Горбовичи

Паветра тут грае, малодзіць,
І час нетаропка ідзе.
Тут людзі заўсёды прыходзяць
У радасці, горы-бядзе.
Жыццё тут размерана, значны
Да ўсякай пары падыход.
Зямлі і надвор’ю ўдзячны
Святы, працавіты народ.
Тут радасць так шчыра спявае
І ў горы лягчэй гараваць,
Душа не баліць – ажывае
І хочацца жыць – не ўміраць.
Тамара Века

Княжацкая ўласнасць

На паўночным захадзе ад Калінкавіч, усяго ў адзінаццаці кіламетрах, размясцілася вёска Гарбавічы, якой, як і раённаму цэнтру, у 2010 годзе споўніцца 450 гадоў з першага летапіснага ўспаміну. Як сведчаць дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, у 1560 годзе землямеры Валовіч і Нарушэвіч здзейснілі абмежаванне княжацкіх вёсак Мазырскага павета, у які ўваходзілі і Гарбавічы, як паселішча Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Вось што гаворыцца ў гэтым дакуменце:

“Ад ракі Прыпяці рэчкай Ненач уверх да броду Коўні, ад яго да балота Лазковага, гэтым балотам і борам у рэчку Ненач, уверх да ўрочышча Закавоня, адтуль лесам у Ператок, ад таго Ператоку праз рэчку Сытніцу на селішча Пуцілаўскае, адтуль рэчкай Лабуць уніз у раку Прыпяць, Прыпяццю ўверх да рэчкі Ненач, адкуль мяжа пачыналася. Плошча гэтага грунта ад урочышча таго сяла паведамілі, што ў гэтым абрубе Воўчай асокі да рэчкі Ненач ўздоўж на 8 вёрст, а ў поперак Старога Селінга да брода Каўкі на 8 вёрст. Падданыя гэтага сяла паведамілі, што ў гэтым іх абрубе ў астраўку Сіцінскім падданыя той жа воласці Мазырскай сяла Гарбо-вічы маюць здаўна асобныя ўваходы да дрэва бортнага. Падданыя таго ж сяла маюць уваход сваё дрэва бортнае на востраве Неначы сумесна з Гарбовічамі і Дудзічамі. Плошча таго вострава ад Перавіты да вострава Пячэрскага ўздоўж на вярсту, а ўпоперак на тры палёты стралы. Другі востраў Загалле супольны з Гарбовічамі. Плошча гэтага вострава ад Нівы Старой да Неначы ўздоўж на вярсту, а ўпоперак на палову вярсты.”

Як відаць з дакумента, Гарба-вічы, як, дарэчы, і шматлікія іншыя вёскі Палесся таго часу размяшчаліся на востраве (ці астравах), вакол якіх былі непралазныя лясы, ды топкія балотныя багны. Акрамя земляробства, паляўніцтва ды рыбнай лоўлі, старажытныя гарбаўчане  займаліся бортніцтвам (пчалярствам).

Каталізацыя

Як вядома, у XVIII стагоддзі на беларускім Палессі многія землеўладальнікі падтрымалі набіраўшы сілу працэс акаталічвання мясцовага насельніцтва.

Архіўныя дакументы данеслі да нашых дзён сведчанне гэтага працэсу, які тычыўся канкрэтных падзей у вёсцы Гарбавічы. Уладальнік вёскі Ян Аскерка 4 студзеня 1769 года зрабіў адпаведны запіс аб стварэнні ў Гарбавічах уніяцкай царквы і выдзяліў для гэтага адпаведныя сродкі і ўказанні. Вось што запісана ў гэтым дакуменце:

