Садкі

Вёска Садкі, першыя гістарычныя звесткі пра якую датуюцца пачаткам ХІХ стагоддзя, узнікла з хутароў. На хутары, можна сказаць, яна падзелена і зараз. Населены пункт знаходзіцца ў дваццаці васьмі кіламетрах на паўночны захад ад Калінкавіч і ў дзевяці кіламетрах ад чыгуначнага раз’езду Садкі на лініі Лунінец-Калінкавічы.

Пісьмовыя крыніцы сведчаць, што ў 1908 годзе вёска ўваходзіла ў склад Дудзіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні, і ў ёй было 28 двароў і 167 жыхароў. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны насельніцтва павялічылася да 207 чалавек. Сёння садкоўцаў усяго сямнаццаць. Сярэдні іх ўзрост – пад 80. Іх хаты стаяць на адзінай доўгай вуліцы (з аднаго канца на другі каля двух кіламетраў), што ўзнікла ў Садках падчас калектывізацыі.

Спрадвеку тая частка, з якой пачыналася вёска, называлася Злодзееўкай, яе сярэдзіна – Хітрым рынкам, астатняе – Ламачамі. Сёння гэтыя часткі падзелены між сабой лесам альбо полем, якія паступова ўзнікаюць на месцы пахаваных сядзіб, з-за чаго і нагадваюць хутары.

Ламачы

Жыхары Ламачоў – чатыры жанчыны. Усе ўдовы, а таму так і хочацца даць гэтай частцы вёскі новую назву — Удовін кут. Пад самым лесам – вялікая хата Марыі Румянцавай. 83-гадовай бабулі асабліва ярка ўспамінаецца, як гарэла іх вёска ў ліпені 1943 года. Людзі, на шчасце, паспелі знайсці паратунак у непраходным балоцістым лесе, які да меліярацыі з усіх бакоў падступаў да Садкоў.

— Загінуў толькі дзядзька Якуб (во старасць, хвамілію яго ўжо і не прыгадаю), якога немцы паставілі за старасту, а ён дапамагаў партызанам, — расказвае Марыя Іосіфаўна. – Мясціны ў нас, самі бачыце, глухія, таму партызаны іх і аблюбавалі. Многія нашы хлопцы, мужчыны да іх пайшлі: Рыгор і Аляксандр Бяланы, Мікалай Дашкевіч, Хведар Новік…. Нам і добра, і страшна было ад такога суседства. Добра, бо дзякуючы партызанам верылі: наш народ не скарыцца ворагу. Страшна, бо разумелі – карны атрад не міне, як і Лозкі, нашу вёску. Так яно і адбылося. Бяда тая выпала на Дзявятнік або Дзевятуху – свята, якое адзначалася ў чацвер на дзявятым тыдні пасля Вялікадня. Вы пра такое і не чулі, а мы ў гэты дзень нават у поле не хадзілі – баяліся грому, маланкі. Прыкмета была такая: хто будзе працаваць у гэты дзень, таго маланка заб’е. Затое дазвалялася збіраць лекавыя зёлкі. Во на тую Дзевятуху мы і гарэлі. Да вызвалення тады па лясах цягаліся, баяліся кожнага шораху, пухлі ад голаду.

Пасля вайны многія садкоўцы ў пошуках лепшай долі пакінулі родныя мясціны. Тыя, хто застаўся, пачалі адраджаць уласныя сядзібы. Будаваліся марудна, цяжка. Разжыцца не давалі неўрадлівая глеба і розныя прыродныя напасці, што не абміналі вёску: то град паб’е ўсё збожжа, то частыя дажджы згнояць усю гародніну, то маланка спаліць некалькі двароў…

