Бярозаўка

У гаях сярод балот

Непадалёк ад прыгажуні – Прыпяці, раскінулася вёска Бярозаўка, якая вядома па пісьмовых крыніцах з 18 стагоддзя.

Як сведчыць народнае паданне, першыя жыхары, якія сяліліся ў гэтых мясцінах, вельмі дзівіліся  мноству бяроз і бярозавых гаёў, што туліліся на астраўках сярод  безлічы балот. У гонар гэтых дрэў і атрымала паселішча сваю назву, якая захавалася і па сёння.

Тое, што людзі вельмі даўно аблюбавалі для свайго пражывання ваколіцы Бярозаўкі,  сведчаць шматлікія археалагічныя знаходкі: за паўкіламетра ад вёскі на ўсход знойдзены рэшткі неалітычнага паселішча. У напрамку старажытных Юравіч ад Бярозаўкі цераз поле і сёння цягнецца глыбокі  яр, па якім, відавочна,  у сівую даўніну працякала глыбокаводная Прыпяць. І калі геаграфічна арыентавацца, то ў старажытнасці і сённяшняя Бярозаўка, і сённяшнія Юравічы разразаліся гэтай ракой і мясціліся паабал яе.

З дакументаў 1811 года  вынікае, што Бярозаўка ў той час знаходзілася ва ўласнасці пана Эміля Аскеркі. Яго дзеці: Фелікс, Любамір, Вітальд і Напалеон валодалі 17,3 тыс. дзесяцін зямлі ў Вадовіцкім маёнтку. У 1834 го-дзе ў Бярозаўцы было 42 двары.

Памешчыца Элеанора Вікенцьеўна Прыжыбора ў 1858 годзе мела ў гэтай вёсцы 1610 дзесяцін зямлі, маслабойню, конны млын і карчму.

Паводле перапісу 1897 года ў Бярозаўцы,  якая ўваходзіла ў  Юравіцкую воласць, было 82 двары і пражывала 497 жыхароў. Былі таксама школа граматы і хлебазапасны магазін.

Жылі бярозаўскія сяляне вельмі бедна. Паншчына, праца на кавалачках уласнай худой зямлі, рыбалавецтва ды збор лясных дароў не давалі магчымасці ні ўволю наесціся,  ні спакойна пазіраць у заўтрашні дзень.

На агульнай хвалі сялянскіх выступленняў 1905  года бярозаўцы таксама  патрабавалі ад свайго магната павелічэння  па-дзённай аплаты. Узбілі іх на гэта мясцовыя жыхары Клямпач  Сцяпан ды Сакун Рыгор.  Але алексіцкаму бацюшку ўдалося адгаварыць сялян ад пяцікапеечнай даплаты. Толькі жыццё лепш не станавілася. Па ўсяму Палесю  множыўся сялянскі рух, які набываў ўсё  больш арганізаваны характар. Асаблівую незадаволенасць і супраціўленне з  боку сялянства выклікала прымусовая хутаразацыя. Яшчэ горшым стала жыццё  вяскоўцаў з пачаткам Першай сусветнай вайны.

Рэквізіцыя жывёлы і прадуктаў харчавання яшчэ больш пагоршыла і без таго цяжкае становішча  сялянства. Таму падзеі 1917 года бярозаўская бедната і малазямельнае сялянства сустрэлі як надзею на  лепшую будучыню. Пры тым многія з вяскоўцаў прынялі самы актыўны ўдзел у фарміраванні  органаў новай улады, новага ладу жыцця.

Адзін з першых

Лютаўскія падзеі 1917 засталі Аляксандра Кананчука ў адной з вай-сковых часцей  Мінскага гарнізона. Як ні стараліся ў штабе Заходняга фронту захаваць ад салдат і рабочых вестку аб звяржэнні царызму – праўда аб рэвалюцыйных падзеях у Петраградзе дайшла да іх. З сакавіка 1917 года па ініцыятыве М. В. Фрунзе была праведзена другая нарада бальшавікоў горада Мінска, 3-й і 10-й  армій Заходняга фронту, па рашэнні якой на заводах, фабрыках і у часцях гарнізона пачалося вылучэнне дэлегатаў у Мінскі Савет.

Сын палескага селяніна Аляксандр Кананчук нават не чакаў, што яго сябры выкажуць яму такі высокі давер і выбяруць дэпутатам Мінскага Савета рабочых, салдацкіх і  сялянскіх дэпутатаў.

Нарадзіўся ён у  Бярозаўцы – Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета ў 1896 годзе ў  мнагадзетнай сям’і. У Аляксандра было сем братоў і дзве сястры. Калі яму было тры гады, памерла маці.  Сталася так, што з дзіцячых гадоў яму не давялося зведаць не толькі матчынай ласкі, але і простых дзіцячых уцех. У дзевяцігадовым узросце бацька быў вымушаны аддаць свайго сына парабкаваць да пана. Да 1915 года, пакуль не прызвалі на службу ў царскую армію, ён гнуў спіну то на паноў, то на  сельскіх багацеяў.