“Я, Ян Аскерка, шамбялян я.к.м., падстолі павету Мазырскага, капітан войск цэсарскіх. Яснавяльможнаму ксяндзу Брыю Булгаку. Па майму ўласнаму жаданню даводжу да ведама, што ў маім дзедзічным ключы Гарбавіцкім з атыненцыямі, што ў павеце Мазырскім, жадаем мець царкву грэка-каталіцкую. Каб у ёй пры выкананні святых сакраментаў хвалу належным парадкам паводле абраду царквы ўсходняй, з Рымам злучанай, адпраўлялі і падданым належная карысць аб супакаенні іх душ быць магла. Дзеля гэтага вялёбнага айца Юрыя Каранеўскага да той царквы абраў, каб мець яго за пастара мясцовага. Каб царква магла быць з усімі прыналежнасцямі, надаю землямі на тры полі ўраджаем вагой на 9 бязменаў з пашай і сенажацямі, дачаю далучаю і сенажаць Міхалчоўскую ў Пяройме на новае селішча, у тым ліку зямельны ўчастак, засеяны жытам на 17 асьмін. Таксама дазваляю вольны уступ для лоўлі рыбы ў рэках, рэчках і азёрах кашамі і асецямі, ды адлоў ваўкоў. На патрэбу вышэй памянёнага вялебнага айца Юрыя Каранеўскага ў маім дворным бровары дазваляю карыстацца. Для лепшай падтрымкі царквы ключы Гарбавіцкія паступаю і дазваляю ад кожнага майго падданага, які належыць да гэтай парафіі, штогадовую ссыпку атрымліваць, каб на кожны год агулам ад усіх сялян атрымоўвалася жыта 30 асьмін, аўса 20 асьмін, ячменю 10 асьмін. Плебанію з усім начыннем я маю збудаваць сваім коштам, а таксама свіран, абору, гумно і адрынамі і іншымі прыналежнасцямі. Згаданы айцец Каранеўскі штотыдня мае адпраўляць адну святую імшу за фундатара, каб ад падданых не было ані-якіх скаргаў, дазваляю браць як ад шлюба і пахавання з парафіян плату паводле мажлівасці.

Прашу яснавяльможнага дабра-дзея сваей пастарскай уладай да згоднай царквы ключа Гарбовіцкага гэтага, а не іншага святара зацвердзіць. На што даючы дадзеную прэзенту разам з фундушом для большага ўмацавання пры пячатцы рукою маёй падпісваюся.

Дадзены ў Гарбавічах 1769 года дня 4 студзеня

Ян Аскерка, шамбялян, падстолі павету Мазырскага, капітан войск цэсарскіх.”

Памежныя спрэчкі

Згодна метрыкі караля Жыгімонта II Аўгуста ў 1572 годзе Гарбавічы знаходзіліся ў валоданні Мазырскага земскага віцэ-суддзі Стэфана Лавейкі. Паколькі ў той час узнікла спрэчка паводле сапраўдных межаў і прыналежнасці Гарбавіч, то захаваўся дакумент, які раставіў усё на свае месцы. Гэта быў адказ з боку стражнікаў Вялікага Княства Літоўскага Марыі і Рафаіла Аскеркаў па мяжовай справе па маёнтку іх Горбавічы з Багрымавічамі, ці Каленкавіцкім староствам датаваны 1582 годам. Вось вытрымкі з гэтага дакумента:

“… Волович с Нарушевичем в 1560 г. октября 8-го дня установили Горбовицкую границу, сказали ясно, что Горбовиче, начиная от Бобровицкой межи, простираются к реке Припети, Припетью вверх и так далее: из чего очевидно, что Горбовиче ни с кем иным были смежные рекою Припетью, как только с самим городом Мозыром. Если Каленковицкому староству или кому-либо в степени его угодно оспоривать сию правду, то последнейшее комиссарское решение в 1582 г. июня 30-го дня состоявшееся и решение короля Стефана в том же году августа 22 дня последовавшее, не дозволяет оспаривать сию правду. Итак, Мозырский земский вице-судья Стефан Григорьевич Ловейко, получив от короля Польского Стефана привилегию на вечное владение Горбович со всеми принадлежностями сей деревни, не исключая ничего из ея пространства, по словам сей привилегии вел рекою Припятью межу с городом, в чем, когда Мозырские мещане, по силе пользования ими издревле на сей стороне реки Припети сенокосом ему препятствовали, тогда он после долгих с ними споров обратился с просьбою о прислании на разрешение сего спора комиссаров: когда это было исполнено, присланные комиссары заметили ошибки прежних комиссаров Воловича и Нарушевича, в том, что они эти сенокосы как для Горбович, так и для города Мозыра описали в своем ограничении и потому в 1582 г. июня 30-го дня отослали все это на рассмотрение самого Всепресветлейшего короля, которое то решение, хотя было читано при объяснении дела, однако же для большаго в том убеждения, повторяю чтение оного…”

Паколькі памежныя спрэчкі за Гарбавічы доўжыліся амаль два стагоддзі, у 1743 годзе кароль польскі і князь Літоўскі Аўгуст III вымушан быў зноў пацвердзіць, што фольварк Гарбавічы з вёскай з 1580 года належыць Стэфану Лавейку. Цікава тое, што гэты дакумент засведчвае дакладна колькасць двароў, якая была ў Гарбавічах у 1580 годзе – дваццаць пяць.

