ВЯЛІКІЯ ЛІЦВІНАВІЧЫ

Вялікія Ліцвінавічы — вёска ў Азарыцкім сельсавеце. З багатай гісторыяй, прыгожай прыродай і шчырымі людзьмі. Вядома яна як радзіма журналісткі Аляксандры Новік, афіцэраў Савецкай Арміі Ўсевалада Шчэрбіна і Васіля Чарнавуса, лётчыка Якава Цурко, урачоў Адама Цурко і Аляксандры Новік, а таксама беларускага мастака, адзінага ў Беларусі і на постсавецкай прасторы шкловыдзімальніка Аркадзя Новіка, творы якога знаходзяцца ў прыватных калекцыях Германіі, Індыі, ЗША, Францыі.

Майстар шкляных цудаў

Нарадзіўся Аркадзь Патапавіч у Вялікіх Ліцвінавічах у 1934 годзе. Вучыўся ў Ленінградскім мастацкім вучылішчы імя Н. Рэрыха. У 1971 годзе наш таленавіты зямляк скончыў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. Мухінай (цяпер Санкт-Пецярбургская дзяржаўная мастацка-тэхнічная акадэмія). Працаваў мастаком па вырабе ўзораў і вырабаў з керамікі на Ленінградскім мастацка-дэкаратыўным камбінаце прыкладнога мастацтва.

Член Саюза мастакоў СССР і Саюза мастакоў Беларусі. З 1990 года Аркадзь Новік жыве ў Барысаве. Не спакусілі яго ні Масква, ні Пецярбург. Хаця і там, і там была перспектыва бліскучай мастацкай кар’еры. Зрабіў жа Аркадзь Новік яе на радзіме. Працаваў на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Стаў аўтарам больш 50 персанальных выстаў у Санкт-Пецярбургу, Мінску і Барысаве. Яго вырабы — гэта і жаночыя ўпрыгожанні: завушніцы, кулоны, пацеркі, і падвескі для свяцільнікаў, і асаблівая любоў Аркадзя Патапавіча — кветкі са шкла. Дома, у Барысаве, у майстра цэлая шкляная аранжарэя: ружы, нарцысы, цюльпаны, люцікі, рамонкі, васількі…

— Да ўсяго жывога душа заўсёды цягнулася, — неяк прызнаўся майстар барысаўскім журналістам. — Нарадзіўся я ў вёсцы Вялікія Ліцвінавічы, у Калінкавіцкім раёне. Бывала, маці насварыцца на мяне, непаслухмянага, дык я ў лес уцякаў, як да лепшага сябра. Прыяцелі-падлеткі мяне “мічурыным” празвалі, бо любіў з дрэвамі займацца: вырошчваў іх з семак, рабіў прышчэпкі. А кароўку нашу, Рабая яе звалі, што вайну з намі перажыла, не дала сям’і з голаду загінуць, памятаю да гэтага дня.

Сёння ў мяне 36 вулляў. Пчалярству дзед мяне навучыў. А па першай адукацыі я ветэрынар. Гэта ўжо потым, адслужыўшы на ваенным флоце, паступіў у Ленінградскае мастацкае вучылішча імя Рэрыха, а пасля — у Вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя Мухінай, што рыхтавала першых у Саюзе дызайнераў.

Такіх прафесійных шкловыдзімальнікаў, як Аркадзь Новік, зараз нідзе не знойдзеш. Свой вопыт майстар з Ліцвінавіч ніколі ні ад каго не хаваў. Шмат разоў арганізоўваў майстар-класы для ўсіх жадаючых. Але ў гэтае рамяство прыйшлі адзінкі.

Аркадзь Новік, бадай, самы знакаміты выхадзец з Вялікіх Ліцвінавіч. Але не адзіны. Колькі іх яшчэ магло быць за амаль пяць стагоддзяў існавання вёскі!

Мінулае

Па пісьмовых крыніцах Вялікія Ліцвінавічы вядомы з 1563 года як вёска Ліцвінавічы ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Яна была шляхецкай уласнасцю. Пасля другога па-дзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ліцвінавічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1834 годзе яны ўпамінаюцца як цэнтр маёнтка, што належаў двараніну В. Вальтбеку. У 1876 годзе ў памешчыка было 620 дзесяцін зямлі. Для яе апрацоўкі ён наймаў сялян, выдаваў ім дзялянкі, на якіх тыя будавалі хаты. Прыкладна тады паселішча і атрымала сваю назву – Вялікія Ліцвінавічы. Побач раскінуліся Малыя Ліцвінавічы. Малыя не таму, што займалі меншую плошчу, а па прычыне таго, што менш засяляліся сялянамі.

