ГОГАЛЕВА

Ад Ліпава да Гогалева кіламетраў дванаццаць. Амаль увесь час прасёлачная дарога бяжыць праз лес – такі прыгожы залатой восеньскай парой. Нягледзячы на тое, што ўжо глыбокая восень, надвор’е стаіць незвычайна цёплае. Раз-пораз з-за хмар паказваецца сонейка, якое нам пяшчотна ўсміхаецца.

Вёска з’яўляецца нечакана, быццам вырастае сярод лесу. Увогуле, лес у Гогалеве навокал: ён ушчыльную падступае да хат, вуліц, акружае дагледжаныя агароды. Менавіта з-за яго і непраходных балот, якія былі тут да меліярацыі, у час Вялікай Айчыннай вайны гэтыя мясціны аблюбавалі народныя мсціўцы – партызаны і падпольшчыкі. На адной з хат знаходзім яскравае таму пацверджанне — шыльду з надпісам: “У гэтым раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны базіраваліся Васілевіцкі падпольны райкам КП(б)Б і Васілевіцкая партызанская брыгада”. Карэнныя жыхары Гогалева ўсе ў адзін голас адзначаюць:“Немцаў, чаго брахаць, за ўсю вайну бачылі разоў шэсць-сем. Мясціны ў нас глухія, непраходныя. Чужы чалавек у міг заблукае ў лесе. А тады было страшна не столькі заблукаць, сколькі прапасці ў балоце. Таму фашысты свой нос да нас баяліся паказваць”.

У імя Льва

Мясціны сапраўды глухія. Адразу заўважаю, што мабільная сувязь працуе ў Гогалеве дрэнна. Сігнал то з’яўляецца, то знікае. Аўталаўка і аўтобус бываюць тут тры разы на тыдзень. Заехаўшы, паспрабуй выбрацца. Можа, хіба толькі пешшу. Менавіта таму мясцовыя жыхары нікуды не спяшаюцца. Гэта нават адбіваецца на іх спакойнай, няспешнай гаворцы. Пры гэтым здзіўляюць сваёй гасціннасцю, адкрытасцю, добрым настроем. Здаецца, атрымліваюць задавальненне ад таго, што жывуць сярод лесу. Але перш чым расказаць пра жыхароў, а іх тут усяго 18, давайце звернемся да гісторыі населенага пункта.

У Энцыклапедыі “Гарады і вё-скі Беларусі” чытаем: “У 1,5 км ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадзінка, археолагамі выяўлена гарадзішча, якое сведчыць аб засяленні тутэйшых мясцін у далёкай старажытнасці. Пасёлак заснаваны ў пачатку ХХ стагоддзя перасяленцамі з суседніх вёсак. Найбольш актыўная забудова адносіцца да 1920-х гадоў”.

Старажылы расказваюць: іх бацькі пераехалі сюды ў асноўным з Насавіч і жылі па хутарах. Яшчэ яны сцвярджаюць, што раней гэтыя мясціны мелі назву Пыж. “Нават чырвонаармейцы казалі нам, што на карце пазначана не вёска Гогалева, а вёска Пыж, — успамінае Васіль Рубанік. – Калі змянілася назва, я не ведаю. А вось чаму – магу меркаваць. Хутар спачатку быў адзін. Знаходзіўся ён у непраходным месцы, куды патрэбна было дабірацца праз балота. Кажуць, жыў там дзядзька Леў. Калі родныя ішлі да яго ў госці, то абавязкова блукалі. Каб знайсці дарогу, моцна крычалі: “Го, Леў!” Рэха разносіла: “Го-го-го, Леў-Леў-Леў”. Вось такая гісторыя”.

На пачатку 30-х гадоў савецкія ўлады прымусілі хутаранцаў перавезці хаты на адну вуліцу і ўступіць у калгас Карла Маркса. Таго, хто ўпарціўся, аб’яўлялі ворагам народа. У той няпросты час у вёсцы былі раскулачаны дзве сям’і, у хаце адной з іх зрабілі пачатковую школу. У 1935 годзе ў ёй было 35 вучняў, настаўнікам працаваў Кузьмянок. Паводле перапісу 1959 года – 231 жыхар.

Вакол вёскі размяшчаліся ўрочышчы: Карчы, Гарадзінка, Брыкаў, Вялікі лес, Бель, Балацінка.

