Няхай жніво будзе незвычайным: на дзіва хлебным, ураджайным

20220723_111018

У гэтыя спякотныя дні жніўнае поле аж свеціцца пад промнямі сонца. Наліліся золатам хлебныя нівы, выспеў колас, схіліўся пад сваім цяжарам – чакае хлебаробаў, каб аддзячыць ім за клопаты, стараннасць і працавітасць.

Па добрай вясковай традыцыі ў пачатку жніва ў некаторых гаспадарках раёна правялі зажынкі.

Свята ж раённага ўзроўню зладзілі ў мінулую суботу на палетках СВК “Дружба-Аўцюкі”. На полі каля Ладыжына выстраіліся камбайны і аўтамабілі, гатовыя прыняць у кузавы першыя цэнтнеры спелага зерня.

 

Насупраць іх шчыльнай шарэнгай – камбайнерскія экіпажы і вадзіцелі. Яны будуць на перадавой у час самай важнай сельскагаспадарчай кампаніі – уборкі збожжа новага ўраджаю, каб у кожнага з нас на стале быў мяккі, духмяны хлеб.

Настрой удзельнікаў свята цалкам адпавядаў значнасці падзеі. Жніўнымі песнямі удзельнікаў мерапрыемства віталі самадзейныя артысты Вялікааўцюкоўскага сельскага клуба-бібліятэкі.

Удзел у свяце прынялі намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслан Курылаў і галоўны спецыяліст камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама Марына Траццякова.

20220723_111427

Зажынкі прайшлі ўрачыста, згодна з народнымі традыцыямі. Пачэсную місію зажаць першы сноп даверылі старэйшай жнейцы вёскі — ветэрану працы гаспадаркі Ганне Шынкарэнка.

Жанчыны з песнямі накіраваліся да хлебнай нівы, зжалі першы сноп і ўручылі яго старшыні сельгаскааператыва Сяргею Даўгялла. А той, у сваю чаргу, перадаў яго галоўнаму аграному Уладзіміру Савянку.

20220723_111525

Сяргей Даўгялла павіншаваў хлебаробаў з вянцом іх працы і адзначыў, што для іх пачынаецца цяжкая і адказная пара, і той ураджай, што яны збяруць, закладваўся на працягу ўсяго года. Усе працаўнікі гаспадаркі добрасумленна ўносілі ўклад у агульны каравай – своечасова правялі асеннюю і яравую сяўбу, унеслі ўгнаенні, ажыццявілі мерапрыемствы па ахове раслін. Цяпер стаіць задача – якасна і без страт сабраць хлеб, не згубіць ніводнага зярнятка.

20220723_111638

— Хлеб — залог поспеху нашай эканомікі. Вы ўсе бачыце, што сёння робіцца ў свеце. Хлеб сёння на вагу золата. Як сказаў наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч, “долары на хлеб не намажаш”. І ўсе мы разумеем, калі ў нас будзе хлеб, будзе і стабільнасць у дзяржаве і ў нашай гаспадарцы ў прыватнасці, – звярнуўся Сяргей Іванавіч да сваіх работнікаў.

Важнасць хлебаробскай працы падкрэсліў і галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Савянок, які адзначыў, што гэтае жніво можна параўнаць з сур’зным і цяжкім экзаменам.

20220723_112642

Сёлета ў СВК “Дружба-Аўцюкі” трэба ўбраць 3,5 тысячы гектараў збожжавых. Лічба гэта немалая, і ад вынікаў цалкам залежыць фінансавы стан гаспадаркі і дабрабыт яе работнікаў:

— Умовы надвор’я сёлета складваліся не на карысць хлебаробамм. Самі бачылі, што зіма была бясснежная, вясна – сырая, працяглая і халодная. Тым не менш, мы справіліся са сваёй задачай, вырасцілі ўраджай. І зараз нам трэба своечасова яго сабраць. У нас у гаспадарцы сем камбайнаў, нагрузка на адзін камбайн выходзіць каля 500 га, гэта вельмі многа. Але мы павінны абмалаціць збожжа як мага ў карацейшыя срокі, каб не страціць ураджайнасці.

Уладзімір Іванавіч дадаў, што ў час жніва вялікую ўвагу трэба надаваць тэхніцы бяспекі, бо няма нічога даражэйшага за чалавечае жыццё.

20220723_113236

З цёплымі пажаданнямі плённай працы, шчодрага ўраджаю, спрыяльнага надвор’я, багатага хлебнага караваю і здароўя да працаўнікоў гаспадаркі звярнулася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Галіна Нікуліна. Каб заахвоціць хлебаробаў, надаць ім дадатковы стымул на добрую працу, яна ўручыла кожнаму падарунак ад райкама прафсаюза.

Далучылася да віншаванняў і старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Ала Зіновіч, якая раздала механізатарам бутэлькі з вадой і дэзсродкі.

Усе добрыя справы заўсёды пачынаюцца з Божай дапамогай. З благаславеннем да хлебаробаў звярнуўся іярэй Георгій. Ён акрапіў святой вадой хлебную ніву, тэхніку і тых, хто будзе працаваць на ёй у самую гарачую пару сельскагаспадарчага года. Каб Бог бярог, каб багаты ўраджай сабралі.

20220723_114317

Ганаровае права распачаць жніво прадаставілі экіпажу – пераможцы мінулага года ў складзе Сяргея Сакуна і Мікалая Казачэнкі.

“Ідзіце, працуйце, камбайны. Няхай вашы бункеры хутчэй напоўняюцца збожжам новага ўраджаю. Хай жніво будзе незвычайным: на дзіва хлебным, ураджайным!” — далі вядучыя свята фінальны акорд святу.

Прайшла хвілінка – і тэхніка ажыла. Адзін за другім накіраваліся камбайны да залатой нівы.

Таццяна КАПІТАН.

Фота аўтара.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.