АЗАРЫЧЫ

Адкрытым тэкстам мушу гаварыць,
Адкрытым ды звычайным, і не вузкім:
Найлепшы край, дзе так шанцуе жыць,
Заўсёды быў і будзе беларускі.
Ні слых век не нацешыцца, ні зрок
У здзіўленым памкненні, у адзіным:
Найлепшы кут, адкуль душы выток, —
Азарычы, пасёлак мой радзімы…
За адкрыццём прыходзіць адкрыццё,
Маленства зараз бы на відавоку:
Найлепшай вулачкай на ўсё жыццё
Мне стала Піянерская ў пасёлку.
І як бы лёсу не круціў віхор,
Якия  б далі ні дарыў на свеце,
А поле, што за вулачкай, — прастор
Маёй душы і нават пасля смерці.
Соф’я Шах.

І сапраўды, як сцвярджае паэтэса, Азарычы – адзін з найпрыгажэйшых куточкаў Калінкавіцкай зямлі, які нямала стагоддзяў таму назад аблюбавалі для свайго пражывання людзі. Сёння цяжка сказаць, хто першым атабарыўся на тым месцы, дзе стаіць гарадскі пасёлак Азарычы, беларус-паляшук ці вандроўнік-яўрэй, які шукаў лепшай долі. Але факт застаецца фактам, што ў пісьмовых крыніцах Азарычы ўзгадваюцца ў 1552 годзе ў «Попісе карт сёлаў»… разам з Даманавічамі, Крукавічамі, Каплічамі і г.д. (Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 1728, вып. 1, с. 19, заўвагі а. 413-28 №12365), а затым у 1559 годзе ў рэвізіі пушчаў і пераходаў звярыных. Матэрыялы гэтых дакументаў сведчаць, што Азарычы тады з’яўляліся вёскай Мазырскага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і былі вялікакняжацкай уласнасцю.

У сваім нарысе “Граф Монтэ-Крыста ў Азарычах”, надрукаваным у канцы мінулага стагоддзя ў часопісе “Сям’я і школа”, выпускнік Азарыцкай школы, радыёжурналіст Макс Яфрэмавіч Гіндэнбург, успамінаючы сваё дзяцінства, якое прыпала на пачатак XX стагоддзя, называе Азарычы “яўрэйскім мястэчкам, закінутым у лясной беларускай глухамані”. І ён, як кажуць, меў рацыю. Справа ў тым, што згодна перапісу насельніцтва 1897 года ў Азарычах у 132 дварах пражывала 850 жыхароў, з якіх абсалютная большасць была прадстаўнікамі яўрэйскай нацыянальнасці. У мястэчку, а статус мястэчка Азарычы атрымалі згодна граматы польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ад 8 студзеня 1786 года, у той час былі 2 яўрэйскія малітоўныя дамы, царква, народнае вучылішча, 8 лавак, аптэка, карчма і сельская лячэбніца з амбулаторным прыёмам. Вядомы рускі даследнік і географ Сямёнаў-Цян-Шанскі ў 9 томе свайго даследавання “Маляўнічая Расія”, які выйшаў у 1905 годзе, пісаў: “На паўднёвы захад ад Парыч, вёрст каля 40, непадалёку ад граніц Мазырскага павета, па-над возерам якое ўтварылася ад разліву р.Охаўна, прытокі р.Цны, ляжыць нязначнае мястэчка Азарычы з Петрапаўлаўскай драўлянай царквой, пабудаванай землеўладальнікам Царынскім у 1796 г.”

Вучоны ў сваіх замалёўках адначасова дае яркае апісанне заняткаў тутэйшых насельнікаў: паляванне, рыбная лоўля, бортніцтва, збор лясных дароў, земляробства.

Ёсць некалькі тлумачэнняў паходжання назвы паселішча. Першае, ад слова возера: озера – озерычы, азарычы. Возера ў Азарычах, як указана вышэй, было. Да таго ж дагэтуль захавалася назва урочышча Азярыны, якое на захадзе пасёлка мяжуецца зараз з новымі вуліцамі.

Другое, ад назвы племені хазары: хазары, -азар, -азар -ычы. Як вядома, гэтае племя ў VIII стагоддзі, утварыўшы Хазарскае царства і спавядаўшае іўдаізм, нападала на суседнія плямёны, у тым ліку на ўсходнеславянскія, пагражаючы шляху “из варяг в греки”, які праходзіў па Дняпры. Гэтаму племені ўдалося прымусіць радзімічаў, якія пражывалі ў Пасожжы, плаціць ім даніну. Праўда, ў 10-13 стагоддзі моц хазараў была парушана, і яны вымушаны былі рассяліцца па старажытна-рускіх княствах. Як сцвярджае вядомы гісторык Анатоль Грыцкевіч, верагодна, што іх рассяленне супадае з рассяленнем яўрэяў з Крыма.

Пасля таго, як у выніку 2-га па-дзелу Рэчы Паспалітай Азарычы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, Павел І ў 1799 годзе пажалаваў староства Азарыцкае з усімі вёскамі, якія яму належалі, тайнаму саветніку Лазару Лашкарову.

У часопісе “Наш край” за 1928 год прыводзяцца звесткі пра тое, што да гэтага мястэчкам валодалі дваране Жукоўскія, у якіх Лашкароў адабраў адпаведныя граматы.

У час нашэсця напалеонаўскіх войск у ліпені 1812 года французкія войскі абрабавалі Азарычы, а свяшчэнніка мясцовай праваслаўнай царквы Мікалая Барзакоўскага, які адмовіўся прысягнуць на вернасць Напалеону, арыштавалі і этапіравалі спачатку у м.Свіслач, а затым у Мінск, дзе памагатыя французаў здзекваліся над патрыётам і пагражалі смерцю. Але Усявышні і рускія войскі, якія вызвалілі Мінск ад захопнікаў, не дапусцілі смерці свяшчэнніка, 24 лістапада ён зноў прыступіў да выканання сваіх абавязкаў.

Тым часам мястэчка, паціху аправіўшыся ад рабаўніцтва захопнікаў, пачало разрастацца і люднець. У 1838 годзе Азарычы мелі 64 двары, у 1858 годзе — 700 жыхароў, а ў 1866 годзе – 101 двор.

У 1862 годзе мястэчка па спадчыне перайшло да Мікалая Лашкарова, які валодаў 1200 дзесяцінамі зямлі, меў вадзяны млын на р.Віша і дзве карчмы. Адзін з родзічаў уладальніка Азарыч, Андрэй Лашкароў, які, відаць, падтрымліваў ідэі Кастуся Каліноўскага, надзяліў сядзібамі былых сваіх прыгонных ва ўсходняй і паўночнай частках мястэчка. Гэтае месца дагэтуль у пасёлку называецца Андрэеўкай.

У 1885 годзе Азарычы сталі цэнтрам воласці, у якую ўваходзілі 16 паселішч з 319 дварамі.

Мястэчка ў архітэктурна-планіровачным плане забудоўвалася даволі неахайна, што давала магчымасць у час пажараў разгуляцца агню ва ўсю. Так 24 красавіка 1881 года агонь знішчыў у Азарычах 21 двор, а 2 жніўня 1899 года – 39. Разам з селішчамі згарэлі праваслаўная царква і яўрэйская школа, пабудаваная яшчэ ў 1862 годзе.

Узамен згарэўшай царквы ў гэты ж год у мястэчку была ўзведзена драўляная Васкрасенская царква. Дарэчы, яшчэ ў 1879 годзе праваслаўны прыход у Азарычах налічваў 1500 вернікаў.

У 1908 годзе ў мястэчку ў 230 дварах пражывала 2025 жыхароў.

У 1913 годзе тут адкрыўся тэлеграфны вузел, мелася паштовае аддзяленне.

Рыгор Лашкароў, апошні ўладальнік Азарыч, жыў у Санкт-Пецярбургу, быў членам Дзяржаўнага Савета і Азарычы наведваў толькі адзін раз у год, пабудаваў у мястэчку за свае сродкі акрамя царквы бальніцу на 15 ложкаў, якая ўступіла ў строй у 1906 годзе, і будынак для ніжэйшай сельскагаспадарчай школы ў 1912 годзе, у якой рыхтавалі аграномаў вузкага профілю для панскіх сядзіб.

Праз рэвалюцфйныя віхуры

Пасля кастрычніцкага ўзброенага паўстання ў 1917 годзе ў Пецярбурзе ўлада ў Азарычах заставалася ў руках земскай упра-вы. Толькі ў снежні ў мястэчку быў арганізаваны атрад чырвонагвардзейцаў, начальнікам штаба якога быў мясцовы жыхар Шаблінскі Сямён Піліпавіч. Пры дапамозе гэтага атрада і быў праведзены сход у падтрымку Савецкай улады. Але органы новай улады сфарміраваць не удалося. Белапольскі эскадрон, які вяртаўся з франтоў першай сусветнай вайны плецьмі забіў да паўсмерці прыхільнікаў Саветаў і разагнаў чырвонагвардзейцаў.

Услед за палякамі ў Азарычы прыбылі германцы. Толькі ў снежні 1918 года Чырвоная Армія вызваліла мястэчка ад кайзераўскіх акупантаў. Спакутаванае ад грабяжоў, разбояў і забойстваў мясцовае насельніцтва сустракала чырвонаармейцаў-вызваліцеляў хлебам і соллю.

