ЛАДЫЖЫН

Паўтарамятровыя зараснікі крапівы на месцы калісьці моцных вясковых хат, разваленае жытло з выбітымі шыбамі, рэшткі платоў, старыя здзічалыя чаромхі і бэз, пустэча і аглушальная цішыня навокал… Вось прыкладнае апісанне адміраючых вёсак…

Аднак, яно зусім не падыходзіць да Ладыжына.

Гэтую вёску нават малым паселішчам назваць цяжка. Тым больш зараз, улетку, калі з кожнай хаты і падворка чуюцца галасы, дзіцячы смех і другія гукі, што суправаджаюць шматлікія гаспадарчыя работы, якіх у жніўні нямала: працяжны звон пілы, глухі стук палена аб калоду, бразканне вёдзер, шамаценне і хруст фасолевых стручкоў… Словам, вёска жыве.

Абсалютную большасць яе насельніцтва складаюць дачнікі і дзеці былых вяскоўцаў, што прыязджаюць на лета ў бацькоўскія хаты. Некаторыя, наогул, трывала абаснаваліся тут, разжыліся добрай гаспадаркай, садзяць агароды, а свае гарадскія кватэры пакінулі дзецям.

І гэта не дзіўна: у Ладыжыне цудоўная прырода, свежае паветра, навокал спяваюць птушкі. Немалаважны і той факт, што вёска знаходзіцца ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад раённага цэнтра – пешшу туды-назад можна хадзіць.

Улетку ў Ладыжыне пражывае больш чым паўсотні чалавек. З іх старажылаў і тых, хто пражыў тут усё жыццё, можна пералічыць па пальцах – каля 20 чалавек. З імі мы і пачалі знаёміцца. А каб не разгубіцца, не заблытацца, у якіх хатах каго шукаць, папрасілі суправаджаць нас старшыню Сыродскага сельвыканкама, у склад якога ўваходзіць Ладыжын, Галіну Бічан.

Без пяці хвілін – фермеры

Першымі, да каго яна нас завяла, стала сям’я воіна-інтэрнацыяналіста Уладзіміра Альхі. За плячыма Уладзіміра Уладзіміравіча два гады службы афіцэрам у афганскім пекле Хайратона, Кабула і Баграна, служба на Камчатцы, у Ташкенце і Украіне. Агульны ваенны стаж былога афіцэра складае 12 гадоў.

У свой час Уладзімір Альха скончыў вышэйшае інжынерна-будаўнічае вучылішча, таму ў Афганістане ён кіраваў будаўніцтвам шпіталяў, пральняў, кацельняў, клубаў, лазняў, крам, а таксама — аб’ектаў і збудаванняў ваеннага назначэння. У яго падпарадкаванні быў асабовы састаў з ваенных і вольнанаёмных грамадзян. За сваю службу Уладзімір Уладзіміравіч мае і ўзнагароды.

Дарэчы, у дзень нашага знаёмства Уладзіміру старшыня сельвыканкама ўручыла чарговую ўзнагароду — юбілейны медаль з нагоды 25-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана.

Пасля звальнення афіцэр запасу некалькі гадоў працаваў галоўным архітэктарам горада Калінкавічы. Сёння ён трывала абаснаваўся ў Ладыжыне, дзе знайшоў не толькі душэўны спакой, але і вялікае шчасце. Менавіта тут ён спаткаў сваю жонку Валянціну Якаўлеўну. Тут ён стаў сапраўдным гаспадаром і шчаслівым бацькам двух гарэзлівых сынкоў. Арцёму – сем гадкоў. Мікітку — пяць з паловай. Як кажа бацька, добрыя памочнікі падрастаюць. Улічваючы пагалоўе гаспадаркі, што трымаюць Уладзімір з Валянцінай, дапамога ім вельмі патрэбна. Тры каровы, два цяляткі, дзесяць дойных козачак з козлікам, паўсотні курэй! Колькі ж часу і цярпення трэба!

