Вялікія Аўцюкі


Аўцюк, дык ён і ў Афрыцы аўцюк,
І так ужо з глыбінь вякоў вядзецца,
Ён скажа:
— Сёння з болніцы я ўцюк, —
І будзе паміраць, а засмяецца.
Падумаеш: юродзівы які,
Ці крыху прыпужнуты пыльным мехам?..
Дык хто ж яны, калінкі-каласкі,
Што нават нараджаюцца са смехам?

Сведчаць летапісы
Не ведаю, смяяліся тады першыя аўцюкі, калі ўзводзілі сваё паселішча сярод багнаў ды балот у самай гушчы Палесся, ці не, але, як сцвярджаюць летапісцы, упершыню ўспомніўшыя пра вёску Аўцючы ў 1552 годзе ў вопісу Мазырскага замка, тады ім было не да смеху. Бо трэба было не толькі гарбець на зямельцы ад зары да зары ды дзяцей гадаваць, але ж і даніну таму ж замку плаціць немалую. А не заплаці, крый божа, дык з табою зробяць такое, што хутчэй заплачаш, чым засмяешся.
Вось што піша летапісец у тым вопісу: “Озеро уступное у селе Костюшковича у Юрьевичах (Юровичах) на имя Литвин, тоня одна, волочать его на замок. Люди господарские Айтючицкие и Гулевицкие и тые люди Костюшковича Юрьевски неводом замковым же, а даюць неводничему хоть бы волочил або не волочил в каждый год с каждого села по безмену меду (2,45 кг), по безмену пшена и по грошу…”
А яшчэ ж акрамя гэтага жыхары “села Айцючи” павінны былі ў карысць замка “дани с них меду 3 кады и ведро 3 камени, а тивущины великое и малое 5 ведер, за приставку и за кузню ведро меду, сокольничого 2 гроша, бобровничого 13 грошей, серебра 2 копа грошей и 13 грошей, а з острова Стрельского копа грошей, за бобра 50 грошей, за куницу 7 грошей, валовництва полгроша, намерных 2 гроша, выкоту по 10 грошей; всего по 4 кади, 3 ведра, 3 камени, 4 копы 42 гроши…»
Калі перакласці ўсё гэта на сучасную мову, то кожная сям’я павінна была аддаць замку 30 кг мёду і рубель грашыма, а таксама прымаць удзел у розных работах і, у першую чаргу, будаваць і рамантаваць Мазырскі замак. У цэлым жа 17 двароў вёскі Айцючы павінны былі аддаць замку 248 літраў мёду і 17 рублёў серабром.
Такім чынам мы ведаем, што ў сярэдзіне 16 стагоддзя вёска Аўцюкі, якая ўваходзіла ў склад Мазырскага павета і староства, з’яўлялася дзяржаўнай уласнасцю, аднак сяляне адбывалі павіннасць на карысць Мазырскага замка, гаспадаром якого быў нехта Герасім Калантай, які купіў яго ў папярэдніх гаспадароў – Заройскіх. Праўда, першасная назва Аўцюкоў гучала як Айцючы, дзе “й”, напэўна, перадавала гук “ў”, якая ўвойдзе ў назву намнога пазней, змяніўшы яе на “калектыўную мянушку” усіх першых заснавальнікаў вёскі Аўцюцэвічы, і будзе дзейнічаць аж да ўстанаўлення на Палессі, у тым ліку і ў Аўцюках, савецкай улады, г. зн. да 1918 года.
А вось у 19 стагоддзі ўжо з’яўляюцца больш-менш падрабязныя звесткі аб Аўцюках і аб іх насельніках. Так, напрыклад, з “Рэвіцкіх казак” па Рэчыцкаму павету Мінскай вобласці за 1811 год вядома, што ў Аўцюцэвічах Вялікіх мужчынскага полу пражывала 390 чалавек казённых сялян.
Указам цара 1839 года была ліквідавана арэнда дзяржаўных памесцяў, а з 1854 года пачаў ажыццяўляцца перавод сялян з паншчыны на грашовы аброк. І ў казённых памесцях ужо праз тры гады сяляне сталі аброчнымі. Гэтая мера ў першую чаргу закранула Аўцюкі, так як яны з’яўляліся дзяржаўнай уласнасцю, якая з 1864 года перайшла ў ведамства Мінскай палаты дзяржаўнай маёмасці.
Па даных “Працоўнага Мінскага губернскага статыстычнага камітэта” ў 1870 годзе ў Вялікіх Аўцюцэвічах налічвалася 108 двароў, а ўжо ў 1886 годзе, паводле вынікаў даследавання, праведзенага міністэрствам унутраных спраў, тут налічваўся 161 двор з агульнай колькасцю 1025 жыхароў.
Напярэдадні першай сусветнай вайны, як паведамляе “Список населенных мест Минской губернии”, выдадзены ў Мінску ў 1909 годзе, у Вялікіх Аўцюках пражывала 1791 чалавек, або больш, чым у любым іншым населеным пункце цяперашняга Калінкавіцкага раёна.
Аднак гісторыя Вялікіх Аўцюкоў пачыналася, вядома ж, задоўга да першага ўпамінання аб іх у 1552 годзе, і вытокі назвы вёскі трэба звязваць з уцекачамі з межаў Масковіі, прыхільнікамі старой веры, як сведчыць адно з паданняў, хаця ў ім, у завуаліраванай форме і ідзе размова аб рэальных падзеях, звязанных з нейкім перасяленнем, што і стала вынікам узнікнення Аўцюкоў.
Антрапалагічная характарыстыка аўцюкоў дае падставу думаць, што “ўцекачамі” з падання маглі быць перасяленцы з Поўдня Расіі – Маларасіі, гэта значыць з Украіны. І перасяленне гэта адбылося не ў 1552 годзе, а значна раней.
Вядомы этнограф І.А.Сербаў у кнізе “Поездки по России 1911 и 1912 годов» (Вільна, 1914г. с.51) пісаў пра насельніцтва Аўцюкоў: “Аўцюк, перш за ўсё жыхар поўдня, брунет, сярэдняга росту і прыгожага целаскладу. Гаворыць ён скарагаворкай з паўднёва-рускім акцэнтам, зусім адвольна скарачаючы словы… Акрамя гэтага ў гаворцы аўцюкоў добра захаваліся формы і звароты рускай прамовы…”
У 1801 годзе тэрыторыя сучаснага Калінкавіцкага раёна ўвайшла ў састаў Рэчыцкага павета Мінскай губерніі, цяпер ужо ў складзе Расійскай імперыі. Вёска Вялікія Аўцюкі (Аўцюцэвічы) становіцца цэнтрам сельскай воласці. Тут ужо працавала царква “во имя Святой великомученицы Параскевы”. Праўда, кім і як яна была пабудавана, згодна запісу 1850г., невядома. Аднак, хаця яна была і не надта вялікая, колькасць прыхаджан была даволі значнай: мужчын налічвалася 1490 душ, а жанчын ажно 1580.
Першае народнае вучылішча ў Вялікіх Аўцюках было адкрыта ў 1844 годзе, з 1875 года ім загадваў Аляксандр Сямёнавіч Рубановіч.
