Мы – хлопцы жывучыя! Да 95-годдзя Івана Сяркова

Сяркоу

Сёння спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Івана Сяркова – беларускага пісьменніка і журналіста, які амаль тры дзесяцігоддзі, з 1961-га да 1989-га, у якасці галоўнага рэдактара ўзначальваў Гомельскую абласную студыю тэлебачання.

Іван Сяркоў нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Пакалюбічы. Прыгожыя мясціны з глыбокай гісторыяй: побач з вёскай знаходзіцца гарадзішча зарубінецкай культуры, што сведчыць пра засяленне гэтых мясцін яшчэ ў старажытнасці. А ў пісьмовых крыніцах яна пачала згадвацца з 16 стагоддзя як вёска Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства, уласнасць князёў Чартарыйскіх, на бальшаку Рагачоў – Гомель.

У 1947 годзе Іван Сяркоў скончыў 7 класаў і быў прыняты выхаванцам Мінскага артылерыйскага падрыхтоўчага вучылішча. Наступныя восем гадоў прайшлі для яго ў гімнасцёрцы – да 1955 года Іван Сяркоў служыў у арміі. А калі дэмабілізаваўся, вярнуўся на радзіму, быў прыняты на працу ў раённую газету “Маяк”. Яшчэ школьнікам у яго выявілася вялікая цяга да літаратурнага чытання і літаратурнай творчасці: чытаючы творы вядомых пісьменнікаў, ён незаўважна для сябе пачаў выкладаць вядомыя жыццёвыя гісторыі і сітуацыі са сваёй пазіцыі, свайго разумення.

Але сваю літаратурную дзейнасць Іван Сяркоў, як не дзіўна, пачынаў як паэт-сатырык. У 1957 годзе былі надрукаваны яго першыя вершы.

У 1960 годзе яму прапанавалі пасаду рэдактара на Гомельскім абласным тэлебачанні. Праз год Іван Кірэевіч стаў галоўным рэдактарам абласной студыі тэлебачання. А яшчэ прназ год ён завочна скончыў факультэт журналістыкі БДУ імя Леніна.

З часам празаік перамог у Іване Сяркове паэта. Ён пісаў гумарэскі, невялікія апавяданні, якія друкаваліся ў часопісе “Вожык”, абласной газеце “Гомельская праўда”, калектыўных зборніках беларускіх сатырыкаў.

Але самымі яго вядомымі творамі сталі аповесці “Мы з Санькам у тыле ворага” і “Мы – хлопцы жывучыя”. Яны пра вайну, убачаную вачыма вясковых падлеткаў. Ды і ці магла быць іншая тэма ў творах таго, хто на ўласным вопыце спасціг, што такое акупацыя, і што яна прынесла беларусам.

Івану Кірэевічу, тады яшчэ 13-гадоваму падлетку, назаўсёды запомніліся тыя кровапралітныя баі, што ішлі тут у сярэдзіне жніўня 1941 года, калі байцы 21-й арміі сумесна с батальёнамі апалчэнцаў гераічна стрымлівалі ворага, абараняючы Гомель.

Вёска тады некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. У кастрычніку акупанты спалілі Пакалюбічы. А 6 лістапада забілі 12 жыхароў.

Цяжкія баі ішлі тут і ў лістападзе 1943-га, калі вёску вызваляла Чырвоная Армія. Звыш пяцьсот савецкіх салдат і камандзіраў загінулі у баях, іх прах у брацкай магіле. Амаль трыста пакалюбцаў не вярнуліся ў вёску з франтоў Вялікай Айчыннай і партызанскіх атрадаў. Іх памяць таксама ўвекавечана памятным знакам.

У 1970 годзе Іван Сяркоў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а з 1977 года ён з’яўляўся сакратаром Гомельскага абласнога аддзялення СП Беларусі. Двойчы – у 1972-м і 1979-м гадах – Іван Кірэевіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, ён адзначаны медалём “За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина”.

Самыя розныя абставіны і акалічнасці ўзнікалі ў жыцці гэтага чалавека. Насуперак ім ён заўжды заставаўся сапраўдным чалавекам і грамадзянінам сваёй краіны, для якога своеасаблівым жыццёвым дэвізам была назва аднаго з яго твора: мы – хлопцы жывучыя.

 

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.