Але гаспадарам гэта не ў цяжар. Кажуць, затое ўсё сваё: і яйкі, і малако. Летась трымалі яшчэ і гусей, але вырашылі, што з іх і курэй хопіць.

— На гусей добры пастушок патрэбны, яны ж куды хочуць, туды і ідуць, — растлумачыў гаспадар. – А хто іх будзе пасвіць? Жонка працуе. Яна ў мяне лабарант ветэрынарнай лабараторыі. Арцёмка вучыцца, Мікітка наведвае дзіцячы сад. Цешча козачак дапамагае пасвіць…

Да сваёй гаспадаркі Валянціна, Уладзімір і іх дзеткі адносяцца пяшчотна, шкадуюць жывёліну. Памятаюць, як кожную зваць. Кароўкі ў іх завуцца Маліна, Каліна і Рыта. Нават у кожнай казы ёсць імя: Красуля, Сімка, Цімка, Соня, Марта, дзве Белкі, а бязрогі козлік адгукаецца на мянушку Борка.

Дояць коз і каровак Уладзімір з жонкай на пару. Паціху вучаць гэтаму і сыноў. Не так даўно, каб была хоць якая палёгка, набылі сучасны даільны апарат. Ёсць у іх і культыватар для апрацоўкі сотак. І нават два інкубатары.

Уладзімір Уладзіміравіч дапускае думку, што калі-небудзь паспрабуе заняцца фермерствам.

Пакуль размаўлялі з гаспадарамі, як раз прыгнала козачак з лугу маці Валянціны Якаўлеўны – Вольга Радзько. Яна расказала, што ў Ладыжыне жыве ўсё сваё жыццё. Тут нарадзіла чатырох дяцей. Двое сыноў жывуць у Украіне.

Амаль сорак гадоў Вольга Кірылаўна адпрацавала на пошце брыгадзірам. Яна кантралявала і арганізоўвала работу на дванаццаці паштовых участках, а калі трэба было, яшчэ і газеты разносіла.

Тройчы ставілі на расстрэл…

85-гадовую Марыю Малашчанка прыйшлося чакаць хвілін дзесяць. На дзвярах хаты быў замок, але суседка-дачніца бачыла, што бабуля пайшла ў агарод, нават прапанавала збегаць пазваць яе. Мы згадзіліся пачакаць на лаўцы ў цяньку. Прыгожа як! На ўсе галасы спяваюць птушкі. За плотам насупраць — яблыня аж гнецца ад пладоў, побач вішня, на верхавіне якой красуецца …гарбуз — во куды залез!

Пакуль дзівіліся цудам прыроды, прытупала і Марыя Ільінічна – маленькая, сухенькая.

— Няўжо вы яшчэ на агаро-дзе працуеце? – здзівілася я.

— Які з мяне ўжо работнік? Але ж штосьці яшчэ спрабую рабіць. Гэта я хадзіла куру закапваць. Здохла пазаўчора. Мо з’ела што нядобрае. А ўчора ж Спас быў, не хацела ў свята землю капаць, грэх на душу браць…

Нягледзячы на ўзрост, Марыя Ільінічна мае добрую памяць, і вельмі цікава расказала нам пра сваё жыццё. Пачала з вайны. Бо гэтую старонку з жыцця, як не жадай, як не спрабуй — не вырвеш.

Вайну яна сустрэла 12-гадовай дзяўчынкай. Кажа: немцы тройчы ставілі яе да сцяны на растрэл, але Бог заўсёды дапамагаў застацца ў жывых.

— Я ж партызанам ежу насіла, — тлумачыць Марыя Малашчанка. – Наша хата з самага краю сяла стаяла. Недалёка арэшнік быў. Туды прыходзілі партызаны. Мой старэйшы брат Адам таксама быў сярод іх.