Насельніцтва вёскі складалася з прыгонных сялян і рамеснікаў. Сяляне займаліся зямляробствам і паляваннем на дзічыну, лавілі рыбу.

Вядома з пісьмовых крыніц, што ў 1795 годзе імператар Павел І падараваў землі, на якіх размясціліся Вялікія і Малыя Ліцвінавічы, а таксама суседнія Сямёнавічы памешчыку Лашкарову, маёнтак якога знаходзіўся ў Азарычах. Пад уладай Лашкаровых у той час было шмат вёсак, і каб было зручна імі ўпраўляць, памешчык амаль у кожнай з іх пабудаваў па маёнтку і назначыў туды па ўпраўляючаму для падтрымання парадку.

Паводле запісу 1897 года, у паселішчы дзейнічала хлебазапасная крама, побач з ёю знаходзілася сядзіба пана.

У 1907 годзе была адкрыта школа, якая размяшчалася ў наёмнай сялянскай хаце. А ў 1908 годзе Вялікія Ліцвінавічы ўжо значацца як вёска Азарыцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.

Вядома, што ў Ліцвінавічах да 1918 года за маёнткам і землямі вакол яго прыглядаў панскі назначэнец Віктар Сушкевіч. Насельніцтва жыло ў бядноце і вымушана было браць зямлю ў арэнду, за што тройчы ў тыдзень апрацоўвала сваімі ж прыладамі працы землі памешчыка. У дадатак яшчэ і плаціла аброк з выкупам.

Да Кастрычніцкай рэвалюцыі культурны ўзровень насельніцтва быў вельмі нізкі. Не было ні школ, ні клубаў, ні бібліятэк. У вёсцы дзейнічала толькі царкоўна-прыходская школа. У яе хадзілі дзеці заможных сялян. Хатнія школы, дзе маглі спасцігаць грамату ўсе жадаючыя, з’явіліся значна пазней.

У 1918 годзе вёска была акупіравана немцамі. У 1919 – палякамі.

У пачатку 1920 года вёска была вызвалена чырвона-армейцамі. Жыхары Вялікіх і Малых Ліцвінавіч і Сямёнавіч на сялянскіх сходах выбралі камітэты беднаты (камбеды), якія падтрымлівалі Савецкую ўладу. Перад камбедамі стаяла задача – выявіць і канфіскаваць рэшткі хлеба і іншых прадуктаў харчавання ў багацеяў і заможных сялян для фронту і рабочых заводаў і фабрык. Актыўным арганізатарам Савецкай улады ў Ліцвінавічах былі Пётр Рак, Васіль Цурко, Ігнат Новік і Пётр Цурко.

Калектыўнае гаспадаранне

Калектывізацыя дробных сялянскіх гаспадарак пачалася ў Малых Ліцвінавічах у 1930 годзе. Там утварыўся калгас “Новыя Ліцвінавічы”, старшынёй якога стаў Васіль Падбярэзны. Праз год калектывізацыя прыйшла і ў Вялікія Ліцвінавічы. З некалькіх дробных сялянскіх гаспадарак утварыўся калгас “Чырвоны Пуцілавец”, першым старшынёй якога быў абраны Пётр Макаравіч Рак (памёр у 1932 годзе). Першымі ў калгас уступілі сем’і Андрэя Кірэевіча Цурко, Васіля Яўменавіча Цурко, Барыса Лявонавіча Кундаса, Рыгора Астапавіча Цурко.

У той час у вёсцы працавалі тры ветракі і кузня.

У 1932 годзе калгас утварыўся і ў Сямёнавічах. Яму далі назву “Чырвоны Будаўнік”, а старшынёй абралі Якава Фёдаравіча Вялічку.

Вядома, што ў 1932 годзе ў калгасе “Чырвоны пуцілавец” было каля 150 га зямлі, пяць кароў і тры пары коней. Не хапала ў гаспадарцы і сельгаспрылад.

