Агароднікі

Вёска мая вёска, маці бэзавая хустка,

Валасы з жытнёвых спелых каласоў.

На сваіх узгорках, быццам на падушках,

Ціха гадавала ты жыццё маё.

Чалядзіны

У часы Жыгімонта Аўгуста ў Вялікім княстве Літоўскім была здзейснена аграрная рэформа — Валочная памера, якая мела на мэце дакладны ўлік зямель, вызначэнне іх урадлівасці, упарадкаванне павіннасцей, далейшае запрыгоньванне сялян, павяелічэнне фольваркаў, прыбыткаў казны і г.д. Аснову Валочнай памеры складаў абмер зямлі на стандартныя ўчасткі – валокі (21,36 га). Першыя такія абмеры былі  зроблены ў Клецкім і Пінскім княствах у 1552-1555 гадах. А пасля прыняцця “Уставы на валокі”  ў 1557 годзе Валочная памера пачала ажыццяўляцца ў вялікакняскіх і прыватнаўласніцкіх маёнтках.

Плошча, якую намяралі, павінна была мець плошчу чатырохкутніка і падзялялася на тры палі, на сярэднім з якіх размяшчалася вёска. Зводзячы сялян у вёскі, урад ствараў новы адміністрацыйны падзел: некалькі вёсак складалі войтаўства (300-400 валок ці прыблізна столькі ж гаспадарак), некалькі войтаўстваў – воласць.

Улады намерваліся пасадзіць на валоку кожную сялянскую сям’ю, бо валока лічылася акладнай адзінкай, але апрацаваць 20-25 гектараў зямлі адной сям’і было не па сілах, таму яе бралі па дзве-тры сям’і.

Цяглыя сяляне ў сярэдзіне XVI стагоддзя ў вялікакняскіх маёнтках адбывалі за валоку ў год 106 дзён паншчыны, плацілі грашовы чынш, давалі збожжа, агародніну, рамантавалі і будавалі масты і дарогі, пастаўлялі падводы, вартаўнікоў. Асадныя сяляне ў залежнасці ад урадлівасці зямлі плацілі за валоку ад 66 да 106 грошаў у год.

Самыя цяжкія павіннасці былі ў агароднікаў. Так называлі сялян з ліку нявольнай чэлядзі, якіх пасялялі на невялікіх участках зямлі па 3 моргі (1/30 валокі) і ссялялі ў вёскі па 10-20 двароў недалёка ад фальваркаў. За адзін морг зямлі агароднікі адбывалі 19 дзён паншчыны ў год, працавалі 1 дзень у тыдзень без каня, а іх жонкі — 6 дзён за лета.

У XVIII – 1-й палове XIX стагоддзя агароднікамі зваліся жыхары вёсак і мястэчак, якія мелі толькі хату і агарод.

Вёска Агароднікі Калінкавіцкага раёна менавіта з разраду тых вёсак, якія  ўзніклі ў часы Вялікага княства Літоўскага, яркім доказам таго з’яўляецца знойдзены ў 1958 годзе ў вёсцы скарб манет, якія датуюцца 1635 годам.

Па пісьмовых крыніцах Агароднікі вядомы з XVIII стагоддя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. Вёска знаходзілася ва ўласнасці Эміля Аскеркі (1811г.), дзеці якога Фелікс, Любамір, Вітольт і Напалеон валодалі 17,3 тыс. дзесяцін зямлі ў суседнім Вадовіцкім маёнтку, мелі і два вінакурныя заводы.

Агароднікі ўваходзілі ў склад Юравіцкай воласці.  У 1834 годзе налічвалі 17 двароў.

Пад 1879 год упамінаюцца ў ліку сяленняў Алексіцкага царкоўнага прыходу.

Паводле перапісу насельніцтва 1897 года ў вёсцы было ўжо 77 двароў, 500 жыхароў. Была школа граматы, хлебазапасны магазін, 2 ветракі.

Барацьба за лепшае жыццё

І хаця Агароднікі з цягам часу разрасталіся, павялічвалася іх насельніцтва, жыццё сялян ад гэтага лепшым не станавілася. Жылі бедна, упрогаладзь. Жабрацкае існаванне прымусіла гаротнікаў у 1905 годзе выступіць супраць пана Аскеркі з патрабаваннем аб павелічэнні падзённай аплаты за іх працу. Яны прасілі прыбавіць усяго па 5 капеек за дзень. Але ўмяшаўся алексіцкі бацюшка. Сяляне слухалі свайго духаўніка. Ён адгаварыў іх ад патрабаванняў да пана.

Толькі рэвалюцыйны дух ужо лунаў у той час на Палессі, бунтаваў думкі і розум забітага нястачай сялянства. Бунт гэты набываў акрэсленыя рысы, множыўся, прымаў арганізаваны характар.

