасімавіч, Губараў Антон Лявонцьевіч, Буднік Іван Савіч, Стома Іван Данілавіч, Кірэйчук Мікалай, Пагаржэльскі Аляксандр і інш. – члены выканкама.

У Дудзічах ў 1921 годзе пражывала 1068 жыхароў.

9 мая 1923 года Дудзіцкая воласць была ліквідавана, а яе тэрыторыя ўключана ў склад новастворанай Калінкавіцкай воласці.

З 20 жніўня 1924 года Дудзічы становяцца цэнтрам Дудіцкага сельскага Савета. Старшынёй сельсавета быў абраны Лаеўскі Іван Мікалаевіч, сакратаром – Чопік Мікалай Аляксандравіч. У вёсцы тады у 194 падвор’ях пражывала 967 чалавек.

Да новага жыцця

Да сярэдзіны 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў краіне шырокі размах набраў кааператыўны рух, а к канцу 20-х і стварэнне калектыўных гаспадарак. Не засталіся ў баку ад гэтых падзей і жыхары Дудзіч. Як занатавана ў справаздачы Калінкавіцкага райвыканкама за 1925 год: “… у раёне налічвалася 3 спажывецкія таварыствы: Калінкавіцкае, Даманавіцкае і Дудзіцкае.

… Дудзіцкае  таварыства, акрамя асноўнага склада ў с.Дудзічы, мае два аддзяленні ў в.в. Насавічы і Шыічы. Спажыўтаварыства развіта задавальняюча. Агульны абарот яго за 1924-25 г.г. раўняецца 374607 руб. Чысты прыбытак за год склаў 1976 руб. Налічваецца 285 пайшчыкаў, пераважна сялян”.

У 1923 годзе на базе панскага маёнтка ў Дудзічах была створана калектыўная гаспадарка – калгас імя Калініна на 220 дзесяцінах. Першым старшынёй калгаса быў А.І.Мыка, праз пэўны час яго змяніў Уладзімір Багуцкі. На працадзень калгаснікі атрымлівалі 1,5-2 кг хлеба, 0,5 кг бульбы і іншыя прадукты, агародніну.

У пачатку 1929 года акрамя калгаса імя Калініна ў Дудзічах утвараецца яшчэ два калгасы – “Новыя Дудзічы” і “Чырвоны Кастрычнік”. У вёсцы працавалі цагельня, млын (з 1918 г.), смалакурня і кузня.

Адным з актывістаў усіх новаўвядзенняў у вёсцы быў мясцовы фельчар Сямён Калацэй.

Новая ўлада адкрыла ў вёсцы школу, хату-чытальню, устанавіла бясплатную медыцынскую дапамогу. У вёсцы ў 1924 годзе фарміруецца першая камсамольская ячэйка, сакратаром якой быў Чопік Мікалай Паўлавіч, а першымі камсамольцамі – Багуцкі Уладзімір Фёдаравіч і Пянько Мікалай Рыгоравіч.

Вось што, напрыклад, успамінае ў сваім артыкуле “Наша ячэйка” (“За камунізм”, 18 мая 1967 г.) былы старшыня Дудзіцкага сельсавета Іван Трафімавіч Дронік аб гадах камсамольскай маладосці: “ У 1921 годзе нас, групу булаўкаўскіх хлопцаў, прызначылі на работу на гарочыцкі лесапільны завод. Наша група – гэта браты Безуеўскія, Юрка Харлан, Каўтун, Міхаіл Зялёнка і я. У той час на заводзе была створана камсамольская ячэйка. Важаком яе быў чыгуначнік Рудзінскі. Вось аднойчы ён падыйшоў да нас і кажа:

— Працуеце вы старанна. Прыглядаюся да вас і думаю, чаму не ўступаеце ў камсамол. Такія, як вы, нам патрэбны.

Прызнацца, мы вельмі зайздросцілі завадскім камсамольцам. Яны жылі цікавым, захапляючым жыццём, вывучалі палітграмату, спявалі задорныя камсамольскія і рэвалюцыйныя песні, наладжвалі вечары самадзейнасці. І вось ідзём неяк дадому, і я кажу сваім сябрам: давайце ўступім у камсамол. Яны мяне падтрымалі. Неўзабаве мы стварылі сваю вясковую камсамольскую ячэйку. Мяне выбралі сакратаром яе.