Спачатку ўся агульная гаспадарка размяшчалася на падворках калгаснікаў. Паступова колькасць калгаснікаў павялічвалася, улада пачала выпісваць лес і другія матэрыялы на будаўніцтва грамадскіх збудаванняў. Сяляне ўключаліся ў калгаснае жыццё, апрацоўвалі агульныя землі, разам збіралі ўраджаі зерневых і бульбы. У 1933 годзе на калгаснае поле выйшаў першы колавы трактар, які значна палегчыў працу людзей.

Першымі ўдарнікамі калгаснай вытворчасці былі Пётр Цурко, Андрэй Цурко, Васіль Цурко, Андрэй Кундас, Максім Смалюга, Сіла Бачура і іншыя.

Культуру – у масы

Культурная рэвалюцыя ў Вялікіх Ліцвінавічах і навакольных вёсках прыйшлася на 30-я гады мінулага стагоддзя. У 1929 годзе ў Ліцвінавічах была пабудавана новая агульнаадукацыйная школа. Дырэктарам яе стаў настаўнік Анціповіч. Пры школе былі арганізаваны лікбезы.

У 1935 годзе ў вёсцы з’явіўся клуб на 150 месцаў, праўленне калгаса і яслі. У клубе паказвалі кіно, чыталі даклады, праводзілі лекцыі і танцы. Там жа працаваў драматычны гурток.

У 1939 годзе ў Ліцвінавічы правялі радыё.

На шляху выпрабаванняў

Мірную працу і адпачынак вяскоўцаў парушыла Вялікая Айчынная вайна. У 1941 годзе Вялікія Ліцвінавічы акупіравалі немцы. З трох вёсак (Вялікія і Малыя Ліцвінавічы, Сямёнавічы) на фронт абараняць Радзіму пайшлі 144 мужчыны.

У час Вялікай Айчыннай вайны ў студзені 1944 года карнікі спалілі 36 двароў, забілі 25 жыхароў вёскі. У баях каля населенага пункта загінулі 113 савецкіх салдат. Яны пахаваны на брацкіх могілках. 54 вяскоўцы загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе.

Са 112 хат пасля вызвалення ўцалела толькі 30. Гітлераўцы ператварылі вёску ў руіны і папялішча. Тыя хаты, што ўцалелі, былі без акон, дзвярэй і падлогі. Вяскоўцы жылі ў зямлянках.

Але з кожным годам вёска ўздымалася з руін, адбудоўвалася нанава.

Цяжка прыйшлося жыхарам. Каб нешта вырасціць і апрацаваць зямельныя надзелы, самі ўпрагаліся ў плуг. Не хапала тэхнікі, не было насення. У гэты перыяд насельніцтва праявіла вялікі гераізм, мужнасць і сілу духа, якія дапамаглі яму адбудаваць вёску і гаспадарку. Працавалі суткамі, дарослыя і дзеці разам апрацоўвалі калгасныя палі – баранавалі, абганялі, касілі і сеялі, даглядалі жывёліну.

У 1950 годзе калгасы “Новыя Ліцвінавічы”, “Чырвоны Пуцілавец” і “Чырвоны Будаўнік” аб’ядналіся ў адну гаспадарку – калгас імя Кірава. Першым яго старшынёй быў Апанас Дзенісевіч. Ён кіраваў гаспадаркай два гады. Яго змяніў Карней Ахраменка. За працадні людзям выдаваўся хлеб, бульба, зерне.

Аднавілася і разбураная вайной школа, клуб, крама, бібліятэка. У 1954 годзе ў хатах вяскоўцаў зноў загучала радыё.

У сакавіку 1960 года пасля ліквідацыі Даманавіцкага раёна калгас імя Кірава ўліўся ў новаствораны саўгас “Азарычы”. Вёскі Сямёнавічы, Вялікія і Малыя Ліцвінавічы сталі аддзяленнем саўгаса. У 60-я гады мінулага стагоддзя яно налічвала 2297 га зямлі, 14,6 га пашні, з тэхнікі – пяць гусенечных трактараў, шэсць – колавых, дзве аўтамашыны і іншы сельгасінвентар. У хлявах фермы гадавалася больш за 900 галоў буйной рагатай жывёліны, болей 300 дойных кароў, 862 галавы свіней, 68 коней. На тэрыторыі аддзялення былі пабудаваны два кароўнікі, цагляны цялятнік, свінаферма, зернесклад. У хляве, дзе размяшчаліся дойныя каровы, зацэментавалі падлогу, наладзілі аўтапаенне, транспарцёры для ачысткі хлявоў ад гною. Значна павялічыліся ўраджаі цукровых буракоў і бульбы, кукурузы і зерневых.

