Добруш перадаў эстафету Гарадку

 

IMG_10303

На два дні, 3 і 4 верасня, раённы цэнтр Добруш стаў сталіцай беларускага пісьменства. Тут у 29-ы раз прайшоў Дзень беларускага пісьменства.

Запамінальнае свята з фестывалямі кнігі і прэсы, тэматычнымі экспазіцыямі, прэзентацыямі, інтэрактыўнымі творчымі пляцоўкамі і выставамі, дзе былі прадстаўлены не толькі лепшыя творчыя праекты Гомельшчыны, але і іншых рэгіёнаў Беларусі.

IMG_9704

У асобных павільёнах выставы агранізавалі выдавецтвы  краіны, дзе можна было паглядзець і набыць навінкі беларускага друку – як навукова-даследчыя, так і мастацкія творы. Нацыяльная бібліятэка Беларусі прадставіла праект да 100-годдзя ўстановы “Дыяменты стагоддзя”, на якім наведвальнікі маглі ўбачыць і пагартаць самыя старажытныя беларускія кнігі (факсіміле), а таксама ўсе кнігі нашага першадрукара Францыска Скарыны.

Да юбілею класікаў нацыянальнай літаратуры Дзяржаўныя музеі Коласа і Купалы прадставілі незвычайны выставачны праект “Песняры зямлі беларускай”.

На падворках “Гомельшчына літаратурная” праходзіла прэзентацыя лепшых праектаў бібліятэк. Наша раённая бібліятэка прадставіла праект, прысвечаны Юравіцкай стаянцы першабытнага чалавека.

IMG_9566

Дарэчы, Калінкавіцкі раён быў шырока прадстаўлены на свяце. На пляцоўцы “Ад спадчыны да сучаснасці” працаваў падворак устаноў культуры, на маладзёжнай пляцоўцы РК БРСМ –  “Міні-музей у чамадане” да 20-годдзя грамадскага аб’яднання. Таксама актывісты БРСМ прынялі ўдзел у   праекце “Моладзь ФЭС” і занялі 3-е месца ў вобласці.

изображение_viber_2022-09-05_14-46-18-175

Установы адукацыі раёна на пляцоўцы “Памяць пакаленняў” прадставілі практ “Бумажны фронт”, дзе прадэманстравалі, як друкавае слова дапамагала ў барацьбе з акупантамі.

У абласным свяце “Фанфары Гомельшчыны” ўдзельнічаў і ўзорны духавы аркестр “Калінавы перазвон” дзіцячай музычнай школы мастацтваў.

Адзначыліся на свяце і юныя калінкавіцкія футбалісты СДЮШАР №1, выхаванцы трэнера Аляксандра Шкоды, якія ў турніры памяці першага міністра спорта і турызму Беларусі, ураджэнца Добруша Уладзіміра Рыжанкова занялі 5-е месца сярод 26 каманд.

Дарэчы, у дні свята ў Добрушы прайшла таксама выстава яшчэ аднаго Ганаровага грамадзяніна горада – генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, кандыдата мастацтвазнаўства, ураджэнца вёскі Жгуна-Буда Уладзіміра Пракапцова.

На “Газетным бульвары” раённая газета “Калінкавіцкія навіны” прадстаўляла праект “Узнаўленне прамысловасці, сельскай гаспадаркі і меліярацыя зямель Беларусі (1946-1953 гады)”.

IMG_9544

Варта адзначыць, што на свяце падчас рэалізацыі аднаго з творчых праектаў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганаровы грамадзянін Калінкавіцкага раёна пісьменнік Уладзімір Ліпскі быў узнагароджаны медалём Кірылы Тураўскага.

Літаратурныя чытанні, навукова-практычныя канферэнцыі, прэзентацыі кніг з удзелам аўтараў, конкурсы малюнкаў, канцэрты і самыя розныя выставы… Адным словам, чаго толькі не было на Дні беларускага пісьменства!

У рамках Дня беларускага пісьменства праводзіўся абласны конкурс для юных карэспандэнтаў і блогераў, у якім удзельнічалі выхаванцы раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Яўгенія Елісеева і Аліна Скуратоўская. Ім удалося пагутарыць з віцэ-прэм’ерам краіны Ігарам Петрышэнкам і губернатарам вобласці Іванам Крупко. Дарэчы будзе нагадаць, што Ігар Віктаравіч – ураджэнец знакамітай вёскі Няглюбка на Веткаўшчыне.

