ПІСЬМЕННІК ГОДА – СОФ’Я ШАХ

Шах

Два гады назад на Гомельшчыне ўсталявалася добрая традыцыя: з мэтай актывізацыі творчай і грамадска-культурнай дзейнасці літаратараў самым актыўным пісьменнікам рэгіёну, якія стварылі высокамастацкія цікавыя творы і актыўна працавалі па папулярызацыі мастацкай літаратуры з чытачамі, абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” прысвойвае званне “Пісьменнік года Гомельшчыны”.  

Днямі савет Гомельскага абласнога аддзялення  на сваім паседжанні разгледзеў вынікі індывідуальнай творчай і грамадска-культурнай дзейнасці літаратараў рэгіёна ў 2022 годзе ў намінацыях “Паэзія” і “Дзіцячая літаратура”. З ліку некалькіх вылучаных кандыдатур савет вырашыў прысвоіць званне “Пісьменнік года Гомельшчыны” вядомай беларускай паэтэсе і перакладчыку, лаўрэату абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага Соф’і Шах. Савет адзначыў апантаную вернасць Соф’і Мікалаеўны класічнаму санетнаму жанру і яе значны ўклад у стварэнне самага складанага жанру ў  паэзіі – санетнай дыядэмы (вянка вянкоў вянкоў санетаў), аналагаў якой вельмі мала ў сучаснай паэзіі. У бягучым годзе ў выдавецкім доме “Беларуская навука” выйшла кніга таленавітай паэтэсы “Дыядэмная споведзь”, у якой 3375 узаемазвязаных санетаў паяднаны  ў вянок вянкоў вянкоў санетаў, знітаваных адной творчай задумкай.

Гэтаксама высока ацэніў савет і новую кнігу Соф’і Шах «Дзівосы казачных краін» («Адукацыя і выхаванне», Мінск, 2022). Твор складаецца з некалькіх вянкоў санетаў, напісаных для дзяцей. У кнізе вольна пачуваюць сябе музыка, колеры, кветкі, з’явы прыроды, у ёй багата прыкладаў для папаўнення слоўнікавага запасу і развіцця мыслення дзяцей.

“Пісьменнік 2022 года Гомельшчыны” Соф’я Шах, якая з’яўляецца аўтарам больш 20 кніг, нарадзілася ў вёсцы Лясец Калінкавіцкага раёна, закончыла Азарыцкую СШ, Мазырскі і Мінскі педагагічны інстытуты, працавала настаўнікам у школах Нараўлянскага і Калінкавіцкага раёнаў, у школе-інтэрнаце для дзяцей з запаволеным псіхічным развіццём у Светлагорску. Паэтэса шмат выступае перад школьнікамі, яна часты госць у навучальных установах і бібліятэках вобласці.

Напрыканцы лістапада Соф’я Шах, якая сёння жыве і працуе ў Светлагорску, адзначыла 75-годдзе з дня нараджэння. Шчыра віншуем яе з юбілеем і званнем “Пісьменнік года Гомельшчыны 2022 года”, жадаем Соф’і Мікалаеўне творчага плёну і новых перамог.

Нагадаем, што ў папярэднія гады гэтае званне было прысвоена вядомаму паэту і празаіку Ізяславу Катлярову (Светлагорск), празаіку, перакладчыку, гумарысту Міхасю Сліве (Рагачоў), перакладчыцы, празаіку і паэту Вользе Раўчанка (Гомель). Творы “Пісьменнікаў года” актыўна папулярызуюцца як пісьменніцкай арганізацыяй вобласці, так і бібліятэчнымі ўстановамі рэгіёну, іх творы ў спецыяльнай рубрыцы друкуюцца ў альманаху “Літаратурная Гомельшчына”.

 Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.