Старажылы

Мікалай Крот, якому ўжо дзевяноста два гады, жыве адзін. Паціху тупае, корпаецца ў двары, сядзібу трымае ў парадку. Дзеці, унукі, праўнукі – у Мурманску і Магілёве. Бацьку, дзеда не забываюць, клікаюць да сябе, але ён упарціцца: “У сваёй хаце я – гаспадар, а там буду ніхто. Ды і памерці хочацца на радзіме”.

У двары Мікалая Майсеевіча звяртаем увагу на шматлікія шпакоўні. Здзіўляемся: хто тут такі добры майстар? “Ён перад вамі, — усміхаецца доўгажыхар.

– Я ж у мясцовай гаспадарцы шмат гадоў быў цесляром. Рукі мае і сёння без гэтай справы свярбяць. Дык я іх займаю. Тут двайная выгада: для мяне — час бяжыць хутчэй, для птушак – карысць. Сёння шпакоўні пустыя: падаліся іх жыхары ў вырай. А вось вясной яны мне сумаваць не даюць, забаўляюць спевамі на розныя лады. Хата мая, самі ж бачыце, апошняя на вуліцы. Да аднавяскоўцаў у мае гады не набегаешся. Дык я работу на месцы знаходжу. Во яблык назбіраў.

Лепшыя пакладу ў пограб на зіму, горшыя – пасушу ў печы на кампот. А то лета агародам займаўся. Багата ўжо не саджу. Для сябе толькі”.

Нячастая госця ў аднавяскоўцаў і 89-гадовая Палагія Брацун. Яе невялікая хатка стаіць наводшыбе, а хворыя ногі не дазваляюць далёка хадзіць. Таму сёння лепшыя сябры жанчыны – кот ды сабака.

На вочы Палагіі Мікітаўны набягаюць слёзы, калі мы гаворым пра яе жыццё. “Гаравала я, дзеткі мае, гаравала, таму і расказаць няма чаго, — адзначае жанчына, выціраючы ражком хусткі мокрыя шчокі. – У вайну нас выратавала мясцовая глуш, а ад голаду не далі памерці партызаны. Пасля сорак чатыры гады адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы. За любую работу хапалася, каб зарабіць капейку. У асабістым жыцці мне не пашчасціла: з бацькам адзінага сына Івана сям’і ў нас не атрымалася. Жыла з бацькамі, даглядала іх, расціла хлопца. А сыночак мой на гэтым свеце надоўга не затрымаўся. Гэта ж трэба: яго няма, а я жыву. Дзе ж тая справядлівасць? Гора маці”…

Узгадаўшы былое, Палагія Мікітаўна перастае нас заўважаць. У задуменні глядзіць у вакно ці на старыя фотаздымкі на сценах. І мы разумеем: час развітвацца, бо жанчыне хочацца пабыць адной.

…Мікалай Майсеевіч расказвае, што нарадзіўся ў Насавічах. Бацькі яго мелі ў Гогалеве на-дзел зямлі, на якім паставілі хату. Будаваліся на ўзгорку. Але нават ён не ратаваў ад паводкі і моцных ліўняў, падчас якіх вада стаяла па самыя вокны. Гогалеўцы часта заставаліся без ураджаю: ён вымакаў. З цягам часу жыхары прыгледзеліся, да якіх участкаў зямлі вада амаль ніколі не даходзіць, і засявалі менавіта іх. Садзіць звычайна прыходзілася за кіламетраў 5-7 ад хаты. Але што зробіш?

У 30-я гады ў Гогалеве з’явілася пачатковая школа, дзе Міколка спасцігаў навуку. Затым некалькі гадоў бегаў за дзесяць кіламетраў у Насавічы ў сямігодку. Вучоба вучобай, а на кавалак хлеба ў той час з яе дапамогай зарабіць было амаль немагчыма. А тут як раз – калектывізацыя. Узяў 13-гадовы хлопец бацькоўскага каня і падаўся ў калгас Карла Маркса, першым старшынёй якога быў мясцовы жыхар Яўтух Піліпейка. На тым кані і працаваў у калгасе некалькі гадоў.

