МІХАЙЛАЎСКАЕ

Па пісьмовых крыніцах вядома з XVI стагоддзя як сяленне ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі. У 1811 годзе — слабада, уладанне памешчыка Міхайлава. Пазначана на карце 1866 года, якой карысталася Заходняя меліярацыйная экспедыцыя, што працавала ў гэтых месцах у 1890-я гады. У 1909 г. – хутар Міхайлаўск Крукавіцкай воласці Рэчыцкага павета, 26 двароў, 196 жыхароў. У 1913 годзе адкрыта народнае вучылішча, якое ў савецкі час ператворана ў працоўную школу першай ступені, дзе ў 1924 годзе навучалася 40 хлопчыкаў і дзяўчынак. У 1931 годзе арганізаваны калгас імя М. І. Калініна, працавалі вятрак, кузня, стальмашня.

У пасляваенныя гады насельніцтва вёскі пачало змяншацца: паводле перапісу 1959 года тут было 177 жыхароў. У 2004 годзе – 49 двароў, 98 жыхароў. У 1966 годзе  далучана вёска Пагарэлая Слабада.

У складзе саўгаса «Трамлянскі» (цэнтр — вёска Савічы). Ёсць фельчарска-акушэрскі пункт.

На другі дзень Вялікадня мы завіталі ў невялічкую вёску Міхайлаўскае, што знаходзіцца ў Савіцкім сельсавеце ў пяцідзесяці кіламетрах на паўночны захад ад Калінкавіч. Жыхары, якія па даўняй традыцыі ў гэтае свята не займаюцца гаспадарчымі справамі, высыпалі на прызбы каля сваіх дагледжаных хат, бліжэй да ласкавага вясенняга сонейка, якое ўжо добра прыгравала ў красавіцкі дзень.

Нечаканым гасцям былі рады, таму з ахвотай успаміналі былое. Пасля паездкі, пераглядаючы свае запісы, заўважыла, што расказвалі міхайлаўцы ў асноўным пра сваё дзяцінства, апаленае вайной, пра здзекі фашыстаў, пра заўчасную смерць родных, якія загінулі ў той няпросты час.

Мы – дзеці вайны

Суседкі Яўгенія Сарока, Таццяна і Анастасія Крэк сябруюць даўно. Некалі разам працавалі ў саўгасе “Трамлянскі”, ездзілі ў райцэнтр на кірмаш, бегалі на спеўкі ў мясцовы клуб, ткалі і вышывалі доўгімі зімовымі вечарамі. Карацей кажучы, весела жылі. Але і сёння, калі старасць падкасіла здароўе, не страчваюць аптымізму, паціху корпаюцца на сваіх агародах, чакаюць у госці дзяцей і ўнукаў. А кожны вечар, як некалі іх бабулі і маці, моляцца перад абразамі. І абавязкова просяць у Бога: “Няхай ніколі не спазнаюць нашы нашчадкі, што такое вайна”.

— Нас у бацькоў – Яўхіма і Маланні Мышкавец – было чацвёра, — расказвае Яўгенія Сарока. — Да вайны мы жылі ў вёсцы Пагарэлая Слабада, што знаходзілася ў кіламетры ад хутара Міхайлаўск. Там, каля лесу, дзе зараз амаль усе хаты пустуюць. Гэта ж ў 60-я гады нас аб’ядналі ў адну вёску, якая атрымала назву Міхайлаўскае. І сёння часам па старой звычцы вяскоўцы, каб не заблытацца, хто і якога роду, называюць адзін аднаго “пагарэльцы” і “міхайлаўцы”.

— Дык вось у чым, аказваецца, справа. А мы з фотакарэспандэнтам, як заехалі ў ваш населены пункт, адразу заўважылі: галоўная вуліца вельмі доўгая, а каля дзесяці хат стаяць ад яе нейкай асобнай групай. Здзівіліся і вырашылі, што гэта — дачны пасёлак, — адзначаю я.

— Ды не. Хаця дачнікаў і прыезджых у нас ужо больш, чым карэнных жыхароў, бо мясціны тут вельмі прыгожыя, няхай сабе і глухія. Побач — рэчка Трэмля, возера з празрыстай вадой, лес багаты на грыбы і ягады, — працягвае распавядаць Яўгенія Яўхімаўна.