У 1908 годзе ў Агародніках было ўжо 85 двароў і 580 жыхароў. Падзеі пачатку ХХ стагоддзя захапілі агараднічан, навучылі  іх барацьбе за лепшую долю. Таму, калі пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года, у 1918 на Палессе прыйшоў вораг у вобліку кайзераўскіх салдат, сяляне дружна ўзняліся на узброеную барацьбу з германцам. У Агародніках спачатку сфарміраваўся падпольны камітэт, а затым быў створаны і партызанскі атрад, які ўзначаліў жыхар Агароднік, балтыйскі марак Пятро Кароль. Налёты партызан на кайзераўскія гарнізоны дэзарганізоўвалі ворага і наносілі яму істотны ўрон.

Да сярэдзіны студзеня 1919 года вёскі Юравіцкай воласці былі вызвалены ад інтэрвентаў, і ў іх пачалі  фарміравацца органы Савецкай улады.

Праўда, у хуткім мірнае жыццё было зноў перапынена, на Палессе ўварваліся новыя захопнікі – белапалякі.

І зноў на барацьбу з імі разам з часцямі Чырвонай Арміі падняліся і агародніцкія партызаны. 24 чэрвеня 1920 года байцамі Гараднянскага батальёна Чарнігаўшчыны Агароднікі былі вызвалены.

Здаецца, наступіў доўгачаканы мір. Але ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года на калінкавіцкую зямлю ўварвалася   банда Булак-Балаховіча. Больш двух тыдняў бандыты чынілі рабаўніцтва і гвалт, сеялі смерць і разбурэнне. Толькі і гэтая навала мінула. Наступіў, нарэшце, доўгачаканы мір. Можна было прыступаць да будаўніцтва гаспадарак, якія ўшчэнт былі разбураны грамадзянскай вайной.

Фарміруецца Савецкая ўлада. Сяляне падзялілі панскую зямлю.

8 снежня 1926 года ў складзе Рэчыцкай акругі замест воласці быў утвораны Юравіцкі раён, у склад якога ўвайшлі і Агароднікі, якія сталі цэнтрам сельскага Савета.10 лістапада 1927 года ў выніку рэарганізацыі і ўзбуйнення сельсаветаў Агародніцкі сельсавет быў ліквідаваны, Агароднікі ўвайшлі ў склад Бярозаўскага сельсавета Юравіцкага раёна, а пасля яго ліквідацыі 8 ліпеня 1931 года – Мазырскага раёна.

У 1929 годзе ў Агародніках быў арганізаваны калгас імя Молатава. У ліку першых калектывістаў былі Пугач Дзям’ян Герасімавіч, Лаўчак Пятро Нікіфаравіч, Бондар Рыгор Васільевіч, Шусцерман Аўрам Натанавіч, іншыя. Узначаліў калектыўную гаспадарку Лаўчак Васіль Нікіфаравіч, жыхар Агароднік, 1894 года нараджэння. У калгасе налічвалася 500 гектараў зямлі, было 12 коней, 5 кароў, веялка, малацілка з конным прывадам, дробны сельскагаспадарчы інвентар.

Калектывізацыя, як і паўсюдна, праходзіла цяжка, са слязьмі, паламанымі лёсамі і нават крывёю. Цяжка селяніну было аддаць у агульны кацёл нажыты ўпартай працай на многія гады асабісты скарб.

Прымус і рэпрэсіі правілі баль. Восенню 1929 года былі раскулачаны агародніцкія “багацеі” Яраш Д.А. ды Пугач Д.В. У гэтых больш заможных сялян было па 8-9 дзесяцін зямлі, па пары коней ды каля 10 галоў рознай жывёлы. Гэта былі першыя ахвяры Савецкай улады, якая не заўсёды ў тыя гады была справядлівай. Бязвінна загінулі ў гады сталінскага генацыду і іншыя агараднічане: Рубан Мікіта Уласавіч, 1906 г.н. расстраляны 25 сакавіка 1933 года, Грабянчук Пётр Архіпавіч, 1896 г.н., Чарняк Сямён Дмітрыевіч, 1904 г.н., Яраш Фёдар Піліпавіч, 1876 г.н., расстраляны 11 сакавіка 1938 года. Усе яны былі потым рэабілітаваны, аднак іх родныя і блізкія доўгія гады жылі з кляймом родзічаў “ворагаў народа”.

 1930 годзе ў Агародніках было 150 двароў, пражываў 731 жыхар. У вёсцы былі 2 кузні, паравы млын, вятрак. Яшчэ ў 1927 годзе пачала працаваць малакамплектная школа, у якой у 1935 годзе навучалася 135 вучняў.

Варфаламееўскія ночы

24 жніўня 1572 года перад святам св.Варфаламея ў Парыжы адбылося масавае знішчэнне католікамі гугенотаў. Арганізавалі яго Кацярына Медзічы, якая фактычна кіравала Францыяй, і каталіцкая партыя. Яны баяліся росту аўтарытэту дваран-гугенотаў.