Назвы, як сведкі даўніны

Вакол любой вёскі знаходзіцца шмат урочышчаў ці мясцін, якія маюць адметныя назвы і паходжанне якіх мае даўні, старажытны след. Мяркуючы па гэтых назвах, можна скласці адпаведны малюнак аб жыцці і занятках былых насельнікаў вёскі, яе старажытнасці.

Шмат цікавых назваў захавалася і ля Гарбавіч, ля навакольных вёсак. Вось некаторыя з іх і тлумачэнне паходжання гэтых мікратапонімаў.

Возера. Поле за рэчкай, якая ў паводку вельмі разлівалася і на ім доўга стаяла вада. Раней, па сведчанню старажылаў, там было балота, а яшчэ раней, відаць, і сапраўды было возера.

Вязынкі. Ускраек лесу, які раней быў густа зарослы лазой. Там вяскоўцы вязалі венікі, дралі кару на лапці і кошыкі.

Вольха. Поле за Гарбавіцкай фермай, якое раней было заросшае альховым лесам.

Гарэлы мох. Мясціна за Гарбавічамі, за аўтапаркам. Былое тарфяное балота, выпас, выгарэлы мох. Цяпер яно напалову зарасло.

Грэбля. Цяпер гэта вуліца Зарэчная. А раней тут праходзіла насыпаная і ўмацаваная драўлянымі жэрд-камі дарога.

Залезнае. Жалезная гара. Узвышанасць непадалёку ад вёскі Шыічы, каля ракі. Вельмі даўно там здабывалі балотную руду.

Жараўка. Тарфяное балота, якое выгарэла ў час пажару і стала рудым торфам, “жаркі”, як казалі сяляне.

Клюкаўка. Тарфяное поле. Раней было неасушаным балотам, на якім раслі журавіны.

Гарадзінка. Мясціна ў лесе за Турцэвічамі, каля пашы. Земляны вал, які нагадвае агароджу, сховішча ад ворага.

Купча. Мясціна ў лесе на мяжы Якімавіч і Гарбавіч. Там стаяў панскі маёнтак, які пан прадаў згодна дагавора-купчай.

Мядзведаўка. Мясцовасць у лесе на захад ад Гарбавіч. У даўніну там размяшчаліся борці (калоды пчол), да якіх вельмі былі ласыя мядзведзі, што вадзіліся ў тыя часы. Ратаваліся пчаляры ад іх нашэсцяў убітымі ў дрэвы жалезнымі прутамі.

Чыстуха. Вялікае пясчанае поле, неўрадлівае.

Фама Палазнік

Фама Іванавіч Палазнік быў чалавекам малаадукаваным. Усё сваё жыццё працаваў кавалём. Са звычайнага кавалка жалеза мог зрабіць усё: матыку, акучнік, серп, плуг, што хочаш.

Вярнуўшыся з фронта ён зноў узяўся за сваю любімую справу. Але па жаданню аднавяскоўцаў, нягледзячы на беспартыйнасць і адсутнасць нават пачатковай адукацыі, быў абраны старшынёй калгаса “ІІІ з’езд калгаснікаў”, які ўтварыўся ў Гарбавічах яшчэ ў 1930 годзе. Да Фамы Іванавіча пасля вайны ўжо паспелі пакіраваць калгасам і Змушка Міхаіл і Прышчэп (сёння старажылы ўжо нават імёны іх і імёны па бацьку не згадаюць), але справы былі дрэнь: ні цяглавай сілы, ні насення, ні інвентару, не гаворачы пра тое, каб пад’есці ўдоваль.

Фама Палазнік меў цудоўную сялянскую закваску, прыродай падоранае гаспадарчае вока, добрыя чалавечыя якасці і арганізацыйныя здольнасці. Добра ведаў стан усіх зямель вакол Гарбавіч. Узначаліўшы калгас, ён першым чынам паехаў у заходнюю частку краіны і закупіў коней. Небяспечная гэта была экспедыцыя. Усе разлікі ў той час праводзіліся наяўнымі, а грошы правезці – вялізную суму – было няпроста. Крымінальны свет, нягле-дзячы на строгія законы, у той час быў крайне нахабным, крыважэрным і бязлітасным. Фама Іванавіч адпусціў бараду, пераапрануўся пад жабрака, грошы схаваў у палатняную торбу, набітую рыззём, узяў з сабой пяцярых маладых, дужых і надзейных калгаснікаў і рушыў у дарогу. Частку яе праехалі поездам, частку – прайшлі пехатой. Прыходзілася ў дарозе начаваць у прыватных хатах. Торбу з грашыма Фама Іванавіч нядбайна кідаў пад лаву, а сам ноччу з яе вачэй не зводзіў, каб, не дай Бог, не ўкралі. Такім чынам, да неабходнага месца дабраліся паспяхова, закупілі коней і сваім ходам прыгналі іх дамоў.

