Я табе, зямля, нізка кланяюся: Як у Хобным святкавалі дзень вёскі
Карагод святаў вёсак у гэтым годзе ў нашым раёне распачала вёска Хобнае. Звычайна дні вёсак ладзяць улетку альбо восенню, калі сабраны ўвесь ўраджай і складзены ў засекі. А вось, хабенцы, як высветлілася, штогод збіраюцца разам менавіта вясной, перад Радаўніцай, калі ў Хобнае з’язджаецца найбольш выхадцаў вёскі са сваімі дзецьмі і унукамі.
Сярод праваслаўных святаў Радаўніца займае асаблівае месца – гэта дзень, калі жывыя ўспамінаюць памерлых, але робяць гэта не са смуткам, а з велікоднай радасцю.
Гэты год – не выключэнне. Таму ў нядзелю, 27 красавіка, якая ў праваслаўных вернікаў называецца Чырвонай горкай, альбо Фаміной нядзеляй, мы таксама накіраваліся ў Хобнае на свята вёскі.
Перад тым, як прыйсці на пляцоўку перад сельскім клубам, дзе праходзіла свята, вяскоўцы сабраліся каля воінскага пахавання салдат і землякоў, якія загінулі на франтах, дзе прынялі ўдзел у мітынгу, прысвечаным 80-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых байцоў і аднавяскоўцаў. Прагрымелі зброевыя залпы. Да пахавання ўсклалі кветкі.
Пасля мітынгу распачалася ўрачыстая частка свята.
“Добры дзень, госці званыя, жаданыя!” – зазывалі на святочную пляцоўку вядучыя свята – Вікторыя і Аляксандр з раённага Дома культуры.
На пляцоўцы каля сцэны размясціліся выставы вырабаў мясцовых майстроў, тэматычная пляцоўка клуба “Пошук” раённай арганізацыі ДТСААФ, апетытная выстава-продаж сельскай кухні “Хобненскія стравы”. Для маленькіх жыхароў працавалі атракцыёны.
Свята адкрыў старшыня Вялікааўцюкоўскага сельвыканкама Андрэй Баравік, які выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто хто працуе на роднай зямлі і шчыра клапоціцца пра тое, каб вёска жыла і квітнела.
Вядучыя нагадалі ўдзельнікам свята пра мінулае вёскі, гісторыя якой пачынаецца з 16 стагоддзя. Пад 1566 годам яна пазначана ў матэрыялах аб межах новых паветаў ВКЛ. Уладальнікамі вёскі ў розныя часы былі Барбара Лагчына, езуіты, Аскеркі. Старажылы расказвалі, што назва Хобнае пайшла ад рачулкі Хабнянка, што працякала недалёка ад вёскі.
Асобна спыніліся на гадах ваеннага ліхалецця. У чэрвені 1943 года нямецкія акупанты поўнасцю спалілі вёску і загубілі 39 яе жыхароў. У баях за Хобнае і наваколле загінулі 36 воінаў і партызан (яны пахаваны ў брацкай магіле). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі больш за 180 вяскоўцаў. Памяць аб іх захоўваюць стэлы і надмагільныя пліты з імёнамі.
У наступным блоку праграмы гаворка ішла пра мірнае жыццё. Сёння ў Хобным налічваецца 58 двароў, на якіх пражывае 105 чалавек. І, як вядома, галоўнае багацце любой вёскі – гэта людзі: добрыя, спагадлівыя, працавітыя. Яны чуюць, як дыхае зямля, сагрэтая сонечнай ласкай, разумеюць, аб чым спяваюць птушкі на досвітку.
У ліку першых на свяце вёскі выказалі словы павагі тым людзям, якім давялося жыць і працаваць у пасляваенныя гады, калі тры калгасы “Змагар”, “Чапаева” і “Перамога” аб’ядналіся ў адзін – “Зара”.
Жыхарка Хобнага Кацярына Рабянок за сваю добрасумленную працу ўзнагароджана ордэнам Славы 3 ступені. Яўгенія Санько – Ганаровай граматай за дасягненне высокіх паказчыкаў, была пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва 1986 года. Працоўны стаж механізатараў Аляксандра Сяргеенка і Рыгора Шаўлоўскага больш за 40 гадоў у кожнага. Любоў Дзмітрыенка больш за 30 гадоў працавала даяркай. Іх, а таксама яшчэ з дзясятак ветэранаў сельскай гаспадаркі ўдзельнікі святочнай праграмы сустракалі шчырымі апладысментамі.