1917 год рэзка змяніў  далейшае жыццё Аляксандра. З сака-віка ён працуе ў экспедыцыйным аддзеле Мінскага Савета. Галоўнай яго задачай было  распаўсюджванне бальшавіцкай літаратуры і лістовак, пракламацый, газет “Окопная правда”,  “Ізвестія Мінского Совета”, “ Звязда”. Кананчук ганарыўся сваёй работай. Словы праўды былі тады, бадай, мацней зброі. Іх, гэтыя словы, з нецярпеннем чакалі ў вёсках, на фронце.

У Мінску бальшавікі ўзялі ўладу ў свае рукі ў першы дзень перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў  Петрагра-дзе. Многаму ў гэтым садзейнічала работа распаўсюджвальнікаў бальшавіцкага друку і прапагандыстаў, да ліку якіх адносіўся і Кананчук.

25 кастрычніка па распараджэнні Мінскага Савета з гарадской турмы былі вызвалены салдаты і рабочыя, арыштаваныя Часовым урадам пасля ліпеньскіх падзей за удзел у рэвалюцыйным руху. Пасля вызвалення яны аб’ядналіся ў Першы рэвалюцыйны імя Мінскага Савета полк. У гэтым палку прадоўжыў сваю далейшую службу і Аляксандр Ігнатавіч. Куды толькі не кідаў яго вайсковы лёс. У лютым 1918 года ён прымаў удзел у баях супраць мяцежнікаў Доўбар – Мус-ніцкага, з лета 1918 – у баях з белачэхамі на Волзе, а восенню гэтага ж года ў складзе 79-й брыгады 27-й стралковай дывізіі ўдзельнічае ў баях супраць Калчака. Давялося вызваляць і родную Беларусь ад войск  буржуазнай Польшчы, удзельнічаць у Варшаўскім паходзе і разгроме банд Антонава ў нямецкім  Паволжы. Тут Аляксандру Ігнатавічу не пашанцавала. На сёмы дзень ён быў цяжка паранены ў левы бок грудной клеткі і трапіў у шпіталь. Гэта было ў красавіку  1921 года. Так закончылася  чырвонаармейская служба салдацкага дэпутата.

Пасля шпіталя ён вяртаецца ў родную Бярозаўку. Вярнуўся салдат — і вачам сваім не паверыў. Быццам, і не змагаўся ён  больш трох гадоў за ўладу Саветаў. Панская зямля па-дзелена паміж заможнымі  сялянамі. А на яго пытанне да старасты Коўгара: “Дзе ж зямля для беднякоў?” — прагучаў адказ: “Для бальшавікоў зямлі няма і не будзе!”.

Сабраў на другі дзень Кананчук былых франтавікоў ды сялянскую беднату і на  сельскім сходзе выбралі камітэт беднаты, старшынёй якога аднавяскоўцы аднадушна абралі яго. Старшыня камбеда праводзіў актыўную палітыку. Сілай была адабрана пячатка ў былога старасты, а панская зямля была перадзелена па – іншаму: лепшыя землі былі аддадзены беднаце. Мясцовыя кулакі затаілі лютую злобу на бальшавіка. Аднойчы ноччу яны накінуліся на яго, збілі да паўсмерці і кінулі ў калодзеж. Але салдат выжыў.

У 1928 годзе ў ліку першых на Палессі ён разам з аднавяскоўцамі стварае ў Бярозаўцы калгас “Чырвоны баец”, які ў 1929 годзе пераймяноўваецца ў калгас імя Варашылава. Больш дзесяці гадоў А. І. Кананчук узначальвае гэту гаспадарку, якая ўжо напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны дасягнула значных поспехаў, за што яе старшыня ў 1940 годзе быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР.

У 1929 годзе А. І. Кананчук у якасці дэлегата прымаў удзел у рабоце ХІІ з’езда КП(б)Б. Ён быў сведкам прыняцця першага пяцігадовага плана Беларусі. А яшчэ праз тры гады ён – дэлегат ХІV з’езда КПБ.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Ігнатавіч – чалавек ужо не малады – разам з аднавяскоўцамі бярэ ў рукі зброю. Ён партызаніць, становіцца палітруком роты. Яго ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі, іншымі ўрадавымі ўзнагародамі.

Пасля вайны А.І.Кананчук працуе старшынёй і сакратаром сельскага Савета, сакратаром партыйнай арганізацыі. У 1967 годзе ў гонар 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі Аляксандр Ігнатавіч быў узнагароджаны другім ордэнам Чырвонай  Зоркі.

Чырвонае і чорнае

Будаўніцтва новага жыцця ажыццяўлялася пад трапятанне чырвоных сцягоў, водбліскі кумачовых абрусаў у прэзідыумах ды піянерскіх гальштукаў і камсамольскіх знакаў на грудзях дзятвы і моладзі.