Агародніцкія яўрэі не былі дваранамі. І на ўладу фашыстаў-акупантаў, якія прыйшлі на землю Беларусі, таксама не прэтэндавалі. Аднак варфаламееўскія ночы ім ужо былі падрыхтаваны. Па сведчанню Акта надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленню і раследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых ад 9 снежня 1944 года, які захоўваецца ў занальным Дзяржаўным архіве г.Мазыра, занатавана: “На працягу ўсяго перыяду акупацыі на тэрыторыі Бярозаўскага сельскага Савета гітлераўскія захопнікі ажыццяўлялі масавыя расстрэлы і здзекі над мірным насельніцтвам, вывозілі савецкіх грамадзян у Германію. Асноўнымі арганізатарамі масавых рэпрэсій і катаванняў мірных грамадзян тут былі жандар Юравіцкай паліцыі, немец па імені Адольф, 1900 г.н., і перакладчык Альберт, выканаўцы і памагатыя-паліцаі. Вось іх прозвішчы: Іван Крысанавіч Пастушэнка, Ігнат Платонавіч Русак, Рыгор Ціханавіч Піліпейка, Міхаіл Сяргеевіч Чарняк, Іван Віктаравіч Жалезка, Яўген Аляксандравіч Касцючэнка, Аляксей Рыгоравіч Дашанок, Іван Ульянавіч Шынкарчук, Антон Нікіфаравіч Бельскі, Васіль Андрэевіч Коўгар, Пётр Васільевіч Шэндзер, Фёдар Ігнатавіч Скідан, Леанід Прыходзька.

У кастрычніку 1941 года ў вёсцы Агароднікі было расстраляна 20 савецкіх грамадзян, мясцовых жыхароў. Сярод расстраляных — старыя, жанчыны і дзеці: Арон Руінавіч Фруман, 1872 г.н.; сям’я Хазаноўскага Рывы з малымі дзецьмі: Рувін, 1927 г.н.; Хая, 1930 г.н.; Ліза, 1930 г.н.; Фаня, 1940 г.н. Трупы забітых былі закапаны ў 150 метрах ля Агароднік па дарозе Агароднікі-Крышычы.”

А вось што паказвала следчым органам аб іншых жудасных падзеях жыхарка і ўраджэнка вёскі Малыя Вадовічы, 1920 г.н., Агаф’я Патапаўна Зуй: “У кастрычніку 1941 года па загаду жандармерыі ўсіх яўрэяў з Агароднік, у якіх я пражывала ў час акупацыі, пад канвоем прывялі да мяне ў дом, дзе і трымалі да раніцы пад аховай. Ноччу паліцаі выводзілі жанчын і дзяўчат на вуліцу і там гвалтавалі.

Раніцай усіх перагналі ў дом Фурмана Зуся, дзе арыштаваных каля тыдня трымалі пад аховай. Штодзённа няшчасных збівалі, патрабуючы выдачы каштоўных рэчаў. Пратрымаўшы ля тыдня пад замком, арыштаваных павялі на месца першага расстрэлу яўрэяў. Там усе і былі расстраляны. Пасля расстрэлу паліцаі знялі з забітых крывавую вопратку і прынеслі яе да мяне ў дом і пачалі дзяліць паміж сабой. У гэтым зверстве прымалі ўдзел агародніцкія паліцаі І.К.Пастушэнка, Я.А.Касцючэнка, Р.Ц.Піліпейка, А.Р.Дашанок, І.У.Шынкарчук, М.С.Чарняк, І.В.Жалезка, І.Русак, а таксама юравіцкія і алексіцкія паліцаі. Імі тады былі расстраляны 12 яўрэяў, сярод якіх было нават дзесяцімесячнае дзіця, у якое, як сказаў у маёй прысутнасці паліцай Пастушэнка, стралялі дзесяць раз.

У маі 1943 года экспедыцыя карнікаў спаліла поўнасцю пасёлак Леніна, які налічваў 49 двароў. А перад адступленнем немцы з Агароднік і хутара Малыя Вадовічы ўгналі каля 200 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку і маю карову. А калі пачалі адступаць, то спалілі хутары Малыя Вадовічы і Агароднікі.”

У час забойстваў яўрэяў у   Агародніках, як успамінаў затым былы камісар знішчальнага, а затым першага Калінкавіцкага, партызанскага атрада Барыс Катцэн “… у Юравічы з Агароднік прывезлі байца грамадзянскай вайны Хвалінскага, які быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і тут расстралялі яго”.

187 юнакоў і дзяўчат з Бярозаўскага сельсавета фашысцкія вылюдкі вывезлі ў Германію. Вось што пісаў у красавіку 1943 года з гітлераўскага “раю” бацькам угнаны туды У.А.Кананчук: “Дарагія бацькі, як атрымаеце маё пісьмо, то паведаміце, дома мае браты ці не, таму што мне вядома ваша жыццё. Я ведаю, што ў вас “добра”, а ў нас тут у пяць разоў “лепш”. Сястра, глядзі, не прыязджай да мяне, таму што тут ты   будзеш праклінаць сама сябе і ўсё на свеце…”

 А ў ліпені ён яшчэ даслаў адну вестку: “Дарагія бацькі, пра мяне не  турбуйцеся, глядзіце самі сябе, каб хоць вы жывыя засталіся, бо я не ведаю – застануся жывы ці не…”

У Нямеччыну з Агароднік трапілі Піліпейка Соф,я Васільеўна, Бруневіч Вольга Ульянаўна, Бондар Ананік Пятровіч, Малашчанка Аляксей Іванавіч, Жолуд Ева Мікітаўна, Яраш Кацярына Платонаўна, Лаўчак Сафія Іванаўна, Лаўчак Аляксандра Іванаўна, Жалезка Юлія Віктараўна, іншыя. Многім з іх было ўсяго па 17-18 гадоў. Не ўсім з іх было суджана вярнуцца да хаты.