Фама Іванавіч здолеў і значна павялічыць у гаспадарцы пагалоўе валоў, што дало магчымасць не выкарыстоўваць людзей у якасці цяглавай сілы. З пяці гадзін раніцы да поўдня валамі і коньмі аралі калгаснае поле, а пасля абеду надзелы вяскоўцаў. Дзякуючы умеламу размеркаванню севазвароту сельгаскультур калгас пры Палазніку пачаў атрымліваць высокія ўраджаі. Упершыню калгаснікі ў пасляваенны час пры Фаме Іванавічу пачалі атрымліваць за працадзень па 600-800 грамаў збожжа, замест 100-200 грамаў, як было раней.

Неадукаваны старшыня Фама Палазнік валодаў самымі высокімі чалавечымі якасцямі. Старажылы Гарбавіч і дагэтуль ведаюць мноства прыкладаў гэтага з жыцця Палазніка. Вось адзін з іх. У тыя цяжкія пасляваенныя гады людзі пакутавалі не толькі з-за пасляваеннага разбурэння, а і з-за шматлікіх сталінскіх законаў, якіх інакш, як драконаўскімі, назваць нельга. Аднойчы жыхарка вёскі Сулік Ганна Карпаўна, муж і брат якой загінулі на фронце, а на ўтрыманні яе знаходзілася трое дзяцей і хворая маці, даведзеная да адчаю, што сям’я пухне з голаду, пайшла на калгаснае поле і нарвала каласкоў жыта, што ў той час лічылася найцяжэйшым злачынствам. Вартаўнік злавіў яе і прывёў у калгасную кантору. Фама Іванавіч падзякаваў вартаўніка за пільнасць па ахове калгаснага дабра і адпусціў яго, а Ганне Карпаўне сказаў: “Ты зрабіла гэта па вялікай патрэбе, але паколькі вартаўнік злавіў цябе, я абавязаны паведаміць аб гэтым у міліцыю і ты атрымаеш не менш 10 гадоў турмы. Таму з’язджай з вёскі куды-небудзь падалей на некалькі гадоў, пакуль усё забудзецца, а дзяцей тваіх і маці калгас не забудзе.” Жанчына прыслухалася да парады: з’ехала некуды, працавала па найму, затым вярнулася, расціла дзяцей, працавала ў калгасе.

…Праз нейкі час з-за адсутнасці партыйнага білета Фама Палазнік  вымушаны быў вызваліць старшынёўскую пасаду, але яшчэ шмат гадоў займаўся любімай кавальскай справай. А калгас тым часам, пры новым партыйным кіраўніцтве рэзка пакаціўся ўніз, калгаснікі доўга яшчэ атрымоўвалі па 200-300 грамаў зерня на працадзень і добрым словам успаміналі Палазніка.

Фама Іванавіч пражыў доўгае і добрасумленнае жыццё: ніколі не піў, не курыў, дарогу нікому не пераходзіў. Разам з жонкай нарадзілі і выхавалі чатырох дзяцей. І памёр ён ва ўзросце больш за 90 гадоў.

Абаронцы Айчыны

68 гарбаўчан аддалі свае жыцці на франтах Вялікай Айчыннай вайны за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы.

З першых дзён вайны многія жыхары вёскі ўступілі ў непрымірымую барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Напрыклад, камсамолец Змушка Мікалай Пятровіч, член калінка-віцкай падпольнай маладзёжнай групы “Смугнар”, быў схоплены фашыстамі і загінуў пакутлівай смерцю. Яго бацька, камуніст Пётр Васільевіч Змушка, які да вайны быў старшынёй калгаса, пасля гібелі сына пайшоў у партызанскі атрад.

Ардэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны і медалём “За адвагу” адзначаны баявы шлях партызанскай сувязной і разведчыцы Змушка Вольгі Якаўлеўны.