Вялікі ўклад у агульную справу ў тыя гады ўнеслі даяркі Антоля Пінчук, Ефрасіння Новік, Ганна Пінчук; паляводы Аксіння Чумак, Уладзімір Цурко, Марыя Чарнавус, якія выпрацоўвалі дзённыя нормы на 110-115%; свінаркі Марыя Цурко і Вольга Столяр, якія атрымалі ў снежні 1966 года сярэднясутачныя прывагі свіней па 370 грам. Васіль Пашнікаў, механізатар на вырошчванні цукровых буракоў, у той год быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

У 1963 годзе ў вёсцы заззялі першыя электралямпачкі. А праз тры гады ў трох вёсках ужо было 12 тэлевізараў.

Працаваць не ленаваліся

Вельмі падрабязна і дакладна пра тыя часы расказаў памочнік старшыні сельвыканкама па гэтай вёсцы Уладзімір Новік, які больш дзесяці гадоў працаваў загадчыкам сельскага клуба, а потым на працягу дваццаці пяці гадоў кіраваў мясцовым аддзяленнем саўгаса “Азарычы”. Не менш Уладзімір Ніканавіч расказаў і пра вайну, якая перад самай Перамогай адняла ў іх сям’і бацьку.

— Пабедавалі, што і казаць. Маці засталася адна з намі трыма. Блукалі па лесу, зімавалі ў канцлагеры. Вярнуліся дадому – а хаты, можна сказаць, няма. Дзірка ў сцяне зеўрае. Штаб нямецкі ў нашай хаце стаяў. А ў сцяне — кулямёт, — расказвае Уладзімір Ніканавіч. – Але ж, бачыце, перажылі.

Сваю жонку Розу Іванаўну Ўладзімір Новік спаткаў, калі працаваў на пошце. Быў такі перыяд у яго жыцці яшчэ да працы ў клубе. Дапамагаў у бухгалтэрыі, афармляў падпіску на газеты і часопісы.

Роза Іванаўна таксама вырасла без бацькі. Іван Кузьміч Вялічка да вайны працаваў суддзёй. Калі пачалася вайна, ён адным з першых быў прызваны на фронт. І загінуў у самым пачатку вайны.

— Імем сваім я абавязана бацьку, — расказвае Роза Іванаўна. – Так звалі настаўніцу-яўрэйку, што жыла ў бацькоў на кватэры яшчэ да вайны. Бацьку вельмі падабалася гэтае імя. Таму, калі я нарадзілася, і назвалі Розай.

Роза Вялічка скончыла дзесяць класаў, потым гандлёвы тэхнікум. Працавала ў Азарычах у краме. Пасля замужжа перабралася ў Вялікія Ліцвінавічы. Калі Ўладзімір Ніканавіч стаў загадчыкам клуба, ён узяў яе да сябе бібліятэкарам.

У сельскай бібліятэцы Роза Новік адпрацавала больш дваццаці гадоў.

— Людзей у вёсцы жыло! Памятаю, у мяне было заведзена больш 480 абаненцкіх картак, — расказвае жанчына. – Валодзя, скажы, як весела тады жылі…

— А што казаць? – дадае Уладзімір Ніканавіч. – Моладзі было шмат. У клуб хадзілі, на рэпетыцыі і канцэрты збіраліся. Наш клуб быў у ліку першых у раёне. Людзі і адпачываць умелі, і працаваць не ленаваліся. У нашым аддзяленні гадавалася два статкі кароў, чатыры групы цялятак, больш дзвюх з паловай соцень галоў свіней… За чвэрць веку наглядзеўся, як нашы людзі ўмеюць працаваць…

Чатыры гады таму Новікі адсвяткавалі сваё залатое вяселлле. Да яго яны падыйшлі з добрым багажом: павагай і любоўю адзін да аднаго, сумесна выхаванымі трыма дзецьмі, чатырма любімымі ўнукамі і, нават, дачакаліся дзвюх праўнучкаў.

Можа і польку паскакаць, і карункі звязаць

Планіроўка Вялікіх Ліцвінавіч складаецца з ледзь выгнутай вуліцы, забудаванай двухбакова драўлянымі сядзібамі. Уздоўж дарогі стаяць прысыпаныя шэранню высокія дрэвы – равеснікі некаторых сённяшніх жыхароў вёскі. Упэўнена, многія з іх памятаюць тыя часы, калі гэтыя дрэўцы былі малыя і кволыя. Напрыклад, Алена Цурко.