— Старыя казалі: пакутуюць Садкі ад праклёну, які наслалі на іх несправядліва раскулачаныя першыя жыхары, — успамінае суседка Марыі Іосіфаўны Яўгенія Фесенка. – Вы ж ведаеце, як утварылася наша вёска? Не? Зараз перакажу вам тое, што ад маці чула. Здаўна землі гэтыя належалі нейкаму пану з Залаззя (вёска ў Рагачоўскім раёне – Т.З.), вырашыў ён іх прадаць. Хутка знайшліся пакупнікі – тры браты з Гродзеншчыны, здаецца, польскага шляхецкага роду. Прыйшлі яны паглядзець, што ім прапануе пан. Ішлі доўга, стаміліся, пачалі шукаць, дзе напіцца. Чалавек, які сустрэўся на дарозе, прапанаваў прагнаць смагу вадой з крыніцы. Напіліся браты, агледзеліся і адзін з іх кажа: “Прыгожа тут, ціха, спакойна, быццам бы ў райскім садзе. Перавязём сюды сем’і, будзем хаты ставіць і хутар свой назавом Садкі”. Так і зрабілі. У хуткім часе браты, працуючы ад цямна да цямна, разбагацелі, разжыліся. А напачатку 30-х іх запісалі ў кулакі і саслалі голымі і босымі ў Сібір. Як ад’язджалі, сыпалі праклёны: “Не былі мы тут шчаслівымі, дык хай ніхто не будзе. Захлынайцеся ў горы і слязах”. Менавіта браты тыя, як пасяліліся ў нашым краі, пачалі адзначаць тут Дзевятуху. Песня нават во ўспомнілася:

Дзевятуха-памяжаначка
Па межах хадзіла, жытцо абзірала,
Жытцо абзірала да раўнавала…

/>Праўда, ці гэта цікавая легенда – сёння ўжо цяжка даведацца. Але вось што давялося прачытаць у Вікіпедыі наконт Дзевятухі: «Девятуха или Праздник Божьего Тела – народный обычай у славян-католиков. Первые упоминания о церковных процессиях в этот день известны в Польше с 1347 года, однако популярными и повсеместными они становятся с XV- XVI веков. Во многих районах Польши к XIX веку праздник Божьего Тела считался не менее значительным, чем Пасха». Дык няўжо садкоўцы сапраўды пакутвалі ад праклёну? А можа лухта ўсё гэта, прыдумкі? І тое, што згарэла вёска на Дзевятуху, — звычайнае супадзенне? Пытанні, якія варта пакінуць без адказу, бо даўно няма ў жывых сведкаў, якія б на свае вочы бачылі тых братоў.

Яшчэ расказвалі старыя, што назва Ламачы пайшла ад прозвішча пацярпелых. Былі яны нібыта Ламачэнкі або Ломчанкі, Ломачы. У хатах, якія адабралі ў “кулакоў”, пасяліліся тыя, хто прыйшоў будаваць новы лад жыцця. Сярод іх — Цімафей Шалюта, першы старшыня калгаса “Бальшавік Палесся”, які быў арганізаваны ў Садках у 1931 годзе. Праз пэўны час усе хутаранцы, што жылі навокал, атрымалі загад – перавозіць хаты на адну вуліцу. Вось што пра гэта ўспамінае Любоў Шарай:

— Я нарадзілася ў 1932 годзе на хутары Яўхімава Рудня. Бацькі мае – Аляксандра і Яўхім Новікі – лічыліся заможнымі. Дзве кароўкі мелі, каня, воз, збрую, зямлі надзел, яшчэ сюю-тую скацінку. У калектывізацыю татка аддаў усё ў калгас. Сам аддаў, без прымусу, хаця маці з-за гэтага вельмі плакала, убівалася. І нават пайшоў туды працаваць. Але гэта яго не выратавала… Бацьку забралі ў 1937. Больш мы яго не бачылі… Праз колькі гадоў даведаліся, што згінуў ён на шахтах у Манголіі.

Песня дапамагала жыць, працаваць, гадаваць дзяцей…

У Садках ахвярамі сталінскіх рэпрэсій сталі не толькі заснавальнікі вёскі і Яўхім Новік. Не мінула гэта бяда Яся Цішкаўца, Аляксандра Ульянскага, Васіля Есьмана, Франца Касцюковіча, Станіслава Мазуркевіча, Антона Маліцкага, Фёдара Мацкевіча, Арсенія Пагаржэльскага, Данілу Тарасевіча, Казіміра Яновіча, вялікую сям’ю Андруховічаў. Адным словам, усіх тых, хто жыў больш-менш заможна, пры гаспадарцы. Тым часам Любоў Яўхімаўна працягвае ўспамінаць:

— Хату мы перавозілі самыя апошнія, амаль перад прыходам немцаў. Маці ўсё ўпіралася, не хацела здымацца з абжытага месца з чатырма малымі дзецьмі на руках, спадзявалася, што родзічы мужа забяруць яе ў Клінск. Але ж каму патрэбны пяць лішніх ратоў? Нарэшце, каб не выклікаць гнеў новай улады, здалася. Толькі крыху ўладкавала хату, чарговае выпрабаванне – вайна. А з ёю – голад і холад. Нават і не ведаю, што з іх горшае. І як вы думаеце, чым народ ратаваўся ў тыя гады?… Песняй! Так-так, не здзіўляйцеся, але спявалі мы пры любой магчымасці. Моладзь і пры немцах збіралася на вячоркі. А што паробіш – жыццё. І танцавалі, і вяселлі гулялі. Песня дапамагала жыць, працаваць, гадаваць дзяцей, марыць аб светлай будучыні. Я таксама добра спявала, мужык мой, нябожчык, бывала, вернецца з работы і просіць:“Зацягні, што-небудзь наша, народнае, Люба, парадуй душу”. І вам бы раней з задавальненнем праспявала, але як памёр сын Мікалай, у маёй хаце пасяліўся смутак. Ганю яго ад сябе, а ён па пятах за мной ходзіць…

А вось Лідзія Новік, слых і голас якой дасталіся ад бацькі Івана Ульянскага – першага на Садкі гарманіста, спявае нам доўга.

* * *
Па-над лугам нуда-нуда,
Ой, дзе мой мілы арэ плугам, нуда-нуда.
Панясу міламу есці – нуда-нуда.
Ой ці не скажа радам сесці – нуда-нуда.
Ой баліць маё сэрцайка – нуда-нуда.
Мо не любіць мяне мілы? Нуда-нуда.

* * *
Пад тым дубам зеляненькім
Ваня з Таняю гуляў.
Пад тым дубам зеляненькім
Ваня Таню ўгавараў:
– Не плач, Таня, дарагая,
Не плач, вумніца мая.
Пайду ў армію, адслужуся.
Прыйду ў сваты да цябе.
– Ох не праўда тая будзе,
Што я буду за табой.
Ты – багаты, ты – красівы,
Разгаворчык сам сабой.
У цябе ў хаце тры краваці,
А ў мяне падушак няма.
У цябе ёсць айцец і маці,
А я кругла сірата.

– Клуба ў Садках, на жаль, ніколі не было, таму культурнае жыццё знаходзілася на плячах саміх жыхароў. У пасляваенныя гады вячоркі звычайна ладзіліся ці ў нашай хаце, ці ў дзеда Макара, які меў па тым часе сапраўднае багацце – скрыпку, — успамінае Лідзія Іванаўна. – Каб падлізацца да старога, мы, дзеўкі, збіралі па тры яйкі з душы. З “подкупам” ішлі прасіцца, каб пайграў нам. Вельмі ж паскакаць хацелася – любілі мы гэта дзела. Бывала, скачам амаль да рання, тады часы два паспім – і на работу. Там таксама не смуткуем, усё з песняй робім. Асабліва галасістыя сярод нас былі Паліна Мазуркевіч, Валянціна Верабей, Любоў Шалюта.

Без песень не адпускае нас і родная сястра Лідзіі Іванаўны — Яўгенія Фесенка. Заўважаю, што спявае ў асноўным пра вайну і няшчасную жаночую долю.

* * *
О божа ж, мой божа, як я тут гарую,

Аддаў мяне бацька замуж маладую.
Была ў мяне сіла з каня варанога,
А цяпер не стою рабёнка малога.
Была ў мяне коса руса да пояса –
Вырваў мілы косу па аднаму валосу.
О божа ж, мой божа, мяне муж не любіць.
На вячоркі ходзіць, дзе чужыя жонкі.
Ходзіць на гулянкі, дзе чужы каханкі.
А мяне не любіць, не прыгалубіць.

* * *

Ой я выйду, выйду на крутую гору
Ды зірну я, гляну на ціхую воду.
Мой жа мілы ехаў ціхаю вадою,
Ціхаю вадою з чужою жаною.
А я маладая дай задзівілася
За ніцыя лозы дай захілілася.
О вы, лозы ніцы, расхіліцеся
Нелюбая пара – разыйдзіцеся.
Гарачыя слёзы – разаліцеся.
Няхай я пабачу цераз каго плачу,
Цераз каго смуткую, цераз каго бядую.

— Такое пачуццё, што ў большасці песень – ваша асабістае жыццё, — адзначаю я.

— Назіральная якая – твая праўда, — згаджаецца Яўгенія Іванаўна. – Я шчаслівай у замужжы не была. Мужык у бутэльку любіў зазірнуць. А тады самагонных апаратаў вакол Садкоў стаяла процьма – мясціны глухія, паспрабуй тут што адшукаць. Гналі не толькі для сябе, але і на продаж. Прыязджалі за гэтым “дабром” нават з суседніх вёсак. Апарат прыпёр майму Аляксандру айчым. Прыпёр са словамі:“Заробак вам добры будзе”. Нарабіў бяды той заробак. Бацька мой – паважаны на вёсцы чалавек – і саромеў зяця, і ўпрошваў, каб кінуў дурную справу, але нічога не дабіўся.