Здзіўляе, што ў Ліпаве, напрыклад, дзе быў маёнтак пана Горвата, такое вучылішча было адкрыта толькі праз 20 гадоў, у 1864 годзе, а ў Юравічах – у 1865 годзе. У гэты перыяд, як сведчаць “Памятные книжки Минской губернии 1880-1890 г.г.” вёска Вялікія Аўцюкі была, бадай, самай вялі-кай вёскай у Рэчыцкім павеце, хаця аб наяўнасці ў ёй нейкіх фабрык ці заводаў, як гэта назіралася ў іншых населеных пунктах, не паведамляецца нідзе.
Праўда, ні ў якіх крыніцах сёння нельга знайсці гісторыю больш як трыццаці ўрочышчаў, якія акаймляюць вёску з усіх бакоў. Адно можна сцвярджаць упэўнена, што кожная такая назва нейкага ўмоўна акрэсленага ўчастка зямлі аўцюкоўскай паходзіць ад канкрэтнай з’явы, падзеі, чалавека ці рэчы, або назвы пэўнага перыяду ў жыцці вёскі ці нават афіцыйнай назвы нечага канкрэтнага. Напрыклад, Татарскі брод. Дык ці не з часоў татара-мангольскага іга існуе назва гэтага ўрочышча? А гэта ж больш чым на 300 гадоў назад ад першага ўпамінання Вялікіх Аўцюкоў?! Так, назвы ўзнікалі на працягу многіх стагоддзяў і па іх можна ўзгадаць пра той ці іншы перыяд у жыцці любога населенага пункта.
Альбо Панава балота. Чаму панава, што і з якім панам тут здарылася – гісторыя маўчыць. А вось назва засталася і яшчэ невядома, колькі будзе жыць.
Ці ўрочышча Лядное. Лес ад яго зараз вельмі далёка, але ж назва сведчыць, што тут некалі “білі ляды”, гэта значыць, высякалі лес, раскарчоўвалі (выкопвалі) пні і выпальвалі ўчастак, а затым сеялі проса, якое вельмі любіць расці на такіх участках. Так адваёўвалася поле пад сельгаскультуры.
А вось ужо зусім сучасная назва – Аэрадром. Аб тым, што ў гэтым месцы быў палявы аэрадром, дзе садзіліся і ўзляталі самалёты Чырвонай Арміі, ведаюць нават школьнікі.
Ну, а назвы астатніх урочышчаў кожны аўцюк растлумачыць па-свойму. І будзе па-свойму правы. Удумайцеся: Сцепішча, Сетовішча, Мудрякі, Куніца, Падгрушка, Вядро, Вішанькі, Падалессе, Пыж, Качанок, Калодзежкі, Росаш, Лявонаў лес, Віктораў куст, Доўгая ніва, Пагной, Агарод, Буячнік, Зарубіна пасека, Байкоў рог, Дзесяціны, Лясок, Пагоны, Корамка, Астравы, Пука, Лада, Селішча, Ямы, Дзецераў гаць, Васілёў рог, Уюнніца, Загрэбелле, Каравай, Раскарчоўка, Разбітая машына і інш.
Сполахі над краем
Між іншым няўмольна наступала новае, 20-е стагоддзе. Жыццё, асабліва сялян, нягледзячы на адмену прыгоннага права, станавілася ўсё больш горшым. З нагоды гэтага яшчэ ў 1821 годзе ў Аўцюках зафіксаваны хваляванні сялян. Новы век прынёс яшчэ большую смуту. На бок абяздоленых станавіліся нават выхадцы з памешчыцкага саслоўя, як сын Крышыцкага памешчыка Сяргей Палуян. Хваляваліся батракі і сезонныя рабочыя ў Юравічах, выступалі супраць памешчыка. Праўда, аб нейкіх падзеях рэвалюцыйнага характару ў Вялікіх Аўцюках у той перыяд ніякіх звестак не захавалася, аднак пазней асобныя прадстаўнікі гэтай вёскі будуць прымаць самы актыўны ўдзел як у рэвалюцыйным руху, так і ў барацьбе за ўстанаўленне Савецкай улады. Вялі яны барацьбу і з акупацыйнымі польскімі войскамі ў гады грамадзянскай вайны, а таксама ўдзельнічалі ў будаўніцтве новага жыцця не толькі ў родных Аўцюках, але і ў іншых раёнах Беларусі.
Адным з такіх яркіх прадстаўнікоў быў Ігнат Цітавіч Капітан, які пакінуў Вялікія Аўцюкі ў кастрычніку 1911 года. Першая сусветная вайна, у якой ён прымаў непасрэдны ўдзел у якасці марака Балтыйскага флоту, Кастрычніцкая рэвалюцыя, якую малады ўнтэр-афіцэр сустрэў вельмі прыхільна, грамадзянская вайна і прыроджаны розум і талент арганізатара загартавалі і выхавалі ў ім сапраўднага змагара за лепшае жыццё для працоўных. Нягледзячы на тое, што Ігнат Капітан за верную службу “царю и Отечеству” быў узнагароджаны многімі царскімі ўзнагародамі ён адразу ж стаў на бок рэвалюцыі, быў дэлегатам першага з’езда Саветаў салдацкіх і матроскіх дэпутатаў у Петраградзе, шчыра, ад душы падтрымліваў бальшавікоў.
Амаль 10 гадоў Ігнат Капітан не быў у Аўцюках, а калі з’явіўся, то гэта быў мужны і смелы змагар за новую долю, адданы рэвалюцыі і новай уладзе бальшавік. Таму і не дзіўна, што ўжо ў 1921 годзе ён выбіраецца старшынёй Мазырскага валаснога выканаўчага камітэта. І хаця пачуцці сапраўднага гаспадара іншы раз супярэчліва адносіліся да рознага роду пастаноў і рашэнняў, якія дасылаліся вышэйстаячымі ўладамі, сваю службу выконваў спраўна.
Праўда, калі яго ў 1923 годзе перавялі ў Рэчыцу загадчыкам павятовага аддзела сацыяльнага забеспячэння, Ігнат Цітавіч адчуў нейкую палёгку, хаця ненадоўга. Ужо ў 1925 годзе ён пакідае сваю пасаду, едзе ў родную вёску і пачынае гаспадарыць на зямлі. Цяпер ён ужо быў жанаты, адзін за адным пайшлі дзеці. Але пачынаецца калектывізацыя і аб ім успомнілі, не даюць спакою, хаця ён быў цалкам захоплены ўласнымі справамі. Толькі Ігнат Цітавіч добра ведаў ужо, чым можа скончыцца непаслухмянасць, таму першым звёў у агульны хлеў амаль усю жыўнасць са свайго падворка і становіцца першым старшынёй створанага ў 1929 годзе ў Вялікіх Аўцюках калгаса “Зорка”. За ім у калектыўную гаспадарку падаліся брат Марк Цітавіч Капітан, Іван Міхайлавіч і Міхаіл Міхайлавіч Міцулі і іншыя. Аднак сталінская машына рэпрэсій не абміне і яго. Нягледзячы на значныя заслугі перад рэвалюцыяй і Савецкай уладай Ігнат Цітавіч у 1937 годзе становіцца вязнем ГУЛАГа з ярлыком “вораг народа”. Толькі праз пятнаццаць гадоў яго жонка Усціння і пяцёра дзяцей атрымаюць першую і апошнюю вестку ад мужа і бацькі. Далейшы ж яго лёс і па сённяшні дзень застаецца невядомым. Праўда, нягледзячы на кляймо “сын ворага народа”, справу бацькі працягваў яго сярэдні сын Аркадзь, які ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя будзе доўгі час узначальваць аддзяленне аднаго з лепшых у раёне саўгаса “Галявічы”.