Алена Апанасаўна яшчэ можа пахваліцца добрай памяццю і тым, што ходзіць на сваіх нагах. Летась яна сустрэла сваю 92-ю зіму.

— Дай Бог кожнаму столькі пражыць, — жадае жанчына, якая яшчэ памятае, як яе бацька тройчы на ты-дзень рабіў на пана. Сам пан, па словах Алены Цурко, жыў у Ленінградзе, а тут яго справамі кіраваў нейкі Пякарскі.

Алена Апанасаўна – жанчына пісьменная. Да вайны закончыла сем класаў. А пасля стала не да навукі.

З аднавяскоўцам Іванам, які прыйшоў з вайны аднарукім, нарадзіла і выгадавала пецярых дзяцей.

— Пайшла за аднарукага і не шкадавала. Мой Іван усё па хаце рабіў, дапамагаў мне, — распавядае доўгажыхарка. – Да 72 гадоў хадзіў на працу, старажаваў. Да гэтага працаваў, як і я, на цялятніку.

Разам з жанчынай жывуць дзве яе дачкі: Ніна і Марыя. На жаль, Ніну Іванаўну мы не засталі. Жанчына працуе паштальёнам і ў той час разносіла свежыя навіны па суседняму Лясцу.

А вось Марыя дома заўжды. Гэтая добразычлівая жанчына з прыемнай усмешкай на твары – інвалід І групы з самага дзяцінства.

— Сядзім з маці тут удвох, бы тыя грыбы, — смяецца сама з сябе Марыя Іванаўна. – Што ж зробіш? Тут у нас галоўная Ніна. На ёй усё трымаецца. Яна і ў агародзе працуе, і па гаспадарцы завіхаецца, і поле садзіць, і сама арала-абганяла, пакуль конь у нас быў. Прапаў чагосьці летась… На яе плячах — куры, сабакі, ды мы з маці – дзве небаракі.

Хаця, як расказала Марыя Цурко, Алена Апанасаўна ў свае 92, калі захоча, можа яшчэ і польку паскакаць, і за кросны б села, каб некалькі гадоў таму не аддала іх у Азарыцкі клуб. Усё ў хаце — ад посцілак да сурвэтак – наткана і навышывана рукамі гэтай мілай жанчыны. Яшчэ летась яна вязала кручком беленькія ажурныя карункі.

Модніца і прыгажуня

Гэта падцвердзіла і суседка Вера Новік што забегла адведаць сябровак.

— Жыву ж адна, работу параблю, становіцца сумна. Вось і хаджу да іх. Гамонім, маладосць успамінаем, — распавядае Вера Уладзіміраўна, якая ў лютым адзначыць 70-гадовы юбілей. – Хадземце ж і ў маю хату, паглядзіце, як жыву.

Заходзім. Што казаць? Чысценька, прыгожа. Ды і сама гаспадыня – тая яшчэ прыгажуня. У каралях, завушніцах, прыгожай кофце.

— Я — модніца, — прызналася Вера Новік. – Бачылі б вы колькі ў мяне ўбораў і завушніц! Не думайце – не купляю. Гэта ж дзеўкі мае столькі панавозілі!

Вера Ўладзіміраўна расказала, што не нарадуецца на сваіх дзяцей, нявестак, зяцёў і ўнукаў. Апошніх у бабулі дзевяць.

— Сама не мясцовая. У Ліцвінавічы я пай-шла замуж. Ды як пайшла! Не дай Бог каму так жыць, як я са сваім Сяргеем! Вымучыў мяне, папабіў, папаганяў разам з дзецьмі! А магла б жыць у Мазыры. Там у мяне былі браты і сёстры. У іх я і жыла, калі працавала на будоўлі да замужжа…

У Вялікіх Ліцвінавічах прыгажуня Вера, што сёння глядзіць з фотакарткі на сцяне, працавала на свінаферме, хадзіла ў брыгаду, а начамі вышывала, не бачыўшы сцяжкоў з-за слёз…

Пытаюся пра гаспадарку.

