ПАДЛУКІ

Працягваючы свае вандроўкі па малых населеных пунктах раёна, якія знаходзяцца на мяжы знікнення, мы выбіраемся ў чарговую паездку. Да месца прызначэння — каля сямідзесяці кіламетраў на паўночны ўсход ад Калінкавіч. Вёска Падлукі. Яна схавалася ў глыбінцы нашага раёна. Прапісана тут 26 чалавек, а фактычна пражывае значна менш. З тымі, каго падчас паездкі ўдалося застаць дома, знаёмімся. Як звычайна, размаўляем пра гісторыю вёскі, яе герояў, што ўзняліся на барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, няпростыя пасляваенныя гады… І абавязкова расказваем пра сённяшніх жыхароў, якія лічаць сваю малую радзіму “самым маляўнічым кутком у свеце”.

Падчас размовы з доўгажыхарамі высвятляецца, што Падлукі – трэцяя назва вёскі. Тры назвы – тры эпохі, насычаныя цікавымі падзеямі, фактамі, гісторыямі.

Банкова. Эпоха першая

Старажылы расказваюць, што ў ХІХ стагоддзі землі, на якіх сёння знаходзіцца вёска, належалі шляхецкаму роду Горватаў. Род гэты быў вядомы ў Еўропе з ХV стагоддзя. На жаль, імёны многіх яго прадстаўнікоў забыты ці малавядомы. Толькі ў выглядзе фрагментаў у розных месцах Беларусі захаваліся сядзібы Горватаў – значныя ў мінулым архітэктурныя ансамблі з вялікімі паркамі і садамі: Ліпаў, Горкі, Чэрск, Залессе, Нароўля, Хабна (на Украіне). Найбольш даўнім вядомым прадстаўніком роду з’яўляецца Якуб Горват, які ў 1503 годзе атрымаў шляхецтва (Герб) за ваенныя доблесці. Але ж вернемся да гісторыі Падлук…

На ўскрайку сённяшняй вёскі ў 80-я гады ХІХ стагоддзя паставіў сваю хату панскі ўпраўляючы Васіль. На жаль, прозвішча яго ніхто са старажылаў не прыгадаў. Ён вырошчваў на ўрадлівых землях гародніну і садавіну для патрэб Горватаў. Жыхары суседніх вёсак хадзілі да Васіля на заробкі.

– Мая свякруха Куліна расказвала, што панскі ўпраўляючы быў добрым і справядлівым чалавекам, — успамінае 82-гадовая Ганна Кобец. – Разлік за працу рабіў кожны дзень, грошай не шкадаваў. Таму работнікаў у яго хапала.

– У Васіля быў прыгожы вялікі дом, копанка і сад. У тую копанку я ўсё сваё дзяцінства бегаў купацца, – дадае Віктар Клімчук.

Дарэчы, пра род падлукскіх Клімчукоў нельга не расказаць. Аказваецца, яны пераехалі сюды з Украіны. Было гэта напачатку мінулага стагоддзя. Галава роду – Малаха Клімчук – усё жыццё збіраў грошы на надзел зямлі, бо марыў стаць незалежным гаспадаром. Калі ўдалося разжыцца на добрую капейку, дачуўся ад знаёмых, што Алена Кунцэвіч — жонка Антона Горвата — пасля смерці мужа распрадае частку сваіх зямель недзе ў Рэчыцкім павеце і пераязджае жыць да пляменніка Аляксандра. (У Алены і Антона сваіх дзяцей не было, таму пасля іх смерці ўсе землі адышлі сыну Аляксандра – Станіславу). Паехаў Клімчук у разведку, пазнаёміўся з упраўляючым Васілём. Той падцвердзіў чуткі. Маласе спадабаўся глухі куток беларускага Палесся, куды ў хуткім часе і перавёз сваю вялікую сям’ю.

– Дзед, а пасля і бацька расказвалі мне, што за вочы ўпраўляючага называлі Банкірам, бо ён банкаваў панскай зямлёй. Выгадваў, як і каму яе даражэй прадаць, — успамінае Віктар Ульянавіч. – Адсюль і пайшла першая назва вёскі – Банкова.

Але ж Маласе Клімчуку не давялося доўга пажыць на беларускай зямлі. Ён не прыняў Савецкую ўладу, не падтрымаў калектывізацыю, таму разам з жонкай і малодшым сынам падаўся ў свет шукаць лепшай долі. З таго часу родныя больш нічога пра яго не чулі. Старэйшыя дзеці Клімчука – два сыны і дачка – засталіся ў Банкове. У іх ужо былі свае сем’і.