20 жніўня 1924 года Бярозаўка стала цэнтрам Бярозаўскага сель-скага Савета Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета.

У 1926 годзе ў вёсцы пачала працаваць малакамплектная школа, вучняў якой па сельскіх хатах вучылі Манькоўскі Ягор Сцяпанавіч і яго жонка Антаніна Філімонаўна.

У 1929 годзе  ў вёсцы пачаў узводзіцца школьны будынак, а ў 1930 годзе адкрыўся пяты клас будучай сямігодкі, дырэктарам якой стаў Касьянчык (імя і прозвішча – невядомы. – заўв. аўт.). Паколькі месц усім школьнікам не хапала, то ў 1935 го-дзе з хат раскулачаных сялян пабудавалі новую школу.

У 1928 годзе ў краіне пачалася добраахвотная калектывізацыя. Аднак яна не прынесла станоўчага выніку. У 1929 годзе ў калгасы пачалі зганяць прымусова. Беднасць і багацце селяніна вызначаліся адвольна. У разрад багацеяў траплялі і сапраўдныя земляробы, што ўласнай працай з цямна да цямна ўзбіваліся на кавалак хлеба, і тыя, хто сапраўды прыгнятаў аднавяскоўцаў. Масавы загон у калгас паламаў лёсы мільёнаў людзей. Малейшае супраціўленне мясцовым уладам, нежаданне здаць у калгас нажытае крывавым мазалём за гады нястомнай працы і ты – кулак.

Пад колы рэпрэсіўнай машыны ў час калектывізацыі ў Бярозаўцы трапіў Пільчанка Ілля, у якога было дзевяць дзяцей. Выслалі яго ў Сібір за тое, што меў ветраны млын. Раскулачылі і яго брата Андрэя, аднавяскоўцаў: Кудрыцкага Саву Фядосавіча, Коўгара Андрэя, Яраша Андрэя Еўдакімавіча.

На тэрыторыі Бярозаўскага сельсавета было створана 5 калгасаў: імя Чапаева ў Абухаўшчыне, “Новы быт” у Слабодцы, “Чырвоны араты” ў Байцы і Вадовічах, “Чырвоная Бярозаўка”  ў Старой Бярозаўцы і імя Варашылава ў Новай Бярозаўцы.

Старшынёй калгаса імя Кагано-віча быў Коўгар В.І.

Толькі ў 1936 годзе калгас імя Варашылава разжыўся на першы трактар ХТЗ. Першым яго трактарыстам быў яўрэйскі юнак Хема з Вадовіч, пасля яго Лешчанка Фёдар Савіч. У ліку першых трактарыстаў былі і бярозаўскія дзяўчаты — Дубянчук Ганна Парфір’еўна і Іванюшка Алеся Фёдараўна.

У хуткім часе ў калгасе імя Варашылава з’явілася і першая аўтамашына, на якой працаваў Чарняк Іван.

Праца на калгаснай зямлі была цяжкай. Апрацаваная ўручную зямля не давала такога ўраджаю, які зараз атрымлівае калгас (СВК) “50 гадоў БССР”. Параўнайце: у 1939 годзе палявод Лешчанка Іван Апанасавіч з Бярозаўкі ўдастоіўся гонару стаць удзельнікам Выставы Дасягненняў Народнай Гаспадаркі СССР за атрыманне ўраджаю збожжа не ніжэй 14 цэнтнераў з гектара за некалькі апошніх год(!?).

Тым не менш народны летапіс Бярозаўкі адзначае, што добра працавалі ў той час такія калгаснікі, як Крэйман Естарка, Камянчук Цімафей Архіпавіч, Цырулік Андрэй Агеевіч, Камянчук Сцёпа Іванаўна, Коўгар Фядос Ігнатавіч, Бельскі Сцяпан.

З кожным годам жыццё  ў вёсцы станавілася лепшым. Побач з рэвалюцыйнымі святамі бярозаўцы не забывалі аб хрысціянскіх традыцыях: шанавалі і адзначалі Каляды, Вялік-дзень, Пятроў дзень, Купалле, іншыя праваслаўныя святы. І хаця зімой па хатах дружна пралі вырашчаны ўлетку лён-даўгунец, а затым ткалі яго, у вёску на змену даматканым кашулям і андаракам пачало прыходзіць фабрычнае адзенне, а замест лапцей – скураны абутак. У быт селяніна ўваходзілі газеты, часопісы, кнігі, швейныя машынкі, “гарадская” мэбля, веласіпеды і многае іншае, што раней з’яўлялася прыкметай “пан-скага” жыцця.

У Бярозаўцы, у хаце Дыдыкі М., адкрылася крама. Затым для гэтай мэты быў узведзены асобны будынак, а першым гандляром у новай краме стаў Коўгар Іван.