Пад кіраўніцтвам камандавання Чырвонай Арміі ў снежні 1918 года ва ўсіх 18 вёсках азарыцкай воласці былі створаны камітэты беднаты і Саветы сялянскіх і рабочых дэпутатаў. Адначасова ў Азарычах быў створаны валваенрэўкам, у склад якога ўвайшлі Еўстратоўскі Мікіта Ісакавіч, Гарэлік, Арцёмаў Фёдар Пятровіч, Вішнеўскі Сцяпан Іванавіч і Шаблінскі Сямён Піліпавіч. Старшынёй валваенрэўкама быў абраны Шаблінскі, сакратаром – Вішнеўскі.

Аднак новая ўлада праіснавала нядоўга. У жніўні 1919 года белапалякі захапілі Бабруйскі павет і падыйшлі да межаў Азарыцкай воласці. 3 сакавіка 1920 года  Азарыцкі валваенрэўкам вымушаны быў эвакуіравацца ў Рагачоў. Тым не менш барацьба з белапалякамі на акупіраванай імі тэрыторыі ад гэтага не спынілася. На барацьбу ўзнялося навакольнае мясцовае насельніцтва. У ваколіцах Азарыч пачаў дзейнічаць партызанскі атрад, які налічваў каля 500 партызан. Байцы атрада наносілі белапольскім інтэрвентам адчувальны ўрон. І ўжо 3 ліпеня 1920 года Азарычы былі вызвалены ад белапалякаў. На сваё месца вяртаецца з эвакуацыі валваенрэўкам і ў воласці аднаўляецца Савецкая ўлада, якая, не паспеўшы справіцца з ліквідацыяй разрухі пасля нашэсцяў іншаземцаў, зноў вымушана была ўступіць у барацьбу з бандамі Булак-Балаховіча. Аднак і гэтая навала была перажыта.

За выдатную работу па ўстанаўленні Савецкай улады ў Азарыцкай воласці старшыня Азарыцкага валрэўкама Шаблінскі ў канцы 1920 года Бабруйскім павятовым з’ездам Саветаў выбіраецца дэлегатам ІІ Усебеларускага з’езда Саветаў.

У пачатку 1921 года Азарыцкі валваенрэўкам быў ператвораны ў Азарыцкі валасны выканаўчы камітэт. Першым яго старшынёй быў прызначаны Еўстратоўскі Мікіта Ісакавіч, былы старшыня валасной надзвычайнай камісіі. А былы старшыня валваенрэўкама Шаблінскі па стану здароўя вымушаны быў перайсці на работу ў толькі што адкрытую Халмянскую пачатковую школу.

Больш падрабязна аб падзеях тых дзён можна прачытаць у гістарычным нарысе “Савецкай уладзе ў Азарычах – 90 гадоў” мясцовага гісторыка-краязнаўцы Уладзіміра Макатрова, які быў надрукаваны ў газеце “Калінкавіцкія навіны” 16 снежня 2008 года.

Райцэнтр

У сувязі з рэфарміраваннем адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення Беларусі 17 ліпеня 1924 года Азарыцкі валасны выканаўчы камітэт пераўтвараецца ў выканкам Азарыцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных. Азарычы становяцца цэнтрам Азарыцкага раёна Мазырскай акругі, які 20 жніўня 1924 года быў па-дзелены на 13 сельсаветаў: Валосавіцкі, Грабаўскі, Давыдаўскі (Слабададавыдаўскі), Еўтушкавіцкі, Еланскі, Карпавіцкі, Кабыльшчанскі, Каранёўскі, Крукавіцкі, Навасёлкаўскі, Азарыцкі, Савіцкі і Хаміцкі.

На хвалі развіцця нацыянальнага пытання ў маладой савецкай краіне 24 верасня 1926 года Азарыцкі сельсавет перайменоўваецца ў Азарыцкі нацыянальны яўрэйскі сельсавет, які праіснаваў да 1931 года, а затым быў рэарганізаваны ў Азарыцкі беларускі сельскі Савет, які ў хуткім стаў называцца проста Азарыцкім сельсаветам. Дарэчы, у склад Азарыцкага сельсавета тады ўвайшлі мястэчка Азарычы, вёскі Лясец, Салавейкі, Андрэеўка, Холма, Вялікія Ліцвінавічы, Малыя Ліцвінавічы, Сямёнавічы, хутар Іохоўка, усяго з насельніцтвам 4430 чалавек. Старшынёй сельсавета быў М.Х.Рыклін. сакратаром – С.П.Шаблінскі.

Што ж з сябе ўяўлялі Азарычы таго часу? Як сцвярджае краязнаўца Макатроў, базіруючыся на звестках атрыманых у свой час ад старажылаў мястэчка, Азарычы складаліся з адной вуліцы, якая не мела ніякай афіцыйнай назвы. На усходняй частцы гэтай вуліцы (перад будынкам былой аптэкі) была невялічкая кірмашовая плошча (у Азарычах абавязкова яшчэ з часоў Станіслава Аўгуста Панятоўскага 2 лютага на Срэценне і 29 чэрвеня на Пятра і Паўла праводзіліся штогоднія кірмашы), ад якой на поўнач вяла ліпавая алея ў былы панскі двор. Ужо затым тут утварылася новая вуліца, якая атрымала назву Кармілаўка, цяпер яна называецца Піянерская. Вуліца заканчвалася ля царквы (сённяшні будынак Дома культуры), а далей на ўсход і паралельна мястэчку з паўднёвага боку раскідвалася вёска Андрэеўка.

Відаць, няма неабходнасці ўспамінаць пра тое, што вуліцы мястэчка і Андрэеўкі былі ў той час не толькі бруднымі, а нават непраходнымі, асабліва ў час вясенняй і асенняй слякаці. Тратуары адсутнічалі, цемень стаяла хоць вока выкалі, хаця ў мястэчку і было з дзесятак ліхтароў.

У Азарычах таго часу было 219 жылых дамоў, 7 – дзяржаўных і грамадскіх пабудоў, пажарнае дэпо з каланчой, пошта і Народны дом, які размясціўся ў былой сінагозе, дзве сінагогі, пабудаваныя яшчэ ў 1881 годзе. З новых пабудоў у мястэчку адзначалася цагляная праваслаўная царква, будынкі райвыканкама, райкама партыі, спажывецкай і сельскагаспадарчай кааперацыі, нарсуда, аграпункта, сямігодкі, бальніцы. Усе яны размяшчаліся на тэрыторыі вёскі Андрэеўка, якая ўлілася ў склад мястэчка і стала вуліцай з аднаіменнай назвай.

Па стану на 1928 год у Азарычах пражывала 1250 чалавек, з іх – 219 яўрэйскіх сямей. Большая частка мясцовых жыхароў займалася рамесніцтвам. А калі дакладней, то ў 1928 го-дзе ў мястэчку было 290 рамеснікаў, больш 50 чалавек – беспрацоўных. Акрамя скураных, абутковых і швейных майстэрняў на краю Азарыч і ў вёсцы Холма, якая ў 1966 годзе ўлілася ў склад Азарыч, быў паравы млын, якім да калектывізацыі валодаў Кацлах.

У 1925 годзе ў мястэчку была пабудавана мэблевая фабрыка, якая вырабляла гнутую мэблю з лазы. У 1944 годзе ў час адступлення немцы спалілі і фабрыку, і млын.

У 20-я годы ў Азарычах шырокі размах набыло развіццё кааперацыі, пачалі арганізоўвацца разнастайныя таварыствы, якія аб’ядноўвалі людзей у працы па розных напрамках. Напрыклад, 1 лістапада 1921 года пад старшынствам Л.С.Еўстратоўскага ўтварылася малочна-жывёлагадоўчае таварыства “Батрак”, якое пасля нядоўгага існавання распалася, але з лістапада 1929 года аднавіла сваю дзейнасць.

20 ліпеня 1926 года было створана сельскагаспадарчае кааператыўнае  перасяленчае таварыства “Яднанне”, якое арганізоўвала выезд яўрэяў ў Крым.

2 кастрычніка 1927 года пад старшынствам К.С.Лучкова было арганізавана таварыства пчаляроў, 5 лістапада 1928 года – арцель гнутай мэблі і абадоў “Надзея” (старшыня С.Я.Шпаковіч), 4 кастрычніка 1928 года – садова-гародніннае таварыства “Праца” (старшыня Ізраіль Голад), 3 красавіка 1929 года – белашвейная арцель “8 сакавіка” (старшыня Г.А.Ліўшыц).

Скарачэнне прыватнага прадпрымальніцтва, выкліканае развіццём спажыўкааперацыі, прывяло да масавага выезду яўрэяў за мяжу: у Амерыку, Палясціну, Крым і г.д. З 1917 па 1928 год Азарычы пакінулі  каля 100 яўрэйскіх сем’яў.

У Азарычах працавала паштовае аддзяленне, якое з 1898 года мела тэлефонную сувязь з акруговым горадам Мазыром. У ім працавалі 7 паштальёнаў, якія дастаўлялі паштоўкі, часопісы і газеты ў навакольныя вёскі. Як гэта не дзіўна, а пры павальнай неадукаванасці насельніцтва таго часу, яно выпісвала 387 газет і часопісаў. Пры паштовым аддзяленні была ашчадная каса, у якой налічвалася 7,5 тысячы укладчыкаў.

