СЕЛІШЧА

снимок 001

Вёсак з такой назвай у Беларусі шмат – ажно 49. Толькі ў Гомельскай вобласці пяць населеных пунктаў называюцца Селішчамі. Нашы Селішчы знаходзяцца на тэрыторыі Нахаўскага сельсавета. Сёння там пражывае менш дваццаці жыхароў. Але так было не заўсёды. Раней іх было ў разы больш. Вёска не адносілася да разраду малых паселішчаў. Але што было і што засталося зараз, лепш мясцовых жыхароў, старажылаў Селішч, не раскажа ніхто. Таму ім і прадставім слова.

Дзеці вайны

— Колькі нас тут засталося? Адны старыя! – сказаў Пётр Ціхіня — памочнік старшыні сельвыканкама па вёсцы, добры гаспадар і пчаляр-аматар, калі даведаўся аб мэце нашага прыезду. – Што пра нас пісаць, нават не ведаю. Пра вайну багата не раскажам, бо малыя яшчэ былі… Хіба толькі Насця, мая сястра старэйшая што-небудзь успомніць.

Да Анастасіі Фёдараўны мы абавязкова зайдзем крыху пазней. А пакуль Пётр Ціхіня са сваёй жонкай Ганнай Еўдакімаўнай дзеляцца ўспамінамі пра былыя часы.

— У 1933 годзе я тут нарадзіўся. Вёска ўжо існавала. Дзяцей у нашай сям’і было пяць. Я быў сярэднім. Як і ўсе тагачасныя дзеці, працаваць пайшоў рана. Скончыў толькі чатыры класы – і ў калгас. Тады ён насіў імя Варашылава. У вёсцы была ферма, пачатковая школа, кузня. Пасля вайны паставілі і клуб, дзе гуляла моладзь, — расказвае Пётр Фёдаравіч. – Калі пачалася вайна, бацьку забралі на фронт. Больш яго мы не бачылі, казалі, што ён пахаваны дзесьці пад Азарычамі ў брацкай магіле. Яшчэ памятаю, як бегалі хавацца ад немцаў у зімовы лес. Я быў малы, не паспяваў, дык старэйшы брат мяне пад пахай нёс.

Маці нас гадавала адна. Лічылі кожную капейку. Пасля арміі я працаваў на экскаватары, капаў канавы. Потым быў брыгадзірам на нашай ферме, некаторы час загадваў ёю…

Як расказаў Пётр Фёдаравіч, на ферме ў Селішчах гадавалася больш за 100 галоў кароў і цялушак. Пазней ён вывучыўся ў Калінкавічах на асемянатара і працаваў над павелічэннем пагалоўя буйной рагатай жывёлы да самага выхаду на заслужаны адпачынак.

З Ганнай Варажун Пятро Ціхіня знаёмы з дзяцінства. Яна таксама нарадзілася і вырасла ў Селішчах. Пакуль ён таптаў салдацкія чобаты ў далёкай Германіі, яна паспела ператварыцца ў сапраўдную прыгажуню.

— Чаго доўга блытацца? Яшчэ ў п’янку кінуся. Трэба хутчэй жаніцца, вырашыў я, калі прыйшоў з арміі, і хутка накіраваў сватоў у хату Варажуноў, — гаворыць Пётр Фёдаравіч.

Ганна Еўдакімаўна ўсё жыццё працавала ў калгасе: то на ферме, то ў паляводстве. Ра-зам яны выгадавалі дзвюх дачок, дачакаліся ўнукаў і праўнучку.

– Маладыя былі, дужыя, якую гаспадарку трымалі! З усім спраўляліся, любая справа ў руках гарэла! – кінулася ва ўспаміны і Ганна Еўдакімаўна. – І дзяцей гадавалі, і на працу бегалі, і дома ўсё паспявалі. А вечарамі я ткала і вышывала, Пеця – кошыкі і кашалі плёў. Сёння і гаспадаркі амаль не трымаем – толькі коніка ды курэй – і здароўя не маем, абодва – інваліды ІІ групы…

Нягледзячы на гэта, гаспадары, як і раней, садзяць агарод, трымаюць 12 вулляў пчол.