“Паліцаі хадзілі па вёсцы, як хазяева…”

Вось што ўспаміналі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны жыхаркі Бярозаўкі Чарнаштан Кацярына і Лазянік Пелагея:

“Першых немцаў мы бегалі гля-дзець на шашу, адтуль даносіўся да нас шум нямецкіх машын і матацыклаў. Потым яны прыехалі і да нас. У вёсках былі прызначаны старасты: у Старой Бярозаўцы —  Камянчук Змітро, у Новай Бярозаўцы – Лешчанка Рыгор. Немцы бывалі ў вёсках мала, больш наязджала паліцыя. Паліцаі хадзілі па хатах, як хазяева. Некалькі вырадкаў і з нашай вёскі пайшлі да іх на службу. Многа людзей было забіта, угнана ў Германію. Суседняя Чорнаўшчына была спалена. 22 жыхары гэтай вёскі, яўрэі былі расстраляны на беразе рэчкі Тур’і.

У 1943 годзе да нас у Бярозаўку панаехала шмат немцаў. У памяшканні школы яны адкрылі свой шпіталь.

Аднойчы пачуліся разрывы снарадаў, зямля гарэла пад нагамі. Ноччу людзі збеглі ўсе у лес, жылі там. 28 лістапада, вечарам, пачаўся бой за нашу вёску. Раніцай наступнага дня ўсё сціхла. Мы сталі выходзіць з лесу. Карціна, якую мы ўбачылі, была жудасная. Вакол вёскі ляжалі сотні нашых салдат, якія загінулі ў баю. Калі прыйшлі нашы мужыкі з лесу, камандаванне папрасіла памагчы выкапаць яму і пахаваць забітых. Воінаў пахавалі за агародам Лешчанкі Нічыпара. Пасля вайны іх перазахавалі. А ў 1964 годзе на брацкай магіле ўстанавілі помнік-скульптуру. У магіле пахаваны 168 савецкіх воінаў.

Але ў асноўным кровапралітныя баі разгарнуліся ў вёсцы Вялікія Аўцюкі, на станцыі Галявіцы, дзе загінула вельмі шмат нашых аднавяскоўцаў: Кудрыцкі Еўдакім, Скідан Васіль.

Жыхары Бярозаўкі былі эвакуіраваны ў вёску Барысаўшчыну Хойніцкага раёна. Там быў наладжаны шпіталь, харчаванне. Жылі мы там да вясны. Затым фронт быў прарваны.”

“Прыходзілася аддаваць шмат сваёй крыві…”

А вось што ўспамінала аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны яе ўдзельніца Давыдзенка (Цырулік) Кацярына Аляксандраўна. Нарадзілася яна ў 1921 годзе ў Бярозаўцы. У 1940 годзе закончыла Мазырскае медвучылішча і была накіравана на працу ў Заходнюю Беларусь: у Ружанскую бальніцу Брэсцкай вобласці.

“Вечарам, 22 чэрвеня, — пісала яна, — увесь медперсанал бальніцы сабраў наш галоўны ўрач Генрых Казіміравіч і сказаў: “Заўтра на работу можна не прыходзіць. Тут будуць немцы. Улада  будзе нямецкай.”

Я ў той час была камсамолкай, загадвала аптэкай. Ён забраў у мяне ключы ад аптэкі, а з бальніцы не выпусціў. Назаўтра мяне правялі ў касцёл, куды перанеслі некалькі параненых нашых байцоў. А ў бальніцы пачалі размяшчаць нямецкіх салдат.

Немцы, калі сустракалі каго-небудзь з юнакоў альбо дзяўчат з камсамольскім значком на гру-дзях, расстрэльвалі іх на месцы.

Наш урач аказаўся здраднікам. Ён зверскі забіваў цяжка параненых нашых байцоў, рабіў з іх “падвопытных кролікаў”. Потым яшчэ жывых скідваў іх у яму. Гэта быў не доктар, а пачвара. Мне давялося бачыць, як ён разрэзаў па жывому аднаго байца і назіраў за работай яго ўнутраных органаў.

Выбрацца з касцёла мне дапамог мясцовы ксёндз. Я пайшла спачатку ў суседнюю вёску, а адтуль –  у лес, дзе сустрэла сваіх.

У партызанскім атрадзе брыгады імя Панамарэнка я была з 1941 па 1944 год. Прыходзілася часта мяняць месца дыслакацыі. Асабліва цяжка было першыя два гады: не было бінтоў, медыкаментаў, інструментарыя. Прыходзілася шмат аддаваць сваёй крыві параненым байцам. У канцы 1943 года звязаліся з Масквой. Стала лягчэй, самалётамі пачалі дастаўляць харчаванне, медыкаменты, зброю.

Партызаніць у Заходняй Беларусі было вельмі цяжка. Мясцовыя жыхары не ўсе дапамагалі партызанам: хтосьці баяўся немцаў, а хто і адкрыта ім дапамагаў.”