Франтавік Змушка Дзмітрый Пятровіч, удзельнік фінскай вайны і вайны з немцамі, вярнуўся дамоў без нагі, аднак да самай пенсіі працаваў кладаўшчыком у калгасе, сумленна ахоўваючы грамадскае дабро. Разам з жонкай выхаваў трох цудоўных дзяцей.

Змушка Сямён Аляксандравіч прайшоў дзве вайны – фінскую і з немцамі. Вярнуўся дамой з цяжкім раненнем галавы і ордэнам Славы III ступені. Усё жыццё аберагаў калгаснае дабро. З жонкай вырасцілі і выхавалі пяцярых дзяцей.

З першых дзён на фронце знаходзіўся і Кіцук Васіль Іванавіч. Артылерыст-мінамётчык пад Ржэвам быў цяжка паранены. Яшчэ два цяжкіх раненні прыйшлося перанесці адважнаму байцу за вайну. Два ордэны Чырвонай Зоркі і сем баявых медалёў – адзнака яго ратнай працы.

Дастойна абаранялі Радзіму і Змушка Міхаіл Іванавіч, і Змушка Павел Іванавіч. Першы на фронце з ліпеня 1941 года па сакавік 1945, другі —  з 1944 па 1945. Абодва ўзнагароджаны ардэнамі Чырвонай Зоркі. Гэтай жа ўзнагародай адзначаны і баявы шлях Суліка Васіля Міхайлавіча.

Дастойна змагаліся з ворагам франтавікі Кандратовіч Міхаіл Сяргеевіч, Губар Гаўрыла Іванавіч, Сулік Аляксандр Філімонавіч, Палазнік Мікалай Самонавіч, Сулік Дзмітрый Васільевіч,  многія іншыя.

Сёння гэтых герояў былой вайны ўжо няма. Узрост і баявыя раны бяруць сваё. У жывых засталіся толькі двое: Турцэвіч Міхаіл Іванавіч і Сулік Аркадзь Рыгоравіч. На жаль, Аркадзь Рыгоравіч вельмі слабы, пагутарыць з ім не давялося. А вось Міхаіл Іванавіч, хаця таксама ўжо цяжка хворы, да таго ж амаль невідушчы, трымаецца бадзёра.

Дарэчы, Міхаіл Іванавіч увогуле і не Міхаіл, нарадзіўся і хрысціўся ён Максімам. Міхаілам стаў на фронце, пасля цяжкага ранення, якое вывела яго са строю ў г.Калініне, у 1942 годзе, у час цяжкіх баёў на подступах фашыстаў да Масквы, і ледзь-ледзь вярнула ў строй толькі ў канцы 1945 года. Амаль тры гады праваляўся па шпіталях парублены на кавалкі асколкамі міны адважны баец, які ўжо ў 1942 годзе меў ордэн Чырвонай Зоркі, што ў той час было вялікай рэдкасцю. Адвазе і мужнасці Міхаіла Іванавіча вучыў яго бацька, які пасля грамадзянскай вайны ажаніўся на ўдаве, якая стра-ціла на фронце мужа-чырвонаармейца. Узяў жанчыну з хлопчыкам, якога звалі Мікалаем. Так і выхоўваліся ў адной сям’і двое хлопцаў: Мікалай Фёдаравіч, 1914 г.н., і Максім (Міхаіл) Іванавіч, 1921 г.н. Старшы брат па маці лейтэнант Мікалай Турцэвіч у час вайны з фінамі геройскі загінуў, забяспечваючы кулямётам адыход сваіх ад насядаўшага ворага. Гэта менавіта ў яго гонар вёску Каўбасічы перайменавалі  ў Турцэвічы – у імя свайго земляка першага Героя Савецкага Саюза ў Калінкавіцкім раёне.

Яны выратавалі вёску

У гады вайны ў Калінкавіцкім раёне фашысты часткова альбо цалкам  спалілі больш сарака населеных пунктаў: у Азарычах з 357 двароў -280, у Боруску — усе 142, у Вялікіх Аўцюках з 490-290, у Дзеравішчы – усе 62, у Зеляночах – усе 135, у Савічах з 276-253, у Хобным — усе 200 і г.д. Гітлераўскія вылюдкі расстралялі, спалілі і замучылі па раёну 3022 мірных жыхароў, як сведчаць аб гэтым акты расследавання фашысцкіх зладзействаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У Гарбавічах не было спалена ні аднаго падворка, загінула толькі трое жыхароў. Што гэта – цуд? Ці нейкая Божая воля?