Сёння з дзесяці дзяцей Марыя Ільінічна засталася адна. Дзвюх яе братоў забрала вайна. Мікалай загінуў у баі каля Віслы, Адам — дзесьці ў Акцябрскім раёне. Трэці брат згінуў яшчэ на фінскай вайне ў баях на Ладажскім возеры. Старэйшую сястру Ефрасінню разам з чатырма малымі дзеткамі немцы спалілі ў Лозках…

Амаль перад самым вызваленнем Марыю і некаторых іншых вяскоўцаў пагрузілі на падводы і павезлі ў Мазыр.

— Адтуль нас праз некалькі дзён перавезлі ў Калінкавічы: у вялікую сталовую на пятым будаўнічым участку. Помню, як у той будынак сагналі шмат людзей. Унутры ўздоўж сцен на падлозе ляжалі мярцвякі. Усе галасілі: не ведалі, што будзе далей. Тое, што з тымі людзьмі, якія на падлозе?.. А далей было вось што: падагналі вагоны і сагналі нас у іх, — успамінае жанчына. – Хацелі везці ў Лунінец – там быў крэматорый. Але нам пашанцавала: наляцелі самалёты, пачалі бамбіць. Гарэлі неба і зямля. Усе паразбягаліся. Я, маці і меншы брат таксама пабеглі. На Першамайскай жылі нашы знаёмыя. У мірны час яны прыходзілі да нас малоць зерне на жорнах. Добра, што па дарозе не сустрэлі ні паліцаяў, ні немцаў.

Крыху пажылі ў тых знаёмых, а потым вярнуліся дадому. Наша вялізная хата з лубу засталася некранутая. Яе пабудаваў мой бацька ў 1930 годзе, калі ў пошуках лепшай долі наша сям’я пераехала сюды з Лозак…

Усё сваё жыццё Марыя Малашчанка сумленна працавала. Спачатку ў калгасе, потым у швейнай арцелі па вуліцы Чырвонаармейскай у горадзе Калінкавічы. Калі стала замужняй жанчынай і пайшлі дзеці, зноў вярнулася ў калгас. Яе муж Мікалай Мікалаевіч быў добрым муляром. Ды і чалавек быў не паганы. “Гарэлку піў, але не біўся. Ніколі нідзе ад яго не хавалася”, — кажа Марыя Ільінічна. Разам яны выгадавалі дзвюх дачок. Сёння ў жанчыны ёсць трое ўнукаў.

На пытанне пра гаспадарку, Марыя Малашчанка адказала з гумарам: “А як жа? Трымаю. І вялікую. Куры, чатыры каты і тры сабакі”. І агарод яна патрошку засявае. Разводзіць не толькі беларускія, але і паўднёвыя культуры. Напрыклад, дыні і кавуны. Адзін год, казала, кавуноў нарасло пад сем-дзесят. Сёлета насадзіла ў тры разы менш.

У вольны час бабуля чытае газеты. І хаця на адным воку вылезла катаракта, гэта для Марыі Малашчанкі не перашкода.

Малдаванка

Шмат чаго памятае пра суровыя ваенныя гады і Яўгенія Нярыноўская. Яе бацькі, як і ўсе, прыехалі ў Ладыжын у пошуках лепшага месца.

Дарэчы, гэтую вёску і заснавалі перасяленцы з розных мясцін у самым пачатку ХХ стагоддзя. Кажуць, што спачатку абсалютную большасць яе насельніцтва складалі яўрэі. А са старой геаграфічнай карты, датаванай 1929 годам, мы даведаліся, што ў той час вёска называлася Новыя Калінкавічы. Назву Ладыжын яна атрымала пазней.

Перад тым, як абаснавацца ў Ладыжыне, сям’я Яўгеніі Якаўлеўны добра пакалясіла па свеце. Спачатку яны жылі ў Прудку. Бацька і чатыры старэйшыя браты Яўгеніі ўжо адваявалі Першую сусветную вайну. У пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя гэта сямейства завербавалася на Украіну.

