Як у Каплічах адзначылі свята вёскі

670

Нават сёння цяжка сказаць, калі дакладна ўтварыліся Каплічы. Вядома, што у 1825 годзе ў цэнтры вёскі, на так званым Пасёлку, знайшлі каменную сякеру, якая, як і іншыя археалагічныя знаходкі ў нашым раёне, сведчыць аб тым, што людзі аблюбавалі гэтыя мясціны беларускага Палесся яшчэ ў старажытнасці.

Вядома дакладна, што першы летапісны ўспамін аб Каплічах адносіцца да 16 стагоддзя. Першае пісьмовае ўпамінанне Каплічаў у вопісі Мазырскага замка – 1552 год. Так што гэтая вёска равесніца Калінкавічаў, якім сёлета споўнілася таксама 470 гадоў.

У той час Каплічы ўваходзілі ў склад Мазырскага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У вёсцы пражывала 25 заможных гаспадароў, якія плацілі даніну Мазырскаму замку. У іх ліку – адна заможная гаспадыня, якая ў вопісу згадваецца пад імем Яўшувая ўдава.

Вось такія глыбокія карані ў сённяшніх Каплічаў, якія ў 2007 годзе набылі статус аграгарадка. Жыхары населеннага пункта ганарацца яго гісторыяй, славутымі землякамі, любяць і шануюць сваю малую радзіму і штогод збіраюцца разам, каб адсвяткаваць Дзень роднай вёскі.

Звычайна свята праходзіць улетку, а вось у гэтым годзе яго вырашылі прымеркаваць да праваслаўнага царкоўнага свята Казанскай іконы Божай Маці, якое ў Каплічах лічыцца прастольным.

Сёлета Казанская, як называюць свята па-народнаму, прыйшлася на пятніцу. А на наступны дзень, у субботу жыхары сабраліся на свята вёскі. Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, наваколле абудзілася песнямі і смехам. Гасцей, што завіталі ў сельскі Дом культуры, вядучыя сустракалі шчырым прывітаннем.

967

На адкрытай святочнай пляцоўцы працавалі гандлёвыя кропкі і дзіцячыя атракцыёны. Непадалёку размясцілася выстава тэхнікі мясцовай гаспадаркі ААТ “Каплічы” і Капліцкага лясніцтва. Кожны жадаючы мог не толькі паглядзець на тэхніку, але і пасядзець у кабіне, зрабіць здымак на памяць.

Не менш гледачоў сабралася і каля тэматычнай пляцоўкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

IMG-ef745fdf9d6184ab1eca251bc854e836-V

У фае была арганізавана выстава народнай творчасці мясцовых умельцаў і дзіцячай творчасці, старых газет і фотаздымкаў з архіваў Капліцкага СДК. Там жа ўсіх гасцей свята частавалі блінамі, дранікамі, пловам і гарбатай. Усе гэтыя прысмакі былі ад мясцовай гаспадаркі ААТ “Каплічы”.

Адкрыццё, як і належыць, было ўрачыстым. З цёплымі словамі да адвяскоўцаў звярнуўся старшыня Капліцкага сельвыканкама Генадзь Кавальчук, які павіншаваў усіх жыхароў і гасцей аграгарадка з днём населенага пункта, пажадаў усім моцнага здароўя і дабрабыту.

869

Сёння ў аграгарадку пражывае каля 450 жыхароў. Ён мае развітую інфраструктуру: ёсць сельскі Дом культуры, аддзяленне сувязі, амбулаторыя, дзіцячы сад, аддзяленне “Беларусбанк”, лясніцтва, некалькі крам.

Большасць дарослага насельніцтва працуе ў сельскай гаспадарцы. Таму да віншаванняў далучыўся кіраўнік сельгаспрадпрыемства Андрэй Буднік, які выказаў шчырыя словы ўдзячнасці ўсім працаўнікам гаспадаркі і ў тым ліку ветэранам працы ААТ “Каплічы”.

Пад апладысменты аднавяскоўцаў Падзячныя лісты райвыканкама ўручылі ветэранам аграпрамысловага комплексу Уладзіміру Коласу, Алене Крэк, Сяргею Рудчанка, Аляксандру Шыкуну, Васілю Шумскаму.

Падарункі ад гаспадаркі і прафсаюзнага камітэта атрымалі яшчэ каля 40 ветэранаў працы.

На свяце вёскі павіншавалі старэйшую каплічанку – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны 94-гадовую Вольгу Шчарбенка. Не забыліся і пра самага маленькага жыхара – Матвея Харлана.

Адзначылі брыльянтавых юбіляраў – Міхаіла і Паліну Сапоненка, якія пражылі разам 60 гадоў. Усім аграгарадком павіншавалі Васіля і Анастасію Барысенка, якія ў гэтым годзе адзначаюць сапфіравае вяселле (45 гадоў), а таксама рубінавых юбіляраў – Васіля і Надзею Зайцавых, яны разам ужо 40 гадоў.

Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас настаўнікаў, медработнікаў, супрацоўнікаў лясніцтва, аддзялення паштовай і радыёсувязі, гандлёвай сферы, установы культуры.

Не засталіся без увагі і гаспадары лепшых падворкаў, дзякуючы якім Каплічы квітнеюць і маюць дагледжаны выгляд. Сёлета пераможцамі конкурса “Сядзіба ўзорнага парадку” сталі Пётр і Марыя Крытыш, а таксама Андрэй і Галіна Малашчанка.

На працягу ўсёй урачыстай часткі сваімі спевамі гледачоў радавалі мясцовыя артысты з ансамбля “Каплічанка”. Павіншаваць жыхароў Каплічаў прыехалі таксама творчыя калектывы Антонаўскага і Дудзіцкага СДК. Свята атрымалася прыгожае, добрае, шчырае, вясёлае.

А калі сцямнела, неба над Каплічамі азарыў святочны феерверк у гонар тых, хто ўсім сэрцам любіць сваю малую радзіму і шануе свае карані. Пасля яго распачалася святочная дыскатэка.

Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.