Адзначылі на свяце вёскі і тых вяскоўцаў, што сёння працуюць у жывёлаводстве – гэта падраздзяленне з 16 чалавек СУП “Замосце-Агра”.
На тэрыторыі вёскі знаходзіцца яшчэ адно вялікае падраздзяленне – Хобненскае лясніцтва, у якім працуюць 18 чалавек. Таму на свяце асобным блокам віншавалі тых, хто звязаў сваё жыццё з важнай і высакароднай справай прымнажэння ляснога багацця.
Пад бурныя апладысменты Падзячныя лісты райвыканкама прымалі Ганна Міцуля, Уладзімір Міцуля, Галіна Варабей, Валянціна Белая, Валянціна Дубянок.
Узнагароды на дне вёскі атрымалі і ветэраны працы розных галін. Гэта былыя супрацоўнікі сельскага савета Ніна Сяргеенка, Наталля Дзмітрыенка, Валянціна Чарняўская; дырэктар Хобненскага СК Валянціна Дубянок; паштальёны Ганна Нярэзька і Марыя Барысенка; сацыяльныя работнікі Алена Шаўлоўская, Любоў Кохан і Клаўдзія Кохан; ветэраны гандлёвай справы Ганна Казакова, Валянціна Белая, Надзея Кохан, Марыя Шаўлоўская; санітарка Наталля Пырко; былы бібліятэкар Варвара Шаўлоўская; ветэраны педагагічнай працы Анатоль Шаўлоўскі (былы дырэктар школы), Алена Шаўлоўская, Кацярына Захаранка, Вольга Шаўлоўская.
Асобныя словы ўдзячнасці на свяце былі адрасаваны мудраму пакаленню – старажылам. Больш за 80 гадоў жывуць на свеце і ў роднай вёсцы Рыгор Шаўлоўскі, Яўгенія Санько, Аляксандр Сяргеенка, Кацярына Рабянок, Вольга Шаўлоўская, Марыя Барысенка, Кацярына Цялегіна, Віктар Еўтушэнка, Алена Шаўлоўская. Самай старэйшай жыхарцы Хобнага – Еўдакіі Дзмітрыенка – споўнілася 90 гадоў.
Самая старэйшая з 23 сямейных пар, што жывуць у Хобным, сям’я Васіля і Еўдакіі Усенка, якія разам ужо 52 гады.
Душа ў душу жывуць ужо 45 гадоў дзве пары з вёскі Хобнае – Віктар і Наталля Дзмітрыенка, а таксама Уладзімір і Людміла Кохан.
“Трэба многа знаць, каб узоры вышываць” – гавораць у народзе. І сапраўды, разам з ведамі крочыць яшчэ адно багацце – талент заўважаць і ствараць прыгожае. З-пад рук такіх людзей выходзяць сапраўдныя творы мастацтва. У Хобным таксама ёсць майстрыхі-рукадзельніцы. Гэта вышывальшчыца Валянціна Белая, якая, дарэчы, у красавіку адзначыла свой 70-гадовы юбілей, і Наталля Ігуменава, якая стварае прыгожыя карціны з алмазнай мазайкі.
На свяце таксама адзначылі старанні двух гаспадынь па добраўпарадкаванню сваіх падворкаў. Гэта Галіна Варабей і Ганна Міцуля.
Кажуць, вёска жыве, пакуль у ёй нараджаюцца дзеці. Гэта – кветкі жыцця. Калі ў сям’і ёсць адно дзіця – гэта вялікая радасць. А калі іх трое, яна памнажаецца на тры. І ў вёсцы Хобнае ёсць такая памножаная радасць. Пад апладысменты аднавяскоўцаў на святочную сцэну запрасілі шматдзетную сям’ю Вікторыі і Руслана Казаковых, якія выхоўваюць трох дзетак-школьнікаў.
Павіншавалі на свяце і імяніннікаў красавіка – ажно 14 вяскоўцаў.
Музычныя падарункі, якіх было вельмі шмат – душэўных, меладычных, кранальных і запамінальных, ад якіх ногі самі прасіліся ў скокі, для жыхароў і гасцей вёскі падрыхтавалі вакальныя ансамблі “Альва” і “Калінавы цвет”, Мікалай Камыш, Вікторыя Васільева, Эдуард Кавальчук, ураджэнка вёскі Хобнае Марыя Грыгарыца, а таксама мясцовыя артысты.
Заключным акордам свята вёскі стаў святочны феерверк у гонар землякоў.
Дарэчы, спонсарам свята выступіў Віктар Краўчанка, які сёння жыве ў Віцебску, але яго сэрца заўсёды з малой радзімай.
Таццяна КАПІТАН.