— Тых, хто пражыў у Міхайлаўскім усё жыццё, чалавек з пятнаццаць усяго і засталося. Дык вось я адтуль, з-пад лесу, з Пагарэлай Слабады. Да вайны бацькі мае працавалі ў калгасе імя Калініна ды на сваім кавалку зямлі, курэнь невялікі нават паспелі паставіць. Я бегала ў школу, якая размяшчалася на хутары ў сялянскай хаце. Мне ж у 1941-м ужо дзесяць гадоў споўнілася.

— А мне – восем, — уступае ў нашу размову гаманкая і вясёлая Таццяна Крэк. – Дзеці яшчэ. Таму, як і сённяшнія, хацелі даўжэй паспаць ды пагуляць, а бацькі адпраўлялі скаціну пасвіць, агародніну палоць, есці гатаваць… Нягледзячы на малы ўзрост, мы ўсё ўмелі. І жылі добра, скардзіцца не буду, няхай сабе і працавалі ад цямна да цямна. Затое спакойна, мірна.

Пра вайну на хутары Міхайлаўск, які знаходзіўся ў баку ад бойкіх аўтадарог і вялікіх населеных пунктаў, дачуліся з некаторым спазненнем. Амаль усё лета 1941 года жылі, як звычайна, без панікі і асаблівага страху, займаліся гаспадарчымі справамі. У многіх у душы тлела надзея: “Ворага савецкія салдаты ў адзін міг выганяць з нашай зямлі”. Крыху насцярожыліся, калі мужчын пачалі забіраць на фронт. Адтуль так і не вярнуліся 58 жыхароў вёскі: Антон Альхімовіч, Максім Бандарэнка, Фёдар Баўсуноўскі, Рыгор Драпеза, Аляксандр Ігнатовіч, Аляксей Каваленка, Аляксей Крэк, Васіль Крэк, Антон Мышкавец, Адам Перагуд, Міхаіл Пунтус, Аляксандр Рудчанка, Рыгор Сарока, Пётр Шчэрбін і іншыя.

— Першы раз немцы наведаліся да нас восенню, — успамінае яшчэ адна міхайлаўка Яўхімія Салаўянчык.

– Сабралі каля школы і гаварылі пра тое, што мірным жыхарам іх няма чаго баяцца, што яны прыйшлі вызваляць нас ад уціску савецкай улады. Прапаноўвалі супрацоўніцтва. Дарослыя маўчалі, а мы, дзеці, яшчэ не разумеючы, што гэтыя людзі нясуць зло, смерць, шапталіся, смяяліся. Памятаю, маці яшчэ цыкнула на нас: “А ну, сціхніце, вераб’і. Не да месца вашы смешкі”.

— А я сама не мясцовая, сюды пайшла замуж з вёскі Чыстая лужа, — адзначае 87-гадовая Анастасія Крэк. – Але якая розніца, хто мы і адкуль, калі гора ў гады вайны давялося сербануць усім беларусам аднолькава. Нас у маці з бацькам было дванаццаць. Праўда, шасцёра старэйшых да вайны ўжо стварылі свае сем’і і жылі асобна. Мы засталіся васьмяром у нашай невялікай, але дагледжанай хатцы. Там падчас вайны маці і сястра памерлі ад тыфу. А мы з бацькам, калі ў вёсцы стала асабліва небяспечна, пайшлі ў лес.

Я — самая старэйшая сярод малодшых, пятнаццаць гадоў споўнілася ў 1941 годзе, пасля смерці маці стала за гаспадыню, галоўную бацькаву памочніцу. Папацягала малых братоў і сясцёр, папараўла з імі. Яны на мяне павіснуць і просяць: “Насцёна, дай чаго з’есці. Хоць бульбіну сырую, хоць травінку якую”. А што дасі, калі нічога няма? Пасля вайны другая бяда пастукалася ў нашу хату: бацька кінуў нас і пайшоў у прымы. Во як бывае! Не жылі, а выжывалі!

— Мы – дзеці вайны, якая адабрала ў нас бесклапотнае, шчаслівае дзяцінства, зрабіла сіратамі, прымусіла нашых родных узяцца за зброю, — з болем ў голасе адзначае Таццяна Крэк, і на яе прыгожых вачах з’яўляюцца няпрошаныя слёзы. Яна выцірае іх ражком квя-цістай хусткі і працягвае расказваць: – А пасля Перамогі ведаеце, у што мы любілі гуляць? У вайну, усё фрыцаў ненавісных расстрэльвалі. Вайна і ў мірны час нас яшчэ доўга праследавала.

