ВЕЦЯЛЬСКАЯ

За дваццаць кіламетраў на паўночны захад ад райцэнтра і чыгуначнай станцыі Калінкавічы, у акружэнні квітнеючых палёў і шчодрых на чарніцы і грыбы лясоў, прытаілася вёска Вецяльская, што знаходзіцца на тэрыторыі Якіма-віцкага сельсавета. Яе мы наведалі зусім нядаўна, узнавіўшы вандроўкі па малым паселішчам раёна.

Як высвятляецца, Вецяльскую заснавалі перасяленцы з суседніх вёсак у пачатку 20 стагоддзя на былых памешчыцкіх землях. Згодна крыніц у 1925 годзе ў вёсцы налічвалася 26 двароў. У 1931 годзе вяскоўцы аб’ядналі свае гаспадаркі ў калгас.

З цягам часу Вецяльская ўсё больш разрасталася, ствараліся новыя сем’і, нараджаліся дзеткі. У 1935 годзе мясцовую пачатковую школу наведвалі 76 вучняў. Паводле перапісу 1959 года ў Вецяльской пражывала 285 жыхароў. А магло быць яшчэ больш: у Вялікую Айчынную вайну амаль 40 вяскоўцаў прапалі без вестак і загінулі на фронце.

Жыхарка вёскі Марыя Ціснецкая ўспамінае:

— У пасляваенны час у вёсцы было шмат моладзі. У кожнай хаце не менш трох дзетак. Нашы бацькі, а затым і мы працавалі ў калгасе імя Гастэла. Нялёгка было, але людзі не наракалі. Ад-працаваўшы, умелі і адпачыць: цікава, дружна, усёй вёскай. Каб вырасціць і вывучыць дзяцей, трымалі па некалькі кароў, парсючкоў, рознай птушкі.

Марыя Паўлаўна расказала, што яе бацька, Павел Фесенка, быў родам з Якімавіч, з першых дзён вайны маладым хлопцам падаўся ў партызаны. Маці, Вера Лук’янаўна, гадавала адзінаццаць дзяцей. Марыя Паўлаўна была з іх самай старэйшай, і таму стала для маці першай памочніцай, з малых гадоў прывучанай да ўсялякай работы. Калі крыху падрасла, пайшла працаваць на ферму. Была і даглядчыцай, і пастухом. Пазней стала загадчыцай авечкагадоўчай фермы.

З украінцам Антонам Ціснецкім дзяўчына пазнаёмілася ў роднай вёсцы. Маладыя салдаты тады збеглі ў самаволку. Вельмі хацелі патанцаваць у клубе.

— Потым бегаў зімой да яе на спатканні, — успамінае Антон Антонавіч. – Снег мясіў, лёд крышыў…

Антон Ціснецкі застаўся служыць далей. Пасля вяселля сям’я змяніла некалькі гарнізонаў — Петрыкаў, Мышанка, Мазыр… Нарадзіліся дзеці. Марыя Паўлаўна працавала кладаўшчыцай, потым прадаўцом.

Дваццаць год таму муж і жонка Ціснецкія вырашылі пасяліцца ў Вецяльской. Купілі той самы клуб, дзе пазнаёміліся, зрабілі рамонт і пераехалі. Марыя Паўлаўна працавала ў мясцовым магазіне, пакуль яго не зачынілі. Але вяскоўцы не крыўдзяцца на жыццё. Да іх тры разы на ты-дзень ездзіць аўталаўка, якая возіць усё неабходнае.

— Дзеці нас не забываюць, — расказваюць Ціснецкія. – Іх у нас трое. Сыны, як і бацька, ваенныя. Уладзімір – палкоўнік, Міхаіл – падпалкоўнік. На жаль, жывуць далёка. Адзін у Сімферопалі, другі – у Варонежы. Дачка Ірына бліжэй за ўсіх — у Мазыры. Вось і сёння прыехала бацькоў праведаць, унука Даніка прывезла…

У Марыі Паўлаўны і Антона Антонавіча падрастаюць пяць унукаў і дзве праўнучкі ў Сімферопалі.