У ліквідаванай ў 20-я гады праваслаўнай царкве быў адкрыты клуб і бібліятэка, тут жа размясціўся краязнаўчы музей. У 1926 годзе Азарычы былі радыёфіцыраваны, а ў 1937 у мястэчка прыйшла электрычнасць, якую вырабляла мясцовая цеплаэлектрастанцыя. Крыху раней, у 1933 годзе, у мясцовым клубе была ўстаноўлена стацыянарная кінаўстаноўка і азарычане атрымалі магчымасць далучыцца да “найлепшага з відаў мастацтва”.

8 ліпеня 1931 года Азарыцкі раён быў ліквідаваны.

Камуніст, талмудзіст і “Графіна Патоцкая”

Падзеі, даты і сухія лічбы даюць, канешне, пэўнае ўяўленне аб тым, што з сябе ўяўлялі Азарычы на пэўным адрэзку часу, але яно будзе недастаткова поўным без апавядання аб настроях і паводзінах людзей, іх учынках і светапоглядах. Таму, думаецца, будзе не лішнім звярнуцца да канкрэтных успамінаў відавочцаў таго часу, непасрэдных яго ўдзельнікаў. Возьмем хаця б некаторыя ўрыўкі з таго ж  нарыса Макса Гіндэнбурга “Граф Монтэ-Крыста ў Азарычах”, аб якім мы ўжо ўспаміналі ў пачатку нашага апавядання аб Азарычах.

У гэтым нарысе былы вучань Азарыцкай школы ўспамінае, як яго школьны сябрук Фімка Пінхус прывёз у школу ад родзічаў з Мазыра патрапаны томік Аляксандра Дзюма “Тры мушкіцёры”, як яны, хлапчукі, зачытваліся ўсім класам гэтым цудоўным творам, як гуртам рамантавалі кнігу, як да гэтага адносіліся іх настаўнікі, што з сябе яны ўяўлялі.

“Даведаўшыся аб гэтым (рамонце кнігі – заўвага аўтара), наш класны кіраўнік, звычайна нешматслоўны і спакойны, ледзь не падскочыў ад здзіўлення. Ён сказаў, што вярнуць жыццё кнізе – гэта ўвогуле дабрачынна, а ў тым, як мы гэта зрабілі і як карыстаемся кнігай, выразна праяўляецца прынцып калектывізму, прыкметы новага часу і новага ўкладу жыцця.

— Малайцы! – пахваліў ён. – Я бачу, што ваша пакаленне на справе даказвае прыхільнасць да ідэалаў рэвалюцыі.

Леў Сяргеевіч быў у той час адзіным камуністам у Азарычах. І адзіным сярод настаўнікаў удзельнікам грамадзянскай вайны, нядаўнім камандзірам Чырвонай Арміі. У Азарычы яго прывяла жаніцьба на мясцовай дзяўчыне Фрыдзе Шульман, якая ў час вайны стала медсястрой і выхажвала яго пасля ранення ў Бабруйскім лазарэце. Па хлапечы хударлявы, брытагаловы, з васільковымі вачыма пад навесам светлых калматых брывей ён здаваўся хутчэй не настаўнікам, а вучнем-старшакласнікам. І ён ахвотна сябраваў з вучнямі. Нават з намі, малалеткамі. Не раз здаралася, што на уроках арыфметыкі ён раптам адхіляўся ад свайго прадмета і пачынаў размову аб дарагіх яго сэрцу папярэдніках адбыўшайся рэвалюцыі – сацыялістах-утапістах Томасу Мору, Роберту Оуэну, Шарлю Фур’е.

— Гэтыя людзі бачылі на многа стагоддзяў наперад, — гаварыў ён, распаляючыся ад уласнай гарачай перакананасці. – Яны прадказвалі адзіны магчымы шлях да справядлівага абуладкавання жыцця і дабрабыту чалавецтва – калектывізм, усеагульная і раўнапраўная праца і роўныя ўмовы для гэтага.

Відаць, гэтыя светапогляды Льва Сяргеевіча і абумовілі непамерны пафас, з якім ён ацаніў нашу няхітрую хлапечую зацею. Ніколі ён яшчэ не гаварыў так узвышана. І гэтая пахвала раптам напомніла мне зусім другога майго настаўніка, меламеда Ары-Мейшэ з мястачковага хедэра. Пры ўсім непадабенстве гэтых людзей, яны ў нейкі момант памроіліся мне па складу мыслення блізнятамі. Але калі тады я толькі адчуў гэта неасэнсавана, то пазней, стаўшы дарослым, зразумеў прычыну. Гэтых розных людзей – маладога і старога, па-ваеннаму статнага і хваравіта сутулага, славяніна і іудзея, марксіста-ленінца і талмудзіста — аб’яднала адна, неадольна парадніўшая рыса – дагматычнае мысленне і фанатызм.

Канешне, сама пахвала з боку Льва Сяргеевіча была ўсім прыемнай. А вось матывы яе азадачвалі. Ні аб якой высакароднасці пры рэстаўрацыі трухлявай кнігі мы нават і не думалі. Проста яна нас зацікавіла, і мы яе сшылі. Для сябе ж. І ніякай надуманай калектывісцкай ідэі не было ў тым, што мы яе чыталі, перадаючы адзін аднаму асобныя часткі. Сказаўся элементарны здаровы сэнс. Дзецям ён часцей бывае прысутны, чым дарослым.

Але ўсяго гэтага я не стаў расказваць Льву Сяргеевічу. Няёмка ж спрачацца з настаўнікам. А ён завяршыў нашу гутарку нечаканай парадай:

— Схадзі, мой дарагі, да нашай старой настаўніцы, Феліцыі Казіміраўны, дамоў і папрасі ў яе кнігу “Граф Монтэ-Крыста”. Гэта таксама напісаў Дзюма. Яна, верагодна, заўпіраецца, пад рознымі прычынамі стане адмаўляць, а ты настойвай. Скажы, што я цябе паслаў.

Так, уласна, і здарылася, як прадказваў Леў Сяргеевіч. З той толькі розніцай, што да канца візіта замест аднаго томіка я атрымаў ад Феліцыі Казіміраўны адразу два, а ўзамен даў слова нікому гэтыя кніжкі не паказваць.

— Маё адзінае багацце! – сказала Феліцыя Казіміраўна, абводзячы рукой шкафы, этажэркі, запоўненыя кнігамі. – Усё, што ўцалела ў мяне ад ранейшага жыцця. – І тут жа, не ўтрымаўшыся ад спакуса пахваліцца, стала мне паказваць мнагатомнікі Шэкспіра, Шылера, Пушкіна, Байрана, Талстога, Стэндаля, Вальтэра Скота, Генрыха Сенкевіча, Лафантэна. Усе гэтыя кнігі былі, як новенькія, у прыгожых ціснёных пераплётах. Але мяне больш за ўсё зацікавіла кніга з адным словам на абложцы – “Пекла”…

На цітульным лісце гэтай кнігі я заўважыў пячатку з адной толькі строчкай пасярэдзіне: Ф.К.Вяржбіцкая”. І толькі ў гэты момант уцяміў, што менавіта такое сапраўднае прозвішча старой настаўніцы, якую за вочы ве-лічалі не інакш як “Графіня Патоцкая”. Гэты нягласны цітул напомніў аб тым, што калісьці ў маладосці прыгажуня Вяржбіцкая была гувернанткай у дзяцей польскага магната Патоцкага. Чуткі прыпісвалі ёй блізкія адносіны з усеўласным графам.”

У хуткім “графіня Патоцкая” усю сваю шматтомную бібліятэку падарыла Азарыцкай школе. І доўга яшчэ за тым школьную бібліятэку ў Азарычах называлі “бібліятэкай графіні Патоцкай”.

Ад “Кастрычніка” і “Другой пяцігодкі” да КСУП “Азарычыагра”

Аб’яднанне дробных сялянскіх гаспадарак і беднаты ў калгасы ў Азарычах пачалося ў 1930 годзе. Менавіта ў гэты год быў створаны яўрэйскі калгас “Кастрычнік”, які ўзначаліла дваццацітысячніца Зэльдзіна. У 1932 годзе сяляне вуліцы Андрэеўка (цяпер Інтэрнацыянальная) аб’ядналіся ў калгас “Другая пяцігодка”, старшынёй якога быў абраны Цурко Іван Іванавіч (пазней аж да 1960 года ён з’яўляўся сакратаром Даманавіцкага райвыканкама). У вёсцы Холма калгас атрымаў назву “Асвета”, кіраваў ім Смалюга Ананій Сямёнавіч. У 1933 годзе ўсе тры калгасы аб’ядналіся ў адну гаспадарку – калгас “Кастрычнік”, кіраваць якім прызначылі М.Я.Рыкліна.

У гады вайны ўся маёмасць гаспадаркі была знішчана гітлераўцамі. Тым не менш у студзені 1944 года калгас аднавіў сваю работу. Пасаду старшыні ў пасляваенны час займалі М.А.Сіманенка, А.П. Гвоздзеў, Н.Т.Тозік.

У 1955 годзе калгасы “Чырвоны Усход” (в.Лясец) і імя Кірава (в.Вялікія Ліцвінавічы) Холмаўскага сельсавета ўвайшлі ў склад калгаса “Кастрычнік” Азарыцкага сельсавета. 27 лютага 1960 года да калгаса “Кастрычнік”, цэнтр якога размяшчаўся ў Азарычах, далучыўся калгас імя Суворава (в.Хамічы).