У першы свой прыезд асаблівага страху немцы на міхайлаўцаў не нагналі. Ён з’яўвіўся, калі да вяскоўцаў пачалі даходзіць чуткі, як фашысты жорстка, па-дзікунску паводзяць сябе ў іншых вёсках. А праз некалькі тыдняў яны зноў завярнулі ў Міхайлаўскае, пайшлі па хатах, патрабуючы жывёлу, ежу, вопратку. Адразу папярэдзілі: за непадпарадкаванне – расстрэл. Людзі плакалі і прасілі не чапаць хаця скаціну, бо наперадзе – доўгая зіма, а ў кожнай хаце – малыя дзеці. Чым жа карміцца сям’і? Але іх ніхто не слухаў.

— Бацька мой, дачуўшыся, што фашысты ўладараць у вёсцы, — расказвае Яўгенія Сарока, — пагнаў нашу кароўку-карміцельку ў лес. Туды ў хуткім часе пацягнуліся і мы з маці, бо стала зразумела: акупанты прыйшлі забіваць, рабаваць, здзеквацца. Так і жылі: калі яны з’яўляліся ў вёсцы – беглі ў лес, калі ад’язджалі – вярталіся дадому. Але гэта не ўратавала бацьку, якога немцы забілі ў лесе на маіх вачах. За што? А хто яго ведае? Мабыць за тое, што хаваў ад іх карову. На тым самым месцы, дзе трапіла ў бацьку варожая куля, маці яго і пахавала. Таму на Радуніцу кветкі нясу я не толькі на могілкі, а яшчэ і ў наш лес.

Частымі гасцямі міхайлаўцаў былі не толькі немцы, а і партызаны, якія аблюбавалі гэтыя глухія мясціны, непраходны лес. Ім людзі дапамагалі ахвотна, дзяліліся апошнім. З-за чаго ў красавіку 1943 года адбылася бяда.

Красавіцкая трагедыя

— Здарылася гэта ў красавіку, на жаль, дакладную дату сёння і не прыгадаю. Памятаю толькі, што надвор’е стаяла цёплае, — расказвае Таццяна Крэк. — У вёску з самай раніцы прыехалі некалькі немцаў, як звычайна, пабеглі па хатах. Хапалі моладзь, падлеткаў, мо для адпраўкі ў Германію ці на якія работы. Да гэтага ў нас ужо чалавек дваццаць невядома куды забралі. Пасля вайны высвет-лілася, што яны прымусова працавалі на нямецкіх заводах. Жанчыны крычалі і плакалі, кідаліся ў ногі фашыстам. Бо якая ж маці згодзіцца аддаць сваё дзіця катам у рукі? Партызаны, якія хаваліся недалёка ў лесе, не вытрымалі і пачалі стральбу. Двух фашыстаў забілі, астатнія паспелі ўцячы. Людзі, прадчуваючы бяду, спешна пабеглі хавацца ў лес. Але ці далёка ўцячэш з малымі дзецьмі?

А назаўтра на Міхайлаўскае наляцеў карны атрад. Акупанты падпалілі хаты і сталі прачэсваць навакольны лес. Тых, каго знайшлі, сагналі ў вялікі калгасны хлеў і зачынілі. Тым, хто ўцякаў, стралялі ў спіны. Шмат міхайлаўцаў у той дзень былі паранены, яшчэ чацвёра – забіты. А вёска згарэла ўшчэнт, усе 150 хат. Толькі чорныя папялішчы пад цёплым красавіцкім сонцам ад іх засталіся…

— Начавалі мы ў хляве, — успамінае Уладзімір Крэк, якому ў 1943 го-дзе было дзевяць гадоў. — Жанчыны галасілі і маліліся, каб фашысты нас не спалілі. Пра трагедыю вёскі Лозкі ў нас ужо ведалі, таму так хваляваліся. Раніцай немцы адчынілі дзверы хлява, але нас не адпусцілі: пастроілі ў калоны і пагналі ў бок Мінска. Бацька мой – Барыс Максімавіч — быў цяжка паранены, таму ледзь ішоў. Немцы раз-пораз штурхалі яго ў спіну аўтаматамі. Маці плакала і прасіла:“Пашкадуйце чалавека, дазвольце застацца ў адной з хат, што сустракаюцца на нашым шляху”. А ці яе хто слухаў? На той дарозе бацьку і застрэлілі. Маці, якая ўпала каля яго і стала страшна крычаць, падхапілі аднавяскоўцы. Памятаю, старыя жанчыны ёй зашапталі: “Супакойся зараз жа. Хочаш дзяцей пакінуць сіратамі?” Мы пайшлі далей, а бацька так і застаўся ляжаць на абочыне. Нам нават пахаваць яго не дазволілі.

