Свята вёскі: Юравічы – вытокі нашага адзінства

 

ю1

Жыхары аграгарадка Юравічы і навакольных вёсак 10 верасня сабраліся ў Юравіцкім Доме культуры, каб разам адзначыць свята вёскі.

Сімвалічна, што адбылося гэта напярэдадні дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства. Бо што як не адзінства ў паходжанні, месцы жыхарства і супольная праца на дабрабыт малой радзімы, імкненне зрабіць яе самым прыгожым і непаўторным кутком на гэтай зямлі, яднае людзей, якія называюць сябе юравічанамі.

З даўніх пор жыхары навакольных вёсак ганарацца прыналежнасцю да гэтай супольнасці – юравічан. А як не ганарыцца, калі менавіта тут знаходзіцца самае старажытнае людское паселішача ў Беларусі, а на гарах юравіцкіх узвышаецца дзівоснай прыгажосці велічны Свята-Ражство-Багародзічны храм з манастыром.

Ды і ў пісьмовых крыніцах населены пункт згадваецца намнога раней за навакольныя вёскі. На свяце ўзгадалі, што ў адным з дакументаў Літоўскай Метрыкі (1499-1514) пад 6 красавіка 1510 года згадваецца “село з людми в Мозырскомъ повете, названое Юревичи”. У той дзень тагачасны кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт пацвердзіў зямянам валынскім Сеньку і Федку Багданавічам Сербінавым іх права на валоданне сялом і людзьмі як спадчыну ад нябожчыка дзеда Багдана Сербіна, які, у сваю чаргу, атрымаў Юравічы ад вялікага князя Свідрыгайлы.

Князь Свідрыгайла, дзядзька вялікага князя Вітаўта, нядоўга кіраваў беларускімі землямі (ад моманту смерці Вітаўта 27 кастрычніка 1430 года да звяржэння 2 снежня 1432 года). Як прадстаўнік беларуска-праваслаўнай партыі, ён паўстаў на абарону праваслаўных зямель княства – Падолля, Валыні і Кіева, якія польска-каталіцкая партыя хацела навекі далучыць да Польшчы. Неўзабаве пасля смерці Вітаўта палякі і напалі на Падолле і Валынь. Выходзіць, Багдан Сербін з Валыні мог атрымаць Юравічы замест адабранай палякамі вотчыны ў 1431-32 гадах. Калі дароўчая грамата вялікага князя Свідрыгайлы існуе, то цалкам верагодна, што захоўваецца яна ў адным з украінскіх архіваў і толькі чакае свайго адкрыцця.

На жаль, падзеі шэсці стагоддзяў назад па-ранейшаму сугучны дню цяперашняму. Ні тады, ні цяпер польская каталіцкая партыя не жадае мірыцца з існаваннем іншай, праваслаўнай, цывілізацыі. Узгадаем словы з лекцыі Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі на адкрытым уроку для вучняў і студэнтаў “Гістарычная памяць – дарога ў будучыню!” 1 верасня бягучага года: “Скарыстаўшы аслабленне ВКЛ, (Польшча) фактычна выкруціла нашым продкам рукі. Польшча захапіла украінскія землі і прымусіла Вялікае Княства Літоўскае падпісаць Люблінскую вунію. Ужо тады ім патрэбна была наша зямля. Гэта ідэя да сіх пор не дае спакою галовам польскіх эліт”.

Быў яшчэ адзін цікавы перыяд у гісторыі Юравічаў. Па археалагічных звестках, у 9-11 стагоддзях, у эпоху Кіеўскай Русі, на Юравіцкай гары (побач з першабытнай стаянкай) узнік горад плошчай звыш 7,5 гектараў, які складаўся з умацаванага дзядзінца, вакольнага горада і неўмацаваных пасадаў. Па сваіх памерах на той час ён цалкам супастаўляльны з Чарнігавам, Ноўгарадам, Псковам і іншымі гарадамі. (Адзначым, што Полацк меў плошчу ў той час каля 11 гектараў.) Як называўся гэты горад, колькі ён існаваў – невядома. Адны лічаць, што гэта быў старажытны летапісны Тураў – цэнтр адной з першых хрысціянскіх епархій (1005 год), другія – што летапісны горад Межымосце, які згадваецца пад 1170 годам у Іпацьеўскім летапісе ў сувязі з падзеямі зімы 1168/69 года, калі быў тут схоплены князь Міхалка Юр’евіч, якога князь кіеўскі Мсціслаў Ізяславіч паслаў у Ноўгарад на дапамогу свайму сыну Раману.