А 7 сакавіка таго ж года на базе калгасаў “Кастрычнік”, імя Дзяржын-скага ( в.Крукавічы) і Азарыцкай машын-на-трактарнай станцыі быў створаны саўгас “Азарычы” з цэнтральнай сядзібай ў г.п.Азарычы. Дырэктарам саўгаса быў прызначаны Іван Паўлавіч Пастухоў, які дагэтуль працаваў першым сакратаром Даманавіцкага РК КПБ.

Новая гаспадарка складалася з 12 аддзяленняў: Вялікія Ліцвінавічы, Замашчаны, Забалоцце, Кавалькі, Лясец, Малыя Ліцвінавічы, Ніканава, Сямёнавічы, Салавейкі, Хамічы, Азарычы і Цідаў.

У 1965 годзе саўгас “Азарычы” быў ператвораны ў племсаўгас “Азарычы”. Гаспадарка стала вядучай у галіне развядзення буйной рагатай жывёлы сіментальскай пароды, дадатковымі галінамі дзейнасці былі свінагадоўля і раслінаводства.

У 1989 годзе адбылося разузбуйненне саўгаса: аддзяленні Замашчаны, Кавалькі, Ніканава і Хамічы былі перададзены калгасу “Сейбіт”,  а Цідаў – калгасу “1 Мая”.

У 2001 годзе саўгас “Азарычы” быў перайменаваны ў камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства (КСУП) “Азарычыагра”.

Дырэктарамі саўгаса ў розныя часы працавалі В.А.Брыга, А.Ф.Стож, Л.І.Пракоф’еў, В.К.Гук, В.М.Пархоменка, В.Л.Банчук, Б.Л.Шыкуненка, А.В.Паторскі, М.А. Капінскі, С.М.Бабранок. Зараз гаспадарку ўзначальвае Р.С.Курылаў.

Многія працаўнікі саўгаса дасягнулі значных вышынь у сваёй працы і карыстаюцца заслужанай павагай працоўнага калектыву. Гэта перш за ўсё пакойны ўжо першы дырэктар гаспадаркі І.П.Пастухоў, былы партызан, які прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да камісара партызанскай брыгады і сакратара падпольнага райкама партыі, кавалер ордэнаў Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, звеннявы, кавалер ордэна Леніна В.Д.Пашнікаў, брыгадзір, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга П.І.Баранаў. Высокіх урадавых узнагарод удастоіліся і іншыя працаўнікі саўгаса. Ордэнам “Знак Пашаны” была адзначана плённая праца даяркі М.І.Чэпік і трактарыста П.М.Шыкун, ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені – даяркі В.Н.Зобавай, медалём “За працоўную доблесць” – даярак А.І.Пінчук і А.Н.Лявончык.

А колькі працавала ў саўгасе лю-дзей, якія не ўдастоіліся высокіх узнагарод, але яны шчыра выконвалі сваю справу дзеля росквіту роднай гаспадаркі?

Думаецца, будзе не лішнім напомніць аб адным такім працаўніку, аб якім расказала сваім чытачам 8 кастрычніка 1960 года ў нарысе “Трактарыстка” раённая газета “Сцяг камунізма”. Вось што прачыталі тады жыхары раёна:

“…Надыходзіла вясна 1937 года. Пелагеі Адамаўне Бандарэнка толькі пераваліла за 21. Па прыродзе сваёй дзяўчына вызначалася сярод другіх не толькі багатым здароўем, энергічнасцю, але і здзіўляючым працалюб’ем. Для яе не існавала розніцы: работа гэта мужчынская ці жаночая. У любой справе яна старалася не толькі не адставаць, але нават зрабіць і лепш другіх, хоць іншы раз даводзілася гэта нялёгка.

… Аднойчы здарылася так, што неаказалася добраахвотнікаў пасвіць коней… Справа дайшла да праўлення. Прапанавалі аднаму, другому, трэцяму, але кожны імкнуўся як бы ўвільнуць.

Пасяджэнне зацягнулася позна. Пелагея, якая тут прысутнічала, маўкліва слухала ўсе размовы. Яе абуралі паводзіны гэтых людзей.

— А што, калі згадзіцца самой…

Па-рознаму ўспрынялі прысутныя яе згоду… але праўленне вырашыла задаволіць яе парыў. І не памылілася. Дзяўчына, як сапраўдны гаспадар, даглядала коней.

Прайшло два гады. Даманавіцкая МТС папаўнялася новай тэхнікай. Патрабаваліся і кадры механізатараў. Пелагея працягвала працаваць у родным калгасе і адначасова наведвала вячэрнюю школу.

У адзін з вечароў… загадчык школы Уладзімір Іванавіч Козел завёў гутарку аб тым, што ў раёне пры МТС арганізоў-ваюцца курсы трактарыстаў.

— Можа, Поля, першай пакажаш прыклад, ты ж камсамолка?

Яна крыху разгубілася. Нечаканым было для яе такое пытанне. Але праз хвіліну адказала згодай.

… Больш 20 гадоў Пелагея Адамаўна не расстаецца з трактарам. І хоць зараз ёй мінула за сорак,  але пакінуць, тым больш забыць гэтую прафесію, яна не збіраецца.

— Люблю сваю работу, — расказвае яна. За гэты перыяд настолькі звыклася з ёй, што ў другім становішчы нават уявіць не магу сябе.

… Добра працуе жанчына-трактарыстка. У мінулым годзе на сваім трактары “Беларусь” яна выпрацавала больш 1100 гектараў у пераліку на мяккае ворыва. Як лепшы механізатар яна неаднаразова ўзнагароджвалася. І зараз, працуючы ў першым аддзяленні саўгаса “Азарычы”, Пелагея Адамаўна трымае першынство. Яе трактар і сёлета ўпрыгожвае вымпел пераможцы спаборніцтва.”

Што можна яшчэ дадаць да гэтага аповеду! Толькі пажадаць сённяшняму пакаленню працаваць гэтак жа плённа як і іх папярэднікі.

У барацьбе з ворагам

Якія б здзекі не тварылі акупанты на захопленай зямлі, як бы не вынішчалі яны карэннае насельніцтва, сапраўдных патрыётаў немагчыма запужаць. Акрамя тых, хто быў прызваны ў армію і вёў барацьбу з фашызмам на франтах вайны, многія азарычане ўліліся ў атрады Акцябрскай і Даманавіцкай партызанскіх брыгад. Ужо 17 лютага 1942 года ў выніку трохгадзіннага бою партызаны разграмілі Азарыцкі варожы гарнізон, які налічваў каля 70 немцаў і паліцаяў. У выніку гэтага бою былі захоплены 2 станкавых і 1 ручны кулямёт, 35 вінтовак, каля 50 тысяч патронаў, а ў банку яшчэ і тры мяхі савецкіх грошай і аблігацый, якія затым былі перапраўлены ў Маскву. Мясцоваму ж насельніцтву і навакольным сялянам было раздадзена 850 тон збожжа, нарабаванага фашысцкімі прыхвастнямі.

Трэба адзначыць, што партызаны ў гэтым баі не мелі ніякіх страт, а як паведамляла камандаванне 123-й партызанскай брыгады імя 25-годдзя БССР у цэнтр, асабліва вызначыліся ў час аперацыі байцы Ахраменка Карней і Падута А.П.”

А ў гэты час сотні азарычан змага-ліся з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, 19-гадовы сын першага старшыні Азарыцкага валрэўкамітэта Аркадзь Шаблінскі, які з’яўляўся студэнтам Маскоўскага аўтамеханічнага інстытута, добраахвотнікам уступіў у рады Чырвонай Арміі і пасля кароткатэрміновых камандзірскіх курсаў апынуўся на Калінінскім фронце ў 16-м гвардзейскім мінамётным палку. Малады камандзір прымаў удзел у найцяжэйшых баях пад Дмітравам, Яхрамой, у Віцебска-Аршанскай, Мінскай, Вільнюскай, Каўнаскай баявых аперацыях, вызваляў Кёнігсберг. Вайну закончыў маёрам. Яна, безумоўна, і прадвызначыла далейшы жыццёвы шлях франтавіка, змяніўшы яго мірную прафесію аўтамеханіка на вайсковую – артылерыста. Аркадзь Сямёнавіч паступае ў Артылерыстскую акадэмію імя Дзяржынскага, затым заканчвае ваенную Акадэмію ракетных войск стратэгічнага назначэння. Усе свае сілы і веды азарыцкі хлопец накіраваў на вынаходніцтва  новых відаў артылерыстска-ракетнай зброі, якая б  мацавала абароназдольнасць нашай Радзімы. Шаблінскі становіцца доктарам тэхнічных навук і генералам.

З першых дзён вайны актыўны ўдзел у баявых дзеяннях на лінкоры “Севастопаль” у абароне Крыма і Каўказа прымаў Васіль Мікалаевіч Паўлоўскі. Яго баявыя подзвігі адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. У 1951 годзе Васіль Мікалаевіч з адзнакай закончыў Ваенна-палітычную акадэмію імя У.І.Леніна і служыў начальнікам палітаддзелаў Каспійскага і Ленінградскага ваенна-марскіх вучылішч. 33 гады жыцця аддаў службе на Ваенна-Марском флоце.