Пасля была служба ў арміі. Не паспеў вярнуцца дадому – вайна. “Марыў стаць на ёй героем – не атрымалася, — з сумам адзначае Мікалай Майсеевіч. – У адным з першых баёў наш 364-ы асобны стралковы батальён пад Малым Яраслаўцам трапіў у акружэнне. Тады я яшчэ не ведаў, што наперадзе ў мяне чатыры цяжкія гады нямецкага палону”.<a

Аб тым, як прыходзілася выжываць у Германіі, успамінаць не любіць. “Салдатам Чырвонай Арміі, партызанам і падпольшчыкам прыходзілася значна цяжэй. Во пра каго пісаць трэба, — кажа доўгажыхар. – Мужчын дзесяць-дванаццаць з нашай невялікай вёскі не вярнулася з вайны. У большасці выпадкаў нават невядома, дзе яны пахаваны. А пра тых, хто выжыў, вам лепш раскажуць іх дзеці. Зайдзіце да Фёдара і Ніны Трызна, Сцепаненак, Рубанікаў”.

Партызанскі край

Ніна і Фёдар Трызна – вясковыя гаспадары, якіх сёння ўжо мала. Калі мы завіталі да іх у двор, гаманкая жанчыла клала ў бочку капусту. Перш чым запрасіць у хату, павяла паказваць сваё багацце: вялікі пограб з запасамі на зіму.

“Няўжо вам з мужам столькі патрэбна?” – цікавімся мы. “Канешне, не, — усміхаецца гаспадыня. — Проста без працы сядзець не можам, таму і завіхаемся цэлымі днямі. Усім, што назапасілі, любім частаваць гасцей. Во і вы хапайце хутчэй тую банку з агароднінай або варэннем, што вам падабаецца”.

Ніна Мікалаеўна на-радзілася ў 1943 годзе. Бацька яе – Мікалай Брацун – быў прызваны на фронт у першыя дні вайны. Але доўга паваяваць не паспеў: трапіў у нямецкі палон. З польскага працоўнага лагера яму ўдалося уцячы. Некалькі месяцаў дабіраўся дадому па акупіраванай ворагам тэрыторыі.

А Гогалева тым часам аблюбавалі падпольшчыкі і партызаны. Апошнія на балотах паставілі курані, у якіх хаваліся днём ці ў рэдкія наезды немцаў. Начавалі ж у асноўным па вясковых хатах.

Групай гогалеўскіх падпольшчыкаў, у якой было пяць чалавек – А.Я. Салук, У.Варажун, падпольшчыцы-сувязныя М.Д. Варажун, А.Р. Трызна, Г.А. Гукава, кіраваў хлопец з суседніх Хамічоў Сяргей Гарбачоў, хаміцкіх – яго брат Міхаіл. Гогалеўскія і хаміцкія падпольшчыкі падтрымлівалі цесную сувязь, часта дзейнічалі разам. У кнізе “Памяць. Калінкавіцкі раён” чытаем: “У вёсцы Хамічы жыла дружная сям’я Гарбачовых (бацька – Дзяніс, маці – Ксенія, тры сыны: Сяргей, Міхаіл і Яўстрат, дачка Марыя (у замужжы Варажун) – заўвага аўтара). Грымнула вайна, раскідала, як бура птушак з гнязда, усю вялікую сям’ю. Амаль усе Гарбачовы загінулі ў барацьбе з ворагам… Першым крокам хаміцкіх падпольшчыкаў было наладжванне прыёма перадач Саўінфармбюро. Яны сабралі прыёмнік і ўстанавілі яго ў хаце Марыі Варажун, якая жыла ў вёсцы Гогалева. Падпольшчыкі рэгулярна слухалі перадачы маскоўскага радыё і паведамлялі аб справах на фронце мясцоваму насельніцтву”.

Марыю Варажун немцы расстралялі 11 ліпеня 1942 года ў Васілевічах. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 лістапада таго ж года яна ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга. Яе брат Сяргей загінуў у студзені 1942 года. Пасля яго гібелі групай гогалеўскіх падпольшчыкаў кіраваў А.Я.Салук. У хуткім часе яна ўлілася ў рады Даманавіцкага партызанскага атрада. З мая 1943 года — у складзе Васілевіцкага партызанскага атрада імя Панамарэнкі Палескага злучэння (пазней рэфармаванага ў брыгаду), які ў маі 1943 года выдзяліўся са складу Даманавіцкага партызанскага атрада.

Героі вайны

Мікалай Брацун пасля вяртання з палону пайшоў у партызаны. “Пра вайну я ведаю толькі з успамінаў бацькоў і мужа, — кажа Ніна Трызна. – Майму Фёдару ў 1941-м было восем гадоў. Так што распытвайце яго”.