У вялікай хаце, што стаіць на прасторным падворку з калодзежам і елкай каля брамкі, жыве Ніна Нягрэй, якая ў жніўні адзначыць сваё 75-годдзе. Калі старшыня Якімавіцкага сельвыканкама Рыта Стрэльчанка расказвала, што Ніна Мікіцічна і сёння, нягледзячы на ўзрост, застаецца руплівай гаспадыняй, яна ніколькі не перабольшвала. Каб у гэтым упэўніцца, дастаткова было зайсці на яе падворак. На рагулях ля плота сохнуць памытыя слоікі, кубачкі і каструлі, у палісадніку красуюць усімі колерамі кветкі, над якімі руяцца пчолкі, што жывуць у вуллях непадалёку ад хаты. Дарэчы, насенне і парасткі Ніна Нягрэй збірала па знаёмых з усёй вобласці. А пчоламі займаўся яшчэ яе бацька.

— Трымаю каня, індакачак, бройлераў, курачак і галоўных памочнікаў – ката з сабачкам, — распавядае гаспадыня, набіраючы воду з калодзежа. – Сею яшчэ шмат чаго: акрамя агародных культур, трыцікале — курачкам, грэчку – пчолкам.

Гэтая жанчына адпрацавала дваццаць гадоў у лясніцтве, куды прыйшла пасля смерці мужа Аркадзя Аляксандравіча. Ён быў лесніком.

— Мяне да сябе не браў, казаў, не жаночая справа лес вартаваць. Я ў брыгадзе шчыравала. А калі Аркадзь пакінуў гэты свет, заняла яго месца, — з уздыхам расказала гаспадыня. – Так і гарую адна з 1982 года. Добра, што дзеці ёсць, не забываюць…

У Ніны Нягрэй дзве дачкі і два сыны, сем унукаў і два праўнукі.

Мы развіталіся з Нінай Мікіцічнай, а старшыня сельсавета крыху затрымалася з гаспадыняй. Зараз ва ўсіх вяскоўцаў да яе адно пытанне: трэба выпісаць і прывезці дровы на зіму, нездарма ж кажуць: “Рыхтуй сані летам…”. Была ў Ніны Нягрэй да Рыты Аляксееўны і яшчэ адна справа. Вельмі яна хоча знайсці, дзе пахаваны, і ўнесці ў кнігу “Памяць” імя свайго роднага брата Мікалая Дубровы, які загінуў у 1945 годзе.

На парозе сваёй утульнай хаты нас сустракала 83-гадовая Марфа Верамеева. Рыта Стрэльчанка пасля прывітання і прадстаўлення нас, гасцей з “раёнкі”, пацікавілася ў яе пра здароўе.

— Якое здароўе ў маім ўзросце? – пачулі адказ. – Вось, вырашыла бульбу крыху прапалоць, ледзь не памерла, ногі апухлі, дзесь застудзіла. Дзеці ўсю ноч званілі, хваляваліся, як я сябе адчуваю…

Марфа Піліпаўна паведаміла, што яна маці семярых дзяцей, бабуля пятнаццаці ўнукаў і ўжо дзевяць разоў станавілася прабабуляй.

— Пасля вайны такі голад быў, як я тых дзяцей здолела выгадаваць? – здзіўляецца жанчына. – Памятаю: развяду зацірку з малаком у місцы, мае дзеці аблепяць яе з усіх бакоў, нібы тыя кацяняты. Не слухайце тых, хто кажа, што сёння паганае жыццё. Яны таго, нашага гора не бачылі. Тады ж сапраўдны голад быў. Пасля вайны елі рагоз і акацыі, голавы забітых немцамі кароў па лесе збіралі. Прынясем дадому, абсмажым, нават халоднае варылі. І ніхто не памер. А жылі мы ў малюсенькай сцёбачцы. У нас з Мікалаем спачатку не было ні каровы, ні кабана. Гэта ўжо потым пачалі паціху разжывацца.

Марфа Верамеева расказала нам, што яе муж – Мікалай Кузьміч — прайшоў усю вайну, змагаўся з ворагам на ІІ-м Беларускім фронце, дадому вярнуўся з медалямі. У мірны час працаваў трактарыстам. Ды і яна сама з маладосці не цуралася ніякай работы. Працавала даяркай, разбівала, грузіла торф і гной. Асабліва ёй падабалася, калі адпраўлялі капаць бульбу.