У 1942 годзе, задоўга да подзвіга Аляксандра Матросава, малодшы лейтэнант Міхаіл Сяргеевіч Ботка, ратуючы сваіх баявых сяброў, уласным целам закрыў амбразуру варожага дзота і па-геройску загінуў.

Усю вайну франтавымі дарогамі прайшоў старшына Мікалай Сямёнавіч Цяслюк. У пасляваенны перыяд узначаліў родную школу, аднаўляў яе, кіраваў дзіцячымі дамамі і школамі, Калінкавіцкім раённым аддзелам адукацыі, стаў заслужаным настаўнікам школ БССР.

Жыхары Азарыч шануюць і памятаюць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: В.Д.Пашнікава, узнагароджанага за ратны подзвіг ардэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, медалём “За адвагу”, Л.Н.Дзвінскіх – кавалера чатырох ордэнаў Чырвонай Зоркі, Славы ІІІ ступені, Айчыннай вайны ІІ ступені, Н.Ц.Тозіка – кавалера ордэнаў Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медаля “За адвагу”, П.Н.Чарняўскага – кавалера ордэнаў Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, С.Ф.Бабічэнку – узнагароджанага ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, Чырвонай Зоркі, І.С.Грышкевіча – кавалера ордэнаў Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, медаля “За адвагу”, І.П.Лялюхіна — кавалера ордэнаў Славы ІІІ ступені, Айчыннай вайны І ступені, В.А. Новіка – кавалера ордэнаў Славы ІІІ ступені, Айчыннай вайны І ступені, Е.М.Новіка, узнагароджанага ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені, М.Ф.Варанога, А.М.Смалюгу, К.Т.Смалюгу, Д.А.Сапоненку, З.М.Капыловіча, М.М.Іваненку – кавалераў ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, Г.М.Качуру, узнагароджанага ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені і медалём “За адвагу”, П.В.Пунтуса, С.М.Станкевіча, В.К.Тозіка, Н.А. Чумака, В.Е.Цурко – кавалера ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені і медаля “За адвагу”, В.І.Угліцкіх, П.Н.Цурко,П.К. Цурко – кавалераў ордэнаў Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені і медаля “За баявыя заслугі», многіх іншых.

На франтах вайны і ў партызанах у смяротнай бітве з захопнікамі склалі свае галовы 197 жыхароў Азарыч.

Вайна: гора, разбурэнне, кроў

З 27 верасня 1938 года Азарычы зноў становяцца цэнтрам раёна, але на гэты раз Даманавіцкага, які быў утвораны яшчэ 12 лютага 1935 года.

У 1940 годзе ў мястэчку налічвалася 357 двароў і пражывала 1265 жыхароў.

Подых вайны быў давольна адчувальным. Да яе рыхтаваліся, але яна прыйшла нечакана. Вось што ўспамінаў аб падзеях тых дзён ветэран вайны і працы М.Дунайскі ў сваім аповедзе “Ад Азарыч да Яльца і далей”, надрукаваным у “Калінкавіцкіх навінах” 21 чэрвеня 1990 года:

“Перад вайной я працаваў старшынёй Даманавіцкага райспажыўсаюза. У той час на тэрыторыі вялося вялікае будаўніцтва, і на кааператараў была ўскладзена адказнасць за забеспячэнне рабочых, інжынерна-тэхнічных работнікаў і служачых будоўлі, дзе было каля дзесяці тысяч чалавек, харчовымі таварамі. Работы кааператарам хапала, нярэдка прыхоплівалі і выхадныя дні.

Калі да нас, у палескую глыбінку, даляцела страшная вестка аб тым, што пачалася вайна з гітлераўскай Германіяй, я адразу пайшоў у райком партыі. Там у кабінеце першага сакратара тав.Чапёлкіна былі ўжо члены бюро райкома, члены райвыканкама, работнікі рада раённых арганізацый. Абмяркоўвалася адно пытанне: што рабіць?

… Бюро райкома зацвердзіла мяне камандзірам знішчальнага батальёна. Аднак зброі ў батальёна не было, бо ніякіх армейскіх фарміраванняў і баз у Азарычах не існавала. Так што батальён так і застаўся на паперы.

Па раёну ішла мабілізацыя воінаў запасу, усіх мабілізаваных адпраўлялі ў распараджэнне Палескага аблваенкамата, які і накіроўваў іх на далейшую службу ў армію.

Прыкладна праз тры тыдні пасля пачатку вайны, калі вораг ужо набліжаўся да Азарыч, бюро райкома партыі даручыла мне вывесці групу мабілізаваных ( а гэта былі юнакі 1921-1923 г.н.) у колькасці 304 чалавек у горад Карачаў Бранскай вобласці, дзе, па звестках райваенкамата, па-вінен быў знаходзіцца прызыўны пункт Палескага аблваенкамата.

… 12 ліпеня наш атрад крануўся ў дарогу. Ішлі хутка, да 50 кіламетраў у суткі.

… Дзе па карце, дзе распытваючы людзей, рухаліся на ўсход, а ззаду нас даганяла вайна. І вось нарэшце Карачаў, але ніхто нас тут не чакаў.

… Пераадолеўшы за чатыры дні больш за 200 кіламетраў, мы прыйшлі ў Ялец ( Арлоўская вобласць – заўвага аўтара) галодныя, абарваныя, стомленыя, схуднелыя. Але і тут нас ніхто не чакаў, усе спробы ўліцца ў армію аказаліся дарэмнымі. Я адчаяўся і з дапамогай мясцовага гаркама партыі адправіў у Маскву вялікую тэлеграму на імя Сталіна. Не ведаю, атрымаў ён яе ці не, але справа закруцілася. Камандзір мясцовай ваеннай часці даў загад пакарміць нас, адабраў найбольш пісьменных нашых хлопцаў (тых, хто паспеў закончыць сярэднюю школу, а гэта чалавек 70) для сваёй часці, а застаўшыхся азарычан адправіў у горад Краснауфімск, што на Урале. Тут мы ўліліся ў 646-ы стралковы полк 152-й стралковай дывізіі. Асабіста мяне прызначылі палітруком кулямётнай роты.

А справы на фронце ішлі ўсё горш і горш.”

6 жніўня 1941 года фашысцкія салдаты акупіравалі Азарычы. І ўжо з першых дзён устанаўлення “новага парадку” фашысцкія вылюдкі паказалі свой сапраўды звярыны твар, пачаўшы фізічнае вынішчэнне ні ў чым не павіннага мірнага яўрэйскага насельніцтва.

Выступаючы на жалобным мітынгу 3 верасня 1995 года з выпадку адкрыцця памятнага знака ахвярам нацысцкага тэрору, старшыня Азарыцкага пасялковага Савета дэпутат Уладзімір Гук сказаў наступнае:

“У перадваенныя гады ў мястэчку ў адзінай дружнай сям’і з беларусамі пражывала каля 1,5 тысяч яўрэяў. Але са жніўня 1941 года пачалося іх вы-нішчэнне фашысцкімі вылюдкамі. Толькі ў адзін з марозных сту-дзеньскіх дзён 1942 года фашысты сагналі на яўрэйскія могілкі 250 дзяцей, жанчын і старых яўрэйскай нацыянальнасці і расстралялі іх.”

Нельга было слухаць без слёз на гэтым мітынгу і мясцовага жыхара Юрыя Фрэнклаха, які з першых дзён знаходзіўся на фронце, а ў гэты час яго бацьку, маці, сястру і двух братоў нелюдзі расстралялі ў родных Азарычах. Самае прыкрае, што гэту крывавую расправу над мірнымі жыхарамі пад камандаваннем немцаў ажыццявілі мясцовыя паліцаі, якія, па словах відавочцаў, лютавалі горш фашыстаў: жанчын і дзяўчат перад растрэлам гвалтавалі, рэчы небарак дзялілі між сабой.

Пры гэтым у Азарычах расстрэльвалі не толькі мясцовых яўрэяў, а і звозілі сюды з навакольных паселішч. Па звестках нямецкіх архіваў, пры адступленні гітлераўскіх войск 26 кастрычніка 1943 года, каб схаваць сляды сваіх злачынстваў, у Азарычы прыбыла машына “душагубка” і нямецкая каманда ў колькасці 34 чалавек. На працягу 6 сутак яны выкопвалі з зямлі і спалілі ў так званай “печы” каля 4 тысяч трупаў, у асноўным яўрэйскага насельніцтва.

Фашысцкім мярзотнікам не было ніякай розніцы, каго ўбіваць: яўрэяў ці беларусаў. Яны ў адпаведнасці з планам “Ост” тварылі на акупіраванай зямлі свой жудасны баль. У студзені 1944 года, калі савецкія войскі ўжо стаялі ля межаў Азарыч, гітлераўскія карнікі спалілі ў мястэчку 280 сядзіб і забілі 487 мясцовых жыхароў. У лютым-сакавіку 1944 года непадалёку ад Азарыч і вёсак Дзерць і Падасінавік акупанты стварылі 3 лагеры смерці, куды пад выглядам эвакуацыі прывезлі з розных мясцін больш 50 тысяч грамадзян. Людзі ўтрымліваліся пад адкрытым небам, на абгароджаных калючым дротам пляцоўках, над імі учынялі масавыя здзекі, іх заражалі сыпным тыфам, інфекцыйнымі хваробамі, марылі голадам і холадам, пакінулі без вады. Да 20 сакавіка 1944 года – дня вызвалення Азарыцкага лагера смерці – у жывых у ім засталося толькі 33480 чалавек, з іх 15960 дзяцей да 13 гадоў.