Сёння дастойна працягвае гэтую дынастыю арганізатараў і кіраўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці яго ўнук Уладзімір, сын Аркадзя Ігнатавіча, які кіруе вытворчым участкам СПК “Дружба-Аўцюкі”.
Парасткі новага
У 1921 годзе ў Вялікіх Аўцюках быў створаны рэўкам, старшынёй якога стаў Улас Шашолка, ураджэнец вёскі Малыя Аўцюкі, а 8 снежня 1926 года Вялікія Аўцюкі сталі цэнтрам аднаіменнага сельскага Савета, першым старшынёй якога стаў Піліп Андрэевіч Барысенка, ураджэнец і жыхар Вялікіх Аўцюкоў. У розны час (маецца на ўвазе да Вялікай Айчыннай вайны) Вялікааўцюкоўскі сельскі Савет узначальвалі Захар Яфімавіч Стома, Барыс Васільевіч Гаркуша, якія прыклалі шмат намаганняў для ўстанаўлення і ўмацавання Савецкай улады на тэрыторыі сельскага Савета, у склад якога ўваходзіла і вёска Боруск.
Парасткі новага жыцця пачыналі прабівацца паўсюдна. Ужо перад Вялікай Айчыннай вайной у Вялікіх Аўцюках пачынае дзейнічаць адна з нямногіх у раёне сярэдняя агульнаадукацыйная школа, сталі працаваць клуб, бібліятэка. Праўда, жыццё вялікааўцюкоўцаў іншы раз азмрочвалася “чорнымі воранамі”, якія нярэдка залётвалі ў вёскі раёна, хапалі ні ў чым не вінаватых людзей. Аднак аб такіх падзеях тады не гаварылі, хаця ўсе добра ведалі, што тыя людзі на сваіх надзелах, а потым і на калгасных палях, рабілі ўсё для таго, каб лепей жыць, бо ўжо шчыра верылі ў светлае заўтра. Канешне, у параўнанні з тым, як людзі жылі раней, і індустрыялізацыя краіны, і калектывізацыя сельскай гаспадаркі ўнеслі ў жыццё і быт людзей нешта новае, што прымушала верыць у лепшае. І хто ведае, што было б далей, але на захадзе пачалі згушчацца цёмныя хмары, якія ў хуткім часе пральюцца над вялікай краінай і, у першую чаргу над нашай роднай Беларуссю, смяротным свінцовым дажджом.
Разам з народам
У першыя ж дні Вялікай Айчыннай вайны на абарону Радзімы з Вялікіх Аўцюкоў пайшло 365 чалавек, 283 з іх палеглі на палях баёў пад Масквой і Сталінградам, на Курскай дузе і ў Данецкіх стэпах, у Прыбалтыцы і краінах Усходняй Еўропы.
22 жніўня 1941 года, роўна праз два месяцы пасля пачатку вайны, немцы акупіравалі Вялікія Аўцюкі і пачалі ўсталёўваць свае парадкі. Вось што расказвала жыхарка вёскі В.С.Буцэнка пасля вызвалення.
“Да вайны я паспела скончыць пяць класаў. Вырасшы ў савецкай краіне са здзіўленнем і пагардай мы глядзелі на немцаў, якія ў жніўні 1941г. акупіравалі Калінкаўшчыну. Фронт пагрукаў, у крыві і пакутах, далёка на ўсход. Людзі са слязамі на вачах праводзілі апошнія адступаючыя часці чырвонаармейцаў. У адчаі і страху глядзелі ім услед, і ў кожнага болем сціскалася сэрца: “Ці дачакаемся іх назад?..” Гітлераўцы ж ігралі, нібы насміхаліся над намі, на губных гармоніках нашу песню “Волга-Волга”, патрабавалі яйкі, масла, сала. Нечакана хутка знайшліся ў іх памочнікі з нашых, якія крычалі, што немец нас вызваліў ад рабства. І гэтае “вызваленне” ў хуткім часе мы адчулі на сабе. Пагналі нас, моладзь, у Калінкавічы на работу. Грузілі пясок на Пхове. Работа была вельмі цяжкай, адпачываць крыху давалі толькі стоячы. Сядзеш – атрымаеш палкай. Кармілі, праўда, нядрэнна, нават маркі давалі, дадому іншы раз адпускалі. Потым мне ўдалося атрымаць неабходную паперку і вярнуцца дамоў.
А ў сяле каго толькі не пабывала: немцы і мадзьяры, затым румыны, казакі стаялі месяц, ваявалі з партызанамі. І ўсіх трэба накарміць, даць начлег, не ўгнявіць… Мяне зноў забралі на работу ў лес. Валілі дубы, масцілі грэблі. Восенню 1943 года ў вёску прыйшоў паліцэйскі абоз. Ноччу наляцелі савецкія самалёты, бамбілі яго, але асаблівай шкоды не нанеслі. Толькі лён у бабках загарэўся на полі.
Прайшлі больш як два цяжкія гады. У лістападзе 1943 года немцы пачалі адступаць. Па вуліцы ішлі вялізныя танкі, на брані кожнага прымацаваны два-тры забітыя немцы. Мы хаваліся на балоце. А нашы ўсё не прыходзілі. Лінія фронту, акопы прайшлі якраз праз сяло і далей да Малых Аўцюкоў. Немцы тут добра замацаваліся, паставілі драцяныя загароджы, знявечылі зямлю мінамі. Хаты разабралі на ўмацаванні ці спалілі. Больш 50 вяскоўцаў ратавалі свае селішчы і былі забіты.
Баі ішлі доўга, яны былі вельмі жорсткімі, шмат палегла нашых салдат. На ўскраіне вёскі засеў нямецкі снайпер і ад яго куль нямала нашых вайскоўцаў загінула на грэблі. Толькі калі яго забілі, змаглі перацягнуць праз балота гарматы.
Наша перадавая ахова размясцілася на сядзі-бе Ільі Вераб’я. Помню, як плакаў салдат аб сваім сябры: яны разам адступалі ад граніцы да Масквы і потым наступалі да нашага сяла. Калі, нарэшце, немцаў выбілі з сяла, размініравалі палі баёў, пачалі прыбіраць забітых…
Хавалі іх каля дарогі на Прудок. Зносілі забі-тых мабілізаваныя на Чарнігаўшчыне дзяўчаты з пахавальнай каманды. З кішэняў забіралі дакументы. Адна з дзяўчат падняла на полі фотаздымак, угледзелася – на здымку яе сям’я. Значыць, брат яе загінуў недзе тут. Вельмі яна галасіла, убівалася… І доўга яшчэ пасля вайны знаходзілі на полі астанкі воінаў, таму што хавалі іх неглыбока. Жнеі прыкопвалі страшныя знаходкі сярпамі. Адна магіла была каля вясковых могілак. Там у 3-4 рады паклалі чарнігаўцаў у сваёй сялянскай вопратцы, у лапцях, як ішлі ў апошнюю атаку».