Старэйшая вяскоўка

Па суседству з імі жыве сястра Пятра Фёдаравіча 90-гадовая Анастасія Піліпейка – старэйшая жыхарка вёскі.
— Сама дзіўлюся, што столькі жыву, — жартуе жанчына. Гледзячы на яе, цяжка паверыць, што Анастасіі Фёдараўне ў студзені споўніцца 91 год. Мабыць, сялянская праца, жыццёвыя цяжкасці і выпрабаванні, якіх ёй хапіла амаль за век, загартавалі яе волю і даюць сілы.- Пры маёй памяці ў вёсцы спачатку было сем двароў. Людзі з’язджаліся на новае селішча з хутароў, што былі раскіданы навокал. Шмат людзей прыйшлі сюды з Насавіч. Наша хата стаяла вунь там (паказвае кійком уперад), як раз насупраць. Я была старэйшай, дапамагала маці па гаспадарцы, глядзела меньшанькіх, з малых гадоў бегала ў калгас. Ногі ў лапці ўсуну — і кароў пасвіць, хлеў прыбіраць. І так да самых маразоў. А ўжо калі зіма зацісне ўсё сваім холадам, самы час быў за навуку брацца. Тры класы скончыла.

Калі бацьку на вайну забралі, ой, пабедавалі мы! Папабегалі па снезе ў лесе, папахаваліся ад немцаў. Але ж нам усё роўна пашанцавала ў параўнанні з Замосцем ці Лозкамі. У канцы лістапада 41-га немцы прыехалі ў Замосце, рабавалі і расстрэльвалі насельніцтва. Тады забілі больш трыццаці чалавек, амаль столькі ж пагналі ў Германію. А колькі бязвінных людзей спалілі ў Лозках!?

Абаяльная сваёй дабрынёй і шчырасцю Анастасія Піліпейка расказала нам і пра свае маладыя гады. Як збіраліся гуртамі, з кудзелямі ў торбах хадзілі ў Замосце на вячоркі. А там – спевы, танцы, хлопцы.

Пасля вайны, калі зноў утварыўся калгас, Анастасіі даверылі статак кароў.

— Ды не нашых, а нейкіх нямецкіх! – удакладняе Анастасія Фёдараўна. – Казалі, з самой Германіі прыгналі. Той тавар быў зусім бязрогі.

Замуж жанчына пайшла за ўдаўца Васіля Піліпейку. Ён быў старэйшы за яе на 14 гадоў. З ім яна пражыла амаль 30 гадоў, пакуль не аўдавела.

Жанчыне ў вёсцы цяжка адной. Трэба каб і цвік нехта забіў, і плот паправіў. Таму і пайшла замуж другі раз. І зноў за ўдаўца.

— Міхаль яго звалі. Добры быў дзед. Амаль дваццаць гадоў разам пражылі. Пайшоў на той свет дзевяць гадоў таму, — сумна расказвае жанчына. – Першая жонка яго вельмі слабая была, шмат хварэла. А я заўжды была жвавай і здаровай. Міхаль мне казаў: “Ты, Наста, сто гадоў жыць будзеш”. Нашто ён так гаварыў? Я цяпер кожны дзень на яго фотакартку сваруся, кажу, каб забраў свае словы назад…

Не можа без справы

Гэта пра Канстанціна Варажуна, якога мы засталі за вязаннем венікаў-дзеркачоў.

Канстанцін Германавіч нарадзіў-ся на хутары Падкарэлле, які знаходзіўся за 10 кіламетраў ад Селішча.

— Бацькі казалі, что вёска ўзнікла ў 20-я гады мінулага стагоддзя, калі ўсе пачалі з’язджацца сюды з трох навакольных хутароў.

Канстанцін Варажун на сённяшні дзень самы адукаваны жыхар вёскі. Калісьці ён скончыў дзесяць класаў, затым Чырвонабярэжскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе набыў спецыяльнасць агранома. Амаль трыццаць гадоў Канстанцін Германавіч працаваў брыгадзірам, быў насенняводам і аграномам калгаса “Рассвет”.

Сваю другую палову малады аграном прывёз з суседняга Замосця. З прыгажуняй Вольгай ён пазнаёміўся на нарыхтоўцы сена. Разам яны выгадавалі трох дзяцей, зараз маюць чатырох унукаў і адну праўнучку.

Дачка Вера жыве разам з бацькамі: даглядае хворую маці, якая ўжо шосты год не ўстае з ложка. А Канстанцін Германавіч, як і ў маладосці, не можа сядзець без справы. Кожнае лета ён працуе ў гаспадарцы пажарным-паляводам. А зараз вось вяжа для сельгасфіліяла венікі. Ужо 130 здаў, атрымаў заказ яшчэ на 50 дзеркачоў.