У сярэдзіне 17 стагоддзя на Палессі пачалі сваю місіянерскую працу манахі ордэна іезуітаў. У 1673 годзе яны стварылі ў Юравічах сваю місію, якая ў 1754 годзе стала іх рэзідэнцыяй. З таго часу Юравічы паступова сталі цэнтрам духоўнага жыцця ўсяго краю. З сярэдзіны 18 стагоддзя пры манастыры дзейнічалі школа, музычная бурса, тэатр і бібліятэка, у якой налічвалася звыш 200 кніг.

Дарэчы, з 1673 года ў Юравічах знаходзіўся і шырока вядомы сёння цудотворны вобраз Маці Божай Юравіцкай Міласэрнай, у гонар якой і быў узведзены ў 18 стагоддзі велічны мураваны манастыр.

Узгадалі на свяце вёскі і пра трагічныя старонкі гісторыі населенага пункта, калі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Юравічы былі пад нямецка-фашысцкай акупацыяй – генацыд у адносінах да мірнага яўрэйскага насельніцтва мястэчка, землякоў, якія мужна змагаліся з ворагам у рэгулярнай арміі і партызанскіх атрадах, а таксама воінаў-вызваліцеляў.

Аднаўленне населенага пункта і сельскай гаспадаркі ў пасляваенны час, жыццё ў мірнай квітнеючай Беларусі. Узгадалі на свяце знакамітых ураджэнцаў сельсавета – дзяржаўнага дзеяча Уладзіміра Міцкевіча і журналіста, пісьменніка, дзяржаўнага дзеяча Уладзіміра Бельскага, воінаў-інтэрнацыяналістаў, а таксама заслужаных працаўнікоў сельскай гаспадаркі, узнагароджаных высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Так што цяперашняму пакаленню юравічан ёсць з каго браць прыклад.

Са святам вёскі жыхароў павіншавалі старшыня райсавета дэпутатаў Наталля Мохарава, настаяцель Юравіцкага манастыра, благачынны ігумен Аўксенцій, старшыня Юравіцкага сельвыканкама Галіна Трасцянок, намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Вольга Алісейка, галоўны эканаміст КСУП “50 год БССР” Тамара Суганяка, дырэктар Юравіцкай школы Ала Жолуд, сакратар пярвічкі БСЖ Галіна Капітан.

Шмат мясцовых жыхароў падымаліся ў гэты дзень на сцэну, каб пачуць словы шчырай удзячнасці за шматгадовую добрасумленную працу і атрымаць памятны падарунак. Сярод ветэранаў працы сельскай гаспадаркі – гэта Яўгенія Касьян, Мікалай Цецярук, Ганна Флягіна, Пётр Мазуркевіч, Рыгор Суханос, лясной гаспадаркі – Людміла Целеш, адукацыі – Міхаіл Хамякоў, Тамара Века, Ганна Бусел, Ніна Горбач, Таццяна Змушка, аховы здароўя – Ганна Шыпіла, Ніна Луцкевіч, Ала Жудро, а таксама тыя, хто і сёння працуе: Любоў Процка, Наталля Целеш, Алена Кананчук, работнікаў культуры – Алена Паташка, Ганна Рубан, Вольга Гарбар, Святлана Гарчанка, а таксама вучаніца Рухшанай Курбандзода.

Сваіх ветэранаў і цяперашніх актывістаў павіншаваў сельвыканкам. Гэта Галіна Капітан, Ірына Прышчэп, Анатоль Карнеявец, а таксама Валерый Ядчанка і Аляксандр Хадзееў.

За актыўную грамадзянскую пазіцыю Падзячныя пісьмы райвыканкама з рук Наталлі Мохаравай атрымалі ігумен Аўксенцій, клірык Віктар Петачэнка, начальнік Юравіцкага выратавальніцкага паста Валерый Жолуд і загадчык магазіна Мар’яна Шэўка.

Ігумен Аўксенцій уручыў Архіерэйскія граматы – Алесі Петачэнка, Таццяне Мішчук і Любові Процка.

Галіна Капітан ад імя раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын ушанавала самага сталага і самага маленькага жыхароў Юравічаў. Гэта 91-гадовая Кацярына Пятроўна Давыдчык і дзяўчынка немаўля з аптымістычным іменем Надзея.

 

ю6

 

Між тым свята вёскі працягвалася. На ганку Дома культуры выступаў вакальна-інструментальны ансамбль, а ў фае працавалі гандлёвыя рады, фотазоны, мясцовыя арганізацыі прадставілі выстаўкі.

ю3

ю4

ю5

А ў канцэртнай праграме вяскоўцаў парадавалі выступленні народнага фальклорнага ансамбля “Бярозаўскія пералівы” і вакальнага ансамбля “Чапурушкі”.

Аляксандр Века.

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.