Героі вайны

Пра бацьку сясцёр-суседак Яўгеніі Фесенкі і Лідзіі Новік варта расказаць асобна. Іван Ульянскі быў адукаваны чалавек – скончыў чатыры класы, курсы ў Мінску і працаваў дэзінфектарам пры Якімавіцкай бальніцы. Перад прыходам немцаў разам з галоўным урачом Сафронам Мікулічам закапаў у лесе ўсе медыкаменты, каб яны не трапілі ў рукі акупантаў. Але тыф, адзёр, дыфтэрыя – хваробы таго часу касілі людзей і ў вайну. І пайшлі Мікуліч і Ульянскі па вёсках: лячыць, дапамагаць… Але неўзабаве Мікуліч не ўратаваўся, памёр ад тыфу. Скончыліся медыкаменты. А з пустымі рукамі якая з урача-інфекцыяніста карысць? Іван Фёдаравіч без справы доўга не ўседзеў — пачаў шыць абутак для партызан і аднавяскоўцаў. Калі Садкі вызвалілі, а было гэта ў студзені 1944 года, ён папрасіўся санінструктарам на фронт. Дадому вярнуўся цяжка паранены, з медалямі. На жаль, узнагароды тыя не захаваліся, але гісторыю пра свайго адважнага і добрага бацьку Яўгенія Іванаўна і Лідзія Іванаўна пераказалі дзецям і праўнукам. Няхай хоць памяць будзе.

А вось Марыя Румянцава асабліва ганарыцца не бацькам, а братам Іванам Ганчарэнкам, які вярнуўся з вайны з ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За адвагу”. Ён служыў кулямётчыкам 2-га стралковага батальёна 37-га Гвардзейскага стралковага Кобрынскага Чырванасцяжнага палка. На сайце “Подзвіг народа” чытаем: «В боях с 12 по 20 июля 1944 года при прорыве линии обороны противника и его преследования до города Кобрин товарищ Гончаренко доставлял в достаточном количестве боеприпасы к пулемету. Лично убил немецкого снайпера. Достоин медали «За отвагу». Далей чытаем: «В бою 9 февраля 1945 года в районе населенного пункта Хассендорф в составе расчета со своим пулеметом выдвинулся вперед боевых порядков пехоты и метким огнем пулемета уничтожил более 17 немецких солдат, чем создал нашим подразделениям возможность продвижения вперед». За мужнасць, праяўленую ў гэтым баі, Іван Ганчарэнка ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Жылі ў Садках і іншыя героі вайны, пра якіх ўжо няма каму расказаць. Але ж імёны іх варта прыгадаць. Гэта Антон Бялан, Мікалай Ганчарэнка, Міхаіл Данілевіч, Мікалай Дашкевіч, Мікалай Дзянісенка, Казімір Мазуркевіч, Фёдар Міцкевіч, Павел Новік, Мікалай Рагавец, Адам Тарасевіч, Леанід Ткачэнка, Аляксей Шарай, Іван Шмігельскі, Уладзімір Яцко…

Хітры рынак

… Развітваючыся з жыхаркамі Ламачоў, цікавімся ў іх, чаму цэнтральная частка вёскі называецца Хітрым рынкам.

— Месца там раскошнае, прасторнае (жывеш пасярэдзіне Садкоў, усіх бачыш, усё пра ўсіх ведаеш), зямля – ўрадлівейшая, лес так не напірае на агароды. Ды і крама, школа, калгасная кантора, ФАП знаходзіліся некалі пад бокам. Пра людзей, што паставілі там хаты, часта казалі: “Во хітруны, куды не крутніся – да ўсяго рукой падаць. Нешта ведалі, калі займалі зямлю”, – успамінае Любоў Шарай. – А вось слова “рынак” прыляпілася пазней. Тады, як у адной з хат з’явілася крама. Да крамніка ў галодныя гады хадзілі абменьваць на ежу розныя каштоўныя рэчы. Тады можна было пачуць ад суседкі: “Пабягу да хітруноў, патаргуюся на іх рынку”. І ўсе разумелі, куды жанчына збіраецца.