Змагары

З першых дзён вайны агародніцкія мужчыны прызыўнога ўзросту пайшлі ў Чырвоную Ар    мію і ўступілі ў бітву з агрэсарам. Тыя, хто застаўся на акупіраванай тэрыторыі, пайшлі ў партызанскія атрады, большасць жыхароў Агароднік актыўна дапамагала ў барацьбе з ворагам чым магла. Напрыклад, Піліпейка Ганна Захараўна, дом якой стаяў на канцы вёскі, усю акупацыю пякла хлеб і забяспечвала ім партызан.

Хлебапёкам на фронце быў і ўраджэнец Агароднік Касцючэнка Адам Сямёнавіч. Пад узрывы варожых бомб і снарадаў, свіст куль і асколкаў ваенны повар выпякаў для чырвонаармейцаў хлеб. Яму пашанцавала вярнуцца жывым, майстар на ўсе рукі Адам Сямёнавіч па ўсёй акрузе для людзей майстраваў дзверы, рамы, сталярку.

Вайна для Пугача Дзям’яна Герасімавіча пачалася яшчэ ў Польшчы з 1939 года. З першага і да апошняга дня ён прайшоў Вялікую Айчынную ў складзе 254-й стралковай дывізіі. Вызваляў Малдавію, Румынію. Прайшоў Германію. Вайну закончыў у Чэхаславакіі. Узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”.  Вярнуўся дамоў, працаваў старшынёй калгаса, брыгадзірам, загадчыкам фермы.

Ураджэнец Агароднік Захаранка Мікалай Аляксеевіч ваяваў пад Сталінградам, на Паўночным Каўказе, вызваляў Украіну. Вайну закончыў у Аўстрыі. На фронце быў вадзіцелем камандзіра супрацьтанкавай дывізіі. Быў паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны і двума медалямі “За адвагу”.

Баявы шлях мінёра ІІ Прыбалтыйскага фронта Піліпейкі Паўла Захаравіча адзначаны ордэнам Славы ІІІ ступені. А Дажанок Васіль Ягоравіч дабіваў сусветны мілітарызм на Далёкім Усходзе, за што быў узнагароджаны медалём “За перамогу над Японіяй”. Інвалідам другой групы з фронта прыйшоў Зуй Міхаіл Пятровіч.

74 жыхары Агароднік так і не вярнулімя дамоў, яны аддалі свае жыцці за незалежнасць Радзімы.

У 1981 годзе ў цэнтры вёскі ў гонар землякоў, якія загінулі ў гады вайны, устаноўлены помнік, які выкананы ў выглядзе стэлы з барэльефамі. Яшчэ раней, у 1965 годзе на мясцовых могілках, на месцы захаранення 97 савецкіх воінаў і 1 партызана, якія загінулі ў час вызвалення Агароднік ад нямецкіх захопнікаў, устаноўлены помнік – скульптура савецкага воіна і мемарыяльныя пліты з імёнамі тых, хто загінуў.

Агароднікі былі вызвалены 26 лістапада 1943 года.

Аляксей Лапушка

І хаця яшчэ побач грымелі баі, а з франтоў працягвалі ў Агароднікі ісці пахаронкі, жыццё ў вёсцы пачало станавіцца на мірныя рэльсы. Трэба было ўздымаць цаліну, сеяць хлеб, будаваць хлявы, свірны, замест спаленых, будаваць новае жыццё.

Калгас у Агародніках узначаліў франтавік, ураджэнец вёскі, 50-гадовы Пугач Дзям’ян Герасімавіч. Менавіта гэты чалавек, які не меў не толькі вышэйшай, а нават сярэдняй адукацыі, разам са сваімі аднавяскоўцамі заклаў новы падмурак у будаўніцтве калгаса імя Чапаева, які з цягам часу выйшаў на пазіцыі перадавых у Калінкавіцкім раёне. Каля пяці гадоў Дзям’ян Герасімавіч быў на чале калгаса. Затым гаспадаркай кіравалі Ляўко, Мятлушка, Бурая Аляксандра Фёдараўна. А са снежня 1960 года старшынёй праўлення калгаса імя Чапаева стаў Лапушка Аляксей Якаўлевіч, з прыходам якога пачаўся росквіт гэтай гаспадаркі.

Аляксей Якаўлевіч нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Ка        занск Калінкавіцкага раёна. Рана пачаў працоўную дзейнасць. Да вайны неяк было не да атрымання адукацыі. Працаваў у калгасе, затым з 1936 да 1939 года – сталярыў у адной з будаўнічых арганізацый Мінска. 7 верасня 1939 года быў прызваны на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію. Вайну камандзір стралковага аддзялення 82-га стралковага палка 33-й стралковай дывізіі Аляксей Лапушка пачаў у складзе   Прыбалтыйскай асобнай ваеннай акругі. Затым з верасня 1941 па чэрвень 1943 года старшына спачатку стралковай роты, а затым 83-й асобнай танкавай брыгады Лапушка ваяваў у складзе Паўночна-Заходняга фронту. З чэрвеня 1943 па сакавік 1944 года – Аляксей Якаўлевіч – намеснік начальніка батальёна 67-й механізаванай брыгады па забеспячэнні.