Фёдар Рыгоравіч пачынае ўспамінаць: “Гогалеўцам падчас вайны, можна сказаць, пашчасціла. Вёска знаходзілася ў непраходнай глушы, дык немцы да нас амаль ніколі не заязджалі. Я іх разоў пяць толькі і бачыў. Яны бегалі па хатах, шукалі, чым пажывіцца. Памятаю, як у адзін з іх прыездаў я драпануў у балота з нашай кароўкай-карміцелькай. Гэта было, здаецца, у лістападзе 1942 года. Падмарожвала. Добра апрануцца я не паспеў. Скачу, трасуся. Карова апусцілася на зямлю, я прымасціўся каля яе.

Сагрэўся, і сон мяне змарыў. Так і заначавалі на тым балоце. Прачнуўся раніцай, а нас з ёй снег прыцерушыў. Як яшчэ не замерзлі? Падняліся і пацягнуліся дадому. Там матка галосіць. Думала: прапаў сынок з каровай у балоце. Бацька ж мой – Рыгор Трызна – прайшоў усю вайну. Хаця, правільней сказаць, праехаў. Ён быў шафёрам 43-й гвардзейскай гарматна- артылерыйскай Запарожскай Адэскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава брыгады”.

На сайце “Подвиг народа” чытаем: “В период наступательных боев с 14.01. по 22.01.1945 года в трудных боевых условиях ефрейтор Тризна провел свою машину без единой аварии и поломки. Во время совершения маршей восстановил две поломанных машины, обеспечив тем самым подвоз горюче-смазочных материалов для дивизиона. Товарищ Тризна является лучшим водителем и отлично владеет своей специальностью. Достоин правительственной награды – медали «За боевые заслуги». Крыху раней Рыгор Трызна быў узнагароджаны медалём «За абарону Сталінграда”.

Ёсць на сайце і звесткі пра бацьку Ніны Мікалаеўны, які паўторна трапіў на фронт у лістападзе 1943 года: “Красноармеец Брацун в должности рядового станкового пулемета 272-го стрелкового полка, 73-й стрелковой дивизии, 78-й армии, 1-го Белорусского фронта принимал участие в боях с немецкими захватчиками с 13.11.1943 года по 04.04.1944 года. Под городом Бобруйском получил тяжелое ранение в обе ноги, левую руку и левый глаз. В результате ранения ноги препятствуют быстрому передвижению. В настоящее время бригадир колхоза Карла Маркса Василевичского района. За участие на фронтах Отечественной войны и полученное тяжелое ранение награжден медалью “За отвагу”. На гэтых скалечаных нагах Мікалай Філімонавіч і памёр: падчас працы на ферме яму нечакана стала дрэнна. Сардэчны прыступ. Дачка Ніна падбегла да яго з вадой. “Здаецца, адмучыўся”, — толькі і паспеў прашаптаць ён…

… Усю вайну прайшоў і Аляксей Рубанік. Яго сын Васіль, як памяць, хавае бацькоўскую чырвонаармейскую кніжку і ўзнагароды, сярод якіх — медалі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”.

“У першую чаргу, для нашчадкаў. Каб больш зналі пра свой род”, — кажа ён.

Аляксей Рубанік быў чалавекам пісьменным. Пасля вайны каля пяці гадоў працаваў старшынёй мясцовага калгаса Карла Маркса (пакуль яго не аб’ядналі з хаміцкім калгасам імя Суворава). Ён прымусіў сына скончыць сямігодку, затым – школу механізацыі. Любіў паўтараць: “Вучыся, хлопец. Навука лішняй не бу-дзе”. І Васіль Аляксеевіч не пярэчыў бацьку. “Жанчынам, якія дачакаліся мужыкоў з вайны, зайздросцілі, — расказвае ён. – Ведаеце, як цяжка было ўдовам адным падымаць дзяцей. Пра навуку ў такім выпадку гаворка не ішла. Так што мне ў гэтым плане пашанцавала”.

Сваю каханку Ніну Васіль прывёз у бацькаву хату з Міроненак. Пазнаёміліся ў клубе, дзе было кіно. У мінулым годзе яны адсвяткавалі ізумруднае вяселле. Дзеці, унукі і праўнукі – частыя госці ў хаце бацькоў. Гогалева прываблівае іх цішынёй, свежым паветрам, прыгожымі мясцінамі, якіх у горадзе няма.

