У Гарбавічах і Турцэвічах Калінкавіцкага раёна прайшло свята

г7

З летапісных крыніц вядома, што прыкладна ў сярэдзіне ХVI ст. у маляўнічым куточку на Палессі ўзнікла вёска Гарбавічы. А побач, амаль што злілася з ёй у адно цэлае — вёска, якая сёння называецца Турцэвічы. 27 жніўня іх жыхары весела адзначылі традыцыйнве свята — Дзень вёскі.

Месцам правядзення стала пляцоўка каля Гарбавіцкага СДК. Хаця асноўныя мерапрыемствы былі намечаны на 14 гадзін, рыхтавацца пачалі ад самай раніцы. Былі абсталяваны рады для гледачоў, тэматычная кніжная выстава “Беларусь — мая Айчына”, наладжана праца гандлёвага павільёна. Асобны куток быў аддадзены дзецям — тут малыя з задавальненнем гулялі ў футбол, а таксама імкнуліся закінуць маленькія папяровыя шарыкі ў вялізны чыгун, змагаліся ў перацягванні каната. Гасцінна вітаў гасцей рознымі прысмакамі “Гарбавіцкі падворак”. А ваенна-гістарычны клуб “Калінкавіцка-Мазырскі пошук” прыбыў на свята са сваёй палявой кухняй, побач з якой усіх жадаючых частавалі кашай і юшкай. Тут жа была наладжана міні-выстава ручной зброі і прадметаў вайсковага побыту часоў Вялікай Айчыннай вайны.

г1

Афіцыйная частка свята цягнулася больш за дзве гадзіны. І не дзіўна, бо было вельмі шмат віншаванняў людзей працы, ветэранаў, “афганцаў”, выканана мастацкіх нумароў.

г6

г2

г5

Нямала дастойных людзей жыве ў Гарбавічах і Турцэвічах. Гэта і механізатары, і лесаводы, і настаўнікі, і медыкі, індывідуальныя прадпрымальнікі, работнікі сельвыканкама, сувязі, гандлю, культурнай і сацыяльнай сфер. Лепшыя з іх падымаліся па чырвонай дывановай дарожцы на сцэну, каб пад гукі фанфар атрымаць узнагароду за сваю плённую працу. Здаецца без увагі і без падарунка не застаўся ніхто — старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мохарава, старшыня сельсавета Ірына Шуляк, дырэктар ААТ “Неначскае” Сяргей Гарбар, а таксама ганаровыя госці з раёцэнтра цёпла дзячылі вяскоўцаў. Момант славы перажылі ўсе запрошаныя на сцэну — ад людзей сталага веку і да школьнікаў.

г4

Шчыра павітаў сваіх землякоў доктар навук, прафесар Мікалай Жураўскі. Ён пажадаў кожнаму жыхару Гарбавічаў і Турцэвічаў шчасця і дабрабыту, а самім гэтым вёскам — заўсёды квітнець.

Навінкай стала ўшанаванне лепшых наведвальнікаў вясковай бібліятэкі, якім прысвоена высокае званне “Чытач года-2022”.

Узгадалі на свяце і імены тых, каго, на жаль, ужо няма ў жывых, але памяць аб іх жыве ў людскіх сэрцах. У гонар пайшоўшых з жыцця — хвіліна маўчання.

А вечарам адбыўся святочны феерверк.

Прыемна было бачыць на свяце натоўп дзетвары і моладзі — гэта яскравая прыкмета, што жыццё ў гэтых вёсках не затухае. І дай Бог, каб ніколі не затухла!

Сяргей САКОВІЧ.

Фота аўтара.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.