… Самых актыўных камсамольцаў вылучалі ў камітэты беднаты, на работу ў сельсавет. Мяне, напрыклад, у 1925 годзе выбралі старшынёй Дудзіцкага сельсавета.

Вялікую долю адыгралі камсамольцы ў гады калектывізацыі ў барацьбе з кулацтвам і яго памагатымі. У 1929 годзе, калі быў створаны першы калгас у вёсцы Булаўкі, “Рухавік рэвалюцыі”,  мяне выбіраюць яго старшынёй. Калектыўная гаспадарка хутка набірала сілы. Калгас з году ў год паспяхова разлічваўся з дзяржавай па продажу прадуктаў. Ён удзельнічаў ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы, а лепшыя хлебаробы атрымалі ганаровыя граматы і прэміі. Мне, як маладому старшыні, дзейна дапамагаў у працы Міхаіл Андрэевіч Кліменка, які цяпер працуе старшынёй аблвыканкама. У тыя гады ён быў аграномам Дудзіцкага апорнага пункта”.

І.Т.Дроніка накіроўваюць на вучобу ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, якую ён скончыў у 1937 годзе. Працаваў галоўным заатэхнікам аблза былой Палесскай вобласці, затым начальнікам упраўлення жывёлагадоўлі. У 1939 годзе працуе ў Палесскім абкаме КПБ. Неўзабаве яго накіроўваюць першым сакратаром Лельчыцкага РК КПБ. У гады вайны знаходзіўся ў распараджэнні штаба партызанскага руху. Пасля вызвалення Мазыра працаваў загадчыкам сельгасаддзела Палескага абкама КПБ, з 1946 года – першым сакратаром Мазырскага РК КПБ.

Не заўсёды і ўсе ў вёсцы станоўча ўспрымалі новае. Толькі час быў здольны расставіць усё па сваіх месцах. Вось што, напрыклад, аб тым часе ўспамінаў у артыкуле “Так гэта было” у газеце “За камунізм” 27 мая 1967 года брыгадзір трактарнай брыгады Саўгаса “Дудзічы” Рыгор Якаўлевіч Булаўка:

“1932 год. Паўсюдна арганізаваны калгасы. У той час я пасвіў коней. Але хацелася рабіць штосьці большае. Якраз у той год арганізаваліся курсы першых трактарыстаў пры Даманавіцкай МТС. У ліку трыццаці курсантаў быў і я. Навучаў нас Пятро Кунцэвіч.

… Хутка мы атрымалі трактары, раз’ехаліся па вёсках. Калі я ехаў праз калгасныя палі, то старыя бабулі маліліся, нешта шапталі. А пасля ўжо, калі накіраваўся ў поле, мужыкі запраглі коней і хутчэй за мяне прыехалі туды. Толькі я пачаў араць, як мужыкі, без дай ладу, таксама пачалі араць, толькі ўжо наперарэз мне. Я адразу зразумеў, – яны хочуць прагнаць мяне з поля.

Раніцай прыходжу да трактара – пад ім лужына саляркі, добра што яшчэ ніхто не падпаліў. На другую ноч хтосьці ў трактары папсаваў бабіны. Але праз пэўны час людзі зразумелі, якую карысць калгасу прыносіць трактар. Пазней калгас атрымаў яшчэ два ХТЗ. Арганізавалася трактарная брыгада. Мяне прызначылі брыгадзірам. Хутка атрымалі пераходны Чырвоны сцяг. Разам са мной тады працавалі Уладзімір Муха, Канстанцін Булаўка, Мікалай Малашчанка”. Дарэчы, у 1939 годзе дудзіцкі трактарыст Адам Малашчанка стаў удзельнікам ВДНГ СССР.

З цягам часу ў калгас прыйшлі аўтамабілі, камбайны, розны сельскагаспадарчы інвентар.

Людзі працавалі ў калектыўнай гаспадарцы самааддана, творча, ўзнёсла. Аб іх поспехах сведчыць хаця б той факт, што яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны ў ліку тых, хто ў Крамлі з рук “усенароднага старасты” М.І.Калініна атрымліваў дзяржаўныя ўзнагароды, былі і прадстаўнікі Дудзіч – конюх калгаса імя Калініна Сцяпан Марчук і настаўнік беларускай мовы Дудзіцкай школы Іван Ушак.