Ён і сёння трымае гаспадарку: на падворку квокчуць куры, пад дрэўцам пасвіцца конь.

Пад час размовы з намі Канстанцін Варажун спрытнымі, выпрацаванымі рухамі, паспеў звязаць чарговы дзяркач, які далучыў да астатніх, ужо складзеных у ворах непадалёку.

Аптымізму і пачуццю гумару могуць пазайздросціць і маладыя

“Венікі вязаць ён мастак!” – пачулі мы голас з падворка. А потым ўбачылі старэйшую сястру Канстанціна Германавіча Праскоўю Пацэйку. З усмешкай на твары і зацікаўленасцю ў вачах жанчына рупліва крочыла да нас.

“Вядзі, Паша, журналістаў да сябе”, — звярнуўся да сястры Канстанцін Германавіч. – “Я ўжо ўсё пра сябе расказаў. Твая чарга. Ты старэйшая, мо што цікавае пра вёску ўспомніш”.

“А што я ведаю, я ж старая зусім! Маіх равесніц у вёсцы амаль не засталося. У мяне нават кот з сабакам здохлі, пабачылі, мабыць, што няма з кім жыць,” – смяецца 84-гадовая жанчына. Яе аптымізму, энергіі, пачуццю гумару могуць пазайздросціць і маладыя. Абаяльная вясковая жанчына выпраменьвае столькі прагі да жыцця, што міжволі зараджае ёй і тых, хто побач.

— Калі жартуеце, значыць, не так усё так дрэнна, — адказваю ёй. – Ды і старэй за вас у вёсцы жыхарка ёсць. І на дзядоў-удаўцоў Селішча багатае.

— А якія ж ужо тыя дзяды? – працягвае жартаваць Праскоўя Германаўна. – Труха з іх сыплецца. Хадземце ж у хату. Можа што і раскажу.

Да вайны Праскоўя скончыла два класы. Яна ў сям’і была старэйшай, таму дзяўчынцы не да навукі было. Вайну сустрэла 10-гадовай. Памятае, як уранку па вёсцы прайшла чутка, што пачалася вайна. Але што гэта такое, усвядоміла пазней.

Бацька пайшоў на фронт. Яны засталіся з маці. Праскоўя, як старэйшая, ва ўсім ёй дапамагала. У тым ліку і ратаваць малодшанькіх ад немцаў.

— Памятаю, як немцы нас паймалі і пагналі ў Дарашэвічы. Ад Новага году да Пятра мы блукалі па чужых вёсках, хадзілі па хатах, прасілі хоць што-небудзь паесці…І пасля вайны жыццё было нялёгкім. Нам яшчэ пашанцавала, што наш бацька вярнуўся дадому жывы. Якая-ніякая палёгка, калі мужык у хаце. Але ж усё роўна ўсе мы хадзілі працаваць у калгас: касілі, сабой аралі поле, — кінулася ва ўспаміны Праскоўя Германаўна. – Пазней я ўладкавалася ў Гарочычы на ільнозавод. Там і Адама свайго сустрэла.

З Адамам Міхайлавічам Праскоўя Германаўна нарадзіла двух сыноў. Жылі яны нядрэнна. Працавалі ў калгасе. Яна даіла кароў, Адам быў рознарабочым. На ўласным падворку, як і ўсе ў той час, трымалі вялікую гаспадарку.

У 70-х гадах мінулага стагоддзя Праскоўя Германаўна засталася ўдавой. Добра, што хлопцы ўжо выраслі, стварылі свае сем’і. Сёння ў жанчыны чацвёра ўнукаў, праўнук ходзіць у сёмы клас. Не скардзіцца Праскоўя Пацэйка і на нявестак. Кажа, што клапоцяцца пра яе, часта наведваюць. Сыны і брат ёй вельмі дапамагаюць.

— Косця мне і дроў прывязе, і грады ўзарэ. У яго ж конь, — тлумачыць жанчына, якая яшчэ трымае дзясятак курэй і пеўніка. А ў вольны час, якога напрыканцы восені хапае, глядзіць “З залы суда” і “Давай пажэнімся”.

Будуць святкаваць залатое вяселле

Развітаўшыся з аптымісткай Праскоўяй Германаўнай, рушым далей. А вось і хата за зялёным плотам. Тут, як казаў Пётр Ціхіня, жыве сям’я Лыза: Кацярына і Мікалай. Вось і сама гаспадыня — рослая, маладжавая і яшчэ прыгожая Кацярына Аляксандраўна – выбірае гарбузныя зярняты. Непадалёку ля калодзежа завіхаецца і гаспадар.

