Якуб Колас – вядомы і невядомы: 25 фактаў з жыцця народнага паэта

колас
У гісторыі беларускага прыгожага пісьменства ёсць некалькі знакавых імён, якія зрабілі значны ўплыў на духоўнае станаўленне, развіццё і цяперашняе існаванне беларусаў як нацыі. Адно з іх Якуб Колас – адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Сёння спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння класіка. І гэта больш чым значная нагода для таго, каб пагартаць старонкі біяграфіі пісьменніка і ўспомніць некаторыя факты яго жыцця…

Факт 1. Сапраўднае імя пісьменніка – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Ён з’явіўся на свет 3 лістапада1882 года ў засценку Акінчыцы (цяпер у межах г.Стоўбцы Мінскай вобласці).

Факт 2. Якуб Колас пісаў паэзію, прозу, драматургію, ён быў літаратурным крытыкам і публіцыстам, перакладчыкам, вучоным, педагогам, грамадскім дзеячам. У 1926 годзе яму прысвоена ганаровае званне народнага паэта Беларусі (з пажыццёвай пенсіяй), у 1928 – Акадэміка АН Беларусі (з 1929 і да канца жыцця з’яўляўся нязменным віцэ-прэзідэнтам АН БССР), а ў 1944 годзе – заслужанага дзеяча навукі Беларусі.

Факт 3. Вялікую цікавасць да літаратуры будучы класік выказаў ужо ў маленстве. Яму было 10 гадоў, калі пад уплывам твораў Івана Крылова ён склаў байку «Варона і Лісіца», а пазней напісаў першы верш «Вясна».

Факт 4. У 16 гадоў будучы пісьменнік паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы пачаў пісаць па-беларуску.

Факт 5. Пасля заканчэння семінарыі (1902 г.) настаўнічаў у вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён) і Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). За складзеную ад імя пінкавіцкіх сялян петыцыю з патрабаваннямі да памешчыка Скірмунтаў пачатку 1906 года быў пераведзены на працу ў Смалявіцкі раён.

Факт 6. За актыўны ўдзел у нелегальным З’ездзе настаўнікаў Мінскай губерні (9-10 ліпеня 1906 года ў Мікалаеўшчыне), разагнаным паліцыяй, Коласу забаранілі працаваць настаўнікам. Нейкі час ён жыў разам з роднымі ў леснічоўцы Смольня, а потым пераехаў у Вільню, працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела газеты «Нашай нівы». Але ўжо праз некалькі тыдняў па загаду паліцыі вымушаны быў пакінуць горад.

Факт 7. Неўзабаве Коласа арыштавалі, і 15 верасня 1908 года ён быў асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення за ажыццяўленне праграмы Усерасійскага саюза настаўнікаў, скіраванай, на думку ўладаў, на падрыў грамадскага ладу Расійскай імперыі.

Факт 8. Зняволенне адбываў у Мінскім астрогу (Пішчалаўскі замак). У турме працаваў поварам і бібліятэкарам. Тут Якуб Колас напісаў першыя радкі і першыя главы класічнага твора «Новая зямля», тут з’яўляецца ідэя паэмы «Сымон-музыка».

Факт 9. Першая кніга пісьменніка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» вый-шла ў 1909 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца». А ў 1910 годзе ў Вільні выйшаў першы зборнік яго вершаў «Песні жальбы».

Факт 10. У жніўні 1912 года ў леснічоўцы Смольня паблізу Мікалаеўшчыны адбылася першая сустрэча Якуба Коласа з Янкам Купалам. З гэтай сустрэчы пачалося сяброўства двух класікаў беларускай літаратуры.

Факт 11. У чэрвені 1913 года Якуб Колас ажаніўся з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, разам з якой пражыў больш за 30 гадоў, нарадзілі трох сыноў.

Факт 12. У час Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе быў мабілізаваны і накіраваны ў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча. Летам 1917 года ў званні падпаручніка трапіў на Румынскі фронт.Па прычыне дрэннага стану здароўя неўзабаве атрымаў адпачынак, а потым, як настаўнік, быў вызвалены ад вайсковай службы і пераехаў да сям’і ў г. Абаянь (цяпер Курская вобласць Расіі), дзе працаваў настаўнікам і школьным інструктарам.

Факт 13. У Беларусь Якуб Колас вярнуўся толькі ў 1921 годзе па выкліку ўрада БССР. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, Літаратурнай камісіі Інбелкульта па збіранні вуснай народнай творчасці, выкладаў у Беларускім педтэхнікуме і БДУ, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на Слуцкіх настаўніцкіх педагагічных курсах.

Факт 14. У 1923-1926 гадах Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч выкладаў беларускую мову на філфаку БДУ. Яго першай навуковай працай стала «Методыка роднай мовы» (1926) для студэнтаў педагагічных ВНУ і педфакаў, а таксама «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», які стаў другім букваром на тэрыторыі Беларусі.