Поспехі, відаць, у калгасе былі б больш значнымі, калі б у 1937-38 г.г. ў Дудзічах не былі рэпрэсіраваны 11 ні ў чым не павінных лю-дзей. Гэта Канстанцін Патоцкі – першы сакратар Дудзіцкага валваенрэўкама, які ў 30-я гады працаваў калгасным бухгалтрам, Іван Чарняўскі – мясцовы свяшчэннік, Аляксей Вараб’ёў – старшыня калгаса, Міхаіл Станкевіч і Антон Свабода – кавалі, Арцём Чопік, Іван Каваленка, Аляксандр Пянько і Іван Мінін – рабочыя, сын Івана Каваленкі.

Праўда Арцём Чопік і Іван Каваленка праз некаторы час вярнуліся дадому. А тут і вайна пачалася.

Барацьбіты

22 жніўня 1941 года Дудзічы былі акупіраваны гітлераўскімі захопнікамі. Частка мужчын прызыўнога ўзросту да гэтага часу ўжо пайшла на фронт бараніць Радзіму. У  вёсцы гітлераўцы стварылі паліцэйскі гарнізон і прызначылі старасту. Многія дудзічане пакінулі родныя хаты і падаліся ў партызаны альбо сталі працаваць у горадзе па заданні падпольнага камітэта. Як, напрыклад, Леанід Аляксандравіч Чопік, які да вайны закончыў Дудзіцкую сямігодку і працаваў камендантам школы ФЗН на станцыі Калінкавічы. У сумяціцы наступлення гітлераўцаў і адступлення нашых войск, школу ФЗН не паспелі эвакуіраваць, і Леанід Аляксандравіч апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. У 1942 годзе па заданні калінкавіцкага падполля ён уладкоўваецца пуцейцам  на станцыі Калінкавічы, працуе пад кіраўніцтвам кіраўніка Калінкавіцкага падполля Змушкі Івана Васільевіча. Пры непасрэднай дапамозе Л.А.Чопіка ў Калінкавічах былі ўзарваны і спалены электрастанцыя і пакгаўз. У 1943 годзе падпольшчык пад пагрозай выкрыцця вымушаны быў падацца ў партызанскі атрад, партызаніў у спецгрупе НКУС. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, шматлікімі медалямі.

Барацьбу з ворагам у партызанскім атрадзе распачаў і дудзічанін Гарбар Якаў Васільевіч. Пасля вызвалення Калінкавіч уступіў у рады Савецкай Арміі: артылерыст, камандзір гарматы. Вайну закончыў у Кёнігсбергу, дэмабілізаваўся і ўсё жыццё аддаў Мінскаму трактарнаму заводу, дзе працаваў слесарам-інструментальшчыкам. Узнагароджаны медалём “За адвагу”, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, іншымі ўзнагародамі.

З першых дзён вайны на фронце і ўдзельнік вызвалення Заходняй Беларусі Гарбар Васіль Антонавіч. У баях з гітлераўцамі ён атрымаў цяжкае раненне, стаў інвалідам. Пасля вайны яго прывезлі ў родную вёску, сам дабрацца ён не мог.

Яўсеенка Якаў Антонавіч службу ў Чырвонай Арміі пачаў яшчэ ў 1939 годзе. Ваеннымі дарогамі прайшоў ад Гродна да Масквы, ад Масквы і да Берліна. Перажыў горыч адступлення і страт баявых сяброў, перажыў і радасць Перамогі. Пасля вайны настаўнічаў ў Дудзіцкай і Шалыпскай школах, выкладаў беларускую мову і літаратуру. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і шматлікімі медалямі.

Харлан Рыгор Цімафеевіч нарадзіўся не ў Дудзічах, а ў Смалянцы. На фронце з першых дзён вайны – старшыня роты 253-га стралковага палка. 5 чэрвеня 1942 года у час бою трапіў у палон, які доўжыўся 15 дзён. Мужны воін збег ад немцаў. Пасля вайны ён працуе старшынёй Дудзіцкага сельсавета, старшынёй калгаса ў Муравейніцы, аднаўляе разбураную гаспадарку. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі.