Кацярына Аляксееўна была не адзінай бярозаўкай, якая ўступіла на шлях барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сотні яе аднавяскоўцаў біліся з лютым ворагам на франтах вайны і ў партызанскіх атрадах. 140 ураджэнцаў Старой і Новай Бярозаўкі не прыйшлі з вайны. Многія сем’і страцілі бацькоў, сыноў і дачок. Напрыклад, жыхарка Бярозаўкі Цырулік Арына выправіла на вайну шэсць сваіх сыноў, а дадому не дачакалася ні аднаго.

Лепшыя ў раёне

Адразу ж пасля выгнання захопнікаў у вёсках сельсавета адрадзілася дзейнасць калгасаў. Пачынаць прыхо-дзілася ўсё з нуля: зямля зарасла быльнягом і пустазеллем, цяглавай сілы не было. Жанчыны і старыя аралі на сабе, жылі ўпрогаладзь, апошняе зярнятка кідалі ў глебу, каб вырасціць новы хлеб.

У 1951 годзе адбылося ўзбуйненне калгасаў. З пяці існуючых засталося два: імя Жукава і імя Перамогі.

Праз дзесяць гадоў прайшло яшчэ адно ўзбуйненне. Усе гаспадаркі бярозаўскага асяродка далучыліся да юравіцкага калгаса імя Леніна, старшынёй якога быў спачатку Катцэн Барыс Самуілавіч, затым Хімянкоў. Толькі праз восем гадоў, у 1969 годзе, адбылося разузбуйненне калгаса імя Леніна, у выніку якога была створана самастойная гаспадарка – калгас “50 гадоў БССР”, у склад якога ўвайшлі вёскі Абухаўшчына, Слабодка, Чорнаўшчына, Бярозаўка (у снежні 1966 года адбылося аб’яднанне Старой і Новай Бярозаўкі ў вёску Бярозаўка), пасёлак Леніна, Вадовічы і Баец. Старшынёй калгаса быў абраны Мятліцкі І.Я. Потым яго змянілі Пінчук Н.А., Сакун М.І., Савіцкі П.М., Пархоменка А.М., Сакун Л.П.

Жыццё нярэдка прыпадносіць сюрпрызы і, нават, метамарфозы. Такая метамарфоза адбылася праз некалькі дзесяцігоддзяў і з калгасам “50 гадоў БССР”: калі ў 1961 годзе землі калгасаў Бярозаўскага сельсавета былі далучаны да калгаса імя Леніна, то ў 2002 годзе адбыўся адваротны працэс, землі калгаса імя Леніна былі далучаны да калгаса “50 гадоў БССР”, а ў 2007 годзе да яго далучыўся і СВК “Агароднікі-Агра”. У выніку ўтварылася магутнае сель-скагаспадарчае прадпрыемства, якое носіць назву — Калгас (СВК) “50 гадоў БССР”. На сённяшні дзень гэта гаспадарка, якую вось ужо 10 гадоў узначальвае Гаркуша Анатоль Іванавіч, з’яўляецца адным з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна.

У 2005 годзе калгас (СВК) “50 гадоў БССР” становіцца пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва і ўдзельнікам рэспубліканскага фестывалю “Дажынкі” за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці збожжа. У 2008 годзе калгас – зноў пераможца рэспубліканскага спаборніцтва і ўдзельнік рэспубліканскага фестывалю “Дажынкі”, але ўжо ў іншай намінацыі – “За высокую культуру землекарыстання, земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў і жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.

Колькасць жа перамог у раённых і абласных спаборніцтвах – шматразовая. Калгас (СВК) “50 лет БССР” бясспрэчны лідэр у раёне па вытворчасці збожжа і валавым зборы хлеба. Сёлета, напрыклад, гаспадаркай атрыманы рэкордны ўраджай збожжа за ўсю гісторыю існавання калгаса. Яго сярэдняя ўраджайнасць склала 55,2 цэнтнера з гектара.

Нядрэнных паказчыкаў дабіліся  аграрыі калгаса і ў іншых галінах. Вось некалькі лічбаў. За 9 месцаў б. г. прырост у раслінаводстве да ўзроўню мінулага года саставіў 125,6%, у жывёлагадоўлі – 113,0%. Удой на адну ўмоўную карову вырас на 108,3%, сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы – на 105,7%. Прадукцыйнасць працы ўзрасла на 131,2%. Рэнтабельнасць вытворчасці склала 30,5%.

У калгасе рэканструіруюцца і будуюцца новыя фермы, іншыя вытворчыя памяшканні, завяршаецца закладка 100 — гектарнага сада, набываецца новая энерганасычаная высокапрадукцыйная тэхніка, будуецца жыллё для працаўнікоў, ствараюцца належныя санітарна-бытавыя ўмовы.