Сёння на Хітрым рынку жывуць дзве сямейныя пары. Сядзіба Уладзіміра і Тамары Кароткіх выдзяляецца сваёй дагледжанасцю, акуратнасцю. Па-гаспадарску складзены за хлявом дровы, плот нідзе не пакасіўся, хата радуе вока пафарбаванымі ў ярка-жоўты колер сценамі. На жаль, з Тамарай Ульянаўнай – актыўнай памочніцай старшыні Якімавіцкага сельсавета па Садках пазнаёміцца не прыйшлося: паехала пагасціць да родзічаў у Калінкавічы. Пытаюся ва Уладзіміра Адамавіча, што ён ведае наконт назвы Хітры рынак.

— Толькі тое, што я на ім жыву. Я ж не мясцовы, прыйшоў сюды да жонкі, можна сказаць, у прымы. Было гэта ў 1970 годзе. З тых пор і асеў на цесцевым селішчы. Некалі акурат насупраць нашай хаты знаходзіліся калгасныя ферма і склад, — гаспадар паказвае на чыстае поле. — А па правы бок былі пачатковая школа, магазін, ФАП… Усе будынкі прыйшлі ў заняпад і давялося іх убраць.

Дарэчы, школа з’явілася ў Садках яшчэ да вайны. Тады яна размяшчалася ў адной з сялянскіх хат і ў 1935 годзе яе наведвалі 58 вучняў. Першыя настаўнікі – Любоў Грыб і Отчык. Асобны будынак для школы паставілі напачатку 50-х гадоў. У той час тут настаўнічаў Антон Шарай.

— Я – яго вучаніца. Памятаю, калі прый-шла ў школу, падручнік быў адзін на ўвесь клас. Сшыткі рабілі з мяшкоў жоўценькіх, бумажных, пісалі сокам з бурака, — расказвае суседка Кароткіх Вольга Барысенка. – Не бачылі мы той раскошы, у якой зараз людзі жывуць, але ж здаравейшыя, крапчэйшыя былі. Я ў маладосці ў горад выбіралася: бацькі адправілі за лепшай доляй. Доўга там не вытрымала – смутак па радзіме як узяў, подбежкі дадому вярталася. Тут і замуж пайшла за хлопца з Якімавіч.

Пражылі Барысенкі – не бяды. Трох дзяцей выгадавалі, унукаў прычакалі. Працавалі ў калгасе “Ленінская іскра” (цэнтр – Якімавічы), у склад якога ў 1959 годзе ўвайшоў садкоўскі калгас “Бальшавік Палесся”. Вольга Міхайлаўна – даяркай, Міхаіл Мартынавіч – трактарыстам. Садкоўскую брыгаду тады ўзначальваў Уладзімір Кароткі.

-Трапіў я сюды з Даманавіч. І так да душы прыйшліся мне гэтыя глухія мясціны, што нікуды больш не захацеў выязджаць, — гаворыць мужчына. – Вёска тады “грымела” дзякуючы працавітым людзям, былы міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Уладзімір Ганчарэнка тут нарадзіўся. Раней ён часта прыязджаў на радзіму. Як працавала школа, дапамагаў яе рамантаваць. А сёння што? Прайдзі з аднаго боку сяла на другі і нікога можаш не сустрэць. Паміраюць Садкі. Праз колькі гадоў гаспадарамі тут будуць не людзі, а лес. Мы ўжо прывыклі да незвычайных гасцей – ліс і каршуноў, якія любяць пажывіцца нашай пціцай. Вось вы прыехалі – падзея, а ліса, што бегае па двары, — звычайная з’ява.

Мы са Злодзееўкі…

Крочым далей. Да хат, што стаяць у Злодзееўцы. Тут жывуць Вера Петрушэнка і Валянціна Юрчанка.

Дарэчы, Вера Іванаўна – самая старэйшая ў Садках. Ёй – 85. Бабулю застаём у двары: яна, нягледзячы на узрост, пілуе і сячэ дровы. Разам з ёй ідзем да суседкі Валянціны Іванаўны, якая таксама не ляжыць на ложку: дастала швейную машынку (даўнюю памочніцу), каб падрубіць свае вышыванкі — майстрыха. Абедзве жанчыны гавораць: “Навалокі мы – адна пайшла сюды замуж з Аляксандраўкі, другая пераехала з Якімавіч, таму нічога цікавага пра гісторыю Садкоў вам не раскажам”. Не згаджаюся: “Якія навалокі, калі тут прайшло амаль усё ваша жыццё”. “Так, так”, — ківаюць галовамі, пачынаюць расказваць.