— Мой стары заўсёды моцна перажывае, што яму ні разу на магілу бацькі кветкі не давялося палажыць, — уключаецца ў нашу размову жонка Уладзіміра Барысавіча, якая прыехала ў Міхайлаўскае ў 1957 годзе працаваць на мясцовую ферму ветфельдшарам. Сама гаспадыня – з вёскі Славань Светлагорскага раёна. Разам Яўгенія і Уладзімір Крэк вырасцілі чатырох дзяцей, прычакалі шасцярых унукаў і трох праўнукаў.

Вязні Азарыцкага лагера смерці

Міхайлаўцаў загналі ў вёску Масцішча Глускага раёна. Там яны размясціліся па хатах мясцовых жыхароў па тры-чатыры сям’і. Моладзь і мужчын ганялі капаць акопы, жанчыны днямі думалі пра адно: дзе разжыцца хоць на якую ежу, каб дзеці не памерлі з голаду. На радзіму вяртацца забаранялі. Некаторым удалося ўцячы бліжэй да родзічаў, а тыя, хто застаўся, трапілі ў Азарыцкі лагер смерці. Мае многія субяседнікі пахавалі там сваіх бацькоў, сясцёр, братоў, сяброў. У Зінаіды Казакевіч адтуль вярнулася толькі маці, бацька і брат Валодзя. Астатнія трое дзяцей, што падрасталі ў іх сям’і, пахаваны ў лагеры навечна. Сама Зінаіда Міхайлаўна ў лагеры не была, бо згубілася падчас беганіны па лясах. Шасцігадовую дзяўчынку забрала да сябе матчына сястра – цётка Параска, у сям’і якой яна і выхоўвалася, пакуль бацькі пасля вызвалення з лагера не вярнуліся на радзіму.

А вось суседка Зінаіды Казакевіч – Яўхімія Салаўянчык – прабыла ў лагеры сем дзён. Там з маці давялося ёй пахаваць малодшага брата, які памёр ад тыфу.

— Памятаю, што вакол было шмат трупаў, асабліва дзіцячых. Але яны мяне зусім не палохалі, — расказвае Яўхімія Іванаўна. – Там, у лагеры, знясіленая і галодная, я перестала баяцца смерці. Наадварот, чакала яе, марыла заснуць і больш не прачнуцца. Нават сказала маці: “Мы ўсё роўна ўсе памром. Дык хутчэй бы”. Яна стала сварыцца: “Навошта ты пра такое думаеш? Бог міласэрны, ён нам абавязкова дапаможа. Лепш маліся, каб нас вызвалілі нашы салдаты”. І я малілася.

Яўхімія Іванаўна на момант сціхае, думае пра нешта сваё. А пасля нейкім змяніўшымся голасам дадае:

— Жыву я на гэтым свеце ўжо 81 год, а страшней вайны і Азарыцкага лагера нічога не бачыла. Зараз ужо добра жыць стала, спакойна, і грошай на ўсё хапае. Так што нашым дзецям і ўнукам няма на што скар-дзіцца і Бога гнявіць. Галоўнае – быць сумленнымі людзьмі.

Вяртацца не было куды 

Чалавека, дзе б ён не апынуўся, заўсёды цягне на радзіму. Пасля Перамогі вярталіся на папялішча сваёй вёскі і міхайлаўцы, хоць ведалі, што жыць ім няма дзе. Людзі цягнуліся з Азарыцкага лагера смерці, з бежанцаў, з фронту. У асноўным — жанчыны, дзеці і старыя, бо мужчын выкасіла вайна.

— Нам пашчасціла: бацька – Аляксей Каваленка – жывы вярнуўся з фронту, — адзначае Галіна Крэк. – Маёй маці зайздросцілі сяброўкі: гаспадар ёсць у сям’і, мужчына. Што не кажы, а за мужыком жыць лягчэй.