Поспех паступальнага руху наперад закладваўся ў мінулыя гады працай многіх людзей, што працавалі ў гаспадарцы. Сёння яны з’яўляюцца гонарам працоўнага калектыву. Гэта кавалеры ордэна Чырвонага Працоўнага Сцяга: трактарыст Дырдоль Андрэй Макаравіч, даглядчык жывёлы Кананчук Уладзімір Андрэевіч, брыгадзір Кананчук Канстанцін Цімафеевіч, кавалер ордэна “Знак пашаны”, даглядчык жывёлы Скідан Леанід Ігнатавіч, кавалер ордэна “Дружбы народаў”, брыгадзір Шчэрбін Міхаіл Яфімавіч, кавалеры ордэна Працоўнай славы ІІІ ступені: трактарысты Бондар Міхаіл Іванавіч і Туравец Леанід Уладзіміравіч. Апошні, напрыклад, прадстаўляў у 80-я годы мінулага стагоддзя Калінкавіцкі раён у Вярхоўным Савеце БССР, быў яго дэпутатам ад Юравіцкай выбарчай акругі №330, плённа працуе механізатар у гаспадарцы і па сённяшні дзень.

“Бярозаўскія пералівы”

Бярозаўцы ўмеюць не толькі доб-ра працаваць, яны ўмеюць і ад-пачываць належна: верна захоў-ваюць звычкі і традыцыі, абрады, песні і паданні бацькоў сваіх і дзядоў. І рэй у гэтай справе вядзе Бярозаўскі цэнтр фальклору, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца няўрымслівая і нястомная захавальніца народных традыцый, музыкант – “самародак” Лапацік Паліна Паўлаўна. Гэта яна са студзеня 1986 года пачала сабіраць у Бярозаўскім Доме культуры аматараў беларускага фальклору і ствараць мастацкі гурт, які ў хуткім часе перавысіў сорак чалавек. Аматарамі самадзейнасці станавіліся і старыя, і малыя.

Напрыклад, да 74-гадовага ўзросту ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці жыхарка Бярозаўкі Богдан Васіліна Сцяпанаўна, якая мела высокі, яркі   голас і, нават, атрымлівала прапановы аб супрацоўніцтве ад Дзяржаўнага акадэмічнага хору імя Цітовіча.

Разам з В.С.Богдан народную песню ў масы “неслі” Цырулік Ніна Канстанцінаўна, Багдановіч Еўдакія Фёдараўна, Дырдоль Агафія Іванаўна.

Нязменнай вядучай праграм была абаяльная Савянок Галіна Мікалаеўна. А Камянчука Фёдара Цімафеевіча проста нельга ўявіць без бубна ў руках. Доўгі час спяваюць у “Бярозаўскіх пералівах” (так называецца фальклорны калектыў Бярозаўскага цэнтра фальклору, які мае ганаровае званне народнага) яркая выканаўца лірычных і патрыятычных песень, дырэктар Бярозаўскай школы Камянчук Ірына Аляксееўна, адменная выканаўца жартаўлівых твораў Хмяльніцкая Паліна Міхайлаўна, майстар песеннай тэатралізацыі Трафімава Ганна Мікалаеўна, спявачкі Сямёнава Марыя Іванаўна, Бельская Лідзія Рыгораўна, Скідан Софья Іванаўна.

24 чэрвеня 2009 года фальклорны калектыў “Бярозаўскія пералівы” ў чарговы раз пацвердзіў ганаровае званне “народнага”. Ён пастаянны ўдзельнік і дыпламант раённых і абласных конкурсаў, пастаянны пераможца рэспубліканскага фестывалю народнага гумару “Аўцюкі”.

Зараз у фальклорны калектыў на змену старэйшаму пакаленню прыходзіць моладзь. І гэта лепшы сведка таго, што традыцыі бацькоў і дзядоў на бярозаў-скай зямлі будуць прадоўжаны.

Гонар вёскі

Заслужаным аўтарытэтам і павагай у бярозаўцаў карысталіся і карыстаюцца людзі розных прафесій і ўзросту: майстар швацкай справы Лешчанка Надзея Яфімаўна, фельчар Прысада Валянціна Нікадзімаўна, былы старшыня сельсавета і дырэктар школы Варабей Анатоль Міхайлавіч, загадчыца магазіна Лешчанка Антаніна Данілаўна, настаўнікі Батко Марыя Якаўлеўна, Лазянік Еўдакія Фёдараўна, Амельчанка Віктар Трыфанавіч, Лешчанка Канстанцін Іванавіч, Камянчук Надзея Васільеўна, механізатары Сакун Васіль Мікалаевіч, Уласік Васіль Сямёнавіч, жывёлаводы Жолуд Аркадзь Міхайлавіч, Гоева Святлана Аляксееўна, даяркі Казачэнка Еўдакія Фёдараўна, Цырулік Кацярына Уладзіміраўна, многія іншыя.