У адным з баёў у сакавіку 1944 года старшына Лапушка атрымаў цяжэйшае раненне ног, якое амаль не давяло да ампутацыі. 10 месяцаў цягнулася лячэнне байца ў г.Харкаве, а затым дэмабілізацыя “пад чыстую”. Аляксей Якаўлевіч вяртаецца ў вызвалены   Казанск,  да бацькоўскай хаты, і ўжо ў лютым 1945 года атрымлівае назначэнне – інструктарам Даманавіцкага РК КПБ(б). Ініцыятыўнага, творчага, непаседлівага франтавіка, які, нягледзячы на цяжкае раненне і болі ў назе, ні на хвіліну не застаецца ў спакоі, праз чатыры месяцы прызначаюць загадчыкам аддзела па сельскім і калгасным будаўніцтве Даманавіцкага райвыканкама, а яшчэ праз шэсць месяцаў – дырэктарам цаглянага завода Даманавіцкага прамкамбіната.

Праз шэсць месяцаў новае назначэнне – дырэктарам райпрамкамбіната. Тры гады працы на гэтым прадпрыемстве і новая пасада. У сакавіку 1950 года  Лапушку пераводзяць на савецкую работу – ён становіцца старшынёй выканкама Палескага сельсавета дэпутатаў працоўных.

З 1954 па 1956 год Лапушка – старшыня выканкама Азарыцкага сельсавета дэпутатаў працоўных. А затым ён цесна і на ўсё астатняе жыццё звязвае свой лёс з працай на зямлі. З лютага 1956 і па сакавік 1960 года – ён старшыня праўлення калгаса імя Дзяржынскага ў Крукавічах, а пасля аб’яднання шэрагу гаспадарак у новаствораны саўгас “Азарычы” – упраўляючы аддзялення №3 у Крукавічах. А са снежня 1960 года і аж да выхаду на заслужаны адпачынак у 1979 годзе – старшыня праўлення калгаса імя Чапаева. 18 гадоў жыцця Аляксея Якаўлевіча найцяснейшым чынам звязаны з Агароднікамі і навакольнымі вёскамі, якія ўваходзілі ў склад калгаса імя Чапаева.

Ужо праз шэсць гадоў штодзённай, упартай і няспыннай працы калектыву, які ўзначаліў Лапушка, па павелічэнні ўраджаю, надояў, прываг, будаўніцтву калгасных ферм, складаў і іншых пабудоў прынеслі свой плён, які быў адзначаны не толькі ростам калгаснай казны, але і дзяржаўнымі ўзнагародамі. У 1966 годзе свінарка калгаса Сакалоўская Марыя Васільеўна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, брыгадзір Шынкарчук Міхаіл Сямёнавіч – ордэнам “Знак Пашаны”. Сам Лапушка  да баявых узнагарод дадаў ордэн “Знак Пашаны”.

З кожным годам поспехі калгаса імя Чапаева павялічваюцца. Развіццё гэтай сельскай гаспадаркі не застаецца незаўважаным з боку кіраўніцтва раёна, вобласці і краіны. Пераходныя Чырвоныя Сцягі, падзякі, ордэны і медалі цвёрда прапісваюцца ў калгасе.

У 1971 годзе ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца ўдарная праца трактарыста Бондара Васіля Харытонавіча, медалём “За працоўную адзнаку” – шафёра Піліпейкі Васіля Фёдаравіча,які пазней быў  узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Праца кіраўніка гаспадаркі Лапушкі адзначаецца ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Пры старшынёўстве Аляксея Якаўлевіча ордэнаў і медалёў удастоіліся наступныя калгаснікі: ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга – камбайнер Жыгадла Фёдар Віктаравіч, ордэна “Знак Пашаны” — даярка Жолуд Ірына Рыгораўна, намеснік старшыні калгаса Лісецкі Іван Баляслававіч, даярка Бондар Марыя Дзмітрыеўна, медаля “За працоўныя заслугі” — даглядчык жывёлы Касцючэнка Мікалай Аляксандравіч, даярка Мазур Васіліна Антонаўна, свінар Чарняк Сцяпан Іванавіч, іншыя.

У 1975 годзе старшыня праўлення калгаса імя Чапаева Лапушка быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Зусім няшмат заставалася да атрымання Героя Сацыялістычнай Працы, толькі  франтавыя раны не далі таленавітаму кіраўніку і здольнаму арганізатару сельгасвытворчасці працягнуць разгорнутае ім будаўніцтва калгаса імя Чапаева – ён вымушаны быў пайсці на пенсію, пераехаць у Калінкавічы. А ў  1997 годзе кавалера ордэнаў Айчыннай вайны І і ІІ ступені, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”  не стала.