Трэба адзначыць, што вялікааўцюкоўцы да тых брацкіх магіл адносяцца з вялікім шанаваннем. Тая, што знаходзіцца ва ўрочышчы Лядное, паўз дарогу на Прудок, не аднойчы была аб’ектам наведвання роднымі і блізкімі загінуўшых, з якімі сельскі Савет, бібліятэка і школа падтрымліваюць цесную сувязь. На магіле ў 1966 годзе ўстаноўлены помнік, яна агароджана, а вакол шумяць бярозы, клёны і ліпы, пасаджаныя школьнікамі. Тут заўсёды палымнеюць кветкі. Не забыта магіла і каля вясковых могілак. Тут таксама ўстаноўлена стэла з барэльефам і мемарыяльнымі дошкамі, на якіх золатам гараць імёны вялікааўцюкоўцаў, паўшых смерцю храбрых на палях той жудаснай вайны, а таксама загінуўшых ад рук нямецкіх катаў у час акупацыі.
Але ж у той час, калі ў вызваленых Вялікіх Аўцюках пачало наладжвацца мірнае жыццё, вайна яшчэ ішла па Беларусі.
І кожны крок па ёй нашым войскам даваўся цаной вялікіх страт. Толькі прага свабоды для сябе і сваёй Радзімы надавала нашым байцам, у тым ліку і воінам-вялікааўцюкоўцам, сілы і рашучасць ісці наперад, да логава фашысцкага звера, каб назаўсёды пакончыць з ім. І яны ішлі, не шкадуючы свайго жыцця, паказваючы прыклады мужнасці і гераізму.
Паўтарыўшы подзвіг сяржанта Паўлава
Зусім нямнога папрацаваў настаўнікам у Дудзіцкай школе выпускнік Мазырскага педагагічнага вучылішча, ураджэнец Вялікіх Аўцюкоў Якаў Раманавіч Маскаленка. Прызваны ў Чырвоную Армію ў 1940 годзе, Вялікую Айчынную вайну ён сустрэў на граніцы у Драгобыцкай вобласці ў першы ж дзень. Акружэнне, прарыў і адступленне, а затым вяртанне дамоў.
Але ж сэрца патрыёта не магло змірыцца з тым, што вораг таптаў Радзіму, захапіў яго родныя Аўцюкі. І ён у хуткім часе становіцца байцом 2-й Калінкавіцкай партызанскай брыгады, якая ў лістападзе 1943 года злучаецца з Чырвонай Арміяй.
У ліпені 1944 года, калі ўжо быў вызвалены Мінск, нашы войскі пачалі цясніць Пінскую групіроўку нямецкіх войск, стварыўшы ёй пагрозу поўнага акружэння і знішчэння.
Гітлераўцы таксама не драмалі. Выкарыстаўшы забалочанасць мясцовасці яны стварылі на шляху да Пінска моцны абаронны рубеж, а сам горад ператварылі ў магутны пункт абароны. І камандаванне фронту прымае рашэнне высадзіць у Пінску дэсант і захапіць горад. Гэта павінен быў зрабіць полк 415-й стралковай дывізіі, у якім служыў Якаў Маскаленка. Перад пасадкай на караблі Дняпроўскай ваеннай флатыліі камандзір дывізіі сказаў:
— Таварышы! Перад вамі Пінск. Вакол горада непраходныя балоты, а там, дзе можна прайсці – варожыя ўмацаванні. Для таго, каб менш страціць людзей, хутчэй вызваліць горад, прынята рашэнне ваш полк перакінуць на катэрах у Пінск. Ваша задача – захапіць горад…
У начной цемры з 12 на 13 ліпеня 1944 года дэсант высадзіўся на паўночна-усходняй ускраіне горада. Для гітлераўцаў гэта было вялікай нечаканасцю, таму воіны авалодалі значнай часткай горада. Аднак, апамятаўшыся ад нечаканага ўдару, немцы падцягнулі танкі і самаходныя гарматы і пачалі шалёны націск на смельчакоў. Дэсантнікі вымушаны былі перайсці да абароны.
Якаў Маскаленка ў складзе групы з 15 воінаў замацаваўся ў трохпавярховым доме. Варожыя “тыгры” і “фердынанды” ва ўпор вялі агонь па дому, бесперапынна штурмавалі яго, бо ён вельмі замінаў ім наносіць удары па дэсантніках з флангаў. Гарэў дах, рушыліся сцены, але смельчакі і не думалі адыходзіць. Наадварот, перад домам усё множылася колькасць падбітых танкаў і самаходных гармат.
Адбуксіраваўшы падбітыя машыны, немцы пачалі шалёны абстрэл дома. Становішча байцоў, а іх разам з Якавам засталося ўсяго трое, станавілася ўсё больш бязвыхадным. І ў гэты момант на світанні 14 ліпеня раскаты артылерыйскіх залпаў нашых войск, якія ішлі на дапамогу смельчакам, наблізіліся да Пінска, а ў хуткім часе над горадам узвіўся чырвоны сцяг.
Без сну і адпачынку на працягу амаль трох сутак Якаў Раманавіч Маскаленка, нібы сяржант Паўлаў у Сталінградзе, разам з баявымі сябрамі вёў паядынак з ворагам, утрымліваючы захоплены дом аж да прыходу падмогі.
За гэты подзвіг яму было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны Якаў Маскаленка жыў і працаваў у г.Мінску. Памёр у 1966 годзе.
Аднак імя слаўнага сына палескай зямлі жыве і сёння ў памяці ўдзячных нашчадкаў. Яго гераічны подзвіг прадстаўлены ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе экспануецца яго партрэт, ордэн Леніна, Залатая Зорка Героя Савецкага Саюза і іншыя ўзнагароды, а таксама Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні яму высокага звання. У ганаровай галерэі настаўнікаў-Герояў Савецкага Саюза ў Мінскім педагагічным універсітэце імя М.Горкага ёсць і партрэт нашага знакамітага земляка.
Ганарацца вялікааўцюкоўцы і другім, вядомым нават у рэспубліцы сваім земляком, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў арганізатарам і кіраўніком падпольнага і партызанскага руху. Гэта Адам Акімавіч Стома. На чале дыверсійнай групы ў жніўні 1943 года закінуты ў Заходнюю Беларусь, ён быў адным з кіраўнікоў Беластокскага партызанскага злучэння, з’яўляўся сакратаром Чыжэўскага падпольнага міжрайкама Камуністычнай партыі Беларусі (бальшавікоў). У пасляваенныя гады А.А.Стома займаў розныя кіруючыя пасады ў партыйных і савецкіх органах рэспублікі.
Не меншую мужнасць і гераізм праяўлялі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і іншыя выхадцы з Вялікіх Аўцюкоў, якія, часам цаной сваіх жыццяў, дапамагалі Радзіме выстаяць у няроўнай барацьбе з лютым ворагам і перамагчы. Памятаюць і шануюць вяскоўцы ўдзельнікаў тых памятных падзей: І.І.Гаркушу, узнагароджанага ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга яшчэ за баі на Халхін-Голе, І.А.Гарыста і Д.М.Дзмітрыенку, атрымаўшых за свае баявыя подзвігі ордэны Славы ІІІ ступені, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За адвагу”, кавалераў ордэнаў Айчыннай вайны ІІ ступені і медаля “За адвагу” Т.П.Буцэнку, В.Г.Стому і А.І.Барысенку, санінструктара А.С.Пырко, якая прымала ўдзел ва ўзяцці Берліна і сустрэчы з амерыканскімі войскамі на Эльбе і ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.