— Мне было толькі два гады, — кажа Яўгенія Нярыноўская. – Маці расказвала, што там мы пражылі нядоўга. Галадуха была страшэнная. Людзі паміралі на прызбах сваіх хат. І мы вярнуліся назад. Крыху пажылі за Мазыром. А тут вайна… Бацька быў ужо немалады, яго на фронт не прызвалі. Ваяваць пайшлі два браты. Ужо пры немцах мы вярнуліся ў Прудок. Нашай хаты не было – яе спалілі немцы. Бадзяліся па вёсках, прасілі кусок хлеба ды некалькі крышталікаў солі… У дзень вызвалення маці, брат і я захварэлі тыфам. Не маглі нават устаць. Добра што бацька, які ў той час быў у Хобным, прыехаў і забраў нас падводай. Яму суседзі перадалі, што мы ляжым у Скрыгалавай Слабадзе. Бацька прывёз нас хворых у Прудок. Заняў лазню, што зрабілі немцы. Наслаў на падлогу саломы і паклаў нас туды. Маці ледзь хадзіла, але ўстала і накапала дзесьці чамярыцы. Абмазала нас усіх з галавы да ног. Пякло моцна! Але дзякуючы ёй мы ачунялі.

Тут да нас прыйшло другое гора: на другі тыдзень памёр бацька. Не ад тыфу: надарваўся, напэўна, калі дапамагаў хаваць забітых немцамі і хваробамі людзей… Пасля яго смерці мы паехалі ў Малдавію. Там таксама пражылі нядоўга. Як кажуць, няма нічога лепей роднай старонкі. У пачатку 50-х гадоў мы абаснаваліся ў Ладыжыне. Тут яшчэ да вайны жыў матчын брат. Я тут жыву ўжо больш шасці дзясяткаў гадоў, а мяне і сёння “малдаванкай” завуць. Сям’я майго мужыка пераехала ў Ладыжын з Бранска, дык іх вяскоўцы называлі “бранскія”.

Муж Яўгеніі Якаўлеўны памёр рана, пакінуўшы пасля сябе чацвярых дзяцей. Жанчына працавала маляром у мэблевай арцелі “Зорка”. Расказвала, што гаспадары “Зоркі” былі яўрэямі і плацілі сваім работнікам добрыя грошы. Калі пачалі з’яўляцца дзеці, Яўгенія Нярыноўская вымушана была перайсці ў калгас на працадні. Вось тады было сапраўды цяжка. Але дзяцей яна выгадавала, паставіла на ногі. Дачакалася жанчына і ўнукаў з праўнукамі. Апошніх у яе ажно сем. Унукаў адным менш.

За ведамі ішлі па гурбах праз платы…

Любоў Мордус, чыя хата стаіць на падворку, дзе рознымі фарбамі буяюць кветкі, ужо шмат гадоў з’яўляецца памочніцай старшыні сельвыканкама па гэтай вёсцы. Кветкі ў яе не толькі на падворку, але і на варотах – намаляваныя незвычайна і своеасабліва. Побач — такія ж цікавыя чалавечкі і хаткі.

— Малодшая ўнучка “дапамагала” фарбаваць, — смяецца жанчына. – Далі ёй волю, бачыце, якая мастачка расце!
Любоў Аляксееўна – карэнная ладыжынка. Тут яна нарадзілася, скончыла чатырохгодку. Адсюль хадзіла ў Калінкавіцкую школу №1 у старэйшыя класы. Хадзілі пешшу праз лес, зімой, калі дарогу замятала, прабіраліся па гурбах адзін за адным паўз платы. Тады былі сапраўдныя зімы, не тое, што цяпер.

Пасля заканчэння школы яна вывучылася ў Добрушы на кінамеханіка і паехала працаваць па спецыяльнасці ў буйную па тым часе гаспадарку — саўгас “Парэчча”. Там было шмат моладзі, дзейнічала агітбрыгада. Любоў Аляксееўна ўспамінае, як яны ездзілі па вёсках: паказвалі кіно, ладзілі канцэрты.