Хлебаробскай справе верныя

Лапушку на старшынёўскай пасадзе          змяніў малады, не менш энергічны за свайго папярэдніка, Паўлаў Валерый Іванавіч, які ўжо год да гэтага працаваў у калгасе намеснікам старшыні.

Валерый Іванавіч не толькі прадоўжыў добрыя традыцыі, якія заклаў Лапушка, па павелічэнні вытворчасці збожжа, малака і мяса, будаўніцтву калгасных аб’ектаў і набыцці новай тэхнікі, але і пасля Чарнобыльскай трагедыі актыўна распачаў будаўніцтва жылля і забеспячэнне ім калгаснікаў. Да 1990 года ў калгасе было пабудавана 38 індывідуальных дамоў, 21 закуплены ў насельніцтва, пабудавалі новы хлеў на 200 галоў з малочным блокам на 6 тон малака, аўтаматызавалі працэсы (малакапровад, удаленне гною, паілкі, раздача кармоў), правялі рэканструкцыю старых жывёлагадоўчых памяшканняў, для даярак і механізатараў стварылі пакоі адпачынку, душавыя. Заасфальтавалі вуліцы ў вёсках гаспадаркі, у Агародніках у строй уступіў новы двухпавярховы дзіцячы садок.

Калектыў гаспадаркі працягваў шчырую працу на палях і фермах, працягваючы атрымліваць за гэта  ўрадавыя ўзнагароды. Да ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі ў трактарыста калгаса Бондара Васіля Харытонавіча прыбавіўся ордэн Дружбы народаў, а механізатар Савянок Васіль Аляксандравіч быў узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”. У 1988 годзе трактарыст Савянок Рыгор Пятровіч удастоіўся ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Добра працавалі на дабрабыт калгаса яго члены: галоўны інжынер Андрэй Назаранка, галоўны аграном Пятро Жураўскі, загадчык майстэрняў Уладзімір Бондар, брыгадзіры комплексных брыгад Тамара Мусел, Іван Цішкавец, Уладзімір Яраш, загадчыца фермы Галіна Малашчанка, дзесяткі механізатараў і жывёлаводаў.

 Аднак чарнобыльская катастрофа нанесла сур’ёзную рану сельскай гаспадарцы ды і грамадству ў цэлым. Людзі пачалі пакідаць абжытыя месцы і з’язджаць падалей ад Чарнобыльскай АЭС. Не абмінуў гэты працэс і Агароднікі. Старшыня гаспадаркі Паўлаў атрымаў прапанову з Падмаскоўя і з’ехаў туды, частка добрых спецыялістаў таксама паляцела з калгаса “у вырай”. Да таго ж 1991 год выдаўся неўраджайным. Недахоп хлеба да папярэдняга года па калгасу імя Чапаева саставіў 22,4 %, бульбы і таго больш – 63,3%. Надоі малака ў параўнанні з 1990 годам упалі на 214 кілаграмаў. Агульны яго недабор за год саставіў 430 тон. Мала было нарыхтавана і кармоў:  сенажу — 86%, сіласу – 92,8% да ўзроўню 1990 года.

22 тысячы, яшчэ не дэнамініраваных рублёў, саставілі страты ад падзяжу жывёлы.

У такіх умовах гаспадарку прыняў новы старшыня Жураўскі Пётр Мікалаевіч, які дагэтуль працаваў тут галоўным аграномам. На гэтым пасту яго з цягам часу змяніла былы галоўны бухгалтар гаспадаркі Кавальчук Ніна Пятроўна.

Абодва гэтыя кіраўнікі ўнеслі пэўны ўклад у развіццё калгаса. Пры кожным з іх былі ў калектыва гаспадаркі ўзлёты і падзенні, як гэта і бывае звычайна ў сельскагаспадарчай галіне, якая ў многім залежыць ад матухны-прыроды.

У 2007 годзе СПК “Агароднікі-Агра”, так да гэтага  часу іменаваўся былы калгас імя Чапаева, быў далучаны да калгаса (СПК) “50 гадоў БССР” і стаў адным з яго падраздзяленняў, у якім агародніцкія земляробы і жывёлаводы працягваюць спрадвечную сялянскую працу: аруць поле, сеюць збожжа, росцяць хлеб, мяса, малако.

Лунае песня над вёскай

Як бы ні складвалася жыццё, якія б цяжкасці і праблемы не ўзнікалі, у Агародніках ніколі не забывалі пра песню. Аматараў яе тут нямала.

Безумоўна, кожны час нясе свой настрой і сёння складана нават уявіць, як спявалі жыхары вёскі тры-пяць дзесяцігоддзяў назад, у той час, калі не было сённяшняга прагматызму, затое праз край білі жаданне тварыць, рабіць свой край багатым і прыгожым. Таму днём працавалі, а вечарам – імправізаваныя суботнікі, адначасова – рэпетыцыі, выступленні з нумарамі мастацкай самадзейнасці.