…А вось сёстры Марыя Сцепаненка і Фядора Табуліна не дачакаліся бацьку – Андрэя Піліпейку — з вайны. Ён загінуў недзе пад Ленінградам у 1943 годзе. На жаль, на сайце “ОБД Мемориал” нічога не ўдалося пра яго знайсці. Бядуюць дочкі, што ні разу не палажылі кветкі на магілу бацькі. Успамінаюць: “Ён быў добрым чалавекам, справядлівым. Дзяцей песціў, а маці любіў і шкадаваў незвычайна. Таму яна доўга не магла паверыць у яго смерць. “Жывы ён. Вернецца. Ад такіх людзей анёлы-ахоўнікі адводзяць нямецкую кулю”, — упэўнена казала нам маці. Але гады беглі, а бацька не вяртаўся. Маці больш замуж не пайшла, адна падымала трох дачок. Цяжка нам было без мужчынскай дапамогі. Ох, як цяжка”.

Расказвалі Марыя Андрэеўна і Фядора Андрэеўна, што ў іх хаце зімой 1942 года ляжалі параненыя партызаны. Яны прасілі дзяўчат: “Заспявайце што”. І сястрычкі, саромеючыся, спявалі. За свае спевы звычайна атрымлівалі некалькі кавалкаў цукру або ледзянцы. Такая ўзнагарода ў той складаны час была для дзяцей сапраўдным шчасцем!

Пасля вайны Фядора пайшла замуж за аднавяскоўца Івана Табуліна, якога не стала пяць гадоў назад, Марыя – за Рыгора Сцепаненку з суседняга раёна. Табуліны выгадавалі пяць дзяцей, прычакалі восем унукаў і двух праўнукаў. У Сцепаненак трое дзяцей, пяць унукаў і адзін праўнук.

Лепшы прысмак

Між тым, Фёдар Трызна працягвае расказваць: “Маці мая – Марыя – для партызан пякла хлеб. Памятаю, паставіць за раз у печ боханаў 5-7. А як выцягне іх на стол, дык я з хаты адразу ўцякаў, каб не падавіцца сліною і не адшчыпнуць употай кавалак. Маці, калі рука каго з дзяцей цягнулася да хлеба, магла даць добрага прачуханца. Партызаны ў нашай хаце не стаялі, бо яна была вельмі маленькая. За хлебам звычайна прыходзілі ноччу або ўвечары. Пра тое, што нас у маці чацвёра, не забывалі. Заўсёды пакідалі бохан обо яго палову на стале. “Гэта, Марыя, птушанятам тваім падсілкавацца”, — казалі яны. Смак і пах партызанскага хлеба я памятаю па сённяшні дзень. Нічога смачней у сваім жыцці спрабаваць не давялося”.

Пра незвычайна смачны партызанскі хлеб, які ратаваў гогалеўцаў ад голаду, успамінала яшчэ адна карэнная жыхарка вёскі Яўгенія Брацун, у дзявоцтве – Крот.

“Мне, калі пачалася вайна, было ўсяго чатыры гады. Бацька наш прапаў на фронце без вестак. Немцаў я не бачыла, хаця чуткі пра іх зверствы даходзілі да вёскі. Асабліва мы сталі баяцца, калі яны схапілі і расстралялі Марыю Варажун. Нават у курані на балоце некаторы час жылі. Маці часта пакідала нас адных, а сама цягнулася ў вёску: прапаліць печ, чаго згатаваць, даведацца, як справы у бацькоў, якія катэгарычна адмаўляліся пакідаць сваю хату. Не, падманваю вас: на балоце мы заставаліся не адны, вакол было шмат партызан. Вясковыя жанчыны – і мая маці таксама – пяклі для іх хлеб. І гэтым хлебам яны любілі частаваць дзяцей. Памятаю, прынясуць цэлы бохан у курэнь, працягнуць матцы: “Для малых”. Такія дні былі для нас святам: самы ж лепшы прысмак на стале. Што такое голад, мы ведалі добра”.

З дзесяці гадоў Яўгенія Кандратаўна працавала ў мясцовай гаспадарцы. На ферме па адкорму быкоў зарабіла добрую пенсію. У 1980 годзе нават стала лепшым майстрам раёна па адкорму буйной рагатай жывёлы. Грамату, якая пацвярджае гэта, захавала да сённяшніх дзён. Як і падсведчанне “Ударнік камуністычнай працы”. Памяць. Можа калі-небудзь унукі ці праўнукі зацікавяцца.