— Не, мамка мая, толькі куры ў мяне ды сабака, — адказвае жанчына. – Затое на агародзе ўсё саджаю. Дзеці ўжо і сварацца: нашто табе столькі? А я не магу інакш. Як гэта, каб яблык, ці ягада прапалі? Не было куды па-дзець памідоры, дык я іх замарозіла. Глядзіце, — выцягвае скрыню маразільнай камеры. – Будуць на расольнік. А колькі мы з Нінкай-суседкай, ну той паштальёнкай, што вы не засталі, кавуноў летась нарасцілі! Мостам ляжалі! А якія салодкія атрымаліся – аж вада з іх капала!

 Усякага хлеба паспытала

Вольга Новік таксама жыве адна. Ужо больш пятнаццаці гадоў. Пра сябе расказала, што як і ўсе вяскоўцы, была вязнем Азарыцкага лагера смерці. Фармальна.

Чаму фармальна? Бо знаходзілася тады ў матчыным жываце. Таму ільготамі ніякімі не карыстаецца.

Вольга Васільеўна скончыла 7 класаў і пайшла працаваць у камунгас. Была падсобніцай на будоўлі ў камсамольскай брыгадзе. Замуж пайшла ў 18 гадоў. Яе абраннік Уладзімір Новік з Сямёнавіч працаваў трактарыстам.

Пасля замужжа Вольга Васільеўна перайшла ў даяркі. Дарэчы, яе маці Зінаіда Шэлег больш 30 гадоў даіла калгасных кароў.

Апошнія восем гадоў перад пенсіяй Вольга Новік працавала на адкорме свіней.

— Усякага хлеба паспытала, — кажа жанчына. – Гаспадарку вялікую трымала. А калі інфаркт хапіў, усё пазбывала. Толькі куры засталіся, кошка Майка ды сабака – чорны цыган Джэк, што брэша на падворку.

Вольга Васільеўна нарадзіла пецярых дзяцей, дачакалася дзесяць унукаў. Мае і праўнучку.

Адгаравалі, цяпер адпачываем

Так пачалі расказ пра сваё жыццё-быццё Аляксей і Вольга Цурко. І ён, і яна – карэнныя жыхары вёскі.

Аляксей Арцёмавіч – сірата. Маці яго – Фядора Дзмітрыеўна — памерла яшчэ да вайны, калі хлопцу было тры гады. Бацька прывёў мачыху. Серафіма, як памятае Аляксей Цурко, была нядрэннай маладзіцай, гадавала яго, як свайго. І нават, калі яго бацька Арцём Цурко не вярнуўся з фронту, не ацуралася.

Аляксей не скончыў і двух класаў – пайшоў пасвіць калгасны статак.

Вольга Сяргееўна таксама расла без бацькі. Сяргей Столяр прапаў без вестак у маі 1943 года. Маці з малымі дзецьмі апынулася ў канцлагеры. Самае маленькае, пятае па ліку дзіцятка, там і згінула.

Да замужжа Вольга Сяргееўна працавала на Хойніцкім агародніна-садавіна-перапрацоўчым заводзе. Пасля перайшла на ферму, дзе разам з мужам працавала на адкорме свіней, гадавала парсючкоў, вартавала.

Адзіны сын гэтай пары жыве ў Лясцы. Дзякуючы Сяргею, у бацькоў ёсць двое ўнукаў, якія не забываюцца пра старых, часта наведваюць, дапамагаюць.

За працу — новы трактар

Фёдар і Любоў Алешкі пераехалі ў Вялікія Ліцвінавічы са Светлагорскага раёна ў 1979 годзе.

— Фёдар працаваў на буравой у Азарычах, я гадавала траіх дзетак, — расказвае Любоў Гаўрылаўна. У нас былі праблемы з жыллём, таму і адважыліся на пераезд. Ён уладкаваўся трактарыстам у саўгас. Я пайшла на ферму даяркай, дзе адпрацавала больш за 20 гадоў.

Хутка былы бурыльшчык Фёдар Алешка стаў перадавым механізатарам саўгаса “Азарычы”. У 1986 годзе яго імя было занесена на Дошку гонару газеты “За камунізм”, тады ён трактарам МТЗ-80 у счэпе з сеялкай пасеяў 147 га яравых зерневых, у тым ліку 25 га за апошні дзень. За такую добрасумленную і плённую працу механізатару праз некалькі тыдняў выдалі новенькі МТЗ-82.

Яшчэ не так даўно былы трактарыст трымаў вялікію пасеку, быў добрым сталяром. Зараз на іх падворку квохчуць толькі куры.

У першы дзень зімы гаспадар гэтай хаты адсвяткаваў свой 65-гадовы юбілей.