Тыя ж, каму пашчасціла выжыць, вярнуўшыся ў разбураную і спаленую вёску, па-франтавому прыступілі да яе аднаўлення, не ведаючы ні спакою, ні сну рабілі ўсё, каб наладзіць жыццё, каб яно стала яшчэ лепшым. І нельга не згадаць імя Пятра Іовавіча Гаркушы, які і сёння, нягледзячы на свае 90 гадоў, у страі. Ветэран вайны і працы – часты госць школьні-каў Вялікааўцюкоўскай школы. А былому баявому салдату ёсць што ўспомніць, расказаць юным. Прайшоўшы вайну амаль з першага і да апошняга дня, будучы двойчы параненым Пётр Іовавіч з першых дзён вяртання ў родную вёску працаваў не толькі за сябе, але і, як кажуць, за тых, хто не вярнуўся з вайны. Амаль трыццаць гадоў аддаў ён працы на адказнай пасадзе ў сельскім Савеце, ведучы вялікую работу па аднаўленню народнай гаспадаркі, дапамагаючы аднавяскоўцам адбудоўвацца. Вось як аб тым часе ўспамінае жыхарка вёскі А.М.Капітан, заслужаны настаўнік рэспублікі.
“У студзені 1944 года наша вёска была вызвалена ад немцаў. З 600 хат засталося менш за 100, астатнія былі спалены ці разабраны немцамі на ўмацаванні. Згарэў і будынак сярэдняй школы, які быў з вялікім стараннем узведзены вяскоўцамі перад вайной. І ўсё ж заняткі, як і трэба, пачаліся 1 верасня, праўда, у пачатковай школе. Тут пачалі вучыцца дзеці і падлеткі, вучобу якіх перапыніла вайна. Школа размяшчалася ў чатырох найбольш прасторных уцалелых хатах. Не было парт, падручнікаў і сшыткаў, замест іх выкарыстоўвалі паперу з мяшкоў, у якіх атрымлівалі дапамогу ад амерыканцаў, выпадковыя кнігі і газеты.
Настаўнікі разам з вучнямі нарыхтоўвалі лес для будучай школы, пілавалі дошкі, з якіх рабілі парты, прывозілі дровы для ацяплення. У 1947 годзе пачатковую школу рэарганізавалі ў няпоўную сярэднюю, дырэктарам яе прызначылі мяне. У школе працавала 10 настаўнікаў, у асноўным гэта былі выпускнікі школы, вучылася ужо звыш 200 хлопчыкаў і дзяўчынак. Аднак будынак новай школы быў пабудаваны толькі ў 1950 годзе, пасля прыезду ў вёску ў 1948 годзе першага сакратара Палескага абкама партыі У.Е.Лабанка».
І тут не абыходзілася без непасрэднага ўдзелу гэтага таленавітага арганізатара. Кемлівасць і гаспадарскі падыход да любой справы дапамагалі ў пэўнай меры вырашаць самыя разнастайныя пытанні, жыць у згодзе з людзьмі, знаходзіць дзелавы кампраміс з начальствам.
Чатырох сыноў узгадаваў Пётр Іовавіч разам з жонкай Ефрасінняй Міхайлаўнай. Адзін з іх, Мікалай доўгі час узначальваў у роднай вёсцы паляводчую брыгаду, быў начальнікам вытворчага аддзялення мясцовага саўгаса “Галявічы”. Сёння эстафету дзеда прыняў унук Пётр Міхайлавіч Гаркуша, які вось ужо колькі гадоў узначальвае мясцовы сельскі Савет.
ПАД МІРНЫМ НЕБАМ
Вайна яшчэ ішла на Захадзе, але ўжо вясною 1944 года ў Вялікіх Аўцюках аднаўляюць работу два калгасы, пачынаецца ўзнаўленне разбуранай вайной гаспадаркі. Канешне, не хапала рабочай сілы, тэхнікі не было амаль ніякай, аб мінеральных угнаеннях прыходзілася толькі марыць, але людзі, у асноўным жанчыны і дзеці, самі нярэдка ўпрагаючыся ў плуг, ішлі на калгасныя палі, каб засеяць зямельку, не памерці, цяпер ужо ад другога ворага – голаду. Вядома, што ўраджаі ў першыя пасляваенныя гады былі нізкія.
Тым не менш людзі працавалі, верачы ў лепшае будучае. Нават дзеці, знаходзячыся на канікулах, дапамагалі старэйшым, каб хутчэй выбіцца з галечы. Вось што пісала раённая газета “За бальшавіцкія тэмпы” у ліпені 1948 года ў заметцы “Дапамога вучняў”. “Вучні старэйшых класаў Вялікааўцюкоўскай сямігадовай школы прымаюць актыўны ўдзел у сенакашэнні… Перадавікамі ў гэтай справе з’яўляюцца вучні-камсамольцы Андрэй Гаркуша, Рыгор Стома, Іван Гаркуша, Аляксандр Гарыст. Кожны з іх штодзённа скошвае па 45 сотак травастою пры добрай якасці работы.
Вучні школы таксама рыхтуюцца да хлебаўборкі. З вучняў старэйшых класаў створаны два звяна жней, а вучні малодшых будуць збіраць калоссе.”
Узнімалася з руін і развівалася прамысловасць, павялічылася забяспечанасць трактарамі МТС, а затым і калгасаў, тэхніка якім, пасля ўзбуйнення ў 1952 годзе, была перададзена. Узрос выпуск мінеральных угнаенняў. Усё гэта давала магчымасць паступова павялічваць урадлівасць палёў, павышаць ураджайнасць усіх сельгаскультур. І ўсё ж без дзейснай падтрымкі дзяржавы нельга было разлічваць на хуткае забеспячэнне краіны сваім хлебам, мясам, малаком. Значную частку прадуктаў і прадуктовай сыравіны, у тым ліку і збожжа, прыходзілася купляць за мяжой. І партыя, і ўрад прымаюць рашэнне аб рэарганізацыі эканамічна адсталай часткі калгасаў у саўгасы, якія поўнасцю перайшлі на дзяржаўнае забеспячэнне. Такім чынам Вялікааўцюкоўскі калгас імя Кірава ў сакавіку 1960 года ўвайшоў у склад саўгаса “Галявічы”, які больш двух дзесяцігоддзяў узначальваў былы партызан і франтавік, выдатны арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасці Васіль Іванавіч Табулін. Менавіта ў гэты перыяд вёска Вялікія Аўцюкі, пры значнай падтрымцы будаўнічай брыгады саўгаса, якой з дня яе стварэння і да канца свайго жыцця кіраваў Міхаіл Іванавіч Есьман, пачынае нібы маладзець. Тут узводзяцца выдатныя гаспадарчыя пабудовы, з’яўляюцца аб’екты сацыяльнага прызначэння: новыя жывёлагадоўчыя фермы, магазіны, камбінат бытавога абслугоўвання, яслі-сад.
Расце прадукцыйнасць працы, павышаюцца вытворчыя паказчыкі. Калі, напрыклад, надоі малака ад каровы ў 1969 годзе складалі па аддзяленню ўсяго 1947 кг, то ў 1977 годзе тут надойвалі ўжо больш чым па 3500 кг. На малочнатаварныя фермы прыходзяць маладыя. І першай сярод іх трэба назваць Галю Іоўчык (дзявочае прозвішча Бізюк), якая пайшла даяркай на ферму №2 з пасады начальніка аддзялення сувязі. Аб яе дасягненнях у жывёлагадоўлі гаворыць той факт, што ўжо праз пяць гадоў Галя абыйдзе па паказчыках і сваю маці, і іншых даярак, стане членам раённага клуба даярак-чатырохтысячніц, а на яе грудзях з’явіцца першая дзяржаўная ўзнагарода – медаль “За працоўную доблесць”. Яе неаднаразова выбіраюць дэпутатам сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў, а ў 1988 годзе да медаля далучыцца ордэн “Знак Пашаны”. На вялікі жаль, Галіна Іванаўна рана пайшла з жыцця.