Падоранае жыццё

Штаб Васілевіцкага партызанскага атрада, затым – брыгады, як сцвярджае Фёдар Трызна, знаходзіўся ў хаце яго дзеда Паўла: “Пра гэта вам падрабязней раскажа мая цётка Наталля. Яна старэйшая за мяне на два гады, але памяць мае добрую”.

Цётка Наталля або Наталля Паўлаўна Брацун была засмучаная. Крыху прыхварэла. З-за хваробы не хапае сілы ўсю работу да зімы ў двары парабіць. “На каго ж мне спадзявацца, акрамя сябе? Мужыка даўно пахавала, дзяцей нам з ім Бог не даў, — расказвае жанчына. — Зацяжарыла адным, ды і таго скінула. Здароўе слабае. Страціла яго падчас вайны. Аднаго разу прыехалі да нас немцы і пачалі хапаць моладзь у Германію. Я ім таксама трапілася на вочы, бо для сваіх 13 гадоў была вельмі рослая. Уцякала позняй восенню ў балота ў адной сукенцы. Застудзілася ў ледзяной вадзе. Ледзь мамка мяне тады выхадзіла. Але з той пары якія толькі да мяне балячкі не чапляліся”.

Наталля Паўлаўна пацвердзіла, што штаб Васілевіцкага партызанскага атрада размяшчаўся ў хаце яе бацькі Паўла Трызны, які ўсім, чым мог, дапамагаў народным мсціўцам. Яна добра памятае камандзіра атрада Смерціна, камісараў Якавенку і Чудава. У кнізе “Памяць” чытаем: “31 кастрычніка 1943 года атрад разгорнуты ў брыгаду ў складзе 5, 7 і 9-га атрадаў. Камандзір брыгады С.А. Смерцін, камісар П.П. Чудаў, начальнік штаба В.П. Алісейка”.

Разам з маці Наталля Паўлаўна амаль усю вайну жыла на балоце ў курані. Бацька вельмі баяўся, што за яго сувязь з партызанамі пацерпяць родныя. Як-ніяк, а ў сям’і падрастала сем малых дзяцей, старэйшы Рыгор ваяваў. “Памятаю, як толькі маці з дзецьмі з’яўлялася ў хаце, партызаны падхоплівалі нас на рукі, абдымалі, — расказвае Наталля Паўлаўна. – Я ўжо вялікая была, таму саромелася, вырывалася. А яны прасілі: “Не бойцеся, пасядзіце з намі. Вось такія дачушкі і сыны чакаюць нас дома. Бог дасць, дачакаюцца”. А тады звярталіся да маці: “Дзеля іх шчаслівай будучыні ваюем, Марфа. Нам што, мы ўжо пажылі”. Гэта казалі 20-30-40-гадовыя дужыя мужчыны. Многіх з іх у хуткім часе не стала. А я жыву ўжо 83 гады. І гэта доўгае жыццё мне падарылі менавіта яны”.

Навалокі

На ўскрайку вёскі жывуць дзве даўнія сяброўкі: Еўдакія Трызна і Валянціна Верабей. Адна пайшла сюды замуж з Вязавіцы, другая – з Міроненак. “Навалокі мы, — смяюцца жанчыны, — таму нічога цікавага пра гісторыю Гогалева вам не раскажам”. Не згаджаюся: “Якія навалокі, калі тут прайшло амаль усё ваша жыццё”. “Так, так”, — ківаюць галовамі, і пачынаюць расказваць.

“Матка мая памерла ў родах, — успамінае Еўдакія Афанасьеўна. – Пакінула нас шасцярых на бацьку. Яшчэ і нованароджанага хлопчыка. Урач прапанаваў аддаць яго ў дзіцячы дом, і бацька згадзіўся. Я бегала да нашага Уладзіміра некалькі разоў, а аднойчы мне сказалі, што яго ўсынавілі. Шмат гадоў мы пра яго нічога не чулі, не ведалі. А ў 2004-м знайшліся, сустрэліся. Во радасці было”!

Валянціна Іванаўна ў Гогалева пайшла замуж у другі раз. Першы муж, ад якога яна нарадзіла дачушак Вольгу і Люду, піў і біўся. А калі яшчэ і красці пачаў, то цярпенне жанчыны лопнула. З Васілём Брацуном пазнаёмілася ў Ліпаўскай участковай бальніцы, дзе працавала санітаркай. Спадабаліся адно аднаму з першага погляду, таму і сыйшліся праз некалькі тыдняў. “Жылі добра, бо аднолькавыя па характару, — адзначае Валянціна Іванаўна. – Да працы падарваныя, адпачываць не ўмелі. Гаспадарку трымалі вялікую. У мяне яшчэ той год кароўка Машка была. Адна на ўсю вёску. Ды ўпала на ногі і больш не ўстала. Давялося збыць. Нараўлася я тады”.