— А праз сем гадоў залатое вяселле будзем гуляць, — заўважае Фёдар Алешка і тут жа пытаецца. – А 45 гадоў сумеснага жыцця, гэта якое?

Я абяцала гаспадару даведацца.

Дык вось адказваю: праз два гады супругі Алешкі адзначаць сапфіравае вяселле. Дзеці і пяцёра ўнукаў гэтай сямейнай пары жывуць у Мазыры.

Сірата

Дзверы ў хату 84-гадовай Ганны Новік нам адчыніла дачка жанчыны, якая ўжо сем гадоў даглядае маці.

— Як пайшла на заслужаны адпачынак, так амаль і жыву тут, — расказала Надзея Уладзіміраўна. – Мая сям’я жыве ў Светлагорску, з мужам ездзім адзін да аднаго ў госці.

Ганна Аўдзееўна шмат гадоў працавала на ферме санітаркай побач з ветурачом. Але калі таго не было на месцы, не раз выконвала і яго абавязкі. Некаторы час была даглядчыцай, працавала ў брыгадзе, прымала малако.

— Нялёгкая была мая доля, — уздыхае жанчына. – Я нават не цяжкую працу маю на ўвазе. Куды ж без яе? Захочаш есці — будзеш працаваць. Сірата я. Бацька загінуў на фронце. Маці з малодшым брацікам памерлі ад тыфу ў канцлагеры. Жыла я з цёткай, а гадкоў з пятнаццаці і ўвогуле адна.

Неўзабаве сірата Ганна пайшла замуж за суседа Пятра, што жыў ад яе праз тры хаты. Нарадзілася Надзея. Больш дзетак Бог жанчыне не даў. Таму песціла адзіную дачку, як магла.

Сёння ўжо дачка аддае ўсю сваю любоў і пяшчоту састарэлай маці. Прыязджаюць наведаць бабулю два ўнукі і два праўнукі. Адзін з іх не так даўно ажаніўся. І, відавочна, зусім хутка Ганна Новік стане прапрабабуляй.

У вёсцы дзеці не сумуюць

Дарэчы, гэтая вёска вельмі адрозніваецца ад тых, дзе даводзілася бываць раней. І тым, што жыхароў у ёй не адзін-два, а некалькі дзясяткаў. І тым, што ў ёй чуваць дзіцячыя галасы. У Вялікіх Ліцвінавічах жыве тры сям’і, дзе падрастаюць дзеці. Гэта сем’і Цурко, Бураковых і Богдан-Вялічка. Апошняя з іх шматдзетная. Галава сямейства Міхаіл Уладзіміравіч працуе лесарубам у Азарыцкім лясніцтве. Да гэтага быў лясніком у Светлагорскім. Наталля Дзмітрыеўна – сацыяльны работнік. Жанчына клапоціцца аб састарэлых грамадзянах Азарыч і Вялікіх Ліцвінавіч.

Чацвёра іх дзетак – Віка, Каця, Дзіма і Оля вучацца ў Азарыцкай школе, наведваюць гурткі і секцыі.

— Тут нам зусім не сумна, — дзеліцца старэйшая, дзесяцікласніца Вікторыя. – Мы гуляем з другімі дзецьмі, дапамаем бацькам па гаспадарцы, зімой ходзім калядаваць, летам купацца.

Усяго ў трох вясковых маладых сем’ях выхоўваецца дзевяць дзяцей. Разам яны ез-дзяць на заняткі ў школу, разам вяртаюцца адтуль, вечарамі бавяць вольны час.

А іх бацькі клапоцяцца пра дабрабыт сваіх дзяцей. Для гэтага трымаюць вялікую гаспадарку. У кожнай з трох сямей па некалькі кароў, ёсць коні і індакачкі.

Іншыя прадукты вяскоўцам прывозіць аўталаўка. Ездзіць сюды і пошта на калёсах.

…Зімой цямнее рана. Калі мы выйшлі з хаты Міхаіла Вялічка, вёску ўжо пачаў ахінаць туманны змрок. З комінаў над стрэхамі хат пачаў падымацца дымок.

Пара дадому, пакуль канчаткова не сцямнела. Напрыканцы азіраюся: прыгожая ціхая вёска. Добрыя людзі. Вясёлыя дзеці. Словам, жыццё ў Вялікіх Ліцвінавічах працягваецца.

Таццяна КАПІТАН

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.