– Бацька мой – Ульян Клімчук, — працягвае распавядаць Віктар Ульянавіч, — без адзінай драпіны прайшоў Фінскую вайну, а з Вялікай Айчыннай не вярнуўся. Прапаў без вестак пад Асташкавічамі. Маці засталася адна з дзесяццю дзецьмі. Неяк падняла ўсіх. Ніколі не чуў ад яе скаргаў на няпростую жаночую долю. Наадварот, яна вельмі радавалася, што ў яе поўная хата памочнікаў.

З Украіны ў Банкова переехалі і муж з жонкай Рускевічы. Яны, дарэчы, купілі ў Васіля не толькі на-дзел зямлі, але і яго вялікі дом. Панскі ўпраўляўчы, як і самі Горваты, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі выехаў у Польшчу.
Бог не даў Рускевічам дзяцей, таму яны ўзялі да сябе на выхаванне пляменнікаў Трафіма і Таццяну. Трафім загінуў на Вялікай Айчыннай вайне, а Таццяна дагэтуль жыве ў вёсцы. Вось што яна расказвае:

– Дом упраўляўчага быў занадта вялікі. Цётка з дзядзькам яго разабралі. Сабе паставілі хату на два пакоі, астатні лес прадалі. Людзі з яго яшчэ дзве хаты пабудавалі. Жылі мы добра, заможна. Харошы надзел зямлі мелі, трымалі вялікую гаспадарку. Падчас калектывізацыі, каб не патрапіць пад раскулачванне, прыйшлося ўсё аддаць. Во якая была справядлівасць.

Таццяна Мацвееўна ўспамінае, што ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў Банкове з’явілася пачатковая школа, у якой настаўнічалі Мікалай Груздзь і яго жонка Таццяна Несцераўна. Рускевічы аднымі з першых адправілі пляменнікаў вучыцца. Да вайны Таццяна Мацвееўна скончыла тры класы, а пасля вайны стала не да вучобы. Трэба было думаць пра кусок хлеба. А там у хуткім часе і замуж пайшла за Івана Грыба.

Разам яны ўжо шэсцьдзесят шэсць гадоў (!). Іван Данілавіч родам з вёскі Крынкі, што ў Рэчыцкім раёне. Яго маці разам з пяццю дзецьмі ў снежні 1942 года прыбегла да родных у Падлукі, бо акупанты цалкам спалілі Крынкі і забілі 165 жыхароў. Грыбам пашчасціла выжыць толькі таму, што іх хата стаяла ля самага лесу, у які яны і драпанулі, калі немцы пачалі галёкаць на вуліцах вёскі.

– Мая маці прычакала з вайны мужа, таму многія жанчыны ёй зайздросцілі, — расказвае Іван Данілавіч. – Бацька вярнуўся з ордэнам Славы ІІІ ступені. А вось мой старэйшы брат Грыша прапаў на фронце без вестак. Усё жыццё бацькі гаравалі, што не ведаюць, дзе нават пахаваны іх першынец.

Мае падсведчанне ўдзельніка вайны і Іван Данілавіч. Атрымаў яго за тое, што пасля вызвалення Падлук дапамагаў савецкім воінам рабіць грэблю праз балота да вёскі Косетава. “Месяцы тры дняваў і начаваў каля салдат, — успамінае ён. – Вельмі зайздросціў ім, бо яны не баяліся немцаў і верылі ў хуткую Перамогу. Я ж пасля трагедыі, якая здарылася з маёй малой радзімай, фрыцаў не толькі ненавідзеў, але і баяўся. І доўга быў упэўнены, што яны – звяры, у якіх няма сэрца. Бо як можа звычайны чалавек страляць у дзяцей, старых, жанчын?”

Больш за трыццаць гадоў Іван Данілавіч працаваў у мясцовай гаспадарцы трактарыстам, Таццяна Мацвееўна хадзіла ў брыгаду. Яны выхавалі чатырох дзяцей, прычакалі шэсць унукаў і трох праўнукаў.

снимок 176

Калі ўжо развітваемся з гасціннымі і добразычлівымі Грыбамі, цікаўлюся:

– А чаго ж вёска атрымала другую назву — Уюнішчы?