Пад Новы год маладая кіншчыца пазнаёмілася са сваім Адамам. Хлопец якраз адслужыў у войску і вярнуўся дадому. Не прайшло і паўгода, як маладыя распісаліся (нібы жартуючы, 1 красавіка) і пераехалі ў Ладыжын, на радзіму жонкі.

Разам з Адамам Іванавічам Любоў Аляксееўна пражыла 38 гадоў. Ён быў заслужаным працаўніком гаспадаркі: шафёрам, механізатарам. Разам яны выгадавалі траіх дзяцей.

Сама ж жанчына больш за 25 гадоў аддала працы сацыяльным работнікам у роднай вёсцы: клапацілася пра яе сталых жыхароў, якіх ведала і памятала яшчэ маладымі і здаровымі.

Расказала нам пра дзяцей і ўнукаў, якія пра яе не забываюць і часта наведваюць. Дадала, што любіць чытаць і час ад часу бярэцца за вышыўку. Аднак, зараз жанчыне не да таго. Чаму? Не цяжка было здагадацца. Дастаткова было кінуць позірк на радкі памытых слоікаў, памідоры і зубкі часнаку ў місках. Спачатку — аджыка, а потым ужо вышыванкі. Уся зіма наперадзе для гэтага захаплення.

Для дружнай сям’і – вялікі шацёр

Кожны раз, апынаючыся на падворках некаторых вяскоўцаў, не перастаю замілоўвацца: навокал чысціня, утульнасць, прыемна радуюць вока кветкі і дрэўцы, моцныя гаспадарчыя збудаванні. У Ладыжыне такі падворак належыць гаспадарам Валатковічам.

Уладзімір Пятровіч і Таццяна Якаўлеўна жывуць тут разам ужо паўстагоддзя. У мінулым годзе адсвяткавалі залатое вяселле. Для вялікіх сямейных свят на іх падворку ёсць усё неабходнае: мангал, вялікі шацёр-палатка, дзве лаўкі абапал шырокага стала, каб уся сям’я змясцілася. Для дзяцей – арэлі.

Як расказаў гаспадар, сам ён мясцовы: ўсё жыццё жыве ў Ладыжыне. Жонку сабе прывёз з Замосця. Прыгажуню Таццяну ён спаткаў падчас адной з працоўных паездак. Уладзімір Пятровіч быў шафёрам – адвозіў прадукты меліяратарам. Таццяна Якаўлеўна працавала на чыгунцы. Падвёз. А праз тры месяцы забраў яе ў Ладыжын.

Усе гэтыя гады яны жывуць душа ў душу, нарадзілі і выгадавалі чацвярых дзяцей, маюць восем унукаў і аднаго праўнука.

— Бацькі казалі, што да вайны тут шмат яўрэяў жыло. Мяркую, што і назва вёскі пайшла ад прозвішча аднаго з іх. Менавіта яны, па словам бацькоў, заснавалі тут калгас. Былі ў вёсцы клуб, крама і пачатковая школа, — расказвае гаспадар.

Уладзімір Валатковіч усе гады свайго працоўнага стажу не выпускаў баранку з рук. Таццяна Якаўлеўна працавала на ферме даяркай, потым жывёлаводам.

Сёння яны на заслужаным адпачынку. Даглядаюць агарод, клапоцяцца пра маладыя саджанцы яблынь, груш, чарэшняў, што займаюць добрую палову іх сотак. Вырошчваннем саджанцаў займаецца іх сын. Непадалёку ад роўненькіх радкоў маладзенькіх дрэўцаў – вялікі парнік з памідорамі і агуркамі. На градзе спеюць паласатыя кавуны. Па падворку ходзяць куры…

— Іншай гаспадаркі ўжо не трымаем, — кажа гаспадыня. – Гады бяруць сваё…

Спаткаліся на вяселлі

Пазнаёміліся мы яшчэ з адной сямейнай парай – Уладзімірам і Ганнай Корбаль. Пачуўшы гэтае прозвішча, пытаюся ў гаспадара, ці не міхнавіцкі ён. І не памылілася. Уладзімір Міхайлавіч сапраўды пераехаў сюды з Міхнавіч, калі ажаніўся на ладыжынскай дзяўчыне Ганне Манько. Сям’я ж Ганны Піліпаўны пасялілася тут яшчэ да вайны.