— Стараліся мы з усіх сіл, ажно з ног валіліся, бо дзевяць вёдраў – у калгас, дзясятае – сабе. Хацелася ж, каб гэтых дзясятых было як мага больш, — успамінае Марфа Піліпаўна.

Наступнай, да каго мы завіталі, была маленькая, худзенькая жанчына Кацярына Анікейчык, якая не так даўно пахавала мужа. Нават сарака дзён не прайшло з таго журботнага дня.

Мікалай Васільевіч прывёз яе ў Вецяльскую з Украіны. А сасватаў маладых брат Кацярыны Іванаўны, які быў тут кватарантам і вельмі сябраваў з сынам гаспадароў.

Маладзенькая ўкраіначка прыйшлася да спадобы як самому Мікалаю Васільевічу, так і яго бацькам: прыгожая, сціплая і да працы ахвочая. А ўмеліца якая! Яе вышыванкі можна разглядаць гадзінамі.

І сёння ўсё ў хаце Кацярыны Анікейчык шчыра аздоблена вышыўкай крыжыкам: навалкі і посцілкі, ручнікі і сурвэткі – адусюль на нас паглядалі прыгожыя дзяўчыны, кветкі і коцікі.

Ідзем далей. Старшыня сельвыканкама вядзе нас да Надзеі Фесенкі.

Жанчына жыве таксама адна. Свайго гаспадара яна даўно пахавала. Дзве яе дачкі жывуць у Мышанцы, сын у Бабровічах. Часта наведваць маці ў іх не атрымліваецца, бо ўсе яшчэ працуюць, а вось тэлефануюць рэгулярна, расказваюць пра ўнукаў і праўнукаў.

Надзея Іванаўна нарадзілася і вырасла тут, у Вецяльской. Пасля таго, як яе сямігадовага браціка забіла маланкай прама ў хаце, яна засталася адзіным дзіцём у маці. Бацьку свайго не ведае, нават яго фотакартак не бачыла. Маці расказвала, што ён працаваў на чыгунцы і ў самым пачатку вайны трапіў да немцаў у палон. Так і прапаў.

Адразу пасля школы Надзея Іванаўна пайшла працаваць у калгас.

— Вы не можаце сабе нават уявіць, колькі я авечак папастрыгла! Іх жа ў шасці хлявах мо пяць тысяч галоў стаяла! Тут іх стрыглі, тут на месцы і воўну прасавалі.

Знаёмімся з вяскоўцамі далей. У наступнай з жылых хат, якіх у Вецяльской засталося толькі 18, жывуць Ганна і Іван Фесенкі.

Здаецца, удвох лягчэй. Але гэтых гаспадароў напаткала няшчасце, пасля якога ўсе клопаты леглі на плечы Ганны Яраслаўны, у тым ліку і догляд за Іванам Міхайлавічам, які пасля хваробы застаўся інвалідам без абедзвюх ног.

— Вось так і жыву, — усхліпвае жанчына, паказваючы на ложак, дзе сядзіць Іван Міхайлавіч. – Раней ён хоць рукамі штосьці мог рабіць, дапамагаў мне. А зараз і яны слабыя сталі… (плача).

Цікаўлюся, хто пасадзіў такімі акуратнымі радкамі памідоры і агуркі на падворку, клапатліва абгарадзіў іх сеткай?

— Гэта ўсё дзеці. Мне ж ужо нічога не патрэбна…

Івану Фесенка 79 гадоў. Гэта зараз ён нямоглы, а ў маладосці быў прыгожы і дужы. Працаваў на трактары, сам збудаваў хату. А потым у суседніх Міхнавічах і суджаную сабе знайшоў.

Разам яны ўзгадавалі пяць дзяцей: тры сыны і дзве дачкі. Дзеці выраслі і стварылі свае сем’і. Добра, што не разляцеліся далёка ад бацькоўскага гнязда, могуць часта наведваць і дапамагаць старым. Сыны абаснаваліся ў Клінску, Міхнавічах і Калінкавічах. Дочкі – у Калінкавічах і Мышанцы.

Васьмідзясятае лета ў чэрвені сустрэла ў Вецяльской Любоў Казак. А два гады таму яна адзначала 60-годдзе сумеснага жыцця са сваім мужам Дзмітрыем Уладзіміравічам.