– У нас тут да меліярацыі было шмат балот, канаў, азярын, а ў іх – поўна ўюноў, — расказвае Таццяна Мацвееўна. – Як пачалася калектывізацыя, новай уладзе не спадабалася назва вёскі, якая нагадвала пра панскія часы. Задумаліся, як перайменаваць. Старыя людзі прапанавалі — Уюнішчы. Так і пайшло.

Уюнішчы. Эпоха другая

Як сведчыць энцыклапедыя “Гарады і вёскі Беларусі”, у 1908 годзе вёска была ў складзе Чэрнінскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерніі. У 1925 годзе – у Казловіцкім сельсавеце Бабруйскай акругі. Згодна перапісу — 37 двароў. У 1931 годзе жыхары ўступілі ў калгас “Зара Камуны”, першым старшынёй якога стаў мясцовы жыхар Фелікс Жыгар. Новую ўладу вяскоўцы сустрэлі насцярожана. Па-першае, з-за таго, што многім з іх прыходзілася перавозіць хаты з хутароў на адну вуліцу. Па-другое, вельмі не хацелася аддаваць дабро, нажытае ў штодзённай цяжкай працы. Але, дачуўшыся пра раскулачванне, яны вырашылі не рызыкаваць сваімі сем’ямі і ўступілі ў калгас.

— Бацька мой не любіў гаварыць пра калектывізацыю, — успамінае Канстанцін Кавалёў. – Толькі як моцна выпіваў, мог паскардзіцца матцы: “Абяцалі лепшае жыццё народу, а атрымалася – абадралі, як ліпку. Няма справядлівасці ў свеце”. Яна шыпела ў адказ: “Сціхні, стары. Наклічаш бяду на сваю голаву. Гавары-не гавары, а былога ўжо не вернеш”.

У хуткім часе калгас “Зара Камуны” атрымаў іншую назву – “Рэчыцкая праўда”. Адбылося гэта з-за таго, што вяскоўцы жартавалі: “Ну і зараза камуністычная на нас напала. І як ад яе адкараскацца – невядома”. Жартавалі нават пры старшыне калгаса Феліксе Жыгары.

– За такія жарты, каб Фелікс быў не такім добрым і сумленным чалавекам, можна было стаць ворагам народа і патрапіць на некалькі гадоў у турму. Гэта ў лепшым выпадку. У горшым — вы ведаеце самі, што магло быць, — расказвае Канстанцін Кавалёў. Успамінае ён і пра бацьку, які прайшоў усю вайну, і пра маці-гаротніцу, якая шмат хварэла, і пра сваё ўдаўство… Успамінае і плача, бо вельмі ж хутка праляцелі гады. Не паспеў азірнуцца – прыйшла адзінокая старасць. А гэта для чалавека, лічыць Канстанцін Іванавіч, страшней за ўсё. Хаця, чаго скардзіцца, адзіноту ён выбраў сам. Дзеці даўно клічуць да сябе, але бацька катэгарычна адмаўляецца. “Паміраць трэба там, дзе нарадзіўся, там, дзе ў зямлі ляжаць твае родныя”, — упэўнены ён. А вось Ганна Кобец, у дзявоцтве – Хвалінская, нягледзячы на ўдаўство, жыве ў акружэнні дзяцей і ўнукаў. Пры гэтым пераязджаць з роднай вёскі ёй не давялося. А ўсё таму, што яе сыноў і дачку не прывабіла гарадское жыццё. Малодшы Валерый з сынам Максімам увогуле жыве разам з маці, Васіль і Юрый – па-суседству, Алена – у Луках. Усе дзеці працавітыя, трымаюць вялікую гаспадарку, з павагай адносяцца да роднай зямлі. Ганна Адамаўна выхоўвала іх сваім прыкладам: не цуралася ніякай работы, паважала традыцыі продкаў, умела сябраваць, таму сёння за ўчынкі дзяцей ёй не сорамна перад людзьмі.

Вайну жанчына памятае добра, бо ў 1941 годзе “ўжо бегала ў школу”. Самае яскравае ўражанне таго часу: праводзіны на фронт адразу трох старэйшых братоў — Валодзі, Леаніда і Івана.