У сакавіку гэтая пара будзе святкаваць залатое вяселле, але як пазнаёміліся, добра памятаюць і сёння.

— Я яе ў гэтым двары і ўгледзеў, — расказвае Мікалай Сцяпанавіч. – Сам я з Замосця. На Селішча да родзічаў прыйшоў. Іду сабе, пра нешта сваё думаю. Тут бачу: высокая, прыгожая, чарнявая дзяўчына штосьці па гаспадарцы робіць. Хутка і сватоў да яе заслаў.

Мікалай Лыза ўсё жыццё працаваў трактарыстам. Зараз гаспадар на пенсіі. Але сумаваць яму няма калі. Разам з жонкай ён зай-маецца гаспадаркай. А яна ў іх немалая: кабыла, птушка і адзіная на ўсю вёску карова.

Кацярына Аляксандраўна працавала шэсць гадоў даяркай, потым была гідролагам. Апошнія гады перад выхадам на пенсію працавала на даму: вязала для Мазырскай фабрыкі мастацкіх вырабаў хустачкі, шапкі і шалікі.

Разам з Мікалаем Сцяпанавічам яна нарадзіла і выгадавала траіх дзяцей, дачакалася пяць унукаў і маленькага праўнучка Руслана.

Працаваў на чайных плантацыях

Падыходзім да хаты з яркім ганкам. Паўз плот растуць прыгожыя кветкі, на самім плоце – нейкія ўпрыгожанні з донцаў пластыкавых бутэлек. Па падворку ганарліва разгульвае прыгожы певень. Самаго ж Рыгора Цяцерыча знайшлі ў хаце.

— Гэта дачка кветак насадзіла і бутэлек на плот навешала, — усміхаецца гаспадар. – Хоча, каб прыгожа ў мяне было. А што мне тая прыгажосць аднаму? Была б жывая мая маладзіца, весялей удвох было б. Няма яе ўжо шэсць гадоў.

З Нінай Раманаўнай ён пазнаёміўся і пачаў сустракацца ў Грузіі, дзе яны разам працавалі на чайных плантацыях. Высвятлілася, што на самой справе яны суседзі: дзяўчына аказалася родам з Замосця. Яна, як і Рыгор Мінавіч, паехала ў Грузію на заробкі.

У 1963 годзе яны распісаліся ў Нахаўскім сельсавеце. Рыгор Цяцерыч набыў у Лозках хату, разабраў яе і перавёз у Селішча. Тут яны пражылі разам добрае жыццё. Ён працаваў у брыгадзе, жонка – даяркай. Нарадзілі чацвярых дзяцей. Вера і Галя жывуць у Калінкавічах. Двайняты Сяргей і Лёня – у Гомелі. Рыгор Мінавіч ужо шэсць разоў станавіўся дзедам і адзін раз прадзедам.

Зусім не дачніца

У апошняй хаце, на ўскрайку лесу жыве Еўдакія Жура. Гэта селішча яе бацькоў. Пад дахам гэтай хаты жанчына нарадзілася і вырасла. Тут прайшло яе юнацтва. Тут яна цяпер і жыве.

У Пятра і Марыі Кратоў было пяцёра дзяцей. Усе з дзяцінства былі прывучаны да справы, шкадавалі бацькоў, ва ўсім тым дапамагалі. Бацька працаваў трактарыстам, маці даіла калгасных кароў. Калі дзеці выраслі, разляцеліся бы тыя птушкі. Стварылі свае сем’і, нарадзілі дзяцей.

Еўдакія жыла ў Мазыры, працавала ў вучылішчы геалогіі інстру-ментальшчыцай. Потым разам з мужам Мікалаем Якаўлевічам – у мазырскай аўтакалоне.

Пасля смерці маці (бацька памёр яшчэ раней) Еўдакія пакінула кватэру ў горадзе дзвюм дочкам і перабралася ў Селішча, разжылася тут гаспадаркай. Яна зусім не дачніца, а паўнапраўны мясцовы жыхар-старажыл.

А яшчэ яна клапатлівая бабуля. У яе чатыры ўнукі, якія любяць прыязджаць да яе па свежыя дамашнія яйкі, садавіну, агародніну. Старэйшы – студэнт універсітэта імя Скарыны.