Сама яна з Садкоў. А вось Дзмітрый Казак – мясцовы. Хата, дзе ён нарадзіўся, стаіць побач з іх домам. На радзіме жонкі ён працаваў трактарыстам, а прыгажуня Люба – афіцыянткай сталовай у ваенным гарадку. Але, як кажуць, ад лёсу нікуды не дзецца. Яны сустрэліся, калі Любоў Ануфрыеўна прыехала дадому ў чарговы водпуск.

— Мне аднойчы наваражылі, што свайго суджанага я сустрэну дома. Так яно і здарылася. Знайшла гэтага чорта, — смяецца. – Хутка і замуж за яго пайшла. Пасяліліся тут. Працавала ў калгасе. А потым і дзеці пайшлі…

А іх у Казакоў чацвёра. У дзяцей бацькі апошнія гады і зімуюць. Дакладней, не ў іх, а побач.

— Не хочам нікому быць клопатам. Папрасілі, каб знялі нам кватэру ў Мышанцы. Мы ж яшчэ не такія нямоглыя, што не можам самі сябе абслугоўваць.

Пасля знаёмства з гэтымі бадзёрымі і маладжавымі гаспадарамі Рыта Стрэльчанка павяла нас да сваёй памочніцы па Вецяльской Вольгі Брылеўскай. Яе разам з мужам Васілём і унукам Ігарам мы засталі за справай. Брылеўскія толькі прыехалі з лесу.

— Крыху раней вы б нас і не засталі, — пасля прывітання сказала Вольга Мікалаеўна. — Вось, чарніц назбіралі, перабіраем. Частуйцеся, калі ласка… Усё маё жыццё прайшло ў гэтым населеным пункце. Радней за яго мне не знайсці. Я ж у гэтай хаце нарадзілася.

А Васіль Яўстахавіч, усміхаючыся, дадаў: “Адсюль яе нікуды не згоніш”.

Пазнаёміліся яны ў Мышанцы, дзе ўдваіх працавалі поварамі. Калі часць расфарміравалі, Вольга Мікалаеўна працавала ў саўгаснай сталовай. Васіль Брылеўскі – вартаўніком.

На лета да бабулі і дзядулі прыехаў унучак Ігар. Калі не лічыць зяцёў, ён другі пасля Васіля Яўстахавіча мужчына ў гэтай сям’і. У Брылеўскіх пяць дачок, шэсць унучак і тры праўнучкі.

Як заведзена ў вёсцы, трымаюць яны вялікую гаспадарку і соткі сеюць. А яшчэ ходзяць у грыбы, у ягады. На зіму нарыхтоўваюць, астатняе здаюць – якая-ніякая, а капейка, сямейнаму бюджэту падтрымка.

Як ні прыкра, але большасць насельніцтва малых вёсак — жанчыны-ўдовы. Вецяльская – не выключэнне. У адзіноце гэтыя жанчыны трымаюць невялікую хатнюю жыўнасць, засяваюць агароды. У іх дамах утульна і гасцінна. А самая найбольшая радасць для іх – прыезд дзяцей і ўнукаў.

Калі мы завіталі да Таццяны Жыгар, яна збіралася ў аўталаўку. Па яе падворку бегалі качкі, гучна кракаючы на жоўтых качанят, якія штораз лезлі ў шкоду.

Сказаць шчыра, не ведала, як і аб чым гаварыць з гэтай прыемнай жанчынай. Старшыня сельвыканкама загадзя расказала пра яе нялёгкі лёс. Шмат чаго давялося перажыць Таццяне Рыгораўне. Жыхаркай гэтага населенага пункта яна стала ў васямнаццаць гадоў, калі пайшла замуж за мясцовага хлопца. Родам жанчына з суседніх Міхнавіч.

— Чаму не пасяліліся ў Міхнавічах? Вецяльская была больш перспектыўнай. Тут была пачатковая школа, магазін, вялікая авечая ферма, дзе патрабаваліся рабочыя рукі, — растлумачыла Таццяна Жыгар. – Муж мой працаваў шафёрам, я збірала малако, грэбла сена, стрыгла воўну з авечак.