Высокіх вытворчых паказчыкаў дабіваецца ў гэты час і даярка Марыя Антонаўна Стома, якая будзе абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і ўзнагароджана ордэнамі “Знак Пашаны” і Працоўнай Славы ІІІ ступені.
Канешне, у аддзяленні №2, дзе, як ужо згадвалася раней, упраўляючым доўгі час быў сын Ігната Цітавіча Капі-тана Аркадзь справы ішлі ўгору не так хутка, як хацелася б. Але з цягам часу вытворчыя паказчыкі ўсё ж раслі. Дзякуючы вялікім намаганням працаўнікоў вёскі, добрай аснашчанасці тэхнікай ужо ў 1980 годзе ўраджайнасць збожжавых тут узрасла да 31 цэнтнера з гектара, бульбы – да 230 цэнтнераў, атрымана 628 тон мяса, надоена 2872 тоны малака.
У гэты ж перыяд на тэрыторыі ад-дзялення пабудаваны 2 магазіны, комплексны прыёмны пункт, новая сярэдняя школа.
Але ж жыхары вёскі, мужчыны і жанчыны, здаўна вядомыя на ўсё Палессе як выдатныя бондары і ткачыхі самаробных рушнікоў, посцілак, як добрыя вышывальшчыцы, жылі не толькі клопатамі аб ураджаях ды надоях малака. Вылучыўшы хвілінку ад асноўнай работы, яны займаліся і займаюцца любімымі рамёствамі, удзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці, ва ўсіх праводзімых тут фестывалях народнага гумару. І такія майстры і майстрыхі, такія народныя ўмельцы ў Вялікіх Аўцюках ёсць амаль у кожнай хаце, дзе пабочнаму чалавеку, ніколі не бываўшаму ў доме аўцюкоўца, можа здацца, што ён трапіў у этнаграфічны музей.
Ад сваёй маці (ды наогул тут усе пераймаюць такія навыкі ад сваіх бацькоў) навучылася ткаць прыгожыя рэчы Яўгенія Пятроўна Гаркуша. На першым фестывалі народнага гумару яе работы занялі першае месца, а майстрыха атрымала прэмію – халадзільнік. Рэчы, зробленыя рукамі Марыі Клімаўны Стома і Марыі Цярэнцьеўны Судас, дэманстраваліся ў свой час на выстаўках у Чэхаславакіі, Мінску, Маскве, Гомелі.
З дзяцінства займаюцца вышываннем, ткуць розныя рэчы дамашняга побыту Марыя Іванаўна Багдановіч, Таццяна Максімаўна Баравік, Вольга Сяргееўна Капітан, Вольга Сцяпанаўна Капітан, Надзея Іванаўна Ком, Марыя Міхайлаўна Лышчанка, Марыя Міхайлаўна Капітан, Ганна Барысаўна Шынкарэнка і многія, многія іншыя. Ну, а былая настаўніца мясцовай школы Еўдакія Міхайлаўна Лабанава, акрамя ўсяго пералічанага вышэй, як і Марыя Багдановіч, яшчэ і пчаляр. Аднак уся яе творчасць мае адну вельмі адметную рысу: яна займаецца вышываннем ікон і карцін на рэлігійныя тэмы, якімі мяркуюць упрыгожыць храм, што будуецца ў Вялікіх Аўцюках.
З малых год пляце цудоўныя рэчы з лазы, робіць лыжкі Іван Іванавіч Буцэнка, робіць бочкі, кублы, дзежкі і нават рамантуе любыя гадзіннікі Міхаіл Каленікавіч Гаркуша. Добрым бондарам слыве і народны ўмелец Міхаіл Іванавіч Дзмітрыенка, а самавучка, разьбяр па дрэву, які робіць цудоўныя дэкаратыўныя кухонныя прылады, Уладзімір Аляксандравіч Таўтын працуе ажно ў Маскве.
І, што самае галоўнае, нягледзячы на тое, што клуб у вёсцы можна назваць толькі ўмоўна клубам, тут ніколі не затухае мастацкая самадзейнасць. Доўгі час, амаль да самага скону, душою яе ў вёсцы была загадчыца клубам Анісся Іванаўна Верабей. Шмат увагі яе развіццю ўдзяляў і былы старшыня Вялікааўцюкоўскага сельсавета, цяпер нябожчык Аляксандр Раманавіч Баравік.
Сёння тут загадвае клубам Валянці-на Міхайлаўна Верабей, а музыкантам з’яўляецца яе муж Мікалай Мікалаевіч. І амаль усе вышэйпералічаныя народныя ўмельцы – актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, якая лічыцца не на апошнім месцы ў раёне.
Умеюць смяяцца, умеюць і быць сур’ёзнымі
Я наўмысна прывёў словы тэарэтыка навуковага камунізму ў гэты раздзел свайго аповеду, бо яны, як ніякія іншыя, вельмі праўдзівы ў любым сэнсе, для любой сферы чалавечай дзейнасці, у любы час. Так, менавіта праца і яшчэ раз праца над сабой, а яшчэ прага дасягнення пастаўленай мэты любой цаной і нават нейкая непераадольная цяга да вядомасці, славы, калі хочаце, і робіць вялікааўцюкоўцаў прыкметна такімі адрозніваючыміся ад іншых жыхароў нават навакольных вёсак. Смех смехам, гумар гумарам, але ж менавіта з Вялікіх Аўцюкоў выйшла даволі многа знакамітых людзей. Асабліва шмат іх працавала і працуе ў праваахоўных органах, органах аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай сферы, у лясной гаспадарцы, нават у дзяржаўных органах. Сялянцы, як яшчэ называюць вялікааўцюкоўцаў, нават жартуюць іншы раз з гэтай нагоды: што ж вы хочаце, калі нам нават сам Усявышні дапамагае ў людзі выходзіць, бо праз нашу вёску з глыбінь вякоў шлях на вялікія гарады праходзіць, вось мы і імкнемся хто ў Маскву, хто ў Кіеў, хто ў Пецярбург, а хто ў Мінск. Ну, а наконт таго, што вялікааўцюкоўцы дужа любяць юрыспрудэнцыю існуе нават такая байка. Недзе ў шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя паступаў на юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта адзін аўцюк. Слабавата адказваў на ўступных экзаменах па прадметах, але ж так здзівіў членаў прыёмнай камісіі сваёй аўцюкоўскай шчырасцю і непасрэднасцю, а яшчэ гумарам, што яго аднагалосна прынялі. Кажуць, што пасля гэтага, калі перад членамі камісіі з’яўляўся чарговы кандыдат у студэнты з Аўцюкоў, справа аб яго прыёме рашалася станоўча, бо тут ужо ведалі, што былыя выпускнікі юрфака, ураджэнцы Вялікіх Аўцюкоў працавалі амаль ва ўсіх праваахоўных органах рэспублікі, даволі хутка ўзнімаючыся па службовай лесвіцы, паказваючы прыклады самаадданасці гэтай справе.