Агароднікам шанцавала на добрых работнікаў культуры, энтузіястаў, сэрцам адданых справе адраджэння і захавання народных традыцый, звычак. Напрыклад, у 1970 годзе на пасаду дырэктара Агародніцкага СДК прыйшла Тугай Валянціна Альбінаўна, якая затым на працягу больш чвэрці стагоддзя узначальвала Калінкавіцкі раённы аддзел культуры. Гэта па яе ініцыятыве ў 1970 годзе ў Агародніках былі створаны два самадзейныя калектывы. Першы – маладзёжны ансамбль “Юнацтва”, у якім былі пераважна мужчыны: механізатары, жывёлаводы, настаўнікі. Другі — фальклорны, з жанчын больш сталага ўзросту.

Працяглы час з народнымі талентамі ў вёсцы працавала мастацкі кіраўнік Рубан Тамара Васільеўна. Жыхары вёскі розных пакаленняў добра памятаюць выступленні яркіх выканаўцаў: Яўсеенка Ларысы Аляксееўны, Гойчык Алесі Платонаўны, Дзмітрыенка Соф,і Пятроўны, Пугач Галіны Данілаўны.

Дзейсную дапамогу мясцовым артыстам аказваў старшыня калгаса Лапушка А.Я. А яго жонка Вера Анісімаўна працавала бібліятэкарам і таксама была адным з арганізатараў мастацкай самадзейнасці.

У 1977 годзе дырэктарам Агародніцкага СДК стала ўраджэнка гэтых мясцін Пугач Святлана Міхайлаўна. Добры знаўца старадаўніх песень і абрадаў, яна дастойна  прадоўжыла распачатую яе папярэднікамі ў Агародніках працу па зберажэнні культурнай спадчыны.

Агародніцкую самадзейнасць заўсёды вызначалі арыгінальны рэпертуар, манера выканання, самабытнасць. Бадай, нідзе ў іншых паселішчах раёна не сустрэнеш такіх песень як пяюць у Агародніках: “Маладзіцы маладыя”, “Ой, у лесе на дубочку…”, “Човен”, “Таццяна”, “А мой мужычок рабацёшанькі…”. Ёсць у вёсцы і выключна свае танцы: “Агародніцкая кадрыля”, “Нажычкі”…

Нястомным прапагандыстам народнай творчасці, збіральніцкай гісторыі роднага краю і фальклору, актыўным арганізатарам і ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці ў вёсцы з’яўляюцца і загадчыца Агародніцкай сельскай бібліятэкі Яраш Любоў Мікалаеўна. Яна працуе разам з дырэктарам Дома культуры Пугач Святланай у моцнай спарцы. І праца гэта прыносіць свой плён, аб рабоце фальклорнага калектыву Агароднік ведаюць не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі.

Вёска не ўяўляецца без іх

У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак школы ў вёсцы быў разбураны. Пасля вызвалення дзеці займаліся ў хаце Лейбы, дзе было два класных пакоі ды маленькая настаўніцкая. Астатнія класы мясціліся ў наёмных памяшканнях па хатах вёскі. Так, юныя агараднічане вучыліся аж да 1967 года. У 1967 годзе ў школе было 270 вучняў, хаця яна была разлічана ўсяго на 192 школьніка. Дырэктарам школы ў той час была Лаўчак Серафіма Іванаўна. Яе на дырэктарскім пасту змяніў Сіраш Васіль Рыгоравіч, які працягваў будаўніцтва новай школы, якое цягнулася некалькі гадоў.

Вось што ўспамінае аб старэйшых сваіх калегах тых гадоў Дзмітрыенка Соф,я Пятроўна, якая ў 1967 годзе працавала ў школе старшай піянерважатай: “Добрыя ўспаміны засталіся пра настаўнікаў таго часу: Сіляўкіну Веру Фёдараўну, Краўчанка Соф,ю Барысаўну, Капітонаву Лідзію Міхайлаўну, Лой Іну Іванаўну, Целеша Аляксея Паўлавіча, Целеш Фаіну Апанасаўну, Лобана Фёдара Паўлавіча, Дулуба Рыгора Паўлавіча. З асаблівай асалодай успамінаю сваіх аднадумцаў: Макарчук Алену Рыгораўну, Пархоменка Веру Васільеўну, маладых настаўнікаў Неказ Любоў Яфімаўну, Клюйко Любоў Леанідаўну, Белую Анастасію Васільеўну, Яўсеенка Ларысу Якаўлеўну, Філіпаву Любоў Аляксееўну”.

Пасля Сіраша дырэктарам школы быў прызначаны Шэўка Піліп Мікалаевіч, затым Макарчук Алена Рыгораўна.

З 1981 і па 2004 Агародніцкай васьмігодкай кіравала Дзмітрыенка Соф,я Пятроўна, якая за плённую працу была ўзнагароджана знакамі “Выдатнік народнай асветы БССР” і “Выдатнік асветы СССР”. Разам з Дзмітрыенка ў школе працавалі іншыя творчыя настаўнікі: Макарчук А.Р., Чарняк Е.Р., Чарняк Н.С., Пархоменка В.В., Яраш В.А., Самбук З.В.

Час, на жаль, няўмольны. Зараз у Агародніках, як і ў многіх іншых вёсках рэспублікі, дзяцей застаецца ўсё менш і менш. Урбанізацыя вабіць моладзь у горад.