— Мы да гэтага жылі ў Кавальках. Бедна жылі, есці не было чаго. А нас у бацькоў было чацвёра. Нехта з аднавяскоўцаў расказаў бацьку пра Ладыжын. Казалі, што ўтварылася новая вёска, перспектыўная. Вось мы і перабраліся сюды, — расказала Ганна Піліпаўна. – Тут я і Валодзю свайго спаткала. Ён прыехаў вяселле брата гуляць, а маладая была маёй лепшай сяброўкай.

Як высветлілася, Уладзімір Корбаль – сапраўдны майстар сталярства. Хату, у якой жывуць, і ўсё што ёсць у ёй, рабіў сваімі рукамі. Да самага выхаду на заслужаны адпачынак ён працаваў у гэтай прафесіі: на ЗЦМ, потым на заводзе жалезабетонных вырабаў. Яго жонка хадзіла ў калгасную брыгаду. Разам яны выгадавалі траіх дзяцей. Сёння іх наведваюць столькі ж унукаў і адна маленькая праўнучка.

З брыгадзіра — у загадчыцы

Крочым далей. На ганку сваёй хаты сядзіць яшчэ адна карэнная ладыжынка — Таццяна Клапкова. Жанчына пазірае на дарогу. На твары – задуменне, у вачах – сум.

— Чакаеце каго? – пытаемся ў жанчыны. – Чаму засумавалі?

— Дачка павінна прыехаць, — адказвае Таццяна Фёдараўна. – Я не сумую, крыху, мабыць, захварэла.

Даведаўшыся, хто мы і адкуль, яна быццам ажыла, пачала дзяліцца ўспамінамі:

— Мяне прывезлі сюды зусім маленькую. Бацькі пераехалі сюды з Фабіянаўкі, бо тут быў калгас, школа для дзяцей, кузня і крама.

Таццяна Клапкова – адна з самых адукаваных жыхарак вёскі. Кажа, што ёй вельмі падабалася вучыцца. У Сталін-скую школу за ведамі бегала па снегу амаль босая. Жанчына скончыла дзесяць класаў, потым – тэхнікум, дзе атрымала спецыяльнасць агранома. Была ў калгасе брыгадзірам, учотчыцай, шмат гадоў працавала загадчыцай фермы.

У Краснабярэжскім сельгастэхнікуме яна сустрэла сваю другую палову – Рыгора Васільевіча. Першыя гады сумеснага жыцця ён праводзіў апырскванне сельскагаспадарчых культур удабрэннямі і сродкамі ад шкоднікаў. Гэтая работа патрабавала шмат раз’ездаў і адлучак ад дому. Таму на сямейным савеце было вырашана перавучыць галаву сямейства на кранаўшчыка. У гэтай спецыяльнасці Рыгор Клапкоў і адпрацаваў шмат гадоў у лясгасе.

Мінула ўжо пятнаццаць гадоў, як жанчына жыве адна. Канешне, яе часта наведваюць дзеці, а іх у Таццяны Фёдараўны чацвёра, сем унукаў і праўнучак Мікітка. Але, напэўна, яна б не сядзела з такімі сумнымі вачыма на ганку, каб з ёю і сёння быў побач родны чалавек.