І сёння ў Вялікіх Аўцюках вам з гонарам назавуць імёны многіх сваіх землякоў. Гэта былы пракурор Хойніцкага раёна Уладзімір Іванавіч Бажко, яго намеснік Васіль Уладзіміравіч Верабей, былы ваенны пракурор Гомельскай вобласці Васіль Раманавіч Бізюк, былы пракурор Калінкавіцкага і Мазырскага раёнаў Уладзімір Цімафеевіч Судас, былы старшыня суда Лельчыцкага раёна Аляксандр Мікалаевіч Супрун, былы старшыня суда Пінскага раёна Брэсцкай вобласці Мікалай Васільевіч Гаркуша, былы старшыня суда Калінкавіцкага раёна Міхаіл Паўлавіч Капітан, цяперашнія старшыня суда Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці Мікалай Цімафеевіч Лышчанка, суддзя суда Калінкавіцкага раёна Уладзімір Васільевіч Міцуля, загадчыца натарыяльнай канторы г.Мазыра Вольга Іванаўна Верабей, намеснік загадчыка натарыяльнай канторы Калінкавіцкага раёна Валянціна Пятроўна Міцуля (Барысенка), начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінскага гарвыканкама, кандыдат юрыдычных навук Мікалай Уладзімі-равіч Ком, былы начальнік штаба УУС г.Масквы па ахове Маскоўскага метрапалітэна палкоўнік міліцыі Мікалай Іванавіч Лышчанка, былы начальнік аддзела ўнутраных спраў “Котлаўка” г.Масквы палкоўнік міліцыі Аляксандр Іванавіч Баравік, яго брат, палкоўнік, супрацоўнік Генштаба арміі Расійскай Федэрацыі Міхаіл Іванавіч Баравік, былы начальнік штаба Гомельскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Мікалай Іванавіч Судас, былы намеснік начальніка Петрыкаўскага АУС Мікалай Паўлавіч Судас, былы начальнік навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека Уладзімір Сцяпанавіч Верабей, нядаўні начальнік раённай падатковай інспекцыі Павел Іванавіч Есьман, цяперашні ляснічы Вялікааўцюкоўскага лясніц-тва Андрэй Аляксандравіч Баравік і многія іншыя. А колькі іх, простых міліцыянераў, судавыканаўцаў, радавых урачоў, настаўнікаў, якія працуюць не толькі ў роднай Беларусі, але і ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве і іншых гарадах былога СССР!
Подзвіг бацькоў
Асобна хочацца сказаць некалькі слоў аб сям’і простага сялянца Мікалая Міхайлавіча Судаса і яго жонкі Ганны Пятроўны. Нарадзіўшы чатырох сыноў і дачку, яны вырасцілі і выхавалі іх такімі, што можна толькі шчыра пазайздросціць, назваць феноменам, нават нейкім выключэннем! Чатыры з іх, сыны Мікалай, Васіль, Уладзімір і дачка Галя скончылі ў пэўны час інстытут народнай гаспадаркі ў Мінску, Сяргей – Мазырскі педагагічны інстытут.
Сёння Мікалай – вядомы чалавек у суседнім Мазыры. Ён узначальвае АДА “Дом гандлю “Мазыр”. А пачынаў з простага рабочага Калінкавіцкага БМУ меліярацыі.
Нялёгкім аказаўся пачатак самастойнага жыццёвага шляху ў Васіля. Адразу з-за тэхнікумаўскай парты трапіў ён у самае пекла Афганскай вайны. Не адзін раз даводзілася быць на мяжы смерці, але лёс злітасцівіўся над ім ( а можа дапамаглі бясконцыя малітвы любімай маці?) і Васіль вярнуўся ў родную хату мужным і загартаваным, з баявымі ўзнагародамі, хаця боль ад страт баявых сяброў, як сам кажа, напэўна, не пакіне яго душу ніколі. І калі надыходзіць Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, ён адзявае святочны касцюм, на якім сярод іншых серабрыцца яго самая дарагая ўзнагарода – медаль “За адвагу”, і ідзе з кветкамі на Востраў слёз, каб аддаць даніну памяці сябрам.
Пасля Афгана быў наргас, яго заканчэнне і праца тут камсамольскім важаком, затым падатковая інспекцыя г.Мінска, іншыя структуры аж да намесніка ўпраўляючага справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сёння Васіль Мікалаевіч Судас – упраўляючы справамі Канстытуцыйнага суда нашай дзяржавы.
Трэці ў сям’і Судасаў Уладзімір да гэтага года працаваў у адным з банкаў Мінска. Аднак, як кажуць, трымаючы руку на пульсе часу, перайшоў у сферу экатурызму, ператварыўшы сваю дачу пад Мінскам у сапраўдны цуд. Вось вам і сялянская разліковасць і чыста аўцюкоўская, гаспадарская мудрасць і кемлівасць!
Сяргей, які ў свой час атрымаў спецыяльнасць настаўніка працоўнага выхавання, сёння ўзначальвае Мазырскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і зноў папаўняе свае веды на біялагічным факультэце таго ж педагагічнага універсітэта.
І, нарэшце, Галіна Мікалаеўна, якая пачынала эканамістам ва Упраўленні справамі Прэзідэнта, сёння займае адну з высокіх пасад у адной з буйных фірм г.Мінска.
Скажыце, многа дзе ў нас можна знайсці такіх сем’яў? Дык ці не грамадзянскі гэта подзвіг бацькоў, якія далі Радзіме, нашаму грамадству такіх дзяцей? І ці не подзвіг гэта саміх дзяцей?
Праўда, нехта можа засупярэчыць: а хто ж застаецца (ці застаўся) у Аўцюках, дзе таксама патрэбны сёння і розум, і рабочыя рукі. Усё правільна. Але ж калі ты ад прыроды здольны да навукі, калі ў табе праяўляюцца іншыя задаткі, дык чаму іх не развіваць, удасканальваць? Ды і заўважаюць такіх людзей заўсёды даволі хутка. І прыклады такія ў Вялікіх Аўцюках ёсць.
Калі я прыехаў у вёску (а жыў я там больш сямі гадоў), сын простага рабочага саўгаса Івана Рыгоравіча Кома і яго жонкі Марыі Іванаўны Іван яшчэ вучыўся ў школе. А так як у сям’і было ажно пяцёра дзяцей, хлапчук пасля заканчэння 8 класаў паступіў у Палескі сельскагаспадарчы саўгас-тэхнікум імя У.Міцкевіча на агранамічнае аддзяленне – усё ж палёгка бацькам! Пасля яго заканчэння ён прызначаецца фуражырам-кладаўшчыком у Вялікааўцюкоўскім вытворчым аддзяленні і паступае завочна ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Пройдзе нямнога часу і кіраўніцтва саўгаса “Галявічы”, заўважыўшы яго, можна сказаць, прыроджаны талент арганізатара, прызначае яго начальнікам вытворчага ўчастка, а затым і галоўным аграномам гаспадаркі. А яшчэ праз колькі часу цяпер ужо Іван Іванавіч узначаліў адзін з буйных па тым часе ў раёне калгас “Іскра”. Адтуль ён быў пераведзены дырэктарам ЧУП “Палессе-Агравест” Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.
Цяпер Іван Іванавіч Ком узначальвае Чачэрскі райвыканкам. Наследства, трэба сказаць, не зайздроснае, але зрухі ў бок лепшага ўжо ёсць. Пазваніце сёння Івану Іванавічу нават ноччу і яго абавязкова знойдзеце недзе… на малочнатаварнай ферме ці на збожжатаку. Такі ўжо характар.