— Мой бацька – Фёдар Мышкавец – таксама прайшоў усю вайну, — успамінае яшчэ адзін жыхар вёскі Аляксандр Мышкавец. – Перажыў і пабачыў многае. А мне, як я падрос, расказваў, што самым страшным для яго аказалася ўбачыць папялішча хаты, якую ён будаваў уласнымі рукамі для дзяцей і жонкі. Некалькі гадоў жылі мы ў курані ў лесе, бо будавацца не было як. Ды і ў пасляваенныя гады думкі бацькоў былі заняты толькі адным: як не памерці з голаду?

— Так, так, галадалі мы ў пасляваенны час страшна, — адзначае Зінаіда Казакевіч.

– Маці ў адчаі сабрала нас з братам Валодзяй і паехала на заробкі ў Заходнюю Украіну, куды многія беларусы ў той час пацягнуліся. Мяне аддала ў адну сям’ю за няньку, брата – за пастуха. А сама пайшла працаваць за кавалак хлеба, за прыгаршчы мукі. Папаплакала я на новым месцы, дзіця ж горкае яшчэ была, усяго сем гадкоў споўнілася… Але ж разумела, што і дома нас нічога добрага не чакае, таму не асуджала маці, якая такім чынам ратавала нас ад галоднай смерці.

Казакевічы вярнуліся на радзіму цераз год. Паціху, як і астатнія міхайлаўцы, адбудаваліся. Зінаіда Міхайлаўна пайшла замуж за вясёлага, апты-містычнага хлопца Васіля Крэка, які быў загадчыкам мясцовага клуба. Гаспадыня ж увесь час працавала даяркай. Непрыкметна выраслі іх дзеці: Алег, Святлана, Наталля, Аляксандр, Уладзімір, з’явіліся ўнукі. “Праўда, няма ўжо шэсць гадоў на гэтым свеце майго Васіля, — бядуе Зінаіда Міхайлаўна. — А я і сёння кожны вечар, калі кладуся спаць, з ім размаўляю. Расказваю, як прайшоў дзень, што здарылася ў дзяцей і ўнукаў, і спадзяюся, што там, на небе, ён мяне чуе і падтрымлівае”.

Подых вайны мы адчувалі яшчэ шмат гадоў…

Дзякуючы адвазе, патрыятызму і бясстрашнасці савецкіх салдат і партызанаў, немцаў удалося выгнаць з нашай краіны. Але, адступаючы, яны пакінулі страшныя «падарункі»: многія палі, лясы, дарогі, вёскі былі замініраваны. Таму людзі працягвалі гінуць і пасля Перамогі.

— Было гэта летам 1946 года, — успамінае Аляксандр Мышкавец. – Мы с хлопцамі пасвілі кароў і знайшлі нямецкі снарад. У маіх руках ён і разарваўся. Мне тады пашчасціла выжыць, хоць параніла добра і пальцы на левай руцэ адарвала. А мой аднагодак Пятро так недарэчна і загінуў.

— Ды і не толькі ён, — уключаецца ў нашу размову Лідзія Юрчак. – Каля дваццаці чалавек з нашай вёскі сталі ахвярамі Вялікай Айчыннай ужо ў пасляваенны час. Некаторыя загінулі, другія засталіся калекамі. Майму брату Міхаілу адарвала нагу. Дзесяць гадоў хлопцу было тады.

— Вайна скончылася. А яе страшны подых мы адчувалі яшчэ шмат гадоў, — дадае Галіна Крэк. – У лес, поле, да ракі ішлі з асцярогай. Доўга жылі з гэтым страхам. Добра, што нашы дзеці, унукі, праўнукі пра яго нічога не ведаюць. І спадзяюся – не даведаюцца ніколі. Я пра гэта кожны вечар Бога прашу.

Вось што давялося пачуць і запісаць у Міхайлаўскім напярэдадні свята Перамогі. Людзі плакалі, хваляваліся, але ўспаміналі і расказвалі. Для таго, як адзначыла Любоў Мышкавец, “каб нашы нашчадкі зразумелі, што вайна – гэта не проста страшна, гэта — пекла, смерць, зло, мора крыві, голад… Таму дапусціць паўтарэння яе на беларускай зямлі нельга ні ў якім разе”. Дык давайце ж за гэта памолімся. Разам.

Таццяна ЗУБЕЦ

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.