Вызваленне было кровапралітным

Дарагой цаной дасталася вызваленне Азарыч ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Былы настаўнік і дырэктар Азарыцкай школы, гісторык-краязнаўца Уладзімір Лазаравіч Макатроў, які ўсё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню гісторыі Азарыч, вось што напісаў аб гэтым у сваім артыкуле “Баі за Азарычы былі крывапралітнымі”, надрукаваным у “Калінкавіцкіх навінах” 13 студзеня 2009 года:

“Каб забяспечыць абарону сваіх войск ад атак народных мсціўцаў і наступаючых часцей Чырвонай Арміі, гітлераўцы добра ўмацавалі Азарычы і іх наваколле, што і паслужыла прычынай доўгіх, упартых кровапралітных баёў у нашым краі, якія фактычна працягваліся з пераменным поспехам і перапынкамі з канца лістапада 1943 года да канца чэрвеня 1944 года. Азарычы неаднаразова пераходзілі з рук у рукі.

Удзельнік баёў на азарыцкім напрамку Расінскі В.І. расказвае, што Азарычы вызвалялі воіны 4-га Кубанскага корпуса 1-й конна-механізаванай арміі пад камандаваннем генерал-маёра Пліева ў снежні 1943 года, якія прарвалі фронт і дайшлі амаль да Акцябрскага, але вымушаны былі адступіць. І ў матэрыялах цэнтральнага архіва Міністэрства Абароны СССР адзначаецца, што на працягу 20-23 снежня 1943 года каля Азарыч 1071-ы знішчальна-супрацьтанкавы полк 65-й арміі вёў цяжкія наступальныя баі з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка ў цяжкіх балоцістых умовах. Але самыя паспяховыя баі па вызваленні Азарыч пачаліся пасля вызвалення Калінкавіч, калі паўночная група войск 65-й арміі разгарнуўшыся фронтам на захад фарсіравала раку Іпа і пачала наступаць у напрамку м.Азарычы. Завязаліся доўгія крывавыя баі мясцовага значэння, якія працягваліся да сакавіка 1944 года. У баях за вызваленне Азарыч і навакольных вёсак вызначыліся войскі 253-й, 354-й, 193-й стралковых дывізій. Выдатна дзейнічаў 685-ы полк 193-й стралковай дывізіі, якім камандаваў Герой Савецкага Саюза Андрэй Рыгоравіч Ніканаў. Пры ўпартым супраціўленні ворага на рацэ Іпа пад Рылавічамі ён сам са сцягам у руках павёў полк у атаку і атрымаў смяротнае раненне.

Аднак асноўную частку баёў за Азарычы і іх ваколіцы ўзялі на сябе часці 218-й Рамадана-Кіеўскай стралковай дывізіі, якая была сфарміравана 13 чэрвеня 1943 года.

У бой за канчатковае вызваленне Азарыч палкі 218-й дывізіі ўступілі 20 студзеня 1944 года. Выдатна дзейнічаў 372-і стралковы полк дывізіі пад камандаваннем А.Р.Рабава. Ён 20 студзеня нанёс удар па ворагу і  к 12.30 заняў паўднёвую ўскраіну Азарыч, а да 15.00 ва ўзаемадзеянні з іншымі палкамі дывізіі мястэчка было амаль ачышчана ад праціўніка. Завязаліся крывавыя баі з ворагам за канчатковае вызваленне Азарыч і навакольных вёсак, якія дывізія вяла да 28 лютага.”

У час бою за вёску Холма (цяпер гэта вуліца г.п.Азарычы) 27 студзеня 1944 года загінула Герой Савецкага Саюза Зінаіда Аляксандраўна Самсонава, санітарны інструктар 667-га палка 218 стралковай дывізіі. А на наступны дзень пры вызваленні вёскі Лясец загінуў Герой Савецкага Саюза яфрэйтар Аляксей Андрэевіч Лазуненка.

Аб крывапралітнасці баёў за Азарычы сведчыць той факт, што ў дзвюх братскіх магілах, якія знаходзяцца ў гарадскім пасёлку, пахавана 803 савецкіх воіна: па вуліцы Самсонавай – 229 і па вуліцы Бабруйскай – 574. Усяго ж у братскіх магілах вакол азарыч у радыусе 5-7 кіламетраў пахавана звыш 2 тысяч савецкіх воінаў 16 нацыянальнасцей СССР.

Азарычане і жыхары ваколіц свята захоўваюць памяць аб героях-вызваленцах: вёска Рыкавічы перайменавана ў Ніканава ў гонар загінуўшага героя-камандзіра, адной з вуліц пасёлка прысвоена імя Зінаіды Самсонавай, імем Аляксея Лазуненкі таксама будзе названа адна з вуліц пасёлка.

У 1960 годзе на брацкай магіле па вуліцы Бабруйскай устаноўлена скульптура савецкага воіна і мемарыяльныя пліты з імёнамі загінуўшых, у 1965 годзе помнік салдату і мемарыяльныя пліты былі ўстаноўлены на брацкай магіле па вуліцы Самсонавай. У школьных установах аформлены музеі, у чырвоныя даты календара на брацкіх магілах праводзяцца траурныя мітынгі. Па хадайніцтву савета ветэранаў 65-й арміі і 218-й стралковай дывізіі і па заказу СССР у былой Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы ў 1984 годзе быў пабудаваны маразільны траўлер тыпа “Атлантык-333”, якому прысвоена імя гарадскога пасёлка – “Азарычы”.

“Ад цемры да святла”

Школа ў жыцці кожнага паселішча – гэта асобная старонка. Нездарма вялікі Мендзялееў калісьці сказаў: “Школа складае агромную сілу, якая вызначае быт і лёсы народаў і дзяржавы”.

Як сведчыць “Памятная кніга Віленскай навучальнай акругі” 1880 года выдання, у 1865 годзе ў Азарычах адкрылася народнае вучы-лішча. Яно размяшчалася ў грамадскім доме і фінансіравалася з дзяржаўнай і сялянскай абшчыннай казны. У 1880 годзе ў вучылішчы навучаліся 34 хлапчукі і 5 дзяўчынак. З 1 кастрычніка 1878 года азарыцкіх дзяцей навучаў выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Ігнат Пятровіч Ліпніцкі. Закон Божы з 21 лютага 1869 года ў вучылішчы выкладаў мясцовы свяшчэннік, выпускнік Чарнігаўскай духоўнай семінарыі Мікалай Сямёнавіч Карповіч. З устанаўленнем Савецкай улады пачалася і перабудова сістэмы адукацыі ў краіне. Ля вытокаў стварэння школы новага тыпу ў Азарычах стаяў Кірыла Сысоевіч Лучкоў, які нарадзіўся ў 1894 годзе ў Рэчыцы і пасля заканчэння настаўніцкай семінарыі быў накіраваны на працу ў Азарыцкую царкоўна-прыходскую школу. Менавіта ён у 1918 годзе ўзначаліў аддзел адукацыі Азарыцкага валваенрэўкама. Гэта ён ператварыў царкоўна-прыходскую школу ў беларускую агульнаадукацыйную пачатковую пяцігодку, якая ў 1923 годзе была ператворана ў сямігодку. Гэта пры яго непасрэдным удзеле былі створаны новыя школы ў вёсках Азарыцкай воласці, а ў Азарычах яшчэ адкрыта і пачатковая яўрэйская школа. Гэта пры яго ўдзеле ў воласці пачалася ліквідацыя неадукаванасці мясцовага насельніцтва.

У 1936 годзе ў Азарычах адкрылася сярэдняя школа. Яўрэйская школа ў гэты год зліваецца з беларускай. З 1937 года Кірыла Сысоевіч – настаўнік біялогіі гэтай школы. З пачаткам вайны ён эвакуіруецца, а адразу ж пасля вызвалення вяртаецца ў Азарычы і ўзначальвае школу ізноў, займаецца яе аднаўленнем. З наступнага года – ён зноў настаўнік біялогіі і яшчэ на працягу дзевяці гадоў вучыць юных азарычан і перадае багаты свой жыццёвы і педагагічны вопыт маладым настаўнікам. За шматгадовую адданую працу на ніве адукацыі К.С.Лучкоў удастоіўся вышэйшай узнагароды СССР – ордэна Леніна. На жаль, у 1962 годзе выдатнага педагога не стала.

У даваенны перыяд пасля Лучкова школу ў Азарычах узначальвалі Залесін, Педрын і Гулло. У 1945 годзе з вёскі Сышчыцы ў Азарычы перавезлі будынак сельскага клуба пад школу. Яе ўзначаліў былы выпускнік М.С.Цяслюк, якога ў 1947 годзе змяніў Леанід Андрэевіч Штукар. У жніўні 1951 года яго пераводзяць дырэктарам Шацілкаўскай школы-інтэрната, а на яго месца прызначаюць гісторыка Мікалая Астапавіча Каліноўскага.