– Маці мая тады папагаласіла, а пасля некалькі тыдняў не паднімалася з ложка з-за хваробы, — успамінае Ганна Адамаўна. — Я была яшчэ малая і не разумела, чаго яна так убіваецца. А сёння, каб мне хто сказаў, што мае хлопцы ідуць ваяваць, упала б і больш не ўстала. На шчасце бацькоў, мае браты вярнуліся з вайны. Цяжка параненыя, але жывыя. А вось ў некаторых сем’ях вайна забрала па двое-трое мужчын… Рана аўдавелі жанчыны, асірацелі дзеці…

У час Вялікай Айчыннай вайны 20 жыхароў Падлук загінулі на фронце. Сярод іх – Мікалай Агееў, Васіль Белы, Сямён Гаўрыленка, Мікалай Горбач, Рыгор Грыб, браты Адам і Эдуард Жыгары, Максім і Трафім Кушнеры, Пётр Кавалёў, Даніла Кобец, Мацвей Мартынаў, Фядос Чырык і іншыя.

Старажылы вёскі расказваюць, што немцаў за ўсю вайну бачылі ўсяго некалькі разоў. Фашысты баяліся сунуць свой нос у балоцістыя мясціны. Ды і нармальнай дарогі ў той час да Падлук не было. З боку Косетава ісці трэба было праз шматлікія канавы і балоты, з боку Лук – праз лес, у якім хаваліся партызаны. А фрыцы не хацелі рызыкаваць сваім жыццём.

— З нашай вёскі ў партызанах былі Міця Грыц, Іван Алекса, Фёдар Лукашоў, а таксама старшыня калгаса Павел Пінчук, які летам 1941 года арганізаваў эвакуацыю калгаснай жывёлы і тэхнікі ў Арлоўскую вобласць, — успамінае Віктар Клімчук. – Партызаны бывалі ў нас звычайна ноччу, людзі дзяліліся з імі вопраткай і ежай. Маці мая вельмі перажывала, што нічым ім не можа дапамагчы, бо ў яе была поўная хата малых дзяцей, якіх патрэбна было карміць. Партызаны гэта разумелі, таму нічога ў нас не прасілі. Нават, бывала, прыносілі крыху хлеба, бульбы, частавалі цукрам. Такія дні мы, дзеці, лічылі святочнымі.

– Я вайну не памятаю, бо быў зусім малы, — кажа Сяргей Навумчык. – А вось маці расказвала, як аднойчы фашысты нечакана наляцелі на вёску і пачалі хапаць моладзь. Сабралі чалавек дваццаць і калонай пагналі ў бок Лук. У лесе іх сустрэлі партызаны, якія адбілі хлопцаў і дзяўчат. Вяскоўцы тады вельмі хваляваліся, што пасля гэтых падзей да іх заявіцца карны атрад, і доўгі час хаваліся ў балоце. Але бяда, дзякуй Богу, абыйшла Падлукі бокам.

Свайго бацьку, які прапаў на фронце без вестак, Сяргей Ісакавіч ніколі не бачыў. Нават фотакарткі яго не засталося. Выгадавала хлопца маці. Вучыцца амаль не вучыўся, бо трэба было зарабляць на хлеб. Жонку — гаманкую прыгажуню Ніну — Сяргей Ісакавіч узяў з Косетава, куды з хлопцамі хадзіў на танцы. Разам яны ўжо пяцьдзесят гадоў. Выхавалі сямёра дзяцей, прычакалі дзевяць унукаў і двух праўнукаў.

– Добра жылі, нічога не скажу, — адзначае Ніна Паўлаўна. – Толькі апошнім часам дзед мой усё хварэе. Я з-за гэтага вельмі хвалююся, бо прывыкла жыць за ім, як за каменнай сцяной. Няхай бы ўсе бабы так жылі, як я. А то сёння мужыкі ці п’яніцы, ці лежні. Свет здурнеў.

… Савецкія салдаты з’явіліся ў вёсцы ў снежні 1943 года. Пасля вызвалення пачалося аднаўленне гаспадаркі. На калгасных палетках працавалі ў асноўным жанчыны, дзеці, старыя, бо мужчын выкасілі нямецкія кулі. У пасляваенныя гады калгас узначальвалі Глеб Хмарун, Шпітальнік, Васіль Серадут, Кузьма Чырык, Рыбак, Драпеза, Сніцко. У 50-я гады мясцовая гаспадарка ўвайшла ў склад калгаса імя Фрунзе (цэнтр – вёска Лукі). А ў 1955 годзе вёска ў трэці раз змяніла назву: Уюнішчы сталі Падлукамі.