У Агародніцкай школе, якую зараз узначальвае Бондар Ніна Іванаўна, вучыцца ўсяго 23 школьнікі.

Гэтак жа, як немагчыма ўявіць вёску без школы, Агароднікі немагчыма ўявіць і без ФАПа, аддзялення паштовай сувязі, гандлёвай кропкі.

З 1982 года фельчарска-акушэрскі пункт, які сёння абслугоўвае 331 жыхара Ужынца і Агароднік, узначальвае ўраджэнка Садкоў, што ля Якімавіч, Мазуркевіч Надзея.

Даўно ўжо Надзея Мікалаеўна стала ў Агародніках і вакольных вёсках сваім, мясцовым чалавекам. У 1983 годзе яна выйшла замуж за вадзіцеля мясцовай гаспадаркі Пугача Віктара. Нарадзіла і вырасціла з ім дачку і сына, якія ўжо павыляталі з бацькоўскага гнязда. Дачка Люба працуе галоўным бухгалтарам адной з гаспадарак Жыткавіцкага раёна, сын Мікалай – вучыцца ў Мінскім машынабудаўнічым каледжы.

Іх маці – Надзея Мікалаеўна – працягвае даглядаць і лячыць сваіх пацыентаў.

У Агародніцкім паштовым аддзяленні пад кіраўніцтвам вопытнай Міцулі Ніны Сцяпанаўны, якая 30 гадоў свайго жыцця аддала працы ў сувязі, шчыруюць тры паштальёны, якія абслугоўваюць тры даставачныя ўчасткі: Агароднікі, Ужынец і Вадовічы. Гэта Захаранка Ганна Мартынаўна, якая ўжо 32 гады штодня ў любое надвор’е носіць нялёгкую сумку паштальёна, а таксама Барысенка Галіна Фёдараўна і Паўловіч Ганна Пятроўна. Першая з іх ужо 8 гадоў паштальёніць, а другая толькі другі год. Да гэтага працавала ў калгасе даяркай, а пасля выхаду на пенсію ўзваліла на свае плечы паштальёнскую ношу.

Яны славяць Агароднінкі

У кожным населеным пункце ёсць людзі, род якіх бярэ пачатак з часу узнікнення паселішча. У Агародніках, відаць, да такіх адносяцца Лаўчакі, Пугачы, Сакалоўскія, Бондары, Касцючэнкі, Рубаны. Гэта самыя распаўсюджаныя тут прозвішчы. Ёсць яшчэ Бажкі,  Кашпуры, Піліпейкі, Чарнякі, Сакуны,  іншыя.

Менавіта выхадцы з гэтых сем’яў, з гэтых радоў, атрымалі пуцёўку ў жыццё ў Агародніках, дасягнулі пэўнага поспеху ў розных галінах народнай гаспадаркі, услаўляюць тым самым малую сваю Радзіму, даюць магчымасць сваім землякам па праву імі ганарыцца. Хто ж складае гонар Агароднік? Былы механізатар гаспадаркі, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 9-га склікання Прышчэп Леанід Леанідавіч, кандыдат ветэрынарных навук Чарняк Іван Мефодзьевіч, урач-анастэзіёлаг Жолуд Васіль Мікалаевіч, ваенны ўрач Чарняк Мікалай Мефодзьевіч, выкладчык Мазырскага медвучылішча, урач Гойка (Лаўчак) Вольга Піліпаўна, старшыня Жодзінскага гарадскога савета дэпутатаў Пугач Аляксандр Сяргеевіч, генеральны дырэктар КУП МВХ “Гомельтеплаводгас” Бруневіч Васіль Пятровіч, прарэктар Мазырскага педуніверсітэта імя Шамякіна Мусел Віталій Уладзіміравіч, начальнік штаба Калінкавіцкага РАУС Хадакоў Міхаіл Аляксандравіч, старшы памочнік пракурора Калінкавіцкай пракуратуры Жураўскі Аляксандр Пятровіч, інжынер-канструктар касмічнай тэхнікі Пастушэнка Уладзімір Іванавіч, якога, на жаль, ужо няма, генеральны дырэктар аб’яднання “Атлант” Кавальчук Геннадзь Піліпавіч, начальнік энергасеткі г.Мінска Касцючэнка Віктар Канстанцінавіч, супрацоўнік крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС Яраш Максім Анатольевіч,  ваенны ўрач Чарняк Мікалай Мефодзьевіч, многія іншыя.

На першае студзеня 2010 года ў Агародніках налічваецца 102 двары і пражывае 239 жыхароў.

Іван Гарыст.

Один комментарий для “Агароднікі

  • 28.08.2013 в 21:27
    Permalink

    Я внук , бабушки Ганны из Огородник. Сам я родился в Юрьевичах но записан, что в Ленинграде. В 2000 году поехав в Швецию на заработки, вернулся без ноги, но как я жду того мента когда мой сын купит машину и мы поедем по местам где я вырос, которые навсегда оставили след в моём сердце и в комсомольском билете у меня стояла национальность БЕЛОРУС.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.