Ганарацца бярозаўцы і ўраджэнцамі саёй вёскі, якія дасягнулі значных вышынь у сваёй справе. Напрыклад, Ярашам Сцяпанам Аляксандравічам, які нарадзіўся у Новай Бярозаўцы у шматдзетнай сям’і 2 ліпеня 1950 года. Тут жа ён закончыў 4 класы, затым вучыўся ў Васілевіцкай школе-інтэрнаце. 9 класаў заканчваў у Бярозаўцы. Пасля былі Мінскае ПТВ, індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, служба ў пагранвойсках. Дарэчы, у час службы за праяўленую мужнасць С.А.Яраш быў узнагароджаны медалём “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы”. Пасля службы Сцяпан працаваў майстрам вытворчага навучання ў Бабруйску, Чэрвені. У Чэрвені камсамол накіраваў яго на працу ў крымінальны вышук, у якім ён даслужыўся да начальніка. А ў 1988 годзе Яраша пераводзяць у Лагойск намеснікам начальніка міліцыі па аператыўнай рабоце. У 1995 годзе начальнік крымінальнай міліцыі Лагойскага РАУС разам з сябрамі па зброі сарваў злачынства, якое тады ў Беларусі атрымала назву “рабаўніцтва стагоддзя”.

А адбылося вось што. Інкасатар Віцебскага абласнога банка Шарэнда, які разам з калегамі перавозіў у браніраванай машыне валюту з Віцебска ў Мінск, на шашы, каля вёскі Акалова Лагойскага раёна, застрэліў другога інкасатара, параніў старшага і на браніраваным “Камазе” з грашыма спрабаваў уцячы з  месца злачынства. Здабыча яго была сапраўды немалой: 1 мільён 495 тысяч долараў ЗША, сотні тысяч нямецкіх марак і фунтаў стэрлінгаў, тысячы французскіх франкаў, фінскіх марак і канадскіх даляраў.

Грошы  ў банк былі вернуты праз  некалькі гадзін. Вось што расказваў аб гэтым тады  С.А.Яраш: “Трэцяга  студзеня ў 12.32 начальніку Плешчаніцкага  ўчастка   міліцыі капітану Яўгену Жданаву паступіў сігнал. Перапалоханы жаночы голас у тэлефоннай трубцы паведаміў, што на шашы, за вёскай Акалова, стаіць машына, каля якой ідзе стральба. Жданаў разам з участковым інспектарам капітанам Штанюком выехаў на месца. Мы ў Лагойску, калі атрымалі  сігнал, тут жа сабралі аператыўную групу. Узначаліў групу захопу начальнік РАУС Уладзімір Пляшкевіч. 3 намі былі таксама начальнік крымі-нальнага вышуку Аляксандр Цішкевіч, оперупаўнаважаны Пётр Мінкевіч і старшы эксперт-крыміналіст Анатоль Варанкевіч.

Жданаў усё вельмі добра прадумаў, паспеў спыніць прыватную машыну, распытаць людзей, ці не бачылі яны інкасатарскі «КамАЗ». Яны спрабавалі гэту машыну дагнаць, але праехаць не змаглі. Потым ён павёз сцякаючага крывёю старшага інкасатара ў бальніцу. А мы пачалі ісці па следу злачынцы. Едучы па лясной дарозе, убачылі, што сляды браневіка вядуць далей у лес. Машыну мы ўбачылі на дарозе, якая ўпіралася ў бераг ракі: далей праезду не было. Эксперт-крыміналіст Варанкевіч пачаў вывучаць месца каля машыны. З імі засталіся начальнік аддзела крымінальнага вышуку А.Цішкевіч і капітан П.Мінкевіч, а мы з Пляшкевічам пайшлі па слядах злачынцы ў лес: добра, што сляды былі відаць на снезе.

Мы кружылі за ім  палесе кіламетраў дванаццаць-пятнаццаць. У нас з Пляшкевічам аўтамат і два пісталеты і ў яго аўтамат  Калашнікава і  ПМ. Нарэшце, на ўзлеску, каля балота, мы яго заўважылі. Адрэзалі ход да лесу. Ен схаваўся ў меліярацыйнай канаве, адстрэльваўся, але не высоўваўся — усю  мясцовасць мы ўзялі пад прыцэл. У аўтамаце  начальніка апусцеў  магазін, але да нас на  дапамогу падаспелі супрацоўнікі Лагойскага РАУС і УУС Мінаблвыканкама —  прыляцеў верталёт. Рабаўнік, відаць, зразумеў сваё бязвыхаднае становішча і застрэліўся. Усе грошы засталіся цэлымі”.