З пасады галоўнага бухгалтара калгаса імя Калініна ў 1940 годзе быў прызваны Лазко Мікалай Рыгоравіч. Вайна засцігла яго ў г.Дзвінску Латвійскай ССР. У ліпені яго часць пападае ў акружэнне пад Псковам. Салдаты групамі прарываюцца да сваіх. На жаль, прабіцца да сваіх войск не ўдалося. Лацко прыбыў у Дудзічы.  Уступіў у партызанскі атрад “Мсцівец” 101-й брыгады. Пасля злучэння з Чырвонай Арміяй ідзе на фронт. Вызваляў Варшаву і браў Берлін. За 15 дзён да Перамогі атрымаў моцную кантузію, праблукаў па шпіталях да кастрычніка 1945 г. Дэмабілізаваўся інвалідам І групы. Пасля вайны быў зноў галоўным бухгалтарам ў Дудзіцкім і Міхнавіцкім калгасах. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалём “За баявыя заслугі”, іншымі ўзнагародамі.

Змагаліся ў партызанскіх атрадах і на фронце і многія іншыя дудзі-чане. Напрыклад, Пянько Ганна Дзмітрыеўна. У час акупацыі яна выконвала заданні партызан, а затым у складзе ІІ Украінскага фронта забяспечвала байцоў свежаспечаным хлебам – працавала вайскавым пекарам, была тэлефаністкай. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Толькі ў сакавіку 1946 года дэмабілізаваўся з арміі кавалер ордэнаў Славы ІІ і ІІІ ступеняў, ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені, шматлікіх медалёў Іван Данілавіч Курчонак. Лёс здорава патрапаў гэтага мужнага воіна.

Нарадзіўся ён у 1916 годзе ў Ду-дзічах у шматдзетнай сялянскай сям’і. У канцы 1937 года Курчонка прызвалі на тэрміновую службу. Служыў на Далёкім Усходзе, на самай граніцы. Служыў старанна, стаў малодшым камандзірам. Аднак здарылася няшчасце. У час адной трывогі  пры перавозцы ваеннай маёмасці коні чагосці спудзіліся і панеслі павозку на дрэвы. Удар! Усё ў хлам. А кіроўца атрымаў пералом нагі. Доўгія месяцы шпіталя і заключэнне медкамісіі – непрыгодны да страявой: нага ў калене не згіналася.

Толькі прыехаў у Дудзічы – пачалася вайна. Мабілізавалі Івана Данілавіча ў войска зноў у першы ж дзень вайны –  22 чэрвеня. Прыпісалі яго ў Брэст да адной з вайсковых часцей на пякарню. Але трапіць туды ён не змог. Акружэнне, палон і лагер ваеннапалонных пад Гомелем, а затым у Бабруйску. З лагера ўдалося збегчы. Злавілі – завезлі ў лагер пад Мінск. Ізноў уцёкі, і курс – дамоў у Дудзічы, а там максама немцы. Быў сувязным у партызан. З вызваленнем – прызыў у войска. З баямі прайшоў Усходнюю Прусію, Варшаву, Прагу, фарсіраваў Одэр, браў Берлін. 3 мая 1945 года яго часць зноў пагрузілі ў цягнікі і накіравалі ў Прагу, дзе фашысцкая групіроўка не скарылася капітуляцыі.

Івану Данілавічу пашчасціла застацца жывым і вярнуцца ў родную вёску, стварыць сям’ю, нараджаць дзяцей, а вось яго землякам, 92 воінам Чырвонай Арміі, якія нарадзіліся ў вёсках Дудзічы, Муравейніца і Чырвоная Ніва, лёс не зрабіў такога падарунка, яны навечна засталіся ў чужой зямлі, баронячы сваю Айчыну, 28 воінаў аддалі свае жыцці ў час вызвалення Дудзіч ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Вёска была вызвалена 13 сту-дзеня 1944 года.

У 1956 годзе на брацкай магіле загінуўшым воінам-вызваліцелям на вясковых могілках быў устаноўлены помнік.

Сельская гаспадарка – аснова вытворчасці

Як і ў іншых сельскіх населеных пунктах Беларусі асновай вытворчасці ў Дудзічах была і ёсць сельская гаспадарка. 30 кастрычніка 1950 года калгаснікі з вёсак Дудзічы, Муравейніца, Чырвоная Ніва, Булаўкі, Шалыпы і Юшкі (калгасы імя Калініна, імя Молатава, “Чырвоны Кастрычнік”, “Звязда”, “Камінтэрн” і “Рухавік рэвалюцыі”) аб’-ядналіся ў адну гаспадарку пад назвай – калгас імя Калініна. Узначаліў яе Ісаеў Васіль Рыгоравіч.