З 1953 года школу ўзначальвае на-стаўніца хіміі Валянціна Раманаўна Ігнацьева. У 1959 годзе яна паехала на радзіму – у Ленінградскую вобласць, а завуча школы Барыса Веніямінавіча Шагалава прызначылі загадчыкам райана Даманавіцкага раёна. Школу ўзначаліў гісторык Віталь Фёдаравіч Мішчанкоў, завучам стаў працаваць былы сакратар РК КПБ па сельскай гаспадарцы Захар Максімавіч Капыловіч. У студзені 1960 года школа справіла наваселле ў новым цагляным трохпавярховым будынку, у якім размяшчаецца і зараз.

Летам 1964 года школу ўзначаліў настаўнік рускай мовы Аляксандр Міронавіч Гаруля. Дзесяць гадоў кіраваў школай гэты выдатны педагог, а затым яго пераводзяць у Калінкавічы на пасаду дырэктара СШ №7.

Азарыцкую школу пасля яго даверылі  арганізатару пазашкольнай работы Уладзіміру Лазаравічу Макатрову, які дваццаць гадоў, аж да выхаду на заслужаны адпачынак, плённа кіраваў педагагічным і вучнёўскім калектывамі навучальнай установы, якая была лепшай сярод школ раёна.

У 1994 годзе школу ўзначаліла і сённяшні яе кіраўнік, выдатнік адукацыі Беларусі Таццяна Пятроўна Цяцерыч.

За мінулыя годы Азарыцкую школу закончылі каля трох тысяч азарычан і жыхароў навакольных вёсак, 81 чалавек атрымаў залатыя і сярэбраныя медалі. Многія выпускнікі школы сталі вучонымі, ваеннымі, спецыялістамі розных галін народнай гаспадаркі краіны. Вось толькі некалькі прыкладаў: Уладзімір Пігуль, выпускнік 1954 года – старшы выкладчык Беларускай эканамічнай акадэміі, Іван Бярдзічавец – выпускнік 1955 года – намеснік міністра меліярацыі Рэспублікі Беларусь, Віктар Ахраменка, выпускнік 1960 года – старшы выкладчык Белдзяржуніверсітэта, Іван Казакоў, выпускнік 1965 года – загадчык кафедры фізікі і матэматыкі Белдзяржуніверсітэта, Фёдар Панцялеенка, выпускнік 1966 года – першы прарэктар БНТУ, доктар тэхнічных навук, прафесар, Лідзія Прысыпкіна, выпускніца 1967 года – намеснік рэдактара “Народнай газеты”. Дзве выпускніцы школы: Вольга Смалюга (1963г.) і Соф’я Шах (1965г.) сталі паэтэсамі. Педкалектыў школы за поспехі ў выхаванні  неаднаразова станавіўся пераможцам раённых спаборніцтваў, удзельнікам і прызёрам ВДНГ СССР, адзначаўся разнастайнымі ўзнагародамі.

У гэтым, безумоўна, вялікая заслуга таленавітых педагогаў, якія працавалі і працуюць у гэтай навучальнай установе. Цяжка ў невялікім артыкуле пералічыць усіх паіменна, назавем толькі асобныя прозвішчы. Гэта настаўнікі пачатковых класаў Марыя Фёдараўна Бачура і Алена Апанасаўна Капыловіч, Таццяна Фёдараўна Шаблінская і Кацярына Міхайлаўна Быхавец, настаўнікі роднай мовы Марыя Рыгораўна Гаўрыленка і заслужаная настаўніца школ БССР Вольга Іванаўна Акулава, настаўніца рускай мовы Глафіра Самойлаўна Рудзько і настаўнік гісторыі Пётр Васільевіч Чарняўскі, выдатнікі асветы БССР, настаўніца фізікі і завуч школы Надзея Сямёнаўна Казакевіч (Антоненка) і настаўнік фізкультуры Рыгор Мікалаевіч Басякоў, завучы Мікалай Паўлавіч Бусел, Людміла Мікалаеўна Рудзевіч, Святлана Маісееўна Атрохава, настаўніца гісторыі Міхайлава Ірына Леанідаўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Мікалаеўна Стукач.

А з якім замілаваннем успамінаюць аб сваіх школьных гадах і настаўніках выпускнікі школы! Вось што піша, напрыклад, выпускніца-медалістка 1955 года Бусел Галіна Фёдараўна: “На маё шчасце рускую мову ў нас выкладаў заслужаны настаўнік УССР, узнагароджаны за педагагічную працу ордэнам Леніна Фоцій Ільіч Раманюк. Памятаю, як зараз, яго буйны мясісты твар з некалькімі розавымі бародаўкамі і акулярамі на носе, зусім белы ёжык коратка пастрыжаных валасоў, ватныя штаны, “бурачкі” з галошамі і целагрэйку, у якія ён, як правіла, быў адзеты. З целагрэйкі выглядаў варатнік касавароткі, заўсёды падвязаны тоненькім паяском. Маленькі, тоўсценькі, як калабок, ён заўсёды са спазненнем на 10-12 хвілін “укочваўся” у клас з заўсёды расшпіленым і набрыняўшым ад нашых сшыткаў партфелем, гаварыў “здрасце” і  “Ну, з чаго пачнем?” і пачынаў. У клас уваходзіла зачараванне. Гэта было свята душы і розуму, гэта была асалода, якая не перадаецца словамі. Сціраліся межы часоў і эпох, у клас “уваходзілі” і адчувальна станавіліся побач з намі і Пушкін з сябрамі-ліцэістамі, і адзінока сумуючы Лермантаў, і пакутуючы Някрасаў, і лірычны Ясенін. Але верхам цуда і асалоды для нас было чытанне ім чэхаўскіх п’ес у асобах. Яму  няважнымі былі нашы адзнакі, іх колькасць. Ён спяшаўся на кожным кроку падзяліцца з намі ўсім тым, што ведаў… баяўся не паспець, таму што яму было ужо за 60.

Гэта быў Настаўнік, адзначаны указкай Усявышняга.

Памятаю і іншых моцных настаўнікаў – Цылю Якаўлеўну і Эвеліну Тарасаўну Шапараву. Яны вучылі нас ана-літычна мысліць і рашаць задачы па алгебры і геаметрыі. Дзякуючы настаўніку чарчэння Макатрову У.Л., я палю-біла гэты прадмет і мне гэта вельмі спатрэбілася ў жыцці (Г.Ф.Бусел стала інжынерам – заўвага аўтара).

Дзякуючы Глафіры Самойлаўне Ру-дзеня, я і цяпер ведаю на памяць многія ўрыўкі з “Новай зямлі” Я.Коласа.”

Азарыцкая школа ганарыцца сваімі выпускнікамі-настаўнікамі Сапоненка Варварай Сямёнаўнай і Пуцілавай Нінай Сцяпанаўнай, Навіцкай Верай Уладзіміраўнай, Кішкурно Людмілай Якаўлеўнай, Маславай Вольгай Мікалаеўнай, Мельнікавай Наталляй Ула-дзіміраўнай, Шыкун Алай Валер’еўнай, тымі, хто прадоўжыў справу майстроў педагагічнай справы ў Азарыцкай раённай гімназіі (такі статус школа набыла ў 2007 годзе): выдатнікам адукацыі Беларусі Цяцерычам Генадзем Уладзіміравічам, Савянковай Аленай Васільеўнай, Жыткаўцом Сяргеем Васільевічам, Міргарад Святланай Рыгораўнай, Жыткавец Наталляй Іванаўнай і іншымі.

На ахове здароў’я

У 2006 годзе Азарыцкая ўчастковая бальніца адзначыла сваё стагоддзе, хаця аказанне медыцынскай дапамогі азарычанам і жыхарам воласці пачалося задоўга да адкрыцця стацыянарнай лячэбнай установы, пачатак будаўніцтва якой быў пакладзены ў 1904 го-дзе. Завяршыць яго планавалася на наступны год, аднак, як сведчыць справаздача Мінскага губерн-скага кіравання: “Застаўшыйся неадкрытым у 1905 годзе ўрачэбны ўчастак у м.Азарычы Бабруйскага павета адкрыты 2 мая 1906 года (21 красавіка па новаму стылю). Мястэчка, як вядома, стаяла на бойкім Бабруйскім паштовым тракце і пакутавала як ад уласных хвароб (сухоты, тыф, скарлаціна, малярыя), так і прывазных з іншых месц (воспа, халера). Першыя пастаянныя лекары пры Азарыцкай паштовай станцыі паявіліся ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Напрыклад, у спісе фельчараў Бабруйскага павета за 1866 год указана, што ў Азарычах на гэтай пасадзе ўжо некалькі гадоў знаходзіцца “… Мордух Лейбов Ровман”.

У 1887 годзе ў Расійскай імперыі было прынята “Палажэнне аб сельскай медыцыне”, якое зацверджвала яе новую структуру і фармальна адмяняла плату за лячэнне. У Азарыцкай воласці ў той час была адкрыта сельская лячэбніца з амбулаторным прыёмам, якая размяшчалася ў наёмным памяшканні. Напрыклад, толькі ў 1890 годзе ў гэтай лячэбніцы была аказана дапамога 886 жыхарам мястэчка і навакольных вёсак.

У 1896 годзе прыватнік Мейер Райхлін адкрыў у Азарычах першую аптэку.

А ўжо ў 1903 годзе ў мястэчка з’явіўся першы ўрач – выпускнік медыцынскага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Г.Б.Завадскі, хірург па спецыяльнасці.