Хутчэй за ўсё мудрасць людзей, якія ў той час воляй лёсу выконвалі ролю буфера і амартызатара паміж акупацыйнымі ўладамі, насельніцтвам і партызанамі.

У многіх паселішчах Беларусі такую ролю наканавана было выканаць бургамістрам і старастам. Пэўная частка іх верай і праўдай служылі захопнікам, многія ж думалі аб тым, як дапамагчы сваім аднавяскоўцам, землякам перажыць цяжкі час.

Калі фашысты 22 жніўня 1941 года акупіравалі Гарбавічы, на першым жа сходзе вяскоўцаў яны па жаданню гарбаўчан старастай вёскі назначылі Змушку Паўла Сцяпанавіча — працалюбівага, паважанага і аўтарытэтнага ў вёсцы чалавека, які меў немалую сям’ю.

Яшчэ ў 20-я гады ён пабудаваў прасторны новы дом, але так і не перабраўся ў яго з сям’ёю, у вёсцы не было будынка школы, каб вучыць мясцовую дзетвару, дык Павел Сцяпанавіч перадаў свой дом пад школу, а вечарамі ён выкарыстоўваўся як клуб, сам жа з сям’ёй туліўся ў ранейшай халупе.

У Гарбавічах, як вядома, жылі і камуністы, і камсамольцы, яўрэі. Колькі немцы не дапытваліся пра іх наяўнасць у старасты, той ніводнага не выдаў, рызыкуючы жыццём сваім і сваіх дзяцей. Вёску штоноч наведвалі і партызаны, але і пра іх вораг не даведаўся.

Тройчы на працягу вайны немцы ачаплялі Гарбавічы з мэтай іх знішчэння і кожны раз старастам Змушку Паўлу Сцяпанавічу, а пасля змяніўшаму яго на гэтым пасту Змушку Апанасу Рыгоравічу, які стаў старастам па заданню партызан, удавалася пераканаць немцаў у непавіннасці гарбаўчан. Асабліва небяспечным склалася становішча ў ліпені 1943 года. Вось што ўспамінае аб гэтым Змушка Міхаіл Паўлавіч, старшыня ветэранскай арганізацыі Гарбавіцкага сельсавета: “ Фашысты з закасанымі рукавамі і аўтаматамі наперавес, з сабакамі і паліцаямі ачапілі ўсю вёску, а жыхароў сагналі ў цэнтр яе. Старых і жанчын з малымі дзецьмі звозілі на аўтамашынах. Мая маці мяне і малодшую сястру Ніну пасадзіла ў кузаў і ўціснулася сама. Нас прывезлі, маці высадзіла нас з машыны, пацалавала, перахрысціла і за рукі падвяла да натоўпу аднавяскоўцаў. Дулы кулямётаў і аўтаматаў былі накіраваны на нас. Нашы жыцці віселі на валаску. Усе чакалі немінучай смерці.

Раптам прыбег запыханы стараста Змушка Апанас Рыгоравіч і на нямецкай мове (ён у першую сусветную вайну быў у нямецкім палоне) стаў штосьці тлумачыць нямецкаму афіцэру. Той праз некаторы час прамовіў: “Alles”. Людзей распусцілі па хатах, а тыя, хто быў маладзейшы, пасля гэтага адразу пайшлі ў лес. Пасля вайны я пытаўся ў Апанаса Рыгоравіча, што ён тады гаварыў немцу. Ён адказаў: “Масток, які падарвалі ля вёскі партызаны, я растлумачыў дзіцячым свавольствам. Фашыст пэўны час сумняваўся, а затым запытаў, адкуль я ведаю нямецкую мову. Я адказаў, што быў у іх у палоне. Тады ён удакладніў, у якім месцы. Аказалася ён родам адтуль.”