У 1958 годзе адбылося разбуйненне гаспадаркі, у выніку чаго на базе вёсак Булаўкі, Шалыпы і Юшкі быў утвораны калгас імя Варашылава, а на базе вёсак Дудзічы, Чырвоная Ніва і Муравейніца – калгас імя Калініна. 7 сакавіка 1960 года абодва гэтыя калгасы ўліліся ў склад новастворанага саўгаса “Галявічы”. А ўжо 28 лютага 1961 года сяляне гэтых шасці вёсак выйшлі з саўгаса “Галявічы” і па загаду Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР №93-к ад 28.02.1961г. увайшлі ў склад новастворанага саўгаса “Дудзічы”. Першым дырэктарам саўгаса быў прызначаны Жаўняк Рыгор Фёдаравіч, пад кіраўніцтвам якога гаспадарка развівалася, мацнела восем гадоў.

Паводле перапісу насельніцтва 1959 года ў Дудзічах пражывала 755 жыхароў.

Пасля Р.Ф.Жаўняка гаспадаркай кіравалі: Яраш Іван Якаўлевіч (1969-1971 г.г.), Батракоў Іван Іванавіч (1971-1972 г.г.), Бычкоў Аляксандр Дзмітрыевіч (1972-1973 г.г.), Астрэйка Пётр Іванавіч (1973-1974 г.г.), Цвігун Валерый Іванавіч (1974-1979 г.г.), Станкевіч Леанід Міхайлавіч (1979-1980 г.г.).

23 ліпеня 1980 года саўгас “Дудзічы” быў пераўтвораны ў Палескі саўгас-тэхнікум. Узначаліў яго Лазіцкі Мікалай Аляксеевіч. З 1986 па 1997 год на чале саўгаса-тэхнікума знаходзіўся Рыльцоў Віталь Канстанцінавіч.

У адпаведнасці з рашэннем Калінкавіцкага райвыканкама №31 ад 31.01.1997 года саўгас-тэхнікум стаў самастойнай структурай, а на яго землях зноў утвораны саўгас “Дудзічы”. Пазменна ім кіравалі Сянькевіч Сяргей Віктаравіч (1997-1999 г.г.), Дулуб Мікалай Іванавіч (1999-2000 г.г.), Свірыдэнка Міхаіл Васільевіч (2000-2002 г.г.). З 17.09.2002 года гаспадарку ўзначаліў Трошка Сяргей Іванавіч, які і зараз кіруе сельгасфілі-ялам “Дудзічы” ААТ “Калінкавічыхлебапрадукт”. У сельгасфіліял прамысловага прадпрыемства былы саўгас ператварыўся ў выніку рэарганізацыі гаспадаркі ў 2008 годзе. Да гэтага яшчэ было пераіменаванне яго ў КСУП “Ду-дзічы”, аб’яднанне з СВК “Садружнасць-Агра”.

За выдатныя дасягненні ў развіцці сельскай гаспадаркі многія працаўнікі саўгаса “Дудзічы” былі ўдастоены высокіх урадавых узнагарод. Напрыклад, у 1966 годзе ордэнам “Знак Пашаны” былі ўзнагароджаны трактарыст Говар Павел Іванавіч, тэхнік-асемянатар Новік Якаў Міхайлавіч, дырэктар саўгаса Жаўняк Рыгор Фёдаравіч.

У наступныя гады ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга ўдастоіліся свінарка Чопік  Ганна Адамаўна, трактарыст Бягун Леанід Васільевіч, ордэна “Знак Пашаны” – свінарка Аўдзеенка Варвара Аксёнаўна, трактарысты Юшкавец Леанід Міхайлавіч, Трошка Мікалай Іванавіч, медалёў “За працоўную адзнаку” – брыгадзір Корзун Міхаіл Мікалаевіч, вадзіцель Пянько Мікалай Сцяпанавіч, даярка Мудрак Тамара Канстанцінаўна, “За працоўную доблесць” – загадчыца фермы Альхавік Марыя Іванаўна і іншыя.

Дастойна працягваюць несці сцяг працоўнай славы сваіх бацькоў і дзядоў і сённяшнія працаўнікі сельскагаспадарчага філіяла ААТ “Калінкавічыхлебапрадукт”, якое на 1 студзеня 2009 года налічвала 4675 га сельгасугоддзяў, з якіх 2988 га – ворыва.