Падлукі. Эпоха трэцяя

Паводле перапісу 1959 года ў Падлуках пражываў 251 жыхар. Меліся пачатковая школа, у якой настаўнічалі Паліна і Мікалай Балдзінавы, клуб, крама. Школу закрылі ў 1976 годзе, клуба не стала ў 90-я, а крама згарэла восем год таму. Новую ў бесперспектыўнай вёсцы ніхто адчыняць не стаў, і з таго часу да вяскоўцаў едзіць аўталаўка.

– Загадчыцай клуба доўгі час працавала Вера Кобец. Яна арганізоўвала для жыхароў цікавыя вячоркі, канцэрты, танцы, на якія часта прыходзіла моладзь з суседніх вёсак, — успамінае Зінаіда Главацкая. – На танцах я і сустрэла будучага мужа Івана, які родам з Залатухі. Калі пазваў замуж, адразу папярэдзіла – з роднай вёскі нікуды не паеду. Ён згадзіўся і прыйшоў да мяне ў прымы.

– Падлукі ў той час і сёння – дзве вялікія розніцы, — уступае ў нашу размову Іван Іосіфавіч. – Тады ў кожнай хаце было па 5-7 душ, на вуліцах – поўна дзяцей. У другой палове мінулага стагоддзя моладзь пацягнулася ў гарады, бо ў вёсцы ж гараваць патрэбна. Мы з жонкай не ўспрымаем гарадское мітуслівае жыццё. Не па душы яно аказалася і нашым дзецям: дачцэ Валі, якая жыве ў Ліпаве, і сыну Сяргею, які асеў у Залатусе. А вось дачка Вольга, хоць і перабралася ў Гомель, вельмі сумуе па роднай вёсцы і пры любой магчымасці прыязджае да нас у госці. Кажа, што нідзе ёй так добра не спіцца, як у бацькавай хаце.

Главацкія, нягледзячы на гады, садзяць вялікі агарод і трымаюць гаспадарку. Увогуле ў Падлуках мяне не магла не ўразіць працавітасць вяскоўцаў. Жылыя хаты можна пералічыць на пальцах, а ў статку кароў, якое сустрэлася нам на галоўнай вуліцы, каля пятнаццаці галоў.

Тамара Чырык жыве адна, а паспявае ўпраўляцца не толькі з двума каровамі, а яшчэ і з парсючкамі, качкамі і курамі, агародам. Яна даўно ўжо, бо аўдавела рана, прывыкла спадзявацца толькі на свае сілы.

— Траіх дзяцей падымала сама, — расказвае Тамара Міхайлаўна. – Калі мужыка нечакана не стала, малодшай Наташцы ўсяго чатыры гады было. Замуж я больш не пайшла, хаця жаніхі знаходзіліся. Не верыла, што чужы мужчына зможа замяніць маім дзецям бацьку, стаць ім родным. Так і жыву адна. Праўда, дзеці і ўнукі мяне не забываюць, наведваюць часта. Асабліва сын Толя, які жыве ў Луках і працуе – вы здзівіцеся кім – сацыяльным работнікам.

Калі выдаецца вольная хвілінка, Тамара Міхайлаўна любіць збегаць у лес ці прайсціся па вуліцах вёскі. Ідзе павольна, успамінае былое. Вось там ля дарогі на Лукі некалі стаялі школа і клуб, бліжэй да былога балота былі копанка і сад панскага ўпраўляючага, а ў цэнтры вёскі моладзь любіла ладзіць танцы. Весела тады жылі і дружна. Хаця, казаць няма чаго, у Падлуках і сёння вяскоўцы жывуць дружна. Толькі на вуліцах звычайна адзінока, ціха. З раніцы і ўвечары прабурчыць школьны аўтобус, які забірае і прывозіць дзевяцікласніка Максіма Кобеца. На жаль, з ім нам не давялося пазнаёміцца: хлопец быў на занятках. Але, як адзначае яго бацька Валерый, Максім прывязаны да роднай вёскі, таму пра пераезд у горад нават не думае. Ён упэўнены: родная зямля заўсёды пракорміць працавітага чалавека. А яшчэ яму не верыцца, што Падлукі могуць знікнуць. Час пакажа, як яно будзе. Можа мы з вамі дачуемся і пра чацвёртую эпоху вёску? Бо нездарма ж адну з хат тут у мінулым годзе набыў фермер з Расіі. А пакуль вяскоўцы жывуць звычайным жыццём…

Таццяна ЗУБЕЦ

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.