Факт 15. Нягледзячы на запатрабаванасць і вялікую занятасць, сродкаў на будаўніцтва дома ў сям’і не было, і Якуб Колас арандаваў кватэру ў заможнага пана Русецкага (цяперашняя вул. Камуністычная). Тут класікам беларускай літаратуры былі напісаны паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка», а таксама першыя часткі вядомай трылогіі «На ростанях».

Факт 16. У 1926 го-дзе ў сям’і нарадзіўся трэці сын Міхась, і Якуб Колас вырашыў будаваць уласны дом. Участак атрымалі ў Вайсковым перавулку і ў тым жа годзе пачалі будаўніцтва. Дом пісьменніка знаходзіўся ў раёне цяперашняга парка імя Горкага сталіцы, прыкладна паміж колам агляду і планетарыем. У гэтым доме была напісана аповесць «Дрыгва», перакладзена на беларускую мову паэма Пушкіна «Палтава».

Факт 17. У першыя дні вайны Колас з сям’ёй пакінуў Мінск і свой дом, у які на трэці дзень вайны трапіла бомба. У эвакуацыі пісьменнік жыў у Ташкенце, шмат пісаў на антыфашысцкую тэматыку, а таксама вёў актыўную працу па зборы і рэарганізацыі Акадэміі навук. Адразу пасля вызвалення Беларусі менавіта Колас забяспечваў вучоных, што вярталіся з эвакуацыі, матэрыяльнымі сродкамі і абсталяваннем для работы.

Факт 18. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 16 верасня 1943 года быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Факт 19. Вялікая Айчынная вайна прынесла пісьменніку многа болю і пакут. Незагойнымі ранамі да канца яго дзён сталі гібель сярэдняга сына Юрыя (закончыў геафак БДУ, з 1940 служыў у 62-м артылерыйскім палку 8-й стралковай дывізіі і прапаў без вестак у адным з цяжкіх баёў у верасні-кастрычніку 1941 года пад Вязьмай) і смерць жонкі ў маі 1945 года ў эвакуацыі ў Маскве.

Факт 20. У снежні 1944 года Якуб Колас вярнуўся ў Мінск і пасяліўся ў драўляным доме побач з Акадэміяй навук. Вакол дома ўзвялі агароджу, на ўваходзе паставілі варту, прайсці можна было толькі з пропускам: вельмі многа людзей хацелі прыйсці да пісьменніка са сваімі скаргамі, пытаннямі і просьбамі.

Факт 21. Напярэдадні 70-годдзя класіка беларускай літаратуры кіраўніцтва горада Мінска прыняло рашэнне пабудаваць на месцы старога прыгожы двухпавярховы дом. Якуб Колас катэгарычна адмовіўся: як можна будаваць такі шыкоўны дом, калі мінчане жывуць у бараках і зямлянках, а сам горад ляжыць у руінах? Аднак кіраўніцтва сталіцы настаяла, і па праекце архітэктара Заборскага дом усё роўна пабудавалі. Пражыў у ім Якуб Колас толькі 4 гады.

Факт 22. Як сапраўдны беларус, Якуб Колас быў вельмі гасцінным чалавекам. У прасторнай гасцінай яго дома часта збіраліся беларускія пісьменнікі і работнікі мастацтва, а таксама замежныя госці.

Факт 23. У рабочым кабінеце пісьменніка святло гарэла нават ноччу, Якуб Колас аддаваўся любімай справе спаўна. Тут ім напісаны зборнік вершаў «Мой дом», тут ён закончыў вядомую трылогію «На ростанях». Тут за пісьмовым сталом 13 жніўня 1956 года ён пісаў ліст да паэта-перакладчыка Яўгенія Мазалькова, які ў той час перакладаў паэму «Новая зямля», і яму стала блага. Настольны гадзіннік спыніўся ў 13.20 – назаўжды.

Факт 24. Якуб Колас праславіўся не толькі сваімі творамі, але і мецэнацтвам. Ён выдзяляў грошы на падтрымку таленавітых маладых людзей. Так, асабістую стыпендыю ён плаціў нікому невядомаму студэнту Заіру Азгуру. Праз гады юнак стаў вядомым скульптарам, па праекце якога ў 1968 годзе на плошчы Якуба Коласа ўзведзены помнік народнаму пісьменніку ў атачэнні герояў яго вядомых твораў. Падтрымваў пісьменнік і сціплую маладую дзяўчынку Ларысу Александроўскую, якая стала потым вядомай опернай спявачкай і народнай артысткай СССР.

Факт 25. Якуб Колас быў не адзіным талентам у сям’і. Яго дзядзька па маці Язэп Лёсік – вядомы беларускі пісьменнік, публіцыст, мовазнаўца, педагог, нацыянальны і палітычны дзеяч. Другі дзядзька па маці, Антон Лёсік, быў настаўнікам, мовазнаўцам і беларускім і нацыянальным дзеячам. Малодшы брат Міхась Міцкевіч услед за Коласам атрымаў адукацыю настаўніка, многа пісаў, выкладаў і перакладаў.
Аляксандр СУПРУНОЎСКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.