А потым прыйшло гора: жанчына пахавала мужа, а потым і сына, які загінуў у арміі. Не так даўно і ўнука. У яе засталіся толькі сын і дачка, якія жывуць у Калінкавічах, без падтрымкі якіх яна б не справілася.

Праводзячы Таццяну Рыгораўну да аўталаўкі, сустрэлі яшчэ дзвюх вясковак – былую настаўніцу Вольгу Казак і яе вучаніцу Ніну Дарошка. Спыніліся.

— Я адпрацавала ў мясцовай пачатковай школе 29 гадоў, — расказала Вольга Цімафееўна. – Адразу пасля вайны скончыла Мазырскае педагагічнае вучылішча і вярнулася ў родную вёску вучыць дзяцей грамаце. Першы год цяжка было. У школе на адну мяне было 48 вучняў-пераросткаў. Але ж усіх навучыла…

Хутка маладая настаўніца пайшла замуж за настаўніка фізкультуры – аднавяскоўца Міхаіла Казака. Разам яны выгадавалі і паставілі на ногі пецярых дзяцей. Яны ўсе добра ўладкаваліся ў жыцці. Праўда, далёка ад бацькоўскай хаты – трое ў Мінску, двое навогул у Расіі. Сёння Вольгу Цімафееўну радуюць восем унукаў і пяць праўнукаў.

Пазней Міхаіл Уладзіміравіч зволіўся са школы, пайшоў працаваць сакратаром у сельсавет. Некалькі гадоў пабыў і старшынёй. На жаль, у 55 гадоў ён пакінуў гэты свет.

Былая настаўніца яшчэ трымае невялічкую гаспадарку – дзвюх курачак і пеўніка, сее агарод, сама сябе абсцірвае і ходзіць да аўталаўкі.

Тут да размовы далучылася і Ніна Дарошка. Яна расказала, што Вольга Цімафееўна вучыла грамаце не толькі яе, але і іх з Пятром дзетак.

Сама ж Ніна Рыгораўна дваццаць шэсць гадоў адпрацавала паштальёнам. У той час яе сумка трашчала ад газет і часопісаў, прыгожых паштовак і канвертаў з лістамі. Шмат было і тэлеграм, пасылак і бандэроляў. А дома яе чакалі пяцёра дзяцей і вялікая гаспадарка. Пётр Паўлавіч, галава сям’і, працаваў шафёрам у мясцовым калгасе. Жылі Дарошкі сумленна, як вучылі дзяды і прадзеды. Гэтак жа і дзяцей выхавалі: працавітымі і шчырымі. Трое з іх жывуць у Гомелі, дачка – у Калінкавічах, а адзін сынок пасяліўся ажно ў Надыме, што ў Цюменскай вобласці.

Завіталі мы і да Дзмітрыя Куцько. Казалі, што ён не так даўно моцна хварэў, а ўжо, глядзіце, сядзіць гаспадар, ды на пянёчку касу кляпае!

— Максімавічу хварэць нельга, — кажа Рыта Стрэльчанка. – Ён жа каня трымае, палове вёскі з ім дапамае.

— У нас усяго тры кані на вёску, адзін з іх – мой, — пацвярджае Дзмітрый Максімавіч. – Трымаю яшчэ курэй, ката, сабаку. Вось — гародніна расце і збожжавыя. І праўда, хварэць не трэба, але ж, як тое здароўе захаваць, калі жыццё такое?..

Сваю жонку ён спаткаў у Мышанцы, дзе яны ўдваіх працавалі на будоўлі. Ужо потым ён вывучыцца на механізатара, а Кацярына Пятроўна – на прадаўца.

Разам яны выгадавалі сына і дачку. Дачку Дзмітрый Куцько страціў зусім нядаўна, сын загінуў дванаццаць гадоў назад. Няма побач і яго вернай спадарожніцы жыцця – жонкі Кацярыны. Добра, што ёсць шасцёра ўнукаў, якія не забываюць свайго дзядулю.

…Ніколі раней не даводзілася бываць у гэтых мясцінах. Унікальнае месца, і справа не ў прыгажосці прыроды навокал, а ў людзях, што тут жывуць. Упэўнена, мы яшчэ вернемся ў гэтую вёску — ягадную, грыбную, шчодрую на шчырых жыхароў і руплівых працаўнікоў.

Таццяна КАПІТАН

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.