Каб дзецям лепш жылося…

Таццяна Кіршчына, што жыве непадалёк, таксама даўно аўдавела. Мікалай Анісімавіч, якога яна сустрэла тут жа, у Ладыжыне, пакінуў гэты свет яшчэ ў 1990 годзе. На ногі пецярых дзяцей ёй давялося ставіць адной. Кім і дзе толькі Таццяна Дзям’янаўна не працавала! На будоўлі – рознарабочай, фармоўшчыцай і цестамесам – на хлебазаводзе, даяркай – у калгасе. А ўжо будучы пенсіянеркай, збірала малако. А ўсё, каб лішнюю капейку зарабіць, каб яе дзецям лепш жылося. Ды і зараз Таццяна Кіршчына не сядзіць склаўшы рукі. Трымае кароўку, кур, свіней, саджае агарод.

— Работы шмат, — кажа гаспадыня. — Ураджаю дачакалася – трэба ладаваць.

Але нягледзячы на занятасць жанчына знаходзіць хвілінку, каб праглядзець цікавую кніжку разам са сваімі дзяўчынкамі — унучкай Настачкай, што прыехала да бабулі на лета з Мінска, і ўнучкай сваёй пляменніцы — Юнонай.

— Дзецям тут падабаецца, — расказвае жанчына. – Вы ж бачыце, як у нас улетку прыгожа. Свежае паветра, зеляніна і кветкі навокал…

Тут і дыхаецца лягчэй…

Апошнюю сям’ю, што значылася ў нашым спісе, мы знайшлі на полі за вёскай. Гаркушы ўсім сямействам капалі бульбу. І хоць справа гэта нялёгкая і адказная, яны згадзіліся пагутарыць з намі. А заадно – і крыху адпачыць.

Рыгор Гаркуша – мясцовы. Пра сябе сказаў: “Жыву тут усё жыццё, мой пуп тут закапаны”. Бо ў гэтай вёсцы ён нарадзіўся, скончыў школу, адсюль паехаў паступаць, адсюль і ў армію пайшоў.

Жонку сваю, Валянціну Аляксееўну, знайшоў ажно ў Брэсцкай вобласці.

— Так сябра паехаў жаніць, — расказвае Рыгор Рыгоравіч. – Пагуляў на вяселлі, а потым і сам жаніцца захацеў.

Валянціна Аляксееўна на той час працавала бухгалтарам у саўгасе “Усход”. Пасля знаёмства маладыя пачалі пісаць адзін аднаму пісьма. Закаханы Рыгор ездзіў да Валянціны ў госці. Але так далёка не вельмі часта наездзішся. Таму хутка былі сваты, за імі – і вяселле. Адразу пасля яго маладыя паехалі на заробкі ў Карэлію.

Праз год з паловай яны вырашылі вяртацца назад. На руках Валянціны ўжо была маленькая Таццяна. У Ладыжыне ў іх нарадзіўся яшчэ і Віталь.

Валянціна Аляксееўна 35 гадоў працавала бухгалтарам на пятай аўтабазе. Рыгор Рыгоравіч шмат гадоў аддаў рабоце сувязістам.

Той факт, што яны жывуць у вёсцы, зусім не перашкаджаў ім дабірацца на працу ў горад, а іх дзецям у школу. Наадварот, яны лічаць, што ім вельмі пашанцавала: жывуць за горадам, дзе, здаецца, і дыхаецца лягчэй, і адначасова – да горада рукой падаць.

Іх чатыром унукам таксама тут вельмі падабаецца. Яны праводзяць шмат вольнага часу ў дзядулі з бабуляй.
Я не здзіўлюся, калі высветліцца, што мы кагосьці мінулі. Хай ужо не крыўдзяцца. Зараз у Ладыжыне шматлюдна. Вёска жыве поўным жыццём. Людзі капаюць бульбу, робяць нарыхтоўкі на зіму, навокал бегаюць дзеці. Так будзе да кастрычніка. Потым Ладыжын апусцее і стане адной з маланаселеных вёсак раёна. Але, у адрозненне ад большасці з іх, такім ён будзе толькі да вясны…

Таццяна КАПІТАН

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.