Пасля замужжа Валянціна Іванаўна яшчэ дзесяць гадоў бегала на работу ў Ліпаўскую бальніцу. Каб паспець дагледзець вялікую гаспадарку і прыгатаваць мужу і дзецям есці, уставала ў чатыры гадзіны раніцы. Было цяжка. Але скардзіцца яна як не ўмела, так і не ўмее. “Сёння паднялася ў пяць гадзін, — расказвае Валянціна Іванаўна. — Печ прапаліла, парсючка, курачак, гусей пакарміла, і на агарод – гарбузы выбіраць. Бульбу ўжо скапала, дзякуй Богу, сыночак дапамог. А калі б не дапамог, то і сама б управілася. Таблетак ад ціску нап’юся, я іх у кішэні заўсёды нашу, і корпаюся паціху”.

З Замосця ў Гогалева да жонкі пераехаў і Міхаіл Цяцерыч.

“Прыйшоў у прымы, — смяецца ён. – Матрона мая памерла, а я ўсё жыву. Восем-дзесят сем гадоў ужо тупаю па свеце. Цяжка аднаму, але што зробіш? Хутка зіма. Вельмі яе не люблю. Летам я яшчэ ў ягады схаджу, восенню – у грыбы. І час бяжыць хутчэй. А зімой застаюся сам на сам са сваімі думкамі, успамінамі. Жыццё мігам праляцела. Не паспеў азірнуцца – прыйшла старасць. Вы, дзеткі, маладыя яшчэ, таму дам вам некалькі парад: шануйце кожнае імгненне, не крыўдзіце родных, жывіце ў згодзе са сваім сумленнем”.

На радзіме нават дыхаць лягчэй

 

У 60-70 гады мінулага стагоддзя ў Гогалеве была добрая ферма па адкорму быкоў, на якой працавалі многія вяскоўцы. Была пачатковая школа, ФАП, крама, клуб. Жыццё, нягледзячы на глухія месцы, бурліла. Ствараліся новыя сем’і, нараджаліся дзеці. А калі закрылася ферма, вяскоўцы, моладзь адзін за адным, рушылі ў гарады. Апусцелі хаты, паціху сталі прыходзіць у заняпад…

Сядзіба яшчэ адной гогалеўкі Настассі Брацун, якую мы засталі дома падчас паездкі, прыгожая, дагледжаная. Калі быў жывы гаспадар, ён адказваў за парадак у двары.

Пасля яго нечаканай смерці ўсё легла на плечы гаспадыні. Сыны, як бацькі не стала, пачалі настойліва клікаць маці да сябе ў Мінск. “Я была ўжо і рашылася, — расказвае жанчына. – Паехала спачатку да іх у госці. Думала – месяцаў колькі пабуду. Ды вытрымала толькі некалькі дзён. Прымалі мяне добра, нявесткі шанавалі, дагаджалі, нічога рабіць не дазвалялі. А мне сумна, не ведаю, чым сябе заняць. Ад нуды па роднай зямлі напалі на мяне хваробы, сэрца разбалелася, хатку сваю сніла кожную ноч. Падзякавала дзецям і паехала дадому. Як вярнулася ў Гогалева, забыла пра свае балячкі. На радзіме нават дыхаць лягчэй”.

… Жоўтае сухое лісце прыемна шамаціць пад нагамі. Ветрык лёгка падхоплівае яго і круціць у паветры. Развітаўшыся з апошнім субяседнікам, падыходзім да машыны. Кідаю позірк на вёску, адзначаю: “Як у казцы пабывалі. Адчуванне такое, нібы час тут спыніўся. Цудоўнае месца для душэўнага адпачынку”. З задумення выводзіць званок тэлефона. На ўскрайку Гогалева, аказваецца, ёсць мабільная сувязь. Ён нагадвае: час вяртацца дадому. Бывай, чароўны край… Усяго добрага, гасцінныя гаспадары…

Таццяна ЗУБЕЦ

Please follow and like us:

13 комментариев для “ГОГАЛЕВА

  • 05.12.2014 в 21:37
    Permalink

    Хотелось бы выразить благодарность авторам статьи, за рассказ о маленькой, но такой радной сердцу деревушке. Просматривая фотографии вспомнилось далекое детство,школьная пора, одноклассники. В детстве из каждого дома доносились детские голоса и деревня казалась большой и цветущей. А теперь, к сожалению осталсь совсемь мало односельчан… Крепкого здоровья, бодрого духа, долгих лет жизни. Мы всегда помним Вас и нашу Родину молодой и прекрасной!