У студзені 1995 удзельнікам аперацыі па захопу злачынцы У.Пляшкевічу і С.Ярашу датэрмінова было прысвоена званне палкоўніка. Зараз С.А.Яраш жыве ў Мінску, знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Двое ўраджэнцаў Бярозаўкі: Яраш Аляксандр Дзмітрыевіч і Хмяльніцкі Фёдар Міхайлавіч у свой час сталі кіраўнікамі раёнаў. Напрыклад, А.Д.Яраш, які нарадзіўся ў 1956 годзе, у 1979 годзе закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, год працаваў загадчыкам рамонтнай майстэрні ў калгасе “Сцяг камунізму” на Мазыршчыне. Стараннасць маладога спецыяліста была заўважана. Яго запрашаюць на пасаду галоўнага інжынера ўпраўлення сельскай гаспадаркі Ельскага райвыканкама, затым назначаюць дырэктарам буйнога на Ельшчыне саўгаса “Камуніст”, які пад яго кіраўніцтвам быў занесены на Дошку гонару ВДНГ СССР. З Ельска Яраш вяртаецца на родную Калінкавіччыну – старшынёй райаграпрамысловага комплексу. Тут жа ў хуткім выбіраецца першым сакратаром Калінкавіцкага ГК КПБ, узначальвае Калінкавіцкі раён. Пасля развалу Саюза ССР, забароны КПСС – новая работа: намеснік генеральнага дырэктара “Аблаграпрамтэхнікі”, дырэктар Гомельскай райаграпрамтэхнікі, старшыня Гомельскага райвыканкама, намеснік старшыні Гомельскага аблсельгасхарчу па механізацыі. З 2003 года і па сённяшні дзень Аляксандр Дзмітрыевіч узначальвае ААТ “Гомельаблаграсэрвіс”.

Хмяльніцкі Фёдар Міхайлавіч нарадзіўся ў 1952 годзе. У 1971 годзе закончыў Чырвонабярэжскі сель-скагаспадарчы тэхнікум. Працоўную дзейнасць пачаў брыгадзірам паляводчай брыгады калгаса “Ленінскі сцяг” Лоеўскага раёна. Праз год стараннага юнака назначаюць галоўным аграномам саўгаса “Карпаўскі” гэтага ж раёна. Праз чатыры гады яго выбіраюць сакратаром парткома гэтай жа гаспадаркі і тры гады ён працуе ў гэтай якасці.

У жніўні 1979 года Фёдар Міхайлавіч атрымлівае новае назначэнне – становіцца намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Лоеўскага райвыканкама. Праз год яго выбіраюць старшынёй калгаса “Ленінскі сцяг” Лоеўскага раёна, а 26 красавіка 1984 года назначаюць начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі, намеснікам старшыні Хойніцкага райвыканкама.

Праз два гады новае назначэнне – на гэты раз у Гомель: намеснік старшыні абласнога аграпрамысловага камітэта. Гэта адбылося 25 красавіка 1986 года. А ўжо 9 студзеня 1987 года Хмяльніцкага Ф.М. выбіраюць першым сакратаром Ельскага РК КПБ. Больш чатырох гадоў ён кіраваў Ельскім раёнам. З 1993 па 2000 год Фёдар Міхайлавіч узначальваў на Калінкавіччыне, сваёй радзіме, рэспубліканскае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Радзіма”. З 2006 года і па сённяшні дзень працуе дырэктарам дзяржаўнага прадпрыемства “Мазыркінавідэапракат”.

Ганарацца бярозаўцы і сваім земляком Чарнаштанам Уладзімірам Сцяпанавічам, які вось некалькі скліканняў запар з’яўляецца старшынёй Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў, а да гэтага прайшоў складаны шлях ад радавога інжынера да намесніка генеральнага дырэктара буйнейшага ў Беларусі прадпрыемства “Гомсельмаш”.

З гордасцю ўспамінаюць і пра сваю зямлячку Сіраш Галіну Васільеўну, дачку дырэктара Бярозаўскай школы Сіраша Васіля Рыгоравіча, які працаваў на гэтай пасадзе ў 50-60-я гады мінулага стагоддзя. Галіна доўгі час працавала вядучым дыктарам Беларускага тэлебачання, а затым дыктарам Беларускага радыё.

Цэнтр сельсавета

Як і ў 1924 годзе, так і сёння Бярозаўка з’яўляецца цэнтрам сельскага Савета, у склад якога ўваходзяць вёскі: Ужынец, Агароднікі, Вадовічы, Баец, Абухаўшчына, Слабодка, Бярозаўка і пасёлак Леніна. Старшынёй сельсавета вось ужо дваццаць гадоў з’яўляецца Піліпейка Вольга Ільінічна.

Адпаведна перапісу насельніцтва 2009 года ў Бярозаўцы на 163 падвор’ях пражывае 398 чалавек, з якіх – 88 дзяцей, 100 — пенсіянераў і 210 — працаздольных.

Вёска планіровачна складаецца з трох частак: усходняй (дугападобная шырокая вуліца), сярэдняй ( прамалінейная вуліца мерыдыяльнай арыентацыі) і заходняй (да кароткай далучаюцца такіх жа памераў вуліцы з паўднёвага захаду і захаду). Забудова вуліц пераважна двухбаковая (старая – драўлянага, новая – цаглянага ся-дзібнага тыпу).

У вёсцы ёсць сярэдняя школа, у якой навучаецца 78 школьнікаў, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленні сувязі і філіяла “Беларусбанк”, аўтаматычная тэлефонная станцыя, два магазіны.

 Іван Гарыст.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.