“Выйшлі ў людзі”, як кажуць аўцюкі, і астатнія дзеці. Другі Андрэй – намеснік дырэктара КУП “Камунальнік Калінкавіцкі”, сястра Люба – сакратар сельскага Савета, Ніна – медыцынская сястра Калінкавіцкай раённай бальніцы, брат Юрый – аператар на Мазырскім НПЗ.
Вось вам і прыклады ў доказ таго, што ў мнагадзетных сем’ях, менавіта ў іх нараджаюцца таленты, якія, памножаныя на вялікую і ўпартую працу, раскрываюцца ў поўнай меры.
Чыста “сваёй” называюць вялікааўцюкоўцы і доктара медыцынскіх навук, прафесара, заслужанага дзеяча навук Рэспублікі Беларусь Лідзію Якаўлеўну Супрун, бацькі якой – выхадцы з Вялікіх Аўцюкоў.
ШКОЛА
Аднак нельга сёння не сказаць некалькі слоў і аб, бадай, самым першым і самым галоўным вытоку, які даваў і дае неабходныя веды і жыватворныя сілы ўсім, хто ў пэўны перыяд свайго жыцця меў да яго дачыненне. Гэта школа. Менавіта тут, пад уплывам настаўнікаў развіваліся і развіваюцца здольнасці і таленты юных вялікааўцюкоўцаў, іх светапогляд, калі хочаце, жыццёвая мудрасць, а таксама такія высокія чалавечыя якасці, як дабрата, спагада, разуменне, здольнасць заўсёды прыйсці на дапамогу любому. А яшчэ жыццялюбства і працалюбства, упартасць ісці да пастаўленай мэты да пераможнага канца.
А гэтага, трэба адзначыць, у іх хапае спаўна.
Так, школа дала многім з вялікааўцюкоўцаў пуцёўку ў вялікі свет. А калектыў настаўнікаў тут узначальвалі заўсёды вопытныя педагогі. Гэта такія як А.М.Капітан, першы пасляваенны дырэктар школы, А.Н.Капітан, М.Д.Луцкевіч, Р.М.Рабянок, Н.М.Пашкевіч, К.А. Есьман, М.І.Бугаёва, Л.В.Энкін, А.У.Барысенка, В.М.Есьман, Т.П.Верабей, М.І.Дулуб. Сёння школу ўзначальвае А.В.Лютэнка.
З вялікай любоўю і павагай успамінаюць вялікааўцюкоўцы і сваіх землякоў-настаўнікаў, якія працавалі ці працуюць тут, жывых і ўжо пакінуўшых гэты свет. Гэта П.П.Буцэнка, А.Н.Капітан, А.М.Капі-тан, М.Д.Лышчанка, А.А.Верабей, І.П.Гаркуша, А.Л.Гарыст, А.Ц.Лышчанка, Е.М. Лабанава, Г.П.Буцэнка, Т.М.Малашчанка, А.А.Багдановіч і іншыя.
У пачатку гэтага раздзела я нездарма ўспомніў аб самых добрых чалавечых якасцях, якія ў кожным закладваюцца самім Усявышнім, а пасля развіваюцца і замацоўваюцца бацькамі, школай, нарэшце, грамадствам. Паўтараю, менавіта гэтыя якасці ў большасці адрозніваюць вялікаацюкоўцаў ад іншых. І тут я не магу не прывесці некалькі прыкладаў, якія яскрава сведчаць аб гэтым.
Даўно пакінуў родную вёску Міхаіл Іванавіч Верабей, “пайшоў у людзі”. У мінулым годзе абарвалася апошняя нітачка, якая звязвала яго з Вялікімі Аўцюкамі – памерла маці. Сястра жыве недзе ў Петрыкаве. Аднак як чалавек, адданы сваёй малой радзіме, дзе засталіся магілы яго далёкіх продкаў і бацькоў, як чалавек, неабыякавы да гэтай святой для яго зямлі і яе насельнікаў, нарэшце, як чалавек вялікага сэрца, стаўшы бізнесменам, не зачарсцвеў душой, не адвярнуўся ад землякоў, а наадварот, пайшоў ім насустрач.
… Першае, што сустракае кожнага, хто прыязджае ці прыходзіць у Вялікія Аўцюкі, гэта вясковыя могілкі. Менавіта яны сёння з’яўляюцца візітнай карткай, менавіта па іх стане можна меркаваць якія людзі жывуць у вёсцы. Не памылюся калі скажу, што такіх найбольш упарадкаваных вясковых могілак я не сустракаў нідзе. І ў гэтым вялікая заслуга іх земляка-мецэната Міхаіла Іванавіча Вераб’я, які ахвяраваў на іх добраўпарадкаванне многія мільёны рублёў.
Першыя крокі ў малым бізнесе пачаў рабіць і другі аўцюковец Барыс Васільевіч Судас, аднак, нягледзячы на тое, што зараз стала жыве ў Гарочычах, ахвяраваў на будаўніцтва царквы мільён рублёў. Па цяперашніх мерках здаецца дробязь, але ж як гэта прыемна ўсведамляць, што вялі-кааўцюкоўцы не забываюць, хто яны і адкуль.
Побач з працай – здаровы гумар
Як і кожны жывы чалавек, аўцюкоўцы ніколі не трацяць надзеі на лепшае жыццё. Жылі ёю і тады, напэўна, калі многія стагоддзі назад упершыню атабарыліся на гэтай зямлі, непадалёк ад старажытнай стаянкі чалавека, што ля Юравіч, жывуць так і па сённяшні дзень. Толькі надзея іх своеасаблівая, бо замешана на спрадвечным аўцюкоўскім гумары і аптымізме. І ніякія нягоды не могуць перашкодзіць ім у гэтым, бо толькі такім чынам, яны лічаць, можна пераадолець усё: перажылі голад, перажывем і дастатак – смяюцца.
Вось што піша ў сваіх “лета-пісных запісах” мясцовы бібліятэкар Надзея Фёдараўна Хамякова.
“Перабудова, а потым развал СССР, эканамічны крызіс паставілі ўсе галіны народнай гаспадаркі ў бязвыхаднае становішча. З-за недахопу ўгнаенняў стала зніжацца ўраджайнасць, з-за недахопу кармоў – надоі малака і прырост мяса.
А тут Чарнобыльская навала. Але вялікааўцюкоўцы не страцілі надзею ў добрае будучае, як заўсёды з дасціпным гумарам, з упартым працалюбствам ідуць да намечанай мэты. Нездарма ж у 1995 годзе наша вёска стала месцам правядзення першага Усебеларускага фестывалю народнага гумару, які сёння ўжо стаў традыцыйным і заўсёды выліваецца ў вялікае ўсенароднае свята, хросным бацькам якога з’яўляецца беларускі пісьменнік Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі”.
Сёння вёска Вялікія Аўцюкі – сталіца беларускага народнага гумару, як Габрава ў Балгарыі, уваходзіць у склад СПК “Дружба-Аўцюкі”, які ўзначальвае вопытны арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасці Сяргей Іванавіч Даўгяла. І трэба адзначыць, што менавіта на гэты вытворчы ўчастак у яго вялікія надзеі, бо ведае – аўцюкі не падвядуць!
Вось такі мой далёка не поўны аповед пра добрых, працавітых людзей з адкрытай душой і шчырым сэрцам, дасціпных гумарыстаў і вялікіх жыццялюбаў. І хай мяне даруюць тыя, каго я не змог тут успомніць.

Віктар ГАЛАЙДА.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.