Калі раён вызвалілі ад немцаў, Змушка Паўла Сцяпанавіча арыштавалі і перадалі суду ваеннага трыбунала, які ў Каўбасічах вынес яму апраўдальны прыгавор. Аднак, адзін з аднавяскоўцаў паквапіўся на ся-дзібу працавітага чалавека, агаварыў яго, што нярэдка было ў тыя часы, і Змушку асудзілі на дзесяць гадоў без віны вінаватага. Праз дзевяць гадоў, адразу ж пасля смерці Сталіна, яго выпусцілі і ён вярнуўся да хаты, пражыў яшчэ дзесяць гадоў, працаваў у калгасе, і ніхто з аднавяскоўцаў ні разу не  папракнуў чалавека за яго “службу” на немцаў. Павагай у вёсцы карысталіся і яго дзеці. Сын Міхаіл, напрыклад, усё жыццё займаўся выхаваннем дзяцей гарбаўчан, сямнаццаць гадоў узначальваў Гарбавіцкую сярэднюю школу, зараз на заслужаным адпачынку, узначальвае ветэранскую арганізацыю сельсавета. Наўрад ці даверылі б такое сыну ворага народа, калі б гэта было сапраўды так.

Дырэктар школы

У пачатку 2004 года з жыцця пайшоў Пянько Аляксандр Рыгоравіч, які з 1962 па 1971 годы ўзначальваў Гарбавіцкую сярэднюю школу. Установу ён прыняў, калі ў Гарбавічах заканчвалася будаўніцтва новага шлакавага будынка школы. Да пачатку навучальнага года было амаль усё гатова: у класных пакоях была ўстаноўлена новая мэбля, у вокнах стаялі новыя рамы, але зашкліць іх будаўнікі не паспелі, хоць тры скрынкі шкла і завезлі ў школу. Аляксандр Рыгоравіч разам з настаўнікам працы Змушка Міхаілам усю ноч шклілі вокны, да раніцы работу завяршылі, стаміліся, не выспаліся, вочы ў абодвух чырвоныя. Дырэктар настаўніку сказаў: “Ты стаміўся, ідзі адпачывай сёння”. А сам застаўся на рабоце, правёў лінейку, урокі і толькі вечарам пехатой пайшоў да хаты. А жыў ён у Дудзічах, за сем кіламетраў ад школы. У спёку і непагадзь, праз глухую лясную дарогу ён штодня дабіраўся на работу і з работы пехатою, затым, праўда, купіў сабе матацыкл ІЖ з каляскай і з цямна да цямна арганізоўваў жыццядзейнасць навучальнай установы. У той час у школе вучылася больш 360 вучняў, класных пакояў было ўсяго 9, таму школа з 8.00 працавала ў дзве змены. Дырэктар жа на работу прыбываў за гадзіну, паўтары да пачатку работы школы.

Аляксандр Рыгоравіч быў не толькі разумным і адукаваным педагогам, але і добрым гаспадарнікам. Адразу ж на першым годзе сваёй работы ў школе ён дзесьці раздабыў старэнькі аўтамабіль ЗІС-5, які, відаць, быў адзіным на ўсе школы раёна. Машына пад кіраўніцтвам Аляксандра Рыгоравіча спраўна выконвала ўсе транспартныя работы не толькі па школе, але і па падворках яе работнікаў.

У Гарбавіцкай школе амаль трэць калектыву былі мужчыны. На іх плечы і выпадала ўся самая цяжкая праца. Чаго толькі не зрабілі ў тыя гады мужчыны-педагогі разам са сваімі вучнямі: пасадзілі алею да брацкай магілы загінуўшых воінаў і партызан, алею ад галоўнага фасада школы, выкапалі калодзеж, перабудавалі стары будынак школы пад вучэбную майстэрню, пасадзілі сад, нарыхтоў-валі і вазілі дровы для школы і настаўнікаў, рыхтавалі школу да новага навучальнага года, дапамагалі калгасу ў нарыхтоўцы сена, уборцы бульбы, грубых кармоў. У першую чаргу гэта тычыцца тых, каго ўжо няма сёння з намі: Лычкоўскага Міхаіла Максімавіча, Змушка Мікалая Ігнатавіча, Змушка Міхаіла Мікалаевіча, Кветнага Дзмітрыя Аркадзьевіча, Цалка Адама Феліксавіча, Шчэрбіна Валянціна Сямёнавіча.

Пад кіраўніцтвам Пянько людзі працавалі з асаблівай узнёсласцю. Ні адзін цвік не быў убіты ў школе без яго самага актыўнага ўдзелу. Самае галоўнае, што школьны кіраўнік ніколі не дыстанцыіраваўся ад сваіх падначаленых, заўсёды з усімі трымаўся, як роўня, проста і дружалюбна, а таму, і калектыў школы і бацькі вучняў адносіліся да дырэктара з асаб-лівай павагай.