Напрыклад, у бягучым, 2009, го-дзе рабочыя аддзялення папрацавалі на палях і фермах гаспадаркі проста ўдарна: тэмп роста валавай прадукцыі да ўзроўню мінулага года склаў 118%. Пры ўраджайнасці 35 ц/га сабрана 3470 т збожжа (у 2008г. – 2637 т, 20,6 ц/га). Акрамя зернебабовых гаспадарка займаецца вырошчваннем кукурузы на зерне. На сёння яго ўжо намалочана звыш 700 т, убрана 70%. У два разы больш леташняга намалацілі рапсу (162 т).

Добра папрацавалі і ў жывёлагадоўчай галіне. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы вырасла на 36% і склала 1107 галоў, з якіх 293 каровы. Валавая вытворчасць малака ўзрасла на 117% (928 т), удой малака на карову саставіў 3188 кг супраць леташніх 2966. Узраслі і валавыя прывагі: 118 т супраць 77 т у 2008 годзе, сярэднія прывагі ўзраслі на 10 г (617 г – у 2009 г. і 607 г – у 2008 г.). На 166% вырас аб’ём вытворчасці курынага яйка, за 9 месяцаў сёлета сабрана 5484 тыс. яек.

У гаспадарцы зараз працуе 150 чалавек.

Гордасць Дудзіч

Галоўнае багацце любога населенага пункта – яго людзі. Менавіта яны сваёй стараннай працай, творчасцю, дасягненнямі ўслаўляюць роднае паселішча.

Бадай, самымі знакамітымі выхадцамі з Дудзіч з’яўляюцца браты Басалыгі, старшы Дзмітрый (1884 г.н.) і Канстанцін, якія нарадзіліся ў маёнтку Дудзічы. У 1904 годзе абодва паехалі вучыцца ў Харкаўскі тэхналагічны інстытут, абодва сталі прафе-сіянальнымі рэвалюцыянерамі, прайшлі турмы і ссылкі.

Дзмітрый Мікалаевіч працаваў на кінафабрыцы ў Маскве, кіраваў Саратаўскім драматычным тэатрам. У гады грамадзянскай вайны – камісар брыгады Чырвонай Арміі. Пасля грамадзянскай вайны – загадчык Цэнтральнага ўпраўлення тэатраў Наркамасветы РСФСР, старшыня праўлення акцыянернага таварыства “Пралетарскае кіно”. Па даручэнню ЦК РКП (б) ў студзені 1924 года здымае на кінастужку пахаванне У.І.Леніна. З 1938 года працаваў у Траццякоўскай галерэі, з 1941 па 1944 – на адказных пасадах у Чырвонай Арміі. У пасляваенны час працаваў выкладчыкам Вышэйшай дыпламатычнай школы пры Міністэрстве замежных спраў СССР. Памёр Дз.М.Басалыга 15 красавіка 1969 года.

Яго брат Канстанцін працаваў на савецкай партыйнай рабоце ў Севастопалі, Стаўрапалі. Памёр 6 верасня 1963 года.

Не менш каларытнай фігурай з’яўляецца Ясько Андрэй Фёдаравіч, які па даручэнню сялянства Дудзіцкай воласці ў якасці хадака быў накіраваны ў Маскву да старшыні Саўнаркама У.І.Ле-ніна. У далейшым Ясько А.Ф. стаў членам Цэнтральнага выканаўчага камітэта Беларускай ССР, як паведамляла аб гэтым газета “За камунізм” 16 снежня 1969 года. На жаль, далейшы лёс выхадца з простай сялянскай сям’і прасачыць не удалося.

Пра Антона Іосіфавіча Мыка – арганізатара савецкай улады і першай калектыўнай сельскай гаспадаркі ў Дудзічах мы ўжо ўс-паміналі, як успаміналі і пра тых, хто праявіў мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, хто дасягнуў высокіх працоўных поспехаў у развіцці сельскай гаспадаркі.

Самааддана працавалі карэнныя жыхары Дудзіч і тыя, хто воляй лёсу прыбыў на работу ў гэтую вёску, і ў сацыяльнай сферы, асабліва на ніве адукацыі.