Успамінаючы свае маладыя гады, Еўдакія Жура расказала, што ў кожнай хаце было па 5-7 дзяцей, таму і моладзі ў вёсцы было шмат. Збіраліся ў клубе, хадзілі на танцы ў суседняе Замосце.

— Нашы мясцовыя кавалеры вельмі злаваліся, калі мы хадзілі гуляць у Замосце. Некалькі разоў хавалі ад нас кладку, што злучала берагі канаўкі. Вяртаемся, бывае, уночы дадому, а кладкі няма, прыходзілася па балоту абыходзіць. А гэта яшчэ тры кіламетры. Усякае было, — усміхаецца сваім успамінам жанчына.

Майстар такарнай справы

Рыгору Краўцову сёлета пайшоў 86 год. Тры гады таму ён пахаваў сваю спадарожніцу жыцця Зінаіду Мікалаеўну. Жыве адзін. Сын, дачка і ўнукі жывуць у Гомелі, але пра Рыгора Фёдаравіча не забываюцца: прыязджаюць, наведваюць, дапамагаюць садзіць агарод і збіраць ураджай.

Яшчэ ў арміі Рыгор Краўцоў за-своіў такарнае рамяство. Працаваў на Уральскім вагона-будаўнічым заводзе. Калі вярнуўся ў родныя мясціны, уладкаваўся на працу ў мясцовы калгас “Рассвет”. Апошнія гады пасвіў калгасны статак. Ды і на ўласным падворку Краўцовых ніколі не было менш дзвюх каровак, бегалі кураняты і рохкалі парсючкі.

— Сёння ў мяне толькі куры. Усе ў вёсцы іх трымаюць. Трэба ж, каб яйка якое на стале было, — распавядае пра сваё цяперашнее жыццё Рыгор Краўцоў. – У печы напалю, есці навару, ды і ўсе мае заняткі. Сяджу на лаўцы ці хаджу па вуліцы ў надзеі, што сустрэну каго, пагутару. Апусцела наша вёска (цяжка уздыхае)…

Маладосць прайшла на Магадане

Апошнім, з кім мы па-знаёміліся ў Селішчах, стаў Павел Крот. Яшчэ адных гаспадароў – Аляксандра Краўцова з жонкай – не засталі дома. На іх зачыненым падворку нязлобным браханнем нас сустрэў толькі белы ў чорныя плямы сабака. Суседзі казалі, магчыма, яны накіраваліся ў Замосце.

Вернемся ж да Паўла Крата. Калі мы падыйшлі да веснічак, невысокага росту чалавек завіхаўся па гаспадарцы. Ён адразу і не заўважыў, што на падворку з’явіліся чужыя. Потым доўга разглядаў нас праз цёмныя акуляры (у гаспадара праблемы са зрокам), прызнаўся, што зусім не чакаў гасцей з райцэнтра.

Жыве Павел Мікалаевіч адзін. Тут ён нарадзіўся, пасталеў. Маладыя яго гады прайшлі далёка ад радзімы. Трынаццаць гадоў адпрацаваў на будоўлі ў Магаданскай вобласці. Калі даведаўся, што бацька сур’ёзна захварэў, вярнуўся ў Беларусь. Працаваў у мясцовай гаспадарцы на трактары, хадзіў у брыгаду, пасвіў коней, быў вартаўніком.

У Бранску жыве сястра Паўла Мікалаевіча. Брат – у Гомелі. Але, нягледзячы на адзіноту, вясковец не сумуе. Такі лад жыцця для яго стаў звычайным. Гаспадар абзавёўся сабакам, куранятамі, працуе на агародзе. А вечарамі глядзіць тэлевізар.

— Ну вось і ўсе нашы жыхары, — падвёў вынік Пётр Ціхіня, які суправаджаў нас да кожнага свайго аднавяскоўца. — Мала людзей у вёсцы, але што зробіш? Затое, чуеце, якая цішыня навокал, бачыце, як прыгожа тут, адчуваеце, якое свежае паветра?

І мы не маглі з гэтым не пагадзіцца.

— Што датычыцца такіх даброт цывілізацыі, як крама і пошта, то з гэтым у Селішчах ўсё добра: тройчы ў тыдзень да нас прыязджае аўталаўка. Возяць і пошту. Вунь, бачыце, якраз да майго плоту паштовыя скрынкі прымацаваны. Так што ў раёнцы мы сябе абавязкова пабачым, можаце не сумнявацца, — усміхаючыся, дадаў Пётр Фёдаравіч.

Таццяна КАПІТАН

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.