IMG_10041

Афіцыйная частка свята пачалася ўскладаннем вянкоў і кветак ганаровымі гасцямі да мемарыяльнага комплексу “Памяць” на беразе ракі Іпуць. Тут жа былі прадстаўлены ваенна-гістарычная рэканструкцыя “Добруш   партызанскі”   і сумесны праект БелТА і музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны “Лёсы, складзеныя ў трохвугольнік”.

IMG_10083

Цэнтральнай падзеяй свята стала адкрыццё помніка народнаму пісьменніку Беларусі, ураджэнцу вёскі Карма Добрушскага раёна Івану Шамякіну. Ганаровае права адкрыць помнік прадаставілі Ігару Петрышэнку, Івану Крупко, міністру інфармацыі Уладзіміру Пярцову і старшыні Добрушскага райвыканкама Аляксандру Матарасу. У прысутнасці прадстаўнікоў кіраўніцтва рэспублікі і Гомельскай вобласці, дачкі Алесі Іванаўны і ўнука Івана Сяргеевіча, грамадскасці, жыхароў Добруша помнік быў адкрыты. Яго аўтары – сталічныя скульптары Уладзімір Піпін і Канстанцін Касцючэнка. Цяпер у скверы бульвара па вуліцы Міра ў Добрушы заўсёды будзе прысутнічаць бронзавая выява пісьменніка, нагадваючы жыхарам і гасцям горада пра духоўнае багацце гэтага краю.

Тут жа адбылася цырымонія спецыяльнага гашэння памятнага канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай 29-му Дню беларускага пісьменства. Разам з ганаровымі гасцямі ў працэдуры прыняла ўдзел намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Наталля Гардзіенка.

IMG_10110

А затым пачалося ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства з выступленнем майстроў мастацтваў, уручэннем Нацыянальнай літаратурнай прэміі, якое закончылася святочным феерверкам.

IMG_10190

Творчыя і мастацкія праекты мелі працяг і ў другі дзень свята. Але пачаўся ён са святочнай службы і запальвання святога агню ў храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Тут жа быў прадстаўлены хрэсны ход удзельнікаў рэспубліканскай навуко-асветніцкай экспедыцыі  “Дарога да Святыняў” з Жыватворным Агнём ад Гроба Гасподня. Святочную службу правіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін у саслужэнні архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана, епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда і епіскапа Светлагорскага Амвросія, святароў Гомельска-Жлобінскай епархіі.

IMG_10205

IMG_10295

Працавалі дзіцячыя пляцоўкі, выстава выдавецтва “Беларусь” пад назвай “Генацыд беларускага народа”, паштовы павільён, выстава-прэзентацыя турыс-тычнага патэнцыялу Гомельскай вобласці “Гомельшчына турыстычная”. Прайшлі літаратурна-мастацкая імпрэза Саюза пісьменнікаў Беларусі “З любоўю ў сэрцы” і ўручэнне абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, узнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу міністэрства інфармацыі і Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму сярод журналістаў СМІ на тэму ўборачнай кампаніі 2022 года і пераможцаў конкурсу работ творчай моладзі “Золотое перо “Белой Руси-2022”, а таксама творчыя сустрэчы пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Украіны, прэзентацыя кнігі старшыні абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Уладзіміра Гаўрыловіча “Па веры вашай…”.

На ўрачыстым закрыцці Дня беларускага пісьменства старшыня Добрушскага райвыканкама Аляксандр Матарас перадаў эстафету на правядзенне свята прыгожага пісьменства старшыні Гарадоцкага райвыканкама Пятру Карабачу. Сталіцай наступнага –  юбілейнага, 30-га – Дня беларускага пісьменства стаў Гарадок – раённы цэнтр Віцебскай вобласці і малая радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара знакамітай паэмы “Тарас на Парнасе”.

IMG_10446

На ўрачыстым закрыцці гасцей і ўдзельнікаў чакаў чарговы сюрпрыз – выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля “Сябры”, створанага некалі пры Гомельскай філармоніі, які вось ужо 40 гадоў узначальвае народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка.

IMG_10482

Аляксандр Века.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.