Дудзіцкая школа,  як ужо адзначалася, пачала сваю, гісторыю ў 1886 годзе. У 1890 годзе з Калінкавіч у Дудзічы пераводзяць сельскае народнае вучылішча. У 1911 годзе – будуецца ўласны будынак для школы. У 1919 годзе народнае вучылішча паратворана ў працоўную школу І ступені, у 1928 яе ператвараюць у сямігодку. Першым дырэктарам сямігодкі быў настаўнік геаграфіі Сцяпан Іванавіч Руды. З 1944 па 1950 год дырэктарам школы працаваў Шышанок Аляксандр Пракопавіч, яго намеснікам Дынкін Міхаіл Барысавіч. Афіцэр-франтавік, кавалер трох баявых ардэноў Міхаіл Барысавіч затым з 1950 года на працягу чвэрці века кіраваў Дудзіцкай школай. Яго плённая праца на ніве адукацыі была адзначана знакам “Выдатнік народнай асветы” і медалём “За працоўную адзнаку”. Такіх жа ўзнагарод удастоілася і яго жонка Іда Барысаўна,  сорак год адпрацаваўшая настаўніцай.

Дудзіцкая школа і вёска ганарыцца сваімі педагогамі: кавалерам ордэна “Знак Пашаны”, выдатнікам народнай асветы Сіляўкінай Верай Фёдараўнай, заслужанай настаўніцай БССР Курчонак Верай Паўлаўнай, Лаеўскай Валянцінай Ільінічнай, якая узнагароджана медалём “За працоўную адзнаку”, Літвінчук Валянцінай Нікіфараўнай – кавалерам ордэна Працоўнай Славы ІІІ ступені, выдатнікамі народнай асветы Бічаном Уладзімірам Міхайлавічам, Бельскай Тамарай Фёдараўнай.

Многія выпускнікі школы вярнуліся назад у яе і працуюць настаўнікамі. Гэта Азбука Ала Васільеўна, Арцюшэнка Ніна Іванаўна, Змушка Алена Леанідаўна, Рэш Ірына Васільеўна, Бобр Святлана Міхайлаўна, Канцавая Ірына Міхайлаўна, Ісаева Таццяна Анатольеўна. Многія выпускнікі Дудзіцкай школы займаюць адказныя пасады ў роднай вёсцы, раёне, рэспубліцы. Гэта Змушка Іна Леанідаўна – старшыня Дудзіцкага сельсавета, Трошка Сяргей Іванавіч – кіраўнік сельгасфіліяла “Дудзічы” ААТ “Калінкавічыхлебапрадукт”, Савянок Анатоль Мікалаевіч – генеральны дырэктар Беларускага металургічнага камбіната, Клічкоўская Алена Уладзіміраўна – намеснік старшыні Калінкавіцкага райвыканкама, Пянько Віктар Аляксандравіч – дырэктар РПУ “Калінкавічырайгаз”, Прохарава Наталля Рыгораўна – дырэктар ПВУП “Калінкавіцкі малочны камбінат”, Туроўчык Іна Рыгораўна – начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Калінкавіцкім раёне.

Асаблівая гордасць вёскі і школы – гэта хлопцы, якія прайшлі вогненнымі дарогамі Афганістана: Бандарэнка Анатоль, Курыла Віктар, Малашчанка Ігар, Пянько Алег, Пянько Сяргей. Гэтым пецярым пашчасціла вярнуцца дадому жывымі, а вось Карчуганаў Артур загінуў, пасмяротна ўзнагароджан ордэнам Чырвонай Зоркі.

Вёска развіваецца

У ліку першых з населеных пунктаў раёна Дудзічы ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай аднаўлення і развіцця вёскі ў 2006 годзе атрымалі статус аграгарадка. На 293 падворках яго сёння тут пражывае 725 жыхароў. У вёсцы функцыяніруе сярэдняя школа, дзіцячы сад, філіял школы мастацтваў, Дом культуры, тры гандлёвыя кропкі, комплексны прыёмны пункт, ФАП, лазня, паштовае аддзяленне. Актыўна вядзецца будаўніцтва індывідуальнага жылля, газіфікацыя паселішча. Улічваючы, што Ду-дзічы стаяць на ажыўленай аўтатрасе Мазыр –Мінск, то і вёска, сустракаючы і праважаючы праезжых гасцей, павінна адпавядаць свайму статусу. І яна добра спраўляецца з гэтымі абавязкамі, дзякуючы сваім кіраўнікам і жыхарам, тут заўсёды прыбрана і прыгожа, квяціста і зелена. Жыць у такой вёсцы адна любата.

Іван Гарыст.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.