Магчыма, некаму падасца, а што тут асаблівага. Толькі справа была ў тым, што і да Пянько працавалі настаўніцкія калектывы ў Гарбавіцкай школе, прыходзілі і ўходзілі новыя дырэктары, а на школьным двары расло ўсяго дзве яблыні, тры таполі, ды некалькі дзікіх ігруш. За вадой хадзілі ў далёкі двор да гаспадара, які нярэдка капрызнічаў, закрываў калодзеж на ключ.

Аляксандр Рыгоравіч асаблівую ўвагу надаваў умацаванню матэрыяльнай базы школы, патрабаваў ад кожнага работніка добрасумленных адносін да выканання сваіх абавязкаў. Вось чаму за кароткі тэрмін у школе здолелі значна палепшыць навучальна-выхаваўчы працэс, абнавіць усё жыццё школы.

Добрую навуку ў кіраванні школай Пянько перадаў і свайму выхаванцу, настаўніку працы Змушка Міхаілу Паўлавічу, які з 1981 па 1998 год кіраваў Гарба-віцкай дзесяцігодкай. Гэта навука дапамагла яму ў будаўніцтве новага тыпавога двухпавярховага будынка школы, у які перабраліся яе вучні і педагогі ў 1989 го-дзе, у далейшым удасканаленні навучальна-выхаваўчага працэса.

Дзякуючы такім педагогам, як Пянько, Змушка, Лысенкова Н.Е., Пігулеўская А.А., Жалезка Н.Д., Рубанава Я.П.,  Тарынская В.Ф. і многім іншым, сотні гарбаўчан атрымалі дастойную пуцёўку ў жыццё.

13 выпускнікоў школы прайшлі ваеннымі дарогамі Афганістана. Дзякуй Богу, усе засталіся жывымі і здаровымі, вярнуліся дамоў з баявымі ўзнагародамі.

Многія выпускнікі сталі дыпламаванымі спецыялістамі, працуюць у гаспадарках, на заводах і фабрыках рэспублікі, у праваахоўных органах, ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, культуры і г.д. А выпускніцы школы Змушка А.М. і Ігнаценка Н.А. сталі кандыдатамі навук, першая – педагагічных, другая – медыцынскіх.

Будуецца аграгарадок

Сёлета Гарбавічы набываюць другое дыханне. У адпаведнасці з дзяржаўнай Праграмай адраджэння вёскі тут будуецца аграгарадок. Летась у строй у вёсцы уведзена новая малочна-таварная ферма, ідзе развіццё старой. Распачаты рамонтныя работы на ўсіх аб’ектах сацыяльна-культурнай сферы, абуладкоўваюцца  вуліцы вёскі, вядзецца будаўніцтва жылля для працаўнікоў  КСУП “Саўгас “Беларусь”, у склад якога зараз уваходзіць былы калгас “Шлях Леніна”, а да гэтага “III з’езд калгаснікаў”.

Нядрэнна працавалі на калгасных палетках іх працаўнікі. Аб гэтым гавораць шматлікія іх узнагароды. Напрыклад, у 1966 годзе ордэнам “Знак Пашаны” за ударную працу была ўзнагароджана даярка калгаса Сулік Аксіння Ігнатаўна, медалём “За працоўную доблесць” – свінарка Змушка Яўгенія Іванаўна, у 1967 годзе медалём “За працоўную доблесць” – пастух Змушка Марыя Васільеўна, медалём “За працоўную адзнаку” – шафёр Малашчанка Аляксандр Іванавіч. Медаля “За працоўную адзнаку” у 1973 годзе ўдастоілася даярка Шашолка Вольга Аляксееўна. Ардэнамі Працоўнай славы III ступені узнагароджаны трактарысты Змушка Васіль Міхайлавіч, Змушка Леанід Мікалаевіч, Бык Пётр Рыгоравіч. Многія іншыя гарбаўчане ўдастоіліся высокіх урадавых узнагарод за працоўныя заслугі.

У 1967 годзе ў гонар 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі трое выхадцаў з Гарбавіч за заслугі ў рэвалюцыйным руху былі ўзнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”. Гэта Змушка Іван Сідаравіч, Змушка Лукаш Васільевіч і Змушка Міхаіл Васільевіч.

Плённа працягвае працаваць на дабрабыт сваёй вёскі і ўсёй Беларусі і сённяшняе пакаленне Гарбавіч.

Вёска адначасова набірае салідны ўзрост і тым не менш – мала-дзее і прыгажэе.

Іван Гарыст.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.