— Мы хоць і са Злодзееўкі, але нічога не падумайце – ня злодзеі. Проста некалі жылі ў гэтай частцы несумленныя людзі. Імён называць не буду, а то, барані божа, унукаў, праўнукаў, непавінных у грахах продкаў, яшчэ пакрыўджу, — адзначае Валянціна Іванаўна і дадае. — Пра сябе лепш раскажу. Маці мая памерла, як было мне 12 гадоў. Хутка бацька мачыху прывёў. А ці прыгалубіць яна, пашкадуе няродную дачку? Папараўла я, жыўшы з ёю, таму і замуж пайшла за першага, хто пазваў, за Грышу свайго. Не пра каханне думала, а пра тое, што можа за мужыком хлеба да шыі пад’ем.

— Пад’елі? – цікаўлюся я.

— Пад’ела, мая ты галубка, — усміхаецца бабуля. – Ён добры ў мяне быў, працавіты, толькі рана памёр: больш за дваццаць гадоў ужо адна жыву.

— І я амаль столькі ўдава, — уключаецца ў нашу размову Вера Іванаўна. – Пра мужыка майго, Аляксея Петрушэнку, запішыце – заслужоны ён. Ваяваў, да Берліна дайшоў, узнагароды меў. Якія? Не скажу, даўно іх зяцю аддала, а дзе той падзеў – не ведаю. І бацьку трэба ўспомніць – Івана Лісоўскага. Якімавіцкі ён, у 1937 годзе трапіў у сталінскую мясарубку.

Успаміны пра былое наганяюць смутак. Каб яго разагнаць, Валянціна Іванаўна пачынае расказваць, як раней адзначалі святы.

— Дні нараджэння мы ніколі не правілі. Многія нават і не ведалі, якога чысла, у які год нарадзіліся: дзяцей тады ніхто не запісваў. Не ў пашане быў і Новы год. Затое паважалі прастольныя святы. У Садках іх адзначалі на Крашчэнне і Ўшэсце. У гэтыя дні госці ехалі з ўсяе акругі. Каб іх добра сустрэць, гатаваліся некалькі тыдняў. Спачатку хату вымывалі, печ бялілі, падлогу і сталы адскрабалі, тады абавязкова забівалі парсючка на прысмакі. Што гатавалі? Каўбасы, тушонку, катлеты, бліны, кісель з чарніц… Тых выкрутасаў, што вы зараз вырабляеце, не было. Ды і не люблю я іх. Сёння б з вялікай ахвотай свойскага сала і хлеба з’ела. Але ж сіл, каб трымаць кабанчыка, ужо няма. А на магазінным малацэ харошага цеста не ўчыніш…

— А Вялікдзень святкавалі?

— Не, што вы?! Савецкая ўлада забараняла правіць царкоўныя святы. Памятаю, калі хто з настаўнікаў ці з сельсавета дазнаваўся, што дзеці хадзілі калядаваць, то бацькам, якія іх пусцілі, на арахі перападала. Тое ж было і з хрэсьбінамі. Мяне маці ўпотайкі хрысціла, і я сваіх хлопцаў і дачушку, хаваючыся ад усіх, да бацюшкі ў Каленкавічы насіла. Зараз няма такога – то і добра. Кожны мае магчымасць выбіраць – верыць у Бога ці не. Я во веру, бабы нашы ўсе вераць, асабліва Яўгенія Фесенка і Лідзія Новік — яны чатыры паклонныя крыжы ў вёсцы паставілі. З малітвай мы спаць кладзёмся, з ёй і ўстаём. Для сябе ўжо нічога не просім (што старому патрэбна?), молімся за дзяцей і ўнукаў, за родныя мясціны. І праклён той, напэўна, ужо адмалілі, бо жывем спакойна, добра жывем…

Таццяна ЗУБЕЦ.

Please follow and like us:

Один комментарий для “Садкі

  • 04.12.2015 в 19:40
    Permalink

    Очень нравится данный раздел газеты, читаю его всегда с удовольствием. Каждый раз узнаешь что-то новое о разных уголках нашего района. Казалось бы, такие маленькие деревушки, но на самом деле — это целый мир со своими традициями, историей, интересными людьми…. О них не нужно забывать, особенно нынешней молодежи…Спасибо большое коллективу редакции за рубрику «ЗЯМЛЯ БАЦЬКОЎ НАШЫХ».

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.