У той час ад заразных хвароб паміраў кожны другі паляшук, кожны трэці-чацвёрты – ад іншых хвароб. Таму спадчыну малады доктар атрымаў непрывабную. Больш таго, пасля бліскучай Варшавы Азарычы ўяўлялі сабой больш чым незайздроснае месца пражывання. Толькі пачынаючы доктар разам са сваім адзіным памочнікам – фельчарам А.К.Тарашкевічам з вялікім энтузіазмам узяўся за справу. Ён дайшоў да Мінскага губернскага кіравання, дабіўся выдзялення грашовых сродкаў на будаўніцтва ў Азарычах бальніцы. Вялікую фінансавую дапамогу ў гэтай справе яму аказаў апошні землеўладальнік Азарыч, камандзір лейб-гвардыі Прэабражэнскага палка Рыгор Аляксандравіч Лашкароў.

У 1920 годзе Завадскі ва ўмовах грамадзян-скай вайны вымушаны быў пакінуць мястэчка, далейшы яго лёс невядомы. У гады таго ліхалецця будынак бальніцы, на шчасце, ўцалеў і работа яе з устанаўленнем Савецкай улады аднавілася.

У 1924 годзе, напрыклад, у бальніцы ўжо працавала 9 медработнікаў, з іх 3 – урачы. Узначальваў бальніцу доктар Кацнельсон.

Перад Вялікай Айчыннай вайной начале бальніцы быў урач Шахраеў, якога старэйшае пакаленне мястэчка ўспамінае як цудоўнага спецыяліста і паслухмянага чалавека. Бальніца ў той час мела статус раённай, у ёй працавалі два ўрачы і 19 сярэдніх медработнікаў.

Пасля вызвалення Азарыч на базе мясцовай бальніцы нейкі час размяшчаўся франтавы шпіталь, а затым пацыентамі яе зноў стала цы-вільнае насельніцтва. На працягу 15 гадоў з 1946 года бальніцай кіраваў урач Л.Г.Гатаў. Пад яго кіраўніцтвам у Даманавіцкім раёне была ўзноўлена сетка медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, а Азарыцкая бальніца да 1956 года расшырылася да 100 коек. У медустанове працавала 8 урачоў і 106 чалавек сярэдняга медыцынскага і тэхнічнага персаналу.

З 1961 па 1966 год бальніцай кіраваў шырока вядомы ў Гомельскай вобласці урач А.П.Лебе-дзяў. Вялікі ўклад у развіццё аховы здароўя і медыцынскай установы ў Азарычах  унеслі ўрачы В.М.Карась, А.А.Ільяш. Апошні ўзначальваў калектыў бальніцы каля чвэрці стагоддзя. Гэта ён кіраваў будаўніцтвам новых карпусоў Азарыцкай участковай бальніцы, якая ўступіла ў строй у 1994 годзе. З 2004 года глаўурачом бальніцы працавала Славецкая Антаніна Міхайлаўна, затым яе змяніла Бадэнка Таццяна Міхайлаўна.

Сёння ў Азарычах працуе 4 урачы і 70 работнікаў сярэдняга медыцынскага і тэхнічнага персаналу.

Гады аднаўлення і развіцця

Вайна зруйнавала Азарычы амаль дашчэнту. Жылыя дамы жыхароў, дзяржаўныя будынкі, маёмасць калгаса, арцеляў – амаль усё было разбурана і знішчана. Толькі азарычане, як і ўвесь беларускі народ, не ўпалі ў адчай. Самае галоўнае збылося, акупанты былі выгнаны з роднай зямлі, таму ўсе, ад старога да малога, узяліся за ўзнаўленне разбуранага вайной. Ужо да пачатку 50-х гадоў Азарычы былі адноўлены. Мястэчка з дня вызвалення і да 20 студзеня 1960 года працягвала з’яўляцца цэнтрам Даманавіцкага раёна. У Азарычах мясціліся ўладныя структуры, віравала жыццё. Подле перапісу насельніцтва 1959 года у мястэчку пражывала 1799 жыхароў. З 17 лістапада 1959 года Азарычы атрымалі статус гарад-скога пасёлка. Замест ліквідаванага Азарыцкага сельсавета быў створаны пасялковы Савет дэпутатаў працоўных. Азарычы ўвайшлі ў склад Калінкавіцкага раёна.

Па стану на канец 1965 года ў гарпасёлку налічвалася 848 прыватных жылых дамоў, 20 дзяржаўных і грамадскіх пабудоў, пражывала 1850 чалавек. Вытворчая і сацыяльная сфера Азарыч складалася з саўгаса “Азарычы”, маслазавода, лясгаса, хлебапякарні, цэха камбіната бытавога абслугоўвання, сельпо, 8 магазінаў, 3 сталовых і буфета, бальніцы, дзіцячага сада, сярэдняй школы, Дома культуры, бібліятэкі, аддзялення сувязі, ашчадбанка, аптэкі, лазні, дапаможнай школы-інтэрната.

З цягам часу знешні воблік гарадскога пасёлка Азарычы змяніўся ў лепшы бок. Людзі будавалі новыя дамы, новае жыллё узводзіла і мясцовая гаспадарка, адбудоўваліся новыя офісы і будынкі розных дзяржаўных устаноў. Толькі для чарнобыльскіх перасяленцаў у 1991-1995 гадах былі ўзведзены мураваныя дамы на 148 сем’яў.

Ішоў час – мянялася структура вытворчай і сацыяльнай сферы пасёлка. У нябыт адыходзіла адно, на змену прыходзіла другое Напрыклад, сёння ўжо няма Азарыцкага лясгаса, засталося толькі лясніцтва, знік і маслазавод пасля ўзвядзення ў строй у Калінкавічах буйнога малочнага камбіната. Затое ў студзені 1991 года быў створаны Азарыцкі ўчастак Калінкавіцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які з 1 сакавіка наступнага года стаў самастойнай арганізацыяй жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У жніўні 1998 года ў склад ЖКХ г.п.Азарычы ўвайшло і аб’яднанне кацельняў і цеплавых сетак, якія цяпер называюцца КУП “Калінкавіцкі райжылкамгас”. Гэтая арганізацыя, цэнтр якой месціцца зараз у Азарычах, абслугоўвае разнастайнымі камунальнымі паслугамі практычна ўвесь Калінкавіцкі раён, за выключэннем горада. Да красавіка 2002 года арганізацыю ўзначальваў Віктар Сцяпанавіч Барысенка, зараз “Калінкавіцкім райжылкамгасам” кіруе Уладзімір Мікалаевіч Салаўянчык.

Яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя ў гарпасёлку заасфальтаваны ўсе 16 вуліц, прайшла рэканструкцыя ліній электраперадач, значна расшырылася водаправодная сетка, па цэнтральнай і Бабруйскай вуліцах пракладзены тратуары, пабудаваны дабротныя будынкі дзіцячага сада, гарпасялковай бальніцы, пасялковага Савета і г.д.

Значны ўклад у гэту работу зрабіў папярэднік Уладзіміра Кірылавіча Гука, сённяшняга старшыні пасялковага Савета, Раман Альбертавіч Коркуць. Шмат ужо зроблена і Уладзімірам Кірылавічам, які з 1987 па 1995 год быў дырэктарам саўгаса “Азарычы”, а затым да сённяшняга дня ўзначальвае Азарыцкі пасялковы Савет. Гэта ўжо пад яго кіраўніцтвам Азарычы сталі ў 2008 годзе аграгарадком, капітальна адрамантавалі свае вуліцы, устанавілі новыя жалезабетонныя платы, зрабілі еўрарамонт дзяржаўных будынкаў, уквеціліся і абупарадкаваліся, працягваюць прыгажэць далей. Гэта пад яго кіраўніцтвам Азарычы двойчы станавіліся пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва па добраўпарадкаванні сярод гарпасялковых Саветаў Рэспублікі. На сёння ў Азарычах пражывае 1326 чалавек і налічваецца 590 домаўладанняў. Па-ранейшаму тут працуюць калектывы КСУП “Азарычы”, КУП “Калінкавіцкі райжылкамгас”, лясніцтва, філіял Калінкавіцкага райспажыўтаварыства, участковай бальніцы, раённай гімназіі, дапаможнай школы-інтэрната, дзіцячага сада, аптэкі, аддзяленняў сувязі і філіяла “Беларусбанк”, бібліятэкі, Дома культуры і г.д.

У нашай рэспубліцы існуе спецыяльная праграма развіцця малых гарадоў, у адпаведнасці з якой і будзе ажыццяўляцца далейшае развіццё Азарыч. Нягледзячы на сённяшнія цяжкасці, выкліканыя сусветным фінансавым крызісам, развіццё гэта будзе насіць толькі станоўчы характар. У першую чаргу гэта праграма, як, дарэчы,  і многія Указы Прэзідэнта, накіраваныя на актывізацыю развіцця дзейнасці прадпрымальнікаў, адкрыццё прыватных уласных прадпрыемстваў, стварэнне новых рабочых месц, развіццё сферы паслуг насельніцтву, добраўпарадкаванне населенага пункта.

У г.п.Азарычы і яго жыхароў добрая перспектыва ў руху наперад. Есць добрая заканадаўчая база, якая дазваляе гэта зрабіць, справа за малым – ініцыятывай знізу. Так што, наперад азарычане!

Іван ГАРЫСТ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.