  • 01.12.2014 в 01:43
    Permalink

    Спасибо авторам за статью и за фото!Моя любимая деревня!Меня переполнили самые светлые чувства))В этих местах прошло мое прекрасное детство.Приятно видеть родных(для меня все жители родные)Очень часто вспоминаю и думаю:Как же мне повезло,что мои предки жили именно здесь!Моя РОДИНА!Всем жителям желаю крепкого здоровья и долгих лет жизни!!!

  • 28.11.2014 в 17:21
    Permalink

    Огромное спасибо! Очень приятно было прочитать историю деревни в которой жила моя бабушка и дедушка,и живет тётя. Дай Бог всем оставшимся жителям этой прекрасной деревни, здоровья и долгих лет жизни!

  • 21.11.2014 в 15:35
    Permalink

    Я Лидия Щеглова в девичестве Крот,с большой радостью прочитала и увидела на фотографиях своих знакомых и свою родную сестру Евгению Брацун,свою родную деревню где прошло мое детство и юность и откуда я уехала поднимать целину.Всем жителям родной деревни желаю здоровья и долгих лет жизни!

  • 13.11.2014 в 18:06
    Permalink

    Огромное спасибо за эти фотографии,как приятно было увидеть эти родные лица и места!!!как жалко что осталось так мало жителей.я как будто вернулась в свое далекое детство!спасибо вам!и всем жителям огромного здоровья и всего хорошего

  • 11.11.2014 в 16:59
    Permalink

    Огромное спасибо за статью о очень любимой мне земле.Там у меня и бабушка и друзья, и вообще я люблю те места, стараюсь ездить как можно чаще.Дай Бог всем здоровья

  • 11.11.2014 в 15:58
    Permalink

    Позвонила мама и сказала ,что напечатали статью про нашу родную землю ,про наших Родных !
    Огромная благодарность авторам статьи, фотохудожнику!
    Всем желаем здоровья,долгих лет!

    Привет землякам из Мурманска!

  • 09.11.2014 в 13:19
    Permalink

    Огромное спасибо за статью! Очень приятно было увидеть и прочитать истории военной жизни своих Земляков! Дай Бог всем здоровья, долгих лет жизни!

  • 08.11.2014 в 22:54
    Permalink

    Спасибо. Прекрасная статья о местах, где проводили лето в детстве и людях, которые там живут. Всем здоровья и удачи!

  • 08.11.2014 в 20:01
    Permalink

    Большое спасибо корреспондентам и фотографу за статью о моей Родине. У нас в деревне действительно как в сказке, жалко что осталось так мало жителей и ничего не напоминает о тех временах, когда жизнь в деревне била ключом, было много молодежи. В те времена все было по-другому: мы часто приезжали к родителям, привозили на лето своих детей, встречались с друзьями и родными, которые были почти в каждой хате. Всего этого нам очень не хватает вдали от этого родного сердцу края. Хочется пожелать всем оставшимся жителям здоровья, долголетия, ведь когда не станет их не станет и нашей деревни…

  • 07.11.2014 в 22:41
    Permalink

    Огромное спасибо автору и фотографу за статью, даже и не ожидали, что о нашей деревне напишут, приятно перечитывать и смотреть фото знакомых мест…Да сохранит Бог землю наших предков

  • 07.11.2014 в 19:47
    Permalink

    Вельмі лагодная, цёплая і жывая нізка нарысаў пра маленечкую вёсачку і, што самае галоўнае, пра яе жыхароў.
    Шчыры дзякуй аўтарцы за расповяд пра руплівых беларусаў па-беларуску. Паболей бы такіх матэрыялаў у «КН». Ды й не толькі пра вяскоўцаў!

  • 07.11.2014 в 16:39
    Permalink

    Огромное спасибо. Вновь и вновь перечитываю ваш репортаж о моей Родине, о земляках. Как приятно увидеть знакомые лица, места где когда-то бегали босиком, знакомые и не знакомые теперь местности. Как все и все изменились. Дай